nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАША ГАЛОЎНАЯ ПРАБЛЕМА – ЭТНАЦЫД, НАША МЭТА – БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА! (Ч.3)

6 красавіка, 2006 | Няма каментараў

Частка 3. Універсальны сацыяльны паразіт – закляты вораг дэмакратыі.
Каб рэалізоўваліся на практыцы прынцыпы змястоўнай дэмакратыі, найперш трэба, каб была забяспечана адэкватнасць паміж узроўнем дзяржаўных пасадаў і ведамі, навыкамі, узроўнем культуры, светагляду і г.д. тых людзей, якія дадзеныя пасады займаюць. А якія якасці павінны прысутнічаць у чалавека ў першую чаргу, каб дадзеную адпаведнасць забяспечыць?
Самае галоўнае – гэта не “прафесіяналізм” і не “досвед працы на кіраўнічых пасадах”, а ўзровень светаўспрыняцця. Першыя дзве якасці часта прапагандуюцца бюракратыяй для таго, каб ёй было лягчэй выкарыстоўваць у кадравай палітыцы толькі прадстаўнікоў сваёй кланавай калоды. У характарыстыцы апошняй якасці ўсё залежыць ад таго, часткай чаго ўспрымае сябе чалавек, што лічыць “непасрэдна сваім”, а што ўспрымае чужым “вонкавым асяроддзем”.
Так, калі чалавек здольны ўспрымаць толькі свае асабістыя патрэбы, а ўсю іншую рэчаіснасць адчувае толькі асяроддзем, прызначаным для чарпання адтуль рэсурсаў і задавальнення сваіх персанальных патрэб – ён эгаіст. У норме яму можна даверыць кіраваць толькі самім сабой (самому сабе гатаваць ежу, прыбіраць і рамантаваць уласнае жыллё, чысціць зубы перад сном і г.д.). Калі ж чалавек з такім узроўнем светаўспрыняцця зойме нейкую пасаду (нават самую малую), ён будзе весь час думаць толькі пра тое, як яе выкарыстаць у сваіх асабістых інтарэсах – як правіла, гэта значыць выкарыстаць падначаленых яму людзей.
Калі чалавек успрымае толькі сябе і сваю сям’ю, як нешта важнае, часткай чаго ён сам з’яўляецца, а ўсё іншае чужародным асяроддзем – ён сем’янін. Такі чалавек натуральна і паспяхова здольны кіраваць толькі ў межах сваёй сям’і. Вынік яго дзейнасці на дзяржаўнай кіраўнічай пасадзе будзе блізкі да папярэдняга.
Калі ж чалавек успрымае сябе часткай калектыву завода, калгаса, установы, дзе ён працуе, ці ўспрымае сваёй тую сацыяльную групу, да якой ён належыць, ён можа быць добрым дырэктарам завода, старшынём калгаса, прафсаюзным лідарам ці міністрам адпаведнай галіны, бо ён ужо дасягнуў узроўня чалавека калектыўна-карпаратыўнага светаўспрыняцця. Але аб’ектыўна ён не можа быць дзяржаўным кіраўніком, бо ён арганічна не здольны прадстаўляць інтарэсы ўсёй нацыі.
А вось сапраўдным дзяржаўным дзеячам можа быць толькі чалавек-грамадзянін – г.зн. той, хто ўспрымае сваімі ўвесь свой народ, усю сваю краіну, а сябе лічыць іх неад’емнай часткай! Толькі такі чалавек мае шанец быць тым, хто будзе здольны пастаянна шукаць і спрабаваць зрэалізаваць спосабы найлепшага ўнутрыграмадскага ўладкавання і штодзённа адстойваць аб’ектыўныя інтарэсы свайго народу перад вонкавым светам ці ўнутранымі сацыяльнымі паразітамі.
Дарэчы, добра кіраваць чалавецтвам (напрыклад, вызначаць палітыку ААН) аб’ектыўна могуць толькі людзі, якія маюць светаўспрыняцце сапраўдных гуманістаў, а вызначаць стратэгічны кірунак развіцця агульналюдскай цывілізацыі толькі тыя, хто дасягнуў найвышэйшага ўзроўню – чалавека светагляднага.
Такім чынам, характарызуючы канкрэтнага чалавека і спрабуючы адказаць на пытаньне: хто ён ёсьць?! – найперш трэба вызначыць памер чалавека праз характарыстыку ўзроўня яго светаўспрыняцця!
Дык вось, калі б пасады займаліся людзьмі хоць бы адэкватна толькі гэтаму крытэру, – заводы, калгасы, установы, грамадствы, дзяржавы, усё чалавецтва развіваліся б значна больш хутка, гарманічна, бесканфліктна. Мы б мелі зусім іншую сітуацыю ў свеце. Аднак палітычных механізмаў, якія існуюць зараз, як правіла, не хапае, каб надзейна забяспечыць з’яўленне ў кіраўнічых крэслах адпаведных людзей. У выніку шмат кіраўнікоў, якія займаюць тыя ці іншыя дзяржаўныя пасады, з-за неадэкватнасці паміж узроўнем светаўспрыняцця і памерам падуладнай рэчаіснасці аб’ектыўна маюць унутраны канфлікт паміж грамадскімі і асабістымі інтарэсамі. Калі іх асабістыя інтарэсы перамагаюць, дэмакратычныя прынцыпы пачынаюць успрымацца імі толькі як перашкода для іх інтарэсаў. Вось тады такімі “кіраўнікамі” дэмакратыі аб’яўляецца сханая вайна…
Людзі з эгаістычным і блізкім да яго светаўспрыняццем здольны хутка аб’ядноўвацца, каб у супрацьстаянні грамадству разам дасягаць свае эгаістычныя мэты. Іх эгаізм такому аб’яднаню не перашкаджае. Таму нават у самых устойлівых дэмакратычных краінах (а што ўжо казаць пра “маладыя дэмакрытыі”) могуць адбыцца працэсы праэнтрапійнага, дэградатыўнага выраджэння «кіроўнай эліты» ў абыякавых дзяржаўных служачых, тых – у фармалізаваных чыноўнікаў, а апошніх – у арганізаваную, сквапную, непрабівальную паразітычную бюракратыю. У час такіх працэсаў спачатку назіраецца адносная самаізаляцыя кіроўнай “эліты” ад грамадства (інфармацыйная, кадравая). Затым паразітычны інтарэс штурхае чыноўніцтва стаць у апазіцыю да грамадства, прымушае браць дань з яго (карупцыя). А затым сітуацыя і ўвогуле можа штучна перавярнуцца да гары нагамі – усё можа пачаць рабіцца так, каб не начальства было для грамадства, а грамадства было для яго (антыдэмакратыя). У выніку краіну ахоплівае адна з самых цяжкіх хваробаў – паразітычны бюракратызм.
Верагоднасць такіх падзей тым большая, чым большая група людзей з нізкім узроўнем светаўспрыняцця прарвецца да рычагоў дзяржаўнага кіравання.
У Беларусі сёння рэальны суб’ект грамадска-палітычных падзей таксама не Лукашэнка. Ён акружаны псеўдарэчаіснасцю пацёмкінскай вёскі і выконвае ролю чырвонай анучы, размешчанай толькі не паміж быком і тарыядорам, а паміж беларускім народам і бюракратыяй. Пра сваю ролю, думаю, здагадваецца, але прыняў правілы гульні і ідзе на кампраміс. Куды яму падзецца?

Але, гаворка, пакуль, не пра яго. Падумайце толькі над такім фактам. Больш 99% нашых грамадзян ніколі не бачылі Лукашэнку жыўцом, тым больш не атрымлівалі ад яго ніякіх загадаў. Калі беларус знаходзіцца ў непасрэднай залежнасці ад кагосці і вымушаны падпарадкоўвацца, дык гэта амаль заўсёды будзе яго начальнік на працы, чыноўнік у ЖЭСе, бюракрат у рай- ці гарвыканкаме і г.д. Рэальнае “кіраванне” беларускім грамадствам здзяйсняецца імі – бюракратамі.
Народ, апынуўшыся пад ціскам “глістоў” на дзяржаўных пасадах, можа пачаць выказваць незадавальненне, неарганізавана супраціўляцца. Усё гэта пагражае персанальнаму складу бюракратыі стратай улады ў выніку тых ці іншых падзей. Таму для замацавання свайго прывілеяванага стану сучасная бюракратыя шырока выкарыстоўвае адмысловыя, навукова распрацаваныя (праўда, навукай сатаны) механізмы дэструктыўнага ўздзеяння на грамадства з мэтай яго паралізацыі. Ставіцца задача пераўтварыць людскае грамадства ў прымітыўную біямасу – аб’ект устойлівага паразітавання – без волі, без суб’етных мэтаў, без здольнасці да самаарганізацыі. У такім разбураным стане грамадства, як правіла, здольна толькі патрабаваць “моцнай рукі”, што выўляе яшчэ адзін механізм супадзення інтарэсаў бюракратыі і аўтарытарнай асобы – шырмы для бюракратыі.
Самае подлае, што гіганцкія рэсурсы для арганізацыі дэструктыўна-паралізнага ўздзеяння на грамадства паразітычная бюракратыя бярэ… з самаго ж грамадства.

Наша беларуская рэчаіснасць апошніх 11 гадоў служыць яскравай ілюстрацыяй усяму апісанаму, уключаючы актыўнае выкарыстанне мясцовай бюракратыяй разнастайных дэструктыўных тэхналёгій з мэтай адмяніць апошнія дэмакратычныя механізмы і ўвесці вышэй узгаданы паразітычны бюракартызм.
Давайце звернем на гэтыя разбуральныя тэхналогіі адмысловую ўвагу.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы