nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ. Частка ІV. Беларуская культура

31 ліпеня, 2007 | Няма каментараў

Павал Севярынец

���6.GIF

Афіцыйная сустрэча зь беларушчынай на першы погляд выглядае ўбога. Вам насустрач выходзіць вясковая дзяўчынка ў абавязковым фальклёрным строі, кланяецца, падаючы хлеб-соль на рушніку, а за кадрам рытуал суправаджаецца няхітрым пераборам цымбалаў з трэльлю жалейкі. Але нават тыповы шаблён нейкімі нязначнымі, інтуітыўнымі дотыкамі абуджае сэрца й чамусьці прымушае яго біцца часта й моцна. Нешта шчымлівае працінае наскрозь – і раптам, у празрыстым адкрыцьці, пачынае крынічыць глыбокая гармонія, уласьцівая геніяльна простай прыгажосьці.

Беларуская культура – найбольш яскравае выяўленьне нацыянальнага ідэалу, пакліканьня, мэнталітэту. Шэдэўры беларускае культуры – паэзія Багдановіча, хіты “Песьняроў”, або раманы Караткевіча – набліжаюць нас да вяршыняў Божага замыслу для Беларусі. Бо культура факусуе ў сабе ўсё паняцьце нацыянальнай адметнасьці.

Ladіes and gentlemen! Дамы и господа! Шаноўнае спадарства!.. Дазвольце прадставіць вам: Беларуская Культура!

Вы яшчэ не знаёмыя?

Для мяне складае вялікае задавальненьне пералічыць толькі некаторыя тытулы гэтае Ўвасобленае Сьціпласьці:

– Першыя сярод усходніх славянаў помнікі пісьменьніцтва – пячатка Ізяслава і надпіс “Гороушна” на смаленскай карчазе.

– Другая, пасьля італійскай, паводле сьпеўнасьці й мяккасьці, мова ў Эўропе – найчысьцейшая са славянскіх.

– Кнігадрукаваньне ВКЛ XVI-XVII стст., калі Беларусь стала адным з сусьветных лідэраў друку.

– Адна зь лепшых у Эўропе XVIII – пачатку XIX стст. сыстэма адукацыі, заснаваная езуітамі, піярамі й базыльянамі, зь Віленскім Унівэрсытэтам ды Полацкай Акадэміяй – сыстэма, здольная навучыць правілам шляхетнасьці нават мядзьведзя з-пад Смаргоні.

– Вялікія філаматы й філарэты ХІХ ст.: Міцкевіч, Дамейка, Зан, Чачот .

– Анёлавы постаці віленскага барока, Мірскі замак і Нясвіскі палац, цэрквы-крэпасьці ў Сынкавічах, Мураванцы, Камаях, Супрасьлі – бастыёны нашай архітэктурнай эўрапейскасьці.

– Найярчэйшыя імёны мадэрнізму ХХ ст. – мастакі Казімір Малевіч ды Васіль Каньдзінскі, філёзаф Мікалай Бярдзяеў (беларус па мацярынскай лініі), кампазітар Ігар Стравінскі.

– Дзяржаўны гімн Польшчы “Марш марш Дамброўскі” й “Яшчэ Польска не згінэла!” Агінскага, гімн Расеі – “Слаўся!” Глінкі, амэрыканскі “God Вless America!” Ірвінга Берліна (Ізі Бейліна з Магілева) – напісаныя ўраджэнцамі Беларусі.

– Беларуская паэтычнасьць, надзвычай масавая й рамантычная.

– Беларуская проза вайны ХХ стагодзьдзя, самая страшная й праўдзівая ў сьвеце: Быкаў, Адамовіч, Брыль, Пташнікаў, Алексіевіч.

– “Песьняры” – родапачынальнікі фольк-року ў СССР, савецкія “Бітлс”, якім насьледавалі “Сябры”, NRM, “Палац”, “Тройца”, “Крыві”…

– Агромністы дыяпазон народнага музычнага фальклёру.

– Нарэшце, цэлая галяктыка супэрзорак – заснавальнікаў іншых вялікіх культураў: Адам Міцкевіч, Сімяон Полацкі, Хведар Дастаеўскі, Міхал Глінка, Генрык Сянкевіч, Людвік Замэнгаф, Давід Сарноў, Марк Шагал…

Зрэшты, каб пералічыць усе вартасьці Яе Высокасьці, нам ня хопіць і сёньняшняга вечара. Таму – да сутнасьці.

У самой Беларусі культура заўжды адыгрывала ролю нацыянальнага сховішча. Калі акупанты зьнішчалі дзяржаву, эканоміку, эліту, забаранялі імя й руйнавалі храмы – заставаліся толькі родная мова з матчыным малаком, ціхія сьпевы ў падпольлі ды схаваныя за печчу кнігі. Беларусь прыніжалі, утоптвалі ў бруд, мяшалі зь зямлёй – але з кожнай вясной пяшчотная й настойлівая рунь прабівалася да сьвятла зноў.

Таму беларускі нацыяналізм часьцяком культурніцкі. Таму і культура ў нас такая “партызанская”. Таму ў Беларусі дастаткова і слова шэптам, і некалькіх нотаў, і двух рыфмаваных радкоў, каб пазнаць свайго. “Культура” – наш пароль, пасьля якога ворагі хапаюцца за рэвальвэр.

Беларуская культура выключна мяккая. Інтэлігентная, талерантная, ласкавая. Функцыя беларускасьці – зьмякчаць, расплаўляць любоўю, палагоджваць згодаю перададзенае і польскай, і расейскай, і габрэйскай культурамі – робіць сымбалем клясычнае беларускае мовы й сэнсам беларускага ўплыву мяккі знак.

Беларуская культура – унутрана сьветлая. Поўная белі, чысьціні, сьвятасьці. Адсюль лепшая адукацыя на Усходзе Эўропы, сузор’е асьветнікаў Сярэднявечча, дар навучаньня й настаўніцтва.

Беларуская культура – фэнамэнальна міжмоўная. Беларусь – зона актыўнага сынтэзу царкоўна-славянскай і лаціны, расейскай і польскай, грэцкай і нямецкай, адраджэньня іўрыту й вынаходніцтва эспэранта – арэна паразуменьня моваў на скрыжаваньні цывілізацыяў, сумоўя ў сумежжы Эўропы й Азіі, культуровага дыялёгу Ўсходу й Захаду.

Беларуская культура – напоеная стоенай сілай. Няяркай, не пыхлівай, стрыманай унутранай моцай, здольнай выбухнуць на паўсьвета фэномэнамі авангарднага мастацтва й псыхалягічнае прозы.

Беларуская культура выразна місіянерская. Культура эвангельскай місіі, якая аддае сябе бліжняму цалкам, і практычна ніколі не пакідае нічога сабе – місіі, што збудавала культуры Польшчы, Расеі й Ізраілю.

Беларуская культура – гэта культура сьпеву. Жыцьця ў трымценьні галасавых зьвязак: ад нараджэньня да сьмерці, ад крыку немаўляці, енку й радасьці, гаманы й надзіва мэлядычнага маўчаньня – і да пакаяннага плачу. Сьпеву з самага сэрца – самотнага й любоўнага.

Беларуская культура – гэта культура Слова. Ня проста слова як сэмантычнай адзінкі, як зерня вершу, кнігі, мовы, – але Слова Божага, Слова, Якое сталася целам.

Беларуская культура – гэта культура Сэрца. Сэрца ўсяе Эўропы. Культываванае чуйнасьці, адчуваньня, прачуласьці. Ёмішча эўрапейскае душы – трапяткой, вытанчанай, узьнёслай. Храма пяшчоты. Апошняй крэпасьці рамантыкі. Хрысьціянскай сарцавіны эўраатлянтычнае цывілізацыі, што аддае перавагу ўнутранай веры перад прыгажосьцю. Месца болю й канцэнтрацыі сумленьня. Сэрца, пульс якога б’ецца ў любое зьяве беларушчыны.

Настолькі духовая – адна з самых хрысьціянскіх нават сярод эўрапейскіх культураў! – культура Эўфрасіньні, Тураўскага, Скарыны, Багушэвіча, поўная болю, пакаяньня й самаахвярнасьці, крыніца ўзьнёсласьці для Захаду й апостальскае асьветы для Ўсходу, натхненьня для аднаўленьня Ізраілю… Культура Ісуса Хрыста!

Бо беларуская культура – гэта культура духовасьці. Менавіта духовасьці, а ня проста прыгажосьці ці рамантычнасьці. Вось чаму ў нас застаўся ўсяго 1% музэйных каштоўнасьцяў, архітэктурных помнікаў ды артэфактаў – і безьліч вечных словаў. Наша старажытнасьць – гэта культура Бібліі. Наша Сярэднявечча – культура хрысьціянства. Наша адраджэньне – культура духу.

Беларушчына на першы погляд здаецца слабенькай, гатовай абамлець ад першай жа сустрэчы з сур’ёзнымі цяжкасьцямі й грандыёзнымі цывілізацыямі. Слабой настолькі ж, наколькі слабы сам чалавек. Але – вялікі парадокс закону Божага! – у малітве, пакаяньні, у любові й веры, у духу Хрыстовым беларушчына зьяўляецца адной з найвялікшых культураў сьвету.

Belle, бэль – цудоўна! Так на першай па мэлядычнасьці эўрапейскай мове выяўляецца сьветлавая сутнасьць bellaрушчыны.

Беларуская культура – бліскучы дыямэнт нацыянальнае ідэі, гранёны й адшліфаваны 1000-гадовай гісторыяй, 100% празрыстасьці й ідэальнай агранкі – валяецца сабе практычна пад нагамі пасярод Эўропы. Яго лічаць то забаўным шкельцам, то таннай падробкай. Нават самі беларусы не даюць веры ўласным вачам – то мімаходзь падфутболяць дыямэнт, то аддадуць гуляцца дзецям.

Але ж гэта праўдзівы цуд сусьветнага парадку. Падыміце яго з бруду, абатрыце й дайце зірнуць экспэртам – у іх захіне дух.

Цуд, якому няма цаны!

Пранізьлівы сьпеў “Песьняроў”, патрыярхаў этнікі на 1/6 сушы, што вывелі нацыянальны фальклёр на плянэтарную арбіту, упакорылі беларускаю любоўю і Захад, і Савецкі Саюз; тых самых “Песьняроў”, канцэрты якіх наведвалі бітлы, і пра якіх у разгар халоднае вайны амэрыканская прэса крычала: “Яны заваявалі Амэрыку!”

Празрысты беларускі голас, галоўны нацыянальны інструмант, то па-анёльску высокі, як у Барткевіча, то па-тырольску галавакружна-пералівісты, як у Забэйды-Суміцкага, то хрыпаты, як ва Ўладзімера Высоцкага ці рэзкі, як у Лявона Вольскага – але заўжды шчыры, моцны, насычаны пачуцьцём неверагоднае звонкасьці. Той самы голас, што робіць хітамі сьпевы Андрэя Макарэвіча, Юрыя Шаўчука, Алёны Сьвірыдавай, БІ-2 або “Красак”.

Крышталёвая беларуская мова – самая чыстая з усіх славянскіх моваў, што навучыла акаць окаянную Москву, а затым і ўсю Расею, узбагаціла і паэзію Пушкіна, і прозу Буніна.

Бліскучы беларускі паэтычны дар высокага пачуцьця й натхнёнага патасу, што даў сьвету пачынальніка расейскага вершаскладаньня Сімяона Полацкага, патрыярхаў польскае літаратуры Каханоўскага й Міцкевіча, і эўрапейскага генія Багдановіча – і дагэтуль рыфмуе й рытмуе ўсё навокал ва ўсенародным захапленьні вершамі.

Вялікае кнігадрукаваньне XVI ст. (ВКЛ была ў тройцы сусьветных лідэраў!), сучасная менская паліграфія (найбуйнейшая база ва Усходняй Эўропе).

Сьветланоснае барока Полацкай Сафіі, Глыбоцкага касьцёлу й Менскай Катэдры: ня дойлідзтва, а ўспышка граняў, запаленая зь сярэдзіны!

Глыбокая беларуская вайсковая проза Быкава й публіцыстыка Алексіевіч, вялікая драма чалавечае псыхалёгіі ў раманах Дастаеўскага, фільме “Ідзі й глядзі” або аповесьці “Сотнікаў”.

Па-дзіцячаму захапляючыя хіты “Беларусьфільма”: “Прыгоды Бураціна”, “Чырвоны Каптурок”, “Корцік”, анімацыя Ўладзіслава Старэвіча, пэрсанажы Дыснэю, нарысаваныя Аліёй Пашкевічам ці сцэны беларускае батлейкі.

“Тарас на Парнасе” ці самаіранічны “Сказ пра Лысую гару” – і нязбытна рамантычная, творчасьць Караткевіча…

Беларуская культура будавала ў сэрцы Эўропы Божы храм з раманскага й бізантыйскага стыляў. Упрыгожвала яго драўлянай скульптурай і вуніяцкім жывапісам, беларускай кафляй і аб’ёмнай “палымянай” разьбой, зіхоткім урэцкім шклом ды барокавай ляпнінаю. Запальвала сьвечы й адлівала званы. Стварала для яго гімны й прамаўляла казані. Друкавала для яго кнігі й прымала ў гэтым храме ўсе навакольныя народы. Беларуская культура стала фарпостам эўрапейскасьці для аграмадных прастораў Усходу. Беларуская культура зьмясьціла ў сабе самую сутнасьць Эўропыі. Духовасьць. Талерантнасьць. Інтэлігентнасьць. Хрысьціянскую этыку.

Беларускасьць у вялікіх культурах нашых суседзяў можна беспамылкова вызначыць па гэтых родавых рысах. Тонкіх да вытанчанасьці, сьветлых да азарэньняў, высокіх – да Найвышняга! – рысах хрысьціянскае культуры.

Беларуская культура прызначаная ў першую чаргу для культываваньня рэлігіі. Таму беларуская мова гучыць як малітва, беларуская проза – як пропаведзь, беларускі верш – як вершы Бібліі. У дойлідзтве ў нас, што б ні рабілі, заўжды атрымліваецца храм, у скульптуры – сьвятая сям’я ды апосталы, любая карціна ператвараецца ў абраз, а сьпевы – у гімны пакаяньня ды праслаўленьня.

Нажаль, сёньняшняя эўрапейская культура, пазбаўленая адпачатнага хрысьціянскага зьместу, зь яе гуманістычным узьвялічваньнем чалавечага й ігнараваньнем Божага, перажывае эпоху заканамернага тленьня. Эўропа губляе эўрапейскасьць – і менавіта таму саступае дынамічнай, ідэалістычнай і ўсё яшчэ хрысьціянскай Амэрыцы. Беларушчына, натхнёная, духовая, мае ўсе шанцы неўзабаве ўварвацца сьвежым ветрам ў затхлае закатнае валадарства Старога Сьвету – як альтэрнатыва эўрапейскаму дэкадансу, на чале цэлае хвалі з Новай, Усходняй Эўропы.

Таму будучыня беларускае культуры – у кнігах: так, як Біблія Скарыны, першадрукі Ліцьвіна, Федаровіча й Мсьціслаўца, Статут і Мэтрыка для Сярэднявечча, у сучаснай цывілізацыі інфармацыйных сыстэмаў беларускае слова, быццам ключ, зноўку адамкне сэрца Эўропы.

Будучыня беларускае культуры – у голасе. Голасе сьпеву, малітвы, казані. Любоў і вера, распушчаная ў этэры радыёхваляў, нябачная, але ўладарная – вось, што адпавядае сутнасьці бязважкай беларускай культуры!

Будучыня беларускае культуры – у мове. Мове, што адраджаецца зь віру Міжмоўя, унікальнай тысячагадовай паліфаніі на галоўным эўрапейскім скрыжаваньні.

Беларусь – самае месца для сынтэзу новай эўрапейскай літаратуры, музыкі, мастацтва. Паслухайце хаця б “Народны Альбом”, “Я нарадзіўся тут”, трыб’ют Depeche Mode, пачытайце тэксты “Arche”, пераклады Сёмухі й Баршчэўскага, паглядзіце спэктаклі Мазынскага, жывапіс Шчамлёва й графіку Селяшчука, карціны Вашчанкі ды габэлены Кішчанкі!..

Культура сымбалю, лёгкага дотыку, позірку ў нябёсы, прыслухоўваньня да шэпту, водару духу, культура адноўленае Эўропы ІІІ тысячагодзьдзя ўжо нараджаецца ў Беларусі – тут і цяпер.

Бо беларуская культура ідэалістычная, самаахвярная й місіянерская. Гэта яе асноватворная асаблівасьць і неразбуральны падмурак. Бессэнсоўна камплексаваць з прычыны адсутнасьці ў Беларусі беларускіх матар’яльных каштоўнасьцяў – бо каштоўнасьць беларускае культуры ня ў гэтым. Гены беларушчыны закладзеныя ў словах, кнігах, нотах і скарбах культураў паловы Эўропы. Якраз такое эвангельскае багацьце і ёсьць прадметам нашага нацыянальнага гонару.

Як сапраўднае сэрца, беларуская культура напампоўвала і Польшчу, і Расею, і Ізраіль жыцьцядайнымі штуршкамі.

Польская літаратура: Міцкевіч! Нямцэвіч! Сянкевіч! Ажэшка!.. Музыка: Манюшка! Карловіч! Агінскі!.. Мастацтва: Рушчыц! Орда! Стрэмінскі!.. Кожнае імя – як удар пульсу, як удых-выдых, як порцыя волі, насычанай кісьляродам.

Для велізарнай Расеі Беларусь сьціскалася ў кулак і білася яшчэ часьцей, яшчэ мацней. Рытмова, акордамі музычнае клясыкі. Глінка! Стравінскі! Рымскі-Корсакаў! Шастаковіч! Высоцкі! Макарэвіч! Растраповіч!.. Важкімі ўдарамі, прапячатваючы вечнасьць прозы й паэзіі адціскамі друку. Федаровіч! Мсьціславец! Полацкі! Дастаеўскі! Пісараў! Грын! Бярдзяеў! Еўтушэнка! Твардоўскі!.. Мімікай, жэстамі, інтанацыяй, усёй сваёй драматычнай істотай, адчайна й самааддана. Азарэвічы! Качалаў! Неміровіч-Данчанка!

Напружанае аграмаднымі абшарамі Азіі й цяжарам эўрапейскае цывілізацыі, беларускае сэрца ўсё-ткі высільвалася з астатняе моцы для Ізраілю, расьсеянага па ўсім сьвеце: Шагал! Бакст! Суцін! Азгур! Замэнгаф! Азімаў! Бэн-Эліезэр! Мэндэль-Сфорым! Бейлін! Дуглас! Сарноў!..

Беларуская культура – натура летуценная, рамантычная, задуменная. З глыбокім позіркам, што шукае вышыняў. Зь мілай усьмешкай, цярпліва хаваючай боль. Менавіта такім чынам, на прасьвет у неба, чытаюцца галоўныя беларускія тэксты. Менавіта гэтак, з малітоўна складзенымі рукамі, трэба сьпяваць шчымлівыя й балючыя беларускія песьні.

Беларуская культурная традыцыя, заснаваная на асваеньні колішніх паганскіх абрадаў хрысьціянскім сэнсам, спаўняе сваю эвангельскую місію дагэтуль. У сілу дзесяцівяковага досьведу беларушчына гатовая й сёньня апаноўваць ды мяняць знутры любую культуровую зьяву сучаснага сьвету.

Культура ёсьць iнстынктыўным або ўсьвядомленым iмкненьнем чалавека ўвасобiць нацыянальную iдэю, закладзеную Госпадам, па-Божаму творча. Беларуская культура – гэта тварэньне Духа праз рухi мiльёнаў душаў, парыў i прарыў у вышынi, да iдэалу Хрыста.

Сьцiплая, але высокая, цiхая, але пранiзьлiвая, мяккая, але моцная, някiдкая, але надзiва прасьветленая й хвалюючая!..

Толькi прыглядзiцеся – вы заўважыце яе ў кожным беларусе.

Гэтая хада, гэтыя рухi – пяшчотная ласка i чуйная плястыка, даведзеныя да дасканаласьцi ў балеце Елiзар’ева.

Цiхая гульня апушчаных вачэй, артыстычная дыпляматыя, шчырае жаданьне «каб усё было добра», удаваная лагоднасьць i шчырая спагада, усе гэтыя пераўвасабленьнi дзеля суразмоўцы ды гледача – у iдэальным выкананьнi актораў Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатру iмя Янкi Купалы.

Паталягiчна вiнаватая ўсьмешка, ветлiвасьць, стрыманасьць, агiда да гвалту й слабасьць да вершаў… Беларуская iнтэлiгентнасьць, такая заўважная ў любым саюзе творцаў, любой настаўнiцкай ды ўвогуле любой прыстойнай кампанii ў радыюсе 300 км ад Менску.

Iнтанацыi голасу, быццам перабор струнных, сьпеўнасьць самае празаiчнае гутаркi, i высокiя-высокiя песьняроўскiя ноткi.

Сылюэты беларусачак – як сьветлае й лёгкае вiленскае барока цi готыка касьцёлу Сьвятое Ганны. Постацi мужыкоў-беларусаў – прысадзiстыя й моцныя, як цэрквы-крэпасьцi – Сынкавiчы, Мураванка, Камаi, Супрасьль.

Усе ценi, тоны, паўтоны й нюансы глыбокага беларускага мастацтва ў аблiччах!..

Калi ўваходзiш у беларускi касьцёл, стромы харал чыстага й урачыстага, i чуеш iмшу са званочкамi й дружным адказам вернiкаў, з розгаласам рэха; калi слухаеш у царкве лiтургiю, настолькi сьпеўную й мэлядычную па-беларуску, зь мiгценьнем сьвечак у такт нотам i жагнаньнем адпаведна формулам Слова; калi пяеш «Гасподзь – Пастыр мой», магутны псальм на пратэстанцкiм праслаўленьнi, цудоўную палiфанiю малiтоўных галасоў – адчуваеш, як уся твая iстота суладна гучыць, дрыжыць, дыхае… Жыве!.. I пачынаеш разумець, адкуль у Беларусi такая культура.

Адухоўленая. Натхнёная. Поўная гармонii. Сымбалiчная. Багавейная да Слова. Этычная. Паэтычная. Патэтычная.

Адсюль песьняроўскiя песьнi.

Адсюль Багдановiч, Купала, Быкаў.

Адсюль Нясьвiж, “Чорны квадрат” і “Наша Нiва”.

Вось адсюль. З храму. З душы, поўнай духу. Звыш.

Бо беларускасьць – ад Бога.

БАРДЫ

Сьпеў, вырваны з самых глыбіняў беларускага сэрца, і моцны зарад беларускае паэтычнасьці разам нараджаюць грымоты й маланку – беларускага барда.

Барды зьявіліся ў Беларусі тады, калі грозная эпоха войнаў, вялікіх адкрыцьцяў і рэфармацыяў ператварала ўвесь сьвет, калі рыцары зь іскрамі біліся на мячах, закаханыя сьпявалі сэрэнады, а паэты ўслаўлялі Бога. Самотныя й гордыя ваяры, барды маглі аднаасобна кінуць выклік тыраніі, ўзьняць войска перад бітвай і заклікаць да пакаяньня ўвесь народ.

Бард – гэта ня проста прарок, гэта яшчэ і пра-рок: у бардаўскіх акордах і крыках праўды ракочуць рок-баляды й цяжкі мэталь канца ІІ тысячагодзьдзя. У сэрцы Эўропы барды прарочылі ўсё Сярэднявечча, – і дагэтуль прадвяшчаюць сусьветныя навальніцы.

Уладзімір Высоцкі, якога ўпотай перапісваў і слухаў увесь Саюз, напружваў нэрвы, быццам струны, выдзіраў надрыўны, хрыплы крык зь сябе з крывёю, з бронхамі ды альвэоламі, з самымі каранямі на беларускім Палесьсі – і падрываў Імпэрыю зла мацней, чым заходнія галасы.

У нацыянальным руху канца ХХ стагодзьдзя бард Сяржук Сокалаў-Воюш узрушваў шматтысячныя мітынгі рабочых ды студэнтаў, адным сваім сьпевам дасягаючы эфэкту, параўнальнага зь перамогамі ўсёй апазыцыі.

Ды й цяпер лірызм Данчыка і сарказм Шалкевіча, ваярскія маршы Мельнікава й гарадзкі раманс Бартосіка, блюзы Касі Камоцкай і псальмы Алеся Камоцкага робяць для Беларусі больш, чым уся афіцыйная эстрада разам з зорнымі ростанямі, славянскімі базарамі й канцэртамі заежджае папсы.

Паглядзіце на барда падчас выступу – вось ён які, беларус, унутры. Бардаўскі сьпеў здольны рыўком вывернуць нашу душу навонкі.

Калі вораг ужо акупаваў і вуліцы, і дамы, калі навокал здрада, іншая мова й чужынскія сьпевы – беларус дастае гітару. Бярэ яе наперавес, быццам стрэльбу, і рушыць у гушчар зыкаў, прыдыханьняў і струннага бою. У смутны час, калі забыты Бог і занядбаная краіна, калі нават камяні гатовыя загаласіць, і ўся зямля вымагае закліку, ну хаця б стогну! – чакайце на сцэне беларускага барда.

БАТЛЕЙКА

Батлейка, яна ж яселькі – сярэднявечны лялечны тэатар, старая й мілая казка для дзяцей і дарослых. Як цяпер мільёны глядзяць мульцікі, фільмы й ток-шоў – так раней глядзелі батлейку. Батлейка дагэтуль іграе ў нашых каталіцкіх храмах на Гарадзеншчыне, у эўрапейскае лялечнае анімацыі, заснаванай беларусам Уладзіславам Старэвічам, і ў хітах сусьветнае індустрыі шчасьлівага дзяцінства, якую ствараў галоўны мастак Дыснэйлэнду, наш Алія Клеч (Пашкевіч).

Батлейка, або бэтлеемка, названая ад Бэтлеему, дзе нарадзіўся Ісус, ладзілася з дабраславеньня Касьцёлу або Царквы ў сьвяточны час – ад Раства да Хрышчэньня, на Каляды й Новы год. Трэба ўявіць сабе тыя засьнежаныя, іскрыстыя беларускія гарады, мястэчкі й вёсачкі з радаснымі грамадамі народу, што зьбіраліся ў храмах і на плошчах, тыя ўрачыстыя зорныя вечары, поўныя зачараванага прадчуваньня й дабраславеньня Божага, каб зразумець, якім цудам была для беларуса батлейка.

Драўляная скрыня батлейкі мела два паверхі – верхні, дзе ставіліся эвангельскія драмы, кшталту “Цара Ірада”, і ніжні, са сцэнкамі маленькіх чалавечых камедыяў – і расстаўляла пэрсанажаў у гіерархію жыцьцёвых прыярытэтаў. Герояў свайго часу – Іосіфа з Марыяй, анёла ды чорта, жыда, казака, доктара, і, вядома, бабу з мужыком – народ пазнаваў адразу.

Батлейка, па-хатняму ўтульная, зь яе яскравым сымбалізмам, знарочыстай непасрэднасьцю й дзіцячай шчырасьцю разгортвала ў няхітрых спэктаклях усю беларускую псыхалёгію. Каб разыграць цэлы нацыянальны характар, батлейцы была патрэбная ўсяго пара кідкіх, афарыстычных рэплікаў, колькі тактаў музычнага суправаджэньня зь невялікага аркестрыка, і выбух захопленых воплескаў гледачоў.

Маленькая, забаўная, мілая батлеечка пры ўсёй сваёй цацачнай непасрэднасьці таіла ў сабе найвялікшы біблейскі сэнс. Усю нашую мізэрнасьць перад Богам, увесь камізм чалавечае сумятні – і спрашчэньне жыцьця да эвангельскае простасьці. Беларуская батлейка – гэта барацьба дабра са злом у хатнім інтэр’еры, драматычная інтрыга, кульмінацыя, і вядома ж, хэпі-энд, выражаныя ў рухах беларускае душы – часам наіўных, часам сьмешных, часам трагічных. Уся гісторыя чалавечых стасункаў з Богам, д’яблам і міжсобку, зьведзеная да выштукаванае сутнасьці, на вачох у публікі, з празрыстай маральлю і пазнаваньнем сябе саміх – у гэтым ёсьць і цуд, і ўнівэрсальны эфэкт беларускае батлейкі.

Вось чаму першыя ў сьвеце лялечныя фільмы Старэвіча ў 20-х гг. ХХ стагодзьдзя – “Помста кінематаграфічнага апэратара”, “Маленькі народ”, “Кветка папараці” – выклікалі такі фурор у Эўропе. Вось чаму сусьветную кампутаровую мультыплікацыю (“Лялечная гісторыя”, 1995 г.) запачаткаваў менавіта былы мянчук Міхал Бэрнштэйн. Вось чаму дзеці ўсяе плянэты так любяць элемэнтарныя мульцікі й цягнуць бацькоў за руку ў Дыснэйлэнд. І вось чаму ў батлейкі, казкі беларускае душы, у наш складаны й бурлівы час зайздросная будучыня старадаўняга, клясычнага, раптоўна ўзгаданага фокусу.

БЕЛАРУСАЧКА

“Я гляджу на твае косы русыя,

Не магу наглядзецца ніяк…

Беларусачка, беларусачка –

Дарагая сяброўка мая!”

Сьветлавалосая, блакітныя вочы, гэткая вёсачка у вяночку й бел-чырвона-белым строі – мілая, сьціплая, усьмешлівая…

Насамрэч сучасная беларусачка мае больш цёмныя валасы, вочы хутчэй шэрыя, замест косаў – карэ, і сустрэць яе прасьцей ва ўнівэрсытэце, на камбінаце шаўковых тканінаў ці за прылаўкам. Апошнія войны ўздрыгваюць у яе скронях трапяткімі сінімі жылкамі, пакуты й боль падцялі ёй вусны ды надалі пранізьлівае глыбіні ў позірку. Але ў імгненьні шчырасьці й шчасьця, сярод дзяцей, у каханьні альбо малітве – гэта ўсё тая ж чароўная вясковая беларусачка са сьветлым абліччам і нябёснымі вачыма.

Сёньняшнія беларусачкі фарбуюцца пасьвятлей дзеля таго, каб вярнуцца да першапачатковага – белага-белага – вобразу.

Беларусачка ў беларускай культуры – гэта дзяўчына, маці, бабуля. І ў любой з гэтых любых іпастасяў выяўляюцца тыя ж ласкавыя, мяккія, лёгкія рысы, уласьцівыя ўсёй беларушчыне.

Мала таго, беларусачкі – гэта большасьць беларускае нацыі.

Беларусачкі працуюць і за сябе, і за тых хлопцаў, якія не вярнуліся з войнаў, турмаў ды шпіталяў. Беларусачкі цягнуць сям’ю – бо мужыкі сыходзяць, не дажываюць або сьпіваюцца. Беларусачка часам мусіць рабіцца паэткай, партызанкай або наогул трактарам “Беларус”, каб трымаць на сабе краіну.

Таму і культура, і нацыянальная ідэя, і сама Беларусь так натуралёва ўяўляюцца нам у вобразе беларусачкі. Вялікія беларусачкі – гэта князёўна Рагнеда, жонка Ўладзіміра Хрысьціцеля й маці полацкае дынастыі; Эўфрасіньня Полацкая, хрысьціянская асьветніца й апякунка Беларусі, Сафія Гальшанская, маці ўсіх Ягелонаў Настасься Алелькавіч, княжна Слуцкая; якая пасьля сьмерці мужа ўзначаліла абарону роднага гораду ад татараў; Барбара Радзівіл, каралева Залатога веку; Эмілія Плятэр, што ў 25-гадовым узросьце была душою паўстанцкага атрада; Ларыса Геніюш, асуджаная за сваю паэзію на 25 гадоў у сталінскіх лягерох; медсястра Зінаіда Тусналобава-Марчанка, якая ў апошняй вайне выратавала сотні параненых, а сама засталася без адмарожаных рук і ног; Натальля Арсеньнева, аўтарка беларускага гімну “Магутны Божа”… Першая ў сьвеце жанчына-прафэсар – беларусачка Соф’я Кавалеўская. Першая ў гісторыі жанчына ў космасе – беларусачка Валяньціна Церашкова.

У беларусачках нашмат ясьней успыхвае нацыянальная духовая прыгажосьць – цярплівасьць, далікатнасьць, чысьціня. Сапраўдныя беларусачкі вельмі нагадваюць эвангельскіх жанчынаў, што стаялі ля Крыжа Хрыстовага, а потым першымі ўбачылі уваскрослага Збаўцу – Ягоную Маці, Марыю Клеопаву, Марыю Магдалену.

Зрэшты, хлопцы, якія могуць быць размовы: лепшыя дзяўчаты ў сьвеце – беларусачкі!

“БЕЛАРУСЬФІЛЬМ”

“Ідзі і глядзі”, “Канстаньцін Заслонаў”, “Альпійская балада”, “Знак бяды”, “Вазьму твой боль”, “Белыя росы”, “Я родам зь дзяцінства”, “Людзі на балоце”, “Дзікае паляваньне караля Стаха”… Гэта вам не баевікі, трылеры ці блякбастэры. Гэта беларусьфільмы.

“Беларусьфільм”, легендарны “Партызанфільм” 60-х і сёньняшні канвэер танных расейскіх сэрыялаў, у ХХ стагодзьдзі зьняў усю чорна-белую вайну й лепшыя каляровыя хіты савецкага маленства.

“Беларусьфільм” – несканчоны шлях кінастужкі, што мільгае белай па чорным разьметкаю скрозь усю Беларусь. Змрочная партызанская вайна, быццам беларускі лес уздоўж дарогі – экранізацыі Быкава, Адамовіча, Брыля – праз пару кілямэтраў мяняецца сонечнымі кадрамі шчасьлівых дзіцячых успамінаў: “Прыгоды Бураціна”, “Чырвоны каптурок”, “Горад майстраў”… “Беларусьфільм” у сусьветным кінематографе – унікальны прыём настолькі кантрастнага сьветлаценю.

Беларуская стужка апярэзвае па пэрымэтры ўвесь няісны СССР – менавіта на “Беларусьфільме” зьнялі грандыёзны савецкі сэрыял “Дзяржаўная мяжа”. І тут жа, побач з трыюмфам прапаганды, робіцца самая касавая карціна Перабудовы – “Мяне завуць Арлекіна”, якую паглядзела моладзь па ўсім саюзе – 42 мільёны чалавек! Менавіта на гэтым “Беларусьфільме” пачыналі Дашук, Тураў, Рубінчык.

Тонкія псыхалягічныя грані, эпічная ўзьнёсласьць, рытм чалавечага сэрца буйным плянам, панарамы духовых бітваў – спэцэфэкты “Беларусьфільма”. У надзвычай глыбокай на прасьвет беларусьфільмаўскай хроніцы праяўляюцца й накладаюцца да сінхрону ўсе архетыпы нашае гісторыі.

Сёньня, у эпоху тэлевізацыі, кіно як галоўная культура здольнае выстаўляць нацыянальную ідэю ў эфір глыбамі. Таму менскі будынак саўковае клясыкі, што насупраць мэтро “Маскоўская”, для новай Беларусі мае ня меншае значэньне, чым тэлефон, тэлеграф і банкі.

Будучы “Беларусьфільм” – фабрыка мрояў, якіх чакае ўся краіна. Вялікія кінаэпапеі пра Полацкае княства, Грунвальд і Воршу, Залаты Век, пра беларусаў у Польшчы ды Расеі, геніяльных беларускіх эмігрантаў і духовых лідэраў ВКЛ… “Вітаўт Вялікі”, “Беларуская Рэфармацыя”, “Кастусь Каліноўскі”, “Дарога праз Курапаты”, “Апошні паход на Маскву” – вось якія сусьветныя хіты запраграмаваныя ў будучых сцэнарах “Беларусьфільма”.

БІБЛІЯТЭКІ

Бібліятэкі ўзвышаюцца пасярод беларускай гісторыі, быццам гарады й крэпасьці манумэнтальнай архітэктуры. Замкі царкоўных кнігаў, палацы сьвецкае літаратуры, храмы Бібліяў, абжытыя беларускамоўнымі героямі й захаваныя ў сталіцах Эўропы, ствараюць больш рэальную 1000-гадовую Беларусь, чым зруйнаваныя каменныя спаруды эпохі ВКЛ або Рэчы Паспалітай.

Кніга зьявілася на гэтае зямлі ў Х стагодзьдзі, разам з хрысьціянствам, каб ад самага пачатку зрабіцца падмуркам нацыі й дзяржавы. Князь-кніжнік Ізяслаў, Эўфрасіньня Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клім Смаляціч і Расьціслаў Смаленскі, што арганізоўвалі скрыпторыі й складвалі першыя бібліятэкі, насамрэч засноўвалі Беларусь.

Усё наступнае тысячагодзьдзе цэнтрам беларускага жыцьця былі кнігі Бібліі: Эвангельле, якое ўрачыста выносілі на прастол у храме й на якім прысягалі ў судах, “Апостал”, зь якім навучаліся ў школах, Псалтыр, паводле якога сьпявалі. Абсалютная большасьць сярэднявечных манускрыптаў і кнігадрукаў прыпадала на хрысьціянскую богаслужбовую або чытальную літаратуру: мінеі, актоіхі, трыёдзі, трэбнікі, ірмалоі, кнігі айцоў Царквы й духовых лідэраў таго часу. Беларуская цывілізацыя абарачалася й раскручвалася вакол Слова Божага.

Найбуйнейшыя беларускія бібліятэкі будаваліся ў галоўных духовых цэнтрах – храмах Полацка, Наваградка й Вільні, кляштарах Супрасьля, Куцейна, Жыровічаў, Мірскім замку й Нясьвіскім палацы, Ружанах і Шчорсах, кальвінскіх зборах Слуцка й Смаргоні, Віленскім Унівэрсытэце й Полацкай езуіцкай Акадэміі. Шматтысячныя бібліятэкі засноўвалі магнаты: Радзівілы, Сапегі, Агінскія, Храптовічы.

Сёньня большасьць шыкоўна аздобленых, рукапісных і друкаваных, ілюстраваных ды ілюмінаваных беларускіх шэдэўраў складаюць славу й багацьце знакамітых кнігазбораў сьвету. Войны, акупацыі, эміграцыі агромністым выбухам расьсеялі беларускія бібліятэкі па луўрах, вавэлях, оксфардах ды эрмітажах. Рассыпалася, азалаціла Расею велізарная, на 60 тысячаў тамоў, Полацкая бібліятэка зь легендарным летапісам. Суседзям засталіся векавыя кніжныя тоўшчы Вільні, Астрога, Смаленска. Беларуская бібліятэка Румянцава, сабраная ў Гомелі, дала пачатак галоўнай расейскай бібліятэцы – Маскоўскай Дзяржаўнай, другой па велічыні ў сьвеце. Стагодзьдзямі царскія, нямецкія, польскія, савецкія сьвяцілы навукі корпаліся ў развалінах тутэйшых бібліятэкаў, шукаючы тое Слова, на якім трымалася беларуская веліч.

Бібліятэкі сталі цытадэлямі Новага Запавету беларускае гісторыі. БНР і адноўленая Рэспубліка Беларусь паўсталі з кнігаў. Адраджэнцы ХХ ст., пачынаючы з Луцкевічаў, Багдановіча, Ластоўскага, і завяршаючы Караткевічам, Адамовічам, Быкавым, чэрпалі глыбіню зь нетраў беларускіх кнігасховішчаў. У савецкія часы, калі Беларусь жыла маўклівым чытаньнем і пісаньнем, уся сьвядомая нацыя працавала ў бібліятэках. Кожны калекцыянаваў клясыку, кніжныя сэрыі й поўныя зборы твораў, выстаўляючы кнігі ў “сьценках” і адмысловых шафах напаказ, як фасад сямейнага дамастрою. І канечне, любы мінак ведаў, як прайсьці ў бібліятэку.

Сучасныя 5.436 бібліятэкаў і 80 млн. тамоў – падмуркі нашай культуровай інфраструктуры, а фармуляры беларускіх фондаў – стратэгічная база зьвестак нацыянальнае ідэі.

Цяпер вы разумееце, чаму супэрпраект Нацыянальнай Бібліятэкі пачатку ІІІ тысячагодзьдзя – справа цалкам заканамерная. Грандыёзны дыямант, ідэальны крышталь сьвятла ў геаграфічным цэнтры Эўропы, дзе, быццам у вялізнае аранжарэі, мільёны імёнаў і назваў на стэлажах вырастаюць з глыбокіх карашкоў і імкнуцца ў вышыню ўсім трапяткім лісьцем старонак.

Беларусь, Сэрца Эўропы, магутны духовы абшар міжмоўя, краіна Хрыста, сама ёсьць грандыёзнай Бібліятэкай. Мы жывем у Бібліярусі , пра якую сказана ў Эвангельлі апостала Яна: “Многа й іншага стварыў Ісус, але калі б пісаць пра тое падрабязна, дык, думаю, і ўсяму сьвету не ўмясьціць напісаных кнігаў.” (Яна 21:25)

ВАЕННАЯ ПРОЗА

“Пра вайну? – перапытаюць у Маскве, Бэрліне, Варшаве, Вільні, Кіеве – Чытайце беларусаў.”

Пра вайну беларусы пішуць, як дышуць.

Беларуская ваенная проза – клясыка сусьветнае літаратуры. Пра што? Пра жыцьцё: “Дажыць да сьвітаньня”. Пра сьмерць: “Мёртвым не баліць”. Пра прах: “Я з вогненнай вёскі”. Пра неба: “Жураўліны крык”. Нарэшце, пра саму вайну як яна ёсьць: “Вайна пад стрэхамі”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Сыны ідуць у бой”, “У вайны аблічча не жаночае”.

Беларуская ваенная проза – ані пафасу, ані цынізму. Толькі праўда.

Беларуская ваенная проза – гэта споведзь нацыі, якая вырасла на вайне. Здавалася б, афіцыёзныя міфы, кнігі пра герояў, партызанскія фільмы, тамы савецкае “Памяці” ў кожным раёне… Нібыта ніхто не забыты. Але калі бяз фальшы – чытайце беларускую прозу пакутаў, ахвяраў і ўваскрашэньняў.

Вось адкуль яно, беларускае “абы не было вайны”.

Беларуская ваенная проза – гэта вайна вачыма жаўнера і партызана, жанчыны й дзіцёнка, забойцы й здрадніка. Вайна ў рэжыме рэальнага часу, з гадзіньнікам, які цікае ў сэрцы, быццам перад выбухам.

Беларуская ваенная проза – кнігі для сьвету, які так лёгка мірыцца з вайной.

Ніхто яшчэ не пісаў так моцна пра фронт, як Быкаў. Пра акупацыю, як Адамовіч. Пра тую цану, за якой не пастаялі, як Брыль. Поплеч хіба толькі Рэмарк ды Хэмінгуэй.

Гэтыя літаркі ў радках, быццам байцы, разам з чытаньнем перабягаюць у траншэях, ідуць у атаку й паміраюць дзеля нас з вамі. Літаркі й радочкі адлічваюць час у тактах сэрца, кроках хады, ва ўдыхах і выдыхах – роўна такіх, якімі вымяраецца жыцьцё на вайне.

Беларусы як ніхто адчуваюць рэальнасьць і жах вечнае вайны.

Бо ваенная проза для беларуса – адкрыцьцё ў самім сабе той сусьветнай вайны, якая ідзе паміж Богам і д’яблам. Углядваючыся ў бездані, мы пазнаем яе, пажыцьцёвую вайну са злом, бязьвер’ем, нянавісьцю. Такая беларуская вайна: у глушы, у душы, пад стрэхамі. Вайна самая страшная, няспынная, ды, па сутнасьці, адзіная.

У гэтым і ёсьць сапраўдны сэнс Беларускай Ваеннай Прозы.

ВІЛЕНСКАЕ БАРОКА

Віленскае барока – шэдэўры беларускага дойлідзтва, культуровы сымбаль Новага Запавету нашай гісторыі, ідэал нацыянальнай прыгажосьці ў архітэктуры.

Віленскае барока – гэта Сафійскі сабор у Полацку, касьцёл езуітаў у Горадні, Базыльянскія муры ў Вільні, знакамітыя цэрквы ў Глыбокім, Беразьвеччы, Жыровічах, Міхалішках Быццам анёлы, белыя барокавыя храмы – каталіцкія, вуніяцкія, праваслаўныя – у XVII-XVIII стагодзьдзях сталі на варту ў сэрцах Вільні, Менску, Магілёва, Пінску, Віцебску.

Другая ў сьвеце пасьля Італіі – як і ў мове, у барока менавіта Беларусь: ужо напрыканцы XVI стагодзьдзя, на схіле Залатога веку, тут пачалі будавацца барокавыя храмы, а сьледам за дойлідзтвам як заканадаўцам моды ўрачыстым парадам рушылі барокавая літаратура, скульптура, музыка.

Заснаванае вялікім Мікелянджэлам і падхопленае езуітамі, барока напоўніла ВКЛ, высьпела да стану нацыянальнага стылю, і нарэшце сфармулявала ўласны вобраз квітнеючага, вытанчанага, адухоўленага хараства, да якога так імкнулася Сэрца Эўропы.

Эру барока для Беларусі насьцеж расхіснуў Нясвіскі Касьцёл Божага Цела, фундаваны Мікалаем Радзівілам Сіроткам і збудаваны знакамітым італьянцам Янам Марыя Бэрнардоні ў 1593г. – першы храм такога кшталту ва ўсёй Усходняй Эўропе. Назва аказалася знакавай: беларускае барока ўнікальна спалучыла цялесную прыгажосьць храма й абсалют звышнатуральнага, духовага, Божага.

З наступам каталіцтва і распаўсюдам вуніі ў XVII – XVIII стагодзях барока захапіла галоўныя плошчы соцень гарадоў і мястэчак па ўсёй Беларусі.

Эпоха барока зрабілася парой найвялікшага росквіту беларускае культуры, а віленскае барока – вянцом тае эпохі. Ілюзорна-скразныя, усе ў гульні сьветлаценю, стромкія і плястычныя фасады, надзвычай эфэктныя, шмат’ярусавыя ажурныя вежы ды франтоны ідэальных прапорцыяў – гэта і ёсьць Храмы Божага Цела.

У тыя зорныя часы вялікалітоўскае барока натхняла ўсю Ўсходнюю Эўропу. Уплыў барокавае Беларусі віраваў у інтэр’ерах Маскоўскага Крамля, у Нова-Ерусалімскім ды Новадзявочым манастырох, у езуіцкіх касьцёлах Львова ды Кракава, гравюрах кіеўскіх майстроў, у вершаскладаньні, партрэце, іканапісе ад Віслы да Волгі.

Барока Беларусі – гэта гімн вуніі. Спляценьне заходне-эўрапейскага й бізантыйскага стыляў наймацней выявіла хрысьціянскую еднасьць у храмах народнае веры, якую спавядала тры чвэрці беларусаў. Нават сёньняшнія канфэсійныя цэнтры – праваслаўны Сьвята-Духаў Катэдральны Сабор і каталіцкі Архікатэдральны Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску, што стаяць праз дарогу адзін ад аднаго, яднае белае барока.

Віленскае барока – сьветлыя, лёгкія, узьнёслыя храмы – на ўзроўні вобразу атаясамліваюцца з самой Беларусьсю. Вось яна, гармонія бязважкай, далікатнай, трапяткой прыгажосьці, якая адрозьнівае крыляньне голуба, дыханьне закаханасьці й словы малітвы!

На гэтыя цуды глядзіш, заміраючы ад захапленьня. Найлепшы вобраз для Царквы як нявесты Хрыстовай!

ВІЦЕБСКІ АВАНГАРД

Для мастакоў усяго сьвету “Віцебск!” гучыць як выбух. Віцебск зь гербам “Галава Хрыста і скрываўлены меч” – гэта арэна культуровае вайны й культавы горад авангарду.

У разгар сусьветных ды грамадзянскіх войнаў, народных паўстаньняў і рэвалюцыяў ХХ ст. мэсіі мадэрнізму, адэпты сымбалізму, геніі авангардызму сыходзяцца ў Віцебску, каб абвясьціць бітву. Бітву з рэальнасьцю. З рэалістам Іегудам Пэнам і ягонай школай. Бітву з клясыкай, і яе патрыярхам Рэпіным – вось яго сядзіба, у 10 вярстах ад Віцебска. Бітву з усім старым сьветапоглядам, з усім сьветам!.. Зноў меч, і пырскі фарбы, як кроў у люстры ляза, і ў бліках вастрыя – небывалая ўспышка іррэальнага!

Ужо знакаміты, Марк Шагал у 1918-м прызначаецца гарадзкім упаўнаважаным па справах мастацтва, адчыняе ў Віцебску школу, набірае вучняў і запрашае выкладчыкаў з усяе былое імпэрыі. Малевіч, напісаўшы “Чорны квадрат”, ляціць сюды сьцьвярджаць абсалютна новае мастацтва. Віцебск на некалькі гадоў робіцца плянэтарным полюсам выяўленчае рэвалюцыі.

Гэты выбух, што на пачатку ХХ стагодзьдзя азарыў віцебскія фэномэны Саламона Юдовіна, Мсьціслава Дабужынскага, Хаіма Суціна, Заіра Азгура, зацьміў і нацысцкія вогнішчы 1933-га, дзе спальвалі палотны тых самых авангардыстаў, і лямпы ў твар іхнім вучням на допытах НКВД 1937-га. Бліскучы сполах шагалаўскага генію, грымоты з ударнай хваляй малевіцкага ўновісу й супрэматызму, і авнгардна расфарбаваны на гадавіну рэвалюцыі горад – гэта, канечне, была карціна!..

Віцебск пачатку ХХ ст. – адно зь нямногіх месцаў у гісторыі культуры, дзе супрацьстаяньне старога й новага, рэальнага й ілюзорнага, канкрэтнага й абстрактнага дасягнула настолькі высокага, проста звышнатуральнага ўзроўню. Горад незвычайнае духовае вастрыні, дзе на зары Рэфармацыі прапаведваў Геранім Праскі, дзе за веру забілі Язэфата Кунцэвіча, дзе бальшавікі падарвалі цэлы ансабль найпрыгажэйшых храмаў Беларусі, месца, за якое д’ябл так жорстка змагаўся з Богам – апынулася на самае мяжы сьвядомасьці чалавецтва і разгарнулася вобразамі фугаснае мастацкае сілы. Віцебскі авангард – салют сымбаляў і сыгналяў, фантастычнае адкрыцьцё перад эпохай рэвалюцыяў, войнаў і таталітарных імпэрыяў. Знаменьне ў колерах, пасланьне ў рысах і кропках, быццам SOS, зразумелае ня толькі пасьвечанаму.

На карцінах Марка Шагала сьвет сапраўды выбухнуў. Гэтак скаланулася напачатку ХХ ст. уся цывілізацыя. Віцебскія домікі, дахі з коткамі, скрыпачы, абываталі трэснулі ў асколкі, рассыпаліся, быццам бітае шкло – і разьляцеліся ў касьмічнае бязважкасьці… Зьмяшаліся стылі й законы, залуналі на небе жаніхі ды сабакі… Кавадлам разьнесла цэлы сьвет. У кабалічных знаках Шагала заіскрылася ўсё габрэйскае расьсеяньне – зорны час рэвалюцыяў, прадчуваньне пагромаў “крышталёвае ночы”, Халакосту і аднаўленьня Ізраілю.

Плоскасьці Малевіча пласталі, расчлянялі чорным і чырвоным увесь белы сьвет яшчэ ясьней. Рэальнасьць у квадратах, прастакутніках – лініямі партыі, межамі й ударамі шабляў – граніла й вастрыла шагалаўскія асколкі для патрэбы новых ідэалягічных сыстэмаў. Прадвяшчаў Віцебск. Прарочыла Беларусь. Вакно ў бездань, печ крэматорыю, брама ГУЛАГу, самыя чорныя часы чалавецтва. “Ікона новага бязбожнага часу”. Чорны квадрат.

Абстракцыянізм адчайна імкнуўся зьмяніць гісторыю, ператвараючы ўжо не ваду ў віно, а кроў у фарбу і боль у бель. Авангард выбухнуў – і раскідаў Віцебск па ўсім сьвеце. Бліскучыя кавалачкі Віцебска выстаўляліся ў лепшых галерэях Эўропы. Іх падбіралі дызайнеры “Баўгаўзу”, зь іх Шагал складваў мазаікі й вітражы ў Ерузаліме ды Ніцы, зь іх канструяваў калейдаскопы Парыжскае Опэры й “Біблійнае мудрасьці”… Іх дарэмна спрабаваў раструшчыць і спапяліць Гітлер – і гэта іх зараз ацэньваюць на аўкцыёнах “Сотбіс” і “Крысьці” у дзесятках мільёнаў даляраў за штуку.

Каб асэнсаваць віцебскі авангард, не абавязкова зьбіраць яго па ашкелках па ўсім зямным шары. Варта проста прыехаць сюды, прайсьціся па гэтых вуліцах, паглядзець у люстраныя вокны й вочы, вядомыя ўсяму сьвету – і пазнаць Віцебск, калісьці ўзарваны, рассыпаны, рассартаваны на фэерычныя фарбы й рысы. Цэлы – да апошняе кропкі, да астатняе кроплі, да радзімкі.

ГАБРЭЙСКАЯ ТРАДЫЦЫЯ

…І што такога дала Беларусь габрэйскай культуры?

Ды ўсё: Марка Шагала й Хаіма Салавейчыка, літаратуру і мастацтва, знакамітыя іешывы, дзяржаўны ідыш і адноўлены іўрыт. Госпад Бог натхніў свой выбраны народ Беларусьсю перад найстрашнейшымі выпрабаваньнямі Халакосту й найвялікшым шчасьцем Адраджэньня. Беларускія габрэі, ствараючы Ізраіль ХХ стагодзьдзя, прывезьлі беларушчыну з сабою ў Палестыну.

Беларусы й габрэі – народы, пародненыя Богам. Напэўна, таму беларушчына й габрэйства так суладна сьпяваюць дуэтам. Карціны Шагала – суцэльны Віцебск. Скульптуры Азгура – пантэон беларускіх дзеячаў. Аркестр Фінбэрга – флагман нацыянальнай эстрады.

Тутэйшыя жылі з жыдамі адной сям’ёй. У краме, карчме, фальварку, майстэрні беларус пераймаў вечнага жыда. Вось чаму беларусы такія кемлівыя ды руплівыя. Вось чаму беларус, як і габрэй, увесьчас сабе наўме. Вось чаму ў беларусаў так шмат прозьвішчаў з габрэйскімі каранямі: Хаймовіч, Ханок, Шыманскі, Шлома, Якубовіч… Вось чаму беларус, брат габрэю па лініі Бога-Айца, з поўным правам можа пачынаць свой радавод: “Абрагам нарадзіў Ісака, Ісак нарадзіў Якуба…”

Пейсы, лапсердак, кашэрная ежа? Беларус адразу адчуе ў гэтым цымус!

Эфэкт габрэйскае прысутнасьці ахапляе ўвесь Новы Запавет беларускае гісторыі: згасаньне Залатога веку, паланізацыю й расейскую акупацыю, рэвалюцыі, войны ды барацьбу за незалежнасьць. 10-15% усяго насельніцтва і 40-70% гараджанаў складалі габрэі. Менавіта таму нас так заводзіць “Нагіла Хава”, таму беларусы настолькі ўдала парадыруюць жыдоўскае вымаўленьне й так трапна ўгадваюць габрэйскія абліччы ды прозьвішчы на кіруючых пасадах, у газэтах і тытрах пасьля фільмаў. Зьмяшанае пачуцьцё шкадобы ды павагі суправаджала габрэяў у Беларусі паўсюль – у быце, забаве, фальклёры.”Жывем, як браты, а рахуемся, як жыды.” “Дзеля аднаго жыда і кірмаш будзе.” “Лепш сябраваць з жыдам галапятым, як з панам багатым.” У сваю чаргу, сьвядомыя беларусы штораз ставілі моцныя традыцыі габрэйства ў прыклад уласнаму народу.

Габрэйская культура – цэлы пласт беларушчыны. Разам з Трасьцянцом і дзесяткамі гета, спаленых у Другую Сусьветную, з забітым у Менску Саламонам Міхаэлсам, з руінамі сынагогаў і абавязковымі габрэйскімі могілкамі. Габрэйская традыцыя стала нашай зямлёй, глебай, зь якой растуць беларускія гарады.

Гэта праўда: гарады Беларусі XVIII-XIX стст. кшталтавалі ні што іншае як габрэйскасьць. У многіх беларускіх гарадоў і мястэчкаў яшчэ і зараз па-жыдоўску трагічны, згублены выгляд; дамы быццам блукаючыя, расьсеяныя ў прасторы, і сам дух узьнёслы ды прыгнечаны адначасова.

Беларускае Міжмоўе сфакусавалася для габрэйства ў прызнаньні афіцыйнага статусу ідышу й уваскрасеньні іўрыту. У Беларусі нарадзіліся клясыкі габрэйскае літаратуры Мэндэль Мойхер-Сфорым і Майсей Кульбак.

Спалучэньне беларускасьці з габрэйскай традыцыяй кідаецца ў вочы адразу. Драматычна бледнае, з глыбокім позіркам, вытанчана інтэлігентнае й абавязкова адухоўленае – штосьці вельмі знаёмае, праўда? Узгадалі? Зьмітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік), рэпрэсаваныя паэты Зэлік Аксэльрод ды Ізі Харык, мастакі Хаім Суцін і Саламон Юдовін. Беларусь, цяжарная Ізраілем, вынасіла традыцыю сучаснага габрэйства пад сэрцам з мацярынскай ласкаю й пяшчотай, шэптам паўтараючы да Бога: “… Дзень і ноч малюся перад Табою за сыноў ізраілевых…” (Нээміі 1:6)

ЗАЛІ ПАЛАЦАЎ

Савецкі міт аб спаконвечнай убогай вясковасьці беларусаў доўгі час хаваў ад нас скарбніцы нацыянальнай культуры – сярэднявечныя залі палацаў.

Веліч і слава Беларусі, яе арыстакратызм і высакароднасьць засталіся ў замках, палацах і храмах ВКЛ, у эры абуджэньня XVI – XVII стагодзьдзяў. Сёньня багацьці найбуйнейшай дзяржавы тагачаснай Эўропы, ад якіх ломяцца маскоўскія, бэрлінскія, піцерскія, лёнданскія, кракаўскія музэі, уражваюць увесь сьвет – настолькі моцнае было Божае дабраславеньне для хрысьціянскае Беларусі. Залі палацаў – гэта інтэр’ер нашай нацыянальнай ідэі. Ключавыя справы беларускай гісторыі вырашаліся тут, геніяльныя беларускія кнігі пісаліся тут, асабістыя малітвы, пакаяньні ды адкрыцьці галоўных герояў гісторыі зьдзяйсьняліся тут.

Залі палацаў – выкшталцоная аправа нашых лепшых духовых каштоўнасьцяў ува ўсім бляску золата, хрусталю ды дыямэнтаў.

Залі палацаў – гэта блікі, звон і празрыстасьць урэцкага, налібоцкага, гарадзенскага шкла. Рубінавага, эмалевага, гранёнага, ня горшага за багемскае ды вэнэцыянскае.

Залі палацаў – гэта шэдэўры беларускай рэзі ў іканастасах, капліцах і алтарах, дзе полымя дрэва гарэла неапалімымі купінамі разам з жарам веры.

Залі палацаў – гэта славутая глязураваная, рэльефная, паліхромная беларуская кафля камінаў, палатаў і галерэяў. Кафля, зробленая з простае гліны з той жа цялеснай прыгажосьцю, з гэткай жа любоўю, зь якой Бог ляпіў тут чалавека.

Залі палацаў – гэта галерэі парадных партрэтаў. Сармацкіх, родавых, адкуль, быццам зь векавога змроку, пільнуюць нашчадкаў абліччы патрыярхаў, падпярэзаных слуцкімі пасамі ў пышных кунтушах, золаце й каменьнях.

Залі палацаў – гэта каралеўскія і магнацкія Тэатары, опэра, балет: Слуцк і Нясьвіж Радзівілаў, сапегаўскія Ружаны, Слонім Агінскага, Шклоў Зорыча. Горадня Тызэнгаўза. Шыкоўныя балі для гасьцёў з усяе Эўропы, з музыкай лютні, дуды, скрыпак і сьвірэляў.

Залі палацаў – гэта пышная геральдыка, панарамныя мапы й карціны, паліроўка й люстры, фаянс і маёліка, эмалі ды парцаляны, ліцьцё й чаканка, кветнікі й аранжарэі – цудоўныя “райкі”, а таксама арсэналы зброі, калекцыі манэтаў, мэдальёнаў, вазаў, атлясу, футра…

Беларуская культура можа быць раскошнай, шыкоўнай, захапляючай – сьцьвярджаюць залі палацаў.

Тады, калі Беларусь імкнулася да Хрыста, калі нашая эвангельская місія азарала ўсю Ўсходнюю Эўропу, калі любоў пераплаўляла ўсе супярэчнасьці, а вера тварыла цуды – у гулкіх, сьветлых, сьляпушчых залях адлюстроўвалася і вялікая беларуская будучыня.

Вы бачыце?

Гарадзкія аграмады, празрыстыя ад шкла й электронікі палацы-офісы, і ўрачыстыя, велічныя, поўныя народу, храмы ІІІ тысячагодзьдзя ад нарадэньня Хрыстова.

ІНТЭЛІГЕНТНАСЬЦЬ

“Беларусы – натуры тонкія й інтэлігентныя” – са знаўствам кажуць дзеячы расейскае культуры. “Беларусь – гэта 10 мільёнаў інтэлігентаў” – падтакваюць дзеячы культуры польскае.

Беларуская інтэлігентнасьць – нацыянальны фэномэн, у якім крышталізуюцца і псыхалёгія, і місія, і мэнтальнасьць. Прыроджаная сьціпласьць і далікатнасьць, ветласьць і талеранцыя, стрыманасьць і ўзьнёсласьць, засяроджаная натхнёнасьць і адухоўленасьць – усе гэтыя глыбока беларускія якасьці характарызуюць унівэрсальны ідэал інтэлігента.

Беларускія інтэлігенты – гэта паэт Максім Багдановіч, пісьменьнік дзеяч Алесь Адамовіч, палітык Станіслаў Шушкевіч.

Беларуская інтэлігентнасьць – гэта культура слова й кнігацэнтрычнасьць, паліглёцтва міжмоўя, вечнае вершаваньне, сьпеўнасьць і лірычнасьць, альтруізм і рэфлексія, мяккасьць і цярплівасьць.

Беларуская інтэлігентнасьць – гэта ўнікальнае пачуцьцё кампрамісу.

Беларуская інтэлігенцыя – носьбіт нацыянальнай культуры: “Носяцца тут са сваёй культурай!..”

Беларусам агідныя гвалт і хамства, грубасьць і пыха. Для закамплексаваных і вечна пакрыўджаных гэта слабасьць, для вольных і мудрых – сіла. Сярод беларусаў звычайны, нават тыповы гэткі вінаваты выраз твару. Што ж, сапраўдны інтэлігент заўжды адчувае сваю віну за ўсё, што адбываецца. Бо беларускі інтэлігент – ня той, хто перагрызе горла за Беларусь, а той, хто дзеля Беларусі дасьць перагрызьці горла сабе.

Інтэлігентнасьць заключаецца ў самім беларускім народзе. Яна дадзеная Госпадам Богам у хрысьціянскай сутнасьці нацыянальнай ідэі. Менавіта беларуская інтэлігентнасьць пераўтварала Расею й Польшчу, прасьвятляла Украіну й Прыбалтыку, мірна суіснавала зь юдэйскай і мусульманскай традыцыямі, дазваляла ўспрымаць чужыя культуры на стыку Захаду й Усходу, сынтэзуючы духовасьць у сумежжы цывілізацыяў – і аддаваць усё лепшае іншым.

Беларусы – інтэлігентны народ. Нягледзячы на сёньняшнюю саўковую калгаснасьць, тысячагадовая Беларусь глыбока інтэлігентная. Таму нават пасьля зьнішчальных войнаў, акупацыяў, там, дзе іншым нацыям патрабаваліся дынастыі й стагодзьдзі спадчыннае арыстакратыі, Беларусь нараджала новую хвалю эліты з адным пакаленьнем.

Інтэлігенцыя – заўсёдны вораг імпэрыяў і дыктатураў. Якраз іх, адукаваных, творчых, паэтычных, імкнуліся фізычна вынішчыць у першую чаргу. Курапаты й Трасьцянцы адсюль – ад імкненьня пазбавіць гэты народ душы й сумленьня. Марна. Зьяўленьні новай інтэлігенцыі ў нашаніўскае плыні, беларусізацыі 1920-х, у БНФ канца XX ст – адраджалі Беларусь з настойлівасьцю жыцьця, якое верыць, любіць і ведае сваю мэту.

Суцэльная інтэлігентнасьць – гэта калясальны патэнцыял нацыі. Для народа, які мае гены інтэлігентнасьці, магчымае й небывалае абуджэньне, і ўсясьветная культуровая экспансія, і поўнае пераўтварэньне правінцыйнае падбітасьці ды эўрапейскага сытага застою ў веліч духовага жыцьця.

Таму беларускай інтэлігенцыі мала толькі заставацца інтэлігенцыяй. Мала скрышталізавацца ў эліту. Пара рабіцца чымсьці большым – сэрцам, душою, сумленьнем. Паўнавартасным бел-чырвона-белым колерам нацыі.

Бо беларуская інтэлігентнасьць, як і эўрапейскасьць, як і сама культура – гэта вечнае імкненьне да вышыняў. Тых, дзе ўсё прасьцей і ясьней: дзе інтэлект ператвараецца ў мудрасьць, мары – у надзею, далікатнасьць – у любоў, інтуіцыя – у веру, а сама інтэлігентнасьць – у праведнасьць.

КНІГАДРУКАВАНЬНЕ

Беларускае кнігадрукаваньне XVI-XVII стст. рассыпана ў скарбонцы сусьветнай культуры залатымі гранкамі. Друкарскія варштаты Залатога веку разам зь Бібліяй, богаслужбовай літаратурай, тэалягічнымі трактатамі й паэзіяй высокага стылю адштампавалі стандарт беларускасьці на ўсе наступныя эпохі.

Калі высьпяваньне беларускай мовы дазваляе вызначыць час фармаваньня этнасу з дакладнасьцю да стагодзьдзя – кнігадрукаваньне зафіксавала дакладныя даты пагадова. Пагартайце кніжныя старонкі XVI ст.: у ціхім шолаху, у мільганьні знакаў чорным па белым раздрукаваная ўся структура нацыянальнага ДНК.

Князь Ізяслаў – кніжнік. Эўфрасіньня Полацкая перапісвала кнігі. Кірыла Тураўскі, Клім Смаляціч, Аўрамій Смаленскі самі складалі кнігі, якія ў сваю чаргу, чыталі князі ды сьвятары Ўсяе Русі. Ці варта пасьля гэтага зьдзіўляцца, што поўную й дакладную гісторыю Беларусі можна прачытаць у Кнізе Кнігаў!

Рукапісная кніга, незвычайна дарагая й рэдкая, паўтысячы гадоў кшталтавала сьвятарства ды арыстакратыю Беларусі. Але гэта была эліта манускрыптаў. Для нараджэньня нацыі патрабаваўся маштаб масавае сьвядомасьці. І такі маштаб даў Беларусі Францыск Скарына.

Кнігадрукаваньне, пераймаючы першынства ад архітэктуры, ачоліла рэвалюцыю Новага часу. Беларускія друкарні сталі стратэгічнымі апорнымі пунктамі цывілізацыі ВКЛ, а гады іх заснаваньня – вехамі новай эры: Берасьце (1553 г.), Нясьвіж (1560 г.), Заблудава (1569 г.), Лоск (1572 г.) … 134 варштаты. Друкарскі цэх Усходняй Эўропы!

Беларус Ян Ліцьвін распачаў кнігадрукаваньне ў самой Ангельшчыне (1480 г., Лёндан). Беларусы далі друкаваную кнігу Расеі (1564 г.), а затым і Украіне (1573 г.). Беларус Ільля Капіевіч распрацаваў кірылічны шрыфт (“Грамадзянскія літары” ці “беларускую грамату”), якім карыстаюцца сёньня колькісот мільёнаў ужывальнікаў кірыліцы. Беларусь першай ва Ўсходняй Эўропе надрукавала ноты (Берасьце, 1572 г., Цыпрыян Базылік – канцыял “Песьні хвал Боскіх”)… У XVI ст. Беларусь сталася адным з сусьветных лідэраў кнігавытворчасьці, разам зь Нямеччынай, Францыяй, Італіяй. Уся сіла і слава, усё багацьце Беларусі, увесь Залаты век, надрукаваны ў гісторыі залатымі літарамі – кнігі, кнігі, кнігі.

Безумоўны лідэр беларускай гісторыі – першадрукар. Найвялікшыя рэфарматары й эмігранты – дзеячы друкаванай кнігі. Галоўны закон – выданая вялікім накладам кніга Статуту.

Кнігай беларусы адказвалі на паланізацыі, русыфікацыі, акупацыі. Скарына, Фёдараў, Мсьціславец, Полацкі арганізоўвалі друк у Маскве, а Мікалай Радзівіл Чорны й Будны ціснулі Берасцейскую Біблію й Новы Запавет па-польску. Полацкі, Сматрыцкі, Капіевіч, Дастаеўскі набіралі, як кнігу, расейскую культуру; Міцкевіч, Сянкевіч, Ажэшка – аддрукоўвалі Польшчу.

Беларусь заставалася жыць літаральна на адных старонках нават тады, калі забаранялі яе мову й імя, калі яе нішчылі й хавалі. Друкавалі лацінкай пад выглядам польскіх, або як фальклёр па-расейску. Беларуская літаратура – бадай, адзінае нацыянальнае, што захавалася ў шырокае сьвядомасьці з часоў савецкай імпэрыі. Беларусь і сёньня ведаюць у сьвеце дзякуючы кнігам Быкава, Адамовіча, Алексіевіч.

Беларусы прымаюць друкаванае на веру й жывуць паводле кніжнага слова. Засяроджанасьць і руплівасьць, міжмоўе й бібліятэкі, вершы ды настаўніцтва, Статут і Літоўская мэтрыка – што яшчэ патрэбна, каб быць, як і габрэі, народам кнігі!

Кнігадрукаваньне – найважнейшы элемэнт нацыянальнай ідэі. Зьвярніце ўвагу на тое, што Вы трымаеце цяпер у сваіх руках.

Шматсотгадовая традыцыя памнажэньня тэксту ў эпоху інфармацыйнае цывілізацыі адкрывае перад Беларусьсю пэрспэктывы, ад якіх зацінае дух. Калі сёньня ў разьвітых краінах звыш 50% насельніцтва занята ў сфэры інфармацыі, калі ў сучасным сьвеце пануюць тэлевізія, кампутары, лічбавыя тэхналёгіі, базы зьвестак і Інтэрнэт, сэнс беларускага кнігадрукаваньня прачытваецца ўжо ў новым вымярэньні – як фэномэн Слова ў сарцавіне Эўропы.

І тое, што ў Беларусі зноў паўстала магутная паліграфія – тры агромністыя камбінаты на 70 мільёнаў асобнікаў штогод, – што Беларусь зноў друкуе кнігі для Расеі, Украіны, Прыбалтыкі й будуе гіганцкі храм Нацыянальнае бібліятэкі, насамрэч сьведчыць толькі аб адным. Менавіта зь Беларусі, набліжанай да цэнтру Галяктыкі Гутэнбэрга, чалавецтву варта чакаць вялікіх кнігаў ІІІ тысячагодзьдзя.

МІЖМОЎЕ

Міжмоўе – беларускі нацыянальны фэномэн.

Беларусь узьнікла ў сумежжы двух галоўных хрысьціянскіх моваў Сярэднявечча – лаціны й царкоўнаславянскай. Беларусь заўжды вольна разумелася з балтамі й украінцамі, і, апроч роднай, гутарыла то па-польску, то па-расейску. Беларусь стагодзьдзямі давала жытло татарам і габрэям, гандлявала з паловай сьвету, ад немцаў да арабаў – і, у рэшце рэшт, ператварыла Балта-Чарнаморскае Міжмор’е ў міжмоўе.

Беларусь міжмоўная ад нараджэньня – ад празрыстых межаў між Захадам і Усходам, ад сумоўя цывілізацыяў. Беларускае міжмоўе – моўнае гарніла глябальнага культуровага сынтэзу надмернае сілы. Гэта міжмоўе гамоніць у назовах беларускіх гарадоў, мястэчак, вёсак: Ляхавічы й Ляхі, Маскалі й Маскалёўшчына, Мазуры й Мазурына, Жмодзяйкі й Кашубінцы, Чэхі й Чашнікі, Латыголь і Швабы, Татарка, Арда, Турэц…

Беларусь увесьчас перакладала Біблію, пісала падручнікі й стварала літаратуру Расеі, Польшчы, Украіне й Прыбалтыцы. Беларусь нарадзіла пляяду сусьветна вядомых мовазнаўцаў: фэноляга Льва Шчэрбу, санскрытоляга Каятана Касовіча, складальніка першага расейска-японскага слоўніка Восіпа Гашкевіча й першага слоўніка якуцкае мовы Эдварда Пякарскага. У 20-я гады XX стагодзьдзя Беларусь – небывалы прэцэдэнт! – мела аж 4 дзяржаўныя мовы: беларускую, расейскую, польскую й ідыш. Беларускае міжмоўе ўскалыхала Іегуду бэн Эліезэра, які адрадзіў іўрыт, і Людзьвіка Замэнгафа, вынаходніка эспэранта.

Унікальнаму беларускаму міжмоўю пад сілу й славянскія, і раманскія, і германскія, і цюркскія, і сэміцкія задачы. Сама беларуская мова, у якую былі дамяшаныя прыправы з усяе Эўропы – лаціна, нямецкая, балцкая, швэдзкая, польская, француская, ангельская – і дададзена азіяцкіх пернасьцяў арабскае, татарскае, праз расейскую, пры гэтым здолела захаваць уласную чысьціню, сьпеўнасьць і мілагучнасьць.

Кожны беларус у прынцыпе моўна паліфанічны. Вось адкуль гарманічнае, зь іскрыстай гульнёю граняў, беларускае мысьленьне – і вобразнае, і вэрбальнае. Вось чаму беларусы так лёгка пераходзяць з адной мовы на іншую. Вось чаму яны так цудоўна размаўляюць, сьпяваюць і пішуць на польскай, расейскай, ангельскай ці нямецкай. Зоркі Міцкевіча, Полацкага, Касьцюшкі, Дамейкі, расейскай прозы, польскай паэзіі й габрэйскае мовы сталі магчымыя толькі дзякуючы беларускаму міжмоўю.

Міжмоўе – вось у чым сіла й слабасьць беларускае моўнае культуры. Ад міжмоўя – і наша паліглёцтва, і наша трасянка.

Беларусь зрабілася антыподам Бабілёнскае вежы: тут Госпад даў паразумецца мноству моваў. Быццам у дары Пяцідзесятніцы, Беларусь загаманіла на мовах: “І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым, і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім вяшчаць”. (Дзеі 2:4)

Як сьведчаць эпохі беларускіх адраджэньняў, міжмоўе дадзена Беларусі дзеля місіі пропаведзі й навучаньня сярод народаў. Беларусь увесь час уплывала на суседзяў й перамагала ворагаў ня зброяй, але словам – праз мовы!

Беларуская культура – гэта культура слова. І ня проста слова – слова духовага. Слова – Лёгасу. Слова – Хрыста. 2000 гадоў таму менавіта ў палестынскім міжмоўі, дзе гаварылі і на старагабрэйскай, і на арамейскай, і на грэцкай, і на лацінскай, даў Слова ўсяму чалавецтву Збаўца сьвету Ісус Хрыстос.

МІРСКІ ЗАМАК

“Мірскі замак” – самы раскручаны архітэктурны брэнд беларускага Сярэднявечча. Імя для Беларусі выключна дарагое: у нас мір – гэта менавіта Мір (толькі б вайны не было!). Можа, таму Мірскі замак, шэдэўр нацыянальнага дойлідзтва, фарпост Рэфармацыі, родавае гняздо Радзівілаў і Сьвятаполк-Мірскіх адпавядае найбуйнейшаму наміналу сёньняшніх беларускіх грошай.

Заснаваны напачатку XVI ст. магнатам Ільлінічам, у 1568 г. Мірскі замак стаў уласнасьцю Радзівілаў. Замак быў перабудаваны пад княскую рэзыдэнцыю – з больш чым 40 пакоямі, аздобленнымі кафляй, лепкай, мармурам, зь італьянскім паркам з аленямі, аранжарэямі й каскадам ставаў. У 1812-м – арэна бою паміж расейцамі й французамі, у II Сусьветную – габрэйскае гета, у 1994 годзе гэты ўнікальны ансамбаль позьняе готыкі з рэнэсансам быў абвешчаны ЮНЭСКА помнікам сусьветнае культуры найвышэйшае катэгорыі.

Сёньня Мірскі замак – на ўсіх афіцыйных паштоўках, плякатах, краявідах. Ўлада смутна ўгадвае ў ім маналіт яшчэ не сфармуляванай беларускай ідэі: сучасны Мір каштуе ажно 10 Палацаў Спорту разам з Раўбічамі, 50 нацыянальных Мастацкіх Музэяў і цэлых 50 000 Акадэміяў Навук.

Мірскі замак – вечны супраціўнік Нясьвіжскага палацу. Гэта яму, дому Мікалая Радзівіла Чорнага, абвясьцілі вайну езуіты й ягоны сын – Радзівіл Сіротка. Гэта ў ім просты й ясны Рэнэсанс супрацьстаіць вытанчанаму, раскошнаму нясьвіскаму барока. І гэта паміж імі цяпер канкуруюць лепшыя сталічныя экскурсіі.

Мірскі замак – з разраду геніяльна простага й неапісальна прыгожага. Цяжкі абарончы замак зь нешматлікімі аконнымі проймамі сваёй гармоніяй прапорцыяў, колеравай гамай, дэкорам сьценаў з глухімі аркамі ператвараецца ў паветрана-лёгкую, сьветлую, празрыстую аграмаду.

Мір, белы з чырваньню – сьцяг беларускага адраджэньня, зары беларускай Рэфармацыі, самага разгару Залатога веку.

Мірскі замак – цудоўнае ўвасабленьне беларускай духовае цьвярдыні. Такой, як Сынкавіцкая й Мураванская цэрквы-крэпасьці, Смаргонскі ці Заслаўскі кальвінскія зборы, такой, як праваслаўная готыка Супрасьлю або вуніяцкае барока Жыровічаў. Вобраз ваяра Эвангельля:”Так што станьце, апаясаўшы сьцёгны вашы праўдаю, апрануўшыся ў браню праведнасьці, і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір”! ( Да Эфэсцаў 6:15)

Бел-чырвона-белы, быццам сьцяг, грозны, быццам “Пагоня” й узьнёслы, як “Магутны Божа”, Мірскі замак – такі ж лягатып Беларусі, як грашовыя знакі або дзяржаўныя сымбалі.

Бо гэта той мір, якога так прагнем, чакаем й за які так змагаемся мы, беларусы – мірныя людзі.

МОВА

Мова – плоць і кроў нацыянальнай ідэі. Фэномэн слова найбольш поўна выяўляе ў нас вобраз і падабенства Божае: “Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога…” (Яна, 1:1)

Народжаная ў вялікім міжмоўі, беларуская мова стагодзьдзямі ўзбагачала суседзяў і прымала запазычаньні – але так і засталася найбліжэйшай да індаэўрапейскага санскрыту й самай чыстай са славянскіх.

Скрышталізаваная хрысьціянскім Сярэднявеччам, яна стала мовай першадрукара Бібліі ва Ўсходняй Эўропе, мовай эвангельскіх місіянераў у Расеі, Прыбалтыцы, Польшчы, Украіне, афіцыйнай мовай ВКЛ і сродкам дыпляматычных дачыненьняў у Балта-Чарнаморскім міжмор’і, ад Лівоніі да Валахіі. Статус дзяржаўнай беларуская мова атрымала ўжо ў ХІV ст. – у той жа час, што і ангельская – і, між іншым, раней за францускую ды расейскую.

Выціснутая польскай у тоўшчу вуніяцкага сялянства ў Рэчы Паспалітай, забароненая імпэратарам Мікалаем І разам з назвай “Беларусь”, яна стагодзьдзямі вучыла акаць окаянную Россию і дзякаваць няўдзячную Жмудзь. Урэшце рэшт, яна вымкнула з самых глыбіняў у вершах Багушэвіча, п’есах Дуніна-Марцінкевіча й паэмах Купалы, каб Беларусь загучала зноў. І нягледзячы на бальшавіцкі гвалт 1933 г., “зьліццё” й 70-гадовую русіфікацыю, паводле апошняга перапісу больш 40% беларусаў пазначылі, што гутараць па-беларуску дома й 85,6% назвалі мову роднаю. Таму і ТБМ для Беларусі – не культурніцкая арганізацыя, а брэнд нацыянальнага Адраджэньня.

Ізьвесная трасянка, на каторай січас гаворыць бальшынство беларусаў, у цэлым захавала найбольш глыбінныя пласты – фанэтыку, граматыку й лад – жывое беларускае мовы, саступіўшы расейскай адно ў лексіцы. Таму поўнае аднаўленьне беларускасьці магчымае на працягу аднаго-двух пакаленьняў.

Беларуская мова ўнікальна паўнагалосная, з гаворкаю нарасьпеў. Паводле філялёгіі, гэта ёсьць адным з ключавых адрозьненьняў беларускай ад расейскай: “Рускі націск сілавы, ён моцна рэдуцыруе ўсе галосныя, апрача націскнога, літаральна сьцягваючы слова ў адзін вымаўляльны такт; беларускі ж націск характарызуецца даўжынёй (квантытатыўнасьцю), ды яшчэ з моцным тэмбравым абэртонавым раскочваньнем па ўсім складовым прасьцягу слова. Гэта – другое паўнагалосье, што адбылося ў пэрыяд узьнікненьня старабеларускай мовы, і якое не назіралася ў рускай.” (А. Яскевіч, “Сумежжа”)

Як ні стараліся захопнікі – мову ў нас не адняло.

Беларускамоўнасьць яшчэ не азначае беларускасьці. Бо, як напісана да Карыньцянаў, 3:1: “Калі я гавару мовамі чалавечымі й анёльскімі, а любові ня маю, дык я – медзь звонкая або кімвал гулкі”.

Але мілагучная, вытанчаная, звонкая, паводле сьпеўнасьці другая ў Эўропе пасьля італійскае, з той празрыстай мяккасьцю, якой так бракуе цьвёрдай расейскай і якая ўжо невыпраўна шыпіць у польскай, напоўненая усім сумоўем Міжмор’я, прасякнутая эўрапейскай далікатнасьцю й налітая ўсёй славянскай сілаю – беларуская мова Самім Госпадам Богам створаная для словаў любові. Для сьлёзаў пакаяньня, малітвы й эвангельскай прамовы. Для палкае, пранізьлівае й узьнёслае пропаведзі Хрыста.

Мова веры, праўды, сьвятасьці, пяючая, захапляючая сваёй простасьцю, лёгкасьцю й мэлёдыкай – у беларускай ёсьць штосьці незямное, як у выдуманай эльфійскай ці нябёснай анёльскай.

Сучасная беларускамоўнасьць – безумоўная прыкмета эліты. Гаворыш па-беларуску – значыць, пісьменьнік, настаўнік або палітык. Беларуская мова – гэта інтэлігентнасьць. Нават больш – гэта сама культурнасьць.

У аканьні й яканьні, зацьвярдзеньні “ч” і “р”, дзеканьні й цеканьні, фрыкатыўным “г” і падаўжэньні зычных у інтэрвакальным становішчы беларускай мовы пераліваецца ўсё бруеньне водаў, смак солі й маміна малако, усе шумы беларускага лесу, сьпевы птушак, стогны болю й воклічы перамогаў усяе беларускае гісторыі. У абаротах беларускае мовы спрацоўваюць твае гены, заводзяцца гармоны, зь яе іскрамі ўспыхвае мэнтальнасьць. У яе хвалях і рытмах пульсуе жывое Сэрца.

Размаўляць па-беларуску, перакладаць на беларускую, думаць на беларускай і слухаць беларускае – невымоўнае шчасьце для кожнага, хто нарадзіўся на гэтай зямлі.

МУЖЫК-БЕЛАРУС

Беларусы – мужыцкі народ.

“Я мужык-беларус, пан сахі і касы” – пісаў Янка Купала. “Мужыцкая праўда” – назваў свой заклік да паўстаньня Кастусь Каліноўскі. Вядома, вобраз беларуса як вясковага мужыка, навязаны пад прыгнётам, ня надта шляхетны. Але ж гэта мужык!

Беларускі мужык – гэта 20-гадовы спэцназавец пад 2 мэтры ростам у форме зь бел-чырвона-белымі шэўронамі й “Пагоняй” на барэце, які адціскаецца 100 разоў за хвіліну, ведае на памяць усіх польных гетманаў ВКЛ, цудоўна сьпявае “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” і выконвае “Зважай!” ды “Крокам руш!” з выкшталцонасьцю ганаровай варты.

Беларускі мужык – гэта прадпрымальнік 40 гадоў, які кіруе ўласнай фірмай, збудаваў сям’і катэдж, набыў джып сабе, машыну жонцы й картынгі дзецям – і лётае на ўік-энд на Мальёрку.

Беларускі мужык – гэта 60-гадовы фэрмэр, што мае 300 гектараў зямлі, разводзіць быдла, сьвіней, авечак і зусім па-каўбойску аб’яжджае свае ўладаньні на кані са стрэльбай.

Беларускі мужык – гэта 80-гадовы паэт, які дагэтуль палымяна выступае з трыбуны зь вершамі, ды так, што ўзрушана ўстае ўся заля.

Беларускі мужык – гэта пэнсіянэр, зараз грамадзянін ЗША, якому ўжо за 100, які пасьпеў паваяваць і ў І, і ў ІІ Сусьветнай, памятае тую яшчэ “Нашу Ніву” й жывога Купалу, і са сьлязьмі замілаваньня распавядае вам на Сустрэчы беларусаў Захаду пра свайго прапраўнучка, 10-гадовага менчука, што клеіць у школе маладафронтаўскія налепкі, уначы лазіць на дахі вывешваць бел-чырвона-белы сьцяг й марыць стаць, калі вырасьце, не касманаўтам, не “сувораўцам”, а сапраўдным беларускім мужыком.

Магутнага беларускага мужыка можна ўбачыць ува ўнутранай, засяроджанай, натхнёнай працы. Бо сапраўдны мужык-беларус стаіць на трох кітах: вялізная працавітасьць, стрыманая сіла, высокая духовасьць.

Мужык-беларус – моцны гарэшак. Гэта выдатна ведалі акупанты, адпраўляючы беларусаў будаваць, ваяваць і варочаць горы.

Мужык-беларус не паказны й не выкліковы. Партызан. Спакойны. Нават ціхі. Тым і моцны. Моцны й пяшчотны. Ідэал для сям’і, для храма й самаахвярнага служэньня.

Цудоўная пара для беларусачкі!

Ваяры Канстаньцін Астроскі й Кастусь Каліноўскі, князі Альгерд і Вітаўт, палітыкі Леў Сапега й Зянон Пазьняк, прапаведнік Кірыла Тураўскі й сьвятар Вінцэнт Гадлеўскі, першадрукар Францыск Скарына й пісьменьнік Васіль Быкаў – узоры мужнасьці для беларускіх хлопчыкаў. Сяляне Багушэвіча, Коласа, Купалы, вальнадумцы Караткевіча й партызаны Адамовіча – беларускія мужыкі.

Беларусь – краіна хрысьціянская, і таму патрыярхальная. Мужчына – гаспадар, кармілец, абаронца, апірышча веры й любові ў сям’і й лідэр у грамадзтве. Але калі сёньняшні мужчына не адчувае роднае зямлі пад нагамі й Госпада Бога па-над сабой, сьпіваецца, крадзе, ператвараецца ў мэблю ва ўласнай хаце – гэта разбурае і працу, і сям’ю, і нацыю.

Беларусі наканавана трымацца на мужыках. Бо “жонцы галава – муж”, і “кожнаму мужу галава – Хрыстос”. (Да Карыньцянаў, 11:3)

МЯККІ ЗНАК

Мяккі знак – сымбаль, які адрозьнівае беларускую мову ад большасьці моваў сьвету. Мяккі знак сьведчыць пра унікальнасьць, сьпеўнасьць, пранізьлівасьць, беларускасьці, і зьяўляецца неадольнай супярэчнасьцю паміж афіцыйным “наркомаўскім” й клясычным “тарашкевіцкім” правапісамі.

Мяккі знак – крышталік бляску. Кропелька празрыстасьці. Маленькі, яле яскравы дыяманьцік нацыянальнае ідэі!

Мяккі знак зазіхацеў у беларускай мове зь лёгкай рукі Браніслава Тарашкевіча, геніяльнага лінгвіста XX ст., які ў 1918 г. выдаў сваю знакамітую “Беларускую граматыку для школаў” і сфармуляваў прынцыпы правапісу для адноўленай беларускай мовы. Мяккасьці ў мове аказалася столькі, што напісаньне зьвялося скрозь да расстаўленьня мяккіх знакаў, а сам “ь” ператварыўся ў адну з найчасьцейшых літараў беларускага пісьма. У 1933 г. бальшавікі, імкнучыся пазбавіць беларушчыну адметнасьці, скасавалі ўжываньне “Ь” паўсюль, дзе можна, а заадно і зрусыфікавалі мову да непазнавальнасьці.

Сутнасьць мяккага знаку – правільнасьць пазначэньня мяккасьці ў беларускім маўленьні: пад узьдзеяньнем цьвёрдае расейскасьці беларуская безь “ь” губляе сваю эўрапейскасьць, далікатнасьць і мілагучнасьць. І менавіта, дзеля таго, каб аднавіць чысьціню ўспрыманьня, беларускі рух канца ХХ ст. зноў узьняў на сьцяг сымбаль мяккага знаку. Апазыцыйныя “Свабода” і “Наша Ніва” пачалі выходзіць на тарашкевіцы, ці, як кажуць прасьцей, “перайшлі на мяккі знак”. І вось ужо “ь” – апазнавальны сыгналь “свой – чужы” для нацыянальнага Адраджэньня.

Дзеля справядлівасьці трэба заўважыць: у тарашкевіцкім правапісе існуе адна, мякка кажучы, цьвёрдая неадпаведнасьць. Слова “цьвёрды” пішацца зь мяккім знакам, а “мяккі” – безь яго!

У адрозьненьне ад немага расейскага імпэрскага “ъ”, што дэманстратыўна сьцьвярджаў грубасьць і жорсткасьць напрыканцы апошніх зычных (гаваркая асаблівасьць!) – беларускі мяккі знак высьвечвае на пісьме ўсю ласкавасьць і зычлівасьць Беларусі. Кранальную слабасьць – і разам з тым пранізьлівую чысьціню.

Гэта ня проста зьмякчэньне, а зьмякказначаньне.

А значыць, мяккі знак – гэта сымбаль існасьці беларускай мовы. Больш за тое – знак якасьці.

Усёпранікальны “Ь” , разам зь мяккім “л” у заходнеэўрапейскіх словах, зьбегамі зычных, што пішуцца як чуваць, скарачэньнем “у” ды “і” пасьля галосных, калі перад імі няма прыпынку й на іх падае націск, дый іншымі акалічнасьцямі клясычнага правапісу, нароўні з аканьнем, яканьнем, дзеканьнем і цэканьнем, зацьвярдзелымі “р” і “ч”, зь “і”, над якім расстаўляюцца кропкі, і, вядома, зь літарай “ў”, якой няма больш ні ў адным альфабэце сьвету – тыя каштоўнасьці, на якіх стаіць беларускасьць.

Бо само імя Беларусь пакідае па сабе ўсё той жа незьнішчальны знак мяккасьці.

НАСТАЎНІЦТВА

Беларусь – краіна-настаўніца.

Беларусы зь Бібліяй у руках стагодзьдзямі вучылі ўсю Ўсходнюю Эўропу на царкоўнаславянскай, лаціне, польскай, грэцкай, старабеларускай. Кірыла Тураўскі, Іван Федаровіч, Сімяон Полацкі, Пятро Магіла, Мялет Сматрыцкі настаўлялі народы, быццам клясы. Беларускае выкладаньне Сьвятога Пісьма, беларускую азбуку, граматыку, лексыку, юрыспрудэнцыю, этыку, літаратуру й музыку ў вялізнай гуманітарнай школе засвойваў цэлы славянскі сьвет. Вобраз вучыцеля ў самой Беларусі стаў хрэстаматыйным – а навучаныя нацыі, як і належыць, настаўнікаў хутка забылі.

Увесь сэнс унікальнага беларускага настаўніцтва заключаўся ў апостальскім, душпастырскім выкладаньні. Сутнасна хрысьціянская, талерантная, з моцным дарам самазабыўнага служэньня, Беларусь зрабілася нацыяй-прапаведніцай – бо настаўніцтва куды больш катэгорыя духу, чым розуму.

Беларусь пачала выкладаць рана – у Полацку Эўфрасіньні, Тураве Кірылы, Смаленску Кліма й Аўрамія, галоўных цэнтрах сярэднявечнае хрысьціянскае асьветы. У той самы час, калі заходнеэўрапейскі каталіцызм змагаўся з альбігойцамі, засноўваў інквізыцыю й абвяшчаў крыжовыя паходы, а бізантыйскае праваслаўе заглыблялася ў догмы й каноны – беларускае хрысьціянства ператваралася ў місіянерскую катэдру эвангельскага вучэньня ў самым цэнтры Эўропы.

Увесь Новы Запавет нашае гісторыі – час апостальства. Пачынаючы з XVI ст., духова сталая Беларусь вучыла суседнія народы ў іхнім дзяцінстве й юнацтве: расейцаў, украінцаў, жмудзінаў, малдаванаў. За апошнія паўтысячагодзьдзя Беларусь давала хрысьціянскія ўрокі і палякам, і французам, і габрэям. “Біблія” Скарыны, 1517 г., “Катэхізіс” Буднага 1562 г., Берасьцейскі шэдэўр Радзівіла 1563 г., “Буквар” Федаровіча 1574 г., “Лексіс” Лаўрэна Зізанія 1596 г., “Алгарытм, або навука лічбы” Яна Карчана 1602 г., “Граматыка Славянская” Мялета Сматрыцкага 1619 г., “Дыдаскалія” Сільвестра Косава 1637 г. – галоўныя міжнародныя падручнікі тае эпохі. Адзін толькі Ільля Капіевіч, навучэнец знакамітай Слуцкай кальвінскай гімназіі, падрыхтаваў і выдаў для Расеі блізу двох дзесяткаў кнігаў навучальнага й асьветніцкага характару: па граматыцы, арыфмэтыцы, астраноміі, гісторыі, а яшчэ першую ў Маскоўшчыне мапу зорнага неба, а яшчэ шэраг слоўнікаў, а яшчэ распрацаваў грамадзянскі шрыфт, якім карыстаецца цяпер увесь кірылічны сьвет! Сімяон Полацкі вучыў расейскіх цароў, а ягоны “Псалтыр рыфматворны” разам з “Граматыкай” Сматрыцкага называў брамай сваёй вучонасьці Міхайла Ламаносаў. Наш Іван Ужэвіч у 1643 г. выдаў сваю “Граматыку” у Парыжы – на замову кардынала Рышэлье для ўпарадкаваньня тагачаснай францускай мовы на прыкладзе старабеларускай.

Тадышняя беларуская адукацыя – гэта Віленскі Унівэрсытэт, найстарэйшы й найбуйнейшы на Ўсходзе Эўропы, у якім адным напрыканцы XVIII ст. вучылася столькі ж студэнтаў, колькі ва ўсіх ВНУ Расейскай Імпэрыі, разам узятых; захапляючая канкурэнцыя брацкіх праваслаўных, кальвінісцкіх школаў, вуніяцкіх, піярскіх, езуіцкіх калегіюмаў. Закон Божы – ў аснове ўсіх ведаў. Дэталі кшталтавалі ісьціну ў міжканфэсійным спаборніцтве й літаратурнае палеміцы. Перад гэтым настаўніцтвам, быццам студэнты з уваходам прафэсара, павінная ўстаць з-за партаў уся сярэднявечная Эўропа! Адукацыя, аплодненая духовасьцю, нараджала ў Беларусі настаўніцкія фэномэны сусьветнага значэньня: Полацкую езуіцкую Акадэмію, дзе выкладалі сьвяцілы Эўропы й Амэрыкі; юдэйскія ешывы ў Валожыне, Міры, Слуцку, прадмет асаблівага шанаваньня любога прававернага габрэя на плянэце Зямля, кансьпірацыйныя таварыствы філаматаў ды філарэтаў у Віленскім Унівэрсытэце, якія далі нацыянальных герояў адразу некалькім краінам.

Беларусь магла навучыць нават мядзьведзя: жарты жартамі, але згадайце знакамітую Смаргонскую акадэмію!

А ўсё таму, што Беларусь мяняла душы народаў ня столькі ведамі, колькі верай і любоўю.

Настаўнікі зь Беларусі засноўвалі цэлыя культуровыя школы ў суседзяў і пакідалі па сабе пляяды бліскучых вучняў: Міцкевіч і Дастаеўскі ў літаратуры, Глінка й Манюшка ў музыцы, Шагал і Малевіч у мастацтве. Гены нацыянальнага настаўніцтва прывялі доктара філязофіі, матэматыка й пісьменьніцу беларуску Софью Кавалеўскую да пасады першай у сьвеце жанчыны-прафэсара – у Стакгольмскім Унівэрсытэце, у 1884 г.

Акупацыі апошніх стагодзьдзяў вынішчалі беларускую духовасьць і беларускую эліту – і адначасова забівалі беларускае настаўніцтва. Як толькі беларуская адукацыя губляла хрысьціянскую соль, рабілася чужамоўнай і сьвецкай – яна ніякавела, і атрымлівала “двойкі” ад тых жа Польшчы, Францыі, Расеі.

Сучаснае савецкае настаўніцтва, у сваёй масе атэізаванае, запалоханае й прыніжанае – “бюджэтнікі”! – проста “не праходзіла” жыцьцяў вялікіх нацыянальных вучыцеляў. Толькі нямногія разумеюць галоўную аксыёму: маральны аўтарытэт ня можа быць бязбожным. Разумнае, добрае, вечнае творыць не перадача інфармацыі, а менавіта настаўленьне душы.

Беларускаму настаўніцтву трэба зноў адчыніць Біблію ў Эвангельлі паводле Мацьвея, 28 разьдзел, вершы 19-20: “Дык ідзіце й навучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам…” Так сказаў Вучыцель.

Бо верыць у Бога, любіць і вучыць – вось яна, простая, як само Эвангельле, мэтадалёгія клясычнага беларускага настаўніцтва.

“НАША НІВА”

“Наша Ніва” – газэта-эпоха.

“Наша Ніва” – легенда беларускага друку й генэральны штаб Адраджэньня ХХ ст. “Наша Ніва” для Беларусі – гэткі ж нацыянальны сымбаль, як “Таймс” для Велікабрытаніі, “Уол Стрыт Джорнэл” для Амэрыкі ці “Фігаро” для Францыі.

Заснаваная 10 лістапада 1906 г., “Наша Ніва” бесперапынна выходзіла да 7 жніўня 1915 г., і такім чынам амаль дзесяцігодзьдзе заставалася ці не адзінай крыніцай беларускасьці на ўвесь Северо-Западный край. “Наша Ніва” была штотыднёвай праклямацыяй нацыянальнага руху, школай літаратурнай беларускай мовы, поўным летапісам пачатку ХХ ст. “Наша Ніва” таго часу – гэта і выдавецтва, і запачаткоўваньне тэатру Буйніцкага і сельскагаспадарчы часопіс “Саха”, і маладзёвы – “Лучынка”, і папулярны “Беларускі каляндар”. Факсымільнае выданьне падшыўкі “Нашай Нівы” – фундамэнтальная хрэстаматыя нацыянальнай журналістыкі.

У літарах, словах, радках “Нашай Нівы” кшталтавалася ўскалыхнутая нацыя. Як раней Беларусь фармавалася праз кнігі, так і цяпер наша старонка ператваралася ў краіну на старонках “Нашай Нівы”. “Наша Ніва” стала праграмай для абвяшчэньня БНР і беларусізацыі 20-х гадоў.

Рэдакцыя “Нашай Нівы”, бліскучая каманда нацыянальных герояў, вандравала па будынках Вільні, зьбіраючы старадрукі ды пошту “З усіх старон” – і яднала вялікалітоўскую гісторыю з найноўшай беларускай. Гранёны нашаніўскі шрыфт, у якім угадваліся крупіны скарынаўскіх літараў і капіяваньне Капіевіча, быццам поўнае зерне, рупліва зьбіраў знакі тысячагодзьдзя беларушчыны, каб засеяць нашу ніву зноў. Гэтак жа напрыканцы ХХ ст. адноўленая “Наша Ніва” перабіралася ў Менск, перахоўваючы закладзеныя ў газэтных радках усе нацыянальныя генэтычныя коды.

“Наша Ніва” – кульмінацыя беларускага культурніцтва. Кніжныя бачыны, разгорнутыя ў папяровыя палі, ахаплялі літаратуру, быт, мастацтва, палітыку, фальклёр, ды й усё жыцьцё. Якуб Колас і Янка Купала, Максім Багдановіч і Максім Гарэцкі, Власт і браты Луцкевічы, Алесь Гарун і Цётка вырошчвалі на палосах “Нашай Нівы” слова як культуру дзеля аднаўленьня нацыі – і вырасталі ў постаці нацыянальнага маштабу самі. Культура мовы, культура публіцыстыкі, культура інтэлігентнасьці – усё гэта ў нас ад “Нашае Нівы” 1906-1915 гг.

“Наша Ніва” для Беларусі была й застаецца той самай эвангельскай нівай, дзе “жніво вялікае, а работнікаў мала”(Лукі, 10:2). Дзе зерне “упала на добрую зямлю і дало плод, што ўзышоў і вырас, і ўрадзіла тое трыццаць, тое шэсьцьдзесят і тое сто” (Марка 4:8). Поле сьвядомасьці, поле памяці, поле бітвы, якое штогод давала найбагацейшы валавы збор беларускае культуры, мовы, палітыкі.

“Наша Ніва” была гэткай жа простай, народнай, сялянскай, як і поле, засеянае збожжам. “Першая беларуская газэта з рысункамі” адна ўрабляла 7-мільённую вёску, падымала, быццам цаліну, стоеную ў стагодзьдзях прыгнёту ды акупацыяў беларушчыну, сеяла, зжынала, малаціла, веяла, малола, выпякала – і раздавала тыя пяць хлябоў па ўсёй згаладнелай краіне.

Тым больш цікава, як адроджаная напрыканцы ХХ ст. “Наша Ніва” зрабілася газэтай эліты. Падобнае пераўтварэньне характарызуе клясыку.

“Наша Ніва” – гэта і наша жніво, і нашае новае, нашыя навіны й нашая віна, нацыянальныя ўшанаваньні й віншаваньні. Усё Адраджэньне ХХ ст. вынайдзенае й вынашанае “Нашай Нівай”.

Сёньняшняя “Наша Ніва” – аднаўленьне тае нівы – ня большай і ня меншай, ня іншай і ня “вашай” – нашай. Стрыжнявыя ідэі, праграмныя маніфэсты, галоўныя словы й найлепшыя ўраджаі ў Беларусі. “Надрукавана ў “Нашай Ніве” – гэта пячатка традыцыі, знак якасьці й гарантыя плёну.

… На прасторах гісторыі, у глушы беларускіх душаў, сярод пушчаў і балотаў нацыянальнага мэнталітэту мы маем залатое спадчыннае поле, узаранае калёнкамі на ўзор біблійных.

Нашу Ніву.

NRM

У тую грандыёзную эру, калі халодная вайна разбурала савецкую Імпэрыю зла, калі руйнаваліся ідалы й аднаўляліся ідэалы, а беларусы здабывалі незалежнасьць – на сьценах і платох Беларусі зьявіліся першыя графіці НМR – “Жыве мэталёвы рок!” На мяжы ІІ і ІІІ тысячагодзьдзяў рок-гурты сталі прарокамі пераменаў – і тады, у раскатах рокавае рэвалюцыі, у Беларусі, нарадзілася NRM.

О’кэй, тут усё о’кэй,

толькі дыхаць мне з кожным днём цяжэй…

Менская “Мроя” пачынала з падвалаў і падпольных вечарынаў, прарывалася з баямі празь мітынгі 1990-х на хіт-парады БТ й fm-радыё. Новая Беларусь назву ўдакладніла: “Незалежная Рэспубліка Мроя”. “Я рок-музыкант старых традыцый: гэта не прызваньне, гэта пазыцыя!” – у крэда “Мроі” чуваць неўміручыя акорды “Rolling Stones”, “Deep Purple” i “Scorpions”.

NRM са сваім грамавым, электрычна зараджаным першаклясным рокам, літаральна адным канцэртам разграміла ўсе беларускія сялянскія комплексы лірыкі ды мінору. NRM ажыцьцявіла сапраўдны пераварот у беларускай музыцы. Хард, – панк, – гранж, – арт – па-нашаму – усё гэта рок эн-эр-эм!

Надрыўны рокавы роў, гітарны матор і гарлавы вакал, грукат ударнікаў і дружны хор прыпеваў, рокат нізкіх частотаў і пранізьлівы звон высокае струны нарэшце разгортвалі беларускую стоеную сілу, якая драмала стагодзьдзямі. NRM зрабілася абрэвіятурай музычнага супраціву і пазыўнымі, якія немагчыма пераблытаць. NRM стала гімнам маладога, энэргічнага беларускага Адраджэньня. NRM стварыла арыі нацыянальнае ідэі – “Партызанская”, “Мая краіна”, “Тры чарапахі”, “Катуй-ратуй”, “Чыстая-сьветлая”, “Лёгкія-лёгкія” і “Паветраны шар”.

Падымі мяне па-над зямлёю,

Падымі мяне ў сьветлы абшар…

Так NRM абвесьціла наступ беларускае generation-2000, новай генэрацыі маладое гарадзкое Беларусі, дзяцей перабудовы й падлеткаў незалежнасьці, юнацтва дыктатуры, моладзі Нямігі ды Інтэрнэту, хрысьціянскага абуджэньня – Пакаленьня Маладога Фронту.

NRM, рок-каралі Беларусі, зрабіліся правадырамі цэлае музычнае хвалі. “Краму”, “Уліс”, “Новае Неба”, “Нэйра-Дзюбель”, “Мясцовы Час”, “Zet”, “Partizone” моладзь мяжы тысячагодзьдзяў характарызавала паняцьцямі “крута”, “файна”, “супэр” або папрасьцей: “Ну ты што! – гэта ж тыпа NRM!”

NRM – ня культ, а зьява культуры. Менавіта музыкі NRM адыгралі галоўную ролю ў залатой сэрыі супольных музычных праектаў, кожны зь якіх можна іменаваць нацыянальным : трыб’ют песьняроўскіх хітоў у рок-апрацоўцы “Песьнярок”; унікальны збор заходнебеларускіх шлягераў на 4-х мовах “Народны Альбом”; калядны кампакт “Сьвяты Вечар”; “Крамбамбуля” з наборам сьпеваў, прысьвечаных разнастайным алькагольным напоям сьвету; рэмікс беларускіх гімнавых хітоў “Я нарадзіўся тут…”

Нездарма лідэр NRM, Лявон Вольскі – сын славутага хрысьціянскага паэта Артура Вольскага і ўнук пісьменьніка Віталя Вольскага. Цяпер воля па-беларуску – гэта рок на шматтысячных канцэртах моладзі.

Гэтыя канцэрты больш нагадваюць мітынгі. Расейскамоўная моладзь сьпявае NRM па-беларуску на лесьвічных клетках і ў пераходах. Іх вершы цытуюць часьцей, чым літаратурных клясыкаў. NRM зрабіла для беларускай ідэі больш, чым усе палітычныя партыі нашае эпохі.

Мы закрычым: “На абардаж!”

і гэты горад будзе наш!..

NRM – гэта не вэтэраны, не дыназаўры й не куміры. Беларускія рок-рыцары, гарачыя й іранічныя, грозныя й віртуозныя – прарокі нацыянальнае культуры новага пакаленьня.

НЯСЬВІСКІ ПАЛАЦ

Нясьвіж, бліскучы Нясьвіж – сталіца роду Радзівілаў, цэнтар кнігадрукаваньня й Контаррэфармацыі, эталён эўрапейскасьці ў Беларусі. Цуд халоднае прагажосьці!

Заснаваны яшчэ ў X ст. разам зь Беларусьсю на самым Балта-Чарнаморскім водападзеле, набыты праз пяцьсот гадоў Радзівіламі, за часы Мікалая Радзівіла Чорнага ператвораны ў рэзыдэнцыю найбуйнейшай магнацкай дынастыі, з канца XVI ст. Нясьвіж забудоўваўся паводле клясычнай рэнэсансавай схемы Дзюрэра – у выглядзе чалавечага цела. Княскі замак быў галавой, калегіюм езуітаў з касьцёлам – сэрцам, гандлёвая плошча з ратушай – страўнікам, а кляштары й цэрквы па пэрымэтры выконвалі ролю рук і ног. Нясьвіж яўна насьледаваў Хрысту ў спалучэньні людзкога й Боскага: якраз тут у 1593 г. знакамітым італьянцам Янам Марыя Бэрнардоні быў створаны другі ў сьвеце барокавы храм, Касьцёл Божага Цела. І адначасова зь ім – каралеўскі палац з райскім паркам. Гэта тут у 1562 г. Сымон Будны выдаў славуты пратэстанцкі “Катэхізм”, а ў 1563 г. выракся Ісуса як Бога. Тут Мікалай Радзівіл Чорны марыў пра веліч Беларусі й выхоўваў юнага Льва Сапегу, свайго пераемніка. Тут сын Чорнага, Сіротка, вернуты езуітамі ў каталіцтва, пракляў Рэфармацыю, сабраў і спаліў кальвінскія друкі свайго бацькі. Радзівіл Рыбанька закладваў мануфактуры, што выраблялі сукно, дываны й шаўковыя паясы, ягоная жонка Уршуля пісала й ставіла ў тэатры свае драмы. А Караль Станіслаў, Пане Каханку, ладзіў шыкоўныя балі з марскімі бітвамі на возеры, катаньнем на мядзьведзях па саляных дарогах, рассыпаных на вярсту, цыганскімі вясельлямі й бясконцымі “гісторыйкамі” – байкамі пра сябе, любімага. Нясьвіж схаваў тайну радзівілаўскіх багацьцяў, 12 апосталаў з пазалочанага срэбра амаль ў поўны рост, незьлічоныя скарбы каштоўных камянёў, якія так шукалі Напалеон, Гітлер і Сталін.

Нясьвіскі палац – наступнік і супернік рэфармацкага Мірскага замку. Крышталёва каталіцкі, да цалі арыстакратычны, з урачыстасьцю лепшых цырымоніймайстраў ён раскрэсьліў антычныя прапорцыі, увасобіўшы саму summa summarum, гармонію між розумам і вераю, вылічаную яшчэ Тамашом Аквінскім. Нясьвіская Альба – гэта Беларусь сьляпушча прыгожая й велічная, пранізьліва чыстая, але грозная. Уся матэматычна вылічаная культура езуіцкай лаціны – у нясьвіскіх алеях і альтанках, залях і вокнах, партрэтах і скульптурах XVI – XVIII стст.

Калі вы жадаеце ведаць, што сапраўды азначае “Беларусь у Эўропу!”, калі марыце хоць на хвіліну адчуць сябе некаранаваным каралём Вялікае Літвы або Рэчы Паспалітай, калі шукаеце мяжы паміж Старым і Новым Запаветамі беларускай гісторыі ці хочаце спасьцігнуць трагедыю вераадступніцтва – прыяжджайце ў Нясьвіж. Пашпацыруйце сярод дрэваў альбаўскага парку, зайдзіце ў халадок пакінутага гулкага палацу, які прабірае да вусьцішных дрыжыкаў, угледзьцеся ў адлюстраваньні і прыслухайцеся да крохкага рэха ўласных крокаў …

І тады спытайце сябе – а ці трэба вам насамрэч ведаць усё тое, што тоіць Нясьвіж?

ПАЭТЫЧНАСЬЦЬ

У рыфму жыць і ўзьнёсласьці рабіць –

Паказьнік гэтай нацыі найпершы.

Таму паэтам можаш ты ня быць,

Але як беларус – ты пішаш вершы.

У рыфму мы ніколі не змаўчым,

На вобраз і натхненьне зробім стаўку –

Адсюль Франьцішак, Янка і Максім,

Гілевіч, Барадулін і Бураўкін.

Адсюль і душы-крылы нарасьпеў,

І дзе яшчэ такіх людзей знайду я:

Народ, які пакутваў і цярпеў,

Ледзь знойдзе узвышэньне – дэклямуе!

І будзе верш, як беларускі кон –

На паў-Эўропы геніяў расьсеем:

Адам Міцкевіч, Полацкі Сымон –

Бацькі-паэты Польшчы і Расеі.

Краіна, як вялізны белы верш,

Зь любові і крыві, з надзеі й болю.

Краіна-верш, інакш не назавеш,

Такіх краінаў і ня знойдзеш болей.

Тут заклік – паэтычны абарот,

Тут в е р ш н і к белы скача у Пагоню,

Тут чыстая папера – увесь народ,

І сьцяг – радок крыві на белым фоне.

Ты адчуваеш генэтычны код?..

Чытай на памяць – пакаленьні твораць:

Малітва, набажэнства, хросны ход,

І Біблія, што в е р ш а м і гаворыць.

Таму у нас і сьпевы як псальмы,

Што Беларусь насьледуе Ісусу.

Таму і пераконваемся мы,

Што строфы ў ДНК у беларусаў.

Пакуль мы маем в е р у – вершу жыць,

І нашае натхненьне не астыне,

Бо ў Беларусі верш пачнеш тварыць –

Найвышні

завяршае

у вышынях.

“ПЕСЬНЯРЫ”

На сцэне вакальна-інструмэнтальны ансамбаль пад кіраўніцтвам народнага артыста Ўладзімера Мулявіна…

“Песьняры”. Імя Беларусі, вядомае ва ўсім сьвеце. “Песьнярамі” беларусы ганарацца і казыраюць паўсюль, як італьянцы – сваёй “Ля Скала”, аўстрыйцы – Моцартам, а расейцы – балетам (заснаваным, зрэшты, таксама беларусамі). “Песьняры” – само ўвасабленьне беларускай мэлядычнасьці, адухоўленасьці, любові.

У самотных 70-х, на тле сусьветнага нафтавага крызысу й палётаў у космас, калі камунізм і глябалізм супольна нішчылі ўсё нацыянальнае, створаны пры менскай Філярмоніі ансамбаль “Песьняры” вандраваў па Беларусі, зьбіраючы народныя сьпевы, мэлёдыі ды матывы. І калі яны выходзілі на сцэну ў стылізаваных белых сьвітках або расшытых вялікалітоўскіх кунтушах, калі, як мурашкі па скуры, прабіралі гітарным рокавым рытмам, калі пачыналі сьпяваць, нават не сьпяваць – гучаць, моцна, плаўна й шматгалоса – залі заміралі. Гэта было нешта з далёкіх-далёкіх вякоў, з глыбіні тых часоў, калі Госпад Бог ствараў чалавецтва. Беларусы цягнулі ноты, вышэйшыя за звон струнаў. Ня горлам, не галасавымі зьвязкамі, нават ня лёгкімі. Сэрцам. Песьняры перадавалі дух усёй душой, на адным дыханьні.

Уся Беларусь, пяшчотная, мяккая, мілая, расхінулася ў “Песьнярах”. Уся сьпеўнасьць мовы, уся сьветліня беларускасьці, уся лірыка, якая толькі магчымая ў року, захапіла мільёны людзей ва ўсім Савецкім Саюзе, агаломшыла крытыкаў і ўскалыхнула хвалю пасьлядоўнікаў. “Песьнярам” было дастаткова прачулага шэпту на грандыёзным канцэрце – і гледачы плакалі.

“Песьняры” – гэта была амаль малітва. “Купалінка”, “Белавеская пушча”, “Вераніка”, “Спадчына”, “Рэчанька”, “Алеся”… “Песьняры” сталі нашым адказам на вынішчэньне беларускасьці й “зьліцьцё моваў”, на мілітарыскую прапаганду й саўкова-папсовую эстраду. “Песьняры” прыжыцьцёва былі прызнаныя клясыкай сусьветнага фольк-року.

У 1976 г. у зэніце славы “Песьняры” адправіліся ў знакамітае турнэ па ЗША. Выступы ў 13 штатах, канцэрты па самых вялікіх гарадох, вокладка “Білбарда”… “Уварваньне рускага року” – ахрысьцілі гэта ўражаныя амэрыканцы. “Песьнярам” пляскалі ў ладкі музыкі “Бітлз”, мільярдэры й прэзыдэнты – і гэта ў разгар “халоднай вайны”!

Ад беларускай пяючай шчырасьці й ласкі сэрцы таялі настолькі, каб палюбіць ворага.

Геніяльная мулявінская апрацоўка фальклёру, паэзія Купалы й Багдановіча, фэнамэнальны вакал Барткевіча, Дайнэкі, Місевіча, Пені адваёўвалі душы ў імпэрыі й нянавісьці. Слухайце й вучыцеся: гэта называецца “місія нацыі ў культуры”. “Песьняры” сталі яскравым прыкладам беларускай перамогі любоўю – такой любоўю, якая дорыць сьлёзы ад перажываньня прыгажосьці й шчымлівага шчасьця.

Аж тры сучасныя ансамблі з той жа назвай; “Сябры”, “Верасы”, “Палац”, “Троіца”, “Крыві”. Пазнаеце? Гэта ўсё яны, песьняры Вялікае Беларускае Любові.

ПОЛЬСКАЯ КУЛЬТУРА

Калі ўзрушаная хрысьціянскім абуджэньнем XVI ст. Вялікая Літва пад пагрозай маскоўскай акупацыі злучылася з Польшчай, і Контаррэфармацыя пачала паланізацыю Беларусі – духовая, узьнёслая, рамантычная беларушчына хлынула насустрач ёй на Захад, аддаючы Кароне ўсю сябе .

Беларусь – радзіма патрыярха польскае літаратуры Адама Міцкевіча, галоўных пісьменьнікаў Рэчы Паспалітай эпохі Асьветніцтва Франьцішка Багамольца, Адама Нарушэвіча, Франьцішка Князькіна, Юльяна Нямцэвіча; клясыкаў прозы й паэзіі, ад Уладзіслава Сыракомлі да Генрыка Сянкевіча. Беларусь стварыла Польшчы опэру й сымфонію, падаравала ёй нацыянальны гімн і палянэз Агінскага.

Каталіцызм і лаціна, рацыянальныя й бліскучыя, кшталтавалі натхнёную й паэтычную беларускасьць, расхінаючы перад ёю ўсю Эўропу. Дзякуючы гэтаму, Міцкевіч здолеў стаць сусьветным лідэрам рамантызму, а гістарычныя раманы Генрыка Сянкевіча, ляўрэата нобэлеўскай прэміі, чытала ўся плянета. Менавіта таму “Пан Тадэвуш”, “Дзяды”, “Крыжакі”, “Патоп” захавалі для чалавецтва цэлую Вялікую Літву ў вобразах, легендах і асобах. А якую яшчэ папулярную мастацкую літаратуру пра раньняе хрысьціянства мог афіцыйна ўхваліць Ватыкан, як ня “Quo Vadis”!

Магутны, усепаглынальны беларускі ўплыў дагэтуль віруе ў польскае музыцы. Бацька польскай опэры – беларус Станіслаў Манюшка. Пачынальнік польскага сымфанізму – наш Мечыслаў Карловіч. Найвядомейшы ў сьвеце палянэз – Міхала Клеафаса Агінскага.

Зь Беларусі ў Польшчу ўвесь час веяла духовасьцю – ад часоў пабожнага Ягайлы, ад “Берасьцейскай Бібліі” Мікалая Радзівіла Чорнага, “Новага Запавету” Буднага, ад каталіцкай, пратэстанцкай, вуніяцкай, праваслаўнай публіцыстыкі па-польску. І нездарма: паглядзіце на сёньняшнюю хрысьціянскую Польшчу, радзіму Папы Рымскага!

Больш ідэалу! Больш рамантызму! Больш духу! – так гучыць перададзенае праз польскую культуру беларускае пасланьне Захаду.

РАСЕЙСКАЯ КУЛЬТУРА

Вялікая Расейская Культура і цяпер прымушае са значэньнем падымаць вочы ўгару цяперашняе насельніцтва 1/6 сушы. Вялікая Расейская Культура пасёньня выхоўвае геніяў і захоўвае арэол сьвятасьці. Вялікую Расейскую Культуру ведае й любіць увесь сьвет. А ўсё таму, што Вялікая Расейская Культура трымаецца на беларушчыне.

Так было цэлае тысячагодзьдзе суседзтва. Чым больш Беларусь пазнавала Расею, і чым большай рабілася Расея – тым больш Беларусь імкнулася зьмяніць Расею. І калі перабіраеш беларусаў, якія тварылі ў Расеі – да глыбіні душы ўражвае гэтае бясконцае ахвяраваньне сабою, нават сваёй беларускасьцю, дзеля аграмаднай краіны, дзеля свайго блізкага, дзеля ворага, у адказ на гвалт, заваёвы й прыніжэньні.

Біблія Скарыны, Фёдарава, Мсьціслаўца. Цудоўная аздоба цэркваў ды манастыроў – іканапіс, беларуская рэзь, кафля, ліцьцё, шкло … У 1662 г. толькі ў Маскоўскай Срэбнай Палаце працавала больш за 40 майстроў толькі зь Віцебска й Полацка. Кнігі Полацкага, падручнікі Капіевіча, граматыка Сматрыцкага, беларуская мова, паэзія, барока … Беларуская душа, узвышаная й сьветлая, струменіла, праменіла, пераплаўляла.

Беларусь у поўнай ступені вычула на сабе бяздушнасьць імпэрыі, цяжар усходняе пыхі, драпежнасьць Масквы й жорсткасьць Піцера. Адказам стаў наймагутнейшы дар драматычнага, прарочага хрысьціянства – Дастаеўскі. “Злачынства і пакараньне”, “Ідыёт”, “Браты Карамазавы”, “Бесы”. Ня проста вялікія псыхалягічныя раманы – удары ў самае сэрца монстра. “Загадкавая руская душа”? Колькі грубасьці, жорсткасьці й хамства было ў тае душы, што дзеля яе Беларусь патраціла паўжыцьця й столькі геніяў!

Беларускую чысьціню, узьнёсласьць, інтэлігентнасьць у Расеі заўважыш адразу і не пераблытаеш ні з чым. Беларушчына ў Расеі – гэта “Гора ад розуму” Аляксандра Грыбаедава, якое, з гора ці ад розуму, разабралі на цытаты ; вольналюбівая публіцыстыка Зьміцера Пісарава й Валерыі Навадворскай ; самая рамантычная мроя дзяцінства “Пунсовыя ветразі” Аляксандра Грына, казка Юрыя Алешы “Тры таўстуны”. Нават “Дуброўскі” Пушкіна – гэта адсюль: прататып Дуброўскага – аршанскі шляхціч Астроўскі.

Беларушчына ў Расеі – гэта Іван Бунін з роду Гедзімінавічаў, пранізьлівы лірык, геніяльны і ў прозе, і ў паэзіі, які да апошняга заклікаў Русь трымацца Бога – і напісаў пра нашэсьце бальшавікоў “Акаянныя дні” (Нобэлеўская прэмія не абы-якога – 1933 году).

Беларушчына ў Расеі – гэта Музыка. Такія хвалі насамрэч могуць ускалыхнуць найвялікшую на зямлі краіну ад Масквы да самых да ўскраінаў. Глінка, Стравінскі, Рымскі-Корсакаў, Шастаковіч, Растраповіч!..

А знакаміты расейскі балет, якім так ганарацца расейцы ? Яго заснавалі балерыны Азарэвічы са Шклова й Восіп Казлоўскі, які працаваў у Слоніме ды Троках.

Берасьцейскія, магілёўскія, віленскія, барысаўскія, рэчыцкія, смаленскія, ігуменскія шляхцічы, дзеці паўстанцаў Касьцюшкі ды паплечнікаў Каліноўскага, соль нацыі, ехалі ў Маскву, Піцер, Ніжні – каб пераадольваць імпэрыю словам, мэлёдыяй і духам.

Беларусь так хацела пераўвасобіць Расею!.. Беларусы наглядна паказвалі, як гэта робіцца, ў першых тэатрах, якія пачалі выступаць у Расеі. Але імпэрыя заставалася сабой – і Беларусь выводзіла на сцэну паплечніка Станіслаўскага, Неміровіча-Данчанку.

Беларусь, чыстая, сьветлая, натхнёная, скразіла і ў паэзіі беларусаў Яўгена Яўтушэнкі й Міхала Ісакоўскага, у адкрыта лібэральным “Новом Мире” беларуса Аляксандра Твардоўскага, у шчырых да хрыпаты сьпевах беларуса Ўладзіміра Высоцкага й іранічных балядах беларуса Андрэя Макарэвіча!

Ува ўсіх іх – вы ўзгадайце, у радках і нотах, інтанацыях і тэмбрах – адчуваецца штосьці да болю наскае, такое пранізьлівае, мяккае й сьпеўнае. Усіх іх родніць крынічная празрыстасьць і прыдыханьне любові. Беларуская культура, нябачнае войска маленькага акупаванага краю, зрабіла полем бітвы ўсю гіганцкую імпэрыю – і ўрэшце ўзьняла па-над ёю пераможныя сьцягі вялікае літаратуры, мастацтва, музыкі.

Не дэспатыі! Не тыраніі! Дэмакратызм і талеранцыя! Праўда й свабода! – гэта пасланьне Ўсходу ад Беларусі бачнае сёньня ўсяму сьвету празь Вялікую Расейскую Культуру.

РУШНІК

Беларускі рушнік – гэта наш хатні бел-чырвона-белы сьцяг.

Гэтую белую ільняную палатніну, шырынёю 25-40 см і даўжынёю ад мэтру да трох, тканую на кроснах, чырвона-узорную, зь вязанымі ці плеценымі карункамі, прошвамі ды махрамі, можна вешаць у рамку замест габэлену ці выцінанкі, або сапраўды падымаць як штандар па-над домам. Бел-чырвона-белы рушнік абдымае самыя дарагія й каштоўныя для беларуса рэчы: на ім госьцю падаюць хлеб-соль, ім ахінаюць абразы на покуці, яго абавязкова навязваюць на крыжы пры дарозе.

Паводле ўнікальнага рысунку й стылю беларускіх рушнікоў можна вызначыць мясьціну, дзе яны зробленыя. Пасачкі, ромбікі, завіткі, шахматкі, васількі розных куткоў Палесься, Падняпроўя, Падзьвіньня, Панямоньня мазаікай складаюцца ў цэлую мапу Беларусі. У вышываных шыфрах беларускага рушніка знаходзіш і соль, і сала, і сонца, і абяцаньне шчасьця – усю нацыянальную ідэю ў бел-чырвона-белых элемэнтах, усю мэнтальнасьць у манумэнтальнай арнамэнтальнасьці.

Рушнікі ў Беларусі – лепшы пасаг дзяўчыне й падарунак навасёлам. Без рушнікоў не абыходзіцца ані ўмываньне нараніцу, ані абедзенны стол, ані вечаровая лазьня. Бел-чырвона-белы рушнік – візытоўка будучага беларускага сэрвісу.

Рушнік – гэта беларуская культура чысьціні й сьвежасьці. Наш рушнік мае вельмі беларускую місію: прымае на сябе ўвесь бруд. Ацірае рукі, ногі ды твары, працуе ўхваткай, посьцілкай, покрывам – а назаўтра зноў бялюткі. Там, дзе сьвяцейшае, бліжэйшае да Бога, дзе абраз, крыж або прычасьце – там будзе і беларускі рушнік.

Проста Беларусь ведае, што чысты рушнік – гэта з Эвангельля. Ісус укрываў рушніком галаву ад палестынскае сьпёкі, рушніком мыў ногі на тайнае вячэры апосталам – “узяўшы рушнік, апярэзаўся, потым уліў вады ва ўмывальнік і пачаў умываць ногі вучням і выціраць рушніком, якім быў апярэзаны” (Яна 13:45) – і якраз на ўбрусе, паводле паданьня, застаўся крывавы адбітак Ягонага аблічча, Спас Нерукатворны.

…Лунае, палошчацца ў самое Беларусі ільняны бел-чырвона-белы рушнік.

СЛУЦКІЯ ПАЯСЫ

Слуцкія паясы – чатырохмэтровыя залачоныя шэдэўры з шоўку й кашмірскае воўны. Цёмна-чырвоныя, малінавыя, блакітныя, зялёныя, белыя ды чорныя, з узорамі квітнеючага лугу й райскага саду, з адным толькі ім уласьцівым пераліўным бляскам… Знакамітыя слуцкія пасы – азнакі багацьця й магутнасьці нашае гісторыі. Пасы ў сярэднявечнае Беларусі насілі і сяляне, і шляхта, і магнаты. Дарагі пас быў дэманстрацыяй заможнасьці, прыкладам як зараз шыкоўны гальштук ці “Ролекс”. Адрозьнівалі пасы на штодзень, на сьвята, вясельле, пахаваньне, на маленьне – у моцных гаспадароў пасаў у гардэробе было незьлічона. Магнацкія пасы, у якіх адно золата важыла да двох фунтаў, каштавалі па 500 дукатаў – з ладны фальварак.

У сярэдзіне XVIII ст. Беларусь замест саматканага вырабу пасаў асвоіла мануфактурны – і Радзівіл Рыбанька, Тызэнгаўз, Сапегі засноўваюць адмысловыя фабрыкі ў Нясьвіжы, Слуцку, Ружанах ды пад Горадняй – пэрсыярні. Пачаўшы зь імпартовых узораў, майстры хутка пераходзяць на родныя валошкі й гвазьдзікі, ствараючы непаўторны рай залатое беларускае раскошы – зьзяючыя, іскрыстыя, квітнеючыя цуды ткацтва. Паводле Максіма Багдановіча, дайшло да гэтага вельмі кранальным чынам:

…І тчэ, забыўшыся, рука,

заміж пэрсыдзкага узору

цьвяток радзімы васілька.

Найбуйнейшая й самая знакамітая фабрыка Радзівілаў у Слуцку вырабляла залатыя, срэбныя ды шаўковыя пасы тысячамі. Попыт сярод шляхты ды замежнікаў быў шалёны (аж да тых пор, пакуль расейская улада не забараніла насіць нацыянальныя кунтушы). І, як усякія шэдэўры, слуцкія пасы падраблялі па ўсім сьвеце – у Парыжы, Ліёне, Варшаве, Кракаве, Гданьску, Стамбуле … Ды арыгіналы засталіся непераўзыдзенымі. Менавіта слуцкія пасы па цяперашні час прымушаюць прымружвацца і млець наведнікаў лепшых музэяў плянэты.

Слуцкія пасы – водбліск нашага Залатога веку й зьнітоўваньне Залатога пасу самое Беларусі – Нясьвіжа, Слуцка, Клецка, Ружанаў, Горадні.

Зрэшты, залацісты шык і бляск у слуцкіх пасах – эфэкт зьнешні. А вось цяпер пра самае важнае.

Паводле Бібліі, падпярэзацца пасам азначала быць гатовым да справы, адказным і прыстойным – у супрацьлегласьць тым, хто распаясаўся.

СЬПЕЎНЫ ГОЛАС

Вы ведаеце самы беларускі музычны інструмант? Адмыслоўцы хорам сьцьвярджаюць: гэта ўнікальны вакал. Госпад Бог даў беларусам незвычайна сьпеўны, высокі, мэлядычны голас.

“Песьняры”. NRM. Барды. Опэра. Міхал Забэйда-Суміцкі. Аграмадны збор пяючага фальклёру. Уладзімір Высоцкі, Андрэй Макарэвіч, Алена Сьвірыдава, Юры Шаўчук, БІ-2, Яраслаў Еўдакімаў… Галасы Беларусі!

Беларускі голас перадае ўсю драматычную ўнутраную нацыянальную мэлёдыку – жаль і боль, веліч і ахвяру, веру і любоў. Беларускі голас пазнавальны паўсюль – ягоны высокі тон, тэмбр, інтанацыі адразу адрозьніш ад гарлавога нямецкага, прахалоднага прыбалтыйскага ці грубаватага расейскага. Беларускі вакал – голас опэраў, арт-року й сольных канцэртаў а-капэла, голас настолькі моцны й чысты, што ад ягонае сілы ды вышыні выбухаюць шклянкі й затойваюць дыханьне мільёны.

У беларусаў і лад гаворкі, і сама мяккая, пранізьлівая мова, і манэра вымаўленьня, і аб’ём грудзей, і склад вуснаў, і струны галасавых зьвязак наладжаныя крыніцай: голас бруіцца, струменіць, зьвініць. Ён ці тонкі й звонкі, ці глыбокі й пералівісты, ці поўны празрыстае яснасьці, ці зьзяючы ўсімі адценьнямі зыкаў, фэерычна зіхоткі, быццам пераборы арфы.

Беларускі голас ператварае наша аканьне ў арыю аргану. А звонкае беларускае дзэканьне й ціўканьне, сьвісьцячыя трэлі й залівістая мяккасьць родняць беларусаў з найлепшымі пеўчымі птушкамі.

Беларускі голас струнна напружаны, як нэрвы, што працінаюць і зьнітоўваюць усю істоту. Таму беларус ня проста сьпявае – ён гучыць. Беларускія песьні жальбы, абрадавыя падгалосьсі Палесься й палацавая музыка Сярэднявечча – перапевы й пералівы таго голасу, які перадае лёгкімі ўсю лёгкасьць гуку, вуснамі ўвесь жар жарсьці, у якім слова, узьнятае ад паднябеньня да паднябесься, набывае ўласьцівасьці сымфанічнага цуду. Беларускі сьпеў, што імкнецца да вяршыняў мужчынскага лірычнага тэнару й жаночага каляратурнага сапрана, што возьме голасам і соль трэцяй актавы, і 20.000 герцаў, мяжу чалавечага слыху, дрыжыць, як крылы ў палёце, льецца сьлёзамі шчасьця, і кранае так соладка!…

Беларускі голас – сапраўды дар Божы. Менавіта мэлядычная гармонія чысьціні й узьнёсласьці самых верхніх рэгістраў найлепш выяўляе любоў – нацыянальную ідэю Беларусі. Любы, хто прыслухаецца, зразумее, для чаго прызначаны гэты дар. Беларускі голас – голас малітвы, літургіі, царкоўных і касьцёльных хораў, псальмоў і гімнаў.

Голас Духу, што падымае слухачоў у высі Валадарства Нябёснага. Сьпеў з самага сэрца. Эвангельскі заклік!

Беларускі вакал – голас новага эўрапейскага абуджэньня. Сьпеў, народжаны ў міжмоўі, зразумелы і Захаду, і Усходу, голас, які захлынае душу пяшчотай і ласкаю з самага сэрца, яшчэ агучыць пропаведзь і малітву на хрысьціянскім радыё і тэлевізіі для ўсяго сьвету:

“Узышоў Бог пад воклічы,

Гасподзь пад гукі трубныя.

Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце!..”

(Псальмы 46:6-7)

СЯЛЯНСКІ ЭПАС

Сялянская тэма ў беларускай літаратуры – зьява гэткага ж эпічнага парадку, што й “Адысея”, “Рамаяна” альбо “Сьпеў аб Нібэлюнгах”. Ніводзін эўрапейскі народ ня мае такой фундамэнтальнай хрэстаматыі вясковае прозы й паэзіі, як беларусы.

Сялянскі эпас – масыў нашае нацыянальнае ідэі, паводле маштабу параўнальны хіба з ваеннай прозай.

Вялікі Сялянскі Эпас ня проста шматтомны – ён шматтонны. Яго цэлае стагодзьдзе стваралі фальклярысты, народнікі, нашаніўцы й сябры Саюза Пісьменьнікаў. Вершы Багушэвіча й драмы Дуніна-Марцінкевіча, паэзія Купалы ды Гаруна – гэта толькі эпіграфы. Главы-глыбамі: “Новая Зямля” і “На ростанях” Коласа, “Людзі на балоце” Мележа, “Трывожнае шчасьце” Шамякіна, “Знак бяды” Быкава… Ды яшчэ сотні раманаў, аповесьцяў, зборнікаў усё пра тое ж.

У бібліятэцы беларускага сялянскага эпасу – п’есы Купалы, байкі Крапівы, апавяданьні Гарэцкага, вялікая частка прозы Быкава, Брыля. Багушэвічаў Аліндарка, Халімон Дуніна-Марцінкевіча, купалаўскія мужык ды жнейка, коласаўскія палясоўшчык Міхась са сьціжмай дзяцей, дзядзька Антось, Сымон-Музыка й дзед Талаш, лынькоўскі Міколка-Паравоз, мележаўскія Васіль ды Ганна, вясковыя інтэлігенты Гарэцкага, быкаўская Сьцепаніда – ды ў гэтай вялікай вёсцы ўсе ведаюць адзін аднаго!

Парадокс, але беларускі сялянскі эпас паўстаў адначасова з хваляй урбанізацыі – бо яна масава запаўняла вяскоўцамі гарады. Цэлая нацыя падымалася зь вёскі ХХ ст, на тле рэвалюцыяў і войнаў, разам з Адраджэньнем – відовішча сапраўды эпічнае. Дзякуючы беларускай сялянскай літаратуры, мы ніколі не забудземся на тую патрыярхальную краіну вясковае простасьці й глыбіні, дзе жарсьці віравалі не слабейшыя, чым у Гамэра, ворагі былі ня менш жорсткімі, чым у ісляндзкіх сагах, а карова адыгрывала ня меншае рытуальнае значэньне, чым у індыйскае міталёгіі. Тую зямлю, лясы, cенажаці, сады, гарады й хаты, у якіх нацыя выжыла скрозь стагодзьдзі акупацыяў, войнаў і прыгнёту – той страчаны рай, зь якога мы выбіраліся да свайго гарадзкога адкрыцьця, да біблейскага Новага Ерусаліму.

У школьных падручніках “Беларускай літаратуры” вялікі сялянскі эпас усё яшчэ адыгрывае ролю клясыкі. Але новая нацыянальная хрэстаматыя, гарадзкі эпас Беларусі, пачаты Караткевічам, ідзе яму на зьмену з хуткасьцю беларускай урбанізацыі.

ТЭАТАР

Драматызм беларускай гісторыі спарадзіў унікальны беларускі тэатар.

Беларусам так часта даводзілася йграць ролі й пераўвасабляцца, што тысячагадовы тэатар на сцэне паміж Захадам і Усходам даўно стаў іх жыцьцём, а “людзі-акторы” – нацыянальным амплюа. Беларусы прымалі й пераймалі столькі розных ідэяў і формаў, столькі чужых паставаў і жарсьцяў, мімікі й жэстаў, інтарэсаў і інтанацыяў!… Менавіта такая Беларусь дала сьвету батлейку, Неміровіча-Данчанку й Купалаўскі акадэмічны.

“Схадзіць у тэатар” – каронны нумар культуровай праграмы беларускага інтэлігента: у “Тутэйшых”, “Несьцерку” або “Князі Вітаўце” прынята шукаць жывую нацыянальную ідэю.

Тэатар – адзін з нашых базавых архетыпаў. Які прынцып тэатру? Ператварэньне ў іншага. А гэта магчыма толькі тады, калі любіш. Любі блізкага свайго, як самога сябе – адчуй сябе на месцы нашага, перажыві, будзь ім! Так што імкненьне да пераўвасабленьня – гэта вельмі па-беларуску. Больш таго – гэта сапраўды па-хрысьціянску.

Тэатральная традыцыя, закладзеная яшчэ скамарохамі й батлейкаю Сярэднявечча, расквітнела ў пастаноўках магнацкіх тэатраў XVI-XVIII стст. – Нясьвіскага й Слуцкага ў Радзівілаў, Слонімскага ў Агінскага, Шклоўскага ў Зорыча, – і пад акупацыяй аднавілася ў народніцкіх спэктаклях Дуніна-Марцінкевіча. Беларускі тэатр – гэта Уршуля Радзівіл і Ігнат Буйніцкі. Беларускі тэатар – гэта сялянская клясыка Купалы: “Паўлінка”, “Тутэйшыя”, “Раскіданае гняздо”. Гэта беларуская вайна: “Трыбунал” Макаёнка, “Апошні шанец” Быкава, “Радавыя” Дударава. Драматургія й рэжысура сусьветных трагедыяў. І калі вы сёньня чуеце захопленыя водгукі знаёмых – ах, Пінігін!. Бачыў Мазынскага?. А Курэйчык!… – Майце на ўвазе, гэта ўсё той жа беларускі тэатар.

Ад беларускае тэатральнасьці – і балетныя шэдэўры Елізар’ева, і опэра Глебава, і акторскія геніі Інакенція Смактуноўскага, Расьціслава Янкоўскага, Стэфаніі Станюты, Пятра Алейнікава, Кірка й Майкла Дугласаў.

Тэатар – беларуская палітыка: зь першых пастановак адраджэнцаў і да выкліковых бел-чырвона-белых дэкарацыяў “Тутэйшых” сучаснасьці гледачы – нацыянальна сьвядомая грамада й студэнты, а прэм’еры – акцыі пратэсту. Нават Усебеларускі Зьезд 1917 г., кульмінацыя пераўвасабленьня самое Беларусі, адбыўся ў будынку сёньнішняга Купалаўскага тэатру.

Тэатар – невычэрпны патэнцыял беларускай культуры. Рэпэртуар – уся гісторыя сэрца Эўропы. Заслона тут мусіць апускацца на сцэну толькі дзеля таго, каб аддзяліць спэктакль ад наступнага.

ФАЛЬКЛЁР

Саламяны брыль, сялянскі строй ды гарапашны настрой – такім быў афіцыйны сувэнірны набор беларускай культуры ў савецкія часы. Само паняцьце “нацыянальны” вычэрпвалася фальклёрам. Фальклёрныя гурткі ў кожным райцэнтры, фальклёрныя дзяўчаты з хлебам-сольлю, фальклёрныя ансамблі на экспарт, нават чапурыстая паласа арнамэнту на бутафорскім сьцягу … Агромністая карпарацыя сялянскага наіву даводзіла, што мы, беларусы – народзец мілы, ды лапатны. На дэкарацыях вясковага быту хіба што не хапала цэтліку: “Адзіны від беларускай культуры”.

У гэткім фальклёры глянцам блішчэла фальш.

За масавай паказухай таілася зьявішча першароднае ды нязьмернае. Беларусь, як ніхто з суседзяў, захавала глыбіні спаконвечных традыцыяў, закладзеных калісьці Творцам у гэты народ. Бывае, бабулька сто гадоў, ледзь ходзіць з палачкай, але ж як сядзе сьпяваць, як прыасаніцца – людцы мае!..

Беларускі фальклёр – гэта тысячагадовае змаганьне хрысьціянства з паганствам, традыцыйнае формы з Хрыстовым зьместам. Асваеньне й паглынаньне абрадаў, рытуалаў ды сьвятаў, адваёўваньне душаў. Беларускі фальклёр – гэта руіны культу, якія нараджаюць масавую культуру: калядаваньне, гуканьне вясны, шуканьне папараць-кветкі й спаленьне аўтамабільных пакрышак на Купальле. Даўнія адзеньні, рыштунак, звычаі ды сьпевы могуць растлумачыць нам прычыны шмат якіх генэтычных хваробаў і вялікіх грахоў сучаснае нацыі, успадкаваных ад паганства.

Фальклёр – найглыбейшае вымярэньне нацыянальнага стылю. Аснова рытмаў, рыфмаў і архетыпаў. Беларускія пісьменьнікі XX ст. вядуць свой род наўпрост ад фальклярыстаў XIX ст. – адсюль і народніцтва, і этнакультурніцтва, і вясковасьць. З фальклёрных прадоньняў чэрпалі й Баршчэўскі для “Шляхціца Завальні”, і Купала для сваіх паэмаў, і Багдановіч для вершаў, і Колас для “Казак жыцьця”, і беларуская Філярмонія, і “Песьняры” – і дагэтуль бяруць фольк-рокавыя “Крыві” ды “Троіца”, мадэльеры й дызайнэры…

Беларускі фальклёр – гэта жывыя бел-чырвона-белыя сьцягі нацыянальных строяў, “Лявоніха” ды “Харошкі”, “рытмовы шум” лесу, ветру, ракі ў беларускай музычнае этніцы, ажурныя выцінанкі, саламяныя шэдэўры – аж да царскіх брамаў з саломы ў палескіх цэрквах: 950 самадзейных народных калектываў, 84 фальклёрных і 18 фальклёрна-этнаграфічных групаў, 6 ансамбляў і хораў, і колькідзесят тамоў занатаваных сьпеваў (аналягаў няма ва ўсёй Эўропе!).

І усё-такі эпоха вясковага фальклёру ў Беларусі сыходзіць. На зьмену ёй ідзе адкрыцьцё нацыянальнага Сярэднявечча – эўрапейскага, хрысьціянскага падмурку новай беларускай гарадзкой культуры.

ЧОРНЫ КВАДРАТ

“Чорны квадрат” Казіміра Малевіча – адзін з найвялікшых мастацкіх вобразаў у гісторыі чалавецтва. Напісаны ў 1914 г., у год пачатку I Сусьветнай, у прадчуваньні рэвалюцыі й прадбачаньні таталітарызму, ён сфармуляваў свой час як чорны ў квадраце. “Чорны квадрат” – гэта поўная адсутнасьць колеру. Чорны паглынае святло. “Чорны квадрат” – гэта сьветапоглядны тупік: вялікая чорная квадратная кропка ў сусьветным мастацтве. Белы холст, чорны квадрат – няма нічога прасьцей. Няма нічога. Уся цывілізацыя XX ст. у адным знаку. “Чорны квадрат” – сапраўдны “абраз новага бязбожнага часу”, кажучы словамі самога Малевіча. Вакно ў пустыню душы. Брама сьмерці. Адсутнасьць сьвятла ў канцы тунэлю. Сьвет бяз Бога. “Чорны квадрат” – гэта акт безагаворачнай капітуляцыі культуры. І калі Бярдзяеў абвесьціў культуру ” найвялікшай няўдачай чалавецтва” – Малевічу для гэтага хапіла проста намаляваць чорны квадрат. Прарочае адкрыцьцё “Чорнага квадрату” – папярэджаньне беларускай нацыянальнай ідэі ўсяму сьвету. Чорны квадрат мог вынайсьці толькі беларус. Толькі Беларусь зь яе белью, сьветлінёю й сьвятасьцю магла настолькі прачуць абсалют чорнага. Толькі краіна белага сьцягу, счарнелая ад пакутаў, у жахлівым відзежы імпэрыі зла й Чарнобылю магла ўявіць сабе той самы квадрат, у які Леанарда да Вінчы ўпісваў ідэальныя прапорцыі чалавечага цела, чорным.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы