nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Дэградацыя Заходняй Еўропы: факты і каментары (частка І).

2 ліпеня, 2007 | Каментары (1)

���оп� д�г�адан��.JPG

Чым больш мы ўсьведамляем усю злачынную генацыдна-этнацыдную сутнасьць цяперашняга дыктатарскага рэжыму ў Беларусі, чым больш мы разумеем, што гэты рэжым ёсьць вытворнае ад звышзлачыннай сатанінскай расейскай імперыякратыі, тым больш хочацца верыць, што на Захадзе ёсьць сілы, здольныя дапамагчы нам – беларусам – супрацьстаяць чарговай імперскай навале з усходу, каб уратаваць незалежнасьць, вярнуць свабоду і дэмакратыю. Але чым больш мы прыглядаемся да цяперашняга Захаду, тым больш становіцца відавочным яго дэгенераваны стан. І нашыя аптымістычныя мроі распускаюцца, як ранішні туман… Разбурэньню нашых спадзеваў спрыяе шмат чаго, у т.л. і персоны заходніх лідараў. Удумайцеся. Шродар – былы канцлер Германіі (!), цяпер працуе клеркам у адной з газавых кампаніяў Пуціна, прэзідэнт Францыі Шырак ўзнагароджвае Пуціна Ордэнам ганаровага легіёну, Продзі падазраецца як даўнішні агент КГБ-ФСБ, прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Блэр не выконвае свае абавязацельствы перад Беларусьсю (гл. https://nashaziamlia.org/2006/12/22/460). Калі да ўсяго гэтага дадаць, напрыклад, ксенаэтнічныя пагромы на вуліцах французскіх гарадоў, падтрымку расейскай 5-й калоны ў Эстоніі з боку Amnesty International (гл. https://nashaziamlia.org/2006/12/19/454), паездкі невыязднога Зімоўскага “па Еўропах” і г.д., і да т.п., карціна вымалёўваецца сапраўды непрыглядная… Але якой бы горкай, непрыемнай ні была праўда, яе заўсёды лепш ведаць, чым ня ведаць. Таму намі і заведзеная адпаведная рубрыка, каб сачыць за падзеямі ў Еўропе (найперш, Заходняй). Але мы баімся прапусьціць істотныя факты. Таму мы з удзячнасьцю ўспрынялі сітуацыю, калі па Е-пошце сталі рэгулярна атрымліваць матэрыялы ад групы, якая вядзе Партал праўды www.prauda.org і якая, напэўна, зьяўляецца блізкай да КХП-БНФ. Асноўныя сябры гэтай групы, як вы можаце пераканацца далей, гэта Валеры Буйвал, Юрка Марозаў і Янка Базыль. Зь усяго, што было перададзена нам за апошнія паўгады, мы выбралі тое, што датычыць заходняй часткі Еўразьвязу, і вырашылі прэзентаваць вам. Падабенства ацэнак падзеяў, практычна 100%-е, з боку сябраў нашай рэдакцыі  і з боку сябраў Партала праўды асабіста нас уражвае.

Рэдакцыя.  

 

“НАС НЕ ПАДМАНУЦЬ ВАШЫЯ ЎСЬМЕШАЧКІ”.

28 сакавіка 2007 г. Французкая газэта “Le Figaro” публікуе юбілейную падборку артыкулаў і фотаздымкаў, прысьвечаную 50-м угодкам утварэньня Эўразьвязу. Зразумела, што ўсё выканана ў аптымістычным бравурным ключы. І так у асноўным па ўсіх заходніх СМІ.

Наш камэнтар: Але гледачы тэлеканалу “Эўраньюс” усё ж даведаліся пра непрывабны эпізод з гісторыі ЭЗ. А менавіта пра сам момант падпісаньня Рымскага трактату, якім першыя краіны-сябры запачаткавалі Эўразьвяз 25 сакавіка 1957 г. Адзін з вэтэранаў-дыпляматаў распавёў пра фінальныя напружаныя дыскусіі за рымскім сталом. Міністры так запрацаваліся, што канчатковы варыянт трактату пакінулі на стале і пайшлі спаць. Прыбіральшчыцы, якія падрыхтоўвалі залю для заўтрашняй цырымоніі падпісаньня, сабралі са стала ўсе паперы і выкінулі іх у сьмецьце. Раніцай пасьля пэўнай панікі арганізатары знайшлі “геніяльнае” выйсьце. Яны падклалі на подпіс міністрам кіпу пустых аркушоў, у якой толькі першы і апошні аркуш зьмяшчалі сьпіс падпісантаў і рэзюмэ (у крымінальным сьвеце такое называецца “куклай”).

Трэба адзначыць, што нават з падпісаньнем антынароднага СССР у 1922 годзе не здаралася такога падлогу. ЭЗ, такім чынам, пачаў сваю гісторыю з жульніцтва і фальшыўкі. Што ж зьдзіўляцца паводзінам цяперашніх барозаў, бэнітаў і тысячаў іншых брусэльскіх цынікаў. Яны падманваюць эўрапейскія народы, бяруць ганарары ад Масквы, штурхаюць Беларусь у расейскі палон. На нядаўні Дзень Незалежнасьці іхныя прадстаўнікі вельмі камфортна пачуваліся разам з мясцовымі псэўдаапазыцыянэрамі. Адзін з брусэльскіх гасьцей (Анышкевіч) нават заявіў, што “трэба зьмякчаць рэжым  Лукашэнкі, насьледваць у гэтым досьвед польскай “Салідарнасьці”, якая разьмякчыла Ярузэльскага…” Ня трэба, аднак, панове, падсоўваць беларусам “куклу”. Мы не дурныя, нас не падмануць вашыя ўсьмешачкі.

 Валеры Буйвал

 

АРГАНІЗОЎВАЮЦЬ БАЛАГАН

20 лютага 2007 г. польская газэта “Rzeczpospolita” паведамляла зь Менска. Журналіст Пётр Косьціньскі спасылаецца на публікацыю ў газэце “Наша Ніва”. Цытуе Мілінкевіча, Карбалевіча, Дабравольскага, Вячорку. Мілінкевіч ня хоча ісьці на “кангрэс дэмсілаў”, скардзіцца на разлад у “дэмсілах”. Вячорка заклікае да “кампрамісу дзеля адзінства”. Дабравольскі бароніць Мілінкевіча, “якому пагражае ратацыя”. З усяго польскі аглядальнік робіць фінальную выснову: “Барацьба ў апазыцыі вядзецца ў сітуацыі, калі шанцы на перайманьне ўлады ёсьць нікчэмныя, а магчымасьці дзеяньня больш чым сьціплыя”.

Наш камэнтар: Як кажуць палякі – “amen i kropka”. Больш ніякіх думак у польскага аналітыка ня ўзьнікла. Што ж ён ня ўспомніў, як на працягу даволі доўгага часу ў ягонай Польшчы Мілінкевіча прымалі ў якасьці “адзінага лідэра адзінай апазіцыі”, як цытавалі ягоныя сьпічы і расказвалі пра ягоны “змагарны шлях” (якога насамрэч ніколі не існавала)? Што ж не разглядзелі яны ў гэтым гутапэрчавым “каліфе на гадзіну” дробную (і  выпадковую) марыянэтку чужых для Беларусі і дэмакратыі сілаў? Колькі яшчэ групоўка падстаўных грантаўскіх палітыканаў будзе тлуміць голаў суседняму народу сваёй гаворкай?

 Няхай бы пан Косьціньскі згадаў, колькі было гэтых “адзіных лідэраў” за апошнія гады – Чыгір, Домаш, Ганчарык, генэрал Фралоў… Цяпер вось прагучала халоднае слова “ратацыя”. Групоўка зьбіраецца падсунуць беларусам і навакольнаму сьвету чарговага “адзінага” (да наступнай “ратацыі”). Чаму не сьмяецца з усяго гэтага балаганнага вэрхалу польскі журналіст? Можа таму, што тады трэба было б пасьмяяцца і над сабой самым, і над тымі з польскага эстэблішмэнту, хто на поўным сур’ёзе пазіраваў побач з балаганнымі пустышкамі?

Юрка Марозаў

 

“ЭЎРАКАМУНІСТЫ” Ў ІТАЛІІ

20 лютага 2007 г. Італьянская газэта “La Repubblica” публікуе інтэрвію са старшынём парляманту “эўракамуністы”  Бэрціноці. Бэрціноці ўзначальвае камуністычную партыю Італіі пад назовам “Камуністычнае Аднаўленьне”, але журналіст пытаецца ў яго пра “Чырвоныя брыгады”. Апошнім часам у Італіі актывізавалася тэрарыстычная дзейнасьць гэтых левых баявых структураў, якія былі разгромлены ў 1980-я гады. Бэрціноці распавядае пра праблему, цытуе Папу Яна Паўла ІІ, які асуджаў тэрарызм. Нагадвае таксама, што падчас сваіх візытаў у камуністычныя ячэйкі па ўсёй краіне, ён загадваў здымаць са сьценаў райкамаў партрэты Сталіна.

Наш камэнтар: Вось такі камуніст. Папу цытуе і Сталіна “не жалует”… Што ж гэты Бэрціноці не згадаў ані слоўцам, што левыя “Чырвоныя брыгады” вучыліся тэрарызму ў Маскве, карміліся з савецкага бюджэту, рабілі тэракты, як той казаў – “с Лениным в башке и с наганом в руке …”? А згадваць пра гэта ў сёньняшняй Італіі “нямодна”. Бо настаў новы пэрыяд стракатай гісторыі гэтай вялікай краіны. Непасрэдна пасля краху СССР адбыўся крах прывязанай да саўдэпіі ўшчэнт скарумпаванай палітычнай сістэмы Італіі. Прычым, пасыпалася ня толькі кампартыя (дзе лідэрамі служылі сёньняшні прэм’ер Італіі Рамана Продзі і згаданы Бэрціноці), але і нібыта правая “хрысьціянская дэмакратыя” (дзе не засталося ўжо нічога хрысьціянскага і дэмакратычнага). Завалілася ўсё. І вось праз паўтары дзесяцігоддзі бязладдзя камуністы зноў выйшлі на першыя ролі ў магутнай заходняй краіне. Можа, гэта ўстрывожыла каго-небудзь у Эўразьвязе? Ды не. Сам Рамана Продзі служыў у Брусэлі старшынём Эўракамісіі – “наш чалавек”. Цяпер “эўракамуністы” ашчасьліўліваюць сваю радзіму. Ім не замінаюць у гэтым выказваньні уцекачоў з Масквы (напрыклад, А. Літвіненкі) аб тым, што Бэрціноці, Продзі і іншыя доўгія дзесяцігоддзі былі шчыльна зьвязаны з КГБ. Разам з “камуністычным аднаўленьнем” на Захадзе аднаўляюцца і гэбоўскія “чырвоныя брыгады”. Гэта, безумоўна, непакоіць Бэрціноці. Але самага галоўнага ён не гаворыць. Кліенты Лубянкі ніколі не здадуць “товарищей”. Не, ня трэба беларусам чакаць салідарнасьці ад такіх лідэраў “заходняй дэмакратыі”, якія так безадказна трактуюць уласную краіну.

Юрка Марозаў

 

“ПАМЯТАЕМ МЫ ГЭТАГА МАЦУУРУ”

24 лютага 2007 г. Бэльгійская газэта “Le Soir” піша пра чарговую ініцыятыву ЮНЕСКО, падраздзяленьня ААН па адукацыі, навуцы і культуры. Генсек ЮНЕСКО японец Мацуура паведаміў, што зьбіраецца паслаць у Ерузалім спэцкамісію для вывучэньня пытаньня з рэстаўрацыяй так званай экспланады мячэцяў у старым горадзе. Там знаходзяцца старажытныя мячэць Аль-Акса і Храм Скалы. Ізраільскія ўлады праводзяць рэстаўрацыю гэтай зоны. Але працы выклікалі пратэсты палестынскай мусульманскай грамады. Мацуура абяцае ўлагодзіць канфлікт.

Наш камэнтар: Верыцца з цяжкасьцю. Памятаем мы гэтага японца. У 2001-02 гадах беларускія патрыёты пасылалі яму ў Жэнэву тысячы подпісаў і звароты з заклікам абараніць ад дзяржаўнага вандалізму Народны Манумэнт у Курапатах. Японец нават не адказаў беларусам. У 2002 г. ён прыехаў з афіцыйным візытам у Беларусь. Беларускія навукоўцы і іншыя грамадзяне напярэдадні візыту зноў зьвярталіся да Мацууры, заклікаючы яго наведаць Курапаты. Аднак жэнэўскі “самурай” паслухмяна выканаў распрацаваную шклоўскім афіцыёзам праграму 2-дзённага візыту, у Курапаты не заехаў. Дагэтуль ніякой рэакцыі ад міжнароднай арганізацыі ў справе абароны Курапатаў мы не адчулі (дзейнічае магутнае маскоўскае лоббі, якое ведае, каму плаціць хабар). Спадзявацца беларусам у выратаваньні сваёй культуры і адукацыі трэба толькі на сябе самых.

 

Валеры Буйвал

 

“ГАЛЯНДЫЯ ДАЕ ПРЫКЛАД ДЛЯ ЎСЯЕ ЭЎРОПЫ”, – СКАЗАЎ  САДЗІК ХАРШАЎІ

23 лютага 2007 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” піша пра “інтэграцыю мусульманаў у галяндскае грамадства”. Праз тры гады пасьля забойства ісламскімі экстрэмістамі галяндскага рэжысёра Ван Гога (што раззлавала ўвесь эўрапейскі народ Нідэрляндаў) лева-цэнтрысцкі ўрад Нідэрляндаў аддаў два міністэрскія партфэлі двум мясцовым мусульманам. “Галяндыя дае прыклад для ўсяе Эўропы”. – сказаў на гэта Садзік Харшаўі, дырэктар Інстытуту шматкультурнага разьвіцьця ва Утрэхце (ёсьць такі). Ён паведаміў таксама, што за апошнія гады ў галяндскія ворганы мясцовай улады было абрана на 60% больш прадстаўнікоў мусульманскай абшчыны. Сем такіх жа прадстаўнікоў зьяўляюцца дэпутатамі парляманту. Газэта, аднак, нагадвае, што абодва згаданых міністры маюць падвойнае грамадзянства і ў дадатак да нідэрляндскага маюць у кішэні яшчэ адзін пашпарт экзатычнай краіны. Такая вось “інтэграцыя”. Таму правыя партыі краіны выступаюць за адмену падвойнага грамадзянства і спыненьне ісламізацыі маленькай эўрапейскай краіны.

Наш камэнтар: Левыя працягваюць размываньне эўрапейскай краіны, ператварэньне яе ў экзатычны султанат сіламі некантралюемай іміграцыі з Усходу і Поўдня. Супраціўляюцца гэтай самагубчай палітыцы толькі патрыёты-нацыяналісты. Адначасова ў Азіі і Афрыцы працягваецца ліквідацыя апошніх арэалаў хрысьціянскай культуры і апошніх хрысьціянскіх абшчынаў. Дзіўная лёгіка палітыкі лібэральна-сацыялістычных начальнікаў у Эўропе.

Валеры Буйвал

           

“ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА”  ПЕРАЎТВАРАЮЦЬ ЭЎРОПУ

3 сакавіка 2007 г. Французкая газэта “Liberation” піша пра маладзёвую злачыннасьць у Берліне. 82,3% рэцыдывістаў (што зьдзейсьнілі больш за два правапарушэньні) – гэта маладыя з імігранцкіх семьяў. Лідыруюць у бандыцкіх справах палестынцы, што прыехалі зь Лівану, і туркі. Напады на людзей, рабункі, акты вандалізму, публічныя выразы зьнявагі ў адрас жыхароў-берлінцаў, гвалтаваньні, наркагандаль, забойствы. За апошні год у сталіцы статыстыка такіх маладзёвых злачынстваў вырасла на 5%. Але на тэрыторыі школаў – на 24% (!). Вырасла статыстыка ўзброеных нападаў. Крыміналягіст Клаўдзіўс Одэр камэнтуе падзеі: “Немцы надта доўга хавалі праблему гвалту з боку маладых імігрантаў у імя рамантычнай візіі талерантнасьці і павагі да культураў, якія адрозьніваюцца ад нашай культуры…”

Наш камэнтар: Цяпер берлінцы ходзяць па вуліцах, азіраючыся і прыгінаючыся. Абы не патрапіць на якога турэцкага смаркача, што лічыць сваім абавязкам адпрацаваць на іх усе свае юнацкія комплексы і гімнастычныя прыёмы. Берлінскія школы пад ружовым сьцягам інтэрнацыяналізму паступова ператвараюцца ў гета для нямецкіх школьнікаў, якіх “перавучваюць па-свойму” агрэсіўныя і арганізаваныя ў бандыцкую герархію чужынцы. Такі вось вынік “правоў чалавека” і “адкрытых дзьвярэй”.  Ёсьць яшчэ адзін, ня менш драматычны вынік. Нацярпеўшыся зьдзекаў ад экзотаў (якіх апантана бароніць “талерантны” закон), нямецкая моладзь голіць галовы, бярэ ў рукі палкі і запісваецца ў экстрэмісцкія нямецкія групоўкі. Такім чынам, дэмагагічны заклік лібэралаў-сацыялістаў да “шматкультурнага грамадзтва” прывёў толькі да ўзаемнай нянавісьці. Разумныя людзі па ўсёй Эўропе ўжо даўно папярэджваюць свае грамадзтвы аб неабходнасьці спыніць гэты абсурд. У сувязі з гэтым трывожыць навязьлівае гаварэньне рэжымнай прапаганды пра тое, што нібыта “Беларусь – гэта шматнацыянальная краіна” (мясцовых гэбельсам хацелася б як мага хутчэй ачысьціць Беларусь ад беларусаў).

Валеры Буйвал

 

“ТЭРЫТОРЫЯ, ЯКОЙ КІРУЕ ЭЎРАЗЬВЯЗ…”

Французкія СМІ доўга замоўчвалі факт удзелу ў выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі лідэра французкіх нацыяналістаў Лё Пэна. Але дзявацца няма куды. Са страхам цяперашні эстэблішмэнт краіны ўспамінае мінулыя выбары, калі Лё Пэн заняў другое месца. Вядома, што цяпер яго падтрымлівае яшчэ больш людзей, прычым, маладых і старэйшых, студэнтаў, інтэлектуалаў і бізнэсмэнаў. Дадатковым агрумантам для іх стала арабская вайна супраць Францыі ў шэрагу французкіх гарадоў увосень 2005 г. Яны разумеюць і такі аргумант свайго лідэра: “Я прэтэндую быць прэзыдэнтам Францыі, а не галоўным чыноўнікам тэрыторыі, якой кіруе Эўразьвяз…”

Валеры Буйвал

 

ЛУБЯНСКІ ПРАЦЯГ Ў АМЭРЫЦЫ.

3 сакавіка ў амэрыканскім горадзе Эдэлфі быў здзейсьнены замах на Пола Джояла. Двое невядомых стралялі ў яго і цяжка паранілі. Джоял з 1980 па 1989 г. працаваў дырэктарам аддзелу бясьпекі камітэту Сэнату ЗША па выведцы. Пасьля гэтага ён працаваў экспертам па расейскіх спэцслужбах, выдаваў бюлетэнь пра лубянцаў. Джоял настойліва заяўляў, што забойства А. Літвіненкі ў Лёндане ёсьць злачынствам ФСБ. Мужны чалавек казаў таксама, што любая дзейнасьць крамлёўскіх спэцслужбаў супраць дэмакратычных краінаў павінна атрымліваць рэзкі адлуп з боку заходняй цывілізацыі. Крывавая лубянская справа Літвіненкі атрымала свой працяг ужо ў Амэрыцы.

Юрка Марозаў

 

“ЧЫРВОНА-ЛІБЭРАЛЬНАЕ ЦЕМРАШАЛЬСТВА”

28 сакавіка 2007 г. Гішпанская газэта “La Razon” піша пра прэзыдэнцкую перадвыбарчую кампанію ў Францыі. Кандыдатка ад сацыялістаў Сэгален Руаяль зьвярнулася да выбарцаў з заклікам сьпяваць нацыянальны гімн “Марсэльезу” на выбарчых сходах, а дома вывешваць нацыянальныя сьцягі. За гэта на яе накінуліся з закідамі левыя: антыглябалісты, трацкісты, камуністы і “зялёныя”. Яны заклікаюць ня браць прыклад з правых (якія заўсёды выступаюць з “Марсэльезай” і пад французкім трыкалёрам), “не паўтараць былых памылак, зьвязаных з нацыяналізмам”.

Наш камэнтар: Адным словам, левакі фактычна выступаюць супраць нацыянальнай сымволікі (нацыянальнай сьвятыні), бо для іх больш важнае нешта іншае. Аказваецца такое можа тварыцца і ў Францыі, славутай сваім нацыяналізмам, гонарам за сваю культуру і гісторыю. Цэлыя палітычныя плыні, цэлыя праслойкі грамадзтва з адкрытым цынізмам адмахваюцца ад нацыянальных сымвалаў. Зразумела, якія глыбокія карані запусьціла ў заходнюю глебу зараза “глябальнага інтэрнацыяналізма”, “пролетаріі всех стран соедіняйтесь” ды іншае чырвона-лібэральнае цемрашальства. Не выпадкова, што гастралёры з псэўдаапазыцыі (Мілінкевіч ды іншыя) ня толькі ў Маскве, а і на Захадзе набраліся гэтага “творчага досьведу”. Як жа ўпарта яны спрабавалі ўзьняць над пратэстнай беларускай моладзю, над усімі патрыётамі джынсовыя порткі на дручку (успомнім іхныя налепачкі-лёзунгі “Джынс змагаецца!” і г.д.), а сьвяты нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг заштурхнуць за кулісы. Ды нічога ня выйшля ў фальсіфікатараў. На Дзень Незалежнасьці народ у Менску зьбіраўся пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Правалілася подлая задумка падстаўных.

Валеры Буйвал

 

РАЗМОВЫ Ў ЭЎРАЗЬВЯЗЕ

30 сакавіка 2007 г. Латвійская газэта “Diena” паведамляе зь Вільні. Там перад дэпутатамі парляманту Летувы выступаў Жазэ Мануэль Барозу, старшыня Эўракамісіі. Калі дэпутаты спыталіся ў яго, чаму Эўразьвяз ўвесь час разважае пра вольны рынак у справе энэргазабесьпячэньня, але ў той жа час спрыяе манаполіі Расеі на гэтым рынку? Барозу не міргнуў вокам і адпарыраваў: “Мы шануем інтарэсы Расеі, але таксама не ў захапленьні ад яе манаполіі. Мы ня хочам манапалізаваць пытаньне…”

Наш камэнтар: Але да чаго ж навучыліся эўраначальнікі маніпуляваць словамі. Ім бы сядзець у нейкім правінцыным часопісе ды за ганарар выдумляць красворды, чайнворды, галаваломкі ды іншую забаўляльную схалястыку. Але ў часопісах плоцяць мала. З Масквы па схаваных каналах у сямейныя бюджэты барозаў і іншых паступаюць значна больш сур’ёзныя сумы. І вось прадстаўнікі аднаго невялікага эўрапейскага народу пытаюцца ў іх проста ў лоб, чаму яны сэрвільна прыслугоўваюць азіяцкай імпэрыі, а яны пачынаюць пускаць з трыбуны мыльныя бурбалкі: “мы шануем, але не ў захапленьні…” Ну, да чаго ж забрахалася, заблыталася гэтая на выгляд салідная публіка. Яшчэ раз пацьвярджаецца даўняя аксіёма, што толькі праўду можна казаць яснымі і адназначнымі словамі.

* * *

30 сакавіка 2007 г. Чэшская газэта “Pravo” піша пра выступ у Эўрапарляманце Хав’ера Саляны, сакратара Эўразьвязу па замежнай палітыцы. Саляна заявіў: “Трэба весьці адкрытую дыскусію пра шчыт. Трэба суадносіць свой сувэрэнітэт з агульным інтарэсам Эўразьвязу ў справе бясьпекі”. Гэта ён шумеў на Польшчу і Чэхію, якія дамаўляюцца з ЗША аб усталяваньні на сваёй тэрыторыі супрацьракетнага (супрацьрасейскага) шчыта.

Наш камэнтар: Здавалася б, ну чаго так хвалявацца эўраначальніку Саляне? Чэхі, палякі і амэрыканцы ня просяць грошай з эўрабюджэту на пабудову шчыта. Дзьве “прыфрантавыя” дзяржавы забясьпечваюць абарону ня толькі сябе, але ў выніку і ўсёй Заходняй Эўропе. Трэба было б уручыць ім ганаровыя граматы ад ЭЗ за ўмацаваньне эўрапейскай бясьпекі. Але замест гэтага мы назіраем дыпляматычныя канвульсіі на высокай трыбуне. Саляна заклікае абмяркоўваць гэтае пытаньне на форумах краінаў Эўразьвязу, ён упарта дэманструе сваю нязгоду з рашэньнем палякаў і чэхаў. Няўжо ён сапраўды думае, што ўбачыўшы ягоны гнеў, гэтыя народы адмовяцца ад шчыта, скажуць амэрыканцам: “Пардон, мы перадумалі-с”?  Ва ўсёй гэтай надзьмутай рыторыцы адчуваецца дэманстрацыйная фальш. Саляне важна засьведчыць вернасьць “грантаўскім дамоўленасьцям” у вачах маскоўскіх “грантадаўцаў”. Яму проста трэба адпрацаваць крамлёўскую аддзяку на публіцы. Не пазайздросьціш і маскоўскім імпэрцам. Яны, здавалася б, скупілі ключавых пэрсанажаў у Брусэлі, стварылі разгалінаваную сетку рознаўзроўневай агентуры ўплыву ў эўрапейскіх краінах, як у некалі папулярнай кабарэтнай песеньцы часоў позьняга Гарбачова – раньняга Ельцына: “А у меня всё схвачено, за всё заплачено…” І раптам ўся гэтая канструкцыя валіцца з банальнай прычыны. У Варшаве і Празе прымаюць дзяржаўна важнае рашэньне палітыкі, якія ня бралі маскоўскія падарункі. Не дапамагае гаварэньне з эўратрыбунаў, насупоненыя фізіяноміі і пагрозьлівыя позіркі з-за крамлёўскага мура.

 Валеры Буйвал

 

Каментары (1)

  1. На вялікі жаль, нашы аб’яднаныя дэмакраты так “усвядомілі” еурапейцаў, што многія нават высокапастаўленыя чыноўнікі
    лічаць што Беларусь увогуле як бы і ні краіна, а нейкі прахадны двор праз які хадзілі ўсе каму хацелася. Галоўнае, што калі трошкі
    глыбей спытаеш пра іх уласную гісторыю, дык яны, як ні дзіўна, ня ведаюць яе. Хіба што пытанні адпадаюць пра іх свядомасьць, тым ня менш, яны ўплываюць на светагляд пра нашу сучаснасьць.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы