nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Падзелы Эўропы

25 чэрвеня, 2008 | Каментары (1)

Віталь Куплевіч

��плев�� ���ал� 1.JPG

1. Традыцыйны (ідэалягічна-палітычны) падзел

Пасьля Другой сусьветнай вайны пачалася «халодная вайна». «Жалезная заслона» падзяліла Эўропу паводле ідэалягічна-палітычнай прыкметы на Заходнюю, дзе паводле марксіскага сьветапогляду панавала капіталістычная грамадзка-эканамічная фармацыя на апошняй стадыі (імпэрыялізм) і Ўсходнюю, дзе пачалі будаваць камуністычную грамадзка-эканамічную фармацыю на першай стадыі (сацыялізм). Такі падзел не датычыў заможнасьці/беднасьці краін, а ні ўзроўню іх разьвіцьця, і прымаўся як на Ўсходзе, так і на Захадзе (!).

На пачатку 60-х гадоў ХХ ст. пасьля дэкалянізацыі большай часткі Афрыкі ў сувязі зь невядомасьцю шляхоў разьвіцьця новых дзяржаў іх назвалі Трэцім Сьветам (тэрмін прапанаваў A.Sauvey у 1952 г.). Зразумела, што Трэці сьвет уяўляў сабой пэўную альтэрнатыву Першаму Сьвету (капіталізму), а таксама Другому Сьвету (сацыялізму).

Афрыканскія палітыкі надзвычай часта абвяшчалі некапіталістычныя праграмы разьвіцьця сваіх краін, а ў некаторых выпадках прасацыялістычная або пракапіталістычная дэмагогія сьведчыла аб іх арыентацыі адпаведна на СССР ці ЗША. Часам ідэалёгія (у двупалярным сьвеце) толькі маскавала сапраўдныя прычыны «любові» да сацыялізму або капіталізму – палітычныя інвэстыцыі (найперш фінансаваньне) новапаўсталых рэжымаў (звычайна таталітарных) звышдзяржавамі (СССР або ЗША) фармальна з мэтай пабудовы сацыялізму або капіталізму, а фактычна – для абагачэньня кіруючых груповак/клянаў.

Здараліся кур’ёзныя выпадкі. Самалійскі і Эфіопскі рэжымы пасьля абвяшчэньня прасацыялістычнымі і атрыманьня ад СССР сродкаў «сколько угодно» перасварыліся. Вынік – агрэсія «прасацыялістычнай» Самалі на такую ж Эфіопію, што не адпавядала марксізму-ленінізму і, асабліва, пралетарскаму інтэрнацыяналізму (“ня можа сацыялістычная дзяржава ваяваць з сацыялістычнай”). СССР дыстанцаваўся ад агрэсіўнага самалійскага рэжыму.

Умоўнасьць падзелу палітычнай часапрасторы на тры сьветы стала відавочнай, аб чым сьведчыла, між іншым, існаваньне цэлага шэрагу дзяржаў з прасацыялістычнай арыентацыяй па ўсім Трэцім Сьвеце.

Яшчэ раней, у канцы 50-х гадоў ХХ ст. зьявілася паняцьце аб недалучаных краінах. Так сталі называцца дзяржавы Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі і нават эўрапейская Югаславія, рэжымы якіх не жадалі далучацца ні да якіх вайсковых блёкаў (найперш да НАТО і Варшаўскае дамовы) ўтварыўшы Рух Недалучэньня. Распачалася барацьба за мір ва ўсім сьвеце і за недапушчэньне новай сусьветнай вайны з прымяненьнем ядзернай зброі.

Распад сыстэмы сацыялізму здэактуалізаваў ідэалягічна-палітычны падзел эўрпаейскае палітычнае часапрасторы на два (Захад і Ўсход), а сусьветнае – на тры сьветы.

2. Сучасны (эканамічна-палітычны) падзел

За аснову сучаснага падзелу Эўропы і сьвету варта прыняць тэорыю сусьветнай гаспадарчай сыстэмы I Wallerstein’a (1974). Яна абапіраецца на трох асновах Holoeschele (2002).

1. Эканамічныя і палітычныя адносіны паміж рэгіёнамі Эўропы і сьвету акрэсьліваюць яго цэнтр і пэрыфэрыю.

2. Існаваньне пэрыфэрыі абавязкова для існаваньня цэнтру.

3. Існаваньне сэміпэрыфэрыі/паўпэрыфэрыі зьяўляецца дастатковай узнагародай для яе насельнікаў, каб адчувалі супольнасьць інтарэсаў з цэнтрам.

Гэну тэорыю адаптаваў да рэчаіснасьці дзевяностых гадоў ХХ ст. R.Szul (1991). Пасьля далейшых мадыфікацый яна сталася асновай для ніжэй-пададзеных прапаноў.

Тыпалёгія абапіраецца на суадносным месцы краін у міжнародным падзеле працы. Крытэрыі месца рэгіёнаў: рынкавасьць гаспадаркі, яе таварнасьць, тып экспарту, здольнасьць да фінансавага кантролю сьвету, а таксама паводле прапановы Hoeschele (2002) – ступень індустрыялізацыі.

Прасторавы падзел працы датычыць хутчэй краін, чым дзяржаў (Wallerstein, 1974), таму неабходна ў кожнай дзяржаве аддзяліць эфэктыўныя абшары ад неэфэктыўных. У эпоху глябалізацыі палярызацыя эўрапейскай і сусьветнай гаспадарчай ды палітычнай сыстэм настолькі павялічыла маштаб, што ўключае асобныя рэгіёны, месты (Bauman, 2000) і, нават, кварталы (Stiglitz, 2004).

Пададзеная далей эканамічна-палітычная структура сучасных Эўропы і сьвету не зьяўляецца вынікам дакладнага эмпірычнага аналізу, толькі абапіраецца на агульных ведах, таму павінна трактавацца як гіпотэза.

1. У цэнтр сусьветнай эканамічна-палітычнай сыстэмы ўваходзяць найбольш разьвітыя краіны. Яны зьяўляюцца цэнтрам капіталістычнай гаспадаркі, або зонай дастатку (Szul, 1991). Дакладней існуюць тры цэнтры. Першы ўключае дзяржавы Паўночнай Эўропы акрамя поўначы Фінляндыі, Швэцыі і Нарвэгіі (Ляпляндыі), Заходняй Эўропы акрамя былой ГДР, а таксама паўднёваэўрапейскія паўночны ўсход Гішпаніі (у т.л. Каталёнію і Краіну Баскаў), Андору, Сан-Марына, паўночную і сярэднюю Італію з Рымам, але толькі не Сыцылію, Сардынію і Корсыку. Другі – поўдзень Канады і ЗША, трэці – Японію.

Краіны характарызуюцца найвышэйшым узроўнем спажываньня, тэхнікі, рэпрэзэнтацыяй інавацыйных тэхналёгій і культурніцкіх узораў. Інавацыі ўзьнікаюць паўсюдна, аднак толькі ў цэнтры яны маюць шанцы быць масава ужытымі, а затым – распаўсюджанымі па сьвеце, бо гэта вынікае з структураў супольнасьцяў цэнтру.

Палітычная роля цэнтру вынікае з канцэнтрацыі ў ім і экспарце зь яго стратэгічных рэсурсаў ХХІ ст.: капіталу, інавацый, харчаваньня і ўзбраеньняў. У краінах цэнтру прадукуецца 49% сусьветнага нацыянальнага прадукту брута, генэруецца 78% сусьветнага экспарту, канцэнтруецца 95% рэсурсаў інвэстыцыйнага капіталу і 97% сусьветных выдаткаў на досьледна-разьвіцьцёвыя мэты (Fiedler, 2004). Каля 80% замежнага капіталу пераплывае паміж краінамі цэнтру (Szymaniak, 2004). Сутнасьцю цэнтру зьяўляецца канцэнтрацыя ў ім рашаючых функцый гаспадаркі, г.зн. сядзібаў найважнейшых сусьветных біржаў і кіраўніцтваў найвялікшых транснацыянальных карпарацый (ТНК). Менш прыбытковыя галіны гаспадаркі, у т.л. цяжкая прамысловасьць пераносяцца ў менш разьвітыя краіны.

Цэнтр характарызуецца дадатным сальда міграцыі з рэштай сьвету, селекцыяй імігрантаў, у т.л. дрэнаж мазгоў. Тут палітычная стабільнасьць злучаецца з дэмакратыяй [лібералізмам. – Рэд.], бо па-за цэнтрам назіраецца або стабільнасьць, або – дэмакратыя [фармальная. – Рэд.]. Галоўныя пагрозы для цэнтру: радыкалізацыя антыдэмакратычных сілаў, некантраляваны наплыў імігрантаў, узрост грамадзкай напружанасьці, у т.л. канфліктаў.

2. Сэміпэрыфэрыі/паўпэрыфэрыі сусьветнай эканамічна-палітычнай сыстэмы паводле тэорыі I.Wallerstein’a складаюць або рэгрэсуючыя краіны цэнтру, або прагрэсуючыя дзяржавы пэрыфэрыі. Адзнакай сэміпэрыфэрыі зьяўляецца падпарадкаваньне цэнтру і дамінацыя над пэрыфэрыяй.

Наплыў капіталаў з цэнтру ва ўзаемадзеяньні з ўласнай таннай і дысцыплінаванай рабочай сілай – гарант разьвіцьця сэміпэрыфэрыі. Працоўныя рэсурсы выконваюць прадукцыйныя і часткова кіраўнічыя функцыі (у міжнародным маштабе). Недахоп раўнавагі паміж высокім ўзроўнем разьвіцьця гаспадаркі і невысокім узроўнем прадпрымальнасьці стварае залежнасьць ад замежных асяродкаў кіраваньня. Вынік – магчымасьць частых фінансавых крызісаў.

Узрост дабрабыту на сэміпэрыфэрыях значны, нават вялікі. Сальда міграцыі адмоўнае з цэнтрам і дадатнае з пэрыфэрыяй. Палітычныя рэжымы – нестабільныя дэмакратыі з крызісамі, часьцей пасьля аўтарытарызмаў у Эўропе. У сьвеце – тыя ж нестабільныя дэмакратыі з крызісамі, або аўтарытарызмы.

З васьмі груп краін паўпэрыфэрыі дзьве групы знаходзяцца ў цывілізацыйнай Эўропе: рэгрэсуючыя Партугалія; цэнтр, паўнічны захад і поўдзень Гішпаніі; поўдзень Італіі; Грэцыя; прагрэсуючыя абшары былой ГДР; новых дзяржаў-сябраў Эўрапейскага Зьвязу плюс Харватыі.

3. Пэрыфэрыі сусьветнай эканамічна-палітычнае сыстэмы складаюць краіны што знаходзяцца ў стане стагнацыі і ўтвараюць сфэру нестабільнасьці. Характарызуецца сярэднім або нізкім узроўнем разьвіцьця гаспадаркі і ўзроўнем жыцьця, а таксама адсутнасьцю выразнага прагрэсу ў разьвіцьці. Дамінуюць найменш прыбытковыя галіны гаспадаркі: здабываючая, лясная, харчовая галіны прамысловасьці, сельская гаспадарка. Хранічныя зьнешні даўгі й інфляцыя, таму прывабнасьць для замежных інфестараў пэрыфэрыі – нязначная.

Паміж заўважальным або значным культурным разьвіцьцём і мініміальным або нулявым гаспадарчым існуе дыспрапорцыя, або разрыў. Тэарэтычнае засваеньне культурных дасягненьняў цэнтру і сэміпэрыфэрыі ды немагчымасьць іх практычнай рэалізацыі з-за недастатковага матэрыяльнага ўзроўню жыцьця прыводзіць да нерацыянальных аднабокіх выдаткаў, што не садзейнічае значнай акумуляцыі. Аблуднае кола недаразьвіцьця замыкаецца.

Часам назіраецца адваротная дыспрапорцыя. Мінімальны прагрэс у гаспадарчым разьвіцьці кантрастуе з культурніцкім прымітывам, што абумоўлены неразьвітасьцю сучасных форм нацыянальных культур (Беларусь, усход і поўдзень Украіны і інш.)

Палітычныя рэжымы таталітарныя, аўтарытарныя, або скрайне нестабільныя дэмакратыі з элемэнтамі анархіі.

Група краін эўрапейскае пэрыфэрыі ўключае: заходнебалканскія дзяржавы што знаходзяцца па-за Эўрапейскім Зьвязам (Сэрбія, Чарнагорыя, Македонія, Босьнія і Герцэгавіна, Альбанія), а таксама Беларусь, Украіну, Малдову, поўнач і поўдзень эўрапейскае Расеі.

4. Фон сусьветнай эканамічна-палітычнай сыстэмы складаюць краіны што маюць зь ёй маргінальныя ці спарадычныя сувязі, дакладней далёкія пэрыфэрыі капіталістычнае гаспадаркі. Такія краіны нават нельга называць краінамі, што разьвіваюцца, бо там разьвіцьцё спынілася. Гэта зона голаду (Szul, 1991).

Гаспадарствы фону характарызуюцца адсутнасьцю раўнавагі паміж высокім дэмаграфічным прыростам і нізкім ўзроўнем разьвіцьця гаспадаркі, вынік чаго – дрэнныя ўмовы жыцьця. Штодзённая рэчаіснасьць фону – недахоп ежы, хранічны голад (больш 40 млн. асобаў пад пагорзай сьмерці ад голаду). Відавочна біялягічная залежнасьць фону ад цэнтру. Нізкі ўзровень разьвіцьця таварна-грашовых адносін – адна зь істотных прычын маргіналізацыі. Для фону характэрны найпрасьцейшыя галіны гаспадаркі (здабыча карысных выкапняў, прымітыўнае зьбіральніцтва, рыбалоўства, паляваньне). Вялікі доўг іншым дзяржавам спалучаецца з высокай інфляцыяй. Наплыў капіталу з цэнтру нязначны, увесь час памяньшаецца да амаль нулявога, а эміграцыя – стабільна павялічваецца. Вынік – скрайне нестабільныя пераважна аўтарытарныя і таталітарныя палітычныя рэжымы, а спробы дэмакратызацыі пад чужаземным кантролем прыводзяць да анархіі й масавых грамадзянскіх войнаў.

У краінах фону доўгія грамадзянскія і міждзяржаўныя войны суправаджаюцца масавай сьмерцю людзей (каля 200 тыс. асобаў штогод), распадам структур дзяржаўнай улады і кіраваньня. Прававы хаас, бюракратыя, татальная карупцыя сталі нормаю. Зь 1970-х гадоў там пануе гаспадарчая стагнацыя, а беспрацоўе дасягае 50% і больш. Стан асьветы крытычны, анальфабэтызм – каля 120 млн. дзяцей растуць без навучаньня ў школах. Каля 30 млн. асобаў хворыя на СНІД з-за адсутнасьці элемэнтарнай асьветы.

З каляніяльных часоў адбыўся цывілізацыйны рэгрэс найперш з-за іх выхаду з сусьветнай гаспадарчай сыстэмы. Тэарэтычна, шанс для краін фону – масавыя інвэстыцыі з цэнтру і сэміпэрыфэрыі, аднак войны і нестабільныя палітычныя рэжымы перашкаджаюць гэтаму. Магчымы інвэстыцыі ў асобныя часткі абшараў пад кантролем чужаземных вайсковых фармаваньняў з стабільнымі палітычнымі рэжымамі, аднак тое будзе вяртаньнем да клясычнага каляніялізму.

Уключэньне фону ў сусьветную гаспадарку – важная глябальная праблема чалавецтва, бо цэлыя рэгіёны сьвету засталіся нікому не патрэбны са сваімі праблемамі, накапленьне якіх прыводзіць да штодзённага жах для сотак мільёнаў людзей. У двухполюсным сьвеце буйныя інвэстыцыі даваліся пад крысную палітычную кан’юктуру, а ў аднапалярным і шматпалярным – магчымыя пад здабычу карысных выкапняў, асабліва паліўных, іншых рэсурсаў. Другім шанцам зьяўляецца дастаўка на сусьветны рынак найтанейшай некваліфікаванай або слабакваліфікаванай працоўнай сілы (пазбаўленых правоў нелегалаў), ад якой можна хутка пазбыцца ў час скарачэньня вытворчасьцяў ці паслуг (Taylor, Flint 2000). Рабочую сілу ня трэба транспартаваць у цэнтр або сэміпэрыфэрыю, яе дастаткова выкарыстоўваць на ўзьбярэжжах фону у местах-партох. Такім чынам можна актывізаваць гаспадарчае разьвіцьцё найперш некаторых прыбярэжных рэгіёнаў.

Вышэйпрапанаваныя варыянты ўключэньня фону ў сусьветную гаспадарку зьяўляюцца прагматычнымі, таму, нажаль, у той ці іншай ступені крывадушнымі. Толькі справа ў тым, што цяжка ўявіць масавую сусьветную дабрачынную акцыю дапамогі цэнтра фону шляхам хуткага інвэставаньня гаспадарак фону соткамі мільярдаў даляраў на нявыгадных для цэнтру ўмовах.

У публічнай дыскусіі надзвычай часта блытаецца разуменьне найбагацейшых, індустрыяльных і аграрных краін. У мінулыя стагодзьдзі індустрыялізацыя была прыкметай цэнтру сусьветнага гаспадарча-палітычнага жыцьця. У ХХІ ст. малюнак зьмяніўся, часам рэзка.

Індустрыялізацыя зьяўляецца сімптомам і характэрна для сэміпэрыфэрыі й пэрыфэрыі, а надзвычай высокая ступень індустрыялізацыі – хутчэй сьведчаньне недаразьвіцьця чым разьвіцьця. Найбольш прамысловымі дзяржавамі зьяўляюцца Расея, Бразылія, Кітай (сэміпэрыфэрыя).

Дзяржавы цэнтру усё часьцей з вялікім задавальненьнем пазбаўляюцца ад рэсурсаёмістых вытворчасьцяў. Сабекошт карысных выкапняў і прадуктаў іх перапрацоўкі (найперш паліва і сыравіны) у цэнтры, як правіла, надзвычай высокі. Не танейшыя і працоўныя рэсурсы, бо высокія заробкі і сацыяльныя гарантыі патрабуюць значных выдаткаў на якасныя працоўныя рэсурсы, а колькасны рэзэрв працоўных рэсурсаў як правіла – нязначны. Экалягічна брудныя вытворчасьці немагчымыя з-за высокіх экалягічных стандартаў законадаўстваў дзяржаў цэнтру, што, між іншым, – заслуга грамадзкіх экалягічных рухаў, у т.л. партый зялёных.

Рэсурсаёмістыя вытворчасьці акумулююцца ў сэміпэрыфэрыі і на пэрыфэрыі сусьветнай эканамічна-палітычнай сыстэмы. Тут важная арыентацыя на танныя рэсурсы ў значнай колькасьці і прыймальнай якасьці (паліўныя, энэргетычныя, сыравінныя, працоўныя).

Сімптомам пэрыфэрызацыі зьяўляецца і аграрызацыя традыцыйнай сельскай гаспадаркі фону.

Пераўтварэньне традыцыйнай сельскай гаспадаркі ў аграсэктар з прымяненьнем мэханікі (машынна-трактарны парк, мэханізмы), угнаеньняў – адзнака хутчэй пэрыфэрызацыі і сэміпэрыфэрызацыі, а прымяненьне электронікі і найноўшых тэхналёгіяў – сэміпэрыфэрыі й цэнтру.

Адзнакай цэнтру зьяўляецца перавага сэктару паслугаў.

У структуры экспарту краін цэнтру значную частку займаюць прадукты сфэры паслуг, або невытворчай сфэры. Фундамэнтальная навука дае найноўшыя навуковыя ідэі, а прыкладная – займаецца іх хуткім і якасным укараненьнем у практыку, у т.л. вытворчасьці. Навучальныя ўстановы цэнтру зьбіраюць найбольш якасныя інтэлектуальныя рэсурсы з усяго сьвету і займаюцца іх навучаньнем, што акупляецца. Банкі канцэнтруюць капіталы і іх укладаюць па ўсім сьвеце па прынцыпу найбольшай выгады, г.зн. грошы робяць грошы. Шматлікія транснацыянальныя карпарацыі арыентуюцца на мэнеджэраў найвышэйшых кваліфікацый, канцэнтрацыя якіх характэрна для цэнтру. Нарэшце культурніцкія эліты з дапамогаю найсучасьнейшай тэхнікі і тэхналёгій ствараюць мадэрновыя культурніцкія прадукты, якія магчыма стварыць толькі у цэнтры, бо патрэбна канцэнтрацыя сродкаў і інтэлекту. Найноўшыя праграмы становяцца найперш культурніцкімі прадуктамі, створанымі, як правіла, у цэнтры і, значна радзей, на сэміпэрэфэрыях. Прылады працы з праграмамі, г.зн. кампутарнае “жалеза” і “плястык” праектуюцца таксама галоўным чынам ў цэнтры, а прадукуюцца – на сэміпэрыфэрыі і пэрыфэрыі.

Адсюль, найбольш разьвітымі дзяржавамі зьяўляюцца дзяржавы цэнтру. Найбагацейшымі дзяржавамі лічацца ня толькі гаспадарствы цэнтру, але і нафтаздабываючыя ды нафтаэкспартуючыя дзяржавы Блізкага Ўсходу, а таксама цэнтры сусьветнага адпачынку ў Карыбскім басэйне (Бэрмуды, Кайманы).

Несумненнай ці памылковай зьяўляецца доўгатэрміновая арыентацыя Беларусі на аграрызацыю і індустрыялізацыю, бо такая арыентацыя паспрыяе захаваньню пэрыфэрыйнасьці Краю і яго пераўтварэньню ў расейскую пэрыфэрыю з кансэрвацыяй таталітарызму. Пэрспэктыўна найперш разьвіваць галіны гаспадаркі што характэрны для цэнтру: культуру, адукацыю, навуку, банкаўскую сфэру, праграмаваньне, сучасныя сувязь і гандаль і г.д. Гэна паспрыяе сэміпэрыфэрызацыі Беларусі, бо мара аб уваходу нашай Бацькаўшчыны ў склад эўрапейскага цэнтру – маларэчаісная.

Для кожнага маладога беларуса павінна быць характэрна: валоданьне 3-4 эўрапейскімі мовамі (найперш ангельскай, нямецкай, французскай), уменьне пісаць праграмы, арыентацыя ў гаспадарцы (як на макра-, так і на мікраўзроўнях), праве (міжнародным і нацыянальным), нацыянальна-культурная адукаванасьць (найперш веданьне беларускай мовы, літаратуры, этнакультуры, гісторыі і геаграфіі), веданьне і арыентацыя ў краінах цэнтру (эўрапейскі, магчыма эўраатлянтычны, але толькі не прарасейскі цэнтрызм у сьветапоглядзе), здаровы вобраз жыцьця (сьпярша масавая фізычная культура, а ня толькі паказны спорт) і мн. інш. Важна выхаваць маладое пакаленьне здольнае пераўтварыць эўрапейскую Беларусь у частку эўрапейскай сэміпэрыфэрыіі, а, ў даўгачасовай пэрспэктыве – цэнтру сучаснай сусьветнай эканамічна-палітычнай сыстэмы.

[на грунце пададзенага ў артыкуле стратэгічнага пасылу варта выказаць ідэю пра будучы падзел людскай цывілізацыі; можна спрагназаваць, што ў будучыні найбольш сэнсоўна будзе дзяліць сьвет на краіны са зьмястоўнай дэмакратыяй (дзе кіруе сапраўдная нацыянальная эліта, якая перасьледуе мэту стварэньня ўмоў для максімальнай самарэалізацыі грамадства ў стваральнай дзейнасьці), краіны з фармальна-ліберастычнай дэмакратыяй (дзе пануе фіналігархія, якая пад прэтэкстам “рынку” рэалізае свой грашовы інтарэс) і на краіны з той ці іншай формай імітацыі дэмакратыі (дзе жыруе бюракратыя). – Рэд.]

Каментары (1)

  1. Расея – гэта трэці сьвет за выключэньнем цэнтральнай часткі Расеі (другі сьвет).
    Банкі характэрныя для ўсяго сьвету, але толькі ў першым сьвеце (разьвітыя дзяржавы) знаходзіцца калі 80% усіх капіталаў для інвестыцый.
    Расея ня мае аграмадных капіталаў для інвестыцый.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы