nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Ад вайны “айчыннай” – да вайны грамадзянскай

17 мая, 2008 | Няма каментараў

Паводле www.svaboda.org/content/Transcript/1109948.html

Рак��к�, �а��ал�н.JPG

Тэма пасьляваеннага антыбальшавіцкага супраціву ў Беларусі – адна з галоўных, якой цікавіцца наша рэдакцыя. Склалася так, што пра яго ў Прыбалтыцы і ва Украіне вядома даволі шмат. Аналагічныя па зьместу і блізкія па маштабах падзеі, якія мелі месца ў Беларусі, камуністычная прапаганда старанна замоўчвала. У выніку атрымалася, што ў сьветаглядзе большасьці беларусаў гэтых падзеяў проста няма. Гэта несправядліва, мы павінны ведаць нашых герояў! Таму мы прынялі рашэньне прадубляваць адпаведную перадачу Вячаслава Ракіцкага й гісторыка Ірыны Канталян, якая прагучала на радыё “Свабода” 08.05.2008 г.

Рэдакцыя.

“18 ліпеня 1947 году ў Хідраўскім сельсавеце Кобрынскага раёну, Берасьцейскай вобласьці праводзіўся сход жыхароў вёсак, у тым ліку па тлумачэньні Ўказаў Прэзыдыюма Вярхоўнага Савету СССР ад 4 чэрвеня 1947 году аб раскраданьні дзяржаўнай маёмасьці. Пасьля заканчэньня мерапрыемства раённы пракурор застаўся, каб правесці размовы па хлебанарыхтоўнай кампаніі і пазнаёміцца са сьпісамі хлебаздатчыкаў сельсавету. Прыкладна ў 0.30 пачалася страляніна з аўтаматычнай зброі ў акно дома, дзе адбываўся сход. Старшыня сельсавету быў цяжка паранены ў галаву. Удзельнікі сходу кінуліся да дзьвярэй і выбеглі ў двор. У памяшканьні засталіся старшыня сельсавету, раённы пракурор і гаспадар дома. Пасьля спыненьня страляніны ў акно дома адна за адной былі кінуты дзьве гранаты, у выніку выбуху якіх тыя, хто застаўся ў доме, атрымалі асколкавыя раны. Пакуль прыехала міліцыя, вінаватыя зьбеглі. Сьведкі паказалі, што ў налёце ўдзельнічалі тры чалавекі” (Паводле дакумэнтаў Асобага сэктару ЦК КПБ)

Вячаслаў Ракіцкі: “Гэта быў 1947 год. Вайна ўжо скончылася. Дык хто мог зрабіць замах на мясцовую ўладу?”

Ірына Кашталян: “Шмат хто. Ад незадаволеных мясцовых жыхароў – тых, хто спрабаваў такім чынам пазбавіцца пагрозы рэпрэсіяў і не жадаў аддаваць нажытую цяжкай працай маёмасьць, а магчыма, нават і апошняе, што магло ўратаваць сям’ю ад голаду – да ўдзельнікаў арганізаванага антысавецкага падпольля, для якога гэта быў адзін са спосабаў змаганьня з савецкай уладай, каб зьмяніць дзяржаўны лад у Беларусі”.

– “Гэта быў рэдкі выпадак, ці такое часта здаралася? Як доўга людзі маглі супраціўляцца камуністычным уладам?”

“Трэба сказаць, што такі выпадак уяўляецца фактам самага радыкальнага супраціву, на які мог рашыцца ня кожны нязгодны з існуючым ладам. Просты чалавек часьцей пратэставаў у пасіўнай форме — праз скаргі, апатычную працу, сыход у горад і таму падобнае. Пэўную статыстыку мы маем толькі пра арганізаваны антысавецкім супраціў. У пэрыяд фактычна адкрытай яго дзейнасьці (1944-47 гады) нават паводле самых сьціплых падліках спэцслужбаў, падпольле зьдзейсьніла 575 тэрарыстычных актаў, 39 дывэрсіяў, 252 напады на дзяржаўныя ўстановы і саветы, 735 іншых акцыяў. Атрымоўваецца, што амаль кожны дзень у БССР адбывалася нейкая акцыя супраціву. У Заходняй Беларусі з-за гэтага працяглы час захоўвалася ваеннае становішча. Трэба ўлічваць, што акцыі маглі супадаць па часе, бо прымяркоўваліся да пэўных савецкіх мерапрыемстваў – правядзеньня выбараў, арганізацыі калгасаў і іншых. Не падлічана, колькі было выпадкаў гэтак званых лякальных паўстаньняў, калі людзі стыхійна выступалі ў адказ на абуральныя дзеяньні мясцовых прадстаўнікоў улады – стварэньне калгасу праз гвалтоўнае абагульненьне сялянскай маёмасьці, збор падаткаў па завышаных тарыфах. А працягласьць змаганьня хутчэй залежала ад хуткасьці рэакцыі савецкіх карных органаў. Яны мелі адпрацаваную схему здушэння супраціву – ад арышту асабліва актыўных да правядзеньня чэкісцка-вайсковых апэрацыяў, калі прачэсвалася тэрыторыя пэўнай мясцовасьці й па падазрэньні маглі асудзіць і нават забіць любога. Для тых, хто хацеў пазьбегнуць перасьледу і жыць на легальным становішчы, заставаўся толькі адзін шлях — фармальна пагадзіцца з афіцыйный палітыкай”.

– “Якія этапы прайшоў антысавецкі супраціў?”

– “Актыўнасьць яго на працягу першага пасляваеннага дзесяцігодзьдзя няўхільна зьмяншалася пад узьдзеяньнем рэпрэсіўных фактараў савецкай улады. Мы можам вылучыць два этапы ў існаваньні антысавецкага падпольля. Першы – другая палова 1944-га –1946 год, калі актыўнасьць удзельнікаў падпольля ў правядзеньні адкрытых акцыяў супраць савецкай улады і спадзяваньне на зьмены дзяржаўнага ладу на беларускіх тэрыторыях спалучаліся з шырокамаштабным здушэньнем супраціву ў працэсе вялікай колькасьці чэкісцка-вайсковых апэрацыяў. На другім этапе (1947-52 гады) раздробленыя структуры антысавецкага падпольля існавалі ўжо ва ўмовах строгай канспірацыі й мэтанакіравана зьнішчаліся сілавымі органамі. З 1953 году да канца 1950-х гадоў [гэта фактычна трэці этап. – Рэд.] дзейнічалі асобныя неарганізаваныя групы і адзіночкі, якія пры сваёй нешматлікасьці не зьмянялі агульны малюнак ліквідацыі супраціву”.

– “Чаму актыўны антысавецкі супраціў быў найперш у Заходняй Беларусі?”

– “Знаходжаньне гэтага рэгіёну ў БССР было непрацяглым. Адтэрміноўка вайной яго адаптацыі да савецкіх парадкаў падтрымала ў насельніцтва чаканьне палітычных зьменаў, накіраваных на захаваньне традыцыйнага ладу жыцьця без саветаў і калгасаў. У Заходняй Беларусі распаўсюджваліся чуткі (што супраціў пры падтрымцы заходнеэўрапейскіх краінаў можа прынесьці пажаданы вынік), якія падтрымлівалі імкненьне да змаганьня неабыякавых і радыкальна настроеных асобаў. Супраціў на тэрыторыі заходняй Беларусі па-сутнасьці насіў характар грамадзянскай вайны. Ва Ўсходняй Беларусі спадзяваньні насельніцтва на зьмены да лепшага былі хутчэй зьвязаныя з чаканьнем лібэралізацыі палітыкі савецкіх уладаў у сувязі з перамогай у вайне, у той час як супраціў уладзе быў значна слабейшым з-за нэгатыўнага досьведу вынішчэньня найбольш актыўнай часткі насельніцтва ў час вялікага тэрору 1930-х гадоў”.

– “Чым так незадаволеныя былі звычайныя людзі, што нават бралі зброю ў рукі? Ад чаго і каго бараніліся?”

– “Вёска кансэрватыўна хацела жыць па-старому, у тым ліку яе насельнікі хацелі мець пэрспэктыву павышэньня свайго матэрыяльнага дабрабыту, працуючы так, як вучылі бацькі. Таму былі незадаволеныя навязваньнем савецкай уладай іншых ідэалаў, дзе індывідуальнае было нічым ў параўнаньні з калектыўным [прычым, гэта “калектыўнае” на практыцы належыла кампартыйнай бюракратыі. – Рэд.], а за нязгоду з новымі парадкамі ці неадпаведнасьць правілам пагражала жорсткае пакараньне. У гэтым яны пасьпелі пераканацца яшчэ ў 1939-40 гадох. Удзельнічаючы ў супраціве, людзі бараніліся ад гвалту, свавольства савецкіх чыноўнікаў і карных органаў, ад несправядлівых законаў”.

– “Як паводзіў сябе просты чалавек у адказ на імклівае ўкараненьне савецкіх парадкаў у Заходняй Беларусі? Якія формы супраціву выбіралі людзі?”

“Ён спрабаваў адаптавацца, бо самым важным для яго зьяўлялася забесьпячэньне інтарэсаў сям’і. На выбар стратэгіі паводзінаў у значнай ступені ўплываў страх перад будучыняй, які заключаўся ў боязі фізычнага і адміністратыўна-прававога прымусу, пазбаўленьня ці неатрыманьня сродкаў для існаваньня. Супраціў людзей пашыраўся ад пасіўнай, негвалтоўнай да актыўнай, тэрарыстычнай формы. Кожны мог выбіраць свой мэтад пратэсту. Хтосьці зьбіраў прадукты для паўстанцаў, хтосьці пісаў скаргі, хтосьці схавана падпальваў хату савецкага актывіста”.

– “Дзе людзі больш актыўна супраціўляліся савецкім парадкам – у горадзе ці вёсцы?”

“Зь некалькіх прычынаў супраціў быў большым у вёсцы. Па-першае, зброю у рукі бралі ў першую чаргу тыя, каму іншага выйсьця не заставалася. Становішча ж у вёсцы было традыцыйна больш складаным і безвыходным, чым у горадзе, дзе ўсё ж было больш магчымасьцяў схавацца ад рэпрэсіяў і выжыць. Па-другое, невялікія вёскі і хутары з навакольнымі лясамі стратэгічна былі больш зручнымі для змаганьня”.

– “Якім было становішча простага чалавека, які апынуўся нібыта паміж двух агнёў – супрацівам і савецкімі карнымі органамі? Наколькі насельніцтва ставілася прыхільна да супраціву?”

“Супрацьстаяньне сілаў узброеных атрадаў падпольля і ўладаў прыводзіла да таго, што многія мясцовыя жыхары станавіліся закладнікамі сытуацыі, калі яны знаходзіліся пад пагрозай фізычнай расправы як з боку органаў бясьпекі, так і антысавецкага падпольля. Людзі апынуліся ва ўмовах грамадзянскай вайны. Што да падтрымкі супраціву насельніцтвам, можна сказаць, што ў першыя пасьляваенныя гады яна была значнай. Але ў сувязі з выездам вялікай колькасьці прыхільнага супраціву насельніцтва ў Польшчу ў 1944-46 гады, пагрозай жорсткага пакараньня з боку савецкай улады, нярэдкімі выпадкамі прымусовых канфіскацыяў маёмасьці насельніцтва з боку атрадаў на нелегальным становішчы падтрымка істотна зьменшылася”.

– “Якія асаблівасьці меў беларускі супраціў у параўнаньні з антысавецкай барацьбой суседніх народаў?”

“Беларускае антысавецкае падпольле было меншым і горш арганізаваным, чым польскае і ўкраінскае з прычыны слабых праяваў нацыянальнай самасьвядомасьці насельніцтва. Складана вызначыць акрэсьленыя абсягі яго дзейнасьці ў адрозьненьне ад іншых структураў, у якіх выяўляўся тэрытарыяльна-адміністрацыйны падзел дзейнасьці і ўплыву. Кантынгент, які ўваходзіў у яго, быў розным: узброеныя групы на нелегальным становішчы, якія складаліся з тых, хто падчас нямецкай акупацыі працаваў у грамадзянскай адміністрацыі або служыў у беларускіх вайсковых фармаваньнях, і вучнёўская моладзь, якая, ствараючы ідэалягічныя арганізацыі, працягвала вучыцца і жыць мірным жыцьцём. Пры гэтым трэба адзначыць, што для савецкай улады найбольшую небясьпеку ўяўлялі ўзброеныя фармаваньні, якія складаліся пераважна з былых калябарантаў і дзейнічалі пры падтрымцы замежных спэцслужбаў”.

– “Вайна істотна паўплывала на псіхалогію ўсяго насельніцтва, якое прайшло праз акупацыю. Жорсткасьць у першыя пасьляваенныя гады не здавалася звышнатуральнай. Многія з тых, хто вырашаў пытаньне абароны Бацькаўшчыны зброяй, і пасьля вайны ня бачыў іншага, акрамя збройнага, шляху ў абароне сваіх правоў. Як па-вашаму, тыя, хто супраціўляўся савецкай уладзе са зброяй у рукох, былі героямі ці тэрарыстамі?”

“Гэта – складанае пытаньне, адказу на якое трэба шукаць хутчэй у плоскасьці маралі. Тыя, хто змагаўся з ідэйных перакананьняў за незалежнасьць сваёй краіны і саміх сябе ад савецкага рэжыму, часам нават без пэрспэктывы перамогі, выклікаюць павагу і іхная дзейнасьць з пэўнымі агаворкамі можа быць названа гераічнай. У той жа час, калі браць пад увагу клясычнае вызначэньне тэрору як гвалту, які прыводзіць да зьнішчэньня палітычных ворагаў [сэнс тэрору ў паралізацыі страхам сваіх палітычных апанентаў. – Рэд.], дык яны былі тэрарыстамі [першасна тэрарыстычнай, з восені 1918 г., была бальшавіцкая ўлада – тады адкрыта быў аб’яўлены тэрор, як афіцыйная палітыка!; адказ на тэрор змаганьнем – гэта ня толькі не другасны тэрор, гэта ўвогуле не тэрор, а супраціў тэрору; тут у спадарыні гісторыка яўны прабел у сьветагляднай арыентацыі… – Рэд.]. Іхныя дзеяньні нельга ідэалізаваць, ведаючы, што ад іх цярпелі таксама і невінаватыя людзі, маленькія дзеці, толькі за тое, што былі прадстаўнікамі пэўных рэлігійных і этнічных групаў, мелі сваякоў сярод савецкіх чыноўнікаў” [што ж, тады толькі аб’ектыўны падлік: колькі дзяцей цярпелі з таго і другога боку, колькі невінаватых людзей пацярпелі з таго і другога боку!; пасьля гэтага і высьветлім, хто тэрарыст-сатаніст і ў якой ступені, а хто – не. – Рэд.].

– “Пры якіх умовах антысавецкі супраціў мог перамагчы? І чаму не перамог?”

– “Пры рэальнай падтрымцы заходнеэўрапейскіх краінаў гэта магло адбыцца. Але ім не была выгаднай перамога антысавецкага супраціву ў дадзеным рэгіёне. Былыя саюзнікі СССР па Другой усясьветнай вайне прытрымліваліся палітыкі толькі падтрыманьня нестабільнай абстаноўкі ў савецкай краіне, аднак глябальна не хацелі дапамагаць зьмене улады ў гэтым рэгіёне [гісторыя зноў паўтараецца. – Рэд.]. Зь мясцовых жыхароў толькі невялікая частка ідэалістычна змагалася са зброяй у рукох супраць савецкай улады. Супраціў быў вырачаны на паразу праз паступовае і мэтадычнае зьнішчэньне значна большымі сіламі савецкіх войскаў і спэцслужбаў. Усё больш ён губляў падтрымку насельніцтва, якое найперш хацела проста выжыць”.

– “А што было б, калі б супраціў перамог?”

– “Канешне, залежала б, ад таго, якое падпольле ўзяло б верх. Калі ўсе, то Беларусь аказалася б падзеленай паміж суседнімі дзяржавамі, што магло б прывесьці да яшчэ большай грамадзянскай вайны, а значыць, да большага гора для насельніцтва. У дадзеным выпадку, мне здаецца, беларускі нацыянальны супраціў меў найменей шанцаў перамагчы і тым больш аб’яднаць беларускія землі. Хутчэй за ўсё, гэта б прывяло да чарговага разьяднаньня нацыі”.

[вось тут хацелася б, каб сп-р Ракіцкі капнуў глыбей, але нажаль гэтага не адбылося. – Рэд.]

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы