nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАША ГАЛОЎНАЯ ПРАБЛЕМА – ЭТНАЦЫД, НАША МЭТА – БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА! (Ч.2)

5 красавіка, 2006 | Няма каментараў

Частка 2. Змястоўная дэмакратыя.
У сучасным свеце няма адзінства ў разуменні сэнсу паняцця “дэмакратыя” (як, дарэчы, і шмат якіх іншых ключавых для сучаснай цывілізацыі паняццяў; напрыклад, да гэтай пары няма адзінага азначэння тэрміну “тэрарызм”). Галоўная прычына не ў тым, што людзі не могуць дадумацца да зместу той ці іншай з’явы. Людзі здольны сёння падлічыць масу Сусвету, расшыфраваць геном чалавека, сфатаграфаваць рух электронаў у малекулах і г.д. А тут такое простае пытанне, а разабрацца ня могуць…

Адна з галоўных прычын адсутнасці азначэння “дэмакратыі” ў тым, што для многіх сацыяпаразітычных сіл дакладнае апісанне некаторых паняццяў (дэмакратыя, справядлівасць, свабода народа, эксплуатацыя, тэрор і г.д.) і іх адназначнае разуменне ўсёй агульналюдскай цывілізацыяй уяўляе вялікую небяспеку. Другая прычына абумоўлена прыцягальнасцю самаго тэрміну “дэмакратыя”. Таму групы з рознай сістэмай каштоўнасцяў да асноўнага ідэалагічнага тэрміну, які сімвалізуе іх каштоўнасны набор, любяць дадаваць паняцце “дэмакратыя”, якое належыць да сферы паліталогіі. У выніку атрымліваецца вялікі туман з ідэалагічна-палітычных паняцьцяў: ліберальная дэмакратыя, кансерватыўная дэмакратыя, сацыял-дэмакратыя, хрысціянская дэмакратыя, нацыянальная дэмакратыя.

Калі ж паслядоўна і непрадузята разабрацца ў змесце паняцця “дэмакратыя”, становіцца зразумелым, што яно азначае не эклектычны набор абстрактных каштоўнасцяў, а звязаную, цэласную сістэму дакладных прынцыпаў практычнай палітычнай арганізацыі канкрэтнага грамадства, скіраванай на максімальнае раскрыццё яго стваральнага патэнцыялу. Каб вырвацца з тэрміналагічнага туману, давайце назавем палітычную арганізацыю ў дзяржаве, у якой назіраецца імкненне рэалізаваць менавіта дадзены сэнс, “змястоўнай дэмакратыяй”.

Такім чынам, змястоўная дэмакратыя – гэта такі стан арганізацыі дзяржавы, пры якім улады пастаўлены ва ўмовы, калі яны не могуць не спрыяць (вымушаны спрыяць) максімальнай рэалізацыі аб’ектыўных інтарэсаў уласнага грамадства, вымушаны кіравацца гэтымі інтарэсамі, быць падпарадкаванымі ім. Усяляк мацаваць адзінства і бяспеку грамадства, даводзіць да ладу ўнутрыграмадскае жыццё, аптымізаваць сувязі з вонкавым светам, з мінулым і будучыняй і такім чынам забяспечваць умовы, пры якіх будзе максімальна поўна раскрывацца стваральны патэнцыял кожнага асобнага грамадзяніна і ўсяго грамадства ў цэлым (а гэта найвышэйшыя гуманістычныя каштоўнасці і чалавека, і грамадства) – вось функцыі сапраўдны дэмакратычнай улады. Незалежнасць сваёй і суседніх дзяржаў, стваральная свабода грамадзянаў – галоўныя ўмовы для раскрыцця такога патэнцыялу.

Але развіццё дэмакратыі – гістарычны працэс. Таму не дзіўна, што яшчэ сёння далёка не ва ўсіх краінах рэальная скіраванасць уладаў адпавядае прадстаўленаму.

Тэму дэмакратыі можна разглядаць найперш як развіццё ідэі. Нават у асяроддзі арыстактарыі можна прасачыць прагрэсіўную эвалюцыю поглядаў: “народ прызначаны для абслугоўвання арыстакратыі”  “уладары павінны клапаціцца пра свой народ”  “улада павінна служыць свайму народу”. Аднак, высокая культура, сведамасць і сумленне пакуль застаюцца вельмі ненадзейнымі фактарамі забеспячэння правільнага кіравання. Таму рэальнае развіццё дэмакратыі звязваюць цяпер найперш з практычнымі палітычнымі механізмамі, якія забяспечваюць зваротную сувязь ад народу на ўладу. Сярод іх асноўны – усеагульныя перыядычныя выбары.

Тут таксама назіраецца паступовы прагрэс ад стану імітацыі дэмакратыі, калі існуе адна партыя на чале з мафіёзна-бюракратычнай групоўкай (ці дыктатарам), якая выстаўляе ў час “выбараў” па адным кандыдаце на акрузе і прымусова забяспечвае яўку людзей ў час галасавання (напрыклад, былы СССР, сучасны Кітай, Паўночная Карэя), праз стан псеўдадэмакратыі, калі, нягледзячы нібы на шматпартыйнасць, з-за абмежаванняў у час вылучэння і агітацыі, а таксама з-за татальнай фальсіфікацыі пад час галасавання прадстаўнікі апазіцыі не маюць шанцаў быць абранымі (некаторыя постсавецкія краіны, у т.л. цяперашняя РБ), далей праз стан фармальнай дэмакратыі, калі ў адпаведнасці з лозунгам сучасных лібералаў “дэмакратыя – гэта працэдура”, выбары ў цэлым адбываюцца свабодна і справядліва, але пры гэтым у іх выніках адлюстроўваюцца толькі суб’ектыўныя інтарэсы розных грамадскіх груп штучна падзеленага грамадства, намоўленыя рознымі PR-тэхналагамі (многія заходнія краіны), да стану змястоўнай дэмакратыі.

Для больш дакладнага ўяўлення пра змястоўную дэмакратыю (як найвышэйшы на сёння ўзровень палітычнай арганізацыі грамадства) неабходна ўлічваць некалькі палітыка-ідэалагічных прынцыпаў.

Па-першае, з пазіцый змястоўнай дэмакратыі тыповая дзяржава – гэта сістэма, складзеная з трох галоўных кампанентаў: нацыянальнага грамадства, яго этнічнай тэрыторыі і ўлады. Пры гэтым зместам дзяржавы з’яўляецца грамадства (не ўлада, не тэрыторыя з яе натуральнымі багаццямі, а менавіта само грамадства), якое складаецца з розных сацыяльных груп – рабочых, сялян, інтэлігенцыі, прадпрыймальнікаў, дзяржаўных служачых, дзяцей і навучэнцаў, персіянераў, хатніх гаспадынь. На гэтым даводзіцца рабіць акцэнт таму, што часта, каб схаваць сапраўдны змест пытання, гавораць “народ, грамадства”, а маюць на ўвазе больш вузкую групу альбо, наадварот, выкарыстоўваюць паняцце “дзяржава” там, дзе маецца на ўвазе “грамадства”, “народ”. Так, напрыклад, часта можна пачуць выразы “праблемы беларускай дзяржавы”, “трэба дапамагчы Беларусі”. Але ж пры гэтым, як правіла, маецца на ўвазе не праблемы нашай тэрыторыі, звязаныя, напрыклад, з напаўзаннем на яе ледніка з поўначы ці пустыні з поўдня, не праблемы, якія ўзніклі ў беларускай улады (напрыклад, туды ніхто не жадае ісці), а праблемы беларускага грамадства! Чаму ж тады не гаворыцца наўпрост: “трэба дапамагчы беларускаму народу”?…

Па-другое, само грамадства павінна ўспрымацца не простай сумай грамадзянаў ці грамадскіх груп, а іх сістэмай, аб’яднаных праз разнастайныя ўнутраныя сувязі ў адзіны агульнаграмадскі арганізм. Гэтым сувязям, цэласнасці грамадства павінна надавацца не меншае значэнне, чым самім грамадзянам. Сітуацыя выглядае прынцыпова так, як з жывым дрэвам. Мы часам бачым толькі яго крону – лісце. Але лісты дрэва могуць нармальна функцыянаваць дзякуючы таму, што звязаны праміж сабой і з глебай галінамі, каранямі, ствалом. Гэтыя структуры складаюць сістэму сувязяў такога арганізма, як дрэва. Грамадства – такі ж жывы арганізм. Толькі сістэма яго сувязяў з-за рухомасці людзей не так выразна бачна. Але гэта не азначае, што для нармальнага жыцця грамадства яго ўнутраныя сувязі патрэбны яму менш, чым карані ці галіны – дрэву. З дадзенага прынцыпу вынікаюць істотныя наступствы. Так, напрыклад, з пазіцый змястоўнай дэмакратыі мы не маем права гаварыць пра правы і свабоды асобы ў адрыве ад правоў і свабод усяго грамадства як цэласнай сістэмы, да якой належыць індывід. Пры гэтым індывід і грамадства ўзаемадзеюць як базавы і больш высокі ўзроўні сістэмы. Свабода грамадства (найвышэйшае) немагчыма без свабоды чалавека (базавае), але больш высокае ў норме кіруе базавым (больш высокае вызначае шлях, форму, умовы, праз якія можа прагрэсіўна, а не дэструктыўна рэалізавацца базавае). Гэта значыць, што індывід, як элемент грамадства, мае права свабоднага выбару толькі ў межах, якія неабходны для абароны ўмоў існавання і прагрэсіўнага развіцця ўсяго грамадства. Карацей, як частка грамадства, чалавек мае поўнае права на “свабоду для…”, свабоду стварэння, а не на “свабоду ад…”, свабоду разбурэння.

Па-трэцяе, любое нацыянальнае грамадства – гэта не абстрактнае паняцце, а рэальная, якасна своеасаблівая, гістарычна складзеная, натуральная частка агульналюдскай цывілізацыі. Яно мае свае ўласныя і канкрэтныя гісторыю, культуру, мову, нацыянальныя сімвалы, традыцыі (у тым ліку рэлігійныя), фальклор, светагляд, генафонд, сваю этнічную тэрыторыю і г.д. – усё тое, што з’яўляецца яго святымі каштоўнасцямі. Яны з’яўляюцца інструмантамі яднаньня і самаарганізацыі грамадства. Яны ж надаюць нацыянальнаму грамадству натуральнае права быць самастойным суб’ектам у агульналюдскай гісторыі. Змястоўным ядром, вакол якога арганізуецца ўсё грамадства і без якога яно не можа існаваць, з’яўляецца адпаведны карэнны этнас. Для яго вышэйпералічаныя святыя нацыянальныя каштоўнасці з’яўляюцца натуральнымі. Таму менавіта народ у межах сваёй этнічнай тэрыторыі (асабліва калі яна супадае з тэрыторыяй дзяржавы) з’яўляецца галоўным гаспадаром, да якога могуць далучацца прадстаўнікі іншых народаў, але толькі, калі яны не будуць абмяжоўваць далейшы прагрэс карэннага народу. Пры гэтым не важна, якую частку грамадства складаюць прадстаўнікі карэннага этнасу – амаль 82%, як у нас па афіцыйных даных апошняга перапісу, ці 8,2%, як дзе-небудзь яшчэ. З дадзенага прынцыпу вынікае, напрыклад, такое наступства: у Беларусі дэмакратам не з’яўляецца той, хто ігнаруе беларускую мову для станаўлення нашай дэмакратыі, хто замест будучыні канкрэтна беларускага народу гатовы змагацца толькі за правы “человека вообще”. Такі чалавек ёсць альбо агент імперскіх сіл, альбо дэмакрат абстрактны, “вообще демократ”, што, як паказвае наша палітычная практыка, амаль тоесна.

Чацьвертае. У час кіравання грамадствам павінны рэалізоўвацца не столькі суб’ектыўныя пажаданні-захцянкі асобных людзей ці груп, а аб’ектыўныя інтарэсы ўсяго грамадства. Апошнія могуць не ўсведамляцца грамадзянамі як нешта важнае для іх. Аб’ектыўныя інтарэсы грамадства, як правіла, лепш усведамляюцца нацыянальнай элітай. Яе прадстаўнікі заўсёды будуць настойваць на захаванні ўсёй сістэмы нацыянальных каштоўнасцяў – і тых, што звязаны з мінулым, і тых, што скіраваны ў будучыню. Розніцу паміж суб’ектыўнымі і аб’ектыўнымі інтарэсамі можна прадэманстраваць на прыкладзе. Так, большасць дзяцей чыста эмацыйна не хацела б хадзіць у школу. Але праз шмат гадоў, атрымаўшы адукацыю і стаўшы дарослымі, яны, як правіла, з удзячнасцю ўспамінаюць і бацькоў, і настаўнікаў, якія прымушалі іх вучыцца. Цяпер, дарослыя, яны сталі разумець, што ў іх аб’ектыўных інтарэсах было (!) атрыманне ведаў і навыкаў, неабходных для дарослага жыцця. У адрозненні ад нацыянальнай эліты “демократы вообще”, успрымаючы палітыку, як барацьбу маніпулятыўных тэхналогій на агульнаграмадскім фоне, любяць заяўляць аб палітычнай неактуальнасці ўсяго, што “не воспринимается обществом”. У нашай сённяшняй рэчаіснасці гэта датычыць, напрыклад, беларускай мовы. Маўляў, “народ её не воспринимает”, таму мы, маўляў, не павінны ставіць яе ў якасці мэты нашай палітычнай барацьбы. Не, даражэнькія. Па-першае, вельмі нават успрымае (хто рацыянальна, а хто на інтуітыўным узроўні). А, па-другое, беларуская мова належыць да неаспрэчных аб’ектыўных каштоўнасцяў нашага народу. І тое, што яна знішчалася расейскай імперскай бюракратыяй напрацягу апошніх 200 гадоў, нічога не мяняе ў гэтым факце. У гэтай спрэчцы пазіцыя “демократов вообще” выглядае прыкладна так: злачынца, які згвалціў жанчыну – гэта гвалтаўнік, а той жа злачынца, які захапіў жанчыну, зацягнуў яе на далёкі хутар, схаваў у склеп і там утрымлівае на ланцугу і гвалціць напрацягу гадоў – гэта ў іх уяўленні не гвалтаўнік, а законны муж (?!). Поўны абсурд. Кожнаму змястоўнаму дэмакрату гэта відавочна. Таму, вяртаючыся да вобразу школы, мы заўсёды можам сказаць: гэта вы сваіх дзяцей, “вообще демократы”, можаце ў школу не вадзіць, а нашых беларускіх дзяцей – абавязаны. Ды і школа для нашых дзяцей павінна быць, калі не лепшая ў свеце, дык хоць бы не горшай за іншыя!

Э.3.jpg

Пятае. Улады з’яўляюцца неад’емнай часткай грамадства – фрагментам адзінай цэласнай сістэмы, як і іншыя грамадскія групы (дарэчы, улада – гэта абстракцыя; канкрэтна ёсць людзі, надзеленыя ўладай – улады). Як элемент сістэмы большага маштабу і больш высокага ўзроўню (частка ўсяго грамадства), улады па сваёй ролі ў грамадстве з’яўляюцца другаснымі, падпарадкаванымі грамадству, прычым, не толькі ў час выбараў, а і паміж імі. Фармальна кіруючы грамадствам, улады самі павінны знаходзіцца пад змястоўным кіраўніцтвам аб’ектыўных агульнаграмадскіх інтарэсаў, якія, нагадаю, заключаюцца ў стварэнні ўмоў для максімальнага раскрыцця стваральнага патэнцыялу ўсяго грамадства, у яго пастаянным натуральным гарманічным прагрэсіўным перспектыўным развіцці.

Шостае. У змястоўна дэмакратычным грамадстве павінна прысутнічаць (быць літаральна ўзаконенай) аб’ектыўная ацэнка дзейнасці людзей. Такая ацэнка павінна адбывацца праз супастаўленне кірунку (зместу) і вынікаў дзейнасці кожнага чалавека з аб’ектыўнымі інтарэсамі ўсяго грамадства. Менавіта з дадзенага супастаўлення вынікае з’ява сацыяльнай справядлівасці, як прамапрапарцыйнасць паміж асабістым укладам чалавека ў развіццё грамадства (з аднаго боку) і ўзроўнем (матэрыяльным, духоўным) яго жыцця (з другога боку). Ступень вырашанасці дадзенага пытання кардынальна ўплывае на тэмпы тэхналагічнага і гуманістычнага прагрэсу грамадства, што, натуральна, уваходзіць у яго аб’ектыўныя інтарэсы.

Сёмае. З пазіцый змястоўнай дэмакратыі ўзаемаадносіны паміж рознымі грамадствамі і іх дзяржавамі павінны адбывацца на прынцыпах узаема- і роўнакарыснага, гарызантальнага супрацоўніцтва. Практычнай мадэллю такіх узаемаадносін з’яўляюцца дачыненні гаспадара дома і госця. Культурны гаспадар павінен быць гасцінным. Але і госць павінен паважаць правілы жыцця гаспадара (“у чужы манастыр са сваім статутам не лезь”). Калі госцю нешта не падабаецца, ён можа добразычліва запрапанаваць гаспадару іншыя падыхады альбо пакінуць дом гаспадара. Культурны госць ніколі не будзе навязваць свае жаданні, правілы, сваё светабачанне гаспадару. Асаблівасць нармальных міждзяржаўных зносін у параўнанні з апісанай мадэллю заключаецца толькі ў тым, што гаспадаром дзяржавы з’яўляецца адпаведны народ, яго домам – тэрыторыя яго дзяржавы, а гасцьмі – любыя людзі ці групы людзей, якія апынуліся па тых ці іншых прычынах на этнічнай тэрыторыі ці ў дзяржаве адпаведнага народу-гаспадара.

Уяўленне аб змястоўнай дэмакратыі дае магчымасць пры параўнанні з рэальнай сітуацыяй у кожным канкрэтным выпадку бачыць і недахопы палітычнага кіравання, і прычыны гэтых недахопаў. Так, відавочна, што ў лукашэнкаўскай “супердэмакратычнай РБ” абсалютна не выконваецца ніводны пункт, а ў сучаснай ліберальнай дэмакратыі не выдзяляецца змест дзяржавы, грамадства ўспрымаецца абстрактна, як простая сума грамадзян і перыядычна другасна адносна ўлады, пытанні сацыяльнай справядлівасці і нормы міжнацыянальных адносін увогуле амаль не ўздымаюцца, а ў працэсе палітычнай практыкі культывуюцца і актыўна эксплуатуюцца суб’ектыўныя інтарэсы і меркаванні людзей, якія ім папярэдне могуць навязвацца.

Канешне, змястоўная дэмакратыя ў поўным аб’ёме нідзе не дасягнута. Яна ёсць больш мэта, у кірунку якой ідзе прагрэс чалавецтва і да якой варта імкнуцца. Яе станаўленне адбывацца ў цяжкай, вязкай, штодзённай, нярэдка ахвярнай барацьбе. Але ў тым аб’ёме, у якім змястоўная дэмакратыя будзе зрэалізавана, яна здольна забяспечыць далейшае гуманістычнае развіццё чалавецтва, дазваляе практычна змагацца за рэалізацыю ў грамадстве прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, стварыць значна лепшыя, чым сёння, умовы для здзейснення людзьмі сваіх правоў і свабод, у тым ліку самай галоўнай каштоўнасці – максімальнага раскрыцця ўласнага жыццёвага патэнцыялу. Сёння на змястоўную дэмакратыю найбольш накіраваны некаторыя еўрапейскія краіны, у т.л. краіны Балтыі.

Нават ў выглядзе мэты змястоўная дэмакратыя выконвае вельмі важную функцыю – можа выступаць у якасці адной з ідэалагічных апор для ўсіх сапраўдных патрыётаў, універсальных нацыяналістаў, сапраўдных інтэрнацыяналістаў, гуманістаў і, як цяпер выразна відаць… для сапраўдных дэмакратаў.

Як любы інтэнсіўны прагрэс, працэс прагрэсіўнага развіцця палітычнай арганізацыі грамадстваў спыніць немагчыма. Аднак, чаму ж ён адбываецца так марудна, з такімі драматычнымі спадамі? Чаму, калі дакладна ўяўляюцца ўзоры, іх так цяжка дасягнуць на практыцы?

Справа ў тым, што ёсць моцныя, хутка зарганізаваныя сілы, якія не зацікаўлены ў наступленні лепшай, больш светлай будучыні. Гэтыя сілы дэструктыўныя, бо могуць існаваць толькі за кошт паразітавання на працы іншых людзей. Прагрэсіўныя змены, скіраваныя на больш дасканалую арганізацыю грамадства, здольны значна абмежаваць умовы існавання паразітаў (як у нашым арганізме здаровая імунная сістэма хутка абмяжоўвае развіццё паразітычных вірусаў, мікробаў, глістоў, а затым і ўвогуле многіх з іх вынішчае). Таму сацыяльныя паразіты тайна змагаюцца супраць гуманістычнага прагрэсу (часта не закранаючы тэхналагічны) як унутры розных грамадстваў, так і ўсяго чалавецтва. Вобразна гэта можна ўявіць як барацьбу глістоў супраць распрацоўкі медыцынскай навукай і ўкаранення практычнай медыцынай супрацьглістных прэпаратаў…

Сярод гэтых соцыяпаразітыных сіл галоўная – безнацыянальная бюракратыя.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы