nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСКАЯ ЭТНІЧНАЯ ТЭРЫТОРЫЯ (мапа)

20 мая, 2006 | Няма каментараў

(паводле артыкула В.С.Цітова, узятага з “ЭТНАГРАФІЯ БЕЛАРУСІ”, ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ. – Мн., «Бел.савец.энцыклапедыя» імя П.Броўкі. – 1989 г.)

Этнічная тэрыторыя – тэрыторыя кампактнага рассялення пэўнага народа (этнасу), з якой цесна звязаны яго этнагенэз і этнічная гісторыя. Вызначаецца ўстойлівасцю на працягу многіх стагоддзяў. Уласцівае кожнай этнічнай тэрыторыі геаграфічнае асяроддзе – гэта не толькі сфера пражывання, але і жыццёвая аснова, што абумоўлівае спецыфіку гаспадарчых заняткаў і вытворчай культуры, арганічна ўваходзіць у паўсядзённы побыт, жывіць канкрэтнымі вобразамі духоўныя скарбы народа, яго мову і фальклор. У працэсе жыццядзейнасці чалавек мяняе аблічча акаляючага прыроднага асяроддзя, надаючы яму характар культурнага ландшафту, а родны край (бацькаўшчына) становіцца для яго, як і для народа ў цэлым, гістарычнай спадчынай.

�апа Э�на��.gif

Вызначэнне этнічнай тэрыторыі і яе межаў належыць да ліку складаных навуковых праблем і патрабуе ўсебаковага этнаграфічнага аналізу і ўліку комплексу этнавызначальных прыкмет – мясцовых гаворак, нацыянальнай самасвядомасці, традыцый духоўнай і матэрыяльнай культуры, гістарычных перадумоў і інш. (звычайна перавагу аддаюць першым дзвюм). У некаторых выпадках этнічныя межы могуць супадаць з прыроднымі рубяжамі (гарамі, водападзеламі, рэдканаселенымі ляснымі масівамі, воднымі перашкодамі), аднак звычайна этнічнае сумежжа ўяўляе сабой зону супольнага пражывання суседніх народаў, этнакультурныя элементы якіх пастаянна ўзаемадзейнічаюць, утвараючы пераходны (міжэтнічны) варыянт народнай культуры. Этнічная тэрыторыя можа змяняцца ў выніку гістарычных катаклізмаў, каланізацыі, міграцыйнага руху, асіміляцыі й інтэграцыі, якія найбольш уласцівы перыферыйным зонам супольнага пражывання суседніх народаў. Стабільнасць этнічнай тэрыторыі залежыць таксама ад яе дзяржаўнай самастойнасці і ўмоў міжнароднага жыцця. Нярэдкія выпадкі, калі этнічная тэрыторыя народа ўваходзіць у склад дзвюх і болей дзяржаў.

Этнічная тэрыторыя беларусаў у розныя часы акрэслівалася неадназначна. Становішча ўскладнялася гістарычнымі ўмовамі, уваходжаннем этнічнай тэрыторыі беларусаў у поліэтнічныя дзяржавы, зменлівай этнапалітычнай і этнаканфесійнай сітуацыяй. У складзе Рэчы Паспалітай сама назва Беларусь (Белая Русь) ужывалася як абласная (правінцыяльная) для абазначэння верхняга Падзвіння і Падняпроўя: рэгіён Панямоння называлі ў той час Чорнай Руссю або Літвой, а паўднёвую частку сучаснай тэрыторыі – Палессем. На гістарычнай карце Польшчы 1740 г. Т.Кітчына тэрыторыя сучаснай Беларусі пазначалася пад назвай Літоўская Русь. На карце 1750 г. Т.Майера ўпершыню Белай Руссю названа амаль уся сучасная тэрыторыя ад Заходняга Буга на Поўдзень ад Брэста да верхняга Падзвіння (Палессе тут паказана як састаўная частка Белай Русі).

Пасля далучэння да Расеі [так у аўтара – Рэд.] Беларусь у афіцыйных дакументах сталі называць Заходняй Руссю, Заходнім ці Паўночна-Заходнім краем (назва Беларусь ужывалася пераважна для Віцебскай і Магілёўскай губерняў). Аднак у 2-й палове XIX ст. па меры накаплення і асэнсавання канкрэтнага фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу выявілася народнае адзінства на ўсёй сучаснай тэрыторыі Беларусі, а сама назва стала ўсё часцей ужывацца і для суседніх Мінскай, Гродзенскай, часткі Віцебскай і Смаленскай губерній. Згодна этнаграфічнаму атласу 1863 г. Ф.Эркерта, этнічная тэрыторыя беларусаў акрэслівалася ў межах Магілёўскай, Віцебскай (без ліфлянскіх паветаў), часткі Віленскай (па лініі Ашмяны – на Поўдзень ад Ліды) і Гродзенскай губерній. Эркерт падзяліў тэрыторыю Беларусі на 3 часткі: усходнюю (да Бярэзіны), заходнюю і паўднёва-заходнюю, або Падляссе, а беларускае насельніцтва гэтых рэгіёнаў утварала, на яго думку, адпаведна 3 групы: сапраўдных беларусаў, заходніх беларусаў, або чарнарусаў, і падляшан (найбольш апалячанай часткі беларусаў). Атлас 1864 г. А.Ф.Рыціха і складзеная ім “Этнаграфічная карта Еўрапейскай Расіі” (1875 г.) наступным чынам акрэслівалі тэрыторыю рассялення беларусаў: на Захад і на Поўдзень ад Сувалак (на Захад ад Беластока) і далей па рэках Нараў, Ясельда, Прыпяць да яе ўпадзення ў Дняпро, на Поўнач і Усход – паўночней Вільні, далей на Свянцы, Люцын, Вялікія Лукі, на Задах ад Вязьмы і Мгліна, далей па Дняпру да вусця Прыпяці. Пры этнічнай дыферэнцыяцыі насельніцтва (асабліва беларусаў і палякаў) Эркерт і Рыціх зыходзілі найперш з канфесіянальнай прыналежнасці.

Я.Ф.Карскі, М.В.Доўнар-Запольскі, а таксама члены Маскоўскай дыялекталагічнай камісіі пры складанні адпаведных карт (1903, 1915, 1919 гг.) кіраваліся этналінгвістычнымі прыкметамі [а яны важнейшыя; гл. вышэй – Рэд.] і пашыралі этнічную тэрыторыю беларусаў [так у аўтара; на справе трэба было напісаць: даказалі, што этнічная тэрыторыя беларусаў яшчэ большая – Рэд.] на правабярэжжа Прыпяці, а на Усход да Ржэва і Бранска (гл. мапу).

Тэрыторыя Беларускай ССР фарміравалася на аснове этнічнай тэрыторыі ў складаных гістарычных і міжнародных умовах. У выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі Беларусь атрымала сваю дзяржаўнасць (1.1.1919 г.). У склад БССР увайшлі Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губерніі, беларускія паветы Віленскай і Ковенскай губерній і заходнія паветы Смаленскай губерніі. Аднак з узмацненнем міжнароднага напружання БССР у складзе Мінскай і Гродзенскай губерняў была аб’яднана з Літоўскай ССР у адзіную рэспубліку; Магілёўская, Віцебская і Смаленская губерні былі далучаны да РСФСР. Пасля вызвалення часткі Беларусі ад палякаў БССР была адноўлена ў складзе 6 паветаў Мінскай губерніі (52,3 тыс. км кв); Заходняя Беларусь па лініі Верхнядзвінск – Негарэлае – на Захад ад Турава паводле Рыжскай мірнай дамовы (сакавік 1921 г.) адышла да Польшчы. У 1924 г. у склад БССР увайшлі 15 паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерній, а ў 1926 г. – Рэчыцкі і Гомельскі паветы, населеныя пераважна беларусамі. Тэрыторыя Беларусі склала 125,8 тыс. км кв. У верасні 1939 г. Заходняя Беларусь была ўз’яднана з БССР, а пазней г.Вільня з прылягаючай тэрыторыяй і частка прыгранічных раёнаў БССР перайшлі да Літвы. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў жніўні 1945 г. ПНР былі перададзены 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абласцей (! – Рэд.). Сучасная тэрыторыя БССР складае 207,6 тыс. км кв.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы