nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ І СТРАТЭГІЧНАЕ ПЛАНАВАННЕ ЭТНАГЕНЭЗУ. Частка ІІ (кБНІ)

7 жніўня, 2006 | Няма каментараў

Ігар Міклашэвіч

А. Нацыянальная эканамічная ідэя (НЭІ).

Паколькі асноўная роля нацыянальнай эканомікі – найлепей задавальняць патрэбы людзей, існуе нават падабенства фармулёвак адносна галоўнай мэты эканомікі і становішча, да якога імкнецца сацыяльная сістэма. Асабліва істотнае гэтае супадзенне для тых краінаў, якія можна лічыць пераважна монанацыянальнымі (Беларусь, з пэўнымі заўвагамі, трэба адносіць менавіта да гэтае катэгорыі, Расію – безумоўна не). Адрозненне палягае хіба што ў часовых параметрах, на якіх разглядаецца дзеянне гэтых сістэмаў. Для эканамічных мадэляў гэта часу 5-50 гадоў, для этнічных, па-за межамі крызісных сітуацый – сотні гадоў. Як асноўны элемент структуры ў нацыянальнай эканоміцы вылучаюць гаспадарчы механізм, які і павінен несці асноўныя рысы нацыянальнай адметнасці. Такім чынам мы можам разглядаць тыповую сінергетычную сістэму [ 5 ], дзе агульнае становішча сістэмы вызначаецца нелінейнай суперпазіцыяй доўгамодавага (этнічнага) і кароткамодавага (эканамічнага) становішча. Тым болей абгрунтаваным выглядае гэтае меркаванне, таму што досыць даўно прызнана, што рынкавы механізм па сваёй сутнасці ёсць інфармацыйная сістэма, і асноўнымі зменнымі параметрамі і доўгамодавай і кароткамодавай сістэмы з’яўляецца інфармацыя, а выніковыя параметры адной сістэмы (эканамічнай) ёсць уваходныя параметры сістэмы вышэйшага рангу.

Асаблівасці беларускай нацыянальнай эканамічнай ідэі заключаныя ў тым, што мы павінны быць гатовыя да таго, што ў нейкі, не такі аддалены, час нацыянальная эканоміка як з’ява перастане існаваць. Гэта выклікана шматлікімі прычынамі, асноўныя з якіх: далейшая дэградацыя асноўнай часткі насельніцтва як асноўнага носьбіта эканомікі і яе дзейснага элементу, узмацненне сістэмнага эканамічнага крызісу (пераход кароткачасавай моды ў хаатычны рэжым), калапс дзяржавы, якая абслугоўваецца эканомікай.

Таму ў адным з пунктаў НЭІ належыць знайсцi крынiцу iснавання рэшткаў народа, калi працэсы дэградацыi i распаду яшчэ паскорацца i ўзмацняцца. На жаль — хаця па цяперашняй сiтуацыi, магчыма, i на шчасце — бясплатных і багатых радовішчаў нафты, якую можна было проста пампаваць альбо хаця б здаць у канцэсію некаму, хто б кампаваў і для ўсяго насельніцтва Беларусі забяспечваў мінімальны пражыткавы мінімум на роўні простага харчовага спажывання,  у нас няма. Падобны варыянт не ўтопія: была ж у свой час прапанова ад Мэдэльінскага картэлю пагасіць знешні доўг Калумбіі наўзамен спакойнай дзейнасці.

Мы адмыслова нiчога не кажам пра развiццё вытворчасцi, перадавыя тэхналогiі i г.д. Усялякая сучасная тэхналогiя без своечасовай мадэрнiзацыi i ўдасканальвання праз дзесяць гадоў робiцца ўчорашнiм днём, неэфектыўным i неапраўданым для выкарыстання (можна зноў прыгадаць працэс выкарыстання i знiкнення iнавацый). I нават калi мы зараз закупiм цi распрацуем найдасканалейшую тэхналогiю ў якой-небудзь галiне прамысловасцi, праз пяць гадоў абнавiць яе ўжо не будзе каму, бо ровень творчай актыўнасцi на стадыi этнацыду падае iмклiва, i з кожным годам усё менш i менш людзей будуць ПАПРОСТУ РАЗУМЕЦЬ, пра што iдзе гаворка ў тэхнiчных даведнiках ды iнструкцыях. Прыкладу шукаць недалёка. Колькі грошаў фундавана апошнім часам на закуп найноўшага абсталявання і тэхналогіяў. Усе праекты праходзілі экспертызу на валютную акупнасць і г.д. І дзе ёсць тая валютная акупнасць? Растлумачыць гэта толькі памылкамі альбо прыватнымі інтарэсамі распрацоўшчыкаў немагчыма. Сiмптомы працэсу заняпаду ўжо вiдавочныя: акрамя панiжэння долi працаздольнага на-сель-нiцтва ў агульнай колькасцi насельнiцтва ў Беларусi (працэсы старэння насельнiцтва характэрныя для многiх краiн свету), назiраецца таксама змяншэнне агульнай колькасцi насельнiцтва — i гэта пры каласальным аб’ёме мiграцыйных працэсаў, што непасрэдным чынам закранаюць Беларусь i статыстычна прыхоўваюць гэтае панiжэнне. Гэтаксама, толькi больш высокiмi тэмпамi, памяншаецца i агульная колькасць навучэнцаў i моладзi. У дадатак сярод iмiгрантаў пераважаюць зусiм не тыя, хто здольны падвысiць пасiянарнасць карэннага насельнiцтва. Як вынiк, панiжаецца колькасць i якасць навучання як сярэдняга, гэтак i вышэйшага, i мы трапляем у зачараванае кола, выйсця з якога на сённяшнi момант не вiдаць [усе гэтыя працэсы «запушчаны» сучасным этнацыдным кіраўніцтва Беларусі – Рэд.].

Таму НЭІ павінна зыходзіць з таго, што эканомікі зараз няма (ва ўсялякім выпадку, таго, што ў свеце разумеюць пад эканомікай), і яна мусіць фармаваць САМУЮ АДДАЛЕНУЮ ЭКАНАМІЧНУЮ ПЕРСПЕКТЫВУ, ЯКАЯ ЎВОГУЛЕ ПРЫНЯТА Ў ЭКАНАМІЧНЫМ ПЛАНАВАННІ.

Б. Нацыянальная дзяржава.

Асноўнае пытанне, на якое мы мусім зараз адказаць: будуем мы дэмакратычнае грамадства цi нейкае iншае? Гэта не так трывiяльна, як здаецца на першы погляд. Цi мы iмкнемся да пабудовы працэдурнай дэмакратыi, калi ў грамадстве пануюць законы, а не канкрэтна абраныя для ажыццяўлення прадстаўнiчых функцыяў асобы? Або мы iмкнемся да ажыццяўлення ЗМЯСТОЎНАЙ (ПРАГРЭСIЎНАЙ) ДЭМАКРАТЫI? На гэтым, другiм шляху, што пачынаецца ад Рабэсп’ера i Ленiна, прымат iндывiдуальнай свабоды цалкам адхiляецца.  Але ж якраз гэтай другой дэмакратыі мы ўжо пакаштавалi напоўнiцу [ужо хто-хто, але Ленін, Сталін і г.д. да сапраўды зьмястоўнай дэмакратыі ня маюць аніякага дачыненьня – Рэд.]. Цi не таму сёй-той i дагэтуль толькi такiм чынам успрымае саму дэмакратыю? Асноўныя прыкметы ўсталявання новых дэмакратый агульнавядомыя: вольныя выбары i справаздачнасць перад выбаршчыкамi, наяўнасць юрыдычных нормаў, НАКIРАВАНАСЦЬ ПАЛIТЫКI НА IНТАРЭСЫ НАРОДА. Але ж магчыма, што, не маючы нiякага палiтычнага досьведу, бальшыня будзе зацiкаўлена ў пабудове папулiсцкай дэмакратыi, характэрнай раней толькi для Лацiнскай Амэрыкi. У гэтай сiтуацыi сфальсiфiкаваныя альбо напалову сфальсiфiкаваныя выбары прыводзяць да ўлады асобаў, што абяцаюць народу вызваленне ад хлуслівых палiтыкаў, абяцаюць вялікую чыстку ад парламенцкай альбо алiгархiчнай карупцыi. Мяркуючы па цяперашнiх падзеях, у Беларусi ажыццяўляецца менавiта гэткi сцэнар, i можна цалкам пагадзiцца з Гi Эрмэ, што маладыя дэмакратыi звычайна кволыя, слабыя, бедныя на сродкi кантролю I ПРЫМУСУ, часам нават абцяжараныя ліхой воляй цi непадпарадкаваннем ваенных або цывільных кадраў, ЯКIЯ ЯНЫ АТРЫМАЛI Ў СПАДЧЫНУ АД ДЫКТАТУРЫ, ШТО IМ ПАПЯРЭДНIЧАЛА. I ў такой сiтуацыi, асаблiва характэрнай для папулiсцкай дэмакратыi, вельмi цяжка разабрацца, цi гэта яшчэ дэмакратыя, цi ўжо аўтарытарызм [лукашызм – гэта канешне жа не дэмакратыя – Рэд.].

Мы ўсе (гаворачы гэтак, я маю на ўвазе народ, народную свядомасць) зараз зноў жывем, асветленыя адзiна слушным меркаваннем, падпарадкаваныя гiганцкаму iдэалагічна-палiтычнаму праекту, якi мае наперадзе добра бачную i абсалютна канкрэтную мэту. I iнiцыятарам праекта здаецца, што гэтае мэты дасягнуць зусiм нескладана, дастаткова толькi асабiста кожнаму давесцi i патлумачыць яе ды персанальна прасачыць, каб усе iшлi ў патрэбным кiрунку. Такую апантанасць i такое стаўленне да эксперыментаў над масамi мы ўжо таксама разбiралi. Але хто ведае, магчыма, менавiта гэткая грамадская сiстэма больш пасуе колькасна дамiнавальнаму субэтнасу на дадзеным гiста-рычным кругабегу? Тым болей з гледзішча эканомiкi вядомыя выпадкi, калi ўсталяванне дыктатуры спрычынялася да значнага эканамiчнага росту (дыктатура Пiначэта ў Чылi). Але менавiта таму, што ў Чылi назiраўся эканамiчны рост, дыктатура там даволі хутка была замененая на больш-менш дэмакратычны грамадскі лад. Iншыя лацiнаамэрыканскiя дыктатуры (Аргенцiна, Гаiцi), шматлiкiя афрыканскiя краiны сведчаць, што гэтыя прыклады станоўчага развiцця хутчэй выключэнне, чым правiла. Мусiць, ахлакратычныя дыктатуры ўвогуле самы агiдны тып дзяржаўнага ўладкавання. Нездарма Вальтэр аддаваў перавагу адукаванаму манарху перад плебсам i ягонай уладай. Але ж ад аўтарытарызму да дыктатуры ўсяго нейкай паўпрыступкi.

Паўстае пытанне, якое дачыненне мае этнагенэз да грамадскага ладу краiны. Сутнасць вельмi простая. Развязанне пытання аб ладзе, які існуе, і ладзе, які будуецца, неабходнае перадусім для ацэнкі магчымай рэакцыі суседзяў — i блiзкiх i аддаленых — на магчымыя вельмi “спецыфiчныя” падзеi ў Беларусi ў блiжэйшым часе i ў пэўнай перспектыве. Адпаведна са спалучнасцю гэтых фактараў неабходна iмкнуцца да правядзення тае цi iншае замежнае палiтыкi. Натуральна, гэта будзе не дзяржаўная палiтыка, але ж вядома, што вельмі часта зусiм не ўрад рэпрэзентуе той цi iншы этнас па-за ягонымi межамi. Акрамя таго, i нам самiм хацелася б ведаць, чаго можна чакаць ад улады.

В. Забеспячэнне міжнародных гарантыяў захавання status quo.

Апошнiя дзвесце гадоў Беларусь не мела ўласнай незалежнай мiждзяржаўнай палiтыкi, таму тут назапасiлася багата неўрэгуляваных пытанняў. Спектр iх вельмі шырокi, i ўзнiкаць яны могуць абсалютна нечакана. Гэта могуць быць i пытаннi ПРА МЕЖЫ I ТЭРЫТОРЫІ, якія фармальна-юрыдычна нібыта і развязаныя на цяперашнi момант, але ўвесь час цепляцца пад прысакам гiстарычнае памяцi. Гэта могуць быць пытаннi ВЯРТАННЯ КУЛЬТУРНА-ГIСТАРЫЧНЫХ НАБЫТКАЎ — цi то сваiх, цi то суседскiх. Гэта могуць быць i пытаннi ўвогуле iснавання Беларусi дэ-юрэ. Хаця менавiта апошнi пункт на самай справе можа быць i не самым iстотным, бо нашыя наступнiкi будуць мець патрэбу ў нейкай міфалагічнай гiстарычнай прарадзiме для стварэння ўласнага гiстарычнага мiфа, i яны здолеюць аднавiць гэтую прарадзiму нават у вельмі неспрыяльных варунках навакольнага атачэння.

Прынцыпова міжнародныя гарантыі патрэбныя для таго, каб хаця нейкі час, пасля дасягнення Беларуссю ў сваім развіцці пункту сістэмнага крызісу (такія пункты заўжды існуюць ў сінергетычных сістэмах) пазбавіць яе пагрозы гвалтоўнага знешняга ўплыву і знешняй рэгуляцыі этнагенэзу. Зразумела, што гэтыя гарантыі не могуць дзейнічаць працяглы час: гісторыя перасцерагае нас ад падобных спадзяванняў; але ў крытычных пунктах нават нязначнае змяненне знешніх варункаў прыводзіць да істотнага змянення траекторыі руху сістэмы ў фазавай роўніцы (сістэма знаходзіцца ў моцна нелінейным стане).

Увогуле, пытанне забеспячэння iснавання дзяржавы ў сітуацыі працяглага крызісу застаецца пакуль неразвязаным. Наяўныя планы развiцця Беларусi нi ў якiм разе не ўлiчваюць тэндэнцыi заняпаду i папросту iгнаруюць пытаннi стратэгiчнага развiцця. Адзiнае простае развязанне можа iснаваць толькi ў выпадку, калi Беларусь будзе або анексавана сiлком, або свядома, заканадаўчым чынам, далучыцца да каго-небудзь з суседзяў. Улада ў асобе Лукашэнкi iнстынктыўна знайшла гэтае выйсце i актыўна імкнецца ў Расею. Спрыяюць гэтаму i асаблiвасцi расейскага менталiтэту (псіхалогія “вялікасці” нацыі), якiя Лукашэнка паспяхова эксплуатуе. У такім разе новы гаспадар сам вымушаны будзе нейкiм чынам забяспечваць iснаванне нованабытых тэрыторый. I не выключана, што замест чаканага паляпшэння мы пасля iнкарпарацыi атрымаем толькi безумоўнае пагаршэнне i ў дадатак рэзка адмоўны псiхалагiчны клiмат у метраполii. Таму не хацелася б сур’ёзна разглядаць гэты варыянт развiцця падзеяў. Варта паспрабаваць усё-такi знайсцi варыянты захавання незалежнасцi.

Незалежнасць дазволiць пазней, пры новым адраджэнні нацыянальнай свядомасці, пазбегнуць вайсковых i iншых сутыкненняў, бо падзеi, што адбываюцца ў межах суверэннае дзяржавы, па вялiкiм рахунку ёсць справа суверэннае дзяржавы, асаблiва калi яны не надта парушаюць прызнанае сусветам сужыццё i ўзаемадзеянне. У якасці магчымага варыянту мы маглі б прапанаваць наступнае. Ужо існуюць вядомыя прэцэдэнты, калі пэўныя тэрыторыі прызнаюцца не падуладнымі нічыёй юрысдыкцыі (статус Антарктыды). Фактычна гэта ёсць міжнародны даследчы палігон. У межах наяўнай на сённяшні дзень незалежнасцi мы маглi б фактычна прызнаць сябе ці то рэзервацыяй, ці то палігонам мiжнароднай значнасцi для адсочвання сцэнараў памiрання нацыi (ствараюць жа i ўтрымлiваюць запаведнiкi, дзе вымiраюць чорныя насарогi альбо рэдкiя птушкi). I гэты выпадак быў бы для нас, вiдаць, найлепшым, i менавiта яго дасягненне трэба было б прызнаць ГАЛОЎНАЙ МЭТАЙ БЕЛАРУСКАЙ ДЫПЛАМАТЫI НА ЦЯПЕРАШНІМ ЭТАПЕ. Такі статус быў бы найбольш выгодным мiжнародным статусам i для ўлады, бо пакiдаў бы ёй поўную нутраную свабоду дзеянняў — ва ўсялякім запаведнiку аднаўленчая дзейнасць чалавека непажаданая. Мы ўжо з’яўляемся планетарнага маштабу палiгонам па ўздзеяннi радыяцыi на чалавека, але не атрымлiваем за гэта практычна нiчога, бо праблема здаецца бальшыні чалавецтва дастаткова абстрактнай i прыватнай. Здаецца, гэта звязана з не зусім слушна расстаўленымі акцэнтамі ў апісанні катастрофы і яе наступстваў. Напіраць неабходна не на слязлівыя просьбы аб дапамозе – гэта не цікава нікому: што адбылося, тое ўжо адбылося, – А НА РЭАЛЬНАЕ ДАСЛЕДАВАННЕ СІТУАЦЫІ І ЯЕ ЎПЛЫВУ НА ЗЯМЛЮ Ў ГЛАБАЛЬНЫМ МАШТАБЕ. Здолелі ж навукоўцы давесці, што знішчэнне трапічных лясоў пагражае глабальнай экалогіі, і не адныя навукоўцы гэтаксама змагацца спрабуюць глабальна. Менавіта такую самую глабальнасць небяспекі і ўплыву не здолелі давесці да сусветнай свядомасці ў выпадку Чарнобыльскай катастрофы.

Г. Гадаванне наступнікаў.

Найбольш важным пытаннем нацыянальнай ідэі, якое неабходна развязаць у бліжэйшы час, ёсць гадаванне нашых наступнікаў. Безумоўна, нягледзячы на ўсе неспрыяльныя варункі, Беларусь ва ўсялякім разе не знялюдзее дарэшты — імігранты запоўняць яе, калі шчыльнасць этнасу і напруга поля жыццядзейнасці зменшыцца ніжэй за крытычную мяжу. Гэта можа быць зусім не найгоршым варыянтам, таму што ніжэйшыя прыступкі іміграцыйнай піраміды (злодзеі, люмпены, чорнарабочыя, etc.) запаўняюцца ўжо зараз, калі яшчэ існуе інерцыя процідзеяння карэннага этнасу. Надалей для замацавання на новай этнічнай тэрыторыі імігранты павінны валодаць усё больш высокім стваральным патэнцыялам. Аднак у гэтым разе казаць аб перспектывах уздыму на новы этап развіцця менавіта беларускага этнасу не выпадае. Але можна смела сцвярджаць, што ПОКУЛЬ ІСНУЕ ХАЦЯ Б ВЕЛЬМІ ВУЗКАЕ КОЛА ЛЮДЗЕЙ, ЯКІЯ АТАЕСАМЛЯЮЦЬ СЯБЕ МЕНАВІТА З БЕЛАРУСКІМ ЭТНАСАМ, ІСНУЕ МАГЧЫМАСЦЬ АДРАДЖЭННЯ НАЦЫІ. Таму мы мусім цяпер СТВАРЫЦЬ ПРАГРАМУ СЕЛЕКЦЫІ І ПАДТРЫМКІ ТЫХ ПРАДСТАЎНІКОЎ ЭТНАСУ (НАЙПЕРШ МОЛАДЗІ), ЯКІЯ ПА СВАІХ ЗДОЛЬНАСЦЯХ МОГУЦЬ ЗАПАЧАТКАВАЦЬ НОВУЮ АКТЫЎНУЮ І ДЗЕЙНУЮ ГЕНЕРАЦЫЮ, няхай нават за кошт астатніх.

Існуюць “каляўладныя” спробы стварэння такіх праграмаў, але ім бракуе разумення накіраванасці гэтай селекцыі. А праграма падтрымкі, у якой фармулююцца абстрактныя або толькі тактычная мэты, — нежыццяздольная, бо НІХТО РЭАЛЬНА НЕ ЗАЦІКАЎЛЕНЫ Ў ЯЕ ВЫКАНАННІ. Тое вылучэнне, што адбываецца цяпер, не ёсць вылучэннем па прыкмеце лепшасці, яно пабудавана ВЫКЛЮЧНА ПА КРЫТЭРУ “НАБЛІЖАНАСЦІ”. Чым такое вылучэнне сканчаецца, добра відаць у рэчаіснасці.

Дарэчы, якраз гэтая праграма падтрымкі лепшых павінна выклікаць найбольшае зацікаўленне і падтрымку сусветнае супольнасці, таму што толькі такім чынам супольнасць з мінімальнымі фінансавымі выдаткамі рэальна можа пазбегнуць фармавання зоны зацяжнога канфлікту ў цэнтры Эўропы. Ліквідацыя наступстваў канфлікту будзе каштаваць эканоміцы аб’яднанай Эўропы нашмат болей, чым яго перадухіленне. Вялікі вопыт гадавання эліты назапашаны ў свеце. Можна ўзяць, напрыклад, вопыт колішніх каланіяльных імперыяў, якія ўладарылі не адно сілай, але і лепшай падрыхтоўкай кадраў, мазгоў. Пры гэтым метраполіі ніколі не грэбавалі гэтаксама рэкрутаваннем у свае шэрагі найбольш здольных прадстаўнікоў любых мясцовых народаў, якія ўспрымалі светапогляд і перакананні цэнтру. Таму што атаесамленне з тым ці іншым этнасам зусім не залежыць ад месца нараджэння, але выклікаецца выключна ўласным адчуваннем (напрыклад, Багдановіч, вялікі беларускі паэт, які спазнаў Беларусь ужо толькі свядома, дарослым) [да 5 гадоў М.Багдановіч жыў у Беларусі, у Гародні – Рэд.]. КАЛІ Ў БЕЛАРУСІ З’ЯВІЦЦА ЭЛІТА, НАЛЕЖЫЦЬ ДА ЯКОЙ У МАСАВАЙ СВЯДОМАСЦІ БУДЗЕ ГАНАРОВА, І ГЭТАЯ ЭЛІТА БУДЗЕ АДНОСІЦЬ СЯБЕ ДА БЕЛАРУСАЎ, ЯНА БУДЗЕ КАТАЛІЗАТАРАМ БЕЛАРУСКАЙ ІДЭІ Ў ТЫХ, ХТО ПА ЎЛАСЦІВАСЦЯХ ЧАЛАВЕЧАЕ ПРЫРОДЫ БУДЗЕ ІМКНУЦЦА ДА ЭЛІТЫ. Ідэя элітнасці (= прыналежнасці да беларусаў) пачне разыходзіцца як колы на вадзе. У гэтым выпадку не выпадае гаварыць аб «свядомых» ці «несвядомых» беларусах, бо ўвогуле само штучнае падзяленне ёсць прыкмета крызісу (пункта біфуркацыі).

Для гадавання і фармавання эліты неабходнае стварэнне адпаведнай інфраструктуры. Найперш гэта мусіць быць сістэма адукацыі. (Галоўнае, яна не павінна быць масавай! Сарбона ці Оксфард адныя ў свеце!) Канешне, у гэтым плане стварэнне Беларускага ўніверсітэту выглядае надзвычай актуальным. (Дарэчы, ці не таму ідэя ягонага стварэння сутыкаецца з такімі цяжкасцямі?) [І тут, сапраўды, немагчыма не зьвярнуць увагу, што гэтыя думкі віталі ў Беларусі ў 1999 годзе. Разьлік быў на “цывілізаванасьць”, “дэмакратызм”, “гуманістычнасьць” Захаду і яго фінанасавую падтрымку (хаця, як бачыце, “цяжкасьці” ўжо тады адчуваліся). Прайшло 7 гадоў, і што мы бачым? Замест Беларускага Нацыянальнага Універсітэту, які павінен быў стаць гэткім “беларускім Кембрыджам” па гадаваньні беларускіх нацыянальных кадраў, каб спрафанаваць ідэю, пэўнымі сіламі (падкрэсьлім, прыйшоўшымі на гэты раз з Захаду) быў створаны “Еўрапейскі гуманітарны універстэт”. Цяпер там – у ЕГУ (= ЭГУ) – наадварот, пануюць беларусафобскія настроі. Гэта яскравы прыклад таго, што і на Захадзе ёсьць нейкія сілы, якія ведаюць, што, калі ня даць адукацыю нацыянальнай эліце, гэта аслябляе нацыю ня горш, чым забойства лепшых з гояў.  Выяўляць усе ГЭТЫЯ СІЛЫ – тых, каму нармальная Беларусь і нармальны беларускі народ упоперак усяго, выводзіць іх на яснае сонейка – адна з нашых галоўных задачаў – Рэд.].

Далей (а яшчэ лепей адначасова, бо гэтыя працэсы ў прынцыпе не звязаныя адзiн з адным) неабходна пачынаць гiганцкую i вельмi адказную працу па падсумоўванні i сiстэматызацыi ўсяго культурна-гiстарычнага набытку Беларусi. Па сутнасцi, такога зводу не мае нiводная вядомая нам культура. А не iснуюць яны таму, што дагэтуль (наколькi нам вядома) НIВОДЗIН НАРОД НЕ ПАДЫХОДЗIЎ СВЯДОМА ДА ЎЛАСНАГА ЛЁСУ I ПАПРОСТУ НЕ СТАВIЎ ПЕРАД САБОЮ ТАКОЙ ЗАДАЧЫ. Ужо адно гэта дазваляе меркаваць пра грандыёзнасць справы, якую трэба выканаць. У якiм выглядзе павiнна iснаваць гэтая спадчына — прадмет магчымай дыскусii. У найпрасцейшым варыянце гэта можа быць агульнадаступны — у сусветным сэнсе — банк звестак, у якiм была б сабраная ўся iнфармацыя, назапашаная этнасам на працягу этнагенэзу. Сюды могуць уваходзiць асобныя кампаненты, кнігазборы, фанатэкi спеваў, картатэкi карцiнаў i г.д. У кожным разе падрыхтоўка i здзяйсненне гэтага гiганцкага праекта зойме багата часу, i пры яго ажыццяўленні дакладней вык-рыш-талi-зуюцца асноўныя прынцыпы, паводле якiх ён мусіць рэалізоўвацца. Вельмi важна, каб гэты масiў звестак быў сапраўды даступны кожнаму чалавеку ў любым пункце свету. Пыльныя картатэкі і сховішчы цяперашніх акадэмічных інстытутаў амаль нічога не даюць для фармавання светагляду і перакананняў, бо яны – знарок ці не – пераведзеныя з паўнавартаснага жыцця ў стан акадэмічных рарытэтаў. Палёгкаю ў фармаванні гэтае базы можа быць тое, што яна не вымагае крытычнага асэнсавання i каментараў, яна павiнна быць запоўненая выключна аўтэнтычнай iнфармацыяй. Наступнiкi самi ацэняць i адсартуюць iнфармацыю, успрымуць неабходнае i адкiнуць другаснае. Галоўная мэта гэтае базы звестак — ПАДРЫХТАВАЦЬ ГЛЕБУ ДЛЯ СТВАРЭННЯ I НАРАДЖЭННЯ ЎЛАСНАГА ГIСТАРЫЧНА-КУЛЬТУРНАГА МIФА, ЯКI ПАВIННЫ ЛЕГЧЫ Ў ПАДМУРАК СВЯДОМАСЦI НАШЧАДКАЎ. Найлепей было б, каб мы здолелi самi i стварыць падмурак гэтага мiфа (кшталту жыдоўскага мiфа пра Iзраiль). Але, мабыць, не здолеем — гэта вымагае вялiзных iнтэлектуальных высiлкаў, на якія нацыя, падобна,  ужо не здатная [рэдакцыя не падзяляе падобнага песімізму – Рэд.].

Д. Асяроддзе жыцця беларускага народу.

Мы спецыяльна не закранаем бальшыні экалагiчных пытанняў. З нашай пазiцыi ўплыў Чарнобыля вiдавочны: для кожнага асабiста ён не дае нiчога, акрамя шкоды, але ў гiстарычнай перспектыве ён, магчыма, будзе выглядаць зусiм iначай. I наступствы ягоныя належаць да тых фактараў, уздзеянне якiх, відаць, не будзе нейтралiзавана  ў агляднай будучынi. Хiмiчныя вытворчасцi — на гэта ёсць надзея — паступова, з развiццём тэхналогiяў альбо закрыццём састарэлых кам-бiнатаў здолеюць дасягнуць параўнальна бяспечнага роўню (параўнальна бяспечнага, бо абсалютна бяспечнай не можа быць нiводная тэхналогiя, нават здабыча палiва каменнай сякерай), i гэты фактар мутагеннасцi знiкне.

Застаецца толькi яшчэ адзiн доўгачасовы этна-псiхалагiчны фактар. Мы ўжо згадвалi, што менталiтэт беларусаў фармаваўся пад уздзеяннем балотна-ляснога ландшафту. З развiццём бяздумнай мелiярацыi i высячэннем лясоў гэты ландшафт рэзка змянiўся. Калi лясiстасць у той цi iншай ступенi захавалася (няхай на роўнi маладзенькiх лесапасадак, якiм да нармальнай спеласцi гадавацца гадоў 30—50), дык балоты (прынамсі ў тых даўнейшых, неабсяжных маштабах), вiдаць, назаўсёды знiклi з нашае зямлi [у патрэбным памеры вернем – Рэд.]. Размова iдзе не пра эканамiчную мэтазгоднасць разворвання асушаных балотаў або неабходнасць стварэння новых багнаў, а аб прынцыповых момантах, звязаных з iснаваннем i развiццём этнасу ў пэўным прыродным асяроддзi. Менавiта дзеля гэтага фактару новы народ, што будзе складвацца з цягам часу, сфармуе свой светагляд, у якiм не будзе месца Лесавiку i Змяiнаму цару. Але адсутнасць гэтых персанажаў дапаможа нарэшце пазбавiцца адзначанай усiмi калiзii, калi леса-балотная свядомасць вяскоўца пераносiцца на глебу гарадскога асяроддзя. Дакладней, старыя персанажы пяройдуць у катэгорыю лiтаратурных герояў, падобна Толкiенавым хобiтам або грэцкiм наядам. I хобiты i наяды ў сваім часе былi жывымi персанажамi пантэона багоў, i iх паспяхова здолелi адаптаваць да новай рэчаiснасцi iснавання. Панаванне балотнай iдэалогii, як ужо сцвярджалася, звязана з даўным падзелам на два субэтнасы, адзiн з якiх быў проста знiшчаны (вымер?) пад час гiс-та-рычнага развiцця. Да гэтага спрычынiлiся не толькi войны XVII стагоддзя, калi загінула болей за палову насельніцтва Беларусі, але i падзеi найноўшай гiсторыi. А запаўненне экалагiчнай нiшы, перанясенне старых звычак на новую глебу — працэс даволі працяглы i балючы, што і нараджае цяперашнiя псiхалагічныя канфлiкты. Што выглядае цікавым, згодна прынцыпу Ле-Шатэлье-Браўна ЛЮБАЯ СІСТЭМА ІМКНЕЦЦА ДА РАЗВІЦЦЯ ТАКІМ ЧЫНАМ, КАБ БЫЛА МАГЧЫМАСЦЬ МАКСІМАЛЬНА НЕЙТРАЛІЗАВАЦЬ ЗНЕШНІЯ ЎЗДЗЕЯННІ НА СІСТЭМУ. І таму прадстаўнікі этнасу, нават не ўсведамляючы першапрычыны сваіх дзеянняў (а дакладней, звязваючы іх выключна з маральнымі фактарамі) імкнуліся да захавання этнасу ў розных ягоных формах (ці то культурніцкіх, ці то экалагічных, ці то палітычных). На жаль, усеабдымнай, комплекснай праграмы покуль не было прапанавана.

Такiм чынам, пытаннi экалогii ўвогуле i экалогii ландшафту ў прыватнасцi цiкавяць нас выключна з пазiцыяў сувязi характару этнасу з натуральным асяроддзем. Спрашчаючы, можна сказаць, што на могiльнiку бляшанак можа выгадавацца толькi аматар старых бляшанак. I калi мы хочам, каб ён добрым словам прыгадаў колiшняе балота i людзей, што на iм жылi, неабходна, каб ён зразумеў, што бляшанкам папярэднiчала балота (i каб не яно, дык i бляшанак не было б) i што насельнікі балотаў ёсць ягоныя продкi.

Даследаванне часткова выканана ў межах ДБ 99-079.

Літаратура:

1) Стах Дзедзіч. Эпілог, альбо спроба ўбачыць наш шлях. – Мінск: Белфранс, 1997.- 43 с.

2) Ю.Л. Климонтович. Статистическая теория открытых систем, І.- М.; Янус, 1995.- 622с.

3) Б.Б.Кадомцев. Динамика и информация.- М.: Редакция УФН, 1997.- 400с.

4)  И.А.Миклашевич. Математическая теория этногенеза. І. О изоморфизме эволюции // Труды БГТУ. Вып. VI. Сер. 5, Физ.-матем.- Минск, 1998.- С. 64-68.

5) Г. Хакен. Синергетика.- М.: Мир, 1985.- 423с.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы