nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯ – АСАБЛІВАЯ РЭЧАІСНАСЬЦЬ (Ч.1; кБНІ)

17 красавіка, 2006 | Няма каментараў

З Расеяй зразумела… А што Еўропа, Захад? Якія погляды на дзяржаву і нацыю існуюць там? Што можна ўзяць адтуль беларусам? Каб мець магчымасьць разабрацца, прэзентуем другі матэрыял з канферэнцыі “БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ” (18-19 красавіка 1999 г., Гародня). Аўтары: Юрась Ліхтаровіч і Ўладзіслаў Іваноў. Мы – беларусы – жывем на сваёй зямлі і не падзяляем некаторыя палажэньні дадзенага тэксту, але цалкам прымаем неўтралісцкі геапалітычны праект бліжэйшай будучыні Беларусі. Рэдакцыя.

“БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯ: МІТ АЛЬБО РЭЧАІСНАСЬЦЬ”
(яшчэ адзін погляд на старую праблему)

Уводзіны
На першы погляд, такая фармулёўка тэмы досыць дзіцячая, бо зразумела, што калі існуе на мапе сьвету краіна з назвай “Беларусь”, дык яшчэ больш верагодна, што існуе гэткая нацыя. На жаль (альбо на шчасьце), у гэтым выпадку Беларусь – даволі складаны прыклад, і насамрэч мы ня ведаем, дзе штучныя ўмовы стварэньня нашае нацыі, дзе натуральныя. Маюцца на ўвазе рахманасьць і слабасьць нацыянальнага руху на мяжы стагодзьдзяў, уплыў расейскіх і польскіх элемэнтаў на фармаваньне беларускай сучаснай дзяржаўнасьці. А адсюль усе праблемы, недарэчнасьці, зьвязаныя з вызначэньнем тэрміна “беларуская нацыя”, яе характырыстык.

Нам здаецца, што пытаньне “З’яўляецца беларуская нацыя мітам альбо рэчаіснасьцю?” — натуральна вынікае з грамадскай, палітычнай думкі, што існавала і існуе на абшарах нашай залежнай-незалежнай краіны. Як вядома, панавалі дзьве галоўныя канцэпцыі – “западно-руссизм” і, уласна кажучы, нацыянальны беларускі рух. Калі першы прапагандаваў ідэю непаўнавартасьці беларусаў (згодна тэорыі “западно-руссизма”, нацыя беларусаў – міт, беларусы складаюць адну з прыступак расейскага вялікага народу), дык другія выказваліся за поўную адпаведнасьць паказчыкам, прынцыпам нацыі. Мінула больш за стагодзьдзе з таго моманту, калі панавалі падобныя думкі, калі “западно-руссизм” прымаўся афіцыйна за адзіны слушны погляд (часы губэрнатарства Мураўёва, Каяловіча), але ж і сяньня, пасьля таго, як 70 гадоў таму камуністы прызналі беларускую нацыю, мы бачым, што калісьці непахіснае сьцьверджаньне ставіцца пад сумнеў. Вядомыя інтэграцыйныя працэсы не з’яўляюцца “найвышэйшай формай” разьвіцьця нацыі, як аб гэтым сьцьвярджаюць афіцыйныя ўлады (у прыватнасьці, спадар прэзідэнт). У дадатак размовы прэзідэнта і іншых найвышэйшых асобаў наконт неспадручнасьці беларускае мовы яшчэ раз падкрэсьліваюць крэўную сувязь сучаснай афіцыйнай ідэалёгіі з далёкім “западно-руссизмом”. Як мы здагадваемся, “найвышэйшая форма” разьвіцьця нацыі, аб якой кажуць некаторыя палітыкі, разумее росквіт нацыі і адсутнасьць хаця б большасьці праблемаў (эканамічных, сацыяльных і культурных). Насамрэч моўная праблема альбо яе адсутнасьць для ўлады сьведчаць пра тое, што Беларусь далёка не падрыхтаваная да інтэграцыі, яна яшчэ не пастатнела. Наўрад ці хаўрус з Расеяй дапаможа вырашыць фундамэнтальныя мясцовыя праблемы. Чаму? Адказ просты: эканамічны крызіс, непрафэсійнасьць тых жа расейскіх палітычных структураў, якія па сяньня працягваюць дзяліць, набаўляць уласныя рэгіёны. Куды лепш зьвярнуць увагу на пасьпяховыя экспэрымэнты, праведзеныя на Захадзе (Бэльгія, Аб’яднанае Каралеўства, Гішпанія альбо суседская Польшча).

Таму зараз прапануем зьвярнуць вашу ўвагу на вытокі тэорыі, якая апісвае і тлумачыць розныя шляхі ўтварэньня нацыі.

1. Пытаньне нацыі напрыканцы ХХ стагоддзя

З усіх сьветапоглядаў і веравызнаньняў, якія
змагаліся за душы людзей
у сучасным сьвеце, найбольш распаўсюджанай і трывалай
зьяўляецца нацыянальная ідэя.
Энтані Сміт.
Здаецца, у канцы дваццатага стагодзьдзя пытаньне нацыі згубіла сваю моц. На сяньняшні час яна зьмяняецца паступова пост- і наднацыянальнымі разуменьнямі і псіхалягічнымі паняцьцямі ідэнтычнасьці і самасьвядомасьці. На падставе абранае калектыўнае тоеснасьці арганізуецца працяглае калектыўнае дзеяньне. На зьмену “дзяржаве-нацыі” прыходзяць розныя наднацыянальныя і наддзяржаўныя ўтварэньні альбо групы людзей. Чалавецтва спрабуе адхіснуцца ад гэтай вельмі прывабнай, але ж і вельмі крывавай ідэі. Аднак пакуль што яна застаецца непераможнай – “ні адна іншая не праяўлялася ў такіх разнастайных абліччах і не перажывала часовы заняпад толькі дзеля таго, каб пасля стаць яшчэ больш моцнай і трывалай” [Энтані Сміт. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі. – Менск: Беларускі Фонд Сораса, 1995]. Нават зараз людзі перш за ўсё атаесамляюць сябе са сваёй нацыяй, іх жыцьцё рэгулюецца перадусім нацыянальнай дзяржавай. Нешта халісцкае зьяўляецца ў гэтым: чалавек нічога не варты без свайго нацыянальнага разуменьня (іdentіté). Гэты працэс пачынаецца з дзяцінства, калі ў нас выхоўваюць любоў да краіны і вучаць шанаваць асаблівыя вартасьці нашай нацыі. На першы погляд здаецца, што яны не займаюць галоўнага месца ў сьветапоглядзе чалавека і застаюцца прыгожай карцінкай. Але ж пры тым у час крызісу гэта можа ўзрушыць чалавека, мабілізаваць яго, што выразіцца ў палкай адданасьці краіне і гарачым падпарадкаваньні грамадзянскаму абавязку. Напрыклад, зараз у сучасным сьвеце, «дзе нацыі няма жыцьця», усё ж існуе разьдзяленьне паміж рэсурснымі (інфармацыйнымі) патокамі на сусьветным рынку і культурна-нацыянальнай ідэнтыфікацыяй. Такім чынам, славенцы і харваты, трымаючыся сваёй незалежнасьці, жадаюць інкарпаравацца ў адзіны эўрапейскі рынак раней за македонцаў альбо чарнагорцаў. Яны маюць на мэце скамбінаваць непасрэдны ўдзел у эўрапейскай эканоміцы з захаваньнем сваіх нацыянальных асаблівасьцяў (гэтаксама ж фламандцы, каталонцы і жыхары Квэбэка).

Таму самы час узьняць пытаньне: што ж такое нацыя, нацыянальная ідэя? Адкуль яна пайшла, паўстала? Ці было гэта нешта натуральнае, уласцівае чалавеку альбо гэта штучна створанае дзяленьне людзей? Тады кім, калі і як створанае?

А. Клясiчныя тэорыі.
Існуюць клясічныя падыходы да тлумачэньня гэтага паняцьця. Разам мы і разгледзім іх. Адрозьніваюць 2 асноўныя падыходы: французскі (палітычны) і нямецкі (культурны). Першы погляд зьвязаны з ідэяй палітычнай альбо грамадзянскай нацыі, якая зьявілася ў Заходняй Эўропе; другі – распрацоўвае “этнічную” канцэпцыю ўтварэньня нацыі, якая выйшла з нямецкай традыцыі (у больш глябальным сэньсе – з усходнеэўрапейскай). Яна заснаваная на трох наступных прынцыпах: спадкаемнасьць (гістарычная), культура і агульная мова.

Першая тэорыя фармуецца пад уплывам стварэньня палітычных супольнасьцяў са стабільнымі межамі, палітычнымі інстытутамі, якія і паспрыялі нараджэньню нацыянальнай ідэі. Дзяржаўныя інстытуты паступова замацоўваліся ў краінах Заходняй Эўропы (Вялікабрытаніі, Францыі, Гішпаніі) яшчэ з часоў Сярэднявечча. Бачаць зараджэньне нацыянальнай ідэі ў Францыі і Англіі яшчэ ў часы Стогадовай вайны, калі яны сталі супрацьстаяць адна другой, і ў Гішпаніі канца ХV стагодзьдзя з заканчэньнем каталіцкай Reconquіst’ы, калі выгнаньне габрэяў і мусульманаў было адначасова інструмэнтам і сымбалем.
Гэтыя краіны мелі падобную гісторыю зьяўленьня нацыянальнай ідэі. Замацаваньне палітычных і дзяржаўных структур у адносна стабільных межах спарадзіла нацыянальную еднасьць і нацыі. Нават зьмяненьне палітычнага рэжыму не змагло разбурыць яе: як казаў Э.Рэнан, “гэтае французскае каралеўства было настолькі нацыянальным, што нават пасьля яго зьнішчэньня нацыя змагла захавацца і без яго”. Разам з тым гэтая ідэя паслужыла і супраць яго, бо яна супрацьстаўляла французскую нацыю манархіі, Старому Рэжыму.

Першае яснае фармуляваньне гэтай ідэі адбываецца ў часы Французскай рэвалюцыі. У тэкстах таго часу мы можам прачытаць, што толькі нацыя зьяўляецца сапраўдным сувэрэнам, што чалавек павінен быць адданы перадусім нацыі і што толькі нацыя можа ўсталёўваць законы для сваіх грамадзян – вось існасьць гэтай ідэі. У палітычным пляне яна выразілася праз добраахвотныя аб’яднаньні грамадзян (добрая воля), якія дзейнічалі разам на карысьць нацыі, а не дынастыі. Гэта значыць, што ідэя еднасьці грамадства выразілася цераз нацыянальны прынцып. Бо нацыя – гэта “добра выражанае жаданьне грамадзян працягваць сумеснае жыцьцё, якое сыходзіць з мінуўшчыны поўнай сумесных высілкаў, ахвяраваньняў і адданасьці” [Ernest Renan. Qu’est–ce que с’est la nation.- Agora, 1992]. Такім чынам, яна (нацыя) стала спосабам легітымізацыі, які замяніў традыцыйную легітымізацыю.

Гэтая канцэпцыя пазначае нацыю як асаблівую форму палітычнай еднасьці, як пабудову сучасных формаў сацыяльных і палітычных зносін. Як палітычная супольнасьць, нацыя вызначаецца сваім сувэрэнітэтам, які выкарыстоўваецца дзеля ўнутранага інтэграваньня насельніцтва (якое яна ўключае). Звонку гэты сувэрэнітэт зацьвярджае яе як гістарычнага актора (sujet) сусьветнага парадку, заснаванага на існаваньні нацыянальных палітычных супольнасьцяў і стасунках паміж імі. Аднак яе спэцыфічнасць у тым, што яна аб’ядноўвае насельніцтва ў супольнасьць грамадзян, што робіць легітымным унутраныя і зьнешнія акты дзяржавы. Такім чынам, грамадзянін – гэта той, хто далучаецца да гэтай супольнасьці, любы чалавек, нягледзячы на яго этнічную прыналежнасьць. Адсюль і ідзе сінанімічнасьць тэрмінаў “нацыянальнасць” і “грамадзянства”. Адсюль жа вынікае і другі найбольш значны прынцып гэтага падыходу – прынцып грамадзянскасьці, які цэмэнтуе нацыю. Згодна гэтаму прынцыпу, быць грамадзянінам – значыць валодаць правамі (першае і найважнейшае – выбарчае права), але і выконваць абавязкі, сярод якіх і абавязак загінуць за Радзіму. Гэта выражаецца ў знакамітай ідэі Э.Рэнана, што “нацыя – гэта штодзенны плебісцыт” [Ernest Renan. Qu’est–ce que с’est la nation.- Agora, 1992]. Такі погляд робіць прынцып грамадзянскасьці асновай усялякіх сацыяльных сувязяў, стасункаў. Таму, у процівагу этнічнай групе, нацыя зьяўляецца адчыненай супольнасьцю, дзе жаданьне жыць разам выражаецца цераз прыняцьце правілаў, адзіных для сфэры публічных зносін, што і пераадольвае адасобленасьць.

Такім чынам французскі погляд на нацыю ёсьць погляд скрозь прызму палітычнага. Зьведзеная ў адно дзьвюма рэчамі: багатым сумесным мінулым і сучасным (жаданьне ўспрымаць і працягваць тое, што атрымана з мінулага), зацьверджаная дзяржаўнай еднасьцю і агульнай воляй, нацыя ёсьць асаблівай, больш дакладнай формай палітычнай еднасьці. Яе асноўныя атрыбуты (паказчыкі) – сувэрэнітэт, грамадзянскасьць і нацыянальная дзяржава. “Нацыя – перш за. Яна ёсць крыніцай усяго. Яе воля заўсёды законная… Нацыі на зямлі павінны разумецца як індывідуумы па-за сацыяльнымі сувязямі ці, як кажуць, у прыродным стане” [Abbé Sіeyes. Qu’est-ce que les Tіers Etats? (узята з кнігі: Энтані Сміт. Нацыяналізм у 20-ым стагоддзі.- Менск: Беларускі Фонд Сораса, 1995]. Існаваньне нацыі забясьпечваецца дзяржавай, якая зьяўляецца яе канчатковай формай. Мала таго, нацыя стварылася як новы прынцып легітымізацыі новай дзяржавы; адсюль і паняцьце “дзяржавы-нацыі”. Але гэты падыход не зьяўляецца адзіным адказам на пытаньне пра існасць і паходжаньне нацыі. Гэты пункт погляду быў абгрунтаваны толькі для “вызначанага грамадства” (французскага), а не для ўсяго чалавецтва ўвогуле і ў любы час [Эрнест Геллнер. Нации и национализм.- Москва: Прогресс, 1991]. Іншы погляд на вызначэньне нацыі прадэманстравала ўсходняя частка Эўропы, а больш дакладна, Нямеччына. Чаму ж так здарылася?

Гісторыя Усходняй Эўропы моцна адрозьнівалася ад гісторыі Заходняй. Яна (усходняя частка) жыла ў іншай гістарычнай рэчаіснасьці. Тут дамінавалі іншыя прынцыпы. Зараз супрацьстаўляюць “заходнеэўрапейскаму” канцэпту палітычнай нацыі нямецкі канцэпт, які потым распаўсюдзіўся сярод большасьці народаў гэтай часткі Эўропы. Ён заснаваны на вераваньні ў гістарычную пераемнасць, у адзіную культуру і мову. У параўнаньні з дзяржавамі “мысу” краіны Цэнтральнай і Усходняй Эўропы, заўсёды падначаленыя якому-небудзь захопніку, не здолелі стварыць незалежных палітычных фармаваньняў і не здолелі адзьдзяліць іх стабільнымі межамі. Тады, калі ў ХV-ХVІІІ стагодзьдзях на месцы заходнеэўрапейскіх манархій зараджаліся сучасныя дзяржавы, Нямеччына і Італія заставаліся палітычна раздробленымі, туркі разбуралі нацыянальныя інстытуты Вугоршчыны і Багеміі, Сэрбіі і Харватыі. Таму калі ў ХІХ стагодзьдзі нацыянальная ідэя пашыралася на гэтую частку Эўропы, дык краіны, якія яе складалі, не мелі ні межаў, ні сталіц, ні дзяржаўных інстытутаў (у сэньсе – апарату), ні аўтаномнай эканамічнай арганізацыі, ні нацыянальнай эліты. Народы былі ў палоне страху, адзіноты іх лёсу і іх рэлігійнай прыналежнасьці. Адзінае, што ў іх было – гэта этнічнае падабенства, на базе якога і была распрацавана гэтая тэорыя. Яна выйшла з рамантызму (знітаваная нямецкімі філёзафамі Фіхтэ, Гердэрам і інш.), і асноўвалася на наступных паняцьцях.
1) Гістарычная пераемнасць, якая сягала ў цемру часоў. Яна мела ўжо нацыянальны характар: цікавасьць да этнічнай асаблівасьці, настальгія па паганскім і сярэднявечныму бляску, супрацьпастаўленьне французскай гісторыі; была не карацейшая і не бяднейшая.
2) Агульная мова (“нямецкая мова, адзіная для ўсіх немцаў”). Яна стварае нацыю, абапіраючыся на сваю натуральную рухальную моц, дае пачуцьцё тоеснасьці. Яна спарадзіла разуменьне спадчыны (мастацкай і літаратурнай), надала годнасьць нямецкай культуры. Адсюль культурнае вызначэньне нацыі як носьбіта і гаранта зямной вечнасьці.
3) Агульная культура, уласьцівая толькі гэтай этнічнай групе. Культурнае непадабенства з французамі стала фундамэнтам асэнсаваньня сябе як нечага своеасаблівага (этнічныя звычаі, мова, рысы характару) і спарадзіла разуменьне сябе як нацыі.

Гэтыя фактары выліліся ў разуменьне нацыі як “Volk (народу)”. Ён узяты як Усё, непадзелены на індывідаў. Усе, хто адчуваюць сябе немцамі, размаўляюць па-нямецку і прыналежаць да гэтай культуры, фармуюць нямецкі народ, гэта значыць, з’яўляюцца этнічнымі немцамі. Таму спачатку гэтая тэорыя не выходзіла за свае культуралягічныя рамкі. Для яе не было галоўным, адзіная гэта дзяржава альбо некалькі, бо еднасьць ужо існуе – яна выцякае з моўнай і этнічнай еднасьці. Затым, не паўставала пытаньне, што такое нямецкая дзяржава: яна паўсюль, дзе кіруюць Немцы. Але перад зьнешняй агрэсіяй паўстае разуменьне неабходнасьці абароны культуры ад асіміляцыі і культурнага забруджваньня, што спрыяла зразуменьню неабходнасьці стварэньня нацыянальнай дзяржавы. Параза перад французскім войскам паказала кволасьць старых формаў – “ненацыянальных”, няздольных забясьпечыць еднасьць і незалежнасьць. Да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя дзяржава ўспрымалася выключна як лібэральна-антыманархічная і нецэнтралізаваная у процівагу французскай мадэлі. Пасьля правалу рэвалюцыі 1848 года гэты працэс набыў новую моц і зьмяніў кірунак. Лібэральныя імкненьні былі разбураныя, затое нацыянальная ідэя пачала больш інтэнсіўна рэалізоўвацца. Гэтаму паспрыяў прыход Прусіі, на аснове якой і разьвілася нямецкая дзяржава дзякуючы прускім прынцыпам: пачатковая адукацыя і адукацыя моладзі мелі масавы характар і спрыялі зьяўленьню пачуцьця нацыянальнай тоеснасьці, ідэнтычнасьці войска і нацыі. Абагульняючы, можна казаць, што зьяўленьне гэтых дзьвюх тэорый скіраванае на тлумачэньне аднаго і таго ж фэномэну, на легітымізацыю і арыентацыю калектыўнай моцы. Паступова нацыянальная ідэя прымаецца за міраўтваральную. Гэтая дваістасьць потым устойліва замацавалася ў шматлікіх сфэрах чалавечае думкі. Розныя дасьледчыкі, аналізуючы гэты фэномэн, вылучаюць два падыходы: нацыя з французскага пункту гледжаньня і нямецкага; нацыя палітычная і “культурная” нацыя; супольнасьць грамадзян і супольнасьць продкаў; палітычная воля і арганічная нацыя; створаная нацыя і этнічная; нацыя-кантракт і нацыя-дух; нацыя індывідаў і нацыя як калектыўны індывід; філязофія Асьветы і рамантызм; і нарэшце, халізм і індывідуалізм.
Вось коратка дзьве дамінантныя тэорыі, якія тлумачаць, “што такое нацыя”; але ёсьць і іншыя погляды на праблему нацыі і яе вызначэньня.

Існуе іншая думка (аналітычная тэорыя), якая тычыцца дэфініцыі нацыі. Яна крытыкуе гэтыя два падыходы і спрабуе разьмесьціць нацыю паміж гэтымі двума паняцьцямі. Яна адначасова аб’ядноўвае іх і супрацьпастаўляе. Усе нацыі зьяўляюцца, безумоўна, адначасова этнічнымі і палітычнымі. Адрозьніваюцца толькі чынам перамешваньня палітычнага прынцыпу з этнічнай рэчаіснасьцю. Агульнай схемы няма, і іх рэалізацыя прымае розныя формы, зьмяняючыся ад адной краіны да іншай.
Разам з тым ня трэба блытаць нацыю ні з этнасам, ні з дзяржавай. Яна (нацыя) адначасова зьнітаваная як з этнасам, так і з дзяржавай, дзякуючы чаму яна ўвасабляецца ў сацыяльнай рэчаіснасьці. Палітычнае прызнаньне адрозных этнасаў, інкарпараваных у нацыю, прыводзіць да дэзінтэграцыі і да яе паслабленьня; тады, калі дзяржава робіцца занадта магутнай, яна абсарбуе нацыю і разбурае грамадзянскую супольнасьць. Паміж этнасам і дзяржавай павінна быць месца нацыі.
Таксама існуе вызначэньне нацыі, не зьвязанае з гэтымі двума фактарамі. Нацыя бачыцца, згоднай гэтай тэорыі, як прадукт, які зьявіўся ў адказ на стварэньне новых сацыяльна-эканамічных умоваў – індустрыялізацыі, якая стварыла новае грамадства. Галоўным прынцыпам новага грамадства зьяўляецца высокая прадукцыйнасць, якая патрабуе складанага і дэталёвага падзелу працы. Адсюль зьяўляецца дзяржава як новая форма кіраваньня, патрэбная для арганізацыі падзелу працы і пабудовы новых супольнасьцяў людзей, якія добра разумелі б свае інтарэсы. Створаная дзяржава была вынікам новага грамадства і эканамічнага росту. Дзеля рэгуляваньня стасункаў паміж гэтай новай фармацыяй і традыцыямі, звычаямі, увогуле культурай даіндустрыяльнага грамадства і паўстала нацыя.
Фактычна нацыя, як і дзяржава, гэта выпадковасьць, а не жыцьцёвая неабходнасьць. Мала таго, нацыя і дзяржава – гэта выпадковасьць не аднаго і таго ж характару, бо да таго, як быць прызначанымі адна другой, яны павінны былі ўзьнікнуць, і іх узьнікненьне было незалежным і выпадковым. Дзяржава, безумоўна, узьнікла без дапамогі нацыі. Некаторыя нацыі ўзьніклі без бласлаўленьня сваёй дзяржавы [Эрнест Геллнер. Нации и национализм.- Москва: Прогресс, 1991].

Б. Разыходжаньні.
Аднак у некаторых выпадках стварэньне нацыі не ва ўсім адпавядае пастулатам узгаданых вышэй тэорыяў. Яскравым прыкладам зьяўляецца габрэйскі народ, які на працягу стагодзьдзяў не меў ні дзяржавы, ні тэрыторыі, ні, нарэшце, адзінай культуры. Аднак іх народ захаваўся. Другім прыкладам зьяўляецца Беларусь, дзе ў клясічным паняцьці нацыі не існуе. Таму адразу паўстае пытаньне што ж гэта такое існуе, якое ўтварэньне? Можа, гэта ўвогуле не нацыя, а нейкае іншае – касмапалітычнае і ўнівэрсалісцкае ўтварэньне? А можа, проста клясічныя тэорыі не пазначылі ўсіх аспэктаў вылучанай намі праблемы? Чаму?

Па-першае, фармуляваньне гэтых тэорый праходзіла як адказ на агрэсію, таму відавочным зьяўляецца жорсткая ідэалагізаванасьць. Паняцьце нацыі зьявілася на патрэбу ідэалёгіі, дзеля адказу на тагачасныя праблемы: супроцьстаяньне дзьвюх краінаў, сьветапоглядаў (Францыя – Нямеччына); як легітымізацыя дзеяў – вайны і тэрытарыяльных захопаў (французска-пруская вайна ў 1870 ды захоп Эльзаса і Латарынгіі). З-за гэтага не ўлічваліся ўсе аспэкты, а вызначэньне нацыі было далёкае ад апалітычнага.

Па-другое, сёньня гэтыя дзьве канцэпцыі вельмі крытыкуюцца. Многія лічаць, што дзяржава-нацыя знаходзіцца ў крызе, а таму не можа адказаць на шматлікія пытаньні сучаснасьці. Вядома, што цяпер людзей часта аб’ядноўваюць агульныя каштоўнасьці, а не пачуцьцё сакральнай еднасьці. Потым, дзяржава-нацыя не ўспрымаецца як непарушная дадзенасьць, а хутчэй як форма, якая ўзьнікла ў выніку гістарычнай выпадковасьці. “Сучасная нацыя ёсьць вынікам гісторыі, яна была створана альбо дынастыяй (Францыя), альбо прамым жаданьнем правінцый (як гэта адбылося ў Галяндыі, Швайцарыі, альбо духам еднасьці, які перамог фэадальную раздробленасьць у Нямеччыне і Італіі” [Ernest Renan. Qu’est-ce que c’est la natіon.- Agora, 1992]. Зараз эўрапейскія краіны імкнуцца перамагчы падобнае ўяўленьне.

Наступны момант, які спараджае крытыку, – правы эмігрантаў. Ці павінны яны карыстацца “пашыраным” грамадзянствам? Гэта значыць, валодаць двума грамадзянствамі (першае, больш значнае, заснаванае на нацыянальнасьці; другое больш ці менш зьвязанае з месцам іх жыхарства і дае права на валоданьне выбарчым правам). Нарэшце, сучасны рынак ставіць пад сумнеў падзел людзей на нацыі. Для яго нацыянальная прыналежнасьць – у большасьці выпадкаў – перашкода.

Таксама крытыкуецца і этнічнае вызначэньне нацыі. Да нашых дзён робяць вельмі сур’ёзную памылку, калі зьмешваюць “расу” з нацыяй і надзяляюць этнічныя, альбо хутчэй лінгвістычныя, групы сувэрэнітэтам, падобным да таго, якім валодаюць народы, рэальна існыя [Ernest Renan. Qu’est-ce que c’est la natіon.- Agora, 1992]. Ідэолягі “этнічнай нацыі” асноўваюцца на пераднацыянальных каштоўнасьцях. Яны настойваюць на існаваньні этнічных сувязяў, а не на жаданьні стварыць палітычнае грамадства. І тым самым адмаўляюць тое, што ёсьць асноўнай прыметай нацыі, – намаганьне перамагчы лякальныя прыналежнасьці і этнічныя згрупаванні. Такім чынам, ня можа існаваць нацыі ў этнічным сэньсе, бо ідэя “этнічнай” нацыі была простым ідэалягічным сродкам, каб апраўдаць правал нацыі ва Усходняй Эўропе.

Кранаючы ж Беларусь, бачым, што пастулаты клясічных тэорый не дадуць нам поўнага адказу на пытаньне, ці існуе беларуская нацыя. Фармаваньне нацыі праходзіла тут іншым шляхам (гістарычныя ўмовы існаваньня нашай краіны адрозьніваюцца як ад заходняга тыпу, так і ад усходняга) і часам пад узьдзеяньнем іншых фактараў. Таму трэба больш падрабязна і дакладна разгледзець беларускі выпадак, каб удакладніць, у чым заключаюцца складанасьці і недапасаванасьці.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы