nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ і САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЯ (частка ІІ; кБНІ)

11 кастрычніка, 2006 | Няма каментараў

Міхась Патрэба

Як жа развівалася паступовая «нацыяналізацыя» дзяржавы? Феадальныя дынастычныя дзяржавы, якія змянілі раз’яднаныя першабытнакамуністычныя грамадствы, стварылі палітычную базу для эканамічнай і культурнай інтэграцыі вялізных тэрыторый часта з рознымі этнічнымі элементамі. Хоць пераважная большасць такіх дзяржаў узнікла ў выніку гвалту з дапамогай агню і мяча, аднак трэба прызнаць, што ліквідацыя на неабсяжных тэрыторыях мытных бар’ераў, замірэнне несупынных міжусобіц, усталяванне адзінай юрыдычнай сістэмы і агульнадзяржаўнай сеткі шляхоў зносін стварылі перадумовы для накаплення капіталу, прамысловай і, нарэшце, палітычнай буржуазнай рэвалюцыі.

Аднак на працягу ўсяго сярэднявечча, а таксама на пачатку новага часу дзяржава ўтаесамлялася заўжды з асобай манарха, а не з яе этнічнай базай, часам вельмі разнастайнай. Еўрапейскія дзяржавы сярэднявечча можна параўноўваць з цяперашнімі афрыканскімі дзяржавамі з іх адвольна праведзенымі межамі, з іх поліэтнічнасцю і прымітыўным, неструктураваным грамадствам. Манарх, ЯК ЗАВАЁЎНІК, не меў аніякіх абавязкаў перад падданымі. Таму па-свойму меў рацыю Людовік XIV, калі горда заявіў, што дзяржава – гэта ён сам. Калі б у яго час існавала паняцце «нацыя» з сённяшнім канататам, то ён, пэўна ж, сцвердзіў бы, што нацыя – гэта ён сам. Кіраваныя былі тады толькі падуладнымі, а не складнікамі нацыі, г.зн. грамадзянамі дзяржавы, у якой жылі. Кожны з іх утаесамляў сябе толькі з найбліжэйшым акружэннем: гараджанін – з сваім местам, вясковец – з сваім кланам ці якой-небудзь большай адзінкай, калі тая мела вызначальныя прыкметы. Падуладныя маглі выконваць службу для караля, і нікому ў галаву не прыходзіла, што можна і наадварот: ад караля і не чакалася, што ён мае публічны абавязак служыць грамадству. У гэтым сэнсе нашыя продкі, выдаўшы ў 1588 годзе Статут Вялікага княства Літоўскага, у якім фіксаваліся і АБАВЯЗКІ ГАСУДАРА У ДАЧЫНЕННІ ДА «ВСІХ ОБЫВАТЕЛЕЙ ПАНЬСТВА НАШОГО», ішлі на галаву ўперадзе Заходняй Еўропы. Там нават у Францыі і Англіі  канцэпцыя дзяржавы не была ўведзена ва ўжытак да канца XVI стагоддзя. Як і больш позні тэрмін «нацыя», слова «state» («дзяржава») было спачатку тэрмінам апазіцыі і мела значэнне палітычнай супольнасці пад верхавенствам манарха, і апошні нёс перад гэтай супольнасцю некаторыя абавязкі [8].

Развіццё ідэі аб грамадскіх абавязках манарха можа разглядацца як першы крок у дэмакратызацыі, якая была паскорана індустрыялізацыяй. Нацыянальная ідэя ў гэтым сэнсе была адным з аспектаў вялікіх пераўтварэнняў, што пачаліся ў Заходняй Еўропе, а потым ахапілі ўвесь свет. У гэтым працэсе сілавыя рэсурсы ўлады манарха паступова пачаў адціскаць капітал з яго тэхналагічнымі дасягненнямі. «Мы можам пачаць гаварыць пра нацыю тады, калі функцыянальныя ЎЗАЕМАЗАЛЕЖНАСЦІ паміж яе рэгіёнамі, сацыяльнымі слаямі і гіерархічнымі ўзроўнямі становяцца дастаткова моцнымі і дастаткова абавязковымі, КАБ НІХТО З ІХ НЕ МОГ ЦАЛКАМ ПРАІГНАРАВАЦЬ, ШТО ІНШЫЯ ДУМАЮЦЬ, АДЧУВАЮЦЬ ЦІ ЖАДАЮЦЬ» [9].

Фармаванне нацыі – гэта працэс у вызначаным кірунку і з рознымі ўзроўнямі ды фазамі інтэграцыі, ён не абавязкова павінен скончыцца паспяхова. Так, фармаванне савецкай нацыі ў былым СССР скончылася поўным фіяска. І вінаваты ў гэтым, канешне, не Міхаіл Гарбачоў з яго перабудовай, а РУСКІ ІМПЕРСКІ, ШАВІНІСТЫЧНЫ НАЦЫЯНАЛІЗМ [!!! – Рэд.]. СССР не быў інтэрнацыянальнай дзяржавай, гэта БЫЛА ТАЯ Ж АГРЭСІЎНАЯ, АДСТАЛАЯ ВА ЎСІХ АСПЕКТАХ РАСІЙСКАЯ ІМПЕРЫЯ, ЯКАЯ ТОЛЬКІ ПРЫКРЫВАЛА СВАЕ ПЛАНЫ АБ ЗАВАЁВЕ ЎСЯГО СВЕТУ ПРАЛЕТАРСКІМ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІЗМАМ. Нават міф аб Маскве як трэцім Рыме быў рэанімаваны ў выглядзе перамяшчэння ў Маскву цэнтру міжнароднага камуністычнага і рабочага руху. Партыкулярныя інтарэсы камуністычнага рускага нацыяналізму [шавінізму. – Рэд.] прымушалі Маскву ўстанавіць і падтрымваць таталітарны кантроль над усімі праявамі эканамічнага, палітычнага і інтэлектуальнага жыцця ва ўсёй імперыі. Менавіта гэта і тармозіла кансалідацыйныя працэсы ў савецкім грамадстве. Менавіта гэта не дазваляла адважыцца маскоўскай эліце інкарпараваць у сябе прадстаўнікоў рэгіянальных элітаў. Уключэнне ў члены Палітбюро ЦК КПСС першых сакратароў рэспубліканскіх кампартый падчас перабудовы ўжо не магло нічога змяніць. Крах настаў пры першым страсенні сістэмы ў 1991 годзе. Між тым сусветная практыка давала савецкім аналітыкам шматлікія прыклады інтэграцыі мясцовых элітаў у цэнтр [варыянт іх подкупу. – Рэд.], што, напрыклад, у Вялікабрытаніі да гэтага часу стрымвае сепаратысцкія тэндэнцыі шатландскіх нацыяналістаў [толькі стрымлівае. – Рэд.]. Прыклад Савецкага Саюза паказвае, як сляпы нацыяналізм [шавінізм. – Рэд.] міфічнага кшталту разбурае дзяржавы і ўрэшце шкодзіць сам сабе. Чалавецтва, праўда, мае звычку не вучыцца на благіх прыкладах, а паўтараць іх зноў і зноў. Яно ўжо мела ў нашым стагоддзі дзве сусветныя катастрофы, выкліканыя ў 1914 годзе чадам шматлікіх праяваў нацыяналізму [шавінізму. – Рэд.] еўрапейскіх народаў міфічнага кшталту, а ў 1939 годзе – нямецкім расісцкім нацыянал-сацыялізмам.

Тут трэба падкрэсліць, што міфічны нацыяналізм і палітычны папулізм выдатна дапаўняюць адно другога. А тое, што віртуоз-папуліст Лукашэнка не выкарыстоўвае беларускі нацыяналізм у сваім змаганні з дэмакратычнай апазіцыяй, тлумачыцца тым, што ва ўмовах сённяшняй Беларусі яму дастаткова для гэтага мадыфікаванага варыянту рускага шавінізму ў выглядзе расісцкай ідэі «славянскага адзінства» [!!!; акрамя таго, для яго хворай мары сесьці на трон у Крамлі толькі гэта і падыходзіць! – Рэд.]. Не трэба быць вялікім сацыёлагам, каб сцвердзіць, што такая яшчэ больш абстрактная, чым нацыянальная, ідэя не зможа кансалідаваць беларускае грамадства. Сфармаванае камуністычнай дактрынай прымітыўнае палітычнае мысленне яшчэ раз аказалася няплодным…

Нацыя з міфічна-ідэалістычнага пункту погляду ўяўляецца як ужо дасягнутая апошняя стадыя працэсу, як нібыта аб’яднанае цэлае, супольнікі якога роўныя (сімвалічная важнасць рэферэндумаў). Нацыянальная ідэя, разгляданая як працэс, лічыць, што нацыя як культурна-сацыяльная супольнасць рухаецца ў кірунку да гэтага ідэальнага ўяўлення. Тут знаходзіцца кропка кантактавання двух падыходаў да нацыянальнай праблемы. Разглядаючы працэс фармавання нацый, можна вылучыць тры яго аспекты: разбудова ўзаемазалежнасцяў паміж рознымі часткамі нацыі, гіерархічныя ўзроўні і баланс уладаў, самаідэнтыфікацыя (ці лепш па-беларуску – самаўтаесамленне).

Першы аспект звычайна звязваецца з развіццём нацыянальных эканомік, якое мае сваёй перадумовай эфектыўную дзяржаўную манаполію на сілавыя сродкі і іх ужыванне. Падобна, што такі ж этап свайго развіцця перажывае цяпер і сусветная эканоміка. І хто супраціўляецца гэтай глабальнай тэндэнцыі, мае толькі адну дылему: заняпасці і прапасці ці актыўна ўключыцца ў працэс. Выглядае на тое, што Беларусь Лукашэнкі зрабіла абсалютна няправільны выбар, і XXI стагоддзе не будзе беларускім, калі панаванне палітычнага прымітывізму на Беларусі працягнецца яшчэ некаторы час…

Другі аспект фармавання нацый можна назваць услед за Ван дэн Бэргам [7] латэнтнай, або прыхаванай, дэмакратызацыяй, выраўнаннем балансу ўлады паміж кіраўнікамі і кіраванымі, сацыяльнымі класамі, цэнтрам і перыферыяй. Рост узаемазалежнасцяў усіх сацыяльных слаёў прымушаў іх улічваць ва ўсё большай ступені ўзаемныя інтарэсы, а не, як раней у дынастычных дзяржавах, толькі слабыя мусілі падпарадкоўвацца інтарэсам моцных. Гэты працэс, аднак, адбываўся ў гістарычных маштабах вельмі марудна, часта канфліктна і з праліццём крыві. Уладныя класы рабілі саступкі заўжды вельмі неахвотна. Хрэстаматыйным прыкладам латэнтнай дэмакратызацыі з’яўляецца адмена ў 1861 годзе прыгоннага права ў Расіі. Царызм вымушаны быў пайсці на гэты крок пасля паразы ў Крымскай вайне. Гэта адначасова з’яўляецца і прыкладам таго, як міждзяржаўнае суперніцтва ўплывае на ўладныя стасункі ўнутры дзяржаў. Увогуле здаецца, што Расія на працягу ўсёй сваёй гісторыі рашалася на рэформы толькі пад ціскам міжнародных абставін, каб не прапасці. Цікава, што адны і тыя ж міжнародныя катаклізмы ў больш культурных грамадствах абумоўліваюць дэмакратызацыю, а ў больш адсталых – узмацненне аўтарытарызму [гэты факт падкрэсьлівае прынцыповае зачэньне культуры для гістарычнай персьпектывы нацыі. – Рэд.].

Маруднае развіццё дэмакратыі ў еўрапейскіх нацыянальных дзяржавах было паскорана ў XVIII-XIX стагоддзях паслядоўнай палітыкай уладаў, скіраванай на разбудову эканамічнай інфраструктуры, і палітыка гэтая была выклікана прычынамі эканамічнага і ваеннага парадку. Працэс гэты, аднак, уключаў у сябе і меры сацыяльнага кірунку: увядзенне АБАВЯЗКОВАЙ АДУКАЦЫІ, а пазней і сістэмы САЦЫЯЛЬНАЙ БЯСПЕКІ, а таксама ЎНАРМАВАННЕ МОВЫ. Такая нацыестваральная палітыка прымусіла нават сялян, несвядомых сваёй нацыянальнай прыналежнасці, але пазбаўленых спрадвечнай ізаляцыі, нацыянальна ідэнтыфікаваць сябе. Знамянальна, што ў Францыі, якая лічылася найвышэй інтэграванай дзяржавай у Еўропе, сяляне нават з мясцовасцяў непадалёк ад Парыжа пачалі ўсведамляць сябе французамі толькі пасля 1870 года [10].

Трэці аспект фармавання нацыі – гэта зрух у дачыненнях паміж уладарамі і падуладнымі, паміж сацыяльнымі слаямі, паміж рэгіёнамі. У феадальных грамадствах уладны клас не разглядаў сваіх падуладных як роўных сабе людзей. Зверствы рускіх памешчыкаў над сваімі прыгоннымі яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя прыводзілі ў жах тагачасную Еўропу. Аднак і там падуладныя разглядаліся ўладнымі класамі як быдла з мовай ці прылада, бо арыстакраты не адчувалі ніякай няёмкасці, спраўляючы натуральную патрэбу, купаючыся ці ходзячы голымі ў прысутнасці служак процілеглага полу [11]. Нават буржуазія, назваўшыся нацыяй і эмансіпаваўшыся, не падумала падзяліцца сваімі правамі з рабочым класам. Неад’емныя правы чалавека, за якія так зацята змагаліся вялікія мысляры Асветніцтва, увогуле не тычыліся служак і простага народу.

Нават у 1839 годзе «Камуністычны маніфест» канстатаваў: «Рабочыя не маюць Айчыны, у іх нельга адабраць тое, чаго яны не маюць. Паколькі пралетарыят мусіць спачатку заваяваць палітычную ўладу, узняцца да нацыянальнага класу, стаць самому нацыяй, то ён застаецца яшчэ нацыянальным, хоць і ні ў якім разе не ў буржуазным сэнсе». Далей аўтары «Маніфесту» робяць выснову, што «з ліквідацыяй супярэчнасцяў унутры нацый адпадзе і варожае стаўленне нацый адной да другой» [12]. На той час Маркс меў рацыю. Рабочыя не былі яшчэ ўдзельнікамі палітычнага жыцця ў сваіх краінах, бо не мелі ніякіх палітычных правоў і ЎТАЕСАМЛЯЛІ ДЗЯРЖАВУ НЕ З САБОЙ, А ГАЛОЎНЫМ ЧЫНАМ З ПАЛІЦЫЯЙ [дакладна як для большасьці цяперашніх грамадзян Беларусі: “дзяржава” – гэта ўлада, а не дзяржава – гэта беларускае грамадства. – Рэд.]. Іх поўная галеча, як і іхняя ўспрымальнасць да новых ідэй, з тае прычыны, што яны з’яўляліся дэзарыентаванымі мігрантамі з вёскі, прывялі заснавальнікаў навуковага сацыялізму да высновы аб гістарычна непазбежным «інтэрнацыяналізме» пралетарыяту [! – Рэд.]. Міжнародны рабочы рух увогуле распачаўся з праявы салідарнасці. 28 верасня 1864 года ў Лондане быў скліканы міжнародны мітынг салідарнасці з паўсталай супраць рускага прыгнёту Польшчай, на якім было створана Міжнароднае таварыства рабочых, або І Інтэрнацыянал, які і вылучыў лозунг «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». Уся гісторыя Першага і Другога Інтэрнацыяналаў звязаная з барацьбой за міжнародную салідарнасць рабочага класу. У час франка-прускай вайны Аўгуст Бебель і Карл Лібкнэхт галасавалі супраць ваенных крэдытаў, патрабавалі міру з Французскай рэспублікай, а выступленні рабочага класу ў Англіі паскорылі прызнанне брытанскім урадам гэтай рэспублікі. Лонданскі кангрэс ІІ Інтэрнацыяналу ў 1896 годзе прыняў рэзалюцыю АБ ПРАВЕ НАЦЫЙ НА САМАВЫЗНАЧЭННЕ, асудзіў каланіяльную палітыку буржуазіі.

З пралетарскім інтэрнацыяналізмам заснавальнікі міжнароднага рабочага руху звязвалі спадзяванні, што міжнародная салідарнасць рабочага класу не дапусціць вайны.  У 1914 годзе стала ясна, што гэтага не здарылася. НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭНТЫФІКАЦЫЯ САЦЫЯЛІСТЫЧНЫХ ПАРТЫЙ АКАЗАЛАСЯ МАЦНЕЙШАЙ ЗА КЛАСАВУЮ САЛІДАРНАСЦЬ праз нацыянальныя межы [13]. Чаму ж рабочы клас пачаў утаесамляць сябе з сваёй нацыяй насуперак сваёй класавай «інтэрнацыяналістычнай» ідэалогіі?

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы