nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Фіксуем акты ўладнага варварства – 17

22 мая, 2008 | Няма каментараў

Ф��У-17.JPG

Адзін з нашых наведвальнікаў у каментары да артыкула, прысьвечанага ацэнцы вынікаў ВАВ (гл. каментары да nashaziamlia.org/2008/05/09/1346), параўнаў злачынны дэструктыўны ціск на наш беларускі народ з боку цяперскага рэжыму, падпарадкаванага расейскай імперыякратыі (як у часы Вялікай Айчыннай паліцаі былі падпарадкаваныя нацыстам), з “планам ОСТ”, які нібыта быў у гітлераўцаў у адносінах да славянскага насельнітцва Еўропы. Нам падалося, што дадзенае параўнаньне – гэта і ўдалы вобраз, які адлюстроўвае зьмест падзей, і дадатковы доказ таго, што ў Крамлі сапраўды існуе план этнацыду беларусаў з наступнай анэксіяй Беларусі, і трапнае абгрунтаваньне, чаму нам варта працягваць зьбіраць факты аб злачынствах цяперцаў. Нюрнберг-2 набліжаецца…

Рэдакцыя.

 

КДБ у Мазыры “апрацоўвае” моладзь (Любоў Лунёва, 05.03.2008, www.svaboda.org/content/Article/1046379.html)

Актывістку незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Касю Манчук папярэдзілі на вучобе, што яе могуць выключыць з унівэрсытэту за апазыцыйную дзейнасьць (Кася вучыцца на трэцім курсе Мазырскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту). 16 студзеня яе затрымалі падчас сходу рэгіянальных актывістаў пад Менскам. Тады ж Кася трапіла ў поле зроку супрацоўнікаў КДБ.

Кася Манчук апавяла “Свабодзе”, што спачатку яе выклікалі да дэкана факультэту тэхналёгіі Ўладзімера Канопліча. Пасьля гэтай размовы павялі да прарэктара.

Кася наведвае пратэстанцкую царкву Ісуса Хрыста. Яна прыгадала, што 29 лютага туды прыйшлі супрацоўнікі ідэалагічнага аддзела гарвыканкаму. Іх цікавіла, чаму маладыя людзі ў пятнічны вечар знаходзяцца ў царкве. Гаворыць Кася Манчук: “Што ты там рабіла, чаго туды прыйшла, табе што — няма чаго рабіць увечары? Чаму ты не сустракаесься са сваімі сяброўкамі з групы? Быў конкурс “Містэр Унівэрсытэт”, а цябе не было. Чаму ня ўдзельнічаеш ва ўнівэрсытэцкім жыцьці?” У выніку павялі да прарэктара. А той размаляваў такое маё цудоўнае жыцьцё. Казаў: “Давай мы табе грошай дамо, табе ж ёсьць чым займацца — калі знаходзіш час, каб займацца гэтай дзейнасьцю”. Мая размова на беларускай мове ім таксама не спадабалася.

Кася Манчук — ляўрэатка міжнародных конкурсаў малюнкаў. Яна вядзе дзіцячую мастацкую студыю, захапляецца танцамі. Пра яе дасягненьні шмат пісалі мясцовыя газэты. Касю вельмі зьдзівіла, што супрацоўнікі КДБ ня толькі наведаліся да адміністрацыі ўнівэрсытэту, але й прыйшлі ў школу да яе былой класнай кіраўніцы.

Кася Манчук стаіць у чарзе на кватэру, якую мае неўзабаве атрымаць. Як паведаміла дзяўчына, на вучобе ёй параілі задумацца, што для яе важней — уласная кватэра ці апазыцыйная дзейнасьць.

 

Гомель: суд адхіліў скаргу маці Зьмітра Жалезьнічэнкі на паўторнае адлічэньне сына з унівэрсытэту (06.03.2008; www.svaboda.org/content/Article/1046501.html)

Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Жана Андрэйчык адхіліла скаргу маці Зьмітра Жалезьнічэнкі на паўторнае адлічэньне сына з Гомельскага ўнівэрсытэту імя Ф.Скарыны. Скаргу Ала Жалезьнічэнка падавала ў суд ад імя сына, паколькі яго тэрмінова прызвалі служыць у транспартныя войскі ў Жлобін.

Зьміцер прысутнічаў на судзе. Рашэньню судзьдзі Зьміцер не зьдзівіўся: “Прынцыпова – гэта тое, чаго мы чакалі, з паводзінаў судзьдзі было відавочна. Яна не задавала ніякіх пытаньняў адказьніку. Па ўсім відаць, ёй было нецікава тое, што мы казалі, што казаў адказьнік. Нават хадайніцтва на ўдзел у працэсе праваабаронцы Гары Паганяйлы яна адхіліла бяз дай прычыны. У нас пакуль няма матывацыі рашэньня судзьдзі, але, я лічу, усе нашыя дакумэнты, усё выкладзеныя намі факты слушныя й правамоцныя”.

Адвакат Жалезьнічэнкі Пётра Барысаў у спрэчках у судзе адзначыў, што пры паўторным адлічэньні Зьмітра з унівэрсытэту сёлета ў студзені было дапушчана значна больш парушэньняў, чым летась у верасьні. Загад на паўторнае адлічэньне рэктар унівэрсытэту выдаў у той дзень, калі Жалезьнічэнка знаходзіўся ня толькі на канікулах, а і на бальнічным з прычыны высокага артэрыяльнага ціску. У студэнта ня бралі тлумачэньняў з прычыны яго пакараньня ў верасьні арыштам і штрафам. Зьміцер на той час не зьяўляўся студэнтам, і, натуральна, на яго не распаўсюджваліся ўнівэрсытэцкія Правілы ўнутранага працоўнага распарадку. Зноў жа, згоду на паўторнае адлічэньне даваў не прафкам студэнтаў, а яго прэзыдыюм. Да таго ж унівэрсытэт ня выканаў цалкам рашэньня папярэдняга суду аб аднаўленьні Жалезьнічэнкі ва ўнівэрсытэце.

Усіх згаданых ды іншых довадаў пазоўнікаў начальнік юрыдычнага аддзелу ўнівэрсытату імя Ф.Скарыны Валер Недаступ – прадстаўнік навучальнай установы паводле даверанасьці – не прызнаў. У ягоных выступах Зьміцер Жалезьнічэнка быў пададзены не як выдатнік і чалавек высокай грамадзянскай пазыцыі, а як парушальнік грамадзкага парадку. Спадар Недаступ адмаўляў таксама, што з унівэрсытэту Зьміцер Жалезьнічэнка адлічаны з палітычных матываў – як грамадзкі актывіст і сябра Партыі БНФ.

 

Людзі ў пагонах адсвяткавалі Дзень міліцыі збіваннем моладзі (pahonia.org/str/2008-03/092.htm)

Дваіх моладзевых актывістаў, затрыманых учора ў тралейбусе за налепкі з заклікам адсвяткаваць юбілейны Дзень Волі 25 сакавіка, вызвалілі з Цэнтральнага РУУС без пратаколаў і тлумачальных. Трэцяга – Максіма Сергяйца – збілі і пакінулі да суду пад вартай. Суд над ім адбудзецца сёння а 10 гадзіне ў Цэнтральным райсудзе Менска.

Адзін з затрыманых – Аляксей Шлома – падкрэсліў, што ў паводзінах міліцыянтаў існаваў цэлы букет адміністрацыйна і крымінальна каральных дзей: «Збіванне Максіма, пагрозы ўсім нам, абразы – матарызна проста стаяла сцяной». У дадатак у актывістаў без усялякіх пратаколаў канфіскавалі друкаваныя матэрыялы (раздрукоўкі артыкулаў з Інтэрнэту і заклікі з подпісамі грамадзян Беларусі за ўступленне нашай краіны ў Еўразвяз).

Як ужо паведамлялася, нейкі пасажыр тралейбуса №12 кінуўся да міліцыянтаў з паведамленнем, што маладыя людзі ўтрох наляпілі адну налепку. Як паведаміў Віталь Стажараў, па абрыўках гутаркі стала зразумела, што гэты 25–30-гадовы пасажыр – афіцэр унутраных войскаў. Клічуць яго Аляксей Паўлоўскі. У тралейбусе жанчыны сталі сароміць заўзятых служак: «Ды адпусціце вы хлопцаў! Што яны такога зрабілі?».

У склад нараду ўваходзілі міліцыянты Андрэй Андрусевіч, Уладзімір Губар і Віталь Пракапенка.

Затрыманых адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе пратрымалі каля трох гадзін. Допыт суправаджаўся вышэйапісанымі здзекамі, якія наўпрост падпадаюць пад дзеянне Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў. Збілі пры гэтым аднаго Максіма. Як сведчыць Аляксей Шлома, Сергяец прад’яўляў міліцыянтам законныя патрабаванні: скласці пратакол і прадставіцца. Менавіта гэта і выклікала лютасць лукашэнкаўскіх «праваахоўнікаў». Пратакол у выніку склалі на аднаго Максіма Сергяйца. Астатніх вызвалілі, – прыстрашыўшы, аднак, каб яны не з’яўляліся ў суд: інакш, маўляў, іх там жа і «павяжуць». Віталю Стажараву, старшыне сталічнай арганізацыі «Маладых дэмакратаў», было заяўленае асобна: каб ніхто з тваіх не прыходзіў!

 

Пацярпелых за «Малады фронт» становiцца болей (Юры Коба,  pahonia.org/str/2008-03/084.htm)

У суд перададзеная справа супраць былой студэнткi Полацкага унiверсiтэта Касi Салаўёвай, якую абвiнавачваюць ва ўдзеле ў незарэгiстраванай арганiзацыi – «Малады фронт».

Касю Салаўёву некалькi разоў затрымлiвалi, супраць яе распачыналi крымiнальныя справы па трох артыкулах Крымiнальнага кодэкса. У вынiку ў якасцi абвiнавачвання абраны самы сумны артыкул – 193 частка 1 – удзел у незарэгiстраванай арганiзацыi.

У дадатак да ўсяго дзяўчыну адлiчылi з Полацкага унiверсiтэта з фармулёўкай… «за акадэмiчную непаспявальнасць».

 

Судзяць 14 удзельнiкаў прадпрымальнiцкай акцыi (www.pahonia.org/str/2008-03/181.htm)

7 сакавiка 14 удзельнiкаў акцыi прадпрымальнiкаў, якая адбылася 10 студзеня, пераведзеныя ў статус абвінавачаных.

Фiгуранты крымiнальнай справы сустрэлiся з журналiстамi. Офiс АГП, дзе праходзiла прэс-канферэнцыя, быў блакаваны АМАПам. А.Бондар, А.Баразенка, М.Пашкевіч, П.Вінаградаў, А.Дубскі, А.Стральцоў, А.Чарнышоў, А.Кім, А.Койпіш, М.Крываў, М.Субач, Т.Цішкевіч, У.Сяргееў, М.Дашук абвiнавачваюцца па частцы 1 артыкула 342 Крымiнальанга кодэкса – “Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.

“10 студзеня была абсалютна мірная і негвалтоўная дэманстрацыя. Людзі выйшлі на плошчу, каб дамагацца сваіх правоў. Мы ўсе былі затрыманыя і асуджаныя на суткі. На Акрэсціна ў нас адбываліся допыты. Тыдзень таму са сведкаў нас перавялі ў падазраваныя, а 4 сакавіка – у абвінавачаныя”, – распавёў актывіст АГП Міхаіл Крываў.

Актывісты прадпрыймальніцкага руху спадзяюцца цяпер толькi на мiжнародную падтрымку. “Мы перадалі [аднаму] паслу зварот да міжнароднай супольнасьці з просьбай зьвярнуць увагу на нашу крымінальную справу, на справы Андрэя Кіма, Сяргея Парсюкевіча. Мы заклікалі дыплямата асабіста наведаць Кіма ў турме, каб ён на свае вочы ўбачыў гэтага хлопца і даведаўся падрабязнасьці справы зь першых вуснаў. Нас ужо судзілі за гэтыя правапарушэньні, а цяпер зьбіраюцца зрабіць гэта паўторна”, – адзначыў лiдэр “Маладых дэмакратаў” Мiхаiл Пашкевіч.

 

Завяршыўся суд гродзенскіх актывістаў АГП з гарвыканкамам (www.pahonia.org/str/2008-03/176.htm)

Амаль тры месяцы цягнуліся судовыя разбіральніцтвы паміж сябрамі Гродзенскай філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі і мясцовым гарвыканкамам.

Гарадзенскія актывісты падавалі скаргі на выканаўчаю уладу. У снежні летась моладзь прасіла дазволіць правядзенне некалькіх пікетаў і мітынг у цэнтры горада, аднак ім чыноўнікі адмовілі. Актывісты напісалі на гэтыя адмовы скаргі, у якіх прасілі патлумачыць адмову. І вось суд Ленінскага раёна вынес рашэнне, што ўсе заявы на правядзенне масавых акцый у Гародні павінны ўзгадняцца з прадстаўнікамі міліцыі, пажарных службаў і хуткай дапамогі.

Кіраўнік гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юрый Істомін лічыць гэтае рашэнне абсурдным, таму што без падпісанай гарвыканкамам заявы на правядзенне акцый ні міліцыянты, ні пажарныя, ні хуткая дапамога не ідуць на размовы і ніякага ўзгаднення не падпісваюць.

 

Стары Менск разбураюць (Ігар Карней, 14.02.2008, www.svaboda.org/content/Article/991711.html)

Менскія ўлады абвясьцілі кампанію “кардынальнай перабудовы Менску” – ад ускраінаў да гістарычнага цэнтру. Разбураць нават аб’екты, якія можна было лічыць візытоўкай гораду – у прыватнасьці, шэраг архітэктурных помнікаў у Верхнім горадзе, вышынны гатэль “Беларусь”, жылыя дамы на Валадарскага і Карла Маркса. Канчаткова вырашана будаваць дзелавы цэнтар пад назвай “Менск-сіці” на месцы аэрапорту “Менск-1”, а таксама рабіць кропкавыя атакі на пусткі, дзе ўзьляцяць у неба першыя беларускія небасягі.

Архітэктар, адзін з аўтараў Палацу Рэспублікі, Міхаіл Пірагоў перакананы: “Трэба прыбіраць малапавярховую забудову ў цэнтры і будаваць шматпавярховыя дамы. Бо, прыкладам, у цэнтры, ля опэрнага тэатру, увогуле забудова пасьляваенная, там двухпавярховыя дамы... У самым цэнтры мець такую забудову – гэта абсалютна нерацыянальна, неэканомна”.

Цяпер працэсам “аднаўленьня” сталіцы займаецца праектная арганізацыя “Менскпраект”. Праўдападобна, да засваеньня новых тэрыторыяў далучацца і расейскія структуры, паколькі менавіта інвэстары з Расеі прапануюць фінансаваць і згаданы “Менск-сіці”, і комплекс хмарачосаў больш як на паўсотню паверхаў на скрыжаваньні вуліц Кальварыйскай і Ціміразева.

Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі акцэнтуе ўвагу на тым, што элемэнты хай-тэку маюць паўстаць нават у тых месцах, якія найменей для гэтага прыстасаваныя. Прыкладам, на праспэкце Пераможцаў”, роўна пасярэдзіне менскага замчышча, плянуецца паставіць так званую “сіласную вежу” – акруглы офісны будынак на два дзясяткі паверхаў. Экспэрты сьведчаць: у горадабудаўнічай палітыцы цяперашніх уладаў даўно адсутны такі элемэнт, як абмеркаваньне маштабных ідэяў з грамадзкасьцю. А спрэчныя праекты падаюцца як канстатацыя факту.

 

Адзіную ў Магілёве беларускамоўную групу могуць ліквідаваць (12.03.2008; www.svaboda.org/content/Article/1047292.html)

Адзіную ў Магілёве беларускамоўную групу пры дзіцячым садку № 81 пагражаюць закрыць, калі ў ёй ня будзе прынамсі васьмі дзетак. Цяпер туды ходзяць чацьвёра малых. У аддзеле адукацыі Ленінскага раёну кажуць, што зацікаўленыя ў існаваньні групы, аднак колькасьць дзяцей у ёй не павялічваецца. Ініцыятары стварэньня групы вінавацяць чыноўнікаў, што тыя не рэклямуюць яе як сьлед і не даюць рабіць гэта іншым.

Пра магчымае закрыцьцё адзінай у Магілёве беларускамоўнай групы заявіў начальнік аддзелу адукацыі Ленінскага раёну Аляксандар Гапееў. Паводле спадара Гапеева, аддзел адукацыі робіць усё, каб група папаўнялася дзецьмі: “Рэклямную кампанію правялі ў садках, у газэце далі аб’яву. Але неахвотна неяк дзеці ідуць. Хаця садок добры, умовы для дзяцей створаныя добрыя”.

Бацькі ж не пагаджаюцца з чыноўнікамі й кажуць, што для рэклямаваньня групы нічога ня зроблена. “Мы спрабавалі ім давесьці, што трэба супрацоўнічаць у тым, каб рэклямаваць групу. Нам сказалі: “Гэта наша справа, нам трэба ўсё ж такі пад сваёй маркай выпускаць гэтыя рэклямныя праекты”. Што, уласна кажучы, нам не дазволіла падключацца самастойна. Разам з тым працы зь іх боку практычна ніякай не праведзена”, — зазначыў адзін з ініцыятараў стварэньня групы Аляксей Бацюкоў.

Яшчэ адзін стваральнік групы, Зьміцер Салаўёў, кажа: “Я думаю, што ўсё ідзе да таго, каб ціхенька гэтую групу прычыніць. Маўляў, не ўдалося, і ўсё”.

І Зьміцер Салаўёў, і Аляксей Бацюкоў перакананыя, што зачыніць групу яны не дадуць. Што да рэклямы, то ёю бацькі цяпер зоймуцца самі.

У беларускамоўную групу “Вясёлка” дзяцей пачалі вадзіць ад трэцяга сьнежня.

З дарог зьнікаюць шыльды па-беларуску (www.pahonia.org/str/2008-03/292.htm)

У Глыбоцкім раёне на дарогах паступова знікаюць дарожныя знакі з надпісам населеных пунктаў па беларуску.

Вось і нядаўна каля вёскі Завараты, замест беларускага знаку, які паваліўся, быў пастаўлены новы, ужо на расейскай мове.

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы