nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Па нашым шляху? (Частка ІІ; Д пр-п 63)

27 чэрвеня, 2007 | Няма каментараў

Віталь Хромаў, Алесь Астроўскі.

Меркаваньне 6-е: пра лідараў рускага нацыянальнага руху.

“Лічыць немэтазгодным і непрадуктыўным у рускім нацыянальным руху на агульнарускім узроўні вылучэньне аднаасобнага лідара. Лічыць мэтазгодным і прадуктыўным калегіяльную сістэму арганізацыі агульнанацыянальнага і рэгіянальнага кіраўніцтва нацыянальным рухам. Кожны сапраўдны нацыяналіст, падтрыманы групай паплечнікаў у якасьці лідара, не заплямлены супрацоўніцтвам з ворагамі рускага народу, які прызнае меркаваньні Круга Рускай Праўды, робіць прадуктыўныя дзеяньні на дабро рускага народу і яго нацыянальнага руху, гатовы зьдзяйсьняць іх і надалей, мае права ўдзельнічаць у абмеркаваньні, прыняцьці й рэалізацыі рашэньняў нацыянальнага руху, які ўваходзіць у Круг Сьвятла Рускай Праўды, на рэгіянальным і на агульнанацыянальным узроўні. З мноства такіх лідараў і павінна складацца кіраўніцтва рускага нацыянальнага руху, якое зьдзяйсьняе свой удзел у нацыянальным руху праз палітычныя і выканаўчыя органы розных формаў калектыўнага кіраваньня. Формамі такога калектыўнага кіраваньня можа быць Палітычная Рада, Выканаўчая Рада, Земскі нацыянальны Сабор, Веча лідараў і г.д. (па сітуацыі), якія павінны ўзначальваць толькі старшыні, як выразьнікі калектыўнай волі таго ці іншага Сабора, Рады, Веча. Рускі рух будзе прадуктыўным толькі ў тым выпадку, калі ён аб’яднае мноства лідараў, якія сфармуюць на аснове выбарнасьці, калегіяльнасьці й узаемакантроля дзейсныя органы каардынацыі і самакіраваньня. Гэтае Меркаваньне Круга Рускай Праўды не зьяўляецца вычарпальным і будзе дапоўненае іншымі меркаваньнямі па дадзеным пытаньні”.

Наш каментар. Гэта не ідэалагічны прынцып, а палітычна-арганізацыйны. У ім апісваецца працэс стварэньня нацыянальнага руху зьнізу і сьцьвярджаецца, што пытаньне пра адзінага лідара такога руху да пэўнага часу будзе неактуальным. У гэтым падыходзе мы часткова згодныя з “арыйцамі” (вядома ж, мы маем на ўвазе нашу беларускую сітуацыю). Мы таксама лічым, што ў нас пачынаць усё з “адзінага” – памылкова. Але і пачынаць усё зьнізу ў нас не атрымаецца, паколькі нацыянальны рух у Беларусі мае вялікую, практычна 20-гадовую гісторыю (у нечым станоўчую, у нечым няўдалую). Таму намі даўно ўжо прапануецца (з 2000-га году!) уласны праект – спачатку фармуляваньне Праграмнага вобразу будучай беларускай дзяржавы (праца для беларускіх інтэлектуалаў – зьмястоўных дэмакратаў), а толькі затым абраньне “адзінага”, які павінен быць падпарадкаваны гэтаму Праграмнаму вобразу. Апошнія артыкулы у пацьверджаньне таго, што мы ўжо даўно кажам пра такую стратэгію, разьмешчаныя ў Інтэрнэце, можна паглядзець тут www.probelarus.ru/modules/_bka/etnacid.pdf (2005 г.) і тут nashaziamlia.org/2007/05/30/692 (2007 г.).

Меркаваньне 7-е: пра арганізацыі і асобы, якія аднаўляюць сімволіку, ідэі і назвы, паўтараюць сімволіку, ідэі і назвы, якія агульна лічыцца нацысцкімі, г.зн. звязанымі зь гітлераўскай Германіяй (гл.фота).

Р��.�а��к�.JPG

“Пакланеньне і сьледаваньне дактрынам, дзе ў падмурку перавагае сістэма ўціску нацыянальнага народаўладдзя і самакіраваньня, бяздумнага падпарадкаваньня суб’ектыўным рашэньням адзінаасобнага кіраўніка, знаходзяцца ў відавочнай супярэчнасьці зь ідэямі і мэтамі любога нацыяналізму ўвогуле і ў прыватнасьці такога нацыяналізму, як служэньне рускаму народу. Нацызм-гітлерызм, як ідэалогія і як непаўнавартасная мадэль, прывёў таленавіты і дзейсны нямецкі народ да заканамернага краху і страты нацыянальнай незалежнасьці. Нават праз 60 гадоў нямецкі народ не атрымаў поўнага суверэнітэту ад пераможцаў. У Германіі і цяпер стаяць іх войскі – ЗША, Вялікабрытаніі, абмяжоўваючы суверэнітэт немцаў. Гітлерызм прывёў да развязваньня вайны, у якой загінула больш за 15 мільёнаў рускіх і каля 50 мільёнаў чалавек белай расы па ўсім сьвеце, таму спроба сумясьціць гітлерызм з рускім нацыяналізмам і расавай салідарнасьцю ёсьць спроба сумясьціць несумяшчальнае, і зьяўляецца відавочнай праявай альбо псіхічнага зацямненьня, альбо правакацыі. Акрамя ўсяго іншага, нацызм-гітлерызм ёсьць дастаткова цэльная ідэалагічная сістэма, з’арыентаваная на немцаў, якая ня мае да рускіх увогуле ніякага дачыненьня. У сувязі з усім гэтым, арганізацыі і асобы, якія аднаўляюць сімволіку, ідэі і назвы, падобныя да нацысцка-гітлераўскіх, ні пры якіх абставінах немагчыма лічыць удзельнікамі рускага нацыянальнага руху. Лічыць заявы падобных нацысцка-гітлераўскіх арганізацый, нібыта ад імя рускіх нацыяналістаў, правакацыйнымі, якія сьвядома падстаўляюць рускіх нацыяналістаў пад удар крытыкі ды рэпрэсіяў. Лічыць прадстаўнікоў СМІ, палітыкаў, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, якія праводзяць знак роўнасьці паміж нацыстамі-гітлераўцамі і рускімі нацыяналістамі, асобамі, якія пад надуманым прэтэкстам, з выкарыстаньнем падрыхтаваных правакатараў, сьвядома імкнуцца пазбавіць рускі народ натуральных правоў на нацыянальную самарэалізацыю, асобамі, якія апраўдваюць духоўнае, інфармацыйнае і палітычнае прыгнечаньне рускага народу і, урэшце, спрыяюць зьдзяйсьненьню генацыду ў адносінах да яго”.

Наш каментар. Гэты пастулат, вядома ж, у варыянце, перанесеным на беларускую грамадска-палітычную рэчаіснасьць, мы цалкам падзяляем. Настолькі, што нават не лічылі неабходным нешта адмысловае фармуляваць.

Меркаваньне 8-е: пра гэтак званыя “маршы нязгодных”.

“У апошні час на рускай зямлі праводзяцца г.зв. “маршы нязгодных”. Гэтыя “маршы” арганізуюцца сіламі, непадкантрольнымі рускім нацыяналістам. Невядомыя мэты арганізатараў і яны ніяк не зьвязаны з рускім нацыянальным рухам. Трэба падкрэсьліць, што на землях рускага народу легітымнае Права на палітычную рэалізацыю ў Расеі [у аўтараў усё дакладна так – кручона і недарэчна; прычына відавочная: “Расея” ж не нацыянальная дзяржава, а імперыя, дзе захопленымі зьяўляюцца шмат земляў карэнных народаў. – Рэд.] можа быць толькі ў рамках рускага нацыянальнага руху, бо без сьцьвярджэньня правоў рускага народу на яго землях усе іншыя мэты другасныя і нікчэмныя [няўжо? А нацыянальныя правы і мэты чачэнцаў, татараў, якутаў, башкіраў, марыйцаў, комі, чукчаў, эвенкаў, мардвы, аварцаў, ненцаў, тувінцаў, буратаў і г.д., і г.д. на іх (!) этнічных землях, што, таксама “другасныя і нікчэмныя”?!; вось яны і павылазілі – гэтыя шавіністычныя рожкі ды капытцы… – Рэд.]. Па-за рамкамі нацыянальнага руху іншая палітыка нагадвае барацьбу рабоў за нікеліраваныя ланцугі і новых гаспадароў. У якасьці лідараў “маршаў” прысутнічаюць асобы альбо з невыразнай пазіцыяй, як былы прэм’ер-міністар Касьянаў, альбо чужародныя імігранты, кшталту Каспарава, альбо правакатары, кшталту Лімонава, і гэтак далей. У наяўнасьці, пад выглядам дзьмутай апазіцыйнасьці прысутнічае чарговая маніпуляцыя настроямі насельніцтва з мэтай яшчэ раз, як у 1991 і 1999 гадах, надаўшы бачнасьць народнай падтрымкі, імітаваць легітымнасьць і сфармаваць уладу з нашых непрыяцеляў – людзей залежных ад закулісы. Няма ніякага сумневу, што рэжысура “маршаў” і іх мэтанакіраваньне зыходзіць з тых самых колаў, якія кіруюць краінай апошнія 20 гадоў. Круг Рускай Праўды лічыць, што ўдзел і падтрымка “маршаў нязгодных” ёсьць непажаданым для інтарэсаў рускага народу і рускага руху”.

Наш каментар. Калі праігнараваць шавіністычна-імперскія закідоны, якія мы пракаментавалі ў тэксце, дык варта сказаць, што ў цэлым узьнятае пытаньне – гэта ў асноўным іх, рускіх, унутраная справа. Але, з іншага боку, у нас у Беларусі аналагам “нязгодных” ды іхных “маршаў” зьяўляецца ўся аб’яднаная апазіцыя на чале зь яе кіраўнікамі – аб’яднанцамі, як і ўся іх дзейнасьць… І вось тут мы знаходзім глебу для істотнага зразуменьня і нават для перайманьня таго-сяго… Акрамя таго, з нагоды дадзенага матэрыялу мы вымушаны адкрыць сакрэт, што гіпатэтычную характарыстыку сёньняшняй “аб’яднанай апазіцыі” і праект стаўленьня да яе мы даўно запланавалі выказаць у дактрынальным прынцыпе № 66. Пакуль жа некаторыя асьпекты, блізкія да пытаньня, якое разглядаецца, адлюстраваныя ў прынцыпах Беларускай дактрыны 31, 30 і 5.

Меркаваньне 9-е: адносна вайны СССР 1941-45 гадоў і дня так званай “перамогі”, 9-га траўня.

“У перыяд вайны 1941-54 гг. рускі народ ня меў свабодных і самастойных рускіх нацыянальных дзяржаўных структураў. Рускія землі і рускія людзі, якія на іх жылі, зьяўляліся складовай часткай наднацыянальнай бальшавіцкай імперыі, якая была акупацыйная і рэзка варожая ў адносінах да рускага этнасу [удакладнім: імперыякратыя заўсёды выкарыстоўвала рускі этнас як сваю фізічную зброю для дасягненьня сваіх злачынных мэт; і рускія людзі, будзем шчырыя, лёгка на гэта спакушаліся за розныя абяцанкі-цацанкі; на лёс “пакаронных” народаў, на іхныя пакуты ім практычна заўсёды, зноў будзем шчырыя, было напляваць; рускія, такое не забываецца, памяць продкаў не здраджваецца, такое адпакутоўваецца… – Рэд.]. У перыяд да 1941 года ў адносінах да рускага народу бальшавіцкім рэжымам пад рознымі прэтэкстамі прадпрыймаліся сістэматычныя акцыі масавага генацыду, якія прывялі да гібелі ад 20 да 40 мільёнаў лепшых прадстаўнікоў рускага народу. Частка рускай нацыі і тая эліта, якую не змаглі зьнішчыць, знаходзілася ў эміграцыі. На Бацькаўшчыне, захопленай інтэрнацыянальнай нечысьцю [на справе зусім не інтэр-нацыянальнай, а той, якая імкнулася максімальна касмапалітазаваць шматнацыянальнае грамадства былой імперыі, імкнулася стварыць “адзіны савецкі народ”. – Рэд.], іх чакала пакутлівая сьмерць. Само бальшавіцкае ўтварэньне – СССР, узначальвалася нейкім Іосіфам Джугашвілі – садыстам нявысьветленай нацыянальнасьці, які патрабаваў, каб яго звалі “сталін”. Адпаведна ўдзел рускага народу ў вайне 1941-45 гг. ня быў рэалізацыяй сваіх нацыянальных задачаў, а ўсяго толькі вымушаным выкананьнем чужоў волі ў трагічных абставінах. Гэтая вайна была сутыкненьнем антырускага бальшавіцкага рэжыму [яшчэ ў большай ступені, напрыклад, антыбеларускага. – Рэд.] зь гітлераўскай Германіяй, дзе абодва бакі былі варожыя рускаму народу. Гэты момант перадвызначыў той факт, што на баку Германіі змагалася да мільёна рускіх, якія, магчыма, лічылі, што так яны змогуць выратаваць Радзіму. Яны памыляліся. Але памыляліся і тыя, хто шчыра змагаўся ў арміі Джугашвілі. У выніку паразы Германіі садысцкі бальшавіцкі рэжым на чале з Іосіфам Джугашвілі ўмацаваўся, а ў якасьці нябачнай у гісторыі ахвяры [не, у якасьці інструменту, прылады. – Рэд.] для гэтага ўмацаваньня быў выкарыстаны рускі народ, які страціў больш за 20 мільёнаў супляменьнікаў. Кожнаму сапраўды рускаму чалавеку павінна быць відавочна, што так званы дзень “9 траўня” немагчыма лічыць рускай “перамогай”, а толькі днём скрухі, журбы і бясьсільля супраць Зла, якое павярнула супраць нас кроў нашых загінулых. Днём, калі Зьвер, які раздзіраў наш народ і нашу зямлю, пасьля таго, як напіўся крывёю мільёнаў рускіх, стаў яшчэ мацней. Днём найвялікшага падману і блюзьнерства, бо на рускіх костках [няўжо ж толькі на рускіх?!!, шавінюгі вы ванючыя… – Рэд.] і на гэтай гэтак званай “перамозе” ўзьвялі будынак Вялікай Хлусьні, якая і па сёньняшні дзень паклікана закрываць ад нас рускае Неба, утрымліваць у сваіх вязьніцах наш Дух, каб трымаць нас у рабстве і вынішчаць нас са сьвету. Гэтая вайна і гэтая так званая “перамога” была выкарыстана для нябачнай у гісторыі чалавецтва прапагандыскай апрацоўкі рускага народу, што і па сёньня зьяўляецца апорай Зла, якое захапіла Нашу Зямлю. Вынік гэтай прапаганды ёсьць адзіная і апошняя скрэпа, на якой трымаецца антырускі рэжым у Расеі. Яна ёсьць апраўданьне прыгнечаньня рускага народу [ці толькі рускага? – Рэд.], крыніца ярлыкоў, якія надаюць барацьбітам за рускую свабоду. Мы павінны шанаваць тых, хто нявінна загінуў, але толькі як нявольных ахвяраў крывавага Дэмана, а не дапамагаць узводзіць зь іх костак падпору для калісьці перамоглага Зла. І хай сярод тых, хто гінуў, пра гэта ня ўсе ведалі, а тыя, хто выжыў, не заўсёды казалі. Падман быў вялікі, дый родныя тых, хто змагаўся, былі ў закладніках. Але сёньня іншы час і Праўда адчынена для прагнучых. Рускія, мы павінны прабачыць тых убогіх, хто з-за маласьці свайго розуму і мізэрнасьці духу “сьвяткуюць” гэтую “перамогу”, паўтараючы за нашымі ворагамі іх хлусьлівыя пастулаты. Мы павінны прабачыць тых старых, хто страціў розум, тых, у каго за падачкі і медалькі-бразготкі выгандлёўваюць Зямлю, Свабоду і Будучыню іх унукаў. Але мы не павінны прабачаць тых суайчыньнікаў, хто ў здаровым розуме і памяці паўтарае варожыя штампы, бо, паўтараючы, яны ўручаюць апраўданьне ў рукі ворагаў і гэтым спрыяюць прыгнячэньню і зьністажэньню нашага народу. Няхай рускія Багі адвярнуцца ад такіх. Хай будуць яны праклятыя ў дні нашай барацьбы, а ў дні нашай сапраўднай Перамогі няхай Русь ім аддасьць напоўніцу”.

Наш каментар. Нашая пазіцыя блізкая да пададзенай. Калі памяняць “рускі” на “беларус”, зьмяніць некаторыя лічбы – атрымаецца вельмі блізка. На дадзеную тэму мы яшчэ не фармулявалі дакладных дактрынальных прынцыпаў. Але часткова пад узьнятую тэму падыходзіць палажэньне 56 і 57 Нашай дактрыны, дый увесь кантэкст артыкула “Перамога патрэбна. Але над кім?” (адрас: nashaziamlia.org/2007/05/18/681).

Меркаваньне 10-е: пра савецкія помнікі і надмагільныя помнікі.

“Ёсьць надмагільныя помнікі, якія робяць для таго, каб увекавечыць памяць людзей, якія там пахаваныя. І ёсьць іншыя помнікі, пад якія кладуць памерлых, як прынесеных у ахвяру, каб на сьмерці гэтых ахвяраў зацьвердзіць свой сімвал. Менавіта такімі зьяўляюцца савецкія помнікі і манументы, прызначаныя ўзьвялічыць і ўвекавечыць факты з савецкай гісторыі, зрабіць гэтую савецкасьць вечнай. На сьмерці падданых зацьвердзіць сваю ісціннасьць. Пахаваньні пад гэтымі помнікамі адлюстроўваюць старажытны рытуал прынесенай ахвяры, якая павінна зацьвердзіць непахіснасьць сімвала. У гэтай сувязі ўсе савецкія помнікі, пад якім пахаваныя воіны, не інфармуюць пра іх нацыянальнасьць і не маюць на ўвазе яе, вызначаючы загінулых, як “савецкіх”, бо гэта ёсьць помнік ня ім, а зацьверджаньне таго сімвала, якому яны воляй-няволяй, памыляючыся альбо сьвядома, служылі, і якому былі прынесеныя ў ахвяру. Тыя, хто лічыць сябе рускім, аддаючы даніну памяці загіблых, ня могуць ня ведаць, што савецкі рэжым быў антырускім зладзейскім перыядам прыгнечаньня, рабства і генацыду рускага народу. Таму савецкія надмагільныя помнікі над косткамі воінаў, у тым ліку рускіх [ну, вось, нарэшце, “ў тым ліку”. – Рэд.] – гэта блюзьнерства, злобны рытуал умацаваньня варожай нам імперыі і яе ідэй [гэта найперш ваша імперыя, бо рускія заўсёды пагаджаліся быць яе зброяй. – Рэд.], коштам жыцьцяў нашых дзядоў. Зьвязваючы сьмерць са сваімі сімваламі, творцы гэтага рытуалу так і разьлічвалі – зьвязаць назаўсёды нашчадкаў тых, хто пахаваны, з сабой, аддаючы гэтых нашчадкаў на службу гэтым сімвалам, гэтай ідэі. Так зьвязвалі фараоны сваіх рабоў. Круг Рускай Праўды лічыць дабром вызваленьне праху рускіх воінаў і воінаў іншых народаў ад сімвалаў савецкай імперыі. Рускія – не савецкія, савецкія – ня рускія!”

Наш каментар. Нашая пазіцыя блізкая да пададзенай. Так што тут зноў, калі памяняць “рускі” на “беларус”, атрымаецца вялікае падабенства поглядаў. Больш за тое, на дадзеную тэму (пра помнікі савецка-імперскай эпохі) у нас ёсьць дактрынальны прынцып № 53. Ён гучыць так: “У будучай Беларускай дзяржаве ўсе помнікі Леніну, Сталіну, Дзяржынскаму і ім падобным “гістарычным асобам” будуць перавезены ў адно месца (на поле перад Курапацкім лесам), дзе разам з курапацкімі расстрэльнымі ямамі будуць выкарыстаны для пабудовы Мемарыяльнага комплексу, які павінен стаць вечным напамінам беларускаму народу пра жахлівыя часы расейскага імперыялізму ў форме камуна-фашызму”. Некаторыя дадатковыя думкі пра помнікі савецкай эпохі пададзены таксама ў памянёным вышэй артыкуле “Перамога патрэбна. Але над кім?” (адрас: nashaziamlia.org/2007/05/18/681).

2. Падвядзем вынікі.

Такім чынам, з 10 палажэньняў рускіх шавіністаў тры (3-е, 4-е і 7-е) цалкам адпавядаюць і нашым падыходам (натуральна, ва ўмовах пераносу на беларускую глебу), амаль поўнасьцю (адсоткаў на 80) супалі яшчэ чатыры (2-е, 8-е, 9-е і 10-е), на палову супалі два (1-е і 6-е; хаця 6-е варта лічыць больш палітычным, чым ідэалагічным прынцыпам), а 5-е меркаваньне нам нецікава, паколькі датычыць выключна расейскай грамадска-палітычнай сітуацыі. Вынік выдатны. І гэта, здавалася б, азначае, што мы можам лічыць “арыйцаў” амаль што нашымі патэнцыйнымі саюзьнікамі ў барацьбе з расейскай імперыякратыяй, якую яны таксама лічаць сваім галоўным ворагам. Аднак, на справе мы сочым за гэтай групай вось ужо 7 гадоў і ведаем, што гэта тыповыя рускія шавіністы-імперыялісты. Некаторыя праявы апошняга мы пазначылі ў іх тэкстах, а ў дадатак, каб не было сумневу і сярод іншага, варта нагадаць, што гэтыя людзі ня лічаць украінцаў і беларусаў асобнымі народамі, а лічаць народам “рускім” (і ў нас, кім мы сябе самі лічым, яны пытацца не зьбіраюцца…). У дадатак, нашыя этнічныя тэрыторыі – таксама лічаць сваёй тэрыторыяй.

Усё гэта азначае, што “арыйцы” па сваім сьветаглядзе балансуюць на мяжы паміж нацыяналізмам ды шавінізмам і ў далейшым немінуча вымушаны будуць зрабіць выбар, кім ім быць – рускімі шавіністамі ці сапраўднымі рускімі нацыяналістамі. Давайце гэты факт сфармулюем у выглядзе чарговага (63-га) прынцыпу нашай дактрыны: у “Расеі” сёньня ёсьць група таленавітых ідэолагаў “рускага нацыяналізму”, якія завуць сябе “арыйцамі”. Далешыя нашыя адносіны, як зьмястоўных беларускіх дэмакратаў, да гэтай групы будуць вызначацца яе эвалюцыяй альбо ў бок класічных нацыяналістаў, альбо ў бок тыповых рускіх шавіністаў-імперыялістаў. У першым варыянце разьвіцьця падзей “арыйцы” ў адносінах, напрыклад, да нас – беларусаў – вымушаны будуць прызнаць ня толькі нашую этнічную, гістарычную, сьветаглядную і г.д. адметнасьць, адасобленасьць і палітычную самастойнасьць, але і прызнаць неабходнасьць вяртаньня і кампенсацыі беларускаму народу таго, што было зрабавана, разбурана, зьнішчана, скрадзена расейскай імперыякратыяй з дапамогай рускага народу за сотні гадоў імперскага панаваньня на этнічных беларускіх землях (гл. пункт 32 і 25 Беларускай дактрыны). Ва ўмовах менавіта такіх пераўтварэньняў “арыйцаў” мы маем патэнцыйную магчымасьць на інтэрнацыянальнае супрацоўніцтва зь імі ў змаганьні з нашым агульным ворагам – расейскай імперыякратыяй, а ва ўмовах супрацьлеглага – не. Бо з ворагамі, у якіх у другім выпадку пераўтворацца “арыйцы”, не сябруюць. Зь імі змагаюцца (Д пр-п 63).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы