nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Дзяржаўніцкія традыцыі эўрапейскіх супольнасьцяў

24 мая, 2008 | Каментары (1)

Віталь Куплевіч

Ð�Ñ�плевÑ�Ñ� 2.JPG 

Надзвычай складана знайсьці дзяржаву, якая дастаткова доўга існуе і на працягу сваёй гісторыі не зьмяняла абшары. Фармаваньне абшару дзяржавы пачынаецца ад параўнальна невялікай першаснай паверхні, якую F. Ratzel (1923) назваў арэалам закладаньня дзяржавы, а іншыя аўтары – абшарам закладаньня (Pounds, 1963; Pounds, Ball, 1964).

 

Адныя дзяржавы былі ўтвораны ў першасных арэалах закладаньня, прайшлі складанае разьвіцьцё: ад маладосьці да даросласьці і сталасьці. Такое разьвіцьцё можна назваць дзяржаўнай традыцыяй, а дзяржавы зь дзяржаўнай традыцыяй – арганічнымі дзяржавамі. Іншыя дзяржавы былі ўтвораны паводле палітычных рашэньняў, часам кан’юнктурных, таму пазбаўленыя натуральнага разьвіцьця, г. зн. дзяржаўнай традыцыі й называюцца арбітральнымі. Некаторыя эўрапейскія гаспадарствы (напр. Шатляндыя, Уэльс) зьяўляюцца складовымі часткамі іншых дзяржаў (Вялікабрытаніі), але ў мінулым былі незалежнымі дзяржавамі, таму можна казаць аб існаваньні ў іх дзяржаўніцкай традыцыі. Наадварот, іншыя дзяржавы, якія ў сярэднявеччы былі незалежнымі, а затым страцілі незалежнасьць, пры сувэрэнізацыі ў ХХ ст. абапіраліся на дзяржаўніцкую традыцыю продкаў (Ірляндыя, Чэхаславаччына ад Чэскага Каралеўства Х ст., Летува, Сэрбія, Вугоршчына і мн. інш.).

Падзел дзяржаваў на арганічныя і арбітральныя паводле наяўнасьці дзяржаўнай традыцыі адносны. Некаторыя дасьледчыкі (Z. Rykiel, 2006) лічаць, што ён не вытрымоўвае крытыкі, а іншыя аўтары (Whebell, 1970, Muir, 1981, Taylor, Flint, 2000) прызнаюць, што канцэпцыя абшараў/арэалаў закладаньня дзяржаў не пасуе для пазаэўрапейскіх дзяржаў, таму не ўсеагульная. Посткаляніяльныя дзяржавы пазбаўлены арэалаў закладаньня, аднак гэта ня значыць, што яны абавязкова знаходзяцца ў стане абшаравай стагнацыі.

Пры ўтварэньнях дзяржаў дэтэрмінуюць генэтычныя тыпы тэрыторый дзяржаў. Адзначаны наступныя спосабы (Z. Rykiel, 2006):

– экспансія этнічнай (плямённай, зьвязаплямённай, народнаснай) дзяржаўкі;

– экспансія фэадальнага ўладарства;

– задзіночаньне;

– сэцэсія ад большай дзяржавы (сэцэсія – выйсьце часткі тэрыторыі з складу адзінай дзяржавы з мэтай ўтварэньня новай незалежнай дзяржавы; И. И. Пирожник, 2005 г.)

– падзел ці распад дзяржавы;

– калянізацыя.

У Эўропе першасныя арэалы закладаньня дзяржаў вядуць традыцыю ад сярэднявечных этнічных (плямённых, зьвязаплямённых, народнасных) дзяржавак. Часьцей адна з такіх дзяржаў падпарадкоўвала суседнія этнічныя дзяржавы ды інтэгравала іх вакол сябе. Поступова ўтваралася нацыянальная дзяржава. Дынастыі тых манархаў, якія падпарадкавалі сваіх суседзяў (часта шляхамі або пераможных крывавых войнаў, або куплі, альбо мірнай дамовы і інш.), у памяці і міталёгіі нацыі прызнаюцца закладальнікамі нацыянальнай дзяржавы (Гедымінавічы ў Вялікай Літве, Пясты ў Польшчы, Рурыкавічы ў Расеі), а першасная плямённая, або народнасная дзяржаўка – гістарычным абшарам/арэалам закладаньня дзяржавы.

У сярэднавечнай Эўропе першасная этнічная дзяржаўка магла ўзвысіцца за конт больш выгоднага геаграфічнага становішча, больш урадлівых глебаў, скрыжаваньняў гандлёвых шляхоў і гандлю таварамі, недаступнымі навокал (па-сучаснаму супэрбрэндамі; Pounds, Ball, 1964).

У фэадальных уладарствах эпохі фэадальнай дыфэрэнцыяцыі кожнае ўладарства мела сталіцу, адкуль уладарыў манарх. Таму гістарычны абшар закладаньня дзяржавы пры такім спосабе ўтварэньня быў непарыўна зьвязаны з сталіцай.

Наважытныя дзяржавы (новага пэрыяду, або капіталістычнай грамадзка-эканамічнай фармацыі) ўтварыліся ў выніку разьвіцьця цэнтраў фармаваньня нацыянальнай сьвядомасьці, або пераможных вызвольных рухаў.

У выніку сэцэсіі, падзелу ці распаду дзяржавы навапаўсталыя палітычныя дзяржавы могуць нават ня мець уласнага гістарычнага абшару закладаньня. Агульная дэградацыя старой дзяржавы, яе дэцэнтралізацыя і недахоп сталай сталіцы могуць стаць элемэнтарнымі ўмовамі яе сэцэсіі, падзелу ці распаду.

Спосаб калянізацыі часьцей выніковы каля навапаўсталага порту, які пераўтвараецца ў сталіцу, таму сталіца-порт – асяродак заморскай эўрапеідызацыі першасны – і фармуе вакол сябе абшар(-ы) закладаньня новай краіны-дзяржавы(-аў) шляхам калянізацыі-дэкалянізацыі.

Арэал(-ы) закладаньня дзяржавы і сталіца(-ы) – частка іхных дзяржаўных (дзяржаўніцкіх) традыцый, што служаць прадметам гонару для грамадзян за годныя чыны продкаў: геніяльных майстроў, рамеснікаў, інжынэраў, работнікаў, сялянаў, навукоўцаў, сьвятароў, асьветнікаў, носьбітаў новых прагрэсіўных ідэяў і г. д.

Адначасова дзяржаўная традыцыя ўключае ў сябе крывавыя войны, генацыды і шмат што іншае, чаго трэба саромецца. Таму сёньняшнія дзяржавы прызнаюць толькі, як правіла, станоўчыя моманты ва ўласных дзяржаўных традыцыях. Напрыклад, сёньняшняя Нямеччына прымае прававую традыцыю Рэйху, але не настолькі, каб выплочваць кампэнсацыі нашчадкам дзесяткаў мільёнаў ахвяраў Трэцяга Рэйху і вядомага Адольфа, дзеі якога служаць прадметам нацыянальнага сораму абсалютнай большасьці немцаў (за выкл. прафашыстоўскіх суполак) [ня ўсё абсалютна так; ёсьць народ, які выбіў сабе кампенсацыі ад немцаў. – Рэд.]. Адваротна, Расея прызнае зь гістарычнай спадчыны СССР толькі тое, што расейцам здаецца станоўчым і выгадным: сталае сяброўства ў Радзе Бясьпекі ААН, уласнасьць на ядравую зброю, аднак дыстанцуецца ад сталінскіх рэпрэсій, расейскіх і савецкіх генацыдаў супроць нерасейскіх народаў ды інш.

Некаторыя дзяржавы надзвычай далёка заходзяць у міталягізацыі сваёй гісторыі, з прычын прэстыжу, апраўданьня пазьнейшых захопаў іншых супольнасьцяў, фармаваньня ўласнай гістарычнай міталёгіі, яе працягу і інш. Многія расейскія гісторыкі дзяржаўную традыцыю Расеі выводзяць з Кіеўскай Русі, не зважаючы на рэзкую нязгоду калегаў-адмыслоўцаў зь іншых краін. У савецкай школьнай і ўнівэрсытэцкай гістарычнай міталёгіі Кіеўская Русь называлася супольнай дзяржавай усходніх славян, чым апраўдваліся пазьнейшыя гвалтоўныя захопы маскоўцамі (продкамі сучасных расейцаў) тэрыторыяў украінцаў і беларусаў, трактаваныя як “воссоединение с великим русским народом и Россией”. Яшчэ раней, у шавіністычнай царскай трыадзінае Расеі заляцаньні расейскіх гісторыкаў да традыцыі Кіеўскай Русі былі ідэалягічнымі, бо легітымізавалі заваёвы маскоўцаў дзеля нібыта задзіночаньня “земель русских”.

Насамрэч, сёньняшняя азіяцкая дзяржаўніцкая традыцыя маскоўцаў-расейцаў паходзіць ад Кіпчацкага Ханства (Генадзь Сагановіч, 1994) і ня мае нічога агульнага з эўрапейскай Кіеўскай Русьсю што пала ад шматлікіх азіяцкіх мангола-татарскіх ордаў у ХІІ-ХІІІ стст. Таму эўрапейскія дасьледчыкі дзяржаўную традыцыю Расеі выводзяць ад постмангольскай палітычнай спадчыны Маскоўскага княства (Pounds, 1963; Pounds, Ball, 1964; Яковенко, 2000; Davies, 2003а). Больш за тое, у літаратуры адзначаецца недахоп ня толькі прававой, палітычнай, а таксама і этнічнай карэляцыі паміж Кіеўскай Русьсю і Вялікім княствам Маскоўскім (Иоффе, Нефёдова, 1997). Украінскія гісторыкі Кіеўскую Русь лічаць пачаткам дзяржаўніцкай традыцыі эўрапейскае Ўкраіны.

Назва Расея ўжываецца ня больш чым трыста год. У ХІV – XVIІ стст. краіна называлася Масковіяй.

Украіна і Беларусь – дзяржаўны працяг Кіеўскай Русі, а Расея зьяўляецца палітычна-тэрытарыяльнай вытворнай Залатой Арды [мы лічым, што беларуская дзяржаўнасьць мае самастойнае паходжаньне – Рэд.]. Атаясамліваньне Русі з Расеяй ў той жа ступені неабгрунтаванае, як атаясамліваньне ЗША і Канады зь Вялікабрытаніяй. Чыньнік Orthodox (праваслаўны – заўв. В.К.) у Расеі меў большае значэньне, чым Protestant у ЗША (L. Moczulski, 1999).

Аднак нельга сьцьвярджаць, што продкі сёньняшніх расейцаў ня мелі ўласнай эўрапейскай дзяржаўніцкай традыцыі. Дзяржаўніцкую эўрапейшчыну [рускіх] трэба шукаць у Ноўгарадзкім і Пскоўскім княствах (Arche, 2002). Вялікі Ноўгарад дасягнуў росквіту дзякуючы, між іншым, сваёй палітычнай сыстэме, якая была падобна на суседнія эўрапейскія. Маскоўская экспансія прывяла да зьнішчэньня эўрапейскай дзяржаўніцкай традыцыі і поўнага падпарадкаваньня Ноўгарада Маскве, ды яго заняпаду. Перанясеньне сталіцы з Масквы ў новазбудаваны Санкт-Пецярбург можна трактаваць як нефармалізаванае імкненьне Пятра І (Раманава) да рээўрапеізацыі. Фармалізацыяй магло стаць вяртаньне да эўрапейскай дзяржаўніцкай традыцыі Вялікага Ноўгарада ў супрацьвагу азіяцкай Маскве, з статусам Санкт-Пецярбурга як другога Вялікага Ноўгарада.

Аналягічныя праблемы з акрэсьленьнем пачатку сваёй дзяржаўнай традыцыі маюць іншыя супольнасьці. Да сёньня дыскутуецца пытаньне аб пачатку гішпанскай традыцыі ці то ад дзяржавы візготаў з сталіцай у Таледа, ці то з рэканкістаю Астурыі, якая працягвалася надзвычай доўга.

Італійцам складана абгрунтваць пачатак дзяржаўніцкай традыцыі ад старажытнага Рыму (як расейцам ад Кіеўскай Русі), бо трэба давесьці, што старажытны Roma і сёньняшні Рым – тое самае, больш таго: старажытныя рымляне, затым лаціны – наўпроставыя этнічныя продкі куды больш пазьнейшых італійцаў (пасьля падзеньня Рыму вядома этнічная мяшанка лацінаў з барбарамі). Адныя дасьледчыкі лічаць прататыпам Італіі Лацыю, другія – Лямбардыю, трэція – дзяржаву Карла Вялікага, а чацьвертыя – паасобныя мікрадзяржавы сярэднявечча.

Грэкі таксама маюць значныя цяжкасьці пры вывядзеньні сваёй дзяржавы ад старажытнай Грэцыі, бо неаднаразовыя этнічныя і культурніцкія трансфармацыі на працягу гісторыі, а таксама страты дзяржавы ды наяўнасьць стара- і навагрэцкіх моў (апошняя у дзьвюх вэрсіях) робяць карэляцыю сучаснай Грэцыі з старажытнай – надзвычай умоўнаю.

Румынская дзяржава паўстала ў выніку аб’яднаньня Малдовы і Валахіі, пры гэтым апошняя была больш разьвітая гаспадарча, палітычна і культурова, таму, хутчэй за ўсё, зьяўляецца першасным абшарам закладаньня агульнай дзяржавы.

Надзвычай складана вызначыць пачаткі абшару закладаньня Вяліка-брытаніі, бо дзяржава сфармавалася зь некалькіх частак (як вынік заваёваў Уэльсу, Шатляндыі і Ірляндыі Ангельшчынай). Гісторыя Паўночнай Ірляндыі зьяўляецца часткай агульнай гісторыі Ірляндыі, а шатляндцы і, ў меншай ступені, валійцы памятаюць аб сваёй гісторыі, мове і культуры, захоўваючы выразныя аўтаноміі. Хутчэй за ўсё, або дзяржава мае чатыры гістарычныя абшары закладаньня (ангельскі, шатляндыйскі, валійскі і ірляндскі), або толькі зьяўляецца працягам гістарычнае традыцыі Ангельшчыны, тады мае толькі адзін абшар закладаньня на паўднёвым-усходзе Ангельшчыны вакол Лёндану.

Гістарычны абшар закладаньня былой Югаславіі знаходзіўся ў Харватыі, якая сталася цэнтрам рухаў за аб’яднанье паўднёвых славян, доўгі час падзеленых паміж Аўстра-Вугорскай і Асманскай імпэрыямі, адсюль уніфікацыя харвацкай мовы з сэрбскай і басьняцкай (аўтахтонная харвацкая мова ўзьнікла і распаўсюдзілася ў Далмацыі). Палітычным абшарам закладаньня Югаславіі была Сэрбія, а гістарычным арэалам закладаньня Сэрбіі было Косава – толькі параўнальна нядаўна альбанізаванае (M. Četić, 2004).

Савецкая зона акупацыі Трэцяга Рэйху Адольфа сталася абшарам закладаньня Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі як першай у гісторыі германцаў дзяржавы рабочых, сялянаў і службоўцаў.

Наадварот, каталёнцы могуць лічыць пачатак сваёй дзяржаўніцкай традыцыі ад Герцагства Барсэлёны з ХІ ст., Ватыкан – ад сярэднявечнае касьцёльнае/царкоўнае дзяржавы, нават крымскія татары – ад Крымскага Ханства.

Аналіз тэрытарыяльнага разьвіцьця дзяржаў Эўропы паказывае, што гістарычны арэал закладаньня дзяржавы і яе дзяржаўная традыцыя не абавязкова супадаюць з сучаснымі тэрытарыяльным цэнтрам і традыцыяй (Burghardt, 1969).

На прыкладзе Малдовы, Украіны і Беларусі можна прасачыць дзьве дзяржаўніцкія традыцыі.

У Малдове не сканчаецца палітычная “дыскусія” паміж прыхільнікамі розных традыцый. Першая зыходзіць з эўрапейскага ўсходнераманскага прарумынскага Малдаўскага гаспадарства ад Карпат да Днястра, як часткі этнічнага абшару румынскай супольнасьці. Другая тэрытарыяльна лякалізуецца ў расейскаімпэрскай Бэсарабіі, палітычна пачаткуецца ў міжваеннай Малдаўскай АССР Ўкраіны, што абымала заднястроўскія абшары, культурова – да канцэпцыі існаваньня фармалізаваных пад кіраўніцтвам расейскіх камуністаў малдаўскага народу, малдаўскай мовы (на аснове румынскай з кірылічным пісьмом) і Малдаўскай ССР дзеля фармалізацыі й інстытуалізацыі савецкай акупацыі часткі міжваеннай Румыніі (Бэсарабіі).

Прыход да ўлады прыхільнікаў аб’яднаньня з Румыніяй на пачатку 90-х гг. ХХ ст. і рэрумынізацыя выклікалі антыпраўны сэпаратызм на тэрыторыі міжваеннай Малдаўскай АССР і паўстаньне сэпаратыскай Прыднястроўскай Рэспублікі. Спробы Малдовы вярнуць сэпарытысцкі рэгіён у склад прарумынскай дзяржавы прывялі да збройнага супраціву сэпаратыстых пры негалоснай падтрымцы раскватэраванага ў Прыднястроўі з савецкіх часоў войска, якое пасьля распаду СССР перайшло пад расейскае падпарадкаваньне.

На прыкладзе Малдовы і Прыднястроўя назіраем тэрытарыяльную лякалізацыю розных дзяржаўніцкіх традыцый, якія несумяшчальныя цывілізацыйна (эўрапейская і азіяцкая).

Эліты Малдовы маюць абмежаваны выбар:

– аб’яднаньне з Румыніяй і страта азіяцкадзяржаўніцкага Прыднястроўя (продкі карэннага насельніцтва якога не жылі, а нашчадкі не жадаюць жыць у Румыніі; бо, найперш, ня ведаць румынскую мову, культуру і традыцыі, зрусіфікаваныя ды індэнтыфікуюць сябе часткай Расеі, што лічаць нормай і найвялікшай каштоўнасьцю);

– рээўрапеідызацыя Малдовы на аснове малдаўскай дзяржаўніцкай традыцыі;

– стварэньне сумеснай дзяржавы на аснове азіяцкай савецка-расейскай дзяржаўніцкай традыцыі паводле ўзору Малдаўскай ССР з савецкай сымболікай, дзяржаўным двухмоўем (а фактычна ўжываньнем толькі расейскай мовы) і зьвядзеньня Малдовы да Малдавіі (дэ-факта залежнай ад Расеі);

– фэдэралізацыя-канфэдэралізацыя Малдовы як кампраміснага варыянту, у склад якой увойдуць прарумынская ўласна Малдова, прарасейскае Прыднястроўе і Гагаузія (з адміністрацыйным цэнтрам Камрат).

Расея актыўна падтрымлівае прыднястроўскіх сэпаратыстых з мэтай утрымаць Малдову ў зоне сваіх уплываў, карыстаючыся гаспадарчымі й іншымі праблемамі небагатай, пераважна аграрнай Малдовы. З-за ўступленьня Румыніі ў Эўрапейскі Зьвяз магчыма павышэньне ўзроўню жыцьця малдоўцаў/малдаванаў за кошт памежнага супрацоўніцтва і працаўладкаваньня ў багацеючай Румыніі.

Рээўрапеідызацыі ды румынізацыі ў Малдове паспрыяе распачаты афіцыйным Бухарэстам працэс масавай выдачы румынскіх пашпартоў малдоўцам, для якіх наяўнасьць румынскага пашпарту – шлях да бязьвізавых паездак у іншыя дзяржавы Зьвязу, да працаўладкаваньня, высокіх заробкаў і непараўнальна лепшага матэрыяльнага жыцьця.

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны ў пачатку 1990-х гадоў да ўлады ў Кіеве прыйшлі памяркоўныя посткамуністы-незалежнікі, якія не маглі эфэктыўна кіраваць краінай. Жаданьні элітаў ды супольнасьцяў захаду, цэнтру, усходу, поўдня і Крыму былі ўзаемавыключнымі: ад эўрапейскай незалежнасьці з уваходам у Эўразьвяз і НАТО, або без уваходу ў зьвязы, да саюзу з Расеяй і ўваходу ў склад Расеі (Крым).

Адна ўкраінская супольнасьць зьвярнулася да эўрапрейскай дзяржаўніцкай традыцыі Кіеўскай Русі, бачыла Ўкраіну незалежнай эўрапейскай пераважна ўкраінскамоўнай і ўкраінскакультуровай дзяржавай пад жоўта-блакітным сьцягам і гербам “Трызуб”, а іншая ідэалам справядлівага дзяржаўнага ўладкаваньня лічыла пераважна расейскамоўную прарасейскую Ўкраінскую ССР. Апошняя не жадала карыстацца ўкраінскай мовай, а само паняцьце Ўкраіна атаясамлівала хутчэй з ускраінай Расеі (“у края России”). Несумяшчальныя цывілізацыйна дзяржаўніцкія супольнасьці (эўрапейская і азіяцкая) на прэзыдэнцкіх выбарах 2004 года галасавалі за Юшчанку і за Януковіча, што паспрыяла аранжавай рэвалюцыі.

Майдан можна разглядаць як рашучыя мірныя дзеяньні эўрапейскіх ды эўрапеідызаваных украінскіх эліт і насельніцтва на чале зь Віктарам Юшчанкам і Юліяй Цімашэнкай па абароне Ўкраіны ад прыходу да ўлады цывілізацыйна чужых носьбітаў расейскай імпэрскай азіяцкай дзяржаўніцкай традыцыі (у форме напаўкаляніяльнай Украінскай ССР), фармальна самастойных, але рэальна кіруемых з Масквы.

Нескладана прадказаць вынікі прыходу да ўлады зрасейшчаных “маларосаў”. Пасьля вяртаньня расейскай мовы ў якасьці дзяржаўнай (праз фармальнае двумоўе), замены ўкраінскай дзяржаўнай сымболікі на прасавецка-прарасейскую і ўступу Ўкраіны ў зьвяз з Расеяй, магла стацца яваю масавая дыскрымінацыя ўкраінцаў-эўрапейцаў. Такія дзеі ва ўмовах нізкага ўзроўню матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва прывялі б да магчымай грамадзянскай вайны ва Украіне паміж ўкраінцамі эўрапейскай і азіяцкай дзяржаўніцкіх традыцыяў з удзелам расейскіх шавіністых і дапамогай эўрапейскіх дзяржаў. Верагодным наступствам б стаў падзел Украіны на эўрапейскую Ўкраіну (захад і цэнтр дзяржавы) ды прарасейскую напаўкаляніяльную “Малороссию” на ўзор Украінскай ССР (усход і поўдзень) з уваходам Крыму ў склад Расеі.

 

Традыцыйнай эўрапейскай дзяржаўніцкай традыцыяй ліцьвінаў-беларусаў было ВКЛ, аднак шэраг істотнейшых фатальных прычын прывёў да забыцьця ўласнай эўрапейскай традыцыі. Бесперапынныя крывавыя войны паміж ВКЛ і Масковіяй, у т.л. Невядомая вайна [17-га стагоддзя]; зьвяз ВКЛ з Польшчай (Рэч Паспалітая); масавы генацыд патрыятычных эліт і завоз каляніяльнага чынавенства з глыбіні Расеі пасьля вызвольных збройных чынаў 1830 і 1963-64 гг. [такі ж завоз быў і пасьля 1944-45 гг. – Рэд.]; зпальшчэньне і зрасейшчваньне эліт; рэфармацыя, вунія, расейскае праваслаўе, польскае каталіцтва; раньняя дэліцьвінізацыя местаў (пасьля Невядомай вайны): пераважна габрэйскае, а затым польска- ды расейскамоўнае места; страта Вільні як другой сталіцы (беларускі Львоў); сталінскі генацыд з вынішчэньнем нацыянальных эліт (Курапаты); нарэшце татальнае абрасейшчваньне другой паловы ХХ ст. – не пакінулі ў многіх нават памяці ня толькі пра эўрапейскую дзяржаўніцкую традыцыю Вялікага княства Літоўскага, але і пра якія-кольвек эўрапейскія дзяржаўніцкія інстытуты беларусаў (нават ўласную царкву) у зрасейшчанай савецкай супольнасьці.

Рудымэнтамі эўрапейшчыны сярод спалянізаваных ліцьвінаў-беларусаў каталікоў гістарычнай Віленшчыны сталіся: касьцёл як адзіны легальны некамуністычны інстытут, не забаронены саветаміі, і ўяўленьні аб расейскамоўных, як аб саветах і саветках з супрацьстаўленьнем апошніх мясцовым тутэйшым, або простым “палякам” (бо гаворым па-просту).

У савецкай імпэрыі Беларусь толькі фармальна мела статус рэспублікі, г. зн. роўны з Расеяй (БССР), а насамрэч ўяўляла (да 1988 г.) ідэальную калёнію Расеі. Таму ня дзіўна, што Беларускі народны фронт “Адраджэньне” (БНФ) ня меў аніякіх шанцаў за некалькі год павярнуць юную дзяржаву на нацыянальныя некаляніяльныя рэйкі разьвіцьця. Вяртаньне да багацейшай эўрапейскай дзяржаўніцкай традыцыі Вялікай Літвы, памяць аб якой была цалкам зьнішчана за больш трыста год чужаземных экспансій і акупацый, здавалася фантастыкай.

Падзеі 1994-95 гг. прывялі фармальна да вяртаньня савецкай дзяржаўніцкай традыцыі БССР, а рэальна – расейскай імпэрскай азіяцкай традыцыі ад Кіпчацкага ханства праз Маскоўскую дзяржаву, Расейскую імпэрыю да СССР і пабудовы фармальна незалежнай, а рэальна – суцэльна залежнай ад Расеі таталітарнай напаўкаляніяльнай краіны, што знаходзіцца пад нутранай расейскай акупацыяй. Не адбылося вяртаньня да шырокага выкарыстаньня беларускай мовы і этнакультуры (беларусізацыя); займаньня беларусамі-эўрапейцамі вышэйшых прыступак сацыяльнай лесьвіцы (карэнізацыя), фармаваньня і арганізацыі нацыянальных элітаў (сучасныя беларускія кіраўнікі не элітарныя, бо, хутчэй за ўсё, без праблемаў могуць кіраваць і “Беларусьсю ў складзе Расеі”); пабудовы дэмакратычнай, нацыянальнай, прававой дзяржавы; фармаваньня сучаснай мэдэапрасторы; пераўтварэньня каляніяльнай пострасейска-постсавецкай азіяцкай правінцыі ў эўрапейскія рэгіёны зь мясцовым самакіраваньнем; рээўрапеізацыі мэнталітэту азіятызаванага насельніцтва; пабудовы эфэктыўнай эўрапейскай гаспадаркі з утварэньнем мнагалікага сярэдняга клясу ўласьнікаў, у т.л. пераадоленьня татальнай залежнасьці ад расейскіх паліва, сыравіны (дывэрсыфікацыя імпарту-экспарту) і г. д.

Ліцьвінска-беларускія эліты дысыдэнтаў і супольнасьць экстэрытарыяльныя, але ёсьць невялікая розьніца паміж больш праэўрапейскімі захадам і сталіцай ды рэштай краіны. Аднак палітыка татальных рэсаветызацыі і рэрусіфікацыі шляхам актыўнага замбаваньня насельнацтва праз зманапалізаваныя мас-мэдыя ўсё больш нівелюе розьніцу. Дзяржаўныя межы з суседнімі Польшчай, Летувой, Латвіяй надзейна зачынены, што істотна ўскладняе сталыя і эпізадычныя масавыя кантакты нават з памежным насельніцтвам суседніх дзяржаў, а, тым больш, паездкі да суседзяў (працэдура выдачы візаў максімальна ўскладнена).

Аднак расейская пагроза анэксіі, магчыма, прывядзе да ўсьведамленьня неабходнасьці пабудовы крэольскай дзяржавы і непатрэбнасьці ўваходу Беларусі ў склад Расеі “на правох аўтаноміі, або шасьцьмі вобласьцямі”. Магчыма, зь цягам часу, – крэольская дзяржава трансфармуецца ў дэмакратычную нацыянальную прававую, эўрапейскую (паводле дзяржаўніцкай традыцыі).

Каментары (1)

  1. Владимир кажа:

    “…рэрумынізацыя выклікалі антыпраўны сэпаратызм…”
    Поясните, что значит “противоправный сепаратизм”? В чем его отличие от сепаратизма “правового”?

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы