nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ЦІ МАГЧЫМА РЭАЛІЗАВАЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ІДЭЮ ў СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСІ? (кБНІ; Д пр-п 36)

7 кастрычніка, 2006 | 2 каментарыя

Анатоль Астапенка

Пастаўленае ў назве пытанне я б разбіў на два. Бо перш чым адказваць на пытанне, трэба ведаць сэнс першай часткі пытання, гэта значыць ведаць, што ж гэта такое – нацыянальная ідэя. І адказаўшы (прычым станоўча: ёсць, маўляў, такая “нацыянальная ідэя”), толькі тады трэба вырашаць, як яе рэалізоўваць у сучаснай Беларусі.

Па першай частцы адкажу наступнае. Яшчэ гадоў 5 – 7 таму ў нас на слыху вельмі рэдка было такое спалучэнне слоў, як “нацыянальная ідэя”. Мы чулі словы “нацыянальнае адраджэнне”, “нацыянальная свядомасць”, нарэшце “нацыяналізм”… І тут раптоўна пачалося! Пачаліся пошукі так званай “нацыянальнай ідэі”. І шукалі: хто бачыў гэтую “ідэю” ў беларускім нацыянальным адраджэнні, хто ў нацыянальна скіраванай палітыцы Беларусі, хто ў геапалітычным становішчы Беларусі і г.д. Пачаліся пошукі нацыянальнай беларускай ідэі. Падкрэслю: пошукі не нацыянальнай існасці, не нацыянальных беларускіх інтарэсаў ці чаго-небудзь яшчэ іншага, а менавіта ідэі.

Гэта ўсё роўна, што пры пабудове, скажам, сацыялізму, пачаць пошукі сацыялістычнай ідэі. Гэтага ж не рабілася, бо мы ведалі, што робім – цэлыя тамы былі на гэтую тэму [тое, што былі “цэлыя тамы”, якраз і азначае, што “сацыялістычнай ідэі” не было. – Рэд.].

Ці вось яшчэ адно параўнанне. Ці чулі вы пра англійскую ці польскую нацыянальную ідэю? Скажаце, што не. Мы чулі пра Англію і  пра Польшчу, пра англічан і палякаў. Інакш кажучы, мы ведаем, што такое дзяржава і што такое нацыя. І калі нехта загаворыць аб такой незалежнай дзяржаве, як Беларусь, то дзе б ён ні жыў, ён будзе мець на ўвазе краіну, у якой жыве народ  беларусы, у якой культура – беларуская, у якой унутраная і знешняя палітыка – нацыянальная і ўласцівая толькі гэтай краіне [справа якраз у тым і заключаецца, што ФАРМАЛЬНА такая краіна ёсьць, а рэальна – ПАКУЛЬ няма! Адно з прызначэньняў беларускай нацыянальнай ідэі якраз і заключаецца ў максімальна эфектыўным спрыяньні пераўтварэньня перашага ў другое. – Рэд.]. І яму – гэтаму чалавеку – не прыйдзе нават у галаву разважаць аб так званай “беларускай нацыянальнай ідэі” [толькі з-за таго, што ён ня ведае РЭАЛЬНАГА становішча, ды й на гэта становішча і на ўсіх беларусаў яму пляваць… – Рэд.].

Дык вось, з’явіліся гэтыя слоўцы толькі таму, што фактычна  няма такой незалежнай дзяржавы Беларусь –  краіны, якая адпавядае агульнапрынятым нормам незалежнай і нацыянальнай дзяржавы [! – Рэд.]. Пастаянна чуецца: “Мы не проживём без России” [не чуецца, а намаўляецца;  у такой абстаноўцы заўсёды варта выявіць ХТО і навошта гэта робіць. – Рэд.]. Палітыка і ўся дзейнасць нашага  прэзідэнта [якой жа ён “наш”? – Рэд.] наогул складаецца толькі з адной задачы – аб’яднання Беларусі з Расіяй, што ў рэальных умовах эквівалентнае звычайнай анэксіі Беларусі Расіяй [! – Рэд.]. І ў той жа час нават на прэзідэнцкім узроўні вядуцца пошукі гэтай самай “нацыянальнай ідэі” [робяцца не сапраўдныя пошукі, а іх імітацыя. – Рэд.].

Ідзе фактычна падмена [кім? уладамі? апазіцыяй? – Рэд.] нацыянальнага адраджэння Беларусі нейкім новым, як я вышэй гаварыў, ПРАЕКТАМ пад назвай “беларуская нацыянальная ідэя”, вынікам ажыццяўлення якога з’яўляецца продаж Беларусі “старэйшаму брату”, ці, інакш кажучы,  акупацыя Беларусі Расіяй.

Апошнім часам дагаварыліся [цяпер маюцца на ўвазе апазіцыянеры. – Рэд.] нават да таго, што некаторыя з маладых бачаць найвышэйшую місію Беларусі “ў прасвеце і выратаванні вялізарнай, грэшнай Расіі”. (Севярынец П. Беларуская нацыянальная ідэя Ды-джэй адраджэння.- Мн., 1998.- С. 51.) З таго ж трактата Севярынца: “Прасвятляць і настаўляць аграмадную Расію, уздымаць Усходнюю Еўропу – на нашым сумленні”. Вось так! У нас адзін старшыня саўгаса, стаўшы прэзідэнтам, ужо прасвятляе Расію і павучае не толькі Усходнюю Еўропу, а ўвесь свет!

І гэта мы чуем ад нашай надзеі – “Маладога фронту” [ад П.Севярынца. – Рэд.]. Але чаго здзіўляцца, маладым ёсць з каго браць прыклад. Ня меншую арыгінальнасць мы бачым і ад старога Фронту. Апошняя акцыя, напрыклад, з’явілася ў выніку вандровак лідара БНФ па замежжы і сустрэчамі з урадам БНР у эміграцыі [маецца на ўвазе З.Пазьняк. – Рэд.].  І вось вынік – усе ў БНР! Бачыце, ёсць Рэспубліка Беларусь, але яна нейкая не такая: і недэмакратычная, і жабрацкая, і незалежнай цяжка назваць. Усталявалася ў РБ дыктатура, таталітарны рэжым. Цяжка змагацца за дэмакратыю? А і ня трэба! Дастаткова ўступіць у БНР, і ўсё будзе добра. І вось  гэтыя дзіцячыя гульні ў БНР выдаюцца нам за высокую палітыку [сапраўды, адыход ад рэчаіснасьці, у якой бы форме ён ні адбываўся, ніколі не спрыяў вырашэнью праблем, зьвязных зь ёй; наша рэдакцыя таксама ацэньвае акцыю “грамадзянства БНР” у адпаведнасьці з гэтым прынцыпам. – Рэд.].

Дык што, можа, у гэтай гульні закладзены сэнс нацыянальнай ідэі? Мне падаецца, што ў Лукашэнкаўскім Саюзе з Расіяй больш нацыянальнай ідэі, чым у грамадзянстве БНР. Мы хоць застаемся жыхарамі той часткі тэрыторыі Зямлі, на якой цяпер жывем, перажываем свае нягоды і радуемся сваім поспехам.

Гледжанне на праект пад назвай “нацыянальная ідэя” павінна пачынацца найперш з асэнсавання намі сябе ГРАМАДЗЯНАМІ ТОЙ ЗЯМЛІ, НА ЯКОЙ МЫ ЗАРАЗ ЖЫВЕМ і будзем жыць заўсёды. Тут мы нарадзіліся, тут мы і павінны застацца назаўжды. І так праз тысячагоддзі. У ХІІ – ХVІ стагоддзях мы жылі ў Саюзе пад назвай ВКЛ. У ХVІІ – ХVIII стагоддзях – у канфедэрацыі Рэч Паспалітая. Усе гэтыя гады мы ўяўлялі сабой незалежную беларускую Дзяржаву, хаця яна і не мела такой назвы. Але потым больш за 200 гадоў мы былі пад акупацыяй Расіі. Аднак мы здолелі захавацца як этнас, а з 1991 года зноў атрымалі незалежнасць. І застаецца, здавалася б, невялікае намаганне – рэалізаваць нашую папяровую незалежнасць у сапраўдную.

Але менавіта тут, на гэтым апошнім кроку і пачаліся гэтыя гульні ў пошукі нацыянальнай ідэі. Адбываецца падмена рэальнай працы ў адраджэнні нашай Бацькаўшчыны, замацаванні дзяржаўнасці тэарэтызаваннямі, і часам шкоднымі, пра так званую беларускую нацыянальную ідэю [а ў дадзеным пункце рэдакцыя катэгарычна ня згодна з пазіцыяй аўтара; перад тым, як нешта “рэалізоўваць” трэба мець дакладна вызначаныя, абаснаваныя ды ўзгоднены план і мэту; сімвалам падобнай дзейнасьці й ёсьць “Беларуская нацыянальная ідэя”; справа зусім ў іншым: гаворкі пра беларускую ідэю да канферэнцыі ў Гародні ў 1999 годзе сапраўды было шмат, а рэальнага і ўдакументаванага абмену думкамі па гэтай праблеме беларускай элітай – НЕ БЫЛО! Частка эліты, якая жыла ў Менску так ніводнага разу і ня здолела гэта зрабіць! Вось у чым справа. – Рэд.].

А можа, і сапраўды зараз застаецца гаварыць аб беларускай нацыянальнай ідэі, а не аб Беларусі як дзяржаве? [“гаварыць аб беларускай нацыянальнай ідэі” – гэта і значыць гаварыць пра будучую беларускую дзяржаву, пра тое, якой ёй быць! – Рэд.] Слова «ідэя» ўвасабляе ў сабе нематэрыяльную субстанцыю [кожная мэта ЗАЎСЁДЫ спачатку нематэрыяльна. – Рэд.]. І разважанні аб беларускай нацыянальнай ідэі павінны быць у першую чаргу разважаннямі аб магчымасці рэалізацыі беларускай дзяржавы як нейтральнай, дэмакратычнай, незалежнай краіны, аб матэрыялізацыі беларускага народу як паўнавартаснага супольніка сям’і народаў зямнога шара, аб беларускай мове, як мове гэтага народу, аб беларускай культуры як адметнасці, уласцівай толькі гэтаму народу [дакладна так! – Рэд.].

Такім чынам, беларуская нацыянальная ідэя – гэта праект рэалізацыі беларускай дзяржавы і беларускай нацыі [дакладна так! І усе, каму трэба, гэта разумелі й разумеюць. – Рэд.]. Гэта стан  існавання нашага грамадства, калі пра Беларусь не будуць гаварыць як пра краіну, насельніцтва якой размаўляе на мове суседняй дзяржавы – Расіі, пра краіну, дзе нацыянальны сцяг публічна  рвуць на кавалкі дзяржаўныя асобы, пра краіну, якая не мае сваіх прыродных рэсурсаў, пра краіну, эканоміка якой цалкам залежыць ад эканомікі Расіі, і многа іншай лухты. А будуць гаварыць адваротнае – пра што яшчэ ў канцы 80-х гадоў выдатна сказаў Уладзімір Арлоў у эсэ “Незалежнасць – гэта…”.

Цяпер, трохі вызначыўшыся з тэрмінам “беларуская нацыянальная ідэя” як з часовым тэрмінам пераходнага перыяду да нашай незалежнасці [гэта “тэрміналагічная” праблема была прыдумана толькі самім аўтарам; слава Богу і самім жа выдатна вырашана! – Рэд.], можна перайсці да разгляду нашых шанцаў у яе рэалізацыі. Магчымасць здзяйснення нацыянальнай ідэі ў сучаснай Беларусі далёка не трывіяльны факт. І апошнія падзеі, асабліва захады Лукашэнкі ў стварэнні саюзу з Расіяй, усё больш аддаляюць нас ад Беларусі, усё больш пацвярджаючы думкі Івана Макаловіча ў ягоным эсэ “О, як далёка нам яшчэ да Беларусі!”.

Тым ня менш, на маю думку, рэалізацыя беларускай нацыянальнай ідэі не толькі магчымая, а і непазбежная [дакладна так! – Рэд.]. ХХ стагоддзе – гэта трыумф нацыяналізму, масавага ўтварэння нацыянальных дзяржаў, росквіт нацыянальных культур. І Еўрапейскі Саюз – гэта саюз нацыянальных, высокаіндустрыяльных, незалежных дзяржаў [як толькі дадзены прынцып паспрабавала парушыць еўрапейская бюракратыя, спрабуючы аб’яднацца ў супермонстра і падмяць пад сябе нацыянальныя грамадствы, яна атрымала рашучы адпор з боку карэнных народаў Еўропы. – Рэд.]. Кожная з краін – удзельніц ЕС прайшла шлях ад суіснавання ў складзе той ці іншай імперыі, потым шлях нацыянальнага станаўлення, ці, як мы цяпер гаворым, рэалізацыі нацыянальнай ідэі, потым, нарэшце, стала самастойнай нацыянальнай дзяржавай. Таму і няма зараз гаворкі, напрыклад, аб “італьянскай нацыянальнай ідэі”, а з адпаведнай нагоды ідзе размова аб краіне Італія [а мы жывем дзе? У Італіі? – Рэд.].

Лукашэнкаўскі саюз з Расіяй – гэта спроба павярнуць гісторыю назад, спроба рэанімаваць імперыю, якая ўжо даўно сканала ў нетрах гісторыі [так, напалову; бо імперыя яшчэ не сканала! – Рэд.]. І глянуўшы чыста збоку на гэтую чырвоную пляму ў цэнтры дэмакратычнай Еўропы – сучасную Беларусь, прыйдзем да адназначнай высновы: усе спробы рэстаўрацыі камуністычнай савецкай імперыі асуджаныя на правал. І ўсе памкненні ў гэтым кірунку рэжыму Лукашэнкі – гэта агонія камуністычнага рэжыму, бо немагчыма ісці насуперак гісторыі [так та яно так, але колькі яшчэ людскіх жыцьцяў будуць змарнаваныя за час такой агоніі; менавіта ў гэтым праблема. – Рэд.].

Чаму ж так здарылася? Чаму Беларусь аказалася адзінай краінай, якая паўстала на развалінах СССР і не пайшла па шляху прагрэсу, як гэта зрабілі нашыя суседзі – Літва, Украіна і іншыя?

Прычыны мне бачацца менавіта ў колеры гэтай геаграфічнай плямы – Беларусь. А колер яе чырвоны [іншыя рэспублікі былі ня менш “чырвонымі”. – Рэд.]. У 1991 годзе камуністычная сістэма рухнула. Упершыню ў гісторыі камуністы пацярпелі крах па ўсёй тэрыторыі магутнага і разам з тым пачварнага ўтварэння – СССР. Яны, канешне, існуюць паўсюдна, але іх улада вельмі абмежаваная. Толькі ў Беларусі ім удалося цалкам захаваць свае пазіцыі. Нездарма Беларусь завуць аазісам камунізму. Толькі тут засталіся ўсе атрыбуты, уласцівыя камуністычнаму рэжыму: аўтарытарная ўлада, планавая прамысловасць, заняпалая сельская гаспадарка з савецкай сістэмай калгасаў і саўгасаў і галоўнае – той самы народ – баязлівы, выхаваны ў пакоры і страху [ва ўсіх рэспубліках было так. – Рэд.]. Змянілася толькі адно. На месцы правадыра, які звычайна раней паступова вырошчваўся ў наменклатурнай гіерархічнай сістэме, раптоўна з’явіўся нікому не вядомы старшыня саўгаса. Ён прыйшоў да ўлады пераскочыўшы цэлы шэраг ступеняў, і не дарма яго завуць непрадказальным. Бо кожнай наменклатурнай ступеньцы звычайна адпавядае чалавек, які там “прыцёрся”, які толькі ёй, гэтай ступеньцы, уласцівы і нават патрэбны. Кажуць, што такі чалавек знаходзіцца на сваім узроўні кампетэнтнасці [пры бюракратычнай сістэме кампетэнтнасьць чалавека неабавязковая, каб заняць тую ці іншую пасаду; гэта было адной з прычын развалу СССРа. – Рэд.].

І цяпер самы час нагадаць вядомы прынцып Пітэра, згодна якому ў кожнага чалавека ёсць свой узровень кампетэнтнасці. На гэтым узроўні ён добры спецыяліст, усімі паважаны чалавек. Але калі яго прымусам ці па нейкай выпадковасці пасадзіць на іншае месца, дзе яго ўзроўню кампетэнтнасці не хапае, то ўся дзейнасць яго на новай пасадзе акажацца няякаснай, непрафесійнай – адным словам, тут ён аказваецца некампетэнтным чалавекам. У выпадку з Лукашэнкам мы якраз і назіраем дзеянне прынцыпу Пітэра ў дзяржаўным маштабе [гэта сапраўды так; расейская імпербюракратыя навязала нам Лу-ку менавіта для таго, каб ён сваёй някампетэнтнасьцю і паранояй разваліў абвешчаную беларускую дзяржаву. – Рэд.].

Падсумуем: на Беларусі захавалася камандна-адміністрацыйная сістэма з усёй сеткай былой камуністычнай наменклатуры, якая імгненна прыстасавалася жыць без партбілетаў. Я свядома не кранаю цяперашніх беларускіх камуністаў, бо яны якраз і аказаліся крайнімі: з аднаго боку,  з абоймы Сістэмы выпалі, бо трымаліся за камуністычную ідэю і партбілеты, а з другога боку, на іх і валяць усе грахі папярэдняй сталінскай гісторыі. Сапраўдныя акулы камуністычнага рэжыму ніколі не выпадалі з наменклатурнай абоймы. Так, былі нейкія ператасоўкі, ракіроўкі і нават больш істотныя перамяшчэнні, як у прыкладзе з небывалым скачком шклоўскага Сашкі ў  “князі” – прэзідэнты.

І вось цяпер мы нарэшце і падышлі да самага галоўнага – адказу на пастаўленае ў загалоўку  пытанне. Можна сказаць практычна без усякіх агаворак: корань усіх нашых бедаў, прычына беларускага заняпаду ў тым, што мы бадай адзіная з рэспублік былога СССР, у якой камуністычная сістэма засталася амаль некранутая. Яна нават умацавалася, бо шчыльна зраслася з крымінальнымі, мафіёзнымі структурамі. Вядомы змагар з рэжымам Барыс Хамайда ў Віцебску выдае газету “Выбар”, забароненую за тое, што яна ўзяла курс на барацьбу  са “злачыннай савецкай уладай”. Тут галоўны вораг дэмакратыі названы сваім іменем. “Сістэма” з вялікай літары – вось з чым мы павінны змагацца. Уся разгалінаваная, шматгранная Сістэма камуністычнай наменклатуры – вось што ўтрымлівае Беларусь ад шляху прагрэсу [слова “камуністычная” тут мыліць; мы заклікаем выкарыстоўваць тэрмін бюракратычная. – Рэд.].

А што робяць нашыя дэмакраты? Вось, напрыклад, адна з апошніх акцый БНФ – збор подпісаў за адстаўку прэзідэнта [сапраўды, чарговы ляп Пазьняка. – Рэд.]. Дапусцім нават, што яна скончылася паспяхова. І прыйдзе замест Рыгоравіча новы чалавек – які-небудзь Пятровіч ці Віссарыёнавіч. І скажа: надта добры ты быў, Сашка, сапраўды расперазаліся гэтыя дэмакраты. І закрые адным махам і ўсе незалежныя газеты, і розныя там фонды, і Шчукіна схавае туды, дзе ён ужо не будзе пісаць рэпартажы аб турэмных парадках…

Камуністычны рэжым [бюракратычны. – Рэд.] дасягнуў свайго росквіту пры Сталіне. У той час механізм рэпрэсій стаў “асноўным рухавіком гісторыі”. Менавіта ён стаў “Бацькам” сучаснага “гома саветыкуса”, менавіта на рэпрэсіях – калысцы страху і лжы – трымаўся савецкі лад. І ў сучаснай Беларусі ёсць шанцы аднавіць гэты рэжым, калі не стаць на шлях дэмакратыі. Адзінае, што замінае сучасным нэасталіністам, гэта тое, што Беларусь – не Германія 30-х гадоў, вакол яе  ўсе дзяржавы дэмакратычныя ці стаяць на шляху дэмакратыі.

Падсумоўваючы сказанае і ўлічваючы тое, што законы сусветнай гісторыі нельга змяніць (а яны сведчаць аб тым, што ўсе таталітарныя рэжымы трапілі на сметнік гісторыі), мы прыходзім да наступнай высновы: шлях Беларусі, як і шлях іншых народаў Расіі, ляжыць праз ПАБУДОВУ ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ДЗЯРЖАВЫ, У ЯКОЙ БУДЗЕ РЭАЛІЗАВАНА НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ [!!! І ўсё ж такі нацыянальная ідэя. – Рэд.].

Галоўнай умовай гэтага з’яўляецца поўная ліквідацыя Сістэмы – “Сістэмы” з вялікай літары. Гэта азначае, што толькі знішчыўшы ўсе камуністычныя структуры [як паказвае гісторыя, бюракратычная сістэма можа мець шмат абліччаў, ня толькі камністычнае. – Рэд.] як першую ўмову пераходу да дэмакратыі, мы зможам распачаць пабудову новай дэмакратычнай Беларусі. Нездарма ва ўсіх посткамуністычных краінах – Польшчы, Чэхіі, Літве, Латвіі і іншых – вельмі ўважліва ставіліся ў свой час і ставяцца цяпер да праблемы ліквідацыі камуністычнага рэжыму. Там паўсюдна былі прынятыя законы аб люстрацыях – забароны былым камуністычным функцыянерам займаць любыя кіраўнічыя пасады, былі рассакрэчаныя архівы службаў – аналагаў савецкага КГД, былі асуджаны, напрыклад у Румыніі, камуністычныя дыктатары.

У пачатку 1990-х гадоў на тэрыторыі сацыялістычнай Усходняй Еўропы і на развалінах СССР узнік рух за асуджэнне злачынстваў камуністычнага рэжыму, камуністычных партый і камуністычнай ідэалогіі. Гэты рух атрымаў назву міжнароднага Суду над камунізмам “Нюрнберг-2”. Камунізм прыраўноўваецца па шэрагу параметраў да фашызму і павінен быць асуджаны. Мне прыйшлося ўдзельнічаць у некалькіх міжнародных канферэнцыях, прысвечаных гэтай праблеме. Але з усталяваннем аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі гэты рух не атрымаў развіцця. І я лічу гэта вялікай памылкай [па-першае, гэта не памылка, а перашкода; а, па-другое, трэба судзіць не камуністычную сістэму, а РАСЕЙСКУЮ ІМПЕРСКУЮ БЮРАКРАТЫЮ, яе ідэалогію, арганізацыю, асобаў! – Рэд.]. Мы ўсе павінны ачысціцца ад камуністычнага СНІДу, ад нэакамуністаў, ад лукашызму. Гэта неабходна як для ўсяго грамадства, так і для асобных людзей. Кожны з нас павінен пакаяцца ў тым, што супрацоўнічаў непасрэдна ці ўскосна з камуністычнай Сістэмай [каяцца павінны толькі вінаватыя. – Рэд.], жыў па савецкіх законах [каяцца за тое, што жыў, бессэнсоўна. – Рэд.], пакаяцца ўрэшце рэшт ў сваім “гома саветыкусізме”. І новае грамадства трэба будаваць з новымі людзьмі [ва ўладзе. – Рэд.] – тымі, хто не замараў сябе ў камуністычным брудзе.

У артыкуле Лявона Баршчэўскага і Уладзіміра Падгола ў “Народнай волі” пра беларускую нацыянальную ідэю таксама гаворыцца аб неабходнасці аналагічнага суду, але аўтары абмяжоўваюцца грамадскім судом. Мне ж падаецца, што гэты акт павінен быць больш шырокім і  жорсткім, і ён павінен мець як лакальны, так і міжнародны характар. Мала таго, гэты працэс ужо даўно распачаўся – за мяжой вядзецца падрыхтоўка да Міжнароднага Суду “Нюрнберг-2”. У свой час, у 1992 годзе, штуршком для арганізацыі такога руху быў “Зварот”, надрукаваны ў газеце “Свабода” за подпісамі асноўных апазіцыйных палітыкаў. Пасля дзвюх міжнародных канферэнцый (ва Уладзіміры ў 1993 г. і Варшаве ў 1994 г.) МАК “Нюрнберг-2” планавалася правесці ў Мінску, але дзяржаўны пераварот у 1996 годзе перашкодзіў ажыццяўленню гэтай акцыі. Лічу, што гэтая важная справа павінна быць адноўленая і трэба распачаць працэс збірання фактаў аб злачынствах камунізму і ажыццявіць Суд над камунізмам “Нюрнберг-2”. У адрозненне ад пазіцыі Баршчэўскага-Падгола, я лічу, што Суд павінен быць не толькі грамадзянскім, хаця і такая форма правамоцная, а самым што ні ёсць юрыдычна-прававым і праводзіцца ў адпаведнасці з крымінальнымі кодэксамі пацярпелых ад камунізму краін.

Адначасова трэба правесці акцыю пад назваю “Ачышчэнне”, дзе б усе, хто хоць неяк спрычыніўся да камуністычнай заразы, змаглі па-хрысціянску пакаяцца і ачысціцца ад гэтага сатанінскага граху.

Што яшчэ патрэбнае дзеля рэалізацыі нацыянальнай ідэі на Беларусі? Гэта вырашэнне набалелага пытання аб кансалідацыі дэмакратычных сіл: як пазбавіцца амбіцый асобных лідараў, прымірыць іх і згуртаваць увесь рух?

Такім дзеяннем мог бы быць палітычны прынцып пад назвай “саборнасць”. Гэтае паняцце многім вядомае толькі як царкоўны тэрмін, але ў сапраўднасці саборнасць з’яўляецца вядомым старажытным аб’яднаўчым прынцыпам дзяржаўнага будаўніцтва. Этымалогія слова “саборнасць” вядзецца ад дзеяслова “збіраць” і азначае “збіранне лепшых сіл грамадства для рашэння жыццёва важных задач”. Саборнасць з’яўляецца першаснай формай выражэння грамадскай волі. Фактычна саборнасць – гэта антыпод партыйнасці. Улічваючы наш невялікі досвед у партыйным будаўніцтве, малую аўтарытэтнасць партый у грамадстве, менавіта саборнае вырашэнне спрэчных пытанняў набывае ў нашых умовах адметны сэнс.

У парламенцкай практыцы кангрэса ЗША падкрэсліваюцца рэзалюцыі, якія прымаліся саборным шляхам, без партыйнага дзялення, простай перавагай галасоў. Яны нават атрымалі сваю назву – “bу partisan resolution”.

Сям’я, сельскі сход, рымскі сенат, славянскае веча, Сейм у Рэчы Паспалітай першапачаткова дзейнічалі на прынцыпах згоды і аднадумства. Апошняе не патрабуе адзіных думак усіх удзельнікаў, але можа з’явіцца ў выніку ўсеагульнага пераканання ў аптымальнасці прынятых рашэнняў. Згода з’яўляецца высакаякасным праяўленнем агульнай волі, асаблівым атрыбутам саборнасці.

Саборнае прыняцце рашэнняў як ніколі важнае менавіта ў нашых умовах шматпартыйнасці і падзеленасці грамадства па шматлікіх інтарэсах. Успомнім, што ў гісторыі Беларусі саборнае вырашэнне гістарычна важных пытанняў мае старажытную традыцыю. Гэтая традыцыя нам вядомая пад назвай Пагоня, якая яшчэ ў ХІІІ стагоддзі збірала ўсё баяздольнае насельніцтва ВКЛ для сумеснай абароны ад ворагаў. Гэта быў саборны акт. І мы павінны адрадзіць традыцыі Пагоні ў новай цывілізаванай форме. Сучасная Пагоня ХХІ стагоддзя выратуе Беларусь. Таму адзін з важных бакоў рэалізацыі беларускай нацыянальнай ідэі: гэта адраджэнне Пагоні – саборнага прынцыпу абароны Айчыны. У нашым адзінстве сіла нацыі!

Ад рэдакцыі:
1. На час правядзеньня канферэнцыі Анатоль Астапенка – кандыдат фізіка-матэматычных навук, выкладчык Беларускага універсітэта культуры, старшыня Беларускай нацыянальнай партыі (БНП), намесьнік старшыні Цэнтральнай рады БСДГ (Менск).

2. Мы падтрымліваем важнейшую ідэю аўтара аб міжнародным судзе, тыпу “Нюрнберг – 2”, у пэўнай мадыфікацыі. Мы прапануем, каб у будучай беларускай дзяржаве адбыўся аўтарытэтны Міжнародны Грамадскі Суд над РАСЕЙСКІМ ІМПЕРЫЯЛІЗМАМ, РАСЕЙСКАЙ ІМПЕРБЮРАКРАТЫЯЙ, УСІМІ НОСЬБІТАМІ РАСЕЙСКАЙ ШАВІНІСТЫЧНА-ІМПЕРСКАЙ ІДЭАЛОГІІ. Аб’яўляем гэта чарговым прынцыпам нашай працы і Беларускай дактрыны (Д пр-п 36).

2 каментарыя

  1. boj кажа:

    Недаробкі. П’янчуга Астапенка і шызафрэнік пад імем “Рэд.” – кампанія што трэба! :))))

    Лячыцца, панове, лячыцца. Каша ў саміх у галаве – а ўсё туды ж.

  2. Вальтэр кажа:

    Цікава, а чым цяперака займаецца Анатоль Астапенка і ці не зьмяніў ён свае погляды на беларускую рэчаіснасць?
    Калі ласка, адкажыце, паважаная Рэдакцыя.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы