nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Перамога патрэбна. Але над кім? (Д пр-п 56)

18 мая, 2007 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі

ЯднанÑ�Ñ�.JPG 

1. Папярэдняе тлумачэньне.

Напісаны наркомаўкай тэкст, які пададзены ніжэй – гэта адкрыты ліст генералу Фралову, які быў перададзены яму роўна тры гады таму (канец траўня 2004 году). Тады ж па законах жанру ён быў перададзены і сп-ру Сярэдзічу – галоўнаму рэдактару “Народнай волі” – для друкаваньня ў газеце. Прайшло некалькі тыдняў,  Сярэдзіч артыкул не надрукаваў, а, між тым, Фралоў і Скрабец пачалі галадоўку (лета 2004 году). Таму ліст было вырашана не друкаваць. Цяпер жа, у сувязі з тым, што каманда Фралова (разам зь ім Скрабец, Парфяновіч, Сініцын) пачала “інтэгравацца з Расеяй” яшчэ больш актыўна, чым гэта робіць апошнім часам Лукашэнка (гл. фота ўверсе – дакументальнае сьведчаньне нядаўняга, на шчасьце, правальнага мерапрыемства новых інтэграстаў), а таксама ў сувязі з нядаўняй штучнай гістэрыкай вакол тэмы “Вялікай айчыннай” і чарговай спробай прыватызаваць яе ахвяры (усё для таго, каб расейская імперыякратыя магла вярнуць сабе кантроль над Прыбалтыкай, Польшчай, іншымі краінамі), дадзены ліст з аднаго боку зноў стаў актуальным, а з іншага – вярнулася магчымасьць яго абнародаваць. Ліст важны таксама як доказ таго, што сп-ра генерала ўжо даўно папярэджвалі… 

 

2. Тэкст ліста.    

“Звяртаюся да Вас, паважаны сп-р генерал, у сувязі з выхадам у незалежным друку вашага чарговага артыкулу “Нам нужна победа, одна на всех…” (газета “День” № 15 (187) за 7-13 траўня 2004 г.; “Народная воля” №80 (1893) за 7 траўня). Ён выклікаў у мяне і, верагодна, яшчэ ў шмат каго “думкі трывожныя” (тут і далей курсівам пазначаны вашыя словы). Справа ў тым, што вы на сёння адзін з галоўных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі постлукашэнкаўскай пары. Таму да вас шмат хто ўважліва прыслухоўваецца, прыглядаецца. Ад вашай пазіцыі па самых розных пытаннях залежыць, якія сілы будуць, а якія не будуць падтрымліваць вас у крытычны час.

У артыкуле мяне найбольш насцярожыла тое, што ў ім у якасці выратавальнай для нашай беларускай сітуацыі выказана ідэя механічнага прымірэння ўсіх, хто не на баку сённяшняга рэжыму. Генеральскі вокрык абсалютна перакананага ў сваёй праваце чалавека – “Мы што, з глузду з’ехалі?”, – маю насцярогу толькі ўзмацніў. Таму прашу вас максімальна рацыянальна ўспрыняць мае развагі.

Адкажыце, калі ласка, няўжо вы сапраўды лічыце, што простае аб’яднанне ёсць адзіна правільным рэцэптам для арганізацыі грамадска-палітычнага жыцця?

Ці ж вы ў сваім побыце кідаеце, напрыклад, абглоданыя косткі ў талерку з дэсертам альбо выкарыстоўваеце лядоўню для хатняга смецця? Не?! Дык чыму вы лічыце, што тое, што некарэктна нават у побытавым жыцці, абсалютна правільна ў адносінах да грамадства і светагляду нашых грамадзян?

Я перакананы, што наадварот: механічнае змешванне высакароднасці з крывадушшам, духоўнасці з сатанізмам, самаахвярнасці з цынізмам нам не толькі не дапаможа, а яшчэ больш нашкодзіць. Лічу, што зрабіць добрую справу ў нашым грамадстве могуць толькі людзі годныя, сумленныя, самаахвярныя – тыя, чыя пазіцыя заснавана найперш на ПРАЎДЗЕ і СПРАВЯДЛІВАСЦІ, на жаданні зрабіць ДАБРО беларускім людзям.

 

Пра мінулае.

Зыходзячы з апошняга, дазвольце мне тое-сёе ў вас, сп-р генерал, даведацца. Адкуль вы ўзялі звесткі пра людзей, якія “прызнаюць бітву пад Воршай і Курапаты” і нібыта не прызнаюць “Перамогу і Трасцянец” (чырвоны сцяг – гэта другое, аб ім пазней)? Ад спецслужбаў? З БТ? Пачулі ў маскоўскіх кабінетах?

Я не ведаю ніводнага такога выпадаку і не магу ўявіць сабе, што такая сітуацыя магла б мець месца па натуральных прычынах (адмысловая правакацыя – гэта іншая справа, але пра яе трэба весці і адмысловую гаворку). Запэўніваю вас, усе тыя, хто любіць наш народ, цэніць яго гістарычныя і культурныя каштоўнасці, усе яны памятаюць і ганарацца не толькі грандыёзнай перамогай пад Грунвальдам, славутай перамогай пад Воршай, паўстаннем Кастуся Каліноўскага, абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі, глыбока асэнсоўваюць трагізм і сімвалічнае значэнне Курапатаў. Несумніўна, усе яны таксама памятаюць і высока цэняць гераізм беларускага народу, яго гіганцкі ўклад у Перамогу над германскім фашызмам, разумеюць значэнне найбольшага на тэрыторыі былога СССР (па колькасці закатаваных) і 4-га ў свеце па сваіх памерах канцэнтрацыйнага лагеру Трасцянец пад Мінскам… Прычым, прызнанне адных каштоўнасцяў і адмаўленне другіх немагчымае не толькі з-за высокай гістарычнай вартасці ўсяго пералічанага. Проста на Беларусі не знойдзецца ніводнага жыхара, у якога б у час Другой сусветнай вайны не загінуў хто-небудзь з родных

Таму я заклікаю вас пазбавіцца ад штучна навязаных вам уяўленняў аб узгаданых унутрыграмадскіх падзелах, як недарэчных і неадпавядаючых рэчаіснасці.

А вось, што праўда, зусім іначай выглядае сітуацыя з боку супрацьлеглага лагеру: тыя, хто “прызнае” Перамогу і Трасцянец, чамусці часта не жадаюць прызнаваць Курапаты і Воршу! Тут сапраўды ёсць сур’ёзная праблема…

Але ж ваша “з глузду з’ехалі” было адрасавана не ў гэты бок. Чаму? Гэта што, нябачанне рэаліяў ці нейкі тонкі палітычны крок – кінуць яшчэ адзін камень у бок найбольш сумленных грамадзянаў? Гэтыя, маўляў, вытрымаюць… У чым у такім разе адрозненне ад таго, што робяць сучасныя ўлады?

Неўзброеным вокам бачна, што для цяперашніх уладаў зусім абыякавыя і сумленныя працоўныя, і сапраўдныя ветэраны, і загінулыя героі Вялікай Айчыннай. Ніякай пашаны да іх яны не адчуваюць. Таму ў грамадства выклікае пратэст – не, не сам факт адзначэння, напрыклад, майскіх святаў, а тая форма, якая пачварна скажае іх сапраўдны сэнс. Пратэст выклікае прыватызацыя святаў тымі, хто не мае да іх ніякага дачынення – сучаснай наменклатурай (аб гэтым у свой час узгадваў нават Васіль Быкаў).

Пампезны фальш, які замяняе сапраўдныя глыбокія пачуцці, добра адчувае моладзь, хаця ў яе не заўсёды атрымліваецца ўдала выказаць свае эмоцыі. Таму я паспрабую менавіта на гэтай праблеме спыніцца найбольш падрабязна.

Вазьміце хаця б свята 1 мая – Свята салідарнасці працоўных. Сэнс яго ў тым, што ўсе людзі, якія сваёй непасрэднай працай ствараюць агульнаграмадскае багацце – рабочыя, калгаснікі, настаўнікі, лекары, будаўнікі, вадзіцелі, прадпрыймальнікі, інжынеры, прадаўцы і г.д. – у гэты дзень маюць права салідарна выказаць свае прэтэнзіі тым, хто імі кіруе – уладам. У ідэале ў час першамайскага свята на трыбуне павінны знаходзіцца і выступаць легітымныя прадстаўнікі дадзеных груп, а прадстаўнікі ўладных структур павінны быць недзе ўнізе, дзе старанна канспектаваць усе прамовы, каб потым іх уважліва вывучаць і браць у якасці кіраўніцтва да дзеяння…

Гэта ў ідэале, у норме. А што адбываецца цяпер? Кіруючая бюракратыя перахоплівае ініцыятыву і заганяе ў гэты дзень навучэнцаў і рабочых на “масавыя мерапрыемствы”, дзе заранёў падрыхтаваныя прамоўцы выказваюць панігірыкі (прама альбо ўскосна) прысутнаму на трыбуне начальству. Ці ж гэта не відавочная падмена зместу адзначэння першамайскага свята?…

Цяпер вазьміце свята Перамогі – 9 мая. Зараз яно арганізавана так, што яго галоўнымі ўдзельнікамі з’яўляюцца нібы ветэраны Вялікай айчыннай вайны.

У свой час у мяне было літаральна замілаванне да ўсіх ветэранах. Але ў 1990-94 гг. я ўбачыў нешта пачварнае – самай рэакцыйнай сілай у Вярхоўным Савеце Беларусі была выстаўлена менавіта… “ветэранская група”. Тады я, як і многія іншыя, перажыў проста шок з гэтай нагоды. Калі разабраліся,  высветлілася, што ёсць розныя ветэраны. Многія ветэраны, якія перажылі сапраўдныя жахі вайны, не жадаюць удзельнічаць у пампезных мерапрыемствах. Ім баліць ад любых узгадванняў пра вайну, яны імкнуцца ўспамінаць пра яе як мага радзей. Яны сапраўды ведаюць усю праўду вайны, а яна жахлівая… І наадварот, значную долю “ветэранаў”, якіх зараз можна ўбачыць на самых розных мерапрыемствах, арганізаваных уладамі, складаюць былыя СМЕРШаўцы і штабісты – людзі, у большасці пазбаўленыя сапраўдных людскіх пачуцьцяў, сумненняў і сумлення.

І ўсё ж, нават калі хоць некалькі сапраўдных салдат былой вайны жадаюць прайсціся 9 мая ў святочнай калоне па вуліцах беларускіх гарадоў, ім, несумніўна, трэба такую магчымасць даць.

Аднак, чаму Лукашэнка ідзе разам з імі? Якое ён мае дачыненне да Вялікай Перамогі?

Калі б хто і мог прайсціся разам з сапраўднымі ветэранамі, дажылымі да сёняшніх дзён, дык гэта прамыя нашчадкі загінулых салдат – замест іх, сімвалізуючы іх.

Сапраўды, уявіце сабе сітуацыю: заслужаны ветэран Вялікай Айчыннай дэманструе вам свае медалі і ордэны, а, напрыклад, я паказваю пахаронку на майго дзеда Антона, які загінуў у 1944 г. пад Кенігсбергам (я, дарэчы, яго адзіны ўнук, які жыве ў Беларусі). Думаю, што вы пагадзіцеся: мая “прад’ява” ня менш важкая, чым любыя ордэны, бо няма большага доказу гераізму і ахвярнасці чалавека, чым смерць на ратным полі за сваю Бацькаўшчыну!

Калі б арганізатары святкавання Перамогі запрапанавалі мне і мільёнам такіх, як я – прамых нашчадкаў сваіх загінулых продкаў, – прайсціся ад іх імя ў калонне ветэранаў з шыльдачкамі, дзе былі б напісаны іх імёны, перакананы, усе людзі гэта б выдатна зразумелі. Яны б успрынялі гэта ў якасці сапраўднай пашаны да памяці палеглых.

Дык не, такой прапановы нашчадкі герояў не чуюць. Замест гэтага дзяжурныя словы пра “вечную памяць” і… крочанне Лукашэкі ў першым шэрагу калоны ветэранаў…

Калі б ва ўлад быў натуральны клопат пра палеглых, яны б пасля вайны клапаціліся пра іх сем’і. Аднак апошнім у пасляваенныя гады часта даводзілася галадаць – бо сапраўдныя героі не маглі паўстаць з магілаў і запатрабаваць паклапаціцца пра сваіх удоў і дзяцей! А між тым, калі б мы маглі запытацца ў кожнага з загінулых: як кампенсаваць тое, што ён аддаў сваё жыццё за Радзіму, – пераканы, у абсалютнай большасці выпадкаў яны пажадалі б, каб паклапаціліся пра найбольш блізкіх ім людзей.

Замест усяго пералічанага сучасныя ўлады зноў пачалі ПРЫСЯБЕЧВАЦЬ і ЭКСПЛУАТАВАЦЬ сімволіку гераізму і ахвярнасці, урачыстасць і масавасць, энтузіазм і недасведчанасць моладзі для навязвання грамадству штучных уяўленняў, быццам бы яны – начальства, бюракраты – і ёсць галоўныя барацьбіты за мір, што толькі яны шануюць герояў Вялікай Айчыннай…

Але наменклатуры ня толькі абыякавы подзьвіг герояў гэтай вайны, ім заўсёды было напляваць на пакуты і страты ўсяго нашага народу.

Нічым іншым немагчыма патлумачыць такі факт: беларускі народ, які панес у час вайны найбольшыя страты (у параўнанні з усімі народамі былога СССР і свету), стаў адзіным “народам-пераможцам”, ў якога  камуністычныя ўлады адабралі значную частку этнічнай тэрыторыі (Беласточчына). Беларусь у 1945 г. стала значна меншай, чым была ў 1939 г. Паўмільёны беларусаў апынуліся ў Польшчы. Кажуць, “мудрае камуністычнае кіраўніцтва” так зрабіла, каб далучыць Калінінградскую вобласць да РФ. З таго часу колькасць беларусаў у Польшчы пастаянна памяньшаецца, ды й лёс Калінінграда няпэўны…

Гэтае ж стаўленне да беларускага народу застаецца і больш чым праз 60 гадоў. Тады за што аддавалі свае жыцьці нашы бацькі ды дзяды?!

Летась улады Гародні забаранілі адзначэнне гадавіны Грунвальдскай бітвы. Заяўку на правядзенне святочнага канцэрту падалі тры грамадскія арганізацыі – Гродзенская арганізацыя БНФ “Адраджэнне”, Звяз палякаў на Беларусі, Таварыста літоўцаў “Тэвінэ”. Грунвальдская бітва мела грандыёзнае значэнне для лёсу ўсёй Усходняй Еўропы. Пасля перамогі ў ёй нашых народаў на працягу паўтысячагоддзя ні нага крыжака, ні яго нашчадка больш не ступіла на землі беларускага ды іншых народаў Усходняй Еўропы. У Польшчы і Летуве гадавіну Грунвальда адзначаюць на дзяржаўным узроўні. У нас, у Беларусі, нават на грамадскім узроўні забараняюць...

У нашай Гародні за апошнія 10 гадоў будзе збудаваны трэці помнік памежнікам, якія загінулі ў першыя дні вайны (дарэчы, 50 гадоў пасля вайны загінулыя памежнікі нікому не былі патрэбныя). У той жа час улады ўсяляк ухіляюцца ад таго, каб пачаць мемарыялізацыю Курапатаў – сусветна вядомай мясціны, дзе ў сталінскія часы былі забітыя да 250 тысячаў нашых ні ў чым невінаватых продкаў. Мемарыялізуе і ахоўвае Курапаты толькі грамадства. Улады будуюць лядовыя палацы і не саромеюцца дэманстраваць усяму свету… вандалізм на дзяржаўным узроўні. Зараз яны зноў пачалі атаку на Курапаты.

А вось яшчэ факт. У Гародні сёння ёсць 35 рускіх школ, адна польская школа, ідзе падрыхтоўка да адкрыцця літоўскай школы  і… нуль (!) беларускіх школ. У Гродна тры універсітэты. Усе яны рускамоўныя… Як бачым, адстойванне інтарэсаў прадстаўнікоў сваіх народаў урады Польшчы, Летувы, РФ лічаць важнейшай справай. Яны любым чынам імкнуцца стварыць умовы для адукацыі дзяцей – прадстаўнікоў адпаведных мяншасцяў – на сваёй мове нават у іншай дзяржаве. А хто павінен клапаціцца пра беларускі народ, які “аддаў найбольшыя ахвяры на алтар агульнай Перамогі над фашызмам”? Натуральна, наш беларускі урад. Але ён, як бачым, не толькі не клапоціцца, а наўмысна робіць ўсё магчымае, каб прынізіць і знішчыць нашу ўнікальную культуру, мову, гісторыю, сімвалы, традыцыі, светагляд! Аддаць сваё дзіця ў беларускую школу сёння ў Гародні (і не толькі) нерэальна нават праз суд! Уяўляеце? На нашых вачах “наш” урад здзяйсняе палітыку наўмыснага этнацыду ўласнага хрысціянскага народу на яго ўласнай славянскай зямлі! Вось яна – сапраўдная падзяка – за ўсе пакуты ў час Вялікай Айчыннай, за ўсе ахвяры, аддазеныя на алтар Вялікай Перамогі

А давайце для праверкі глыбіні магчымага сатанізму нашых уладаў зойдзем з іншага боку. Давайце зробім сумесны запыт у Канстутыцыйны суд Беларусі ад імя Таварыста беларускай вышэйшай школы, Таварыста беларускай мовы, Таварыста беларускай школы і вашай групы “Рэспубліка” аб канстутыцыйнасці з’явы, калі нягледзячы на дзяржаўны статус беларускай мовы, ніводны беларус ў Беларусі (!) ня мае ніякай магчымасці атрымаць вышэйшую адукацыю на мове сваіх продкаў (па прычыне поўнай адсутнасці беларускамоўных ВНУ). Калі нашыя улады, напрыклад, усяго толькі малапрафесійныя, проста недалёкія (а не свядомыя прыхлебаі расейскіх шавіністаў), можа хоць Канстутыцыйны суд іх падштурхне…

Не менш цынічна выглядае тое, што гаворачы пра барацьбу с фашызмам, сучасныя ўлады на справе ніякай барацьбой з гэтай з’явай не займаюцца, хутчэй наадварот – спрыяюць яго распаўсюду…

Усе мы ведам, што на Паўночным Каўказе, у Чачэніі з 1994 г. ідзе вайна, якая ўсё больш набывае рысы класічнага генацыду. Там за 10 гадоў [на той час. – А.А.] разгулу рускага акупацыйнага войска загінула па некаторых звестках да 250 тысяч чалавек з мільёна жыхароў – кожны чацверты, якраз як у нас у час апошняй вайны. Іншае падабенства таксама ўражвае. Тое, што ў часы акупацыі на нашай тэрыторыі звалася “карацельнымі аперацыямі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і мірнага насельніцтва”, там сёння завецца “зачысткамі”. У нас была Хатынь, у іх ёсць Самашкі, Камсамольскае. У нас Трасцянец, у іх – Чарнакозава. У нас партызаны забілі гаўляйтэра Кубэ, падклаўшы бомбу, і там партызаны такім жа чынам забілі аднаго з галоўных здраднікаў свайго народу – Ахмата Кадырава. Беларускіх партызан фашысты звалі бандытамі, і чачэнскіх партызан – змагароў за свабоду сваёй бацькаўшчыны – расійская прапаганда заве бандытамі.

Як бачым, значнае супадзенне па форме і змесце… Чаму ж тады нашыя ўлады, якія заяўляюць пра сваю нянавісць да фашызму, не заявяць аб непрыняцці ўсіх яго варыянтаў, у тым ліку сучаснага рускага?

Сёння ў Гародні сцены дамоў і платы месяцамі стаяць замараныя  чорнымі фашыстоўскімі свастыкамі, часта мятровай велічыні. У некаторых мікрараёнах на ўсіх дамах месяцамі вісяць улёткі з той жа свастыкай. Аўтары не хаваюцца. Наадварот, часта падпісваюцца – РНЕ. Усім вядома, як расшыфроўваецца гэтая абрэвіятура і да якой нацыянальнасці залічаюць сябе сябры гэтай арганізацыі (дарэчы, яшчэ адзін доказ, што фашызм можа быць не толькі нямецкі). Аднак улады, у адрозненне ад пікетаў беларускай апазіцыі, пікеты РНЕ ў Гародні не толькі не разганялі, а яшчэ і ахоўвалі. Паспрабуйце адказаць, чаму?

Крывадушша сённяшняй улады – гэта неад’емная складовая створанай ёю прапагандысцкай машыны. Таму можна не сумнявацца, што яно ў поўным аб’ёме праявіць сябе і ў час святкавання 3 ліпеня – дня вызвалення Мінску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які зараз прымушаюць адзначаць як “Дзень вызвалення Беларусі”. Вы самі ў сваім артыкуле адзначаеце, што ў гэты дзень палова нашай краіны яшчэ была пад немцамі.  Але, як бачыце, уладам менавіта так і трэба – каб усё, што звязана з апошняй вайной, было перавернута да гары нагамі

Абагульняючы прадстаўленае, хачу зрабіць акцэнт на дзвюх рэчах.

Па-першае, увесь гэты фальш, цынізм, блюзнэрства, крывадушша, якія ідуць ад цяперашніх улад, цудоўна адчуваюць усе сумленныя людзі, асабліва моладзь. І пратэстуюць. Больш ці менш удала. Як могуць…

Ці ж можна іх за гэта ўпікаць?

А, па-другое, гісторыя Беларусі, разгледжаная больш змястоўна, ніколі не дазволіла б вам прыпісаць нашаму народу віну за раскол уласнай гісторыі ці за блытаніну ў ёй (“што мы за народ такі, які нават уласную гісторыю ўмудрыўся раскалоць на дзве часткі”; “… яны [летувісы – АА] сталі яе [гісторыі ВКЛ – АА] паўнавартаснымі нашчадкамі. І прад’явілі сябе такімі ўсяму свету. А мы – заблыталіся”). Вы павінны ведаць – усе гэтыя расколы і блытаніны робяцца наўмысна антыбеларускай уладай ва ўгоду Маскве і гвалтам навязваюцца нашаму грамадству на працягу вось ужо больш 200 гадоў.

 

Асобна пра сцяг.

Вы таксама памыляецеся, калі на адзін узровень ставіце Вялікую Перамогу і чырвоны сцяг. Салдаты, якія змагаліся з фашызмам на палях Другой Сусветнай не думалі пра сцяг, а пра сваю Радзіму, народ, блізкіх. Менавіта за гэта яны ішлі ў бой, калечыліся і гінулі.

Чырвоны сцяг ёсць сімвалам бальшавіцкай ідэалёгіі. Гэты сцяг быў над канцэнтрацыйнымі лагерамі ГУЛАГу, дзе былі знішчаны мільёны ні ў чым невінаватых грамадзян. Чырвоная зорка з сярпом і молатам была на фуражках НКВДыстаў, якія непасрэдна забівалі мільёны такіх жа невінаватых людзей у 1920-50-я гады (у тым ліку і ў Курапатах). Пад гэтымі сімваламі падаўлялі мяцеж у Крандштаце, душылі сялянскія і рабочыя паўстанні, арганізоўвалі галадамор ва Украіне і г.д. Гісторыкі падлічылі, што ва ўсім свеце ад наступстваў бальшавіцкай ідэалогіі загінула больш людзей, чым ад германскага нацыянал-сацыялізму. Таму чырвоны сцяг з сярпом і молатам, як сімвал камуна-фашызму, для многіх людзей ёсць не менш непрыймальны, чым чырвоны сцяг са свастыкай – сімвал нацыянал-фашызму. Абодва гэтыя сцягі павінны быць назаўсёды праклятыя

Адзіным сімвалам свабоднай, самастойнай беларускай дзяржавы можа быць толькі гістарычны сімвал беларускага народу – наш бел-чырвона-белы сцяг. Дарэчы, Пагоня, якую вы прызнаеце, і бел-чырвона-белы сцяг па законах геральдыкі ёсць адзін і той жа сімвал, выяўлены ў розных формах.

 

Каго перамагаць?

Па кантэксце вашага артыкулу і дзейнасці вынікае, што нам патрэбна перамога над А.Лукашэнкам. Але і тут не так усё проста.

Справа ў тым, што ў 1994 г. гэтага чалавека нам навязала Масква (пра розныя інфармацыйныя і палітычныя тэхналёгіі, з дапамогай якіх гэта рабілася, гаворка патрэбная асобная). У 1996 г., калі яму пагражаў імпічмент, маскоўская бюракратыя зноў падтрымала менавіта яго… Яны імкнуліся  навязаць на пасаду прэзідэнта Беларусі чалавека, абсалютна ня здатнага да любой стваральнай дзейнасці – паранаяльна амбітнага,  бескультурнага, настроенага па-антыбеларуску. Ставілася задача: рукамі Лукашэнкі максімальна разбурыць беларускую дзяржаўнасць, якая нараджалася – эканоміку, мову, культуру, нацыянальную сведамасць, палітычную сістэму, арыентаванасць на агульналюдскія цывілізацыйныя каштоўнасці. Разлік быў такі: пакуль Беларусь будзе дэградаваць, расійская імперыя падымецца, і нам нічога не застанецца, як зноў апынуцца пад ёй…

Калі б здзейсніўся гэты план, нам сапраўды заставалася б толькі бездапаможна назіраць, як Беларусь рух за рухам паглынае злавонная пашча пачварнай мядзьведзепадобнай істоты (цяпер гэта завецца “інтэграцыяй”). Пярэднія лапы гэтай істоты крывавяць, заціснутыя каўказскім капканам, у жывот цісне гарачая глыба Сярэдняй Азіі, задняя палова цела ўжо пачала адгніваць на Далёкім Усходзе. У мазгах гіганцкай пачвары сядзіць гнюсны спрут-паразіт – расійская імперская бюракратыя – са шматлікімі агідна-слізкімі шчупальцамі. Паразіт спрабуе сутаргава “кіраваць” целам істоты, якое распадаецца, але рабіць гэта ён ня здатны. Пры гэтым ні паразіт ня можа пераўтварыцца ў нешта больш прыстойнае, ні мядзьведзь ад яго пазбавіцца ня можа. Так яны калісьці і загінуць – разам…

Але пакуль спрут-паразіт не толькі катуе рускі ў усе іншыя народы расійскай імперыі, але можа ўмешвацца і ў справы Беларусі. Адной шчупальцай ён ставіць прэзідэнта, другой – рыхтуе яму замену, трэцяй – прысябечвае Вялікую Перамогу над фашызмам, чацвертай – навязвае нам РНЕ, пятай – захоплівай беларускую інфармацыйную прастору і распаўсюджвае праз яе дэмаралізуючую крымінальна-папсовую псеўдакультуру, шостай – імкнецца захапіць нашу маёмасць і г.д.

Рэзідэнт №1 заканчвае сваё “кіраванне”, ён выканаў адведзеную яму ролю – растаптаў беларускую мову, культуру, агульнанацыянальную свядомасць – і падлягае спісанню гаспадарамі Крамля. На яго месца расійская бюракратыя рыхтуецца паставіць рэзідэнта №2 з заданнем забяспечыць чарговы этап анэксіі Беларусі – эканамічны, а магчыма і палітычны. Але №1 цяпер гэта не задавальняе. Вось і ўся прычына сённяшняга канфлікту паміж ім і Крамлём.

Галоўным ворагам нашага грамадства з’яўляецца не Лукашэнка. Ён толькі шырма. Наш галоўны вораг – расійская імперская бюракратыя. Мы павінны спыніць яе ўмяшанне ў нашыя ўнутрыбеларускія справы, калі жадаем дасягнуць устойлівага росквіту нашай краіны і грамадства.

Для абгрунтавання маральнай і юрыдычнай слушнасці дадзенай задачы хачу працытаваць толькі адну рэзалюцыю найбольш аўтарытэтнага міжнароднага органа – Генеральнай асамблеі ААН (№1514 ад 14 сьнежня 1960 года). У ёй, у прыватнасці, запісана: Генеральная асамблея … заяўляе што:

усе народы маюць права на самавызначэнне;

у адпаведнасці з гэтым правам яны свабодна ўсталёўваюць свой палітычны статус і здзяйсняюць сваё эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё;

недастатковыя палітычная, эканамічная і сацыяльная падрыхтаванасць альбо недастатковая падрыхтаванасць у галіне адукацыі ніколі не павінны выкарыстоўвацца як надуманая прычына для затрымкі дасягнення незалежнасці;

любыя ваенныя дзеянні альбо рэпрэсіўныя меры якога б там ні было характару, скіраваныя супраць залежных народаў, павінны быць спынены, з тым, каб даць ім магчымасць здзейсніць ва ўмовах міру і свабоды сваё права на поўную незалежнасць, а цэласнасць іх тэрыторый павінна паважацца”…

 

Пра будучыню.

Вы пішаце: “Трэба згадзіцца з тым, што права кожнага чалавека вышэй права дзяржавы”.

Дык гэта права сёння цудоўна зрэалізавана адным чалавекам, ад любых “захцянак” якога цягне на ваніты ўсё грамадства… Але, калі казаць сур’ёзна, тут таксама трэба вельмі добра разабрацца.

Што ёсць чалавек? Што такое дзяржава? І якія суадносіны іхных правоў у ідэале павінны быць?

Калі вы пад чалавекам маеце на ўвазе ўсё грамадства ці ўсю сістэму правоў людзей у грамадстве, а пад дзяржавай – наменклатурную бюракратыю і законы, якія яна выдае, тады вашае цверджанне вернае. Калі ж пад чалавекам вы маеце на ўвазе любога асобнага грамадзяніна, а пад дзяржавай – усё грамадства, як асноўны кампанент дзяржавы, тады ваш выраз ня толькі сумніўны, а і парадаксальны. Ён з’яўляецца вынікам псеўдаліберальнага разумення рэчаіснасці, якое нашаму народу можа прынесці чарговыя праблемы. Пасля панавання энэргічных хлопчыкаў, узброеных псеўдаліберальнымі ідэямі, на тэрыторыі краіны звычайна застаецца засмечаная пустыня, а ў душах людзей цяжкая пустэча….

Для абгрунтавання спашлюся яшчэ на адну рэзалюцыю ААН ад 16 сьнежня 1952 года №637-А, у якой гаворыцца: «Права народаў і нацый на самавызначэнне з’яўляецца папярэдняй умовай поўнай рэалізацыі правоў чалавека». Як бачыце, нават паўстагоддзя таму, людзі выдатна разумелі, што правы ўсяго народа вышэй правоў асобнага індывідума. Спачатку – правы народаў і нацый, а потым – правы асобых людзей.

А вось яшчэ адзін ваш сказ: “Менавіта гэтыя правы [правы чалавека – АА] робяць насельніцтва  народам”, – пішаце Вы.

Можа быць, часткова і так, але напэўна ня поўнасцю. Для таго, каб простая сума людзей (насельніцтва) стала сапраўднай сістэмай людзей (народам, нацыяй), трэба, каб у грамадскіх адносінах прысутнічалі ня толькі правы чалавека, а і адказнасць, роднасць, роўнасць, справядлівасць, салідарнасць, этычнасць, спагада. Таксама трэба, каб у самаадчуванні людзей прысутнічала ня толькі пачуццё індывідуальнай свабоды, а яшчэ радасць жыцьця, вера, любоў, сяброўства, сэнс жыцця, сумленнасць, шчырасць, самапавага і шмат іншага. Пры гэтым без падмурку – нацыянальнай мовы, культуры, гістарычнай праўды, усёй сістэмы агульнанацыянальных каштоўнасцяў – стварыць у грамадстве сітуацыю паўнавартаснага, каляровага грамадскага і індывідуальнага жыцця немагчыма. Менавіта пералічаныя каштоўнасці, калі яны эфектыўна ўкаранёны ў агульнаграмадскае жыццё, якраз і ствараюць з простага людскага натоўпу сістэму вышэйшага ўзроўню, імя якой – НАЦЫЯ.

Стаць сапраўднай беларускай нацыяй – галоўны імператыў нашага часу. І першым сапраўдным беларускім прэзідэнтам стане толькі той, хто, нягледзячы ні на якія перашкоды, ўсур’ёз пачне вырашаць менавіта гэтую задачу”.

 

З павагай,                                                              

Алесь Астроўскі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, старшыня Гродзенскага ГГА «Таварыства беларускай вышэйшай школы».

 

3. Чарговае палажэньне ў Беларускую дактрыну.

Злачынствы, асабліва крывадушныя, цынічныя, сатанінскія, нельга прабачаць. А таму прымаем наступнае дактрынальнае палажэньне (Д пр-п 56): пасьля прыходу да ўлады сапраўдных беларускіх сілаў у Беларусі спыніцца вітаньне ветэранаў-СМЕРШаўцаў і штабістаў, якія выжылі ў час Другой сусьветнай вайны, затое вітацца і матэрыяльна падтрымлівацца будуць нашчадкі тых беларусаў, якія загінулі ў час Другой сусьветнай вайны ў змаганьні з нямецкім фашызмам. Працягвацца гэта будзе столькі часу, колькі віталіся былыя СМЕРШаўцы і штабісты – г.зн., што на сёньняшні дзень ужо больш за 60 гадоў!

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы