nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Пасткі для расейскай імперыякратыі (частка 2)

10 красавіка, 2008 | Няма каментараў

Георгі Сатараў

 

Разгледзім тры астатнія з сямі пастак, створаных уладай для самой сябе.

5. “Поўная засяроджанасьць на пазітыве і фармаваньні пазітыўных чаканьняў”. Гаворка ідзе пра безаглядную і паўсюдную прапаганду, якая пераконвае грамадзянаў, і вельмі пасьпяхова, у тым, што ў Расеі ўсё выдатна, а будзе – яшчэ лепш. Гэта стварае яўна перабольшаныя чаканьні, аднолькавыя ў большай часткі насельніцтва. Ва ўмовах свабоды слова, дакладней – ва ўмовах інфармацыйнага плюралізму, грамадзянам даступныя разнастайныя пункты гледжаньня на цяперашні час і на будучыню. Гэта спараджае ў насельніцтва разнастайнасьць меркаваньняў і ацэнак, што запабягае небясьпечнаму маналіту грамадскай думкі. Дык у чым жа яго небясьпечнасьць?

Дзеля чытачоў паўтару тое, што ўжо пісаў некаторы час таму ў «ЕЖе». Гаворка ідзе пра адну з вельмі прасунутых тэорыяў, якія тлумачаць прычыны, што падштурхоўваюць людзей да актыўнага сацыяльнага пратэсту. Гэта тэорыя адноснай дэпрывацыі. Згодна з гэтай тэорыяй, людзі бунтуюць, калі адчуваюць істотны разрыў паміж сваімі чаканьнямі й рэальнай дынамікай свайго жыцьцёвага ўзроўню. Гэты разрыў і называюць адноснай дэпрывацыяй. Яна можа расьці ці пры зьніжэньні жыцьцёвага ўзроўню, ці пры гвалтоўным узрастаньні чаканьняў, ці праз абедзьве прычыны. Адсюль вынікае, што фармаваньне празмерных чаканьняў павялічвае шанц росту адноснай дэпрывацыі і, як наступства, гатовасьць людзей да пратэсту. А цяпер дадайце да гэтага не вельмі спрыяльныя сацыяльна-эканамічныя прагнозы на 2008 г., пачатак росту коштаў на прадукты харчаваньня, і вы зразумееце, у якую пастку заганяе сябе ўлада сваёй масавай прапагандай. Яны разьлічваюць забясьпечыць стабільнасьць, а замест гэтага ствараюць умовы для пратэсту.

 

6. “Канцэнтрацыя на адной крыніцы пазітыўных чаканьняў”. Гэтая пастка створаная, як кажуць, сьпецыяльна для Пуціна. Тут гаворка ідзе пра іншыя “сьпевы” афіцыйнай прапаганды. Яе высілкі накіраваныя на тое, каб пераканаць людзей, што ўсім добрым, што адбываецца з людзьмі, з нашай краінай, мы абавязаныя асабіста другому прэзідэнту Расеі. Ён – адзінае спадзяваньне, адзіная крыніца надзеяў, пазітыўных чаканьняў. Мэта зразумелая – забесьпячэньне высокага рэйтынгу Пуціна і, як вынік, стабільнасці рэжыму. У грамадскай сьвядомасьці фармуецца патрыярхальная персаналісцкая мадэль, пра якую пісаў былы памочнік прэзідэнта Ельцына Міхаіл Красноў. У побытавым варыянце гэта гучыць: “добры цар – дрэнныя баяры”.

Але гэта палка з двума канцамі. Грамадская сьвядомасьць можа лёгка пераключацца з аднаго стэрэатыпу на іншы. Той, зь кім мы асацыявалі нашыя пазітыўныя чаканьні, можа стаць адзіным вінаватым у нашых расчараваньнях. Успомніце пра кульбіты грамадскай думкі, у прыватнасьці, у адносінах да Гарбачова ці Ельцына, і ўсё стане ясна. Калі персаніфікуецца крыніца добрага, дык дакладна так перасаніфікуецца крыніца нашых праблем. Як толькі пачне расьці адносная дэпрывацыя, людзі тут жа кінуцца шукаць вінаватага, і, урэшце, ім акажацца лідэр, на якім раней канцэнтраваліся спадзевы.

Гэты эфект узмацняецца ўніверсальнай зьявай, якая праяўляецца ў розных культурах, пры розных палітычных рэжымах, у людзей рознага сацыяльнага статусу. У сацыяльнай псіхалогіі яго завуць “фундаментальная памылка атрыбуцыі”. Яна (памылка) заключаецца ў тым, што, тлумачачы паводзіны, дзеяньні людзей, мы сьхільныя недаацэньваць аб’ектыўныя абставіны, умовы дзеяньня і пераацэньваць уплыў асабістых якасьцяў дзеючай асобы. Шматлікімі ўражвальнымі эксьперыментамі навукоўцы абвяргаюць апраўданасьць дамінаваньня такога спосаба тлумачэньня сацыяльных паводзінаў. Вось адзін з прыкладаў. Дзьве групы семінарыстаў атрымалі навучальнае заданьне – накіравацца да веруючага чалавека, які патрабаваў іх дапамогі. Кожны з удзельнікаў эксьперымента на сваім шляху сустракаў сцэнку, якая патрабавала яго ўдзелу – дапамогі чалавеку на вуліцы, які трапіў у бяду. Для адной выбаркі былі створаныя камфортныя часовыя ўмовы. Для іншай – умовы цэйтноту. У першай выбарцы большасьць семінарыстаў затрымлівалася, каб дапамагчы чалавеку. У другой – праходзілі міма. Калі семінарыстам з трэцяй групы паказвалі сцэнкі з рознымі паводзінамі будучых пастараў, дык у абсалютнай большасьці прадстаўнікі трэцяй групы тлумачылі розныя паводзіны асабістымі якасьцямі семінарыстаў – адныя добрыя, а другія – бяздушныя. Мала каму прыходзіла ў галаву выказаць меркаваньне: а, можа, ён сьпяшаўся?

З-за фундаментальнай памылкі атрыбуцыі мы сьхільныя мяняць ацэнкі людзей, калі мяняем ацэнкі іх дзеяньняў і вынікаў іх дзеяньняў. Разумны пераўтвараецца ў дурня, добры – у злога, сумленны – у злодзея. Таму лёгка прадказаць, як будуць мяняцца ўстаноўкі што да лідэра. Спачатку мякка пачне мяняцца ацэнка яго дзеяньняў й іх вынікаў, а потым рэзка пачне мяняцца ацэнка асабістых якасьцяў. Пытаньне толькі ў тым, хто стане першай ахвярай – Мядзьведзеў ці Пуцін.

 

7. “Спакуса цэнтралізаванага кіраваньня”. Я вяртаюся да таго, пра што пісаў у першых артыкулах цыкла. Я неаднаразова паўтараў гэта і буду вяртацца да гэтага зноў і зноў. Бо гаворка ідзе, магчыма, пра самае галоўнае, самае небясьпечнае. Паўтараю: у сучасным сьвеце для такіх аграмадных, унутрана разнародных, мультыкультурных краін, як Расея, няма нічога больш небясьпечнага, чым усталяваньне прымітыўных цэнтралізаваных сістэм кіраваньня краінай.

Прыхільнікі такіх сістэм, як паказвае мой досьвед, дзеляцца ў нас на тры катэгорыі. Першая катэгорыя – гэта шчыра веруючыя “недаадукаванцы”. Іх адукацыя абмежаваная прымітыўнымі ідэямі пра сістэмы кіраваньня часоў Норберта Вінера і Роса Эшбі: “уваход”, “выйсьце”, “чорная скрыня”, “зваротная сувязь”, “раўнавага”. Але яшчэ  паўстагоддзя таму той жа Эшбі выводзіў закон “неабходнай разнастайнасьці”, якому пярэчыць дзейнасьць нашых спрашчэнцаў. Яны забылі нават лікбезаўскія лекцыі, яны запіхваюць зваротную сувязь унутр сваёй чорнай скрыні (пад назовам “бюракратыя”), пазбаўляючы тым самым сваё прымітыўнае кіраваньне ўсялякага сэнсу і пазітыўнага выніку. Іх разуменьне кіраваньня застыла на ўзроўні вебераўскіх уяўленьняў пра бюракратыю, але яны няздольныя стварыць у краіне нават бюракратыю ХІХ стагоддзя.    

Другая катэгорыя спрашчэнцаў – гэта вульгарныя злодзеі, якія баяцца згубіць уладу, для якіх цэнтралізацыя кіраваньня ёсьць спосабам ліквідацыі канкурэнцыі й захаваньня ўласнай ўлады.

Трэцяя катэгорыя – гэта рабаўнікі, якія саромеюцца свайго рабаўніцтва. Для іх казань цэнтралізма – вынік веры ў яго, якая патрэбная для таго, каб зьняць кагнітыўны дысананс.

Цэнтралізм кіраваньня – гэта паняцьце, якое, зь “іх” пункту гледжаньня, улучае ў сябе жорсткасьць узаемасувязяў паміж кампанентамі й элементамі сістэмы, дэтэрмінаванасьць рэакцый на сігналы (загады) і да т.п. Між тым, ужо больш 60 гадоў гэтыя ўяўленьні мяняюцца і цяпер успрымаюцца, як дзікія і бязграматныя.

У канцы ХХ стагоддзя далей за іншых зрушыў у апісаньні сацыяльных сістэм вялікі сацыяльны мысьляр зь Германіі Ніклас Луман. Пакарыстаюся прамым цытаваньнем:

“Абсалютная ўзаемазалежнасьць была крытэрам паняцьця сістэма, і раптам стала ясна, што абсалютная ўзаемазалежнасьць – гэта зусім ня так добра, як думалі раней, і што яна ня ёсьць дасканалай формай сістэмы, а, наадварот, уяўляе зь сябе абсалютна малаверагоднае форму пабудовы. Пры абсалютнай узаемазалежнасьці любое парушэньне прымушала бы наноў выраўноўваць усю сістэму, і на гэта пайшло б столькі часу, што ўжо пасьпела б адбыцца новае парушэньне, і сістэма так ніколі і не прыйшла б у стабільны стан” [Луман Н. Введение в системную теорию. М.: Изво «Логос», 2007, ст.177].

Пакарыстаюся метафарай, да якой прыбягаў у сваіх лекцыях Луман. Калі б людскі арганізм быў пабудаваны так, як спрабуюць будаваць Расею нашыя вертыкальшчыкі, дык ён доўга не працягнуў бы. Лёгкая хвароба вантробы перакінулася б на суседнія органы, яны б узмацнілі крызіс вантробы, і так, па ланцужках жорсткіх узаемасувязяў, хутка б прыйшоў у нягоднасьць увесь арганізм. На самой справе такога няма. У людскім арганізме розныя органы і падсістэмы суаднесеныя ня жорстка, яны даволі аўтаномныя, іх уплыў адзін на аднаго не перадвызначаны жорсткай дэтэрмінаванасьцю. І гэта робіць захворваньне аднаго органа у большасьці выпадкаў больш бясьпечным для арганізма ў цэлым і такім, які паддаецца на мэтанакіраванае лячэньне.

Зьвярніце ўвагу. Эканамічныя крызісы ў Амерыцы ніколі не пагражалі палітычнай сістэме. Таму што гэтыя дзьве сістэмы дастаткова аўтаномныя.

А як у нас?  Стала агульным месцам казаць, што магчымае паніжэньне цэн на нафту можа зламаць ня толькі эканоміку, але і цяперашнюю палітычную сістэму. Успомнім: найжорсткі крызіс 1998 года не зламаў палітычную сістэму Расеі, хаця яна была яшчэ вельмі недасканалая. Але яна была гнуткая, у ёй існавалі аўтаномныя інстытуты. А вы можаце ўявіць сабе падобны крызіс у пуцінскай Расеі? Вось і яно. Адсюль жа і хваляваньні што да прэзідэнцкіх выбараў. Што гэта за краіна такая, якая нібыта “паднялася з каленаў”, якую можа разваліць зьмена прэзідэнта?! І да таго ж такога прэзідэнта. Стабільнасьць ім давай, чорт пабяры! А ў нармальных дэмакратычных краінах зьмена ўлады – гэта заўсёды прэтэкст для пазітыўных чаканьняў. Во ўладкаваліся!

Нагадаю для тых, хто забыў: распад СССР быў абумоўлены ў якасьці першапачатковай прычыны падзеньнем коштаў на вуглевадароды. Палітычная сістэма абрынулася ў тым ліку і таму, што была жорстка зьвязаная з эканамічнай. Цяпер жорсткая сувязь адноўленая, але яна мае іншую прыроду – карупцыйную [дакладна так. – Рэд.]. Гэта ў 100 разоў горш.

Такім чынам, цэнтралізатары, будаўнікі “моцнай улады” і жорсткай вертыкалі ўцягнулі нас у самую страшную пастку. У ёй чвэрць стагоддзя таму апынуўся СССР. Вынік вядомы.

Вось такія пасткі – сем сьмяротных пастак. Яшчэ раз пералічым іх:

1. Адсутнасьць базы легітымнасьці.

2. Гвалт дзеля стабільнасьці.

3. “Бясплатнае” багацьце.

4. Сістэма асабістых уній.         

5. Поўная сканцэнтраванасьць на пазітыве і фармаваньне пазітыўных чаканьняў.

6. Канцэнтрацыя ўвагі на адной крыніцы пазітыўных чаканьняў.

7. Спакуса цэнтралізаванага кіраваньня.

Тут яшчэ праблема: яны існуюць не ізалявана, а ўзаемадзейнічаюць, узмацняючы тым самым сумарны негатыўны эфект. Паспрабуйце падумаць пра гэта самі, і вы выявіце мноства сувязяў паміж гэтымі пасткамі.

І яшчэ адныя абставіны. Усе гэтыя пасткі так альбо інакш зьвязаныя з выбарамі, з транзітам улады. У сукупнасьці яны фармуюць страх перад нявызначанасьцю зыходу выбараў, стымулююць пераўтвараць іх у кіруемы фарс. Але адначасова, пры ўсёй пасьпяховасьці абессэнсоўліваньня выбараў, яны робяць нелегітымную перадачу ўлады небясьпечнай для іх саміх, крыніцай крызісу для ўсёй краіны.

Такія пірагі…

 

 

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы