nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Зварот Юлі Цімашэнкі да ўкраінскай нацыі

13 студзеня, 2008 | Каментары (1)

Ц�ма��нка.JPG

18 сьнежня г.г. зь ніжэй пададзеным зваротам да ўкраінскага народа зьвярнулася новаабраная прэмьер-міністар Украіны – Ю.Цімашэнка. Зрабіла яна гэта пасьля таго (!), як нарэшце стала прэмьерам. Хочам зьвярнуць увагу, што ворагамі ўкраінскай нацыі яна называе (вядома ж праз падтэкст) тых, каго і мы адкрыта называем такімі ж – кампрадорскую бюракратыю зь мясцовых і фінансавую алігархію (найперш не ўкраінскую), якія паразітуюць на нашых народах. Ня будзем хаваць, дадзенае супадзеньне ў палітычных сьветаглядах нам вельмі падабаецца. Мы ўсёй душой жадаем братняму ўкраінскаму народу перамогі, верым у яго посьпех, але ўсё яшчэ сумняемся, што можна поўнасьцю давяраць людзям, якія маюць у прыватнай уласнасьці… цэлы квартал Кіева.

Рэдакцыя.

 

Дарагія суайчыньнікі!

У аўторак, 18 сьнежня, быў сфармаваны новы ўкраінскі Ўрад. Вы бачылі, як гэта адбывалася. Такога сутыкненьня пачуцьцяў украінскі парламант, відаць, ня ведаў ніколі. За ўладу трымаліся моцна: псавалі сістэму “Рада”, вырывалі з рук дэпутацкія карткі, ламалі кампутары і мікрафоны. 

Аднак сцэнар бясконцага канфлікту і супрацьстаяньня не прайшоў. Так як ёсьць толькі адна палітычная сіла і адзіная палітычная партыя, якая можа жорстка і безумоўна дыктаваць сваю волю – гэта Народ Украіны. Іншым партыям гэта не дазволена.

Я хачу, каб палітыкі звыкліся з тым, што будзе ня так, як хочуць яны, а так, як скажа народ – на выбарах, рэферэндумах, на грамадскіх слуханьнях і нават у сваіх лістах.

Дзякуй Вам за тое, што Вы паверылі й прыйшлі на датэрміновыя выбары, якія зьмянілі ўсё ў Вярхоўнай Радзе, ва Ўрадзе, у краіне. Дзякуй Вам за тое, што Вы ня страцілі веру, не апісьцілі рук, а ў барацьбе атрымалі шанц далей будаваць сваю краіну. Вы зрабілі ўсё, што залежыла ад Вас. Цяпер – наша чарга вяртаць Вам даўгі.

Я хачу, каб вы адзначылі ў календары сёньняшнюю дату. Гэта – той дзень, калі ўлада паварочваецца тварам да людзей.

Мы пачынаем працэс ачышчэньня краіны, і я зраблю ўсё для таго, каб брудныя ценявыя грошы ніколі больш не былі ключавым чыньнікам украінскай палітыкі, каб народных дэпутатаў не куплялі, нібы быдла на рынку, каб больш ні ў каго з палітыкаў не сьвярбелі рукі лёгка “запрацаваць” некалькі дзесяткаў мільёнаў даляраў на здрадзе.

Акрамя таго, у тых людзей, якім плацілі па 30 мільёнаў даляраў за здраду, больш гэтых ценявых мільёнаў ня будзе.

У бліжэйшыя дні будзе адменена дэпутацкая недатыкальнасьць, ільготы, карумпаваных дэпутатаў пазбавяць дэпутацтва на партыйных зьездах, зьменіцца кіраўніцтва праваахоўных і кантралюючых органаў.  

Сітуацыя ў краіне сёньня даволі ня простая. Яна вельмі дакладна была акрэсьлена аднім з новых міністраў пасьля першага азнаямленьня зь сітуацыяй. Ён сказаў: “Міністэрства транспарту і сувязі ў краіне няма”. Гэтую характарыстыку можна даць кожнай сьферы кіраваньня краінай. Вы гэта адчуваеце кожны дзень, калі сутыкаецеся зь некатралюемым ростам цэнаў, выбухамі газавых сістэм і шахт, адсутнасьцю працоўных месцаў, нахабнай карупцыяй, мізэрнымі пеньсіямі й заробкамі, неадказнасьцю ўлады.

Так, усё гэта ёсьць. Але хай вас гэта не пужае. Іншыя краіны сьвету за лічаныя гады рабілі парадак у сваім агульным доме пасьля войнаў, рэвалюцый, татальных землятрусаў і сакрушальных цунамі. Мы з вамі ня горшыя і не дурнейшыя, і таксама навядзем дакладны парадак пасьля 17 гадоў так званых “глыбокіх рэформаў”.

Мы пачынаем дзейнічаць. І найперш я хачу ўсталяваць прамы, без любых пасярэднікаў, кантакт з вамі. З выкладчыкамі, урачамі, працаўнікамі сьфераў адукацыі, культуры, мастацтва, навукоўцамі, шахтарамі, металургамі, пенсіянерамі і студэнтамі, транспартнікамі й сялянамі – з прадстаўнікамі ўсіх сацыяльных і прафесійных камандаў. Я сама хачу пачуць непасрэдна ад вас, зь якімі праблемамі вы жывяцё, што вам перашкаджае быць шчасьлівымі й пасьпяховымі. Я навучу ўсю ўрадавую машыну падпарадкоўвацца вашым інтарэсам, а не займацца самазадавальненьнем.

Па-другое, мы дакладна і ні пры якіх абставінах ня будзем імкнуцца перакласьці адказнасьць за сітуацыю ў краіне на нашых папярэднікаў. Гэта ня нашы метады.

Ва Украіне склалася кепская традыцыя. Каб апраўдаць уласную бяздарнасьць і лайдацтва, кожны новы ўрад абвінавачвае сваіх папярэднікаў ва ўсіх грахах. Калі ў росьце цэнаў урад абвінавачвае сусьветныя тэндэнцыі й арабскіх шэйхаў, у падвышэньні тарыфаў – кіраўнікоў ЖЭСаў, а ў падаражэньні яек альбо малака – кароў ды кур, – гэта сорамна для краіны. Перакладваць зь сябе адказнасьць – гэта не дзяржаўная пазіцыя. Гэта – плач Яраслаўны што да ўласнай недзеяздольнасьці й няўменьня.

Мы ж прыйшлі не для таго, каб скардзіцца, а для таго, каб падымаць краіну, узяць адказнасьць на сябе і не хавацца ад выклікаў. Урад, які дзейнічае, павінен несьці адказнасьць за сітуацыю ў краіне.

Але, калі ў гэтым месцы нехта зь нячыстых на руку бюракратаў уздыхнуў з палёгкай, дык ён пасьпяшаўся. Так як гэта зусім не азначае, што мы абвяшчаем вялікую і абсалютную амністыю ўсім парушальнікам закона. Так ня будзе!

Літаральна зь першага дню працы новага Кабінета міністраў мы пачалі Ўсеўкраінскую Антыкарупцыйную Эксьпертызу – рэвізію сумніўных аперацый былой улады. Мы павінны дакладна ведаць, што яны пасьпелі нарабіць. І я гарантую, што мы праверым кожную выкарыстаную капейку, кожны тэндэр, кожную ліцэнзію, кожны незаконны акт прыватызацыі. Няхай ніхто не сумняецца – за ўсе цёмныя, незаконныя справы прыйдзецца адказваць.

Усе міністры ды чыноўнікі, якія цяпер прыйшлі да ўлады, таксама павінны ведаць, што кожнае іх рашэньне таксама будзе праходзіць антыкарупцыйную эксьпертызу. У нас ня будзе “сваіх”, недатыкальных палітыкаў і чыноўнікаў, якім нібы та Богам дадзена парва працаваць па-за Канстытуцыяй і насуперак законаў. Да чыноўнікаў, прызначаных на пасады нашым урадам, сёньня мы будзем ставіцца значна больш патрабавальна і жостка, чым да былых. Спадзяюся, што ў гэтым кантролі за дэмакратычнай уладай нам шчыра дапаможа апазіцыя. А мы, як улада, дадзім для гэтага кантролю і дзеяньняў самыя шырокія паўнамоцтвы.

Хаосу ў краіне больш ня будзе. Будзе – парадак. Мая прэмьерская этыка простая і зразумелая: хто хоча працаваць – будзе працаваць, хто хоча красьці – будзе адказваць. І ўсё, альтэрнатываў не існуе.

Я не наіўны чалавек і ведаю, што сапраўдны парадак у краіне не патрэбны амаль нікому, акрамя самаго народа Ўкраіны. І мы аддаем сабе справаздачу, які каласальны супраціў будуць аказваць нам карумпаваныя структуры, АЛІГАРХІЧНЫЯ ГРУПЫ, сярэдняе зьвяно сабатуючай БЮРАКРАТЫІ, прадажныя эксьперты і палітолагі. Калі яны аддавалі мільёны даляраў на тое, каб не дапусьціць стварэньня дэмакратычнай кааліцыі й фармаваньня новага Ўраду, дык цяпер яны кінуць мільярды на тое, каб стрымаць наш Урад і разбурыць дэмакратычную кааліцыю. Бо яны нават не плануюць ні ачышчацца, ні жыць сумленна. Добра праплочаная дыскрэдытацыя Прэмьер-міністра і Ўрада пачнецца ўжо сёньня, і я зьвяртаюся да Вас з просьбай ня верыць чорнай прапагандзе, а разам прайсьці шлях ачышчэньня, разьвіцьця і станаўленьня цудоўнай пасьпяховай краіны. Стаўцеся крытычна да разбуральнай прапаганды. Гэта будуць рабыць тыя, каму мы перакрыем брудныя сьхемы для ўзбагачэньня.

Мы не адмаўляемся ні ад аднаго са сваіх абяцаньняў, мы нясем поўную адказнасьць за кожнае сваё слова, за кожнае перадвыбарнае абяцаньне. Наша перадвыбарная праграма і Праграма дзейнасьці новага Ўраду – гэта ўрачыстыя рэчы. Калі ў сераду раніцай я прыйшла ў Кабінет Міністраў, першая нарада, якую я правяла – гэта сустрэча з галавой Зьберагальнага банку Украіны. Мы абмеркавалі магчымасьць вяртаньня страчаных зьберажэньняў людзям на працягу двух гадоў. Мы знойдзем рашэньне. І далей кожны дзень будзе прысьвечаны выкананьню дадзеных вам абяцаньняў.

І ведайце, калі я кажу “мы зробім, мы выканаем, мы навядзем парадак” – я маю на ўвазе адзінства Прэзідэнта Украіны, Урада і дэмакратычнай кааліцыі ў Вярхоўнай Радзе. Адзінства, якое я нікому ня дам разбурыць.

Вы ведаеце, што ў нас ёсьць стратэгічная праграма разьвіцьця “Украінскі прарыў. Для людзей, а не для палітыкаў”. Гэтая праграма ахоплівае абсалютна ўсе галіны народнай гаспадаркі, усе сьферы жыцьця і ўлічвае інтарэсы кожнага чалавека.        

Мы зробім усё для таго, каб падняць Дух і Духовасьць Нацыі, аднавіць і вывучыць праўдзівую гісторыю нашага народа. Вярнемся да выхаваньня патрыятызму і любові да сваёй Зямлі. Украіна больш ня будзе зонай культурнага бедства, яна будзе тэрыторыяй высокай культуры і прыгажосьці.

Трэба расчысьціць дарогу інвестыцыям і прадпрыймальніцтву, прыняць новы Падаткавы кодэкс са зьніжанымі й сьпрошчанымі падаткамі, жорстка здушыць карупцыю, нарэшце, зрабіць справядлівымі заробкі й пенсіі.

Прыйшоў час правільна фармаваць усе крыніцы дахода сямьі, адчыніць свабодны доступ да якаснай адукацыі й страхавой медыцыны. Мы пабудуем еўрапейскія дарогі й даступнае для кожнага чалавека жыльлё, вернем зьберажэньні й адменім прызыў у войска. Армію мы зробім прафесійнай і моцнай. Мы здольныя стаць сябрамі СГА, годна правесьці Еўра-2012, а, магчыма, і выйграць яго. Нам нішто не перашкодзіць пабудаваць гарманічныя, сяброўскія адносіны з нашымі суседзямі, з усімі моцнымі й магутнымі дзяржавамі. І мы самі абавязкова станем моцнай, магутнай дзяржавай.

Усе рашэньні Ўраду будуць грунтавацца выключна на нацыянальных інтарэсах. Любыя дзеяньні Кабінета Міністраў павінны паляпшаць ваша жыцьцё.

Ня толькі паказьнікамі ВУП, а і рэальным адчуваньнем людзей павінен вымярацца прагрэс і ацэньвацца дзейнасьць Ураду.

Мы – адзіная нацыя, адзіны народ, адзіная краіна. Нам няма чаго дзяліць. Мы павінны сумесна вырашаць тыя задачы, якія стаяць сёньня перад краінай. Без адзінства людзей, без кансалідацыі высілкаў гэта будзе зрабіць надзвычай складана.

Менавіта таму я сёньня заклікаю ўсе палітычныя сілы спыніць свары, спыніць блакады і бойкі ў парламенце, войны кампраматаў і ўзаемныя зьнявагі. Нам не патрэбныя вялікія вэрхалы, нам патрэбная вялікая Украіна.

117 гадоў таму вялікая Леся Украінка напісала: “Без спадзеву спадзяюся”.

Я ж спадзяюся са спадзевам і ўпэўненасьцю. Спакойна будуйце сваё жыцьцё. Усё будзе добра ў нашым украінскім доме.

У нас ёсьць усё для таго, каб быць пасьпяховымі. Ужо праз некалькі гадоў мы будзем ганарыцца тым, што жывем у Вялікай Краіне.

Дый дапаможа нам Бог!

 

 

Каментары (1)

  1. Сяргей кажа:

    Вось так!
    З 18-га стагоддзя на Украіне не было украінскай улады.
    Сёння праз тры стагоддзі нарэште улада на Украіне украінская!
    А калі ў нас на Беларусі будзе беларуская ўлада?

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы