nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ЯК СТАЦЬ БАГАТЫМ У ПОСТСАВЕЦКАЙ РАСЕІ

25 лістапада, 2006 | Няма каментараў

Са зьместу папярэдняга артыкула вынікае, што шмат праблем цяперашняй Расеі зьяўляюцца вынікам прыхватызацыі 1990-х, якая расслаіла грамадства на невялічкую частку неверагодна (і, канешне ж, незаслужана) багатых і значную частку вельмі й вельмі бедных. Калі вы думаеце, што на Захадзе ўсе станоўча ацэньваюць вынікі такой прыхватызацыі, вы памыляецеся. Многія і там разумеюць злачынны характар таго, што адбылося. Прыводзім у скароце артыкул Серджа Рамана з папулярнай італьянскай газеты «Corriere Della Sera», у якім ён адказвае на адпаведнае пытаньне аднаго з чытачоў.

Рэдакцыя.


Чытач, Альберта Вальтаджа: «Мне ўяўляецца, што ёсьць розьніца паміж тымі, хто робіць сваё багацьце дзякуючы вынаходлівасьці, непарушнай мэтанакіраванасьці, шматгадовай працы і пэўнай удачы, і тымі, хто нечакана прасынаецца мультымільярдэрамі, нават не разумеючы, як такое магло стацца. Вы добра ведаеце расейскую рэчаіснасьць – патлумачце мне, якім чынам у гэтай краіне пасьля падзеньня савецкай імперыі за нейкія некалькі год узьнікла столькі багацеяў зь ліку былых кіраўнікоў і дзяржаўных служных. Бо многія зь іх да таго атрымлівалі зарплату, якая была нават меньшай, чым у мяне, звычайнага італьянскага банкаўскага служнага?»

Дарагі Вальтаджа.

Усё пачалося ў пачатку 1990-х гадоў, калі Анатоль Чубайс – міністар ва урадзе Ягора Гайдара (прэзідэнтам Расеі быў тады Барыс Ельцын) – вырашыў, што самым лепшым спосабам прыватызацыі савецкіх прамысловых гігантаў будзе разьмеркаваньне сярод усіх расейскіх грамадзян пэўнай колькасьці казначэйскіх білетаў, якія сталі паўсюдна звацца «ваўчарамі». Кожны зь іх уяўляў сабой мізэрнейшую долю ў той маёмасьці, якую дзяржава вырашыла выпусьціць на рынак. Гэтыя «ваўчары» кватаваліся на маскоўскай біржы – там яны набылі вартасьць і тут жа пераўтварыліся ў рэч для куплі-продажу.

У гэты час і зьявіліся некаторыя члены былога камуністычнага апарату – «маладыя ільвы», якія добра разьбіраліся (бо мелі інфармацыю зь першых рук) ва ўсіх хірамудрасьцях савецкай улады. Для таго, каб купляць ваўчары, яны здабылі грошы [толькі яны, іншым не давалі. – Рэд.] за кошт атрыманьня займаў на ільготных умовах у Зьбербанку, г.зн. адтуль, куды савецкія грамадзяне аддавалі на захаваньне свае грошы, якія ім не ўдавалася патраціць у краіне, дзе крамы былі пустыя.

Атрымаўшы купленыя імі прадпрыемствы ва ўласнасьць, новасьпечаныя расейскія бароны-алігархі, зразумела, апынуліся перад неабходнасьцю вярнуць займы Зьбербанку. І тут для іх падасьпела гіперінфляцыя, якая… моцна паменшыла іх даўгі.

Затым, для таго, каб «найлепшым» чынам эксплуатаваць свае прадпрыемствы, алігархі прымянілі ня менш цынічны падыход. У тых выпадках, калі, напрыклад, яны выраблялі сыравіну, якая мела попыт на міжнародных рынках, яны экспартавалі яе. Каб выратаваць ад інфляцыі й схаваць ад налогаў атрыманы даход, яны грошы трымалі за мяжой. Гэта было незаконна, але верагодней за ўсё, дастаткова было падмазаць некалькі бюракратычных «шэсьцерняў», каб пазьбегчы непрыемнасьцяў з правасуддзем.

Між тым, даволі хутка алігархі ўсьвядомілі, што для паўнаты кантролю сітуацыі ім патрэбны два інструманты: сродкі інфармацыі (найперш, тэлеканалы) і банкі. Першае патрабавалася для таго, каб узьдзейнічаць на грамадскую думку, другое – для таго, каб захоўваць грошы, атрыманыя ад іх «аперацый».

Алігархі дасягнулі зяніту ўлады ў канцы 1990-х, калі прафінансавалі выбарчую кампанію Барыса Ельцына, якая дазволіла яму стаць прэзідэнтам на другі тэрмін. Тады ж яны праніклі ў Крэмль, атрымаўшы ўжо і палітычную ролю, падобную на ролю баяраў пры цары.

Нягледзячы на тое, што Пуцін трохі прыціснуў некаторых алігархаў, абсалютная большасьць зь іх пасьпяхова захоўвае і павялічвае свае нарабаваныя мільярды і сёньня…

 

Серджа Рамана


Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы