nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ ў КАНТЭКСЦЕ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ІДЭЙ СУСЕДНІХ НАРОДАЎ (частка ІІІ; кБНІ)

25 кастрычніка, 2006 | Няма каментараў

Юрась Хадыка

Паглядзім на сябе звонку

Многае, што падаецца недастаткова ясным і акрэсленым, лягчэй пазнаецца ў параўнанні з аналагічнымі з’явамі. Асабліва калі гэтыя з’явы тыпалагічна блізкія, а прасторава суседнія. Я ўжо пісаў, пра “амерыканскую мару” як адчувальную і зразумелую ідэю амерыканцаў – нацыі Злучаных Штатаў. Аднак гэты прыклад – далёкі. І нацыя маладая, і культура зусім іншая. Куды карысней для ўсведамлення сваёй самабытнасці паглядзець на нашых суседзяў – Расію і Польшчу. Не толькі таму, што Польшча цалкам, а Расея ў большасці – краіны славянскія з прыкладна аднолькавай з Беларуссю глыбінёй сваіх культурных традыцый. Але і таму, што на пакручастых шляхах беларускай гісторыі вядомыя не толькі перыяды моцнага культурнага ўплыву ці польскага, ці расійскага на Беларусь.

Былі часы, калі суседзі адчувалі ўплыў беларускай культуры. Польшча – у часы першых Ягелонаў, калі на сценах касцёлаў і ў каралеўскім замку з’явіліся т.зв. “рускія фрэскі” – нямыя сведкі таленту мастакоў Вялікага княства. Расія – пачынаючы са смутнага часу і аж да сярэдзіны ХVІІІ ст., пра што можна прачытаць у кнізе К.Харламповіча “Малороссийские влияния на великорусскую церковную жизнь”. Кнізе, выдадзенай да рэвалюцыі 1917 г., дзе можна знайсці дзясяткі імёнаў беларускіх мастакоў, друкароў, рамеснікаў і святароў. Згадваю толькі адно: Сімяон Полацкі – заснавальнік свецкай паэзіі, драматургіі і адукацыі ў Маскве. Выхавальнік царскіх дзяцей і ў тым ліку Пятра І, які павярнуў Расію тварам да Захаду.

Таму вельмі карысна паглядзець, як стасуецца беларуская нацыянальная ідэя з ідэямі бліжэйшых суседзяў. Прасцей пачаць з Расеі. І таму, што яе самастойная дзяржаўнасць непарыўная з канца ХV ст., і таму, што яна была выразна сфармуляваная, адлітая ў чаканныя фармулёўкі, якія даюць зручныя магчымасці для параўнання.

Пачалося ўсё з царкоўна-геаграфічна-палітычнай канцэпцыі, сфармуляванай яшчэ пры Іване ІІІ: “Масква – Трэці Рым, а Чацьвёртаму не бываць”. Відавочнае паходжанне гэтай канцэпцыі ад імігрантаў – грэцкага святарства, вымушанага пакінуць Канстанцінопаль – Другі Рым, які захапілі туркі. Іван ІІІ аказаўся дальнабачным дзеячам. Разарваўшы свой першы шлюб, ён ажаніўся на пляменніцы апошняга грэцкага імператара і атрымаў магутную ідэалагічную зброю. На працягу трох дзесяцігоддзяў ён падпарадкаваў сваёй уладзе ўсе “рускія” (праваслаўныя) княствы і скінуў уладу Залатой Арды. Царкоўная канцэпцыя стала дзяржаўнай, прывяла да стварэння незалежнай нацыянальнай дзяржавы і на стагоддзі заклала грунт для імперскай агрэсіўнай палітыкі.

Можна бясконца спрачацца аб заканамернасці, гістарычнай непазбежнасці засваення Масквой імперскай сакральнай ідэалогіі, але відавочна, што менавіта яна пераўтварыла дробнае, перыферыйнае княства ў сэрца магутнай дзяржавы і сфармавала вялікарускую нацыю. Крыху мяняючыся з цягам часу, яна захавала свой уплыў да сённяшняга дня.

І мы бачым, як пакутуе свядомасць рускага насельніцтва Расійскай Федэрацыі ад страты ёю статусу звышдзяржавы. Як лёгка ва ўгоду імперскім амбіцыям ахвяруюцца сапраўдныя інтарэсы народу. Як многія, амаль усе, палітычныя дзеячы Расіі дэкларуюць галоўнай часткай сваіх праграм аднаўленне велічы Расіі, што заўсёды разумелася як яе ваенная магутнасць.

У ХІХ ст. імперская ідэалогія была адлітая ў добра вядомую формулу нацыянальнай ідэі: праваслаўе, самаўладдзе, народнасць. Гэтая трохчасткавая формула вельмі змястоўная і паказальная. Кожная яе частка поўная сэнсу, які раскрываецца ў многіх праявах расійскай культуры, палітыкі, псіхалогіі. Кожны беларус мусіць прымерыць гэты мундур на сябе перш чым інтэгравацца ў Расію. І даць сабе адказ, ці не муляе яму гэтая ўніформа.

Пачнем з праваслаўя. На Захадзе ўсходнехрысціянскія цэрквы завуць артадаксальнымі, што азначае традыцыйнымі, нязменнымі. Але рускі адпаведнік зусім іншы. “Праваслаўе” азначае адзіна правільнае веравызнанне. Прэтэнзію на выбранасць і зародыш агрэсіўнасці. У звычайным жа ўжытку яно набывае яшчэ больш прэтэнзійны характар. Паслухайце праваслаўных святароў, што па маскоўскім ТБ, што па беларускім радыё. Яны гавораць “праваслаўная вера”, што найменш з’яўляецца багахульствам. Бо вера ва ўсіх – праваслаўных, католікаў, пратэстантаў – адна –  хрысціянская. І гэты пераход ад “адзіна правільнай царквы” да “асобнай правільнай веры” даваў падставу для яе распаўсюджвання не толькі сярод хрысціянскіх, але і мусульманскіх народаў. Служыў апраўданнем для імперскай палітыкі на Захадзе і на Усходзе.

Самаўладдзе. Гэта адкрытае адмаўленне рэспубліканскай формы ўлады і дэмакратыі. Канцэпцыя адзінага хрысціянскага ўладара, памазаніка божага, запазычана з дзяржаўнай палітыкі і тэорыі Канстанцінопаля – Другога Рыму, які знішчыў усе рэспубліканскія традыцыі Рыму Першага. Гэта канцэпцыя закрытага грамадства, дзе інфармацыя фільтруецца, скажаецца, ідэалагічна апрацоўваецца. Адсюль устойлівая традыцыя баек пра “добрага цара-бацюшку” і дрэнных баяр. Адсюль усе расійскія пакуты з увядзеннем дэмакратычнага ладу, кпіны з любых формаў парламентарызму. Самаўладдзе разам з праваслаўем спараджаюць надзвычай кансерватыўную сацыяльную структуру, якая не мае нутраных рэзерваў для рэфармавання.

Народнасць. Гэта рэшткі хрысціянскага “сацыялізму”. Канцэпцыя саборнасці. Перавага правоў і інтарэсаў супольнасці над правамі і інтарэсамі асобы. Да поўнага іх ігнаравання. Сталінская тэорыя “винтиков” цалкам адпавядае “народнасці”. Ад сярэднявечнага хрысціянскага “сацыялізму”, які праз заканадаўчыя акты Візантыі сапраўды бараніў інтарэсы слабейшых і абмяжоўваў рост багацця, але не душыў прыватную ініцыятыву. “Народнасць” пакінула толькі бяспраўе асобы і яе нікчэмнасць перад дзяржавай.

Цяпер паглядзім, як руская нацыянальная ідэя, якая фармавалася элітай Расійскай імперыі, адбілася на нацыянальным характары і псіхіцы народу. Выдатны сучасны расійскі культуролаг і філосаф С.Аверынцаў у адной са сваіх прац вобразна патлумачыў розніцу духоўнага свету і псіхафізічных рэакцый усходняга і заходняга хрысціяніна. Уявім сабе эфір ідэй, часта супярэчлівых (антынамічных) і ўкропленыя ў яго сферы – зоны духоўнага жыцця чалавека. У католікаў гэтыя сферы маюць канчатковыя памеры. Канфліктныя ідэі, што пранікаюць у яе сарцавіну, паступова змякчаюцца. У праваслаўных гэтыя сферы вельмі малых памераў. У ідэале яны сціскаюцца ў кропку, таму супярэчлівасць ідэй праваслаўным успрымаецца вельмі востра. Фактычна гэта геаметрычны вобраз, які тлумачыць розніцу паміж рацыянальным і ірацыянальным успрыняццем супярэчнасцяў жыцця. Ён тлумачыць, чаму для рускага чалавека характэрныя рэзкія пераходы ад любові да нянавісці, ад безагляднай смеласці да панікі, ад шалёнай актыўнасці да бязвольнай пасіўнасці, ад рабскай пакорлівасці да бунту “бессмысленного и беспощадного”. Адсюль імкненне да роўнасці ў жабрацтве. Нянавісць да багацця. І багацце нефармальнай лексікі ў рускай мове.

Усе гэтыя праявы “шырокай рускай душы” добра ведае кожны беларус. Як ведае сухі рацыяналізм і эгаістычнасць носьбітаў заходняй культуры. Яны добра адлюстраваны ў сапраўды вялікай рускай літаратуры, для якой экстатычны характар псіхалогіі рускага чалавека – залатое дно.

Аднак уявіць сябе тыповага беларуса, які рве на грудзях кашулю, гэтаксама цяжка, як тыповага рускага, які ўпарта працуе ў калгасе, не атрымліваючы заробку. Ці масквіча, які пераходзіць вуліцу толькі на зялёнае святло. Нездарма беларускія салдаты што ў царскім, што ў савецкім войску былі самымі лепшымі з-за іх дысцыплінаванасці, стойкасці і адукаванасці. А ўся Беларусь пасля суцэльнага спусташэння пасля другой сусветнай вайны стала “зборачным цэхам” СССР.

Было б някепска, каб кожны беларус прымерыў на сябе “шырокую рускую душу” і вырашыў, ці пасуе яна яму. (Аб’ектыўна яна не горшая за яго ўласную. Проста інакшая). А зразумеўшы гэта, яшчэ ўлічыў, што душа – рэч нематэрыяльная. Яна фармуецца выхаваннем, адукацыяй, сацыяльным асяродкам, дзяржаўнай палітыкай. Гэтая апошняя і скіравана сёння на тое, каб беларусы згубілі сваю душу. Таму размова пра беларускую нацыянальную ідэю – актуальная. Яна вымагае ад усіх, хто не хоча чужой душы, упартай працы. Духоўнай працы.

Польская нацыянальная ідэя не адлівалася ў такія ж чаканныя фармулёўкі, як руская. Аднак можна скарыстаць расійскую мадэль для рэканструкцыі польскай нацыянальнай ідэі, не прэтэндуючы на тое, што з ёю пагодзіцца кожны паляк ці польская эліта. Галоўнае тут не ў абсалютнай дакладнасці, а ў адпаведнасці яе таму ўяўленню аб польскай культуры і нацыянальным характары, які мае кожны беларус.

Першым складнікам трохчастковай формулы безумоўна будзе каталіцызм. Канцэпцыя гэтага веравызнання, якая сцвярджае незалежнасць духоўнай улады ад улады свецкай, не дазваляе палякам сакралізаваць дзяржаву, разглядаць дзяржаўны лад як угодны Богу і незалежны ад волі грамадзян. Таму яны здолелі двойчы за апошнія 200 гадоў без вялікіх страт перажыць перыяды іншаземнага панавання і без грамадзянскіх канфліктаў аднаўляць сваю дзяржаўнасць.

Палякі – традыцыяналісты, што, дарэчы, таксама вынікае з іх веравызнання. Таму яны не толькі любяць і ведаюць сваю гісторыю, шануюць і ахоўваюць помнікі культуры. Але і, аднаўляючы сваю дзяржаву, кожны раз аднаўляюць і яе назву – “Рэч Паспалітая” (рэспубліка). Рэспубліканскі лад, альтэрнатыўны самаўладдзю, гэта другі складнік польскай нацыянальный ідэі. Гэта панаванне закону, а не волі. Гэта парадак, які дае прастору  ініцыятыве і самастойнасці. Магчыма, таму яны параўнальна лёгка перажылі “шокавую” тэрапію ліберальных рэформаў.

У польскай нацыянальнай ідэі няма адпаведніка народнасці. Палякі непараўнальна большыя індывідуалісты, чым рускія. Іх індывідуалізм зусім не выключае ні салідарнасці, ні гасціннасці, ні спачування. Але адліваецца ў якасць нацыянальнага характару, якая часам раздражняе беларусаў. Гэтая якасць – пачуццё асабістай годнасці, схільнасць дэманстраваць сваю культурную перавагу. Апошняе наогул не ўласцівае людзям высокакультурным, але праяўляецца як простанародная рэакцыя на непрымальную чужародную культуру.

Такім чынам, польскую нацыянальную ідэю я б сфармуляваў так: каталіцызм – рэспубліка – годнасць, альбо салідарнасць. Бо салідарнасць ёсць форма сацыялізацыі годных людзей.

У супастаўленні з прыкладам суседзяў і абапіраючыся на свой гістарычны вопыт можна і трэба вызначыць і галоўныя складнікі беларускай нацыянальнай ідэі. Складнікі, якія вызначаюць асаблівасць нацыянальнага характару, нацыянальных каштоўнасцяў. І якія мусяць абараняцца і развівацца незалежнай беларускаю дзяржаваю, калі яна будзе створана.

Першы, безумоўна, светапоглядны. Беларусь – краіна шматканфесійная, але пераважна хрысціянская. Аднак, бессэнсоўна гаварыць – хрысціянства. Бо і католікі, і праваслаўныя, і пратэстанты ёсць хрысціяне. Наша галоўная гістарычная заваёва – талерантнасць, верацярпімасць [у гэтым сэнсе з “талерантнасьцю” пагадзіцца можна. – Рэд.]. Гэта ўражальна адрознівае нас як ад Расіі, так і ад Польшчы. Яны толькі імкнуцца да таго, што мы ўжо маем. Беларуская дзяржава мусіць быць толькі свецкай. З поўным аддзяленнем царквы ад дзяржавы. Прыкладна ў такой ступені, як у ЗША. І, зразумела, без казанняў прэзідэнта ў храмах.

Не трэба атаесамляць талерантнасць з лагоднасцю, рахманасцю, абыякавасцю. Талерантнасць – гэта і супроцьстаянне гвалту, культу сілы, самадастатковасць уласнага светагляду. Адкрытасць прымальным культурным уплывам і ашчаднае зберажэнне сваіх каштоўнасцяў. Талерантнасць – прыкмета дэмакратызму, павагі да самакаштоўнасці асобы і ведаў. Гэта годнасць, якая пазбаўлена агрэсіўнага адцення перавагі [і з такой інтэрпрэтацыяй “талерантнасьці” можа пагадзіцца. – Рэд.]. Усе гэтыя якасці, уласцівыя традыцыйнай беларускай культуры як у яе элітарных, прафесійных формах, так і ў фальклоры і народным выяўленчым мастацтве. Яны чытаюцца ва ўніяцкіх абразах і сармацкіх партрэтах. У творах палемічнай літаратуры ХVІ – ХVІІ стст. і ў творах класікаў беларускага Адраджэння. Нават у беларускай савецкай літаратуры.

Янка Купала, адказваючы на рытарычнае пытанне ”А чаго ж, чаго захацелася ім?”, адказаў: “Людзьмі звацца”. Гэта пра талерантнасць. Менавіта таму сённяшні рэжым так шалёна змагаецца з гэтаю рысаю нацыянальнай культуры і ў палітыцы, і ў духоўным жыцці [няпраўда, ён яе інфлюе, пашыраючы “талерантнасьці”на неўласьцівыя дл яе зьявы, каб намовіць беларусам неўласьцівыя ім рысы, але карысныя паразітычнай бюракратыі. – Рэд.]. Што і сведчыць пра яго антынацыянальную, антынародную прыроду.

Для Беларусі чужое самаўладдзе. Але і рэспубліканскія традыцыі слабыя. Таму дзяржаўным структурным прынцыпам можа быць толькі дэмакратыя. “Дэмакратыя” больш расплывісты тэрмін, чым “рэспубліка” [усё залежыць, як яго разумець; расцярушваньнем, дыскрэдытацыяй  паняцьця “дэмакратыя” сёньня адмыслова займаюцца псеўда-лібералы і бюракратыя. – Рэд.]. Яна вагаецца паміж ахлакратыяй (пастка, у якую Беларусь і трапіла) і парламентарызмам. Традыцыі парламентарызму ёсць у нашай гісторыі. На іх трэба і абаперціся, будуючы незалежную Беларусь. Але перш яны павінны быць рэабілітаваны ў вачах людзей. І гэтая неабходнасць накладае на беларускую эліту вялікую адказнасць. Выхаваць палітычную культуру, павагу да партыяў і іх грамадскай адказнасці, растлумачыць існасць і перавагі прадстаўнічай заканадаўчай улады перад вечам і яго сучаснай рэалізацыяй у выглядзе нічым не абмежаванага і за ўсё адказнага прэзідэнта – яе абавязак. Беларусь – не афрыканскае племя і не вялікі калгас. Шматгранныя інтарэсы яе грамадства не могуць быць зведзены да волі і розуму аднаго чалавека. Пабудаваць парламенцкую рэспубліку і ліквідаваць самаўладдзе неабходна, каб вярнуць Беларусь у Еўропу і рэалізаваць яе нацыянальную ідэю.

Адпаведнік трэцяму складніку прынятай намі формулы нацыянальнай ідэі таксама вельмі цікавы. Ён характарызуе ступень сацыялізаванасці беларускага грамадства. Безумоўна, для беларусаў не ўласцівая ні аднастайнасць “народнасці”, ні высокая ступень грамадзянскай “салідарнасці”. Працяглая адсутнасць незалежнай дзяржаўнасці і нацыянальнай эліты, шматканфесійнасць насельніцтва спрыялі выпрацоўцы спецыфічнай формы сацыялізацыі – салідарнасці ў патрэбе. Альбо талакі. Гэтая форма салідарнасці ўласцівая не толькі вясковым супольнасцям, але і вытворчым калектывам, дзе ніколі не паўстаюць канфлікты на нацыянальнай, веравызнаўчай ці якой іншай культурнай глебе. Яна праглядаецца і ў трываласці такой формы нацыянальна-вызвольнага змагання, як партызанская барацьба, якая вядзецца ірэгулярнымі вайсковымі аддзеламі, у шматлікіх канфедэрацыях, вядомых з нашай гісторыі. Нават у шматлікасці сучасных палітычных партый.

Талака ёсць сродак дасягнення мэты агульнымі намаганнямі. Сродак, абмежаваны ў часе і прасторы. Аднак тыпалагічна гэта зародыш грамадзянскай супольнасці. Сама яе няўстойлівасць і дынамічнасць – гарантыя ад стварэння іерархічнага каставага грамадства, што з’яўляецца хваробай “народнасці”. Талака можа набываць і агульнанацыянальны характар. Толькі талакою можна скінуць калабаранцкі здрадніцкі рэжым.

Такім чынам, рэзюмуючы ўсё вышэйсказанае, я сцвярджаю, што стрыжнем, ці формай, беларускай нацыянальнай ідэі сёння ёсць змаганне за незалежную беларускую дзяржаву. Яе зместам – нацыянальна-культурнае адраджэнне, стварэнне нацыянальнай эліты. Яе формулай, якая фіксуе галоўныя нацыянальныя каштоўнасці, слоган: талерантнасць, дэмакратыя, талака. Зразумела, без прэтэнзіі на тое, што такі найскладанейшы комплекс уяўленняў, як нацыянальная ідэя, можа быць вычарпаны трыма словамі. І без прэтэнзіі на тое, што выбраныя мною сінонімы тых паняццяў, якія яны адлюстроўваюць, найлепшыя.

Я таксама дапускаю, што не ўсе рускія і палякі пагодзяцца з выкладзенаю мною інтэрпрэтацыяй іх нацыянальнах ідэй. Гэта толькі беларускі пагляд. Мала таго, нацыянальныя ідэі, хаця і караняцца ў гісторыі кожнага народу, разам з тым дастаткова рухомыя. З’яўляючыся, з аднаго боку, арыенцірам, маяком у культуратворчай дзейнасці народу, яны ўдакладняюцца і развіваюцца кожным пакаленнем. Асабліва ў такія пераломныя перыяды гісторыі, які перажывае беларускі народ.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы