nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Наша справаздача за 2 гады працы

1 красавіка, 2008 | 2 каментарыя

Рэдакцыя

�аказ�н�к�.GIF

З 1 красавіка г.г. споўнілася 2 гады працы рэдакцыі. Асноўныя нашы дасягненьні вы бачыце ў табліцы. Зь яе, напрыклад, вынікае, што ў параўнаньні з першым годам працы нашы чытачы ў тры разы актыўней удзельнічаюць у каментаваньні матэрыялаў, у столькі ж павялічылася колькасьць прачытаньня найбольш перадавога матэрыяла, якім на сёньня зьяўляецца 1-я частка (усяго іх 8 ) артыкула “Наша галоўная праблема – этнацыд, наша мэта – беларуская дзяржава!”, (адрас: https://nashaziamlia.org/2006/04/04/14). Істотным для нас зьяўляецца тое, што на нас можна выйсьці праз пашукавік Google.com, іншыя пашукавікі, што нас аднойчы працытаваў знакаміты www.kavkazcenter.com. У сьпіс беларускіх інтэрнэт-СМІ нас уключыў адзін зь Медыя-каталогаў (адрас: peoplefm.nfshost.com/?p=58).

Аднак у вышэй разьмешчанай табліцы галоўным лічым паказьнік сярэдняй чытальнасьці матэрыялаў за час, пакуль яны праходзяць першую старонку. Гэты паказьнік мы лічым аналагам газетнага тыражу, які, як вы бачыце, вырас прыкладна ў 2 разы. Гэтай лічбай мы і ацэньваем рост папулярнасьці нашага сайта за другі год працы рэдакцыі ў параўнаньні зь першым. Мы лічым, што гэта пэўныя дасягненьні. Тым больш, што мы працягваем працаваць толькі за ўласныя сродкі й у вольны ад асноўнай працы час, а калектыў рэдакцыі складаюць, у існасьці, 2-3 чалавекі.

Але мы здольныя глядзець на сваю працу крытычна: нашая папулярнасьць у цэлым яшчэ вельмі малая, у нас слабы праграмісцкі сектар й вэб-дызайн сайту (у прыватнасьці, мы даўно ўжо зьбіраліся ўвесьці калонку адрасоў блізкіх да нас па сваіх ідэалагічных пазіцыях беларускіх сайтаў, але, як вы бачыце, так і не зрабілі). Але тут ёсьць хоць нейкае апраўданьне – абмежаваная матэрыяльная база. Затое адзін з самых важных недахопаў – Сьветаглядная дактрына, распрацоўка якой за год амаль не зрушылася (за выключэньнем зьяўленьня некалькіх арыентыровачных артыкулаў) – ня мае ніякага апраўданьня. Ёсьць толькі тлумачэньне: мы занадта захапіліся ідэалагічнай праблематыкай (нагадаем, сьфера палітыкі – гэта калі гаворка ідзе пра ўзяцьце, утрыманьне і распарэджэньне ўладай; сьфера ідэалогіі – гэта калі фармулююцца і абгрунтоўваюцца мэты, сэнс такога замаганьня; сьветаглядная сьфера – калі абмяркоўваецца праблема, наколькі вызначаныя мэты правільныя; апошняе ёсьць вышэйшае). Будзем улічваць гэта ў далейшай працы.

Нягледзячы на тое, што мы аб’явілі свой сайт выключна ідэалагічным, у нас зьявілася шмат матэрыялаў палітычнага зьместу, якія запатрабавалі распрацоўкі Пераможнай дактрыны. Што ж, калі за яе ніхто ня возьмецца, мы і надалей будзем спрабаваць яе распрацоўваць. Але, як і раней – выключна як пабочны прадукт.

Мы ведаем таксама пра розныя іншыя нашы недахопы, пра якія мы не ўзгадалі вышэй, ведаем, як іх паправіць (але гэта патрабуе часу). Але на ўсялякі выпадак мы зьвяртаемся да вас яшчэ з адной просьбай: калі ў вас ёсьць ідэі, як палепшыць працу сайта, калі ласка, дашліце свае думкі ў выглядзе каментара да гэтага матэрыялу.

Карыстаючыся нагодай, заклікаем нашых прыхільнікаў распаўсюджваць сярод шчырых беларусаў інфармацыю пра існаваньне ў сеціве сайта, які працуе пад лозунгам “Беларусь – наша зямля!”; у якасьці вышэйшай сваёй каштоўнасьці абраў аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу, узгодненыя з прагрэсіўным кірункам разьвіцьця Сьвету; у якасьці галоўнай тактычнай задачы абраў фармуляваньне і абгрунтаваньне Праграмнага вобразу будучай беларускай дзяржавы; а ў ідэалагічнай сьферы прытрымліваецца ідэй зьмястоўнай дэмакратыі, сістэмнага гуманізму і сьветаглядна арыентуецца на навуковую карціну сьвету.

Распаўсюд такой інфармацыі – надзвычай важная справа. Таму, як толькі надарыцца аказія, мы вас просім кожны раз прыцягваць увагу вашых добрых беларускіх знаёмых да нашага сайта.

З павагай,

усяго вам найлепшага

Рэдакцыя сайта “Беларусь – наша зямля!”

2 каментарыя

  1. Актывіст кажа:

    Вялікі мінус – адсутнасць нацыянальных сімвалаў (наш сцяг і герб) у дызайне сайту (бусла я не прымаю ў разлік).

  2. Рэдакцыя кажа:

    Актывісту.
    Паважаны спадар,
    1) наш сайт не палітычны, а ідэалагічны. Хацелася гэта адлюстраваць нейкім нестандартным чынам. Сімвал бусла, беларускай птушкі шчасьця, якая пралятае над Беларусьсю і разганяе “аблокі” пакутаў і няўдач, якія перасьледуюць наш народ апошнія стагоддзі, падаўся нам добрай ідэяй для выкарыстаньня ў якасьці лагатыпу сайта і таго, што мы робім.
    2) беларускія нацыянальна-гістарычныя сімвалы надзейна зафіксаваны ў нас у якасьці сімвалаў Будучай Беларускай Дзяржавы адпаведным прынцыпам Беларускай дактрыны.
    Гэта нашы аргументы. Але над Вашым пажаданьнем мы будзем яшчэ думаць.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы