nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАША ГАЛОЎНАЯ ПРАБЛЕМА – ЭТНАЦЫД, НАША МЭТА – БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА! (Ч.4)

6 красавіка, 2006 | Няма каментараў

Частка 4. Беларусам навязана вайна.
Калі прааналізаваць усё, што робіць паразітычная бюракратыя ў нашай роднай Беларусі супраць нашага народу, можна смела сцвярджаць: у нас ідзе неаб’яўленая, тайная вайна. Адрозненне ад звычайнай гучнай і гарачай вайны толькі ў метадах, у галоўным – мэтах і магчымых выніках – істотных адрозненняў няма!

4.jpg

Пры гэтым дэструктыўна-паралізнае ўздзеянне на структуры і функцыі беларускага грамадства з боку безнацыянальнай паразітычнай бюракратыі адбываецца татальна і комплексна. Галоўнымі кірункамі дэструктыўнага ўплыву бюракратыі зьяўляюцца: 1 – на апазіцыю; 2 – на сувязі паміж апазіцыяй і грамадствам; 3 – на магчымы ўплыў грамадства на ўлады ў час выбараў; 4 – непасрэдна на само грамадства.

Так, уздзеянне на апазіцыю з мэтай нейтралізацыі яе магчымага ўплыў на ўладу адбываецца праз масіраванае ўкараненне ў яе шэрагі агентаў спецслужбаў, спрыянне кар’ернаму росту несумленных і недзеяздольных лідараў, падкіданне зманлівых звестак і пустапарожніх ідэй, праз адцягванне ўвагі ад сапраўдных здольных беларускіх патрыётаў, іх дыскрэдытацыю, праз навязванне такіх стратэгічных мэт, якія вядуць у сляпы завулак, забіраючы ў апазіцыі гады на бессэнсоўную дзейнасць, вымотваючы людзей. Пры гэтым галоўным аб’ектам дэструктыўнага ўздзеяння на апазіцыю з’яўляюцца не скрайнія (лібералы ці камуністы), а цэнтравыя – нацыянальныя дэмакраты. Адначасова назіраецца татальнае адцісканне ўсёй апазіцыі ў пазаўладную зону – у г.зв. несістэмны стан.

Разбурэнне сувязяў, якія могуць яднаць апазіцыю і грамадства адбываецца праз дыскрэдытацыю апазіцыі перад грамадствам. Так, па “яшчыку” мы пастаянна бачым перадачы з адным і тым жа наборам прапагандэм, скіраваных на дыскрэдытацыю апазіцыі ў вачох грамадства: “грошы з Захаду”, “яны працуюць на ворагаў Беларусі”, “яны ні на што не здатныя, амаральныя, сквапныя, закамплексаваныя няўдачнікі”. Адначасова ў апазіцыю з мэтай дыскрэдытацыі грамадства перад ёй праз агентурныя каналы пастаянна ўводзяцца ідэалагемы тыпу: “наш народ слабы, дурны, ні на што не здатны” і г.д.

Для неўтралізацыі ўплыву, якое можа аказваць грамадства на ўлады ў час выбараў, у Беларусі створана такое “выбарчае заканадаўства”, па якім людзі ніколі не змогуць выбраць таго, каго рэальна пажадаюць: бюракраты могуць адвольна не зарэгістраваць любога кандыдата, не прадаставіць магчымасці выступіць па тэлевізары, не дазволіць выпусціць улёткі, абмежаваць іншыя агітацыйныя магчымасці, зфальсіфікаваць вынікі выбараў за кошт 5-дзённага папярэдняга галасавання і ў час “падліку галасоў”. Створаны ўмовы, калі толькі бюракратыя можа татальна ўплываць і на вылучэнне, і на агітацыйны працэс, і на само галасаванне, і на падлік галасоў.

Але найбольшае дэструктыўнае ўздзеянне скіравана непасрэдна на само беларускае грамадства… Яно пастаянна падвяргаецца наступным формам разбуральна-паралізнага ціску:
– сілавому: на кожную праяву непадуладнай грамадзянскай актыўнасці бюракратыя адказвае міліцэйскімі рэпрэсіямі (дубінкі, штрафы, адсідкі) і пазбаўленнем працы;
– кадраваму: на любую кіроўную пасаду (нават самую малую) прызначаюцца толькі людзі, згодныя быць абсалютна лаяльнымі рэжыму. Прафесійныя якасці, прыстойнасць, агульная культура маюць апошняе значэнне. А калі чалавек яшчэ і сумленны, справядлівы, шчыры, любіць свой народ і сваю краіну, а, у дадатак, яшчэ і таленавіты – ён і ўвогуле становіцца аб’ектам спецыяльнага ўздзеяння, скіраванага, як мінімум, на тармажэнне яго прафесійнага і кар’ернага росту;
– эканамічнаму: большасць грамадзян прымушаюць жыць у вельмі цяжкіх матэрыяльных умовах, “не падымаючы галавы”; улады свядома прымушаюць людзей думаць толькі пра тое, як пражыць кожны чарговы дзень;
– ідэалагічнаму: “распрацавана” і актыўна навязваецца абсалютна эклектычная, штучная, выгадная толькі бюракратыі “агульнадзяржаўная ідэалёгія”. У ёй галоўным геапалітычным арыентырам аб’яўлена “интеграция Белоруссии и Росии” (а на справе паглынанне расейскай імперыяй беларускай дзяржавы), затое поўнасцю адсутнічаюць такія каштоўнасці, як беларуская мова, нацыянальныя сімвалы, светагляд, славутыя і гераічныя падзеі беларускай гісторыі, веліч самастойнай дзяржаўнасці, выбітныя гістарычныя постаці беларускай нацыі (ад Вітаўта Вялікага праз Кастуся Каліноўскага да Васіля Быкава);
– наркатычнаму: назіраецца адмысловае стварэнне ўмоў для алкагалізацыі і наркатызацыі насельніцтва;
– негатыўнаму ўплыву на здароўе. Напрыклад, цяпер мяжа нормы па радыёнуклідах у нашай ежы павялічана ў шмат разоў у параўнанні з дачарнобыльскім часам;
– паабяцана дэмаграфічнае ўздзеянне. Спачатку ў беларусаў забралі мову, затым рэжымныя ідэолагі-прапагандысты аб’явілі пра існаванне на Беларусі абракадабры пад назвай «многонациональный белорусский народ» (адзін з аўтараў – тэлепрапагандыст БТ Евгений Новиков), а не так даўно Лукашэнка заявіў, што ў сувязі з недахопам працоўных рэсурсаў і нізкай нараджальнасцю будуць створаны ўмовы для іміграцыі ў Беларусь жыхароў з іншых краін СНД і, магчыма, нават з Кітаю. Маўляў, нічога страшнага ў гэтым ён не бачыць і для ўздыму эканомікі ён гатовы прыняць у Беларусь і 20, і 60 мільёнаў чалавек;
– назіраецца адмысловы ціск на нацыянальную эліту, звязаную з акадэмічнай навукай, вышэйшай адукацыяй, на беларускіх пісьменнікаў, усю нацыянальную інтэлігенцыю. Напрыклад, быў час (можа і зараз ён працягваецца), калі прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі атрымліваў меньшы заробак, чым міліцыянт, які сядзеў на ўваходзе ў будынак Акадэміі. Пра іншых навукоўцаў, выкладчыкаў ВНУ, пісьменнікаў, настаўнікаў, урачоў і г.д. і ўвогуле няма чаго казаць;
– інфармацыйна-прапагандысцкаму (пра яго далей).
Вось яны – метады вядзення вайны па сучасных тэхналогіях супраць уласнага грамадства, акты серыйнага злачынства супраць цэлага народу ў самым сэрцы еўрапейскага кантыненту!

З пералічанага шэрагу адмысловую ўвагу трэба звярнуць на інфармацыйнае ўздзеянне, паколькі можна смела сцвярджаць, што яго атрутна-паралізны эфект на беларускае грамадства з’яўляецца вырашальным. Таму у адрозненні ад той жа вайны ў Чачні, падзеі ў Беларусі маюць выразны характар інфармацыйна-псіхалагічнай вайны. Яшчэ раз заклікаю звярнуць увагу: мэты абедзвюх войнаў аднолькавыя (а гэта ў палітычнай іерархіі ёсць самае галоўнае), толькі сродкі розныя…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы