nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ і САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЯ (частка ІІІ; кБНІ)

12 кастрычніка, 2006 | Няма каментараў

Міхась Патрэба

Прыблізна з паловы XIX стагоддзя ў краінах Еўропы пачалі ўзнікаць і мацавацца рабочыя палітычныя і прафесійныя арганізацыі. Найвялікшым дасягненнем рабочага руху ў гэты час з’явілася заснаванне ў шэрагу еўрапейскіх краінаў сацыял-дэмакратычных рабочых партый, найбуйнейшай і найактыўнейшай з якіх была Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі. Прафсаюзны рух  краіны знаходзіўся пад яе вызначальным уплывам. Уладныя класы бачылі ў росце ўплыву сацыял-дэмакратычнага руху пагрозу для выгаднага ім парадку і імкнуліся ўсімі даступнымі ім сродкамі абмежаваць гэты рост. 19 кастрычніка 1878 года райхстаг 221 голасам супраць 149 прыняў закон, які забараняў дзейнасць сацыял-дэмакратычнай партыі. Адначасова ўрад канцлера Бісмарка паспрабаваў перахапіць палітычную ініцыятыву, уздымаючы лозунгі сацыял-дэмакратыі да сваіх праграмных. За 10 дзён да прыняцця гэтага закону ён заявіў у райхстагу, што персанальна будзе падтрымваць любую спробу «палепшыць лёс рабочых, уключаючы аб’яднанні для паляпшэння становішча рабочых, з тым, каб дабіцца для рабочых большай долі ў прыбытках прамысловасці і каб скараціць наколькі мажліва час іх працы» [14].

І кайзераўская Германія першай з капіталістычных краінаў увяла ў сябе сацыяльнае заканадаўства: 1883 – страхаванне па хваробе, 1884 – страхаванне па няшчасных выпадках, 1889 – па старасці, інваліднасці і г.д. Следам за Германіяй у хуткім часе пайшлі і іншыя капіталістычныя краіны. Аднак у самой Германіі бісмаркаўскія законы не змаглі стрымаць рост уплыву сацыял-дэмакратыі, бо ў вачах рабочага класу яны былі тым, чым і былі – вымушанай саступкай уладных класаў патрабаванням працоўных, артыкуляваным сацыял-дэмакратыяй. У выніку росту ўплыву сацыял-дэмакратыя ў краіне паспяхова пераадольвала рэпрэсіі і палітычныя перашкоды. На кожных выбарах у райхстаг праходзіла ўсё больш сацыял-дэмакратаў. Нарэшце ў 1890 годзе Бісмарк вымушаны быў пайсці ў адстаўку, а дзейнасць «сацыялістычнага» закону не была прадоўжана, і ён бясслаўна «пачыў у бозе».

Аднак, нягледзячы ні на што, апошняя чвэрць ХІХ стагоддзя была тым часам, калі ў большасці заходнееўрапейскіх краінаў рабочыя і сацыялістычныя партыі мала-памалу, але няўхільна ўключаліся ў свае нацыянальныя палітычныя сістэмы. Працоўныя пачалі займаць сваё годнае месца ў сваёй уласнай нацыянальнай дзяржаве. Перад другой сусветнай вайной сацыялістычныя партыі амаль ва ўсіх заходнееўрапейскіх дзяржавах удзельнічалі ў сваіх урадах. І –  о, парадокс! –  УСЕ ЯНЫ ГАЛАСАВАЛІ ЗА ВАЕННЫЯ КРЭДЫТЫ, г.зн. памагалі развязаць першую сусветную вайну. І гэта насуперак «інтэрнацыянальнай» прыродзе пралетарыяту! Не змаглі аўтары «Маніфесту» прадугледзець наступствы «нацыяналізацыі» рабочага класу. НЕ ЎСЁ, аказваецца, ВЫЗНАЧАЕЦЦА ЭКАНАМІЧНЫМІ ПРЫЧЫНАМІ І СУПЯРЭЧНАСЦЯМІ…  Заклікі і дзеянні «сапраўдных» марксістаў тыпу ленінскіх бальшавікоў ператварыць вайну сусветную ў войны грамадзянскія былі ажыццёўленыя толькі ў Расіі, і вынікі гэтага мы адчуваем на ўласнай скуры да гэтага часу, і яны не патрабуюць каментару…

Пры гэтым трэба адзначыць, што поўная інтэграцыя рабочага класу, як і яго авангарду – сацыял-дэмакратычных партый, – у заходнееўрапейскія нацыянальныя дзяржавы адбывалася адначасова з пераходам іх на стадыю т.зв. «Welfare State» – «дзяржавы  ўсеагульнага дабрабыту» – у выніку новай нацыянальнай інтэграцыі, абумоўленай наступствамі вайны.  Хіба што не патрабуе доказу той факт, што такія дзяржавы на сённяшні дзень найдалей прайшлі па шляху фармавання нацый, чым любая іншая дзяржава свету, і намнога далей, чым ЗША. І гэты працэс не толькі вызначаецца, але і абумоўліваецца ростам уплыву сацыял-дэмакратычных партый. У такіх дзяржавах высокі ўзровень нацыянальнай інтэграцыі прывёў нацыяналізм, як здавалася, на стадыю замірання, і гэтая акалічнасць спрыяла еўрапейскай інтэграцыі і кшталтаванню агульнаеўрапейскай звышнацыянальнай інтэграцыі. Аднак, як паказвае развіццё падзей апошняга часу, «будаўніцтва» Еўропы – гэта ўсё яшчэ поле для суперніцтва нацый [ды й адваротная зьява – супрацоўніцтва нацый – зь сістэмных пазіцый зусім не азначае зьнікненьне нацый; проста нацыяналізм з эгаістычнай формы пяройдзе на больш высокі ўзровень – універсальнага нацыяналізму. – Рэд.]. Да еўрапейскай «нацыі» шлях яшчэ доўгі і цяжкі, нават калі гэтае будаўніцтва не выйдзе па-за межы сённяшняга Еўрапейскага Саюзу. Да таго ж працэс гэты абцяжарваецца ажыўленнем радыкальных нацыяналістычных настрояў у пэўнай часткі грамадства гэтых краінаў з прычыны наяўнасці ў іх вялікай колькасці эмігрантаў, гастарбайтараў і ўцекачоў, якія вельмі марудна інтэгруюцца ў адпаведныя грамадствы [забясьпечаныя ўласнай ідэалогіяй, яны будуць толькі расколваць еўрапейскія нацыі, а, па меры павелічэньня іх колькасьці, і выклікаць станы ўнутрыграмадзянскай міжэтнічнай вайны; дарэчы, кампалітызатары еўрапейскіх нацый – аўтары ідэй “талерантнасьці”, “адкрытага грамадства”,  абстрактнай “дэмакратыі”, дамінацыі “правоў чалавека” над агульнанацыянальнымі абавязкамі, іншых – усё так і задумвалі…; мэта – аслабіць моцныя, канкурэнцыйныя еўрапейскія нацыі. – Рэд.].

Аналізуючы развіццё нацый у Еўропе, трэба ўлічваць рэзкае адрозненне паміж усходняй і заходняй яе часткамі. Самай лепшай ілюстрацыяй гэтага адрознення з’яўляецца часта назіраная адсутнасць або слабасць «грамадзянскага супольніцтва» ў краінах Усходняй Еўропы. Гэты факт абумоўлівае дамінацыю дзяржавы [улады. – Рэд.] ва ўсіх сферах грамадскага жыцця і выяўляецца у манапалізацыі дзяржавай усіх сродкаў улады да мастацтва і сацыяльных навук уключна. Зразумела, што ў краінах, дзе да ўлады прыйшлі прадстаўнікі старога камуністычнага мыслення [посткамуністычнай бюракартыі. – Рэд.], яны прыкладаюць усе намаганні, каб перашкодзіць САМААРГАНІЗАЦЫІ ГРАМАДСТВА, праявай якой і ЁСЦЬ НАЦЫЯНАЛІЗАЦЫЯ ДЗЯРЖАВЫ. Менавіта гэтым тлумачыцца зацятая вайна лукашысцкага клану супраць любых формаў беларускага нацыянальнага жыцця [!!! – Рэд.]. Хоць рэжым мог бы выкарыстаць нацыянальныя памкненні грамадства для ўмацавання свайго становішча, аднак ён не толькі не робіць гэтага, але і актыўна з імі змагаецца, насаджаючы на Беларусі фактычна рускую імперыялістычную ідэю. БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ ЎСІХ СФЕРАЎ ГРАМАДСКАГА ЖЫЦЦЯ АЗНАЧАЛА Б У НАШЫХ УМОВАХ НЕПАЗБЕЖНУЮ ДЭМАКРАТЫЗАЦЫЮ ДЗЯРЖАВЫ з усімі наступствамі для рэжыму. БУДАЎНІЦТВА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДЗЯРЖАВЫ МАЕ СВАЁЙ МЭТАЙ УКЛЮЧЭННЕ ЎСІХ СЛАЁЎ ГРАМАДСТВА Ў ПАЛІТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЁ, г.зн. забеспячэнне правоў чалавека, раздзяленне і ўсамастойніванне галінаў улады, улік інтарэсаў усіх, нават самых нешматлікіх групаў і г.д. А гэта, натуральна, не ўваходзіць у намер цяперашняй уладнай клікі, бо яе мэта – не забяспечваць нацыянальны інтарэс, а, АПІРАЮЧЫСЯ НА ПАДТРЫМКУ РУСКІХ ШАВІНІСТЫЧНЫХ СІЛАЎ, ЗАСТАЦЦА ЯК МАГА ДАЎЖЭЙ ПРЫ ЎЛАДЗЕ, НАВАТ ЦАНОЙ ЛІКВІДАЦЫІ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ [!!! – Рэд.].

Не спыняючыся на прычынах узнікнення такой сітуацыі ў Беларусі, адзначым той факт, што яна характэрная для большасці дзяржаў, якія паўсталі на друзах камуністычнай імперыі. У гэтых краінах фармаванне нацыянальнай дзяржавы мусіць ісці іншымі шляхамі, чым у Заходняй Еўропе: ім трэба як мага хутчэй прайсці шлях, на які той другой палавіне Еўропы спатрэбілася некалькі стагоддзяў.

Працэс гэты ў Беларусі запавольваецца ПАЛІТЫЧНАЙ, ЭКАНАМІЧНАЙ І ІНФАРМАЦЫЙНАЙ ЗАЛЕЖНАСЦЮ АД ІМПЕРСКАЙ РАСІІ, НЕ ЗАЦІКАЎЛЕНАЙ У ПАЎСТАННІ НА СВАІХ ЗАХОДНІХ РУБЯЖАХ ДЭМАКРАТЫЧНАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДЗЯРЖАВЫ; наяўнасцю вялікай долі сельскага запрыгоненага дзяржаўным феадалізмам насельніцтва, а таксама шматлікіх дэкласаваных групаў, слабым распаўсюджваннем дэмакратычных ідэй і г.д.

Зыходзячы з таго, што працэс нацыянальнай інтэграцыі ў сучасных умовах з’яўляецца адначасова падставай фармавання дэмакратычнага салідарнага грамадства, НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ ПАВІННА БЫЦЬ СКЛАДОВАЙ ЧАСТКАЙ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ТЭОРЫІ І ПРАКТЫКІ. Усе мэты сацыял-дэмакратыі могуць быць дасягнуты толькі пры грамадскім кансэнсусе, дзяржаўнай каардынацыі і прымусе. Бо толькі ў такіх умовах багатыя і здаровыя будуць дзяліцца сваімі прыбыткамі з маламаёмнымі грамадзянамі і гэтым самым захоўваць сацыяльны мір і згоду ў грамадстве, што, аднак, адпавядае і інтарэсам заможных слаёў. Нездарма самыя стабільныя нацыянальныя дзяржавы тыя, у якіх моцныя сацыял-дэмакратычныя партыі.

Натуральна, што падыходы да нацыянальных праблемаў ужо з прычынаў неаднолькавасці гістарычнага развіцця павінны быць рознымі ў сацыял-дэмакратый заходнееўрапейскіх краінаў і, скажам, Беларусі. Тыя ўжо забыліся пра праблемы, якія стаялі перад іхнімі грамадствамі і былі паспяхова вырашаны ўжо многа гадоў, калі нават не стагоддзяў, таму назад і якія актуальныя сёння для Беларусі. Заходняя сацыял-дэмакратыя канфрантуецца з нацыянальнымі праблемамі зусім іншага кшталту, чым беларускія. Яны павінны вырашаць ДЫЛЕМУ ЗАХАВАННЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭНТЫЧНАСЦІ Ў АБ’ЯДНАНАЙ ЕЎРОПЕ з адначасовым уключэннем у свае грамадствы  шматлікіх іншанацыянальных аўтсайдэраў у сваіх краінах [лепш бы дапамаглі народам гэтых краін хутчэй стаць паўнавартаснымі нацыямі! – Рэд.], а таксама развіваць мультыкультурную разнастайнасць сваіх нацый [“мультыкультурнымі” павінны быць чалавецтва, Еўропа, а не грамадства!; гэта хітрая, падступная падмена – ідэя мультыкультурнасьці грамадстваў – якую не заўважаюць многія, хто не разумее, як канкрэтна павінна быць пабудавана чалавецтва як шматузроўневая сістэма, каб захоўваць персьпектыву прагрэсіўнага разьвіцьця; калі ўсе грамадствы будуць мультыкультурнымі, гэта якраз і зьнішчыць мультыкультурнасьць чалавецтва, яно стане глабальнай хаатычна-касмапалітызаванай бія-сацыяльнай масай; такое на карысьць толькі  глабальным сацыяльным паразітам…; у імя іх паразітычных інтарэсаў ўся гэтая нягегласьць і робіцца… – Рэд.]. Ад вырашэння гэтай дылемы залежыць інтэграцыя ўсёй Еўропы.

Акрамя таго, заходнееўрапейскія нацыі занепакоеныя насіленнем нацыянальнай варожасці ва Усходняй Еўропе, якая прыводзіць да крывавых міжнацыянальных канфліктаў з патокамі соцень тысяч бежанцаў у стабільныя заходнееўрапейскія краіны. Утрыманне ўцекачоў, а таксама адбудова разбураных міжнацыянальнымі войнамі гаспадарак ваяваўшых краінаў патрабуюць вялікіх матэрыяльных высілкаў з боку Захаду, бо рэзкі перапад ва ўзроўнях жыцця на Захадзе і Усходзе Еўропы не дазволіць спыніць паток на гэты раз эканамічных эмігрантаў на Захад. Пры гэтым трэба адзначыць, што не ўсё грамадства ў заходнееўрапейскіх краінах схільнае вітаць ці ставіцца хаця б індыферэнтна да інтэграцыі прыбыльцаў у свае грамадствы. Так, у Германіі не спыняюцца варожыя выхадкі супраць іншаземцаў з боку радыкальных нацыяналістаў, якія часцей за ўсё з’яўляюцца сацыяльнымі аўтсайдарамі. Вось і апошняя ініцыятыва ўладнай Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі аб наданні туркам і гастарбайтарам іншых нацыянальнасцяў статусу германскіх грамадзянаў пры адначасовым захаванні грамадзянства краіны іх паходжання сустрэла рэзка адмоўную рэакцыю як усіх буржуазных партый, так і значнай часткі грамадства, што пацвердзілі вынікі нашага вуснага апытання на вуліцах Кёльна і Мюльгайма ў студзені 1999 года [гэта нармальная абарончая рэакцыя нармальнай нацыі. – Рэд.].

Таму падыход сацыял-дэмакратый заходнееўрапейскіх краінаў да нацыянальных праблемаў, якія непакояць сённяшні свет, выяўляецца ў намаганнях звесці нацыянальныя праблемы да першаасновы – правоў чалавека і сацыяльна-эканамічных умоваў, а дзяржаўныя межы пазбавіць статусу перашкоды для міжнацыянальных і нацыянальна-нацыянальных кантактаў. Усё гэта павінна прытупіць вастрыню нацыянальных праблемаў [нацыянальныя праблемы – гэта праблемы натуральныя, рэальныя, канкрэтныя, аб’ектыўныя; гэта азначае, што дадзеная палітычная тактыка абсалютна бесперсьпектыўная, бо штучна падмануць, праігнараваць, перагуляць гэтыя праблемы (а абраныя метады менавіта дадзенае і азначаюць) не атрымаецца; рэальныя праблемы трэба вырашаць рэальна. – Рэд.].

Што ж тычыцца беларускай сацыял-дэмакратыі, то адпаведна актуальнасці нацыянальнай праблемы на Беларусі беларускія сацыял-дэмакраты ніколі не выпускалі гэтую праблему з поля зроку. Ужо ў Праграмнай заяве Устаноўчага з’езду Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада выступіла за поўную дзяржаўную незалежнасць Рэспублікі;  «за адраджэнне і развіццё беларускай мовы і культуры, за аднаўленне гістарычнай памяці і нацыянальнай самасвядомасці, за цесныя культурныя сувязі з беларусамі за межамі БССР»; а таксама «за забеспячэнне права на культурную дзейнасць, а таксама права на навучанне і выхаванне на роднай мове ўсім нацыянальным супольнасцям Рэспублікі»; «за рэлігійную свабоду і раўнапраўе, за культурную і духоўную талерантнасць». У гэтай жа заяве БСДГ называе сябе «партыяй абароны правоў і свабод чалавека» [15].

У першай Праграме БСДГ «Крок за крокам», прынятай 20 снежня 1992 года, першай з мэтаў партыі называлася «сцвeрджaнне правоў і свабод чалавека», вызначалася і нацыянальная функцыя Грамады, якая называлася «патрыятычнай»: «Патрыятычная функцыя Грамады ў тым, што мы баронім суверэнныя правы народа Беларусі, Беларускай дзяржавы, яе незалежнасць». У асобных раздзелах, асабліва ў раздзеле «Адукацыя, выхаванне, культура», утрымваліся і асноўныя палажэнні ў кшталтаванні нацыянальнай свядомасці, у раздзеле «Наша дзейнасць і праграма» выказвалася жаданне, «каб была адроджана нацыянальная самасвядомасць беларускага народа», а таксама «каб усе нацыянальныя групы ў Беларусі жылі ў згодзе» [16].

Праграма Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», праўнай і ідэйнай пераемніцы БСДГ, прынятая на Аб’яднаўчым з’ездзе БСДП 29 чэрвеня 1996 года, на першае месца ў сваіх задачах ставіла ізноў жа «сцверджанне правоў і свабод чалавека, абарону інтарэсаў і правоў людзей наёмнай працы» і 6 з 18 сфармуляваных мэтаў прысвяціла нацыянальнаму пытанню, пачынаючы ад беларускай мовы і культуры і да забеспячэння правоў нацыянальных меншасцяў. Раздзел «Адукацыя, выхаванне, культура» амаль слова ў слова паўтарыў усе палажэнні папярэдняй праграмы, толькі катэгарычнае «мы будзем выступаць за тое, каб выхаванне і навучанне ў дашкольных установах і школах усіх тыпаў і ўзроўняў ВЯЛОСЯ на беларускай мове» першай праграмы было заменена на больш рэалістычнае «мы выступаем за тое, каб выхаванне і навучанне ў дашкольных установах і школах усіх тыпаў і ўзроўняў ПАСТУПОВА ПЕРАВОДЗІЛАСЯ на беларускую мову» [!!! – Рэд.].

Такім чынам, нацыянальная праблематыка насуперак сцверджанням некаторых крытыкаў з нацыяналістычнага лагеру займае ў новай праграме большае месца, чым у старой. Хоць трэба адзначыць, што падыход да гэтай праблематыкі ўсё яшчэ вызначаецца старымі стэрэатыпамі нацыянальна-дэмакратычнага рамантычнага кшталту. Так, усе гэтыя дакументы сцвярджаюць неабходнасць «АДРАДЖЭННЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ САМАСВЯДОМАСЦІ», забываючыся ці свядома выпускаючы з поля зроку той факт, што НАЦЫЯНАЛЬНАЯ СВЯДОМАСЦЬ УЗНІКАЕ І МАГЧЫМАЯ ТОЛЬКІ Ў НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДЗЯРЖАВЕ дзякуючы паслядоўнай дзяржаўнай эканамічнай, сацыяльнай і культурнай палітыцы. Таму правільней было б гаварыць пра ФАРМАВАННЕ ЦІ КШТАЛТАВАННЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ СВЯДОМАСЦІ: нельга адраджаць тое, што пакуль не змагло стацца.  Тое, што аўтары Заявы і абедзвюх праграмаў выдаюць за нацыянальную самасвядомасць, з’яўляецца СВЯДОМАСЦЮ ЭТНІЧНАЙ, на якой часцей за ўсё і грунтуецца нацыянальнае самаўтаесамленне. Гэтая этнічная самаідэнтыфікацыя ўжо даўно існуе ў свядомасці беларусаў. І яна пяройдзе ў стадыю нацыянальнай самасвядомасці тады, калі «тутэйшыя» і тыя, хто лічыць сябе беларусамі, перастануць утаесамляць дзяржаву з АМАПам, міліцыяй, карумпаваным усемагутным і пыхлівым чыноўнікам, дэмагогам-прэзідэнтам. Калі яны атрымаюць магчымасць і навучацца ўплываць на прыняцце рашэнняў на дзяржаўным узроўні, кантраляваць мясцовую ўладу. Гэта значыць калі будзе пабудавана НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ДЗЯРЖАВА. У пабудове нацыянальнай дзяржавы і заключаецца, на наш погляд, існасць любой, у тым ліку і беларускай, нацыянальнай ідэі. Будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы з’яўляецца імпліцытнай мэтай беларускай сацыял-дэмакратыі, паколькі ТОЛЬКІ Ў НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ДЗЯРЖАВЕ, як паказвае ўся гісторыя чалавецтва ўвогуле і сацыял-дэмакратыі ў прыватнасці, МОЖА БЫЦЬ АЖЫЦЦЁЎЛЕНАЯ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЧНАЯ ІДЭЯ УСЕАГУЛЬНАГА ДАБРАБЫТУ, СВАБОДЫ І САЛІДАРНАСЦІ.

Застаецца дадаць, што ў гэтым рэфераце адлюстраваны падыходы да нацыянальных праблемаў у сённяшнім свеце як беларускіх сацыял-дэмакратаў, так і заходнееўрапейскай сацыял-дэмакратыі, сфармуляваныя і ўдакладненыя на міжнародным семінары «Народы, нацыі і дэмакратыя», арганізаваным сацыял-дэмакратычнымі партыямі Нідэрландаў, Аўстрыі, Швецыі і Германіі ў Амстэрдаме 27-28 лістапада 1993 года [18]. Спадзяюся, што ўласныя думкі і высновы аўтара будуць заўважаны дасціпным чытачом.

Спіс выкарыстанай літаратуры:
1.  Уайт Ф.Л. Што ёсць нацыянальнасць? // Беларускі гістарычны агляд.- Т. 1.- Сш. 1.- Мінск, 1994.
2.  Kedourie Elie. Nationalism.- New York: Praeger, 1961.
3.  Seton-Watson Hugh. Nations and States: an Enquiry into the Origins of Nations and the Politics of Nationalism.- London: Methuen, 1977.
4.  Gellner Ernest. Nations and Nationalism.- Oxford: Basil Blackwell, 1983.
5.  Anderson Benedikt. Imagined Communities: Reflections on the Origin and Spread of Nationalism.- London and New York: Verso, 1991, rev. ed.
6.  Hobsbawm E.I.. Nations and Nationalism since 1780: Programme, Myth, Reality.- Cambridge: Cambridge University Press, 1990.
7.  Godfried van Benthem van den Berg. We and They: Dilemma’s and Dynamics of Nationalism // Peoples, Nations and Democracy.- Amsterdam: Alfred-Mozer Stichting, 1993.
8.  Skinner Quentin. The Foundations of Modern Political Thought.- Vol. 2.-Cambridge University Press, 1978.
9.  Elias Norbert. Processes of State-Formation and Nation-Building, Transactions of the 7th World Congress of Sociology. – Varna, 1970. – Vol. III. International Sociological Association, Sofia, 1970.
10.  Weber Eugen. Peasants into Frenchmen; The Modernization of Rural France, Standford University Press, Standford, 1976.
11.  Elias Norbert. The Civilizing Process, Vol. I. The History of Manners, Basil Blackwell, Oxford, 1978.
12.  Marx Karl, Engels Friedrich. Manifest der kommunistischen Partei.- Berlin: Dietz Verlag, 1979.
13.  Waltz Kenneth N.. Man, the State and War: a Political Analysis. – New York and London: Columbia University Press, 1959.
14.  Schneider Michael. Kleine Geschichte der Gewerkschaften. -, Bonn: Verlag Dietz Nachf., 1989.
15.  Матэрыялы Устаноўчага з’езду Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. 2-3 сакавіка 1991 года. – Мінск.
16.  Крок за крокам. Праграма Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. Прынята на ІІ з’ездзе БСДГ 20 снежня 1992 года. – Мінск.
17.  Праграма Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамады”. – Мінск, 1998.
18.  Peoples, Nations and Democracy. – Amsterdam: Alfred Mozer Stichting, 1993.
19.  Karklins Rasma. Ethnic Relations in the USSR. – Boston: Allen & Unwin, Inc., 1986.
20.  Сміт Энтані Д.С. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі. – Мінск: Беларускі Фонд Сораса, 1995.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы