nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Любое добрае падтрымаем: дзьве заявы “адзінага”

26 сакавіка, 2008 | 2 каментарыя

��л�нкев��.JPG

Наш падыход да любых падзеяў у Беларусі быў і будзе выключна канструктыўны і дэмакратычны – ўсё, што адпавядае аб’ектыўным інтарэсам беларускага народу, мы падтрымліваем; з усім, што ім пярэчыць – мы змагаемся.  Таму мы палічылі магчымым выставіць дзьве заявы А.Мілінкевіча з нагоды падзеяў вакол 25 Сакавіка. Тое, што мы лічым станоўчым, выдзелена тоўстым шрыфтам, негатыўнае – абмеркавана пасьля тэкстаў.

Рэдакцыя.

 

1.

Тэкст выступу Аляксандра Мілінкевіча перад удзельнікамі святочнага шэсця ў гонар 90-годдзя абвяшчэння БНР

(паводле www.pahonia.org/str/2008-03/619.htm; на сайце Мілінкевіча мы гэтай заявы не знайшлі).

 

З Днём Волі, Беларусы!

Вітаю смелых!

Трэба мець мужнасць, каб выйсці сёння. Наша смеласць дае вынік. Слугі няволі стомленыя, мы іх выматалі. Прэсінгуйма іх далей!

90 гадоў таму трэ была яшчэ большая адвага. Вакол былі варожыя арміі. Нашым прадзедам хапіла мужнасці. А яшчэ ім хапіла мудрасці.

Гісторыя тварэння Беларускай Народнай Рэспублікі дае нам тры важныя ўрокі.

Першы ўрок. БНР выкарыстала свой шанец адбыцца, стварыцца, хоць магчымасцяў для дзеяння было мінімум. Але ўсё ж стварыць БНР удалося. Бо айцы-заснавальнікі ядналі, ішлі на дыялог, далучалі ўсе групы грамадзянскай супольнасці, якія толькі існавалі ў Беларусі на той час. На розных этапах у стварэнні БНР бралі ўдзел не толькі беларусы, не толькі сяляне, якія тады складалі большасць насельніцтва, не толькі шляхта, якая была носьбітам палітычнае культуры, але і гарадскія земствы, армейскія дэлегаты, прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў. І гэта дало шанец БНР адбыцца.

Другі ўрок. Гэтае аб’яднанне не было адзінствам без прынцыпаў, не было адзінствам дзеля адзінства. Задача была — абвясціць незалежнасць. І калі трэба, лідэры цвёрда ішлі наперад без тых, хто баяўся адарвацца ад расійскай падушкі, хто быў і нашым і вашым.

Трэці ўрок, і гэты драматычны. Розніцай БНР ад яе польскіх ці чэскіх аднагодкаў было тое, што не ўдалося ў час зацікавіць у яе стварэнні беларускі бізнэс — краіна была ў руінах, абязлюдзелая пасля Першай сусветнай вайны, і не ўдалося загадзя наладзіць сувязь з сілавымі структурамі. Гэта было гістарычна абумоўлена запозненасцю беларускага адраджэння, але таксама дае нам навуку ў нашай дзейнасці.

Сёння беларускі народ плаціць дарагую цану за сваю памылку 14-гадовай даўніны. Краіна адстае па ўсіх важных кірунках, адстае дзіка — тут гэтае слова з чужога лексікону ў самы раз.

Заробак у Польшчы дасягнуў 1300 даляраў у месяц, а ў нас усяго 300. А яшчэ ж 15 гадоў таму мы былі ў адным балоце. Пры гэтай уладзе Беларусь ні туды ні сюды, ні то мінулае адбудоўвае, ні то ад сучаснасці хаваецца. Беларусі патрэбныя не англійскія іміджмэйкеры, не полчышча ідэолагаў, а новы курс, папросту новы курс.

Ад свабоды, ад дэмакратычных правілаў гульні выйграюць усе, апрача аднаго чалавека. Ад свабоды выйграюць нават тыя, хто сёння па сваёй наіўнасці свабоды баіцца.

14 гадоў новае няволі адвучылі нас ад ілюзіі — давайце прызнаемся, што з такімі мроямі многія з нас жылі, — што свабода некалі зноў сама сабой прыйдзе, зваліцца нам на галаву, нехта нам яе вытаргуе і падорыць. Мы ведаем, што рабілася з Беларуссю, калі ішоў торг над яе галавою, як у 1921 годзе, праз 3 гады пасля подзвігу айцоў БНР.

Толькі самі, толькі мы, сваімі рукамі, сваім мірным, але зацятым пратэстам адновім свабоду, вернем Беларусь з поўнага абсурду, у якім яна цяпер знаходзіцца, у стан нармальнага грамадства, якое будзе развівацца па законах эканомікі і культуры, а не ідэалогіі, калі ўсе кірункі развіцця падладжваюцца пад тое, што выгадна і што зручна аднаму чалавеку.

Арганізоўвайце беларускія канцэрты.

Падпісвайцеся на свабодныя газеты і закідвайце іх па прачытанні ў іншыя паштовыя скрынкі.

Стаўце помнікі на магілах барацьбітоў за свабоду, дастойныя помнікі.

Стаўце крыжы ў Курапатах.

Жанчыны, дзяўчаты, дарагія мае, да Вас асаблівая просьба. Шыйце нацыянальныя сьцяжкі. Моладзь, пакажы, на што ты здатная. Пакідайце нацыянальныя сцягі ўсюды. Над ляснымі дарогамі, над гарадскімі вуліцамі. Хай нацыянальная сімволіка лунае па краіне. Гэта будзе знак, што жыве Беларусь!

Барацьба за свабоду — гэта доўгая дарога.

Слугі няволі стомленыя, мы іх выматалі. Паўтаруся: прэсінгуйма іх далей! Яны ўжо самі не вераць у свой курс. Яны не чакалі такога супраціўлення. Паводле іхных планаў на 2008 год у Беларусі ўжо не павінна было застацца арганізаванай апазіцыі, толькі разрозненыя, ізаляваныя дысідэнты ў вузкіх гета, што не кантактуюць між сабой. Парушайце правілы гульні, антыканстытуцыйныя, антызаконныя правілы, што навязваюцца слугамі няволі. Не будзьце самі ў сабе, самі для сябе, хай наша энергія будзе скіраваная на іншых людзей, на шырокае грамадства. Стварайце суполкі з сябрамі і рабіце з іх асяродкі свабоды, маленькія тэрыторыі свабоды. Наладжвайце сувязь з аднадумцамі ў іншых гарадах і сталіцы.

Прыйдзе наш час, і свабода пераможа. Незалежная, еўрапейская, дэмакратычная, багатая Рэспубліка Беларусь будзе ўвасабленнем ідэалаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Беларусь пераможа!

Жыве Беларусь!

 

 

2.

Мы не спынім сваёй барацьбы за волю і незалежнасць. Заява Аляксандра Мілінкевіча ў сувязі з падзеямі, якія адбыліся ў Дзень Волі (паводле by.milinkevich.org/news/data/ic_77/2965; 26/03/2008).

 

25 сакавіка ўлада паказала ў чарговы раз свой цынічны і нялюдскі твар. У Мінску была бессэнсоўна жорстка падаўлена мірная дэманстрацыя. Людзі з кветкамі ў руках выйшлі на вуліцы горада, каб адзначыць 90-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Міліцэйскі “Спецназ” збіваў непаўналетніх, жанчын, пажылых людзей, журналістаў. Больш за сто чалавек затрыманы, многія з іх маюць паважныя траўмы, некаторыя ўжо шпіталізаваныя. Агрэсія ўлады – адзнака яе слабасці.

Ніякія рэпрэсіі не скараць тых, хто падняўся з каленяў. Іх з кожным днем усё болей. Права жыць у свабодзе даецца Богам, а не дзяржавай.

Беларусь будзе беларускай і еўрапейскай! Мы не спынім сваёй барацьбы за волю і незалежнасць. У нас хопіць мужнасці і рашучасці, каб перамагчы, бо за намі праўда.

Я яшчэ раз папярэджваю тых прадстаўнікоў улады, што аддаюць злачынныя загады, незаконна пераследуюць іншадумцаў, звальняюць іх з працы і адлічваюць з універсітэтаў, ілжэсведчаць у судах: правасуддзе і справядлівасць вернуцца ў нашу краіну. Вашы злачынствы не маюць тэрміну даўніны і ўсім, хто сёння парушае заканадаўства, прыйдзецца несці адказнасць.

Адначасова цвёрда заяўляю, што мы па-ранейшаму будзем салідарнымі з ахвярамі палітычных рэпрэсій і акажам ім маральную падтрымку і канкрэтную дапамогу.

 

3.

Ад рэдакцыі.

Усё было б проста цудоўна, калі б мы ведалі, што такое «новы курс», за які змагаецца Мілінкевіч і яго каманда, і як гэты «курс» стасуецца з аб’ектыўнымі інтарэсамі беларускага народу, сістэму якіх паступова разгортваем мы (гл. прынцыпы Беларускай дактрыны)

Аднак нам на падставе шматгадовай практыкі зносін з дадзеным ды іншымі грамадска-палітычнымі асяродкамі вядома, што абмеркаваньня менавіта гэтага пытаньня – пра інтарэсы беларусаў як мэту дэмакратычнага палітычнага змаганьня ў Беларусі – яны баяцца, як агню! Чаму так адбываецца, мы таксама ведаем, але пакуль заяўляць пра гэта ня будзем.

Лепш мы будзем у адпаведнасьці з парадай «толькі самі, сваімі рукамі» патроху рабіць нашую беларускую справу, чым губляць усё больш дарагі час на няпэўныя ідэі й няпэўных людзей. Хаця да перамоваў зь мінімальна прыстойнымі асобамі мы заўсёды адкрытыя…

 

2 каментарыя

  1. franciszek кажа:

    Станоучыя баки выступу вызначаны, аднак гэты выступ не стасуецца да иншага, у яким спадар Миленкевич закликае
    да интэграцыи з эканомикай Расеи. Хиба я ни разумею сэнсу интэграцыи, але мне здаецца што интэгрвацца можна у
    эканомику. грамадства и инш. – гэта значыць самим улезьць у лапы маскалеу, таму и няма ничога пра НОВЫ КУРС.

    Поспехау ВАМ у Родным краи.

  2. Дуглас кажа:

    А интегрироваься в ЕС, НАТО означает влезть в лапы Запада или нет? Или Вы называете это сохранением суверенитета? Ох и глуп же ты, Франтишек! :)))

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы