nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ЧАМУ ПРАЙГРАЛА АПАЗІЦЫЯ

29 сакавіка, 2007 | Няма каментараў
Нас цікавіць беларускі народ, а не апазіцыйныя бонзы

Сяржук Высоцкі

���о�к�.JPG

Апошнія падзеі, зьвязаныя са спробай арыштаваць лідара незарэгістраванай Беларускай партыі Свабоды (БПС) Сяржука Высоцкага, якому пакуль удалося пераехаць ва Украіну, прастымулявалі нашу рэдакцыю на тое, каб выставіць яго артыкул. (Напэўна, цяпэрцы вырашылі, што прыйшоў час папрэсаваць і Высоцкага так, як гэта было зроблена ў дачыненьні да Севярынца, Дашкевіча, Маркевіча, Казуліна, некаторых іншых; сьпецам ад цяперцаў удалося захапіць толькі яго малодшага брата; гл. http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/3/24270F0B-5C4D-47A8-A25B-D91161119CD8.html; па зьвестках ад Высоцкага арыштоўваюць яго хлапцоў і на допытах патрабуюць, каб яны прызналіся ў прыналежнасьці да нелегальнай арганізацыі; допыты адбываюцца пад лейтматывам: “усё роўна мы яго пасадзім!”). Пазнаёмцеся з пазіцыяй гэтага чалавека і падумайце, ці не назіраем мы зачыстку палітычнага поля – пакуль на дзялянцы апазіцыі – для прадстаўнікоў зусім не прабеларускіх сілаў. Прычым, прыладай да такой самай глыбіннай мэты зьяўляюцца ня толькі супрацоўнікі міліцыі, КГБ, а і самі цяперцы з найбольш шыкоўных кабінетаў. Для каго адбываецца гэта зачыстка? Для Мілінкевіча? Саньнікава? Вячоркі? Лябедзькі? Леванеўскага? А, можа, для ўсіх іх разам? (даволі падрабязна апошняя магчымасьць разгледжана нядаўна на расейскай мадэлі, гл. https://nashaziamlia.org/2007/03/24/591).

Рэдакцыя.

Гэтая выбарчая кампанія [маюцца на ўвазе прэзідэнцкія выбары 2005-06 гг. – Рэд.] была прайграна апазіцыйным афіцыёзам па стандарце усіх папярэдніх. Нечаканасцю стаў стыхійны вулічны пратэст моладзі 19-25.03.2006 г. Расклад падзеяў прадэманстраваў рэальную слабасць арганізаваных структур, афіцыйных партый. Не дапамагла нават падтрымка Захаду. Незарэгістраваныя арганізацыі выглядаюць на тым жа ўзроўні, што і багатыя партыі са сваімі штабамі і прафесійнымі функцыянерамі…

Падзеі 19-25.03 паказалі, што ў Беларусі ёсьць народ, ёсьць нацыя. Выходзіць, не толькі збыдлячаныя абывацелі жывуць у краіне.

Большым носьбітам 7-дзённага супраціву выступіў народ, а не апазіцыйныя лідэры. Людзі стаміліся чакаць вынікаў ад апазіцыі і паціху самі бяруць на сябе місію вызваленьня.

Аб’ектыўна гэтая кампанія апазіцыі была вырачана на паразу яшчэ напачатку. Бо пачатак, як гаворыцца, “быў праз адно месца”.

Пазіцыя БПС была зразумелая:

  1. Пачаць агульнаграмадскую дыскусію аб прычынах папярэдніх параз.
  2. Даць магчымасць бессумніўным аўтарытэтам нацыі, нацыянальнай эліце сказаць сваё слова аб патрэбе агульных захадаў. Пры гэтым жорстка забяспечыць падпарадкаванне эліце партыйных бонзаў, такіх як Вячорка, Лябедзька і г. д. Такія людзі як Гарэцкі, Астроўскі, Акаловіч, Марачкін стаяць над палітыкумам.
  3. Пазбавіцца ад цалкам скампраметаваўшых сябе фігур – марыянетак Масквы і грантавых злодзеяў.
  4. Не ствараць новую шырму (чытай: “Кангрэс Дэмакратычных Сіл”), а пачаць абнаўленьне апазіцыі. Адчыніць дзверы не камуністам і падонкам, а беларускім патрыётам, людзям, адсядзеўшым у турмах, СБП, БКА, БНП, правёўшым моцныя патрыятычныя акцыі. Пачэсна ацаніць адзіную рэальную беларускую царкву – Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву – ды падтрымаць яе.
  5. Іншымі словамі: вярнуць дэмакратыю ў колы беларускай апазіцыі. Зараз пануе тыранія былых камуністаў, якія цяпер сталі “лібераламі”.
  6. Не цурацца бела-чырвона-белай сымболікі, а даць ёй усенародны абдым! Не баяцца слова “Незалежнасць”, а ўзняць яго на ўсе лозунгі! Не ігнараваць нацыянальную ідэю, а вярнуць яе ў апазіцыю!
  7. На глебе абсалютнай каштоўнасьці – дзяржаўнай Незалежнасці Беларусі і будучай Нацыянальнай Свабоды – адкрыць шлюзы нацыянальнай стыхіі і гартаваць нацыянальную салідарнасць.

Нічога гэтага праведзена не было. Наадварот, на хуткім коніку быў арганізаваны Кангрэс Дэмсіл з тых жа самых аўтсайдэраў без якога-небудзь аналізу, ачышчэння. Ні БПС, ні БАПЦ, ні Таварыства Беларускай Школы ды іншыя рэальныя беларускія сілы нават не запрасілі. Была злепленая “аб’яднаная” апазіцыя праз механічнае аб’яднаньне разнастайных аб’ектаў. Такім жа слаўным чынам быў абраны “адзіны” кандыдат. Натуральна, што беларускія патрыёты не ўспрынялі ні гэты Кангрэс, ні ягоныя рашэнні.

БПС змагаецца за незалежнасць

Пасля поспеху ў адкрыцці Беларускага Нацыянальнага Цэнтру ў Кіеве кіраўніцтва БПС спадзелася на новы прарыў. На жаль, усё ўтапілася ў мафіёзна-ліберальным падмане.

У 2005 г. упершыню пачаўся дыялог Партыі Свабоды з заходнімі інстытутамі. Аднак гэты дыялог не прынес вынікаў. Крытыкі схільныя традыцыйна спісваць гэта на нацыяналізм Высоцкага. Насамрэч усё аказваецца складаней. Ужо склалася брыдкая і прыніжальная для беларусаў сістэма адносінаў з Захадам. Партыйныя вяршкі ад БНФ ды АГП – гэта савецкія людзі, ужо звыклыя стаяць на каленях хоць перад маскоўскім, хоць перад амерыканскім чыноўнікам. З’яўленне чалавека, які ў прынцыпе не дазваляе нікому (!) падвышаць на сябе голас, выклікае ў заходнікаў шок. Апазіцыя прывучыла Захад з беларусамі не цырымоніцца, таму валявыя і гордыя асобы пужаюць.

БПС не атрымала аніводнага гранту! Можна ўвогуле захапляцца ідэйнай сілай Партыі, якая пры гэтым не развалілася, як розныя “Край” і да яго падобныя.

Яшчэ да 19.03 групамі расейскіх фашыкаў было арганізавана некалькі жорсткіх правакацый з мэтай выбіць хоць нейкую частку актыву Партыі Свабоды. У адрозненне ад нашых “дальтонікаў” – афіцыйнай апазіцыі – ворагі цудоўна ведаюць, што для іх небяспечна, ды ў чым сіла БПС.

Старшыня арганізацыі, як і яшчэ шэраг рэгіянальных лідэраў БПС, былі затрыманыя яшчэ да падзеяў 19-га. Усяго сярод актывістаў арганізацыі было затрымана 23 чалавекі. Праезд у Менск, пражыванне, як і арганізацыя перадач ад БПС сваім сябрам прыйшлося рабіць за свае грошы!

Дэмакратычны лагер не выявіў аніякай ініцыятывы да паразумення з патрыётамі. Адсутнасць яснасці, сумленнасці і годнасці ў стане “аб’яднаных” прымусіла намеснікаў С.Высоцкага падчас ягонай адсутнасці адмовіцца ад падтрымкі БПСам А.Мілінкевіча. Было прынята рашэнне не ўзнімаць сцягі пасля 19-га, і сябры БПС, якія знаходзіліся ў намётавым лагеры, былі там толькі як прыватныя людзі. Мы не працавалі ні на Казуліна, ні на Мілінкевіча. Нашыя прыхільнікі выходзілі на плошчу не за Мілінкевіча, не за Казуліна, а супраць лукашызму – супраць каланіяльнага прарасейскага рэжыму!

З іншага боку, той жа “Малады Фронт” браў самы актыўны ўдзел у падзеях 19-25.03. Шмат асуджаных, ёсць пасаджаныя за “крымінал”. Але ці не з’яўляецца актыўнасць “Маладога Фронту”, як і даўшага дубу “Зубра”, толькі актыўнасцю, прастымуляванай Захадам?.. Грошы “Хартыі-Зубра” далі падставы цяперашняму кіраўніцтву “МФ” забыцца на свае ж выкрыванні сутнасці лепшых сябраў… Аднак ці можна дзеля кан’юнктуры ахвяраваць сваімі прынцыпамі?! І што гэта будзе за перамога, здабытая брудным сумленнем?!

Не свабода для алігархаў, а нацыянальная свабода

“Аб’яднаная” апазіцыя ўжо паспела залічыць падзеі 19-25.03 у свой актыў. Маўляў, дзівосны поспех “дэмакратычнай” кааліцыі. Як гаворыцца: “яму на твар ільюць, а ён: “Божая раса”. Відавочна, што аніякіх значных дасягненняў у гэтай афіцыйнай апазіцыі няма.

І ужо зусім некарэктна запісваць на свой рахунак стыхійны выхад моладзі. Адразу пасля 25-га многія апазіцыйныя правадыры пачалі абурацца, што “адныя дзеці, няма мужыкоў”. А вось тутака і ўзнікае адно з галоўных пытанняў: “Чаму не было мужыкоў?

Прыйшлі непаўналетнія. Тыя, каго лідэры апазіцыйнага афіцыёзу яшчэ не паспелі абдурыць. Астатнія ўжо добра ведаюць, чаго вартыя дэградаваўшы БНФ, АГП – на якой няма дзе кляймо паставіць, ды памятаюць, што такое камуністы. Ну, яшчэ плюс “Малады Фронт”, які ўжо дайшоў да абшчака з “Хартыяй-Зубрам”.

Здзіўляе лексіка “аб’яднанага кандыдата”. Гаворыцца многа папулісцкага, а вось пра галоўнае – вельмі мала. Сёння для беларускай нацыі і Дзяржавы галоўнае паняцце – “Незалежнасць”, але якраз яно засталося на задворках праграмы. Замест яго ўжываецца “Свабода”, але вось якая свабода?? Нацыянальная свабода, ці свабода для новых алігархаў высмоктваць сокі з народу… А нехта яшчэ прагне свабоды для пераўтварэння Беларусі ў бардэль для заходніх і маскоўскіх барыг…

Дык вось пра нацыянальную свабоду нешта нічога і не гаварылася?!

Расчараванні

Пэўна, самым вялікім расчараваннем стала кампанія “Хопіць”. Маючы надзею на сапраўдную народную ініцыятыву на глебе нацыянальнай салідарнасці і выхад новай моладзевай энэргіі, БПС напачатку падтрымала стварэнне “Хопіць”. Але калі ўсё ізноў звялося да звычайнага махлярства, кіраўніцтва БПС прыняла рашэнне выйсці з кампаніі. Наступныя падзеі паказалі, што гэта было правільнае рашэнне. А тых, хто “пацягнуў капейку”, такая “дзейнасць” прывядзе ў палітычны цугундэр.

“Дапамога” Захаду насіла такі тапорны характар, што нам прыходзіць на думку: “Можа, яны наўмысна жадаюць зрабіць усё яшчэ горш”. Аказваецца падтрымка толькі дробным ды прадажным зладзюгам. Нездарма ў намётавым лагеры амаль не было 25-гадовых, а адныя падлеткі. Не прыйшлі мужыкі. Не прыйшлі тыя, хто ўжо добра ведае, што такое апазіцыйны афіцыёз, каго яны ўжо неаднойчы падманулі!

На сённяшні час супрацоўніцтва з заходнімі структурамі не дала аніякага станоўчага эфекту, нават пагоршыла становішча.

БПС ацэньвае ролю Мілінкевіча і Казуліна толькі як мабілізатараў пратэста. Ні той, ні другі на ролю нацыянальнага лідара не цягнуць. Не той маштаб, не тая годнасць, не тая воля. Сярод нашых сяброў амаль ніхто і не галасаваў за іх. А на плошчу прыходзілі не за М… ці К…, а за незалежнасць і за нацыянальнае вызваленне.

Самая апошняя справа – адкладаць пытанне аб уладзе на заўтра. Маўляў, сёння галоўнае – скінуць Лу-ку: хоць бы разам з ФСБ, хоць бы пры захаванні расейскай каланіяльнай сістэмы. Не, хлопчыкі! Калі сёння вас не ўзяць за каўнер – то заўтра да вас і на прыём не прабіцца. Дэмакратыя патрэбная толькі, калі гэта будзе Нашая Беларуская (Ліцвінская) дэмакратыя. Дэмакратыя ўвогуле, дэмакратыя абстрактная – гэта г..но самае сапраўднае. Два дзесяткі новых клапоў-алігархаў замест лукашэнкаўскіх дзялкоў – гэта новы падман беларускай нацыі. Беларусы заслужылі лепшае.

Апора на свае сілы, на свой народ.

Калі толькі пачынаўся праект “Хартыя-Зубр”, слынныя дзеячы беларускай дэмакратыі боязна маўчалі. Супраць выступілі некалькі чалавек – Высоцкі, Астроўскі, Пазняк, Грушавы, Севярынец. Цяпер КГБ-ФСБ праз харта-зуброўскую кантору нанесла страшэзную шкоду беларускаму руху. У моладзевым асяродку насаджаныя самыя нізкія жывёльныя норавы. Паўсюдна подкуп, брыдкія інтрыгі супраць ідэйных лідэраў, зграйная тусоўка. Трагедыя “МФ” і татальны ціск супраць БПС (чаго каштуе інфармацыйны тэрор супраць БПС у Інтэрнэце) прымушаюць больш жорстка ацэньваць наяўнае становішча і шукаць выйсце…

Цяпер патрэбныя валявыя шляхі нацыянальна-традыцыяналісцкага напрамку, каб спыніць дэградацыю беларускай моладзі!

Ва ўзгаданым намётавым лагеры былі мужныя маладыя людзі. Але колькі іх было? Які быў стан іхнай арганізаванасці? Колькі сотняў байцоў вывелі БНФ, АГП, ПКБ ды іншыя “аб’яднаныя”? Памаранчавых рэвалюцыянераў ва Украіне папракалі за вялікі складнік нацыяналістаў. Аднак, як ізноў выяўляецца, толькі нацыяналісты і могуць на глебе ідэі сапраўдна арганізаваць людзей! А вось моладзь, разбэшчаная матэрыяльнымі спакусамі розных псеўдалібералаў, нават у лепшым парыве не на шмат здатная…

Нездарма расейская мафія, як і лукашэнкаўска-каланіяльная ды заходняя, усе апошнія гады так пляжыла БПС ды іншыя нацыянальна-вызвольныя сілы.

Адсутнасць моцных нацыянальна-вызвольных структур – першая прычына паразы беларускай рэвалюцыі. Пра так званую брыдоту “джынсавай рэвалюцыі” мы не жадаем і гаварыць. Мафіёзны піяр грантавых махляроў ніколі дабра не дасць. У Беларусі можа быць толькі беларуская нацыянальная рэвалюцыя! І ніякай іншай.

Логіка акупантаў пралічваецца лёгка – зрабіць усё, каб моладзь, а за ёй і ўсё грамадства не пайшлі за патрыётамі. Моладзь заўжды рушыць на шум, але былі арганізаваныя адмысловыя шумныя клоны, як пастка для маладых – ЗБС (Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў), Моладзь БНФ, “Зубр” і г. д. У выніку ўся энэргія зыходзіць у пустэчу ці нават у шкоду для Беларусі. Стыхійная хваля пратэсту магла прынесці карысць краіне толькі калі б улілася ў арганізаваныя нацыянальна-патрыятычныя структуры!

Як бы ні было цяжка, хто б ні зламаўся ад выпрабаванняў, збегшы на багатую карму за свае 30 срэбнікаў – нам трэба берагчы сваю ідэйную Сілу, арганізацыйную самастойнасць, вернасць прынцыпам!

Апора найперш на свой народ, нават без грошаў, без добрага штабу, без дарагога сайту! І Гасподзь будзе з намі! Як гэта было ў барацьбе з РНЕ, за Курапаты, за Незалежнасць!

С.Высоцкі, старшыня БПС, каардынатар НВЦ

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы