nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ЦЕНЬ ЛЮЦЫПАРА НАД БЕЛАРУССЮ

Красавік 12, 2006 | Няма каментараў

Тэкст, які прадстаўлены ніжэй, належыць лідару Беларускай Партыі Свабоды – Сяржуку Высоцкаму – галоўнаму арганізатару славутай 250-дзённай моладзевай вахты ў Курапатах, якая доўжылася з восені 2001 году да лета 2002-га.
Гэты тэкст быў перададзены ў канцы траўня 2002 г. ва ўсе буйныя беларускія “незалежныя” выданьні. Ніводнае зь іх яго не надрукавала… Цікавы факт. Ці няпраўда?
Мы вырашылі прадставіць яго ня столькі з-за малавядомасьці, а каб паказаць, што тыя негатыўныя зьявы, якія характэрны для сёньняшняй “аб’яднанай апазіцыі”, маюць даўнюю гісторыю.
Рэдакцыя.

З КУРАПАТАЎ БАЧНЫ ЦЕНЬ ЛЮЦЫПАРА НАД БЕЛАРУССЮ

Кажуць, калі ў 1953 годзе ў сталінскіх лагерох
«ворагі народа» даведваліся пра смерць «правадыра ўсіх народаў»,
бывала, нехта ў страі раптам выкрыкваў: «Люцыпар сканаў», —
і ўвесь натоўп выбухваў адзінадушным воклічам радасці,
якую ахова доўга не магла супакоіць, ня гледзячы
на стражайшую забарону на падобныя рэчы.

Я доўга вагаўся, ці прадастаўляць нашаму грамадству ўсю інфармацыю, якая ў мяне накапілася у выніку шматмесячнай працы па арганізацыі валанцёрскай вахты ў Купатах. Бо тыя высновы, якія напрошваюцца, для многіх могуць прагучаць як прысуд. У адпаведнасці з імі практычна ўсё трэба пачынаць спачатку… Можа быць пачынаць ціха, не траўмуючы наша грамадства.
Але нядаўна з Алесем Покладам (адным з герояў нашай вахты, які чацверты тыдзень з цяжкімі апёкамі пасля падпалу курапацкай палаткі знаходзіўся ў рэанімацыі) і з яго сям’ёй адбыліся падзеі, якія нармальны людскі розум проста адмаўляецца ўспрымаць…
Да яго ў рэанімацыйную палату прыйшлі людзі, апранутыя, як дахтары, агледзелі яго і абсалютна сур’ёзна і пераканаўча заявілі, што вымушаны будуць ампутаваць яму руку і нагу, маўляў іначай яго жыццё выратаваць не атрымаецца… Пасля такога “ўздзеяння” хлопец быў шакаваны і пачаў трызніць… Відаць, палічыўшы, што гэтага недастаткова, гэтыя ж людзі патэлефанавалі маці Алеся, прадставіліся ўрачамі і заявілі тое самае… У маці здарыўся цяжкі сардэчны прыступ, які вымушана была здымаць “хуткая дапамога”…
Гэта сатанісцкая акцыя (іншыя словы так і не змог знайсці) была апошняй кропляй, якая канчаткова мяне пераканала – ціха што-небудзь змяніць на лепшае, не атрымаецца. Грамадства мае права і, нават, павінна ведаць усю праўду, якой бы прыкрай яна не была. Мы ж ня дзеці, мы павінны ВЕДАЦЬ на чым стаім…

Але спачатку, яшчэ раз пра значэнне Курапат.
Курапаты – гэта месца, дзе ў 1937-41 гг. не “рэпрэсавалі”, а забівалі ні ў чым не вінаватых грамадзян Беларусі. Падвадзілі да свежавырытых ямаў і стралялі ў патыліцу. Як правіла, забівалі лепшых – сялян, рабочых, настаўнікаў, пісьменнікаў, інжынераў… Па розных звестках у магілах знаходзяцца парэшткі ад 35 (пракуратура РБ) да 230 тысячаў чалавек (З.Пазьняк).
У любым выпадку, маштабы забойстваў людзей больш чым дастатковыя, каб мець поўнае права казаць пра генацыд беларускага насельніцтва яшчэ ў перадваенныя гады. Тым больш, што на сёння вядома яшчэ 48 месцаў масавых растрэлаў мірных беларускіх грамадзян, якія праводзіліся ў той час. Акрамя таго, сотні тысяч з іх так ніколі і не вярнуліся пасля адпраўкі “на белага мядзведзя”.
Нашых продкаў забівалі карнікі НКВД. Але яны былі толькі выканаўцамі праектаў новай бальшавіцкай бюракратыі, новаадроджанай на тэрыторыі ўсё той жа Расейскай імпэрыі, якая набыла толькі іншую назву. Ідэялёгію, якая “дазваляла” новай расейскай уладзе здзяйсняць генацыд беларусаў, з сучасных пазіцый можна ахарактарызаваць як камуна-фашызм.
Факт, што Курапаты – месца масавых забойстваў грамадзян Беларусі, а не, напрыклад, гамбургскіх габрэяў, неаднаразова падцвярджала пракуратура. Прычым апошні раз – мінулай восенню! Гэта прынцыпова істотна. Бо, напэўна, многія памятаюць неаднаразовыя спробы адмыслова створаных “грамадскіх камісій” прыпісаць Курапаты нямецкім захопнікам. Сатанісцкія трызненні нейкага “Е.Ростикова” з тым жа матывам і сёння можна прачытаць на некаторых расейскіх інтэрнэтсайтах.
Але, як ні стараліся, нічога не атрымалася. Занадта багатая курапацкая зямля на доказы дзейнасці менавіта бальшавіцкіх карнікаў. Стрэляных гільзаў з наганаў савецкай вытворчасці і чэрапоў з дзіркамі ад іх стрэлаў – фірмовы знак тэхналогіі забойства НКВД – кожны раз следчыя знаходзілі столькі, што нават шэйманаўская пракуратура не змагла заявіць нешта супрацьлеглае таму, што было абвешчана З.Пазьняком і Я.Шмыгалёвым яшчэ ў 1988 годзе.

Каса на камень.
Належнае ўшанаванне памяці бязвінных грамадзян Беларусі, масава забітых у Курапатах і іншых месцах на тэрыторыі Беларусі, абсалютна неабходнае з пункту гледжання беларускай традыцыі й маралі. Гэта – праява гуманізма і культуры, абавязак нашчадкаў перад продкамі, дэманстрацыя павагі да іх і да сябе…
Адсутнасць мемарыялу ахвярам камуна-фашысцкай дыктатуры ў Курапатах набывае блюзнерскі характар на фоне шматлікіх “помнікаў”, абільна расстаўленых на тэрыторыі Беларусі (ад ленінска-сталіскіх да “афганскіх”), пад якімі ніхто не ляжыць… Скажыце, якія думкі і пачуцці ўсе яны павінны выклікаць у любога нармальнага чалавека, калі мемарыялу ў Курапатах усё ж такі не будзе?
Актыўнага адрынання? Усведамлення таго, што любы ахвярны чын толькі тады будзе “адзначаны”, калі будзе адпавядаць прапагандысцкім інтарэсам вузкай праслойкі паразітычнай імпербюракратыі?
Мемарыялізацыя Курапат патрэбна сённяшняму і будучым пакаленням беларусаў ня ў меньшай ступені, чым мінулым, яшчэ па адной прычыне. Расейскі імпэрыялізм, як і расейскі імпэрскі дух, светагляд, ідэялёгія, расейская імпэрбюракратыя, нікуды не зніклі. Наадварот, сёння яны зноў адраджаюцца і набіраюць моц. Праўда, цяпер яны сваімі рысамі ўсё больш нагадваюць класічны фашызм. Палітычная ўлада ў нашай усходняй суседцы поўнасцю належыць тым, хто з гонарам залічвае сябе да структуры, якую правільна было б называць ВЧК-ОГПУ-НКВД-КГБ-ФСБ. А паглядзіце, як выраслі і ўзмацніліся ў сучаснай Расеі ўсялякія РНЕ і скіны. Звярніце ўвагу на змест, форму і маштаб усяго таго, што адбываецца ў Чачні. Гэта ж генацыд, арганізаваны сучаснай (!) дзяржаўнай уладай Расеі і асвечаны сучасным расейскім патрыярхатам!
У гэтых абставінах мемарыял у Курапатах патрэбны беларусам і як пастаянны напамін пра мінулае, і як сваеасаблівы заклік быць пільнымі, каб не дапусціць паўтарэння курапацкіх трагедый на нашай зямлі. Мемарыял у Курапатах мусіць стаць нашай галоўнай нацыянальнай абярэгай ад усялякага зла, якое яшчэ можа ня раз пагражаць нам у будучыні.
Вось чаму сапраўды дэмакратычная частка беларускага грамадства ўжо 14-ы год настойліва патрабуе ад улад адназначнага і цывілізаванага вырашэння гэтага пытання.
Аднак, як высвятляецца, патрабаванне мемарыялізацыі Курапат цалкам супярэчыць ідэялёгіі й палітыцы сённяшняга рэжыма на Беларусі. У нас ужо аскома ад заяў пра неабходнасць «интеграции с братской Россией». А мемарыял у Курапатах ці патрабаванне яго ўзвядзення – нібы косць у горле гэтай «интеграции»…
Таму, нягледзячы на ўсю сюррэалістычную абсурднасць, амаральнасць, ганебнасць сітуацыі з адмаўленнем ад мемарыялізацыі, нягледзячы на ўсю нявыгаднасць пазіцыі, занятай сучаснымі ўладамі па гэтаму пытанню, яны і далей гатовы рабіць усё магчымае, каб замаўчаць, замяць, затаптаць, «зняць» гэтае патрабаванне грамадскасці. Сённяшні рэжым хутчэй памрэ, чым пагодзіцца на тое, што ад яго патрабуюць…
А як ён можа пагадзіцца, калі з’яўляецца ідэйным і палітычным нашчадкам таго сатанісцкага рэжыма, які 66 гадоў таму змог усталявацца на нашай зямлі толькі з дапамогай наганных стрэлаў у людскія патыліцы на краі свежавыкапаных ямін?
У выніку “Курапацкае пытаньне” зноў паўстала як своесаблівае святло праўды, якое, нібы рэнтгенам, высвечвае і сутнасць сённяшяй улады, і хто ёсць хто ў нашай сённяшяй “апазіцыі”…

Пра некаторыя “Курапацкія ініцыятывы”.
Прычынай новага ўсплёску ўвагі да курапацкага пытаньня стала будаўніцтва курапацкага ўчастка менскай кальцавой дарогі, якое пачалося больш за паўгады таму.
Неўзабаве паўстала некалькі грамадскіх ініцыятываў, якія абвяшчалі аб сваёй зацікаўленасці дамагчыся ад улад належнага ўшанавання гэтага святога месца праз правядзенне цывілізаванай мемарыялізацыі. Гэта і ініцыятыва “За ўратаванне мэмарыялу Курапаты” на чале з І.Жыхар, і група мастакоў на чале з А.Марачкіным, якая займалася распрацоўкай канцэпцыі мэмарыялізаціі Курапатаў. Праз пэўны час да гэтай справы з ласкі І.Жыхар далучыўся і так званы “Камітэт міру”, які прадстаўляў інтарэсы ўладных структур.
Прайшло шэраг сумесных паседжанняў. Адбылося шмат спрэчак. Але, погляды былі настолькі рознымі, непатрэбных пытанняў было накінута так шмат, атмасфера была настолькі распаленай, што пра знаходжанне агульнага рашэння гаварыць не даводзілася.
Карацей, была прадэманстравана ўсё тая ж, даўно вядомая тэхналёгія развалу любой слушнай справы…
Вось пару прыкладаў.
Так, В.Трыгубовіч патрабавала паставіць на курапацкіх могілках пахавальныя сімвалы габрэяў і мусульман, заяўляючы, што без іх мемарыялізаваць Курапаты не ўдасца (?).
Можа В.Трыгубовіч ведае, якую долю сярод растраляных НКВД грамадзян Беларусі, парэшткі якіх знаходзіцца ў Курапатах, складаюць габрэі і мусульмане? А можа яна ведае (што ня менш істотна) колькі габрэяў і мусульман было сярод тых, хто растрэльваў нашых продкаў? А чаму яна так пераканана, што без дапамогі названых этнічных і канфесійных груп нам не ўдасца мемарыялізаваць Курапаты? Мы – сучасныя грамадзяне Беларусі – без іх ужо, што, нічога не вартыя? Ці Беларусь ужо не хрысціянская краіна?
Цэлы ворах пытанняў (я лічу, абсалютна непатрэбных і, нават, недарэчных) настойліва падымалі сваімі заявамі розныя спадары і спадарыні, замінаючы паседжанням. На словах жа яны рэгулярна заяўлялі, што імкнуцца зрабіць усё, каб мемарыялізацыя Курапат абавязкова адбылася…
Бывалі выпадкі і відавочнага блюзнерства.
А як іначай, акрамя як гэтым словам могуць быць названы прапановы “Камітэту міру”, пабудаваць у Курапатах помнік у выглядзе “подковы счастья” альбо прапановы ўспрымаць будучы курапацкі мемарыял “символом примирения и покаяния”?
Што павінна сімвалізаваць гэтая падкова шчасця? Што, шчасце нашага народа ў тым, каб усім апынуцца ў курапацкіх ямінах?!
З кім нас хочуць прымірыць? З забойцамі нашых продкаў?!
Пакаянню каго мы павінны паверыць? Пакаянню генацыдчыкаў?!
А, што, былыя каты НКВД штодня цэлымі натоўпамі прыпаўзаюць у Курапаты, падаюць на калені і вымольваюць у астанкаў нявінна забітых імі людзей прабачэння?
Нешта я не бачыў ніводнага такога напоўпу. Больш таго, я не бачыў ніводнага такога выпадку!
Натуральна, што ў такіх умовах ніякіх сур’ёзных рашэнняў так і не было прынята. Пра тыя, якія нібыта былі прыняты, лепш не ўзгадваць.

Чаго мы дамагаемся нашай вахтай у Курапатах.
Адначасова з пералічанымі вышэй ініцыятывамі ў час знакамітых падзеяў у пачатку леташняга кастрычніка была арганізавана “Курапацкая вахта”. Туды ўвайшлі прадстаўнікі розных арганізацыяў – ад “Маладога Фронту” да сталага БНФ. Аднак, галоўны цяжар вось ужо 8-месячнай вахты ў межах дадзенай ініцыятывы давялося вынесці прадстаўнікам Беларускай партыі Свабоды (БПС). Без ілжывай сціпласці заяўляю: наш людскі і арганізацыйны ўнёсак быў рашаючым.
Шчыра кажучы, мы ўжо тады разумелі, што наша валанцёрская вахта – гэта адзіная справа, якая можа рэальна зрушыць курапацкае пытанне, што гэта той “цвік”, за які трымаюцца ўсе іншыя ініцыятывы. Калі б мы сышлі, усё іншае, заснаванае на словах і эмоцыях, праз пару тыдняў сышло б, як дым… Гэта можна было прадбачыць з абсалютнай дакладнасцю.
Але, гэта разумелі ня толькі мы. Гэта зразумеў і рэжым…
Што да мэт нашага знаходжання ў Курапатах, яны былі і застаюцца нязменнымі: мы – прадстаўнікі “Курапацкай вахты”, яшчэ раз заяўляем, што сваім бесперапынным знаходжаннем у Курапатах, ПАТРАБУЕМ АД УЛАД, КАБ у адпаведнасці з афіцыйна прызнаным статусам дадзенага месца, любая ўладная структура (Саўмін, прэм’ер, “вертыкаль”, мінскі гар- ці аблвыканкам – хто заўгодна) ЗАЯВІЛА, ШТО БЯРЭ НА СЯБЕ АДКАЗНАСЦЬ ЗА НАЛЕЖНУЮ, АДПАВЯДАЮЧУЮ ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНЫМ НОРМАМ, ХРЫСЦІЯНСКАЙ МАРАЛІ І ЎЗГОДНЕНУЮ З ГРАМАДСКАСЦЮ МЕМАРЫЯЛІЗАЦЫЮ КУРАПАТ.
Мы гатовыя размаўляць аб спыненьні нашай вахты нават у тым выпадку, калі хто-небудзь з пералічаных структур возьме на сябе абавязак хаця б спачатку абнесці тэрыторыю Курапат добрым плотам і забяспечыць яе ахову.

Чаму мы працягваем трымацца
Наша барацьба – гэта барацьба не толькі супраць гвалту над намі, але і над нашымі продкамі.
Канешне, ёсць канкрэтныя праблемы, якія прымушаюць нас працягваць вахту ў Курапатах. Гэта і працяг будаўніцтва дарогі, і выгул сабак, і “атвязаныя” кампаніі, якія размяшчаюцца “адпачываць” ці што-небудзь “адзначаць” часта прама на магілах людзей…
Але, усё гэта не галоўнае.
Галоўнае – гэта адсутнасць адказаў на простыя пытанні. Напрыклад, такое: а што, мемарыялізацыя Курапат ужо пачалася?
Не!
А можа якая-небудзь дзяржаўная структура публічна аб’вясціла, што пачынае будаваць мемарыял ці хаця б бярэцца ахоўваць тэрыторыю?
Не!
А можа вы чулі, што хто-небудзь з уладаў паабяцаў паставіць хаця б плот вакол курпацкага лесу?
І пра гэта вы не чулі?
Мы таксама…
Тады ў чым справа?!

“НАЕЗДЫ”.
Некаторыя думаюць, што нам – курапацкім валанцёрам – самае цяжкае было вытрымаць зімовыя маразы. Так, гэта было не проста.
Можна думаць, што самым цяжкім было зрабіць так, каб за ўвесь час вахты у любы момант дня і ночы ў Курапатах знаходзілася, як мінімум 3-5 валанцёраў. Так, і гэта было цяжка, але вырашальна.
Можна падумаць, што найбольш складаным было матэрыяльнае забеспячэнне вахты (ежа, лекі, дровы, коўдры і г.д.). Гэтыя праблемы таксама было няпроста вырашаць. Бо мы трымаліся і працягваем трымацца ў асноўным за кошт уласных сродкаў, а таксама за кошт дробных грашовых ахвяраванняў і іншай дапамогі з боку БНФ “Адраджэнне”, сябраў КХП-БНФ, спадара Г.Грушавога (дарэчы, апошні час у асноўным дзякуючы яму). Пры гэтым ніякай сур’ёзнай падтрымкі ні ад нашых прадпрымальнікаў, ні ад вядомых замежных грантадаўцаў нам да гэтай пары так ні разу і не паступіла.
На самой справе, самае складане пачалося тады, калі ўлады зразумелі, што мы, вытрымаўшы халодныя месяцы, тым больш не збіраемся сыходзіць і далей.
Дарэчы, можна не сумнявацца, што ўлады разлічвалі на зімовыя маразы, бо гэта, як потым аказалася, быў самы спакойны (у сэнсе адсутнасці правакацый) час. Нельга сказаць, каб правакацый, боек, пагроз і т.п. рэчаў узімку зусім не было. Не, яны былі. Напрыклад, можна ўзгадаць сітуацыю, у выніку якой мы не былі запрошаны на цырымонію аднаўлення так званай “лавы Клінтана”. Можна ўспомніць “хімічную атаку”, калі ўначы ў наш намёт была падкінута нейкая ёмістасць. Газ, які з яе ішоў, выклікаў удушша і ваніты ва ўсіх, хто быў тады ў намёце. Можна ўзгадаць шэраг нападаў аб’яднаных сіл менскіх РНЕшнікаў і скінаў.
Але з пацяпленнем у нас стала ўзнікаць куды больш праблем. Відаць, у кагосці наверсе канчаткова скончылась цярпенне…
Так, рэзка павялічыліся прычэпкі міліцыі, напрыклад, з патрабаваннем зняць бел-чырвона-белы сцяг і чорную стужку, якія мы яшчэ ўзімку ўзнялі каля палаткі.
У Курапаты пачалі рэгулярна прыходзіць п’яныя кампаніі, якія кожны раз усчынялі бойкі ў адказ на патрабаванне сысці. Дзядзькоў мы выправажвалі, але, нярэдка, з вялікімі стратамі.
Некаторыя з валанцёраў, якія папярэдне з гонарам вытрымалі доўгі перыяд вахты, раптам непазнавальна змяняліся – пачыналі паводзіць сябе агрэсіўна ў адносінах да сваіх учорашніх сяброў ці правакатыўна парушаць дысцыпліну. Відаць, пэўныя ворганы, ведаючы ньюансы біяграфіі некаторых хлапцоў, прымушалі іх так непазнавальна мяняцца…
Рэзка павялічылася колькасць пагроз, якія паступалі па тэлефоне і на пэйджар.
Многіх з валанцёраў пачалі высочваць у горадзе ці падлоўліваць на дарозе ад тралейбуснага прыпынку да Курапат. Даводзілася адбівацца. У выніку гэтых нападаў і боек з п’яніцамі на сённяшні дзень дзесятак лепшых сябраў БПС проста фізічна выбіты з вахты – пераломы рэбраў, насоў, страсенне мозга, адбітыя ныркі.
Пасьля аднаго з апошніх нападаў, калі мы былі вымушаны змясціць у шпіталь нашага сябра Антона Шкурынскага (дарэчы, жыхара Расеі, але сапраўднага беларускага патрыёта), мы звярнуліся ў пракуратуру з заявай аб расследаванні абставін нападу і збіцця і з просьбай пакараць вінаватых.
Як вы напэўна здагадваецеся, вынікі нулявыя…
Змяніліся і будаўнікі, з якімі ў нас, здавалася, усталявалася пэўнае паразуменне. Пачалася новая, без папярэджанняў, засыпка асвечаных крыжоў, раз’езды бульдозераў непасрэдна па тэрыторыі Курапат.
М.Кляшторная, якая да гэтай пары добра выконвала функцыю пасярэдніка паміж валанцёрамі і будаўнікамі, раптам пачала патрабаваць ад нас знесці ці перанесці намёт. Зачэпкай вылучалася нібы неабходнасць пракладкі праз тэрыторыю Курапат дрэнажнай трубы, прычым, менавіта праз тое месца, дзе стаяла палатка…
Фізічны і псіхічны ціск уладаў і адкрыта залежных ад іх структур дасягнуў свайго апагея 16 красавіка, калі ўначы высокія міліцэйскія чыны аднаго з раёнаў г. Мінска (дарэчы, да гэтай пары не зразумела, чаму не менскага раёна?) уварваліся ў намёт і забралі адтуль ў пастарунак усіх валанцёраў (гэта былі чацвёра сябраў БПС). Акрамя таго, яны сарвалі наш бел-чырвона-белы сцяг і жалобную стужку. Міліцыянты правялі экспертызу валанцёраў на наяўнасць алкагольнага ап’янення – відаць, разлічвалі, што ў мой дзень нараджэння сябры БПС хаця б піва вып’юць. Натуральна, ніхто выпіўшым не быў.
Ва ўладаў у чарговы раз нічога не атрымалася. Аперацыя правалілася, але валанцёраў яны доўга не адпускалі…

ГАЛОЎНАЕ ПЫТАННЕ.
А што ў гэты час рабіла апазіцыя? Як яна сябе паводзіла?
Калі нашыя “славутыя на ўвесь сьвет” ўлады можна зразумець (тым, хто жыве ў Беларусі, гэта зрабіць лягчэй), дык да гэтай пары не магу да канца асэнсаваць дзіўнае стаўленне нашай “шырокай дэмакратычнай апазіцыі” да курапацкай вахты.
Справа ў тым, што практычна ўся менская апазіцыя апошнія месяцы ў адзін голас таксама патрабавала ад нас таго ж, чаго весь час дамагаўся рэжым – каб мы спынілі сваю вахту і сышлі з Курапат.
Рабілася гэта ў самых розных формах – у форме намёкаў, стварэння неспрыяльнай атмасферы вакол нас, адкрытых абраз, пагроз.
Так, з пэўнага часу ў нашых “незалежных” СМІ адносна ролі БПС у курапацкай вахце паўстала змова маўчання. Нават па радыё “Свабада” ў рэпартажах з Курапат перастала называцца арганізацыйная прыналежнасць валанцёраў. Гэта стварала сітуацыю дадатковага псіхалягічнага ціску. Хлопцы і дзяўчаты не маглі зразумець, чаму так адбываецца. А мне было цяжка ім што-небудзь патлумачыць. Праўда, момант, калі такая сітуацыя ўзнікла ў нашых “незалежных” СМІ назваць можна. Змова маўчання паўстала пасля таго, як Беларуская партыя Свабоды па вядомых маральных прычынах (удзел у спробе нас раскалоць, прэміраванне не сваімі грошамі) адмовілася браць прэмію за грамадскую дзейнасць у 2001-м годзе з рук вядомай “Хартыі”.
Адначасова з наступленнем больш цёплых дзён усё больш частымі сталі патрабаванні і прапановы сысці з Курапат – маўляў, усё зроблена, няма чаго яшчэ тут сядзець – з боку асобных сябраў КХП-БНФ, кіраўніцтва БНФ “Адраджэнне”, сябраў “Зубра”, камітэту “За ўратаванне мемарыялу Курапаты”, іншых арганізацый. Праўда, пасля красавіцкага наступу будаўнікоў на курапацкую тэрыторыю і, асабліва, пасля начнога налёта міліцыі на намёт валанцёраў, некаторыя прадстаўнікі названых стуктур прызналі нашу рацыю, а некаторыя, нават, папрасілі прабачэння.
Але найбольш непрыемна пазней было даведацца, што метадам распаўсюджання чутак у менскі дэмакратычны асяродак уводзіцца наступная інтэрпрэтацыя курапацкай вахты – маўляў, там сядзяць адныя бамжы, якім ўсё-роўна няма дзе начаваць…
Такім чынам, калі звярнуць увагу не проста на агульную хаду падзей, а на іх змест, галоўнае пытанне, якое ў мяне паўстае і на якое я не магу даць абсалютна дакладнага адказу, можна сфармуляваць так: як такое сталася, што і ў сённяшяга рэжыма і ва ўсёй “дэмакратычнай апазіцыі”, якая яму па азначэнню павінна супрацьстаяць, стаўленне да вахты у Курапатах аказалася аднолькавым?!

БРУДНЫ КІПЦЮР САТАНЫ.
Нам здавалася, што мацнейшага агульнага ціску на нас ужо больш ня можа быць. Але мы памыліліся. У сярэдзіне красавіка наслаіліся дадатковая праблемы.
10 красавіка мне была перададзена запіска, у якой патрабавалася ўсё тое ж – каб мы пакінулі Курапаты. Прычына патрабавання тлумачылася так: нібыта валанцёры “п’юць”, “арганізуюць сэксуальныя оргіі”, чым, маўляў, “ганьбяць гэта святое мейсца”. Быў вызначаны і тэрмін – 5 дзён. У выпадку, калі мы не сыдзем, невядомыя “добразычліўцы” пагражалі гвалтоўна выдаліць нас з Курапат. Унізе запіскі стаяў подпіс – “Сумленне Курапат”.
Дадатковыя папярэджанні ад “Сумлення” я атрымаў на пэйджар і праз запіскі.
Такім чынам, пасля 15 красавіка мы вымушаны былі чакаць чарговых правакацый. Таму, калі 16 чысла адбыўся вядомы міліцэйскі напад, мы так і падумалі, што “Сумленне Курапат” – гэта міліцыя, кіруемая адпаведнымі ворганамі.
Аднак наступныя падзеі паказалі, што гэта меркаванне магло быць памылковым.
Так, 17 красавіка мне на пэйджар паступіла паведамленне, што да начнога міліцэскага налёту “Сумленне” не мае ніякага дачынення. Праз дзень ў газеце “Беларуская маладзёжная” з’явіўся досыць хвалебны артыкул пра “Сумленне Курапат”, напісаны журналістам газеты сп. Панкратавым. Акрамя таго, запіскі і паведамленні на пейджэр з абразамі і пагрозамі ад “Сумлення Курапат” працягвалі паступаць.
І вось, у ноч з 18 на 19 красавіка нехта падпаліў нашу палатку, у выніку чаго адзін з валанцёраў – прыхільнік БПС Алесь Поклад – атрымаў цяжкія апёкі і да гэтай пары знаходзіцца ў рэанімацыі.
Тут наша цярпенне скончылася…
Мы выйшлі на кур’ера, які перадаваў запіскі. Ім аказалася… журналістка Арына. Ад яе мы даведаліся, дзе збіраецца “Сумленне”, і разам з П.Севярынцам, В.Сіўчыкам і яшчэ двума хлопцамі пайшлі туды.
Па дарозе нам удалося перахапіць хлопца, які ішоў папярэдзіць тых, да каго мы ішлі. Хлопца папярэдзіла Арына пасля нашай размовы з ёй.
Калі мы прыйшлі ў кафе, дзе сабралася “Сумленне Курапат”, дык у якасці яго ўбачылі наступных асоб:
1. Журналіста “Беларускай маладзёжнай” Панкратава – аўтара ўзгаданага вышэй артыкула.
2. Сп. Бародку – кіраўніка барысаўскага “Зубра” і аднаго з кіраўнікоў “Хартыі”.
3. Уладзімера Кобеца – таксама аднаго з кіраўнікоў “Хартыі” і “Зубра”.
4. Вядомую ў апазіцыйных колах Менска асобу па клічцы Самурай (сапраўднае прозвішча вядома толькі паінфармаваным) – аднаго з былых кіраўнікоў арганізацыі “Край”, сябра былога супрацоўніка КГБ – Жэрнасека.
Уключаючы Арыну і перахопленага намі хлапца, разам – ужо 6 чалавек.
Магчыма ўзгаданыя людзі апынуліся там выпадкова, магчыма мела мейсца “падстава” спецслужбаў. Але размовы не атрымалася, таму пытанні застаюцца без адказу. З другога боку, ці маем мы права замоўчваць факты?! Апазіцыя абавязана разабрацца ў сябе самой, а, калі спатрэбіцца, — ачысціцца. Інакш перамогі не будзе.
Дык хто ціснуў на нас, хаваючысь за подпісам “Сумленне Курапат”? Хто арганізоўваў змову маўчання ў беларускіх СМІ, распаўсюджваў “бамжовы міф”, сачыў за кожнай канфліктнай сітуацыяй у Курапатах? Хто стаіць за збіццямі валанцёраў, “хімічнай атакай”, за падпалам намёту?!
Думаю, што варта таксама паведаміць, што пасля 19 красавіка мне сталі рэгулярна тэлефанаваць і на добрай турэмна-лагернай фене пагражаць фізычнай расправай. Гэтыя званкі працягаюцца і зараз…

Сённяшні стан рэчаў.
Зараз, пасля спальвання намёту, курапацкую вахту працягваюць “Малады Фронт” на чале з П.Севярынцам і мы – Беларуская партыя Свабоды.
Крымінальныя справы па фактах збіцця Антона Шкурынскага і падпалу намёту, ня гледзячы на ўсю відавочную крымінальнасць падзей, на ўсе нашыя намаганні, улады ўзбуджаць адмаўляюцца… І гэта ня гледзячы на тое, што такімі паводзінамі яны дэманструюць грамадству сваю незацікаўленасць у іх раскрыцці. Відаць, баяцца, што выканаўцы, а можа і заказчыкі, будуць выяўлены!
Больш таго, Антона Шкурынскага пасля міліцэйскага нападу на валанцёраў (яшчэ ў начы 16 красавіка) 28 дзён (!) пратрымалі ў следчым ізалятары (не гледзячы на ўсе нашы пратэсты, на звароты ў пракуратуру).
У дзяржаўных СМІ працягваецца поўнае замоўчванне курапацкага чыну. І гэта зразумела. Але па-ранейшаму працягваецца незразумелая змова маўчання і ў так званых “незалежных” СМІ аб ролі БПС у курапацкай справе. Акрамя радыё “Свабоды” рэальна нас ніхто з “незалежных” СМІ так і не падтрымаў.
Колькі я не зьвяртаўся ў “нашы” “незалежныя” СМІ, каб яны хаця б агалосілі справу Шкурынскага, ніводзін з іх не палічыў магчымым падтрымаць гэтага курапацкага героя нават адной стракой…
Акрамя таго, у тых артыкулах і перадачах, у якіх гаворыцца пра нашу вахту, і сёння працягваецца прынцыповае скажэнне мэты нашага знаходжання тут (а гэта та, навошта?). Таму вымушаны паўтарыць, можа ўжо ў 100-ы раз: мы знаходзімся ў Курапатах не для таго, каб даглядаць будаўніцва дарогі. Не дарогу мы баронім! Мы патрабуем мемарыялізацыі Курапат дзяржавай, як месца дзе, расейскі імпэрыялізм, карыстаючыся камуна-фашыстоўскай ідэялёгіяй і паслугамі карнікаў НКВД, у перадваенны час забіў тысячы нявінных грамадзян Беларусі – нашых продкаў!
Мы па-ранейшаму не атрымліваем аніякай істотнай матэрыяльнай дапамогі. Істотнай – гэта значыць такой, каб хаця б добра аформіць наш лагер стэндамі і лёзунгамі, каб набыць “мабільнік” і спальныя мяшкі, каб не мець сталага клопату з харчаваннем…
Дарэчы будзе паведаміць, што супраць аднаго з нашых сённяшніх актыўных ахвярадаўцаў – сп. Г.Грушавога, праводзяцца дзеяньні, каб зачыніць фонд “Дзецям Чарнобыля”, які ён узначальвае…

Д’ябал будзе павержаны…
Сёння ўжо ўсім бачна (тым, хто здольны бачыць) пачварнасьць існуючага на Беларусі рэжыму. Але ж якая ступень ягонай пачварнасці?!
Бачна слабасць нашай сённяшняй апазіцыі. Толькі за апошні няпоўны год яна бяздарна страціла некалькі добрых палітычных шанцаў і ўласнаручна стварыла дадатковыя праблемы. Гэта і бяздарны (калі не спецыяльны) правал прэзідэнтскай кампаніі, і такое “рашэнне” праблемы з нацыянальным гімнам, якое толькі стварыла новую праблему, і слабое выкарыстанне магчымасцяў нядаўняга прамога эфіру на НТВ, і ўзгаданыя, не пабаюся сказаць, ганебныя паводзіны яе ў адносінах да курапацкай вахты.
Гарады і вёскі Беларусі стаміліся чакаць паспяховых дзеянняў апазіцыі…
Людзі ўжо даўно гадаюць: ці то ў дэмакратаў не хапае розуму? Ці сумлення? А, можа, наадварот, перавагаюць непамерныя амбіцыі, любоў да грошай, крывадушша? А, можа, ўсю апазіцыю апанавалі спецслужбы?
Напэўна, не памылюся, калі скажу, што ў нашай апазіцыі ёсць ўсе пералічаныя недахопы.
Таму, давайце проста рабіць рэальную справу і ацэньваць сябе па ёй.
Усё далёка не так безнадзейна…
Люцыпар будзе павержаны. Гэта даказвае ўся гісторыя чалавецтва. Гэта даказвае і наша беларуская сучаснасць…
Змагацца – можна! Годна адказваць на выклікі нашага жыцця – можна! Перамагаць – можна!
Таму раней ці пазней, справа люцыпара на Беларусі “сканае” і запануе Боская Праўда…

Сяргей Высоцкі — старшыня Беларускай партыі Свабоды, 15.05.2002.

Пакінуць каментар

*

  • Старонкі

  • Рубрыкі

  • Апошнія запісы

  • Архівы