nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАША СТАЎЛЕНЬНЕ ДА РЭЛІГІЙНА-КАНФЕСІЙНАГА ПЫТАНЬНЯ Ў БЕЛАРУСІ (Д пр-п 8)

20 чэрвеня, 2006 | Каментары (1)

Рэдакцыя.

40 дзён галоўным кірункам нашай працы было прадстаўленьне матэрыялаў па тэме: “Рэлігійная сітуацыя ў Беларусі й аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу”. Пара падводзіць вынікі й вызначацца.

Адразу папярэдзім, усе сябры рэдакцыі не з’яўляюцца людзьмі глыбока веруючымі. Але і сказаць, каб мы былі атэістамі-богаборцамі, таксама не выпадае. У шэрагу з 5 груп людзей: атэісты (1-я група); людзі проста няверуючыя (2-я); малаверуючыя (г.зн. тыя, хто лічыць сябе вернікам, але амаль не наведвае царкву; 3-я група); сапраўдныя вернікі (4-я); фанатычна веруючыя (тыя, хто ня толькі глыбока веруе, дакладна выконвае ўсе патрабаваньні рэлігійных абрадаў, але і надзвычай актыўна прапагандуе сваю канфесію і царкву ў звычайным жыцьці; 5-я), – сябры нашай рэдакцыі пераважна належаць да 2-й і 3-й груп. Таму, як нам здаецца, мы можам адносна спакойна глядзець на рэлігійна-канфесійныя праблемы ў Беларусі, зыходзячы з нашай стратэгічнай пазіцыі – г.зн. з АБ’ЕКТЫЎНЫХ ІНТАРЭСАЎ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ.

Акрамя таго, мы не кансерватары і не лібералы. Мы не за поўную нязьменнасьць старога і не за права кожнага індывіда паводзіць сябе ў жыцьці так, як быццам бы ўвесь Сьвет яго жыцьцём пачынаецца і заканчваецца. Класічныя кансерватызм і лібералізм мы лічым скрайнасьцямі. Мы – за натуральную ПЕРАЕМНАСЬЦЬ паміж дасягненьнямі мінулых пакаленьняў усяго нашага народу й іх прагрэсіўнае персьпектыўнае разьвіцьцё, скіраванае ў неабмежаваную будучыню. Мы цэнім ўсе дасягненьні нашых продкаў як нашы базавыя каштоўнасьці й лічым, што мы чагосьці вартыя і чагосьці істотнага можам дасягнуць толькі, калі будем ісьці ўперад, абапіраючыся на іх. Да такіх каштоўнасьцяў мы адносім і РЭЛІГІЙНЫЯ ТРЫДЫЦЫІ НАШАГА НАРОДА.

На сёньня мы наступным чынам уяўляем аптымальную ўключанасьць рэлігійнага мінулага і будучыні нашага народу ў яго аб’ектыўныя інтарэсы:

1. Галоўнае – гэта сам народ, яго самастойнае, свабоднае, дзяржаўнае існаваньне і прагрэсіўнае персьпектыўнае неабмежаванае разьвіцьцё. Таму мы не прыхільнікі падпарадкаваньня аб’ектыўных інтарэсаў нашага народу хрысьціянскай ці якой небудзь іншай рэлігійнай дактрыне. Мы не зьбіраемся дзяліць беларусаў па прыналежнасьці да той ці іншай царквы альбо канфесіі, гатовыя супрацоўнічаць і аб’ядноўвацца як зь веруючымі, так і зь няверуючымі прадстаўнікамі нашага народу, як зь беларусамі-язычнікамі, так і беларусамі-хрысьціянамі. Галоўнае, каб гэтыя людзі таксама імкнуліся зьдзяйсьняць АБ’ЕКТЫЎНЫЯ ІНТАРЭСЫ НАШАГА НАРОДУ. Аднак, пры ўсім тым мы лічым, што нацыянальныя вера, канфесія, царква зьяўляюцца важнымі кампанентамі ГІСТОРЫІ, КУЛЬТУРЫ, ВЫХАВАНЬНЯ, усёй ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЙ РЭЧАІСНАСЬЦІ любога народа (у тым ліку і нашага – беларускага), важкімі фактарамі яго ЯДНАНЬНЯ. Таму мы таксама не зьбіраемся ні адкідаць, ні ігнараваць гэтую каштоўнасьць.

2. Мы не адмаўляемся ад усіх рысаў беларускага сьветагляду, якія засталіся зь язычніцкіх часоў і выяўляюць сябе ў язычніцкіх сьвятах (напрыклад, Купальле, Каляды, Дзяды), казках, прымаўках, кпінах, іншых элементаў фальклору. Гэта нашы несумніўныя прыгожыя нацыянальныя каштоўнасьці больш. Яны далучаюць наш народ да агульнацывілізацыйнай гісторыі чалавецтва ў шмат тысячагоддзяў, да яго дасягненьняў яшчэ з дахрысьцінскай пары… Але мы мусім прызнаць, што апошнія 1000 гадоў сьветагляд беларусаў разьвіваўся пад дамінуючым уплывам Новазапаветнага, хрысьціянскага веравызнаньня. У межах апошняга нашай першай канфесіяй (і абсалютна дамінуючай на працягу больш, чым 500 гадоў) зьяўляецца ПРАВАСЛАЎЕ.

3. Аднак апошнія сотні гадоў (і па сёньняшні дзень) на тэрыторыі Беларусі праваслаўная канфесія праз Рускую Праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату (РПЦ МП) выкарыстоўваецца абсалютным ворагам нашага народа – імперскай Масквой, як прылада імперскага захопу і падпарадкаваньня. РПЦ МП ужо даўно стала адным з кампанентаў сістэмы расейскай імперскай бюракратыі. Што можна казаць пра іншае, калі й у наш час уся бюракратыя гэтай царквы, уключаючы вышэйшых гіерархаў, фактычна прызначаецца КГБ-ФСБ. Гэта азначае, што ў РПЦ МП як мінімум няма ні духоўнасьці, ні сьвятасьці. Засталася толькі абалонка, шкарлупіна…

4. Значэньне выкарыстаньня РПЦ МП для закабаленьня нашага народа добра разумелі нашы продкі. У якасьці сродкаў абароны яны спрабавалі выкарыстоўваць пераход у іншыя хрысьціянскія канфесіі (пратэстантызм, каталіцызм) ці стварэньне новай (уніяцтва). Мы прызнаем мудрасьць і ахвярнасьць нашых продкаў, прызнаем іх сапраўднымі беларускім патрыётамі й сьхіляем перад імі галовы. Яны рабілі для свайго народу, што маглі. Але, гісторыя паказала ў цэлым бесперсьпектыўнасьць дадзеных падыходаў, у тым ліку й імкненьне стварыць новую канфесію – уніяцтва. Ахвярныя спробы аб’яднаць каталіцызм і праваслаўе прывялі да агрэсіі з абодвух бакоў. Беларускі народ свой доўг перад людскай цывілізацыяй выканаў. Цяпер праблемай яднаньня дзьвюх галін хрысьціянства няхай займаюцца іншыя. Мы цэнім уніяцтва, як гістарычную каштоўнасьць, як доказ альтруістычнасьці беларусаў, але сумняемся ў тым, што яно ў будучыні зможа быць грамадска-палітычным механізмам ратаваньня і ўмацаваньня нашай нацыі.

5. Яшчэ больш ськептычнае стаўленьне ў нас да каталіцызму, выкарыстаньне якога для апалячваньня беларусаў польскімі шавіністамі й імперыялістамі немагчыма не заўважыць (больш за тое, ГЭТЫЯ ПРАЦЭСЫ НЕ СПЫНЕНЫЯ, ЯНЫ ПРАЦЯГВАЮЦЦА!). Мы гэта бачым і прабачаць ці ігнараваць не зьбіраемся… Толькі поўнае вяртаньне да зыходнага стану і кампенсацыя нанесеных страт – вось адзіны рэцэпт нармалізацыі беларуска-польскіх адносін, які мы прызнаем.

6. У гэтых абставінах найлепшым выйсьцем зь сітуацыі (у сэнсе апоры на нейкую стрыжневую хрысьціянскую канфесію, якая б спрыяла захаваньню нашай самастойнасьці), мы лічым курс на стварэньне і ўмацаваньне ў нашых этнічных межах БЕЛАРУСКАЙ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ (БАПЦ). Па-першае, усе беларусы павінны ведаць, што ў наш час толькі БАПЦ мае ўсе рысы нацыянальнай царквы. Па-другое, усе праваслаўныя хрысьціяне павінны ведаць, што шлях на ўмацаваньне і разьвіцьцё БАПЦ з пазіцый хрысьціянсткай веры і праваслаўя зьяўляецца абсалютна легальным. У сьвеце ёсьць шмат нацыянальных праваслаўных цэркваў – грузінская, армянская, грэцкая, румынская, баўгарская, сэрбская, іншыя. У стане станаўленьня знаходзіцца Украінская Праваслаўная царква. Акрамя таго, вышэйшая ўлада ў праваслаўі знаходзіцца НЕ ў Алексія ІІ (!), а ва Усяленскага Канстантынопальскага Патрыярха. Менавіта ён, а ня нехта іншы, зьяўляецца для праваслаўных “прадстаўніком Бога на зямлі”. Мы заклікаем усіх беларусаў, якія ёсьць сапраўднымі веруючымі хрысьціянамі й патрыётамі, выходзіць з акупацыйнай РПЦ МП. Ня варта падманвацца, што Праваслаўная царква ў Беларусі зараз завецца “Беларускай” – гэтая структура, як і раней, усяго толькі экзархат РПЦ МП, а Філарэт Менскі зьяўляецца экзархам (прызначэнцам) Алексія ІІ. Адначасова заклікаем далучацца да Беларускай Аўтакеальнай Праваслаўнай Царквы. Толькі тут сёньня прысутнічаюць сапраўдная духоўнасьць і сьвятасьць…

Каб лепш уявіць значэньне розных хрысьціянскіх цэркваў у Беларусі, мы прапануем наступную сьхему.

Ц��кв�.gif

Ніжэй чырвонай лініі на ёй паказаны тыя рэлігійныя арганізацыі, якія падтрымліваюць сучасны антыбеларускі рэжым, інсьпіраваны сіламі, варожымі для нашага народу. Сярод такіх рэлігійных арганізацый (ніжэй чырвонай лініі) на першым месцы канешне жа РПЦ МП, якая на сёньня, як дакладна вядома, зьяўляецца часткай расейскай імперскай бюракратыі.

Значна вышэй за РПЦ (і ў асноўным вышэй чырвонай лініі) знаходзяцца каталіцкая, пратэстанцкія і уніяцкая канфесіі (праўда, у каталіцкай царквы рэпутацыя істотна “падмочана”). Сьвятары названых канфесій у асноўным фармальна супрацоўнічаюць зь цяперашнімі ўладамі. Больш за тое, сярод сьвятароў гэтых цэркваў ёсьць і сапраўдныя патрыёты Беларусі (асабліва ва уніяцкай царкве), але ў цэлым, у наш крытычны час гэтыя цэрквы, падзяляючы Бога і народ, хаваюцца ў свае царкоўныя справы (якія аб’яўляюцца важнейшымі за тое, што адбываецца з нашым народам у рэальным жыцьці) і ўхіляюцца ад таго, каб актыўна засьведчыць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да этнацыднай дыктатуры, апанаваўшай Беларусь. У некаторых з гэтых цэркваў зрэдку можна нават пачуць хлусьлівы выраз (у РПЦ МП ён зьяўляецца ключавой формулай намаўленьня): “Усялякая ўлада ад Бога”. Так яны спрабуюць апраўдаць сваю апартуністычную пазіцыю. Хаця ўсім адукаваным і сумленным людзям вядома: АД БОГА – НАРОД, ЁН – КРЫНІЦА ЎЛАДЫ, а МЭТА ЎЛАДЫ – СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ…

І толькі адна царква сёньня поўнасьцю адпавядае крытэрам Праўды – гэта Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква. Толькі тут Праўда казаньняў і ўчынкаў супадаюць. Зразумела, гэта цяжка. БАПЦ з’яўляецца галоўным аб’ектам нападак з боку рэжыма й імперскіх сіл Расеі, але менавіта таму на сьхеме дадзеная царква знаходзіцца найбольш высока. Бо рысы, найбольш неабходныя беларускаму народу для яго нацыянальна-дзяржаўнага і духоўнага адраджэньня, прысутнічаюць менавіта ў прадстаўнікоў дадзенай царквы!

Такім чынам, прызнаючы беларускасьць беларусаў іх галоўнай якасьцю, прызнаючы іх права быць вернікамі любой традыцыйнай у Беларусі хрысьціянскай царквы альбо быць няверуючымі ці язычнікамі, мы, тым ня менш, заклікаем прызнаць, што ў межах хрысьціянства нашай галоўнай традыцыйнай канфесіяй зьяўляецца праваслаўе, а наша сьветлая персьпектыва ў рэлігійнай сьферы зьвязана найперш з Нацыянальнай Царквой, якой на сёньня зьяўляецца Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква! Давайце лічыць гэты падыход нашым чарговым дактрынальным прынцыпам (Д пр-п 8).

Каментары (1)

  1. Ihar кажа:

    Як вы самі сябе акрэсьлілі – большасьць з вас – людзі няверуючыя або малаверуючыя. таму і ўзяліся не за сваю справу. Адпаведна тое, што вы тут прапануеце, па тых самых крытэрах, мала чым розьніцца ад таго, што прапануе РПЦ + КГБ-ФСБ. Адно што кантраляваная Царква ў вас будзе нацыянальная беларуская…
    БАПЦ да таго ж, на якую спасылаецеся, рэальна не існуе ў Беларусі. А ў іншых краінах гэтае паняцьце (БАП Царква) даволі ўмоўнае, бо нават з той горсткі ў адну-дзьве сотні вернікаў, невядома хто каму падпарадкоўваецца і каго з япіскапаў вызнае. Ці ня большасьць прыходаў беларускіх эмігрантаў наогул належыць розным юрысдыкцыям ды трымаюцца падалей ад таго, што ёсьць сёньня БАПЦ. Страшэнная перасваранасьці ды праблемы з апостальскай пераемнасьцю і законнасьцю сьвячаньняў ставяць пад вялікае пытаньне гэтую супольнасьць, якую часам нават цяжка назваць царкоўнай. Хутчэй грамадзка-культурнай з палітычным ухілам.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы