nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Прамаскоўскі рэжым, альбо Як адбываецца разбурэньне Беларусі (частка ІІ)

10 жніўня, 2007 | Няма каментараў

Зянон Пазьняк.

 

СТВАРЭНЬНЕ ПАДСТАЎНОЙ АПАЗЫЦЫІ

Незалежнасьць Беларусі вярнуў аб’яднаны нацыянальнай ідэяй Беларускі Народны Фронт. Галоўнай задачай расейскіх спэцслужбаў, пасьля прыводу Лукашэнкі да ўлады, стала ліквідацыя кіраўніцтва БНФ, потым захоп Народнага Фронту агентурай і перараджэньне яго ў дэмакратычную прарасейскую партыю, тыпу АГП [калі ўжо “прарасейская, дык ніяк не “дэмакратычная”. – Рэд.]. (Гэтыя пляны, дарэчы, пазьней выбалбатала агентура ўплыву ў БНФ, якая цьвердзіла нават, што нацыянальная ідэя памерла і вычарпала сябе.) Прыйдзе час, і пра ўсё будзе сказана наўпрост, цяпер жа толькі зазначу, што забойства кіраўніка БНФ намячалася ў 1996 годзе перад V-м Зьездам Фронта і рыхтавалася яно не ў беларускім КГБ, а ў іншых структурах.

Тым часам ні Масква, ні ейны рэжым нічога не маглі зрабіць з Народным Фронтам. Рух набываў масавы характар. Да БНФ далучылася моладзь.

У 1997 годзе адбыўся V Зьезд БНФ, на якім была прынятая канцэпцыя Беларускага Вызвольнага Руху, начале з Фронтам, які выступаў аб’яднальнікам усіх беларускіх апазыцыйных сілаў. Гэта абазначала, што прамаскоўскаму акупацыйнаму рэжыму ствараецца аб’яднаная нацыянальна-дэмакратычная альтэрнатыва, на якую Масква і ейная разьведка ня мелі дастатковага ўплыву, і ўсялякая зьмена ўлады ў Беларусі прывяла б да кіраўніцтва ў краіне беларускія нацыянальныя сілы. На гэтым стаўся б канец расейскім прэтэнзіям на Беларусь.

Тут Масква запрацавала з усёй моцы, падключыла міжнародныя рэсурсы. Ужо праз некалькі месяцаў быў створаны нібыта міжнародны агентурны праект “Хартыя-97” (задача яго напачатку – прымаць заходнія сродкі пад “дэмакратыю” ды “правы чалавека”, а таксама – забесьпячэньне грамадзтва адпаведна прасеянай інфармацыяй).

Неўзабаве ў Менск прысылаюць у якасьці кіраўніка Місіі АБСЭ мацёрага нямецкага разьведчыка Ганса-Георга Віка, які заключае таемнае пагадненьне з КГБ і пачынае ў альтэрнатыву БНФ працу па стварэньні ненацыянальнай (неадраджэнцкай) “апазыцыі” рэжыму. На гэта былі выдаткаваныя вялікія сродкі. Праз год “апазыцыя” была сфармаваная.

У гэты ж час распачынаюць так званы “Праект Чыгір” па зьнішчэньні БНФ (сумнавядомыя альтэрнатыўныя выбары прэзыдэнта ў 1999 г.) Галоўнай выканаўчай асобай праекту стаў В.Ганчар. Пра гэта ўжо мной пісалася, і прыйдзе час – скажацца больш. Цяпер толькі штрыхом зазначу, што напачатку ўдзельнічаць у праекце Масква прапанавала аднаму дзеячу ўзамен за аукцыйныя ільготы для расейскіх фірмаў падчас будучай прыватызацыі ў Беларусі (пасьля зьмены рэжыму, значыць). Дзеяч адмовіўся, пра гэта даведаўся В.Ганчар, паехаў у Маскву і прапанаваў свае паслугі. Паслугі прынялі і далі заданьне, разам са сродкамі. Заданьне Ганчар праваліў і неўзабаве зьнік. “Прадажа імя” маскоўцам каштуе, як аказалася, даражэй, чым Лукашэнку. (Хаця я і па сёньня не выключаю, што Ганчар жыве.)

Вынік усіх гэтых афёраў стаўся для краіны вельмі шкодным. Беларусь згубіла нацыянальную альтэрнатыву ў апазыцыі. Народны Фронт быў расколаты, а прагматычная частка яго далучылася да ненацыянальнай вікаўскай апазыцыі. Нацыянальна-вызвольная частка Фронту страціла ўласьцівасьць шырокага масавага руху. За альтэрнатыву рэжыму антыбеларускія сілы пачалі рэклямаваць вікаўскую “апазыцыю”. Гэта значыць, што пры зьмене рэжыму ўлады Беларусь зноў можа страціць нацыянальную будучыню.

Пасьля маёй эміграцыі (вясна-1996) маскоўская выведка выпрабавала на грамадзтве некалькі формулаў скрыўленага вобразу: “политический труп”, “сбежал”, “струсил”, “я бы родину не оставил” і г.д. Адначасна пачалася кампанія сярод “дэмпартыяў” па “выбару нацыянальнага лідэра”. Гэта абсурд, але яго абгрунтавалі і сцьвердзілі, што нацыянальнага лідэра можна выбраць. На ролю нацыянальнага лідэра пагадзіўся Генадзь Карпенка і неяк гэтую ношу цягнуў, пакуль не пачаўся “праект Чыгір” (1999 г.) і ён ня ўбачыў, што ўсё каламуцяць без яго. Пачаліся званкі ў Варшаву, і неўзабаве (здаецца, дзесьці ў сярэдзіне сакавіка) Карпенка прыехаў, і мы спаткаліся. З размовы высьветлілася, што Карпенка даволі добра разумеў сутнасьць маскоўска-ганчароўскай афёры і быў ня столькі пакрыўджаны, колькі абураны нізкасьцю яе выканаўцаў. Ён прапанаваў мне супрацоўніцтва ў так званых “альтэрнатыўных выбарах” (у якіх я вымушаны быў удзельнічаць, каб мець магчымасьць уплыву на сітуацыю). Дамовіліся, што 31-га сакавіка Карпенка прыедзе ў сядзібу БНФ на сумеснае паседжаньне, дзе будзе прыняты тэкст пагадненьня аб ягоным супрацоўніцтве з Фронтам і са мной і зроблена адпаведная сумесная заява.

Гэта абазначала б поўны правал маскоўскай палітыкі. Чалавек, якога яны падрыхтавалі і, ў піку маёй асобе, выбралі на нацыянальнага лідэра, прыехаў да мяне і мы дамовіліся аб сумесных дзеяньнях супраць іхняй палітычнай авантуры (у якую яны ўжо ўбухалі сродкі).

31 сакавіка ўвечары Карпенку чакалі ў сядзібе БНФ (я некалькі разоў званіў і цікавіўся). Але Карпенка не прыехаў. У гэты дзень яго (я так мяркую) атруцілі (выклікалі інсульт). Праз тыдзень ён памёр.

 

ІЗАЛЯЦЫЯ

У ізаляцыі Беларусі ад усяго сьвету зацікаўленая Расея. Гэтым яна прывязвае свайго стаўленьніка да сябе і пазбаўляе манэўру. Захад спрыяе ізаляцыі часткова з-за неразуменьня справы, а больш з-за таемнай ці яўнай падтрымкі расейскай палітыкі на ўсходзе.

Цяпер, рыхтуючыся захаваць рэжым Лукашэнкі, Масква паставіла задачу грунтоўна ізаляваць Польшчу, каб перашкодзіць польскім дэмакратычным уплывам у час прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 г. і запабегчы паўтарэньню “ўкраінскага сцэнару” 2004 г. Дзеля гэтага быў штучна створаны і раздзьмуханы канфлікт у Саюзе палякаў Беларусі. Масква надзіва лёгка дасягнула патрэбных вынікаў, скарыстаўшы пэрманэнтны эмацыйны стан у польскім палітычным жыцьці, а зрэшты, і неразуменьне некаторымі палітыкамі падзеяў на ўсходзе.

 

ЗАМЕНА НАСЕЛЬНІЦТВА

Беспрацоўе на Беларусі – вынік мафійнай палітыкі ў эканоміцы, разбурэньня і тармажэньня прадпрымальніцтва, дзеяньня кантрактнай сістэмы, дрэнных падаткавых правілаў, кантролю над людзьмі і г. д. У выніку страты працы і немагчымасьці зарабіць беларусы масава едуць у Расею ў шэры бізнэс ці проста ў рабства. Шмат хто не вяртаецца жывым. Сотні гінуць у расейскім крымінальным грамадзтве. Часта іх нават не рабуюць, а забіваюць самыя крымінальныя працадаўцы, каб не выплочваць заробку. І ўсяроўна беларусы едуць у Расею. Захаду яны баяцца, а шлюзы адчыненыя толькі на ўсход. На 2005 год амаль мільён работнікаў-беларусаў выехаўшы на працу ў Расею. Гэта вялікія страты для Беларусі. Умовы выезду на заробкі ствараюцца штучна. Расея крымінальная і эканамічная зацікаўлена ў прышлай рабочай сіле. Гэта ўплывае на палітыку Расеі. На канцовым этапе этнацыду, калі б беларуская нацыя поўнасьцю была б адарваная ад сваіх каранёў і зрусіфікаваная, чакаецца замена насельніцтва (КГБ зрабіў высновы з савецкага вопыту). Беларусаў будуць імкнуцца выштурхнуць са сваёй краіны на ўсход і часткова – на захад (моладзь, інтэлект). Рэшта, як мяркуюць, дэградуе і паддасца агрэсіўнаму прышламу насельніцтву, якое будзе пад абаронай акупацыйнай палітыкі.

Сюды ж у Беларусь у выпадку вырашэньня пытаньня зь немцамі аб Усходняй Прусіі будзе ськінута вытворча непэрспэктыўнае старое насельніцтва з так званай Калінінградзкай вобласьці. Расейцы маюць вялікі вопыт па вывазе, перасяленьні і зьнішчэньні цэлых народаў. Яшчэ ў 1960-х гадах, напрыклад, існаваў плян і прадпісаньне, што ў выпадку вайны ўсё латышскае насельніцтва машынамі і цягнікамі вывозілі б у глыб Расеі (я ўжо не ўспамінаю пра чачэнцаў ды крымскіх татараў).

Плян замены беларускага насельніцтва, дарэчы, ужо ажыцьцяўляецца. Гэта адбываецца лёгка, бо хто свайго ня любіць, той свайго і не бароніць. У Беларусь ськінутыя акупацыйныя адпады з Прыбалтыкі, перасяляюць з Паўночнага Каўказу, а цяпер пачнецца (ужо пачалася) перакідка расейскага асадніцкага кантынгенту з Казахстану, паколькі Казахстан адрадзіў сваю нацыянальную мову і зрабіў яе дзяржаўнай у сваёй краіне.

Акупанцкае расейскае насельніцтва – гэта ўнікальная публіка. Я такіх на сьвеце яшчэ не сустракаў. Каб не размаўляць на мове краіны і народа, сярод якога жывуць, яны гатовыя зьехаць за тысячы кілёмэтраў. Вядома ж, іх кіруюць у Беларусь.

Замена насельніцтва акупацыйнымі ўладамі лічыцца злачынствам па міжнародных законах, але хто там калі ў Расеі трымаўся за нейкія законы? Ды і хто сказаў, што ў Беларусі, маўляў, акупацыйны рэжым? Прэзыдэнта ж самы выбралі, ды яшчэ й “прагаласавалі”, каб ён мог быць прэзыдэнтам колькі захоча. Зразумела, гэта фальсіфікацыя, але ж на незаконны рэфэрэндум і на выбары пайшлі, паддаліся рэжыму і “апазыцыі”, ведаючы, што яны народ ашукаюць.

 

ЗАХАД – БЕЛАРУСЬ – РАСЕЯ

Акрамя прапагандысцкіх ілюзіяў пра Расею, у асяроддзі пэўнай часткі беларусаў прыжыўся міф пра заходнюю падтрымку і дапамогу. Маўляў, захад нам дапаможа. Але гэтак кажа той, хто пра захад нічога ня ведае. Не дапаможа! І ніколі не дапамог!

Захад (а гэта найперш тры краіны: Вялікабрытанія, Францыя і Нямеччына) будзе падтрымліваць Расею. Мэнтальнасьць Захаду да вульгарнасьці прагматычная, а думаньне рацыянальнае. Захад быў і ёсьць у пераважнасьці левым, а зацікаўленасьць у танным расейскім газе, нафце і рынку вырашае ўсе ягоныя дачыненьні і ўсю ягоную палітыку.

Ведаючы гэта, трэба разумець агульную палітыку і дыпляматыю Расеі і Захаду (найперш Нямеччыны). Намер будаўніцтва паўночнага газаправоду з Расеі ў Нямеччыну праз Балтыйскае мора (які каштуе ў пяць разоў даражэй, чым праз Беларусь-Польшчу) ёсьць вынік супольнай стратэгіі. Калі паўночны газаправод пабудуюць, створацца ўмовы для чарговага пакту Молатава-Рыбентропа, і рана ці позна гэтыя ўмовы захочуць скарыстаць новымі мэтадамі. Усходняя Эўропа, каб абараніць сябе, ужо цяпер павінна рэальна думаць аб пэрспэктыве Балтыйска-Чарнаморскай Супольнасьці (БЧС) і аб пераарыентацыі нафтавых плыняў па лініі Поўнач-Поўдзень.

Беларусы ня раз за апошнія гады маглі пераканацца, што Захаду (найперш пералічаныя намі краіны) цалкам напляваць на нашую нацыянальную бяду, нацыянальныя праблемы, этнацыд, вынішчэньне мовы, памяці ды беларускай культуры. Яны ня хочуць мець сабе праблемаў на ўсходзе ні з транзітам, ні з трубой, ні з газам, ні з крыміналам. А таму, якая там Беларусь, якая там мова, культура, традыцыі, мараль – усё гэта іх не абходзіць і нічый боль не цікавіць. Для іх спакайней, каб Беларусі ўвогуле не было. Тады мелі б справу толькі з Расеяй. І газ бліжэй, і Польшча будзе паслухмянай.

Яскравы прыклад – цынічныя адносіны да нашай Чарнобыльскай трагедыі (апошняя канфэрэнцыя МАГАТЭ ў Вене, верасень-2005), ці афёра з радыёстанцыяй “Нямецкая хваля”. Яны (у Брусэлі) былі “зьдзіўленыя” шырокім абурэньнем беларусаў супраць нямецкай русіфікацыі радыёэфіру на Беларусь і пачалі неразумна выкручвацца. А які вынік? Эўракамісія аб’явіла чарговы тэндар (2 мільёны эўра) на новы праект замежнага так званага “дэмакратычнага” вяшчаньня на Беларусь. Ва ўмовах тэндару зноў пазначана … расейская мова.

Наш абаронца ў Эўрапарляманце паляк Януш Анышкевіч камэнтуе, што “чыноўнікі ў Брусэлі ўвогуле не разумеюць, якую ролю адыгрывае беларуская мова, якая ў сучаснай Беларусі, акрамя іншага, ёсьць носьбітам грамадзянскай сьвядомасьці”.

Калі яны нічога не разумеюць, то іхнае месца не ў парляманце. Аднак жа ўсё яны разумеюць (ім растлумачылі), але робяць – сваю палітыку ў сваіх інтарэсах. Толькі наша нацыянальная сіла і дзяржаўная беларуская моц магла б прымусіць іх лічыцца з нашымі інтарэсамі.

Брусэльскія афёры з русіфікацыйным вяшчаньнем на Беларусь, думаю, што расплюшчылі вочы шмат якім даверлівым беларусам, што такое заходняя “дапамога” і што такое лібэральная “дэмакратыя”.

 

НЕПРАДРАШЭНСТВА

Дастаткова нават пабежнага погляду на Расею, каб убачыць, што, ня гледзячы на супярэчнасьці і суперніцтва розных палітычных сілаў, праўрадавых ды апазыцыйных, у Расеі няма і ніколі не было рускіх антыімпэрскіх рухаў і нават асобаў, якія б падтрымлівалі, скажам, незалежнасьць Беларусі.

Менавіта па гэтай прычыне ў час расейска-імпэрскіх расколаў, закалатаў і смуты, нацыянальна-дэмакратычныя арганізацыі народаў не маглі ўступаць у саюз з рускімі апазыцыянэрамі ў змаганьні з расейскім рэжымам.

Расейская апазыцыя (любога кшталту), зыходзячы з сваёй імпэрскай мэнтальнасьці, выпрацавала адпаведна і імпэрскі падыход агульнага змаганьня з афіцыйным расейскім рэжымам. У 1950-х гг., з пачаткам халоднай вайны, гэты падыход называлі ў эміграцыі “непрадрашэнствам”. Сутнасьць яго ў наступным. Расейцы прапаноўвалі аб’яднаць намаганьні ўсіх народаў былой Расеі, каб зваліць бальшавіцкі рэжым у СССР. Гаварылася: галоўнае – разам ськінуць бальшавікоў, а там ужо будзем разьбірацца, каму колькі якой свабоды трэба [алагічным чынам цяпер гавораць многія ў г.зв. “аб’яднанай апазіцыі”. – Рэд.].

Беларусы, украінцы, грузіны, эстонцы і г.д. згодныя былі змагацца разам з расейцамі, але пры ўмове вызначэньня гарантыяў вяртаньня незалежнасьці іхных краінаў. Гарантыі павінны быць абумоўлены заранёў.

“Не надо предрешать, – махалі рукамі расейскія дэмакраты – змагары з бальшавізмам, – это расстроит единство.” І г.д.

За непрадрашэнцамі пайшлі толькі агентура і недалёкія людзі, якія слаба разьбіраліся ў палітыцы. Народы ўтварылі свай блёк у змаганьні з бальшавіцкай імпэрыяй. Непрадрашэнства ж стала кляймом палітычнай тупасьці і здрады.

Ня трэба нават спэцыяльна разумецца ў палітычных справах, каб уцяміць, што, зваліўшы бальшавізм без папярэдніх гарантыяў і ўмоваў, усе патрапяць у першапачатковы стан дабальшавіцкай расейскай імпэрыі, і кожнаму прышлося б зноў даказваць перад Расеяй сваё права на незалежнасьць (можа і зброяй), прытым трэба ўлічваць, што вагавыя катэгорыі Расеі і краінаў народаў розьняцца. Ды й які гэта змагар пагадзіўся б змагацца за аднаўленьне над сабой расейскай улады, а потым – зь ёю “разьбірацца”.

Тым ня менш, ня зьнікла расейская мэтодыка і не пераводзяцца дурні ў Вялікім Княстве.

У Беларусі паняцьці непрадрашэнства ёсьць цяпер, бадай што, найбольш распаўсюджаныя агентурныя тэзісы, напрыклад: “Мы за белорусский язык, но не надо выпячивать, сначала необходимо возродить экономику.” Альбо такая лапідарная сэнтэнцыя: “Спачатку трэба зрабіць дэмакратычную краіну, а потым ужо заняцца беларускай матчынай мовай” (генэрал В. Фралоў).

Непрадрашэнства сёньня – гэта асноўнае тактычнае разуменьне так званай “вікаўскай апазыцыі” [гэта так. – Рэд.]. Даводзілася чуць нават у Нью-Ёрку аднаго такога дзеяча, які з сур’ёзным выглядам хваліўся, як добра, маўляў, што яны зьядналіся з камуністамі і агэпоўцамі і дружна ідуць на выбары “пяцёркай плюс”. Разам, значыцца, звалім Лукашэнку, а там ужо будзем разьбірацца, хто куды і што каму належыць.

Вось гэта думальнікі! Тады ўжо позна будзе разьбірацца, бо за “думальнікаў” разьбярэцца Масква (разам, дарэчы, з агэпоўцамі і камуністамі).

Аб’яднаньне супраць рэжыму ў Беларусі ня можа быць на аснове непрадрашэнства, бо канфлікт з рэжымам Лукашэнкі – гэта ёсьць канфлікт з Расеяй, дзе пытаньне гарантыяў незалежнасьці ёсьць галоўным. “Непрадрашаючы”, можна толькі зьмяніць адну акупацыйную ўладу на другую акупацыйную ўладу, як правіла, на яшчэ горшую.

 

ПЕРАД ВЫБАРАМІ

Перад выбарамі абвастрыліся ўсе прыкметы акупацыйнай палітыкі. Зноўку Масква ўзялася за падрыхтоўку прыняцьця так званага “канстытуцыйнага акту”, пры дапамозе якога мяркуюць ліквідаваць нашу дзяржаву і незалежнасьць. Рэжым не цырымоніцца таксама ў чорнай прапагандзе. Масква не сароміцца хлусьні. Цэлыя каманды гэбоўскіх “спэцоў” накіраваныя ў Інтэрнэт, працуюць на Інтэрнэт-старонках і на форумах з 8.оо да 18.оо (з перапынкам на абед). Абмяркоўваюць тэмы, кшталту: “Пазьняк – предатель родины”. Адпрацоўваюць аргумэнтацыю і артыкуляцыю зьняваг.

Тым часам на беларускім тэлебачаньні (9 жніўня) паказваюць архіўныя кадры – мой даўні выступ у парляманце і голас дыктара за кадрам: “Пазьняк нядаўна паслаў сваіх эмісараў на Каўказ да Басаева, каб сабраць тэрарыстаў для зьвяржэньня законнай улады ў Менску”. (Няўжо ў Беларусі такое яшчэ хто-небудзь слухае?)

У гэты ж дзень 9 жніўня на радыё “Свабода” выступае іншы штатны суб’ект з Масквы П.Шарамет. Гэты – агучыў старую гэбоўскую міфалягему, якую некалі, у 1990-х, даручылі агучваць, відаць, А.Фядуту. Той спачатку папісваў, але потым пераключыўся на іншыя распрацоўкі. А міфалягема такая: “Пазьняк і Лукашэнка – ворагі беларускага народа”, “Пазьняк і Лукашэнка – гэта адно і тое ж”. Канструкцыя накіраваная, здаецца, на абалваньваньне маладых.

Адначасна на гэтую ж тэму і з гэтай ідэяй выступае ў “Народнай Волі” трэці пастаянны “пісацель” Ю.Хадыка. Гэты нават спасылаецца на Фядуту, маўляў, Лукашэнка і Пазьняк “блізьняцы-брацьці”, плюс “нарцыс”. З гэтай нагоды чакаецца яшчэ выступ С.Букчына, які спэцыялізуецца па абзываньні мяне “фюрэрам” (паўтор яшчэ капээсэсаўскіх распрацовак). “Публіцысты” (каманда чатырох) заўсёды пішуць і кажуць супраць мяне разам, “владеют слогом”, цытуюць Пушкіна, Плутарха, Жабацінскага.

Набліжаецца выбарчая кампанія, і зноўку вылазяць дзеці хлусьні.

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПУСТЫШКІ

Расейская агентура і ейныя паліттэхнолягі ў Беларусі выкарыстоўваюць цэлы арсенал абдурваньня грамадзтва, пускаюць розныя інфармацыйныя вірусы, ствараюць міфалягемы, прыдумваюць розныя неіснуючыя гісторыі, разыгрываюць спэктаклі.

Стандартна, калі адбываюцца нейкія заплянаваныя рэжымам падзеі, то, каб запабегчы супраціўленьню і зрыву, прыдумваюць “інфармацыйныя пустышкі” ці падзеі “адцягненьня ўвагі”. Клясычнай інфармацыйнай пустышкай было, напрыклад, зьяўленьне Т.Віньнікавай з “зоны маўчаньня”. У друку пачынаюць на ўсе лады лямантаваць, абмяркоўваць, дыспутаваць, задаваць пытаньні і г.д., хоць ніякай рэальнай інфармацыі ў заявах і ў інтэрв’ю Віньнікавай не было, адна пустата. Але гэты псэўдаінфармацыйны ажыятаж адцягваў увагу грамадзтва ад іншай падзеі, якую рэжым хаваў і абрабляў пад мішурой пустазвонства інфармацыйнай пустышкі. Увага грамадзтва ў гэты час пераключалася на пустую інфармацыю.

Першы раз служба, якая вывезла Віньнікаву з-пад арышту за мяжу, выпусьціла яе 8-га сьнежня 1999 года у той дзень, калі Ельцын з Лукашэнкам падпісалі антыканстытуцыйны акт аб стварэньні так званай беларуска-расейскай “дзяржавы” (“саюзу”). Былі пікеты і нешматлікія дэманстрацыі супраціву ў Менску. Але ўвесь гэты антынацыянальны факт, увесь гэты вар’яцкі антыбеларускі ўчынак адышоў тады на трэці плян, патануў у журналісцкім пустазвонстве вакол інфармацыйнай пустышкі Віньнікавай, пасьля чаго Віньнікаву зноў надоўга схавалі. І так зрабілі, здаецца, тры ці чатыры разы, пакуль увесь тавар ня выйшаў у расход.

7-га ліпеня гэтага года нейкі амапавец у Менску ўдарыў кулаком у твар жанчыну Сьвятлану Завадзкую. Выпадак агідны і дзікі. Цэлы месяц ў пэўных колах у Маскве, Менску, Празе і Брусэлі і г.д. не сьціхалі гаворкі, абурэньні, заявы, рэзалюцыі з гэтай прычыны, казалі пра парушэньне правоў чалавека, зьверскасьць дыктатуры, апэлявалі да Масквы і г.д. Дарэчы, калі ў Расеі забіваюць беларусаў ці спрабуюць забіць у Менску кіраўніка Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ Юрыя Беленькага (2000 г.), ці кідаюць у засьценкі хворага і гераічнага Ўладзімера Плешчанку, ніхто ў Эўропе не лямантуе. Яны гэтага ня бачаць. А тут такі лямант? Зрэшты, мы ведаем, што такое ў Эўропе падвойны стандарт. Гэта галоўная рыса лібэральнай палітыкі – ілгаць альбо замоўчваць пра ўсё, што не адпавядае іхным паняцьцям.

Потым, аднак, усё сьціхла. Нікога не судзілі, нават толкам не даведаліся, хто ўдарыў С.Завадзкую. Інфармацыя зышла на нуль. У чым жа справа? А справа выглядае так. У Маскве расейскія спэцслужбы ў асобе сустаршыні Савета па зьнешняй і абарончай палітыцы РФ (СВОП) С.Караганава і былой “дэмакраткі” Э.Памфілавай (кіраўніца Савету пры прэзыдэнце РФ па справах разьвіцьця інстытутаў грамадзянскай супольнасьці) утварылі “расейска-беларускую камісію па абароне правоў чалавека”. Шыльдачку стварылі для Эўропы. Маўляў, глядзеце, мы, маскоўцы, займаемся беларускай праблемай. Раскрутку зрабілі па-гэбоўску проста і, на іхны розум, “эфэктна”. У Менску ўсе былі ў зборы; камэры, журналісты, ішла здымка з выгаднага ракурсу, правільна выбраны кадр; вось падходзіць амапавец проста ў кадр і ні з таго ні з сяго, ня моцна, але адчувальна і гнюсна б’е жанчыну, якая стаяла ў пікеце, у твар.

Тэлебачаньне ўсяго сьвету паказала гэты кадр (а Масква, дык з раніцы да вечара, і назаўтра). С.Завадзкая тут жа (падказалі, хто трэба) зьвяртаецца ў Маскву ў новасьпечаную “камісію” да імпэрыяліста Караганава і былой дэмакраткі Памфілавай. Тыя – у цэнтры ўвагі, даюць інтэрв’ю, “рашаюць” праблему на віду перад Захадам, надзьмуваюць шчокі, робяць заявы “о русских в белорусских тюрьмах” (пра рускіх крымінальнікаў, значыць) і г.д. І ўсё – дзеля рэклямы фальшывай палітыкі, дзе караганавы “мнят себя стратегами”. Брыдка было на ўсё гэта глядзець.

Беларусам трэба разумець, што нават калі маскоўцы пачнуць адзін з аднаго жыўцом скуру зьдзіраць, то Захад усяроўна будзе прасіць Маскву, каб яна, маўляў, паўплывала на рэжым Лукашэнкі наконт “дэфіцыту дэмакратыі” ў Беларусі. Якая ўжо там дэмакратыя ў Расеі, якая за некалькі гадоў рускага тэрору на Каўказе забіла 50 тысячаў чачэнскіх дзяцей, мы ведаем.

Гэтым летам сабраліся кіраўнікі Польшчы, Латвіі, Украіны і Летувы абмеркаваць, як дапамагчы незалежнасьці Беларусі. Усе ж зацікаўленыя мець суседам самастойную і дэмакратычную Беларусь, а не вялікага агрэсара пад дзьвярыма. (Дарэчы, зборкі і нарады кіраўнікоў нашых краінаў-суседзяў робяцца ўжо звыклымі).

Першага верасьня тут жа перад журналістамі выступае такі Малазадэ (спэцдакладчык, “спэцыяліст” па Беларусі), які агучвае ў Радзе Эўропы чужыя думкі, не разумеючы, відаць, іх сэнсу, і заяўляе: “У Радзе Эўропы ёсьць спэцыяльны зварот да Расеі – выкарыстаць уплыў на Беларусь для таго, каб паспрабаваць памяняць сітуацыю з правамі чалавека”.

Назаўтра перад расейскімі думцамі “Единой России” выступае прадстаўнік палаты абшчынаў зь Вялікабрытаніі Робэрт Уолтэр і кажа: “Расея можа дапамагчы Эўропе ў “наладжваньні сітуацыі ў Беларусі”. Зьдзіўленыя расейцы пытаюць, ці не абмовіўся ён? “Не, – кажа Уолтэр, – Беларусь ваш бліжэйшы сусед і сябра. Гэтак, як у Расеі, яе не разумеюць ні ў Францыі, ні ў Нарвэгіі. Таму дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі мы маглі б падзяліць паміж аб’яднанай Эўропай і Расеяй. Гэта нашыя агульныя эўрапейскія праблемы.” (Известия Ру. www.izvestia.ru/politc/article2595917)

Ведаем мы ўжо такіх “дзялільшчыкаў” ў нашай беларускай гісторыі. Але цікавае іншае: калі надта трэба, то яны й Расею назывуць Эўропай. Гучыць гэты сьпіч ангельца, як у дрэннай драматургіі. Адчуваеце фальш? У чым жа справа?

Уся іхняя лухта з “правамі чалавека”, якімі мусіць нібыта займацца Расея (толькі Расеі гэтым і займацца), гаворыцца зусім дзеля іншага. (І гэта ўжо адзначылі нават заходнія аналітыкі.) Эўропа Заходняя баіцца аб’яднаньня і сэпарацыі Эўропы Ўсходняй у Эўразьвязе, і найперш – узаемадзеяньня паміж Польшчай, Беларусяй, Украінай, Летувой і Латвіяй (былая Рэч Паспалітая ці наша ідэя Балтыйска-Чарнаморскай супольнасьці). Таму, дарэчы, Эўразьвяз і ня хоча прымаць Украіны. Лепш Турцыю (там, трэба разумець, Эўропы болей).

Такім чынам, хоць бы там Пуцін наладзіў яшчэ дзесяць Бесланаў з расстрэламі, уолтары ўсяроўна паедуць у Маскву цягнуць Расею ў “вырашэньне” беларускіх праблемаў, каб “падзяліць”, як кажа Ўолтэр, інтарэсы і ня даць скансалідавацца Ўсходняй Эўропе. Вось чаму Эўракамісія, памятаючы таксама пра расейскія нафту і газ, стаіць насьмерць, каб не дапусьціць да ўдзелу ў тэндары на радыёвяшчаньне для Беларусі ўсходне-эўрапейскія краіны, якія маюць усе тэхнічныя ўмовы для беларускага вяшчаньня (асабліва Польшча і Летува) і толькі патрабуюць рашэньня.

І вось чаму Эўразьвяз так упарта хоча заштурхнуць расейскую мову ў беларускі эфір, каб дагадзіць Маскве.

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы