nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

РАСЕЙСКАЯ ІМПЕРСКАЯ ІДЭЯ І БЕЛАРУСЬ (Частка 2; кБНІ)

16 красавіка, 2006 | Няма каментараў

Уплыў Расеі на Беларусь ад часу анэксіі да 1994 г.
Псыхалягічны стан беларуска-ліцьвінскага грамадства ў канцы XVIII ст. (пасьля анэксіі Беларусі Расеяй) быў іншым, чым зараз. Продкі сучасных беларусаў сыстэматычна (амаль у кожным пакаленьні) паўставалі на барацьбу за асабістую свабоду і дзяржаўную незалежнасьць. Да прыкладу, пад кіраўніцтвам Адрэя-Тадэвуша Касьцюшкі (канец XVIII ст.), паўстаньне 1830-31 гг., паўстаньне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага (1863-64 гг.).
Аднак усе гэтыя паўстаньні, нацыянальна-вызвольныя ў сваёй існасьці, былі вельмі жорстка здушаны. У XIX ст. была забаронена сама назва “Беларусь”, якая ў межах Расейскай імпэрыі была перайменавана ў “Паўночна-Заходні край”. У 40-х гадах XIX ст. фактычна была забаронена беларуская мова, а расейская мова з тых часоў стала галоўным інструмэнтам імпэрскай палітыкі ды культурнага этнацыду – працягвае заставацца ёю і зараз.
У XX ст. найбольш буйным нацыянальна-вызвольным паўстаньнем быў Слуцкі збройны чын (1920 г.).
У цэлым гісторыя распарадзілася так, што за апошнія 200 гадоў змаганьня беларусаў за вызваленьне Бацькаўшчыны з-пад расейскай акупацыі беларускаму народу пакуль не пашчасьціла набыць важкага станоўчага прыкладу ў выніку такога змаганьня (апошняя вельмі выразная вайсковая перамога продкаў беларусаў над продкамі расейцаў адбылася больш за 4 стагодзьдзі таму, 8 верасьня 1514 г. у бітве пад Воршай, калі войскі Вялікага княства Літоўскага пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага ўшчэнт разграмілі амаль утрая большае войска бацькі Івана IV Жахлівага). Таму ў памяці сучасных беларусаў няма “ўспаміну” пра фізычную перавагу беларусаў над расейцамі ў параўнальна недалёкім мінулым. Гэта спрыяе імпэрскаму намаўленьню ў падсьвядомасьць беларусаў меркаваньня, што “з Расеяй змагацца бессэнсоўна, усё адно яе не перамагчы”.
Спробы аднаўленьня нармальнага функцыянаваньня беларускай мовы ў беларускім грамадстве, якія найбольш актыўна зьдзяйсьнялі ў 20-я гады XX ст., у 30-я гады былі жорстка здушаны сталінска-бальшавіцкім рэжымам. Людзей, якія прыхільна ставіліся да беларушчыны, проста фізычна вынішчалі пад выглядам барацьбы з так званымі нацыянал-дэмакратамі. У выніку ў грамадстве існуе такі настрой, што пытаньне беларускай мовы можа быць вельмі небясьпечным пытаньнем, якое лепш не закранаць…
Акрамя таго, вынішчэньне беларускай мовы пры камуністычным рэжыме ва ўсёй сыстэме адукацыі прывяло да таго, што беларуская мова пачала ўспрымацца новымі пакаленьнямі жыхароў Беларусі як мова “грубая, адсталая”, мова “даярак ды сьвінарак”… Але і гэтага мала. Рэжым камуністычнай імпэрскай бюракратыі выкарыстоўваў штучна створаную ім праблему з беларускай мовай, каб пераважную большасьць беларусаў яшчэ са школьнай парты ўвесьці ў комплекс непаўнавартасьці і такім чынам падрыхтаваць да пажыцьцёвага падпарадкаванага існаваньня. У гэтым аспэкце найбольш жудаснай зьяўляецца карціна, якую “з замілаваньнем” паказваюць па сёньняшнім БТ: беларускія дзеці ў беларускай школе пачынаюць вучыцца чытаць… па-руску (?!).
Раскрыем сытуацыю падрабязьней. Мэханізм увядзеньня ў комплекс “беларускай непаўнавартасьці” заснаваны на тым, што кожнаму школьніку даюцца веды пра тое, што ён жыве на Беларусі, што ён прадстаўнік беларускага народу, але пры гэтым усё астатняе школьнае навучаньне дэманструе “практычную другаснасьць” і беларускай мовы, і беларускай культуры, і таго, што ты беларус. Любыя спробы ўзьняць пытаньне пра гэтую супярэчнасьць дэманстратыўна і жорстка здушаюцца. Такім чынам у падсьвядомасьць людзей штучна ўводзіўся комплекс “непаўнавартасьці, другараднасьці ўсяго беларускага”. Так на працягу 200 гадоў адбывалася псыхалягічная апрацоўка людзей у плане стаўлення да расейскай і ўласнай моваў ды культур.
Акрамя псыхалягічнага ціску пэўнае значэньне (хай сабе і другаснае) маюць генэтычныя наступствы імпэрскага ўплыву Расеі на стан беларускага грамадства. Бальшавікі за часы свайго панаваньня зрабілі на тэрыторыі Беларусі своеасаблівы генацыд (антысэлекцыю) лепшых, найбольш пасіянарных прадстаўнікоў нацыі. Лепшыя (найбольш адукаваныя, актыўныя, патрыятычна настроеныя і сумленныя людзі) вымушаны былі зьязджаць альбо іх фізычна зьнішчалі. Адным з сымбаляў (але не адзіным) фізычнага вынішчэньня беларускай нацыянальнай эліты ў сталінскія часы зьяўляюцца сусьветна вядомыя Курапаты, у якіх з 1939 па 1941 гг. было расстраляна больш за 200.000 чалавек.
Пасьля другой сусьветнай вайны Беларусь лічылася адным зь лепшых месцаў для жыцьця на ўсёй тэрыторыі былога СССР. Таму тут імкнуліся асесьці адстаўныя вайскоўцы (ім пасьля выхаду ў адстаўку дазвалялася свабодна выбіраць мейсца свайго пражываньня на тэрыторыі СССР) і былыя партыйныя работнікі, у якіх праблем з абраньнем месца жыхарства таксама не было. Гэтыя людзі ў пераважнай большасьці не былі беларусамі ні па нацыянальнасьці, ні па духу. У выніку канцэнтрацыя на Беларусі такіх “кадраў” стала большай, чым дзе-небудзь. У дадатак розныя камуністычныя пазадкі, якіх у пачатку 1990-х гналі з Прыбалтыкі, таксама імкнуліся асесьці менавіта на тэрыторыі Беларусі. Зараз выразна адчуваюцца эфэкты праімпэрскіх, пракамуністычных поглядаў многіх прадстаўнікоў былых партработнікаў і былых вайскоўцаў, уплыў на масавую сьвядомасьць іх сацыяльнай актыўнасьці. Для дэманстрацыі настрояў апошняй сацыяльнай групы прывяду частку артыкула С.Судніка, надрукаванага ў газэце “Пагоня” ў пачатку 1994 года пад назовам “Каго ты корміш, беларускі народ?”.
“24 студзеня ў Лідзкім доме афіцэраў адбыўся сход афіцэраў запасу і адстаўкі. На павестцы дня была справаздача Камітэта садзеяньня ваенкамату ды выбары новага Камітэту. Узначальваў сход ваенкам Лідзкага ваенкамату палкоўнік Рагачоў. Са справаздачай выступіў падпалкоўнік у адстаўцы Галін. Спраў за сваім Камітэтам ён назваў ня шмат, тым ня менш выклікаў дружныя воплескі. За што? Ды за тое, што ў асноўную заслугу свайму камітэту ён паставіў барацьбу супраць БЗВ [Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў]. У Камітэта хапіла духу ажно на цэлы зварот да ўлад з патрабаваньнем забараніць гэты патрыятычны рух. Даклад закончыўся заклікам не дапусьціць стварэньня Дэмакратычнага аб’яднаньня ветэранаў і пагалоўна ўступіць у “родную камуністычную партыю”. Лямантам па Савецкім Саюзе, заклікамі да стварэньня Саюза афіцэраў [пракамуністычнага], мацаваньня шэрагаў кампартыі былі напоўнены выступленьні наступных ветэранаў. Сапраўдны шабаш у зале пачаўся падчас выбараў новага Камітэта, калі ў яго склад быў прапанаваны падпалкоўнік запасу, кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі БЗВ, старшыня Лідзкай рады БНФ Станіслаў Суднік. З шасьці соцень прысутных за патрыёта Беларусі прагаласавалі толькі тры чалавекі. Сьвіст, тупат, крыкі нянавісьці. І ня столькі да БЗВ ці БНФ, як да Беларусі, яе народа, яе мовы…
Пасьля ўсіх падзей канца 80-х – пачатку 90-х гадоў на Беларусі практычна некранутай засталася старая савецкая бюракратыя. Самая галоўная рыса апошняй: яна ніколі не была прабеларускай. Пасьля другой сусьветнай вайны пераважная частка кіраўнікоў самых розных узроўняў (уключаючы раённы) была прывезена з Масквы. Пазьней галоўнай умовай атрыманьня кіраўнічай пасады мясцовым жыхаром была наяўнасьць доказаў адданасьці Маскве, што павінна было праяўляцца ў поўным адмаўленьні ад якіх бы там ні было праяў беларускага патрыятызму.

Уплыў Расеі на Беларусь пасьля 1994 г.
Расея, маючы на сёньня нашмат большыя матэрыяльныя рэсурсы, чым антыімпэрскія патрыятычныя сілы, а таксама досьвед у імпэрскім узьдзеяньні на суседнія народы, у апошнія гады дасягнула асабліва шмат “посьпехаў” у сваім уплыве на Беларусь. Гэта праявілася:
– у распаўсюджаньні ў беларускім грамадзтве пустапарожніх прамаскоўскіх ідэй (“калектыўная, разам з Расеяй, вайсковая бясьпека”, “аб’яднаньне грашовых сыстэм”, “аднаўленьне СССР”, “аб’яднаньне ўсіх славян”, “эканамічны саюз”, “мытны саюз”, “падвойнае грамадзянства”, “кансалідацыя ўсіх сіл”, “інтэграцыя Беларусі і Расеі”, “Союз Беларусі і Расеі”…);
– у расколе беларускага грамадства на два варожыя лагеры (тыя, хто за дзяржаўнасьць Беларусі ды ўключэньне яе ў агульнаэўрапейскія структуры, і тыя, хто за “саюз” з Расеяй);
– у недапушчэньні правядзеньня эканамічных рэформаў, якія прывялі б да паляпшэньня дабрабыту людзей;
– у недапушчэньні ўтварэньня краінамі Усходняй Эўропы Балта-Чарнаморскай Садружнасьці.
Велізарныя “посьпехі” дасягнуты таксама ў захопе беларускай інфармацыйнай прасторы. Зь пяці асноўных тэлевізыйных каналаў, якія афіцыйна трансьлююцца на Беларусі, аж 4 (РТР, ОРТ, “Культура”, НТВ) зьяўляюцца расейскімі! А беларускі канал амаль толькі па назве зьяўляецца беларускім. Ці можна сёньня пераацаніць значэньне электронных СМІ Расеі ў прарасейскай псыхалягічнай апрацоўцы насельніцтва Беларусі?
Але галоўнае “дасягненьне” праімпэрскіх сіл Расеі ў дачыненьні да Беларусі заключаецца ў тым, што ім удалося пасадзіць на пасаду прэзыдэнта Беларусі (у асноўным праз эфэктыўнае практычнае выкарыстаньне “асаблівасьцяў” псыхікі “homo soveticus”) свайго стаўленіка – Лукашэнку! З часу свайго ўзыходжаньня на пасаду прэзыдэнта Беларусі менавіта Лукашэнка стаў галоўным правадніком імпэрскай палітыкі Расеі на Беларусі!
Да высновы, што Лукашэнка дзейнічае не на карысьць беларускага народу, а ў інтарэсах узгаданых вышэй колаў суседняй імпэрыі, прыводзіць аналіз усіх яго дзеяньняў у сфэры палітыкі, эканомікі, ідэалёгіі. Пры Лукашэнку ў падсьвядомасьць жыхароў Беларусі пачалося ўбіваньне ўяўленьня, быццам бы расейцы – гэта браты і сябры, а ўсе іншыя суседнія народы (у тым ліку прыбалты, палякі, украінцы) – гэта не браты і не сябры. Пры ім былі спынены ўсе прагрэсыўныя рэформы ў эканоміцы. Пры Лукашэнку “ворагамі беларускага народу” сталі і БНФ, і Вярхоўны Савет Беларусі, і ўся беларуская апазыцыя, а таксама замежныя дыпляматы, НАТА, ЗША і ў цэлым Захад… Лукашэнка выкапаў памежныя слупы на мяжы з Расеяй, увёў падвойнае грамадзянства і ўпіхнуў Беларусь у фактычны вайсковы хаўрус з Расеяй (зараз адбываецца сумеснае патруляваньне паветранай прасторы, сумесная супрацьпаветраная абарона). Такія і падобныя “нябачаныя ў сьвеце дзеяньні” галавы сувэрэннай дзяржавы могуць тлумачыцца толькі “нязвыклым чынам” – тым, пра які ўзгадваецца вышэй…
Асноўным унутраным вынікам рэалізацыі расейскай імпэрскай ідэі на тэрыторыі Беларусі стала ўсё тое, што заўсёды ўзьнікала на тэрыторыях, дзе ёй удавалася ўкараніцца: татальны крызыс ва ўсіх сфэрах грамадскага жыцьця пачынаючы ад эканомікі ды палітыкі і завяршаючы культурай, маральлю, этыкай, экалогіяй…

Як вылечыць Беларусь ад імпэрскай “хваробы”.
Падагульняючы ролю расейскай імпэрскай ідэі на прыкладзе ўплыву на лёс Беларусі, можна адзначыць яе выразна нэгатыўны, дэструкцыйны, паразітычны, антыцывілізацыйны і антыразьвіцьцёвы характар. Усё гэта заканамерна ставіць пытаньне пра неабходнасьць пазбаўленьня Беларусі як сувэрэннай дзяржавы з-пад яе ўплыву.
Аўтару гэтага артыкула стратэгічныя кампанэнты “аздараўляльнай рэцэптуры” падаюцца дастаткова відавочнымі, бо зьяўляюцца сьледствам пададзенага вышэй аналізу. У першую чаргу трэба адмовіцца ад стратэгічна памылковай мадэлі: быццам бы дэмакратызацыя Беларусі можа адбыцца пад ціскам з боку “больш дэмакратычнай” Расеі і што, маўляў, таму няхай Беларусь застаецца ў зоне яе ўплыву. Пры большай геаграфічнай, гістарычнай і культурнай набліжанасьці Беларусі да Эўропы гэта ня проста нонсэнс… У прапаганьдзе такога падыходу праглядаецца дзейнасьць вядомых сіл (вышэй ня раз узгаданых). Трэба, каб у Беларусь з Захаду ішлі самастойныя шляхі для наладжваньня міжлюдскіх стасункаў і незалежныя ўплывы ў кірунку дэмакратызацыі, рэфармаваньня эканомікі і г.д.
Трэба зразумець, што галоўнай сацыяльнай базай у супрацьдзеяньні імпэрскаму ўплыву з боку Расеі зьяўляюцца на сёньня беларускія патрыёты. Найбольш пэрспэктыўныя сярод іх тыя, хто дэманструе выразныя аб’яднаўчыя інтэнцыі, прапануе максымальна эфэктыўна ўзьдзейнічаць на “асноўны кампанэнт” беларускай палітычнай сцэны – насельніцтва; хто гатовы намаўляць яму, што незалежная Беларусь для яе жыхароў – самая галоўная агульная каштоўнасьць. Варта таксама падтрымліваць тыя кірункі дзейнасьці грамадскіх і палітычных арганізацый, якія зьвязаны з выхаваньнем у жыхароў Беларусі пачуцьця адказнага гаспадара на зямлі сваіх продкаў на падставе разьвіцьця ў людзей гонару за сваю ўнікальную беларускую культуру, цудоўную мову, вялікую і славутую гісторыю…
Пры эфэктыўным прымяненьні апісанай вышэй стратэгіі жыхары Беларусі пазбавяцца ад імпэрскай ідэалёгіі, пачнуць дэманстраваць рэакцыі і паводзіны, характэрныя для людзей з нармальных, цывілізаваных грамадстваў. Тады праблема вяртаньня Беларусі ў агульнацывілізацыйнае рэчышча стане толькі пытаньнем часу.

Алесь Астроўскі

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы