nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Наша стаўленьне да некаторых палажэньняў артыкула Ю.Ліхтаровіча і У.Іванова

19 красавіка, 2006 | Няма каментараў
(прадстаўлены ніжэй)

Рэдакцыя.

У свой час (вясна 1999 году, канферэнцыя «Беларуская нацыянальная ідэя») артыкул Ю.Ліхтаровіча і У.Іванова меў вялікае значэнне:
– ён падтрымліваў погляд на нацыю, як на натуральную гістарычна-палітычную адзінку;
– у ім з навуковых пазіцый былі прадстаўлены два асноўныя ідэалагічныя погляды на нацыю: як на «палітычнае» ўтварэньне, сэнс якога ў тым, каб дамагчыся пабудовы дэмакратычнай дзяржавы праз падпарадкаваньне ўладаў інтарэсам грамадства, якое зьяўляецца этнічна разнародным (французская мадэль); і як на грамадскае ўтварэньне, аб’яднанае адзінай культурай, мовай, роднасьцю, сэнс якога ў тым, каб дамагчыся дэмакратыі праз парадпарадкаваньне ўладаў інтарэсам канкрэтнага народа (нямецкая мадэль);
– у артыкуле было паказана, што беларуская нацыя, нягледзячы на адсутнасьць дакладнай адпаведнасьці першай ці другой мадэлі, зьяўляецца хоць і своеасаблівай, але рэальнай нацыяй.
Вялікае значэньне дадзенага артыкула заключалася таксама ў тым, што ў ім быў запрапанаваны і абаснаваны неўтралісцкі падыход у адносінах да бліжэйшай геапалітычнай будучыні Беларусі.

Сем гадоў таму гэтыя рысы артыкула рабілі яго адным з перлаў і канферэнцыі, і адпаведнага выданьня. Аднак, цяпер шэраг абставін прымушаюць зьвярнуць увагу ня толькі на яго моцныя бакі, а і на тое, што з пункту гледжаньня рэдакцыі зьяўляецца істотным недахопам.

Якія ж палажэньні аўтараў й іх кантэкстныя пасылы мы ня можам сёньня прыняць?
Так, нам не зразумела, чаму аўтары не называюць асноўны фактар, які стагодзьдзямі перашкаджаў паўстаньню і разьвіцьцю беларускай нацыі і беларускай дзяржавы – расейскую імперыю, яе імперыялізм і шавінізм. Мы не падзяляем таксама погляд на Сьвятлану Алексіевіч, як нацыянальную пісьменьніцу, упартае, дэманстратыўнае ігнараваньне якой беларускай мовы вядома (таму ў якасці прыкладаў беларускіх пісьменнікаў мы хацелі бы на месцы гэтай пісьменьніцы бачыць прозьвішчы Караткевіча, Мележа, Быкава).

Але глоўнае вось у чым. Мы падкрэсьлена ня згодны з кантэкстнай агітацыяй на карысьць «грамадзянска-палітычнай нацыі» і прыніжэньнем значэньня альтэрнатыўнай «культурна-этнічнай» мадэлі. Такое стаўленьне да апошняй праступае хаця б у выразах: «вядома, што цяпер людзей часта аб’ядноўваюць агульныя каштоўнасьці, а не пачуцьцё сакральнай еднасьці», «дзяржава-нацыя не ўспрымаецца як непарушная дадзенасьць, а хутчэй як форма, якая ўзьнікла ў выніку гістарычнай выпадковасьці», «сучасны рынак ставіць пад сумнеў падзел людзей на нацыі, для яго нацыянальная прыналежнасьць – у большасьці выпадкаў – перашкода», «такім чынам, ня можа існаваць нацыі ў этнічным сэньсе, бо ідэя “этнічнай” нацыі была простым ідэалягічным сродкам, каб апраўдаць правал нацыі ва Усходняй Эўропе». Праз такія выразы мы бачым імкненьне аўтараў прадставіць «этнічна-культурны» тып нацыі пераходнай, часовай, перажыткавай формай.

А мы, як раз, лічым наадварот. Мы бачым і лічым, што гістарычны прагрэс вядзе не ў кірунку «палітычнай» нацыі, а ў кірунку «этнічнай» – ад стану манархічна-алігархічнай дзяржавы праз стан «грамадзянска-палітычнай дзяржавы-нацыі» да стану «этнічна-культурнай нацыі-дзяржавы» (гл. малюнак; пазначана: l – узровень разьвіцьця дзяржавы і грамадства; t – гістарычны час). Менавіта ў гэтым мы бачым значную частку зьместу гістарычнага працэсу!

�а�.gif

Пры гэтым на апошнім этапе адбываецца альбо ўнутраная прагрэсіўная эвалюцыя самой «грамадзянскай нацыі» ў «культурную» (па меры накапленьня гістарычных доказаў годнага сумеснага пражываньня і пасьпяховага вырашэньня інтэрнацыянальным грамадствам агульных праблем), альбо адбываецца вылучэньне з «грамадзянскай нацыі» нацый «этнічных» (у выніку нацыянальна-вызвольных паўстаньняў – так, напрыклад, на нашых вачах было з усходнімі тымарыйцамі, а будзе з каталонцамі, баскамі, паўночнымі ірландцамі, квэбэкцамі, чачэнцамі…), альбо такія «нацыі» проста зьнікаюць («савецкая», «югаслаўская»).

Доказам таго, што менавіта дадзены шлях ёсьць прагрэсіўным, зьяўляюцца шэраг дадатковых зьяў і падзей.
Так, толькі ў апошні час мы маем магчымасьць назіраць выразныя праявы грамадскага крызісу менавіта ў тых еўрапейскіх дзяржавах, якія больш ці менш працяглы час культывавалі як «найбольш цывілізаваную» ідэю грамадзянска-палітычнай нацыі. Хто гэтага не заўважыў, нагадваем: масавыя падпалы машын ісламскай моладзьдзю ў Францыі; бунт студэнтаў ВНУ супраць новых умоваў прыёму на працу там жа; пераход сербскага Косава да албанцаў і ў будучыні да Албаніі; карыкатурны скандал, які супрацьпаставіў датчанаў ісламскаму сьвету… Гэтыя прыклады, якія мы маем намер прааналізаваць далей у адным з нашых артыкулаў, наглядна дэманструюць крызіс мадэлі грамадзянска-палітычнай нацыі (французкі тып). Нам прычыны гэтых крызісаў зразумелыя: фактараў унутранай інтэграцыі ў такіх нацый ў новых гістарычных умовах відавочна недастаткова для падтрыманьня іх жыцьцядзейнасці, а старыя прынцыпы штучнага нацыянальнага аб’яднаньня і арганізацыі ўвогуле ня здольны «бачыць» новыя цівілізацыйныя выклікі (ікра ў бочцы таксама знаходзіцца разам, але толькі з-за таго, што яе так трымаюць штучныя сьценкі бочкі, а не натуральныя нутраныя сувязі паміж ікрынкамі; як толькі сьценкі прыбраць, ікрынкі рассыпаюцца). У той жа час этнічныя нацыі з лёгкасьцю вытрымліваюць сучасныя выпрабаваньні – у такой ступені лёгка, у якой яны не сьпяшаюцца здраджваць прынцыпам, на якіх заснавана натуральнае існаваньне і разьвіцьцё этнічна-культурнай нацыі.

У сувязі з гэтым асобным выпрабаваньнем для Еўропы зьяўляецца працэс глабалізацыі. Ён як раз і тэстуе нацыі на ўстойлівасць. І, як бачым, дадзеныя іспыты найперш не здаюць нацыі, якія палічылі «перадавым» шлях так званых грамадянска-палітычных нацый.

Мы бачым, што расейская паразітычная бюракратыя, жадаючы захаваць сваю імперыю, таксама спрабуе намовіць расейскаму грамадству, быццам бы яно і ёсьць грамадзянска-палітычная нацыя (апошнія гады назіраецца актыўная прапагандысцкая раскрутна тэрмінаў тыпу «Россия» і «россияне»). Але гэтую ўлоўку лёгка дэзавуююць рускія шавіністы, якія незадаволены тым, што ўсе гэтыя хадаркоўскія, абрамовічы, беразоўскія, гусінскія, фрыдманы і г.д. захапілі й рабуюць іх “рускія багацьці”. Дадзеная сітуацыя стварае выдатную глебу для росту шавіністычных настрояў, для будучых расейскіх катаклізмаў, ў выніку якіх Расея альбо разваліцца (што добра), альбо пераўтворыцца ў імперыю шавіністычна-фашыстоўскага тыпу (што жахліва з-за будучых вялікіх людскіх нявінных ахвяр).

Сучасныя беларусафобскія ўлады вось ўжо 12 гадоў таксама робяць усё магчымае, каб разбурыць усе тыя жывыя натуральныя механізмы, якія ў норме павінны былі б зараз актыўна фармаваць беларускую нацыю па этнічна-культурнаму тыпу (нямецка-польска-венгерска- -чэшска-украінска- -літоўска-японская- і г.д. мадэль). Ні ў воднага прыстойнага чалавека ў Беларусі няма сумневу, што дадзенае ўздзеяньне зьяўляецца рэгрэсіўным, разбуральным, што яно скіравана на татальнае аслабленьне беларускай нацыі, падрыхтоўку яе альбо для доўгатэрміновага паразітаваньня посткамуністычнай бюракратыі мясцовага пашыбу, альбо для анэксіі расейскай імперскай бюракратыяй (выбар ужо залежыць ад таго, як павернецца лёс). Ні першае, ні другое, відавочна, немагчыма лічыць прагрэсіўнымі зьявамі.

Абраньне «грамадзянска-палітычнай» альбо «этнічна-культурнай» мадэлі беларускай нацыяй зьяўляецца зьместам таго ідэалагічнага змаганьня, якое адбываецца ўнутры «аб’яднанай беларускай апазіцыі». Крызіс яе структуры зафіксаваны ў тым, што народная апазіцыйная маса («рукі і ногі», як кажуць апазіцыйныя «лідары») інтуітыўна жадае бачыць будучую беларускую дзяржаву, як інструмант, які забяспечыць сьветлую будучыню найперш беларускаму народу – г.зн. дзяржаву, дзе будуць рэстаўраваны адносіны абсалютнай павагі да сьвятых нацыянальных каштоўнасцяў (беларускай мовы, культуры, гісторыі, сьветагляду, сімвалаў, тэрыторыі, аб’ектыўных інтарэсаў…). А пры гэтым лідарамі «аб’яднанай апазіцыі» пастаўлены тыя, хто хацелі б упіхнуць беларускаму народу «французкую» грамадзянска-палітычную мадэль у якасьці будучыні яго дзяржавы! І праблема ня толькі ў падмане, асновы якога закладаюцца зараз. Мы, сябры рэдакцыі «нашайзямлі.орг», лічым, што ў гэтай супярэчнасці закладзена галоўная прычына нізкай эфектыўнасці змаганьня «аб’яднанай апазіцыі» за ўвогуле якую б там ні было незалежную беларускую дзяржаву і дэмакратыю…

Ва ўмовах, калі Пуцін і Жырыноўскі прапануюць уступіць у расейскую імперыю ў якасьці адной ці некалькі губерняў, калі ў Беларусі татальна зьнішчаецца беларуская мова ў інфармацыйнай прасторы і адукацыйнай сістэме, калі амаль усе шыльды ў гарадах зноў напісаны па-руску, калі старшыняў аблвыканкамаў ужо называюць «губернатарамі», калі ўсе сучасныя ўлады і значная частка «аб’яднанай апазіцыі» адкрыта праводзяць беларусафобскую, этнацыдную палітыку, калі міністр абароны расейскай імперыі С.Іваноў заявіў, што беларусы і рускія «адзіны народ», калі так таксама лічаць практычна ўсе расейскія апазіцыянеры і сам прэзідэнт РФ В.Пуцін… – нам толькі не хапае з усім гэтым пагадзіцца, прыняўшы для Беларусі мадэль «грамадзянска-палітычнай» нацыі, каб усё гэта падтрымаць і… загінуць.

Няхай мы – сябры рэдакцыі «нашайзямлі.орг» – застанемся адзінымі нармальнымі беларусамі, але мы катэгарычна падтрымліваем тую мадэль, якая адэкватна сучаснай гістарычнай сітуацыі. Г.зн., што мы ЗА менавіта этнічна-культурную мадэль будучай беларускай нацыі-дзяржавы і толькі ў ёй бачым адзіны нашец на выжываньне, дабрабыт і шчасьце для нашага шматпакутнага народу!

Давайце будзем лічыць гэтае ідэалагічнае палажэньне адным з нашых СТРАТЭГІЧНЫХ ДАКТРЫНАЛЬНЫХ ПРЫНЦЫПАЎ (Д пр-п 1).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы