nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ІЛЮЗІЯ СУСЬВЕТНАГА МАШТАБУ (кірункі глабалізацыі)

25 красавіка, 2006 | Няма каментараў

Гэтым артыкулам Мішэля Энашберга (Michel Henochsberg, зьяўляецца прафесарам эканомікі ва універсітэце Парыж-X), надрукаваным у “Liberation” (Францыя) у гэтым месяцы, мы адкрываем крытычны аналіз праблемы глабалізацыі й асаблівасьцяў яе асьвятленьня СМІ.
Рэдакцыя.

Індыец «лонданскага разліву» хоча купіць еўрапейскую металургічную кампанію, італьянская карпарацыя зацікавілася франка-бельгійскай энергетычнай кампаніяй, амерыканскія банкі «аблізваюцца» на Societe generale, польскія вадаправодчыкі атрымалі права працаваць у Гішпаніі. Гэтыя факты наводзяць на думку, што цяпер будучае кожнага чалавека неабходна разглядаць у глабальнай перспектыве, і гэта зьяўляецца вынікам глабалізацыі, неабвержнай данасці XXI стагодзьдзя. Такім чынам, зьмяніўся ракурс нашага бачаньня, зьмянілася сама прастора: мы жывем на планеце.

Гегемонія эканомікі, якая базуецца, у тым ліку, і на створаным СМІ вэрхале, прывяла да зьяўленьня гэтага новага пункту гледжаньня, які ў Францыі называюць глабалізацыяй: логіка эканомікі разбурае межы і пераўтварае тавар у шматнацыянальны артэфакт. Інтэрнэт і CNN штохвілінна зьвязваюць паміж сабой шматлікія кропкі на зямной паверхні і ў нямалай ступені садзейнічаюць таму, што ўяўленьне аб сьвеце, як аб вялікай вёсцы планетарнага маштабу, набывае ўсё большую папулярнасць. Палітэканоміка і сродкі масавай інфармацыі дзейнічаюць у тым жа кірунку і ствараюць квазі-новую рэальнасць – глабалізацыю, якая знаходзіцца на мяжы рэвалюцыі.

Але ў сапраўднасці мы зьяўляемся ахвярамі ілжывай спрэчкі, у якой сутыкаюцца ілбамі довады ‘за’ і ‘супраць’ глабалізацыі. Таму што вынікам гэтай спрэчкі ў першую чаргу зьяўляецца дасягненьне агульнага кансэнсусу, зь якім згодны і прыхільнікі і супраціўнікі: і тыя, хто выкрывае, і тыя, хто пераўзносіць глабалізацыю, – усе лічаць менавіта яе існаваньне апошняй мяжой любога аналізу…

Гэта – падман зроку. Глабалізацыя, якая выступае асноўнай рысай сучаснага капіталізма, па сутнасці зьяўляецца слоганам, які выдуманы і распаўсюджваецца СМІ, і які, у рэшце рэшт, пачалі выкарыстоўваць усе эксперты.
1 – яна зьяўляецца вынікам няправільнага тлумачэньня фактаў гістарычнай эканомікі, якая з моманту нараджэньня глабалізацыі спрытна маскуе яе пад іншыя зьявы;
2 – яна базуецца на відавочным ігнараваньні мясцовых, культурных, калектыўных і асабістых дамінантаў на сучасным капіталістычным рынку.

Спачатку аб сучасным няведаньні мінуўшчыны. Кожны гісторык развіцьця эканомікі ведае, што ўжо з моманту свайго ўзнікненьня ў эпоху Сярэднявечча эканамічная сістэма ўключала важкія складнікі сусьветнага маштабу. Бродэль, Дюбі, Пірэн (гісторыкі, аўтары працаў па гістарычнай эканоміцы – заўв. пер.) пішуць аб тым, што міжнародны гандаль заўсёды папярэднічаў развіцьцю мясцовых рынкаў і зьяўляўся для іх стымулам: узаемазвязаны гэтыя дзьве зьявы менавіта такім чынам, а не наадварот, як аб гэтым прынята меркаваць. Венецыя XIV стагодзьдзя ўжо зьяўлялася цэнтрам сусьветнай эканомікі. Менавіта дзякуючы знешнему сьвету памнажаліся багацьці горада Дожаў, і нутраное развіцьцё тут было ні пры чым.

Разьвіцьцю гандлёвых зносінаў з дальнімі краінамі не здолелі перашкодзіць ні вялікія адкрыцьці XVI стагодзьдзя , ні гандлёвы геній Амстэрдама XVII ст., ні прамыслова-фінансавая рэвалюцыя ў Англіі XVIII ст. Калі першыя эканамісты, якія зьявіліся менавіта ў гэтую эпоху, вывучалі ‘узбагачэньне нацыяў’, яны добра разумелі, што гэтыя працэсы адбываюцца ў межах міжнароднай эканомікі. Маркс падсумаваў гэтыя заключэньні, гаворачы, што капітал не ведае нацыянальных межаў, што ў яго натуры закладзена рухацца праз іх, і сучасныя эканамісты, такія як Сюзан Бержэ, лічаць, што першая глабалізацыя адбылася ў 1870-1914 гадах!

Карацей кажучы, глабалізацыя была прынята эканомікай у якасці базавага паняцьця, якое непадзельна зьвязана зь яе дынамікай; прычым так лічылася з самага пачатку. Канешне ж, вытворчыя і ўладныя функцыі прывязаны да вызначанай тэрыторыі, але рух эканамічных працэсаў, матрыцы сістэмы, зьяўляецца міжрэгіянальным. Эканамічным працэсам уласціва логіка, якая выходзіць за межы, створаныя ўстановамі й людзьмі: з самага пачатку, з таго самага моманту, калі зьявіліся гандлёвыя караваны і першыя разлікі, ў жылах эканомікі імкне кроў усяго сьвету, яна – сусьветная.

Зараз аб забытых мясцовых дэтэрмінантах. У сувязі з тым, што эканамісты ўвесь час сачылі за данымі, якія выходзілі ад Уол-Стрыт, яны, у рэшце рэшт, паверылі, што рынкавыя працэсы, якія, як мы ведаем, заўсёды былі глабальнымі, вызначалі разьвіцьцё мясцовых рынкаў. Але гістарычная рэальнасць больш складаная, чым здаецца: яна вызначаецца старой дыялектыкай адносінаў паміж уладай, тэрыторыямі й касмапалітычнай эканомікай. Таму наша будучыня знаходзіцца ў дваістым сьвеце – паміж палітычнай і культурнай вертыкальлю, якая прывязана да тэрытарыяльнага фактара, і эканамічнай і фінансавай гарызантальлю. Сёньня гэтыя два вялікія супрацьстаяньні, эканоміка – дзяржава і глабалізацыя – мясцовыя рынкі, успрымаюцца, як перавага глабальнага над лакальным, эканомікі над дзяржавай. Але пры гэтым забываецца дыялектыка, якая пранізвае ўсю Гісторыю. Таму ўяўляецца дарэмным і заганным разглядаць ‘бляск і галечу’ глабалізацыі ў адрыве ад гэтай дыялектыкі.

Нас цікавяць толькі транснацыянальныя зьліцьці і паглынаньні, фінансавыя і асабістыя міграцыі, працэсы дэлакалізацыі. Гэтыя аперацыі пераўтвараюць эканамічную карціну, уносяць бязьладзьдзе ў жыцьцё асобных людзей і супольнасцяў, і пачынае здавацца, што глабалізацыя ў гэтым аркестры ‘грае першую скрыпку’. Ці наважымся мы супрацьпаставіць сваё меркаваньне гэтай данасці? Мы не бярэм за мэту адмаўленьне існуючых фактаў, хутчэй, мы хочам іх пераасэнсаваць. У першую чаргу нагадаем, што перавароты заўсёды адбываліся менавіта такім чынам, і сацыяльная карціна ва ўсіх буйных краінах зьмянялася пад узьдзеяньнем касмапалітычных эканамічных планаў. Глабалізацыя толькі тасуе капіталы, вядзе да зьмены назваў. Мы хацелі б таксама нагадаць, што гаворка ідзе аб гульні, і што гэтая гульня бясконцая, і ў ёй не можа быць пераможцаў. Разам з тым, па прычыне эканамічнага патопу планетарнага маштабу, які прыводзіць да разбуральных наступстваў, было б памылкай недаацэньваць магчымае супрацьдзеяньне з боку нацыяў, тэрыторыяў, традыцыяў, якія, дзеля выжываньня, могуць пайсьці на скрайнія меры.

Існуючы ў гэтым ілюзорным сьвеце, амерыканцы забылі, што вайна ў Іраку – гэта не вайна ў Сербіі ці ва Ўетнаме: яны не зьвярнулі ўвагі на мясцовы фактар. Падобным чынам, назіраючы за распаўсюдам па ўсім сьвеце кампаніяў Microsoft, Coca-Cola и Галівуда, яны вырашылі, што ўсе закуткі сьвету зьяўляюцца толькі адлюстраваньнем аднаго сусьветнага рынку. Гэтая гіпотэза – велізарны падман: сусьветны размах эканамічнай гульні ніколі не азначаў існаваньня сусьветнага рынку… Кожны рынак, няхай ён і адчынены ўсім вятрам, застаецца мясцовым: Уол-стрыт знаходзіцца ў Нью-Йорку, а Сіці – ў Лондане. Такім чынам, прыгожыя словы пра глабалізацыю ня толькі абясцэньваюць мясцовы фактар, яны яго зьнішчаюць. Адзін рынак – адна вёска. Каласальная памылка!

Наша планета ўлучае сукупнасць незлічоных архіпелагаў, дзе лакальныя асаблівасці вызначаюць мясцовае становішча, так як і фактары глабалізацыі – супярэчлівую дваістасьць, невырашальнасць будучыні.

Нягледзячы на вобразы і памкненьні сьвету, асяродзьдзе індывідуума зьяўляецца лакальным; глабальная рэальнасць для яго – толькі ‘вераваньне’, бязьмежнае пашырэньне яго жыцьцёвай прасторы. Таму будучыня знаходзіцца не ўпераходзе ад мясцовага да глабальнага, а ў павольнай трасфармацыі самога мясцовага фактара, яго гомеапатычнага раскрыцьця. Мясцовы фактар, які зьмяніўся дзякуючы суладным (гарманічным) уздзеяньням – вось наша будучыня: увагу патрэбна надаваць архіпелагам на мапе, а не глабалізацыі, якая зьяўляецца ўсяго толькі тэхніка-эканамічнай фантасмагорыяй. Чалавек – лакальны і адкрыты да ўсяго сьвету.

Логіка эканомікі – у разбурэнні межаў пры захаванні мясцовых асаблівасцяў.

Узята з сайта: http://www.inosmi.ru

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы