nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Фіксуем акты ўладнага варварства – 18

23 мая, 2008 | Каментары (1)

Ф��У-18.JPG

Рэдакцыя

 

Чарговы акт вандалізму ў Курапатах (Алесь Дашчынскі, 13.03.2008; svaboda.org/content/Article/1047411.html)

У Курапацкім лесе — чарговы акт вандалізму. Пачынаючы ад вялікага крыжа “Пакутнікам Беларусі”, зламаныя пры аснове ці выцягнутыя зь зямлі дзесяткі крыжоў, некаторыя нахіленыя. Зламаная нават частка крыжоў, умацаваных жалезнымі скобамі. Яны ляжаць на зямлі на ўскрайку лесу, пачынаючы ад уваходу ў лес і да шашы з боку поля.

Сябра КХП-БНФ Валеры Буйвал апавёў: “Гэта даволі вялікая група вандалаў, якія зрабілі такую маштабную акцыю – паламалі вялікую колькасьць сьвятых крыжоў … Я хадзіў туды ўвечары 12 сакавіка і ўбачыў усю гэтую змрочную сцэну. Як заўсёды, на жаль, невядома, хто гэтыя злачынцы, колькі гэтых вандалаў. Я мяркую, што гэта даволі вялікая група, якія зрабілі такую маштабную акцыю вандалізму паламалі вялікую колькасьць сьвятых крыжоў”.

Акты вандалізму ў Курапатах здараюцца штогод. У мінулым годзе ўвосень быў павалены вялікі крыж “Пакутнікам Беларусі”. Аднак новая акцыя ўражвае сваімі маштабамі, кажа Валеры Буйвал: “Па маштабах зьнішчэньня такое было толькі ўвосень 2001 году, калі рэжым зрабіў спробу канчатковага і поўнага зьнішчэньня Курапатаў, калі АМАП, КДБ, бульдозэры нішчылі крыжы ў Курапатах. Тады, як вядома, людзі, беларусы абаранілі нашу сьвятыню. Не ўдалося зьнішчыць Курапаты. З тае пары рэгулярна працягваліся акты вандалізму, ламалі крыжы, блюзьнерылі ў Курапатах. І нам рэгулярна даводзілася аднаўляць крыжы, наводзіць парадак на тэрыторыі народнага мэмарыялу. Такой маштабнай вандальскай акцыі даўно не было”.

Ён дадаў: “Зразумела, што гэтая ўлада не зацікаўленая ў высьвятленьні праўды, абставінаў гэтых злачынных дзеяньняў. Так яно і будзе, пакуль будзе гэты рэжым. Злачынцаў, я мяркую, ня знойдуць, бо гэта, мы мяркуем, злачынцы, якія падтрымліваюць гэты рэжым”.

 

За паштоўкі на канцэрце NRM – арышт і штраф (17.03.2008; www.svaboda.org/content/Article/1047968.html)

Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка пакарала актывіста апазыцыі Кастуся Жукоўскага чатырнаццацьцю суткамі арышту і штрафам на 700 тысяч рублёў. Яго абвінавацілі ў парушэньні парадку арганізацыі й правядзеньня масавых мерапрыемстваў, супраціве міліцыі. Навучэнку мастацкай вучэльні Марыю Тульжанкову аштрафавалі на 300 тысяч рублёў.

Затрыманых прывезьлі ў суд Цэнтральнага раёну ў кайданках. Больш за двое сутак яны правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

14 сакавіка ўвечары, падчас канцэрту гурту “NRM” у гарадзкім цэнтры культуры, Жукоўскага й Тульжанкову затрымалі супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным.

Спадарыня Тульжанкова трымала ў руках віншавальныя паштоўкі да 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Раздаваў паштоўкі зь віншаваньнем і запрашэньнем узяць удзел у сьвяткаваньні юбілею БНР 25 сакавіка ў Менску Кастусь Жукоўскі. Побач былі міліцыянты ў форме. Але рукі яму закруцілі й павалілі на падлогу двое ў цывільным.

На судзе спадар Жукоўскі не адмаўляў, што аказваў супраціў нападнікам. “Я плюнуў у твар аднаму зь іх, бо думаў, што на мяне наваліліся бандыты з “марозаўскай банды”, — патлумачыў Кастусь Жукоўскі.

 

Удзельнікаў сьвяточнай экскурсіі будуць судзіць (05.04.2008; www.svaboda.org/content/Article/1050750.html)

Дзевяць гомельскіх актывістаў, якія 23 сакавіка ўзялі ўдзел у сьвяточнай экскурсіі па месцах зьвязаных з дзяячкай БНР Палутай Бадуновай у Гомелі, будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці. Пра гэта яны даведаліся 4 красавіка ў аддзяленьні міліцыі Навабеліцкага раёну Гомеля, куды іх выклікалі, каб азнаёміць з адміністрацыйнымі пратаколамі, складзенымі на ўдзельнікаў экскурсіі. Іх абвінавачваюць у парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства – жыхары гораду нібыта скардзіліся, што шэсьце было незаконным, а яго ўдзельнікі парушалі грамадзкі парадак.

 

Сяброў апазыцыі звальняюць з прыватных фірм (09.04.2008; svaboda.org/content/Article/1106132.html)

У віцебскіх актывістаў пасьля акцыяў у Дзень Волі пачаліся праблемы на працы.

Кіраўніку віцебскай суполкі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Яну Таўпыгу прапанавалі звольніцца, як толькі ён зьявіўся на працы пасля арышту, прысуджанага за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. За тыя 8 сутак, што ён адбыў у ізалятары часовага ўтрыманьня, у прыватнай фірме вырашылі, што мець працаўніка-апазыцыянэра небясьпечна.

Спадар Таўпыга кажа, што ня мае крыўды на тых, хто прапанаваў яму сысьці: калі ён выходзіў 25 сакавіка на плошчу Свабоды ў Віцебску зь бел-чырвона-белым сьцягам, то добра ўсьведамляў, якія могуць быць наступствы гэтага ўчынку.

Зьяўленьне бел-чырвона-белых сьцягоў у Віцебску сталася падставай і для звальненьня актывіста Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Аляксандра Салаўяна, які таксама працаваў у прыватнай фірме. Колькі дзён таму ва ўнітарнае прадпрыемства наведаліся міліцыянты, каб распытаць пра асобу спадара Салаўяна і пра тое, ці ня мае ён дачыненьня да дзейнасьці легендарнага “Мірона”. Пасьля гэтага візыту кіраўніцтва прапанавала апазыцыянэру напісаць заяву на звальненьне.

Папярэджаньне пра скарачэньне атрымала і віцебская актывістка Ганна Латышава. Яна брала ўдзел у жалобнай акцыі, прысьвечанай памяці Ірыны Казулінай. Падчас гэтай акцыі, якая прайшла ў Віцебску 25 лютага, актывістку ўбачылі прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемства бытавых паслуг, дзе яна працуе краўчыхай. І цяпер спадарыня, якой да пэнсіі засталося менш за два гады, рызыкуе застацца бяз працы.

 

Горадня: двух гісторыкаў выкрэсьлілі са сьпісу (Сяргей Астраўцоў, 09.04.2008, svaboda.org/content/Article/1079853.html)

Гарадзенскія гарадзкія ўлады 10-11 красавіка праводзяць навуковую канфэрэнцыю “Горадня і гарадзенцы: дзевяць стагодзьдзяў гісторыі”. Яна прымеркаваная да 880-х угодкаў гораду, што будуць адзначацца ў чэрвені. Сярод арганізатараў таксама — Акадэмія навук і Гарадзенскі унівэрсытэт.

Стала вядома, што ўдзельнічаць у мерапрыемстве адмоўлена двум дактарам гістарычных навук. Гэта — Алесь Смалянчук і Алесь Краўцэвіч, абодва даўно жывуць у Горадні і займаюцца яе гісторыяй. Сёньня спадары Смалянчук і Краўцэвіч сабралі журналістаў, каб паведаміць ім пра здарэньне і сваю пазыцыю.

Салідарнасьць са Смаленчуком і Краўцэвічам выказаў іхні калега кандыдат гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч: “Шкада, што ў сёньняшняй сытуацыі атрымалася так, што людзям, якія шмат зрабілі у вывучэньні гісторыі Горадні, адмовілі ў магчымасьці прыняць удзел. Улічваючы, што асабіста я ня бачу магчымасьці прымаць удзел у гэтай канфэрэнцыі, я вымушаны адмовіцца. Акрамя мяне такую пазыцыю занялі цэлы шэраг гарадзенскіх, менскіх, гомельскіх гісторыкаў. Сярод іх вядомыя ўсім нам прозьвішчы Сагановіча, Кіштымава, Сабалеўскай, Соркінай, Масько, Трафімчык, Карнелюк, Токць, Гардзееў”.

Сваю пазыцыю выклаў Алесь Смалянчук: “Мы з Алесем Краўцэвічам спачатку трапілі ў першы варыянт праграмы і, як я зразумеў зь сёньняшняй размовы з загадчыкам катэдры гісторыі Беларусі, адным з сустаршыняў аргкамітэту Іванам Крэнем, нас выкінулі пад ціскам аддзелу ідэалёгіі гарвыканкаму. Узгадваюцца савецкія часы брэжнеўскага хіба пэрыяду, калі не гісторыкі вызначаюць, каму і што гаварыць, а чыноўнікі сучаснага палітычнага рэжыму. Гэтага нельга дапускаць, трэба пратэставаць і я вельмі ўдзячны калегам, якія выказалі салідарнасьць – людзі знайшлі мужнасьць і сьмеласьць далучыцца да такога пратэсту”.

Краўцэвіч: “Алесь Смалянчук зьяўляецца рэдактарам бюлетэню па гісторыі Горадні — “Горад Сьвятога Губэрта”, у мяне ёсьць пара кніжак па гісторыі Горадні, я праводзіў архэалягічныя раскопкі на тэрыторыі гораду. Несумненна, здарэньне зьвязана з нашым удзелам у абароне гістарычнай Горадні. У прыватнасьці, мы падпісвалі заяву да генэральнага пракурора РБ пра варварскія разбурэньні культурнага слою ў цэнтры гораду, і была рэакцыя на гэта. Мы адстойваем суб’ектную гісторыю Беларусі, якая не згаджаецца з тым падабенствам афіцыйнай ідэалёгіі”. 

Гісторыкі адзначылі, што ўлады сёлета пачынаюць новы наступ на гістарычную забудову Горадні, яны самі вырашаюць — што зруйнаваць, а што пакінуць. Улады не зважаюць пры гэтым на пазыцыю навукоўцаў і грамадзкасьці.

 

“Гэта ж вы пагубілі жыцьцё чалавека!” (Любоў Лунёва, 14.04.2008; www.svaboda.org/content/Article/1106715.html)

10 гадамі пазбаўленьня волі (калёнія ўзмоцненага рэжыму) пакараны актывіст партыі “Грамада” Зьміцер Лісяенка. Яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта захоўваў наркотыкі й фальшывыя грошы.

У суд Менскага раёну прыйшлі моладзевыя актывісты, большасьць зь якіх далучылася да дэмакратычнага руху пасьля сакавіка 2006 году. Зьміцер Лісяенка быў на лаве падсудных не адзін, а з грамадзянінам, якога ня ведаюць ягоныя паплечнікі — Камо Дадалянам. Нягледзячы на тое, што Зьмітра трымаюць пад вартай ад 9 жніўня 2007 году, паплечнікі толькі нядаўна даведаліся пра крымінальную справу. На судзе высьветлілася, што падставай для абвінавачаньня сталі толькі паказаньні сьведкі, згодна зь якімі Зьміцер нібыта меў псыхатропныя сродкі і падробленыя купюры эўра. Саміх рэчавых доказаў сьледчыя не знайшлі.

Зьміцер у сваім апошнім слове заявіў, што на яго быў аказаны псыхалягічны і фізычны ціск. Казаў, што сьледчыя пагражалі ўчыніць расправу над ягонай маці.

Зьміцер Лісяенка служыў у брыгадзе спэцназу ў Мар’інай Горцы. У 2006 годзе, калі былі прэзыдэнцкія выбары і падзеі на Кастрычніцкай плошчы, стаў сябрам сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, лідэрам якой быў Аляксандар Казулін. Некалькі разоў удзельнічаў у вулічных акцыях.

Маці Зьмітра не магла стрымаць эмоцыяў, калі пачула прысуд — 10 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. “Дзесяць год далі чалавеку!!! Дзесяць! Дзесяць!… І дзевяць месяцаў у турме сядзеў. Гэта ж вы пагубілі жыцьцё чалавека! Ён жа калі прыйдзе, яму 40 гадоў будзе!”

Паплечнікі Зьмітра ня вераць, што ён спрычыніўся да распаўсюду наркотыкаў. Яны лічаць, што крымінальную справу супраць былога спэцназаўца распачалі паказальна для іншых. Гаворыць Сяржук Павалкоў: “Гэта сыгнал іншым спэцназаўцам, якія захочуць перайсьці на бок апазыцыі і выступіць супраць гэтай улады”.

 

У справе 14-ці — дзесяць асуджаных (Любоў Лунёва, 22.04.2008; www.svaboda.org/content/Article/1107803.html)

Суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў сем актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху абмежаваньнем волі на два гады без накіраваньня ў спэцкамэндатуру, дваіх штрафамі, а Андрэя Кіма — пазбаўленьнем волі на паўтара гады. Такі прысуд атрымалі дзесяць абвінавачаных у крымінальнай справе, вядомай як “справа 14-ці”.

Больш за сотню чалавек сабраліся каля будынку суду на знак салідарнасьці з абвінавачанымі ў крымінальнай справе, распачатай у сувязі з падзеямі 10 студзеня. Андрэя Кіма прывезьлі ў суд на пачатку працоўнага дня і трымалі больш за чатыры гадзіны, пакуль судзьдзя Алена Ільіна друкавала судовую пастанову. 

Калі судзьдзя пачала зачытваць прысуд, людзям цяжка было стрымлівацца. Напрыклад, хвалю шэпту выклікала фраза пра тое, што сьведкі пацьвердзілі паказаньні Падбярозкіна, бо менавіта гэтага міліцыянта абвінавачаныя прасілі прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за ілжэсьведчаньне.

Калі судзьдзя Алена Ільіна абвясьціла, што Андрэя Кіма пазбаўляюць волі на паўтара года, ягоная маці прамовіла: “Я ганаруся табой, сынок!” Андрэй будзе адбываць пакараньне ў калёніі агульнага рэжыму. Уладзімера Сяргеева і Антона Койпіша судзьдзя пакарала штрафамі — тры мільёны пяцьсот тысяч рублёў кожнаму. Абмежаваньнем волі на два гады без накіраваньня ў спэцкамэндатуру пакараныя Тацяна Цішкевіч, Міхась Крываў, Міхась Пашкевіч, Арцём Дубскі, Алесь Чарнышоў, Аляксей Бондар і Алесь Стральцоў. Гэта значыць, што адбываць пакараньне яны будуць па месцы жыхарства.

Як толькі судзьдзя скончыла зачытваць прысуд, прысутныя пачалі скандаваць: “Ганьба!”

Спэцназаўцы затрымалі Аляксандра Атрошчанкава. Яны казалі, што чулі, як нехта з залі абразіў судзьдзю. На іх думку, гэта быў Атрошчанкаў. На яго ў судзе склалі пратакол.

На вуліцы каля сотні чалавек стаялі і чакалі, пакуль не павязуць Андрэя Кіма.

Арцём Дубскі пракамэнтаваў прысуд: “Больш за ўсё мяне ўразіў прысуд Андрэю Кіму, якому далі паўтара года насамрэч ні за што. Папросту высмактана з пальца. Можна было любога на вуліцы схапіць. З тых жа амапаўцаў, якія ходзяць на мітынгі, і абвінаваціць іх у чым заўгодна. Ну што ж, два гады — няправы прысуд”.

Андрэева маці Тацяна Кім адразу пасьля прысуду пабегла дадому. Яна не магла стрымаць сьлёз. “Свабодзе” яна сказала, што сама нават ня пойдзе да судзьдзі па дазвол на спатканьне: “Няхай усё гэта застаецца на іх сумленьні… Да апошняга я спадзявалася, што судзьдзя паставіцца справядліва. Папрашу адваката, але сама больш не пайду да яе”.

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    І з такім рэжымам нехта збіраецца згуляць у “выбары”?

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы