nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Вітаўтас Ландсбэргіс: “Я ня ведаю рэзону беларускім апазіцыянерам весьці перамовы з Расеяй”

8 мая, 2008 | Няма каментараў

Акрамя Расеі, Украіны пара зьвярнуць увагу на нашу добрую суседку Летуву. Прапануем інтэрвю Вольгі Караткевіч з Вітаўтасам Ландсбергісам (паводле www.svaboda.org/content/Transcript/1109913.html). Найбольш важкае на наш погляд выдзелена. Рэдакцыя.

Ð�андзбеÑ�гÑ�Ñ�.JPG 

 

В.Караткевіч: Спадар Вітаўтас, якія пытаньні вы абмяркоўвалі сёньня ў Брусэлі?

В.Ландсбэргіс: Мы абмяркоўвалі рэзалюцыю пра магчымыя наступствы будаўніцтва газаправода па дне Балтыйскага мора, а таксама сітуацыю ў Грузіі. Напрыканцы дня ў нас быў віцэ-прэм’ер Грузіі, які заклікаў папярэдзіць магчымасьць вайсковых дзеяньняў на фоне цяперашняй эскалацыі канфлікту з боку Расеі.

 

Наколькі пазыцыя Літвы ўплывовая, альбо яна сатэлітная?

– Літва мае ўплыў, бо яна трымае сваю лінію пераканаўча і пасьлядоўна ў меру таго, як да яе прыслухоўваюцца. Іншым разам прыслухоўваюцца…

 

Літва накладае вэта на кантакты Расеі і Эўразьвязу. Як Вы тут патлумачыце пазыцыю Літвы, як дэпутат Эўрапарлямэнту?

– Літва нагадвае Эўразьвязу некаторыя асноватворныя рэчы. Калі ідзе гаворка пра дамову, то пытаньне стаіць дзеля чаго і зь кім. Сэнс дамоваў – рабіць згодна зь імі. Але якраз Расея не выконвае забавязаньняў мінулых і цяперашніх дамоваў. Альбо проста адмаўляецца ці ігнаруе іх. Таму Літва вырашыла нагадаць і папрасіць, каб ЭЗ выставіў хаця б нейкія патрабаваньні да Расеі ў зьвязку зь мінулымі забавязаньнямі, каб усе тут ведалі, з кім мы будзем дамаўляцца: з краінай, якая сур’ёзна ставіцца да дамоваў і да іншага боку, ці несур’ёзна, проста высьмейвае партнэра, бярэ з дамовы тое, што ёй патрэбна, а плюе на тое, што ёй не падабаецца.

 

– Апошнія крокі палітыкаў, якія ёсьць кіраўнікамі больш старых сяброў ЭЗ, што Эўропа мусіць быць больш самастойнай у вырашэньні геапалітычных пытаньняў. Як вы думаеце, наколькі гэта рэальна быць незалежнымі ад ЗША?

Справа ня толькі ў незалежнасьці ад ЗША. Нейкай вялікай залежнасьці і няма. Але навідавоку энэргетычная залежнасьць ад Расеі ўсяго ЭЗ, калі ён будзе. За гэтым ідзе больш частая адмова ад прынцыповых пазыцый. Паколькі, маўляў, Расеі гэта не падабаецца.

 

– А што азначае адмова ад прынцыповых пазыцый? Гэта азначае дарогу да далейшых праблемаў?

Адмова ад прынцыповых пазыцый – гэта патураньне злу і дарога да новых праблемаў. І Эўропа гэта аднойчы ўжо паспытала адносна гітлераўскай Нямеччыны, калі саступала дзеля пазьбяганьня канфлікту. І потым атрымала ўрок. Нешта падобнае адбывалася і з СССР, а цяпер з Расеяй, якая зноў паварочваецца да практыкі савецкіх часоў.

 

Пракамэнтуйце адказы мінакоў на пытаньне: “Што такое беларуская дзяржаўнасьць”?

– Я не пачуў думкі пра свабоду чалавека, пра незалежнасьць самога беларускага грамадзтва, як яно вызначае свой лёс ці толькі спадзяецца на трымальніка ўлады і яго сілавыя структуры, да якіх трэба прыстасавацца і атрымоўваць каўбасу ці нейкі заробак, і нібыта ўсё на гэтым заканчваецца. Тут нехта згадаў пра беларускую мову. А якое стаўленьне беларусаў да таго, што беларускамоўныя школы амаль поўнасьцю ліквідаваныя? І што беларуская мова выціснута і асуджана пры цяперашняй палітыцы і ўладзе? І як беларусы могуць вызначыцца? Ці яны ведаюць, што нічога ня могуць зрабіць?

 

А што рабіць, калі яны думаюць, што нічога зрабіць нельга?

– Тады навошта наогул казаць пра дзяржаўнасьць? Дзяржава ня нейкая клетка, у якой жывуць людзі. Дзяржава – гэта супольнасьць людзей, якія ствараюць свае кіроўныя, эканамічныя, сацыяльныя і адукацыйныя структуры. І гэта людзі павінны рабіць разам, ажыцьцяўляючы сваю волю шляхам дэмакратычных выбараў і самавызначэньня ў недзяржаўных арганізацыях. Але ж у Беларусі гэта не дазволена. Альбо недзяржаўныя павінны быць дзяржаўнымі, павінны слухаць трымальніка ўлады.

 

– Вашае стаўленьне да дысыдэнтаў і апазіцыянераў?

– Дысыдэнты ці апазыцыянэры – гэта насамрэч адно і тое ж. Дысыдэнт той, хто кажа адкрыта: “Я ня згодны”. І тлумачыць, чаму ён бачыць рэчы інакш і хоча, каб было лепш. Апазыцыянэры выносяць гэта на палітычную плятформу. Але сказаць, што тут няма перакананьняў, няма жаданьня правесьці нейкія прынцыпы ў жыцьцё, а проста інтарэсы групаў – гэта няправільна. Вось тыя лідэры апазыцыі ў Беларусі, якіх забілі, якім інтарэсам яны служаць? Іх інтарэсам было тое, каб Беларусь была лепшай, чым тая, якую стварылі групы каля дыктатара. Яны хочуць іншую Беларусь. Гэта можа быць інтарэсам, але інтарэс мае адценьне нейкай выгады. А тут пра іншае ідзе гаворка. Пра лепшае, больш прыстойнае самаадчуваньне людзей, якія не даведзены да нейкага прыгоннага падпарадкаваньня. Якіх у любы момант можна пакараць, пазбаўляючы працы, калі ён нешта гаворыць, што не падабаецца ўладам. Гэта ж практыкуецца, такі сацыяльны тэрор. І калі пад такім ціскам жыве грамадзтва, яно можа прыстасавацца і жыць у такім напалоў рабскім стане. Але калі знаходзяцца людзі, якім гэта не па душы, ідуць на супраціў гэтаму злу, то іх варта паважаць.

 

Калі Вам у самым важным трэба было ісьці на кампраміс пры вырашэньні дзяржаўнага пытаньня?

– Гледзячы што называюць кампрамісам. У мяне аднойчы была спрэчка па тэлефоне з Вашынгтонам, чаму Літва ня ідзе на кампраміс з Гарбачовым? Я мусіў тлумачыць сэнатару, які гаварыў ад імя прэзыдэнта, што ад нас патрабуюць капітуляцыі, а называюць гэта кампрамісам. Літва прапануе мноства кампрамісаў, але ў пэўных варунках, якія не пераходзяць у капітуляцыю. Можна шукаць нейкія рашэньні, якія будуць рухаць вашу справу наперад. Але вы не павінны здрадзіць сваёй справе.

 

Спадар Вітаўтас, чаму важна накласьці вэта на кантакты Расеі й Эўразьвязу?

– Насамрэч, Літва зьвяртае ўвагу сваіх саюзьнікаў па ЭЗ , што нешта трэба высьветліць з Расеяй, перш чым пачынаць новую дамову. Расея – гэта такая краіна, асабліва пры цяперашняй уладзе, якая не трымае слова і не выконвае дамоваў. І зь Літвой ёсьць многа дамоваў, якія не выконваюцца і нават няма адказаў. Тое ж з Эўрарадай. Калі Расея ўступіла ў Эўрараду ў 1996 годзе, яна абавязалася адносна Літвы, Латвіі і Эстоніі стварыць фонды кампэнсацыі й рэпатрыяцыі грамадзянам, якія былі сасланыя падчас акупацыі ўглыб СССР й іх нашчадкам, якія там яшчэ жывуць. Прайшло шмат гадоў, але Расея ні капейкі не пастаралася прызначыць на гэтыя мэты. Яна ставіцца да гэтага зьдзекліва, з насьмешкай. Калі ёй трэба было, яна прыняла такія забавязаньні, а потым яна пачала грэбліва ставіцца і, можна сказаць, зьдзекуецца з эўрапейцаў. Дык Літва скарысталася выпадкам нагадаць пра гэта і пра некаторыя канкрэтныя пытаньні. Такіх як злачынствы савецкіх войскаў і, магчыма, цывільных кіраўнікоў у 1991 годзе. Забойства людзей у Вільні і на мяжы зь Беларусьсю. Таксама ніякага супрацоўніцтва няма, хаця ёсьць дамова аб юрыдычнай узаемадапамозе. Але, калі Расеі не падабаецца, яна не выконвае дамоваў [ёсьць у нас матэрыял пра “выкананьне дамоваў” Расеяй адносна Чачні; вядома выказваньне Чэрчыля, што дамовы з Расеяй ня вартыя той паперы, на якой яны складзены; вядомы аналагічныя выказваньні Дж.Дудаева. – Рэд.].

 

Вы кажаце непалітычным тэрмінам – Расеі не падабаецца. Гэта расейская палітычная зацікаўленасьць. Гэта для таго, каб не было распаду імпэрыі…

– Няўжо калі ўлады будуць добрасумленнымі, то імпэрыя распадзецца?

 

– А якія падставы ў Вас казаць, што гэтая ўлада можа быць добрасумленнай? У яе ёсьць дэмакратычная культура?

– Тады ня трэба яе трактаваць як бок, зь якім варта дамаўляцца. Гэта такі тэст.

 

Спадар Вітаўтас, цяперашняя ўлада ў Расеі – гэта палітыкі ці сыстэма?

– Гэта сыстэма, якую стварыла група людзей на чале з Уладзімірам Пуціным.

 

То бок, Вы лічыце яго палітыкам.

Кожны, хто кіруе дзяржавай, гэта палітык, хаця б ён быў царом, дыктатарам ці яшчэ некім. Ён займаецца дзяржавай, значыць ён займаецца палітыкай. Калі ў Беларусі ёсьць апазыцыянэры, якія вядуць нейкія перамовы з Расеяй, я ня ведаю іх рэзону. Але адзін мог бы быць – гэта размова з гаспадаром. Бо там жа сядзіць гаспадар усёй беларускай сытуацыі. І можа варта праверыць, як гаспадар думае. А можа, калі гаспадар падумае, ці яму выгадна, каб у Беларусі было больш дэмакратыі, вось тады і будзе крыху больш дэмакратыі. Калі гаспадар знойдзе гэта для сябе выгадным. Таму думку гаспадара неабыякава ведаць.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы