nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Мангольскі сатрап Аляксандр «Неўскі»

26 чэрвеня, 2008 | Няма каментараў

Уладзімір Бялінскі (паводле http://aingwar.blogspot.com/2008/05/blogpost_1831.html; поўны тэкст кнігі, адкуль узяты матэрыял, тут: http://ukrlife.org/main/evshan/moxel.htm).

�е��к�1.JPG

Працягваем разбураць імперскія міфы. Падаем артыкул, прысьвечаны выхаду чарговай расейскай ідэалагічнай кіна-агіткі “Аляксандр.Неўская бітва”. Разгледзім жыцьцёвы шлях гэтага Аляксандра паводле цікавых матэрыялаў кнігі Уладзіміра Бялінскага «Страна Моксель», якія грунтуюцца на расейскіх гістарычных крыніцах. Матэрыялы кнігі дазваляюць па-новаму ацаніць гісторыю Масковіі.

Рэдакцыя.

Крыніцы Імперыі да цяперашняга часу нараджэньне Аляксандра прымяркоўваюць да 1221 году. Ён нарадзіўся ў Перыяслаўлі-Залескім, гэта значыць, у Заляшанскай зямлі, сярод меры. Адразу адзначым, што ў гады нашэсьця Батыя на Суздальскую зямлю ў 1237-38 гады ні Аляксандр, ні яго бацька Яраслаў Усеваладавіч, ні малодшыя браты Яраслава супраціву не аказвалі, праз што і не былі зьнішчаныя манголамі.

Вось як пра гэта распавёў прафесар Л.Гумілёў: “…пацярпелі гарады Разань, Уладзімір і маленькія Суздаль, Таржок і Казельск. Іншыя гарады здаліся (Батыю. – У.Б.) на капітуляцыю і былі памілаваныя. Вясковае насельніцтва разьбеглася па лясах і перачакала, пакуль пройдуць ворагі…” / Л.Н.Гумилев «В поисках вымышленного царства». Санкт-Петербург, 1994 год, стр.282./

Князь Яраслаў з роднымі здаўся Хану Батыю “на капітуляцыю” і ў тым жа годзе паступіў на службу да манголаў.

Першую, так званую “вялікую перамогу” Аляксандр, паводле расейскіх пісаньняў, прыдбаў 15 чэрвеня 1240 года. У той дзень на чале ўласнай дружыны ён напаў на шведаў, якія высадзіліся на бераг Нявы, і “разьбіў іх ушчэнт”. Здавалася б, напраўду, варта ганарыцца “найвялікшай перамогай” князя. Але, не! Сумленьне не дазваляе. Словам “бітва” такое сутыкненьне ніхто не называе. З абодвух бакоў у той дробнай бойцы прыняло ўдзел не больш за 300 чалавек. І Аляксандр у тым сутыкненьні не перамог з такім бляскам, як нам распавядалі. “Бойка спынілася, відаць, з надыходам ночы, і шведы атрымалі магчымасьць пахаваць загінулых. Пад покрывам цемры рэшткі варожага войска пагрузіліся на караблі (ладдзі. – У.Б.) і адплылі дамоў. Страты з рускага (??) боку былі невялікія – толькі 20 чалавек”. / Часопіс «Родина» №11, Москва,1993 год, стр.27./

У тым і ёсьць сакрэт расейскай дзяржаўніцкай казкі, што нам ніколі не дазвалялі ведаць пісьмовыя крыніцы супраціўнага боку. Навошта падносіць матэрыял для разважаньняў. Няхай чалавек верыць хлусьлівым дзяржаўніцкім “паданьням”.

А цяпер, чытач, мяркуй сам – адбылася бітва ці бойка. І не вядома ў чым была яе “лёсавызначальнасьць” для будучай Масковіі, бо “пераможаныя” шведы спакойна пахавалі забітых, спакойна пагрузіліся на свае караблі і без перашкодаў адплылі.

Варта толькі з апісаньня прыбраць хвалебную патэтыку, і як бы мы ні прыглядаліся да таго звычайнага [на той час] дробнага сутыкненьня – ні перамогі, ні буйной бітвы там не відаць. Але такі ўжо імперац-дзяржаўнік – ён заўсёды гатовы раздзьмуць вялікасьць уласнай перамогі і па-чорнаму скасаваць чужую доблесьць.

У старажытнасьці ў Масковіі здараліся бойкі і большыя за Неўскую, калі на сьвяткі ішла біцца вёска на вёску. Такіх “бітваў” за соткі гадоў праведзена дзясяткі тысяч, у тым ліку і з іншародцамі, але ніводзін рускі гісторык не ўдумаў назваць гэтыя бойкі бітвамі. Ды яшчэ – лёсавызначальнымі.

Не варта таксама забываць, што князь Аляксандр ад нараджэньня быў хваравіты і да боек проста непрыдатны.

Амаль такога ж узроўню была і “бітва” Аляксандра з немцамі і эстамі 5 красавіка 1242 года на Чуцкім возеры. Дарэчы, Іпацьеўскі летапіс папросту не пацьвярджае яе “існаваньня”. “В лето 6750 не бысть ничтоже, – апавядае летапіс. Між тым, 6750 – гэта 1242 год [па нашым стылі].

Па даных Ордэна, Чуцкое сутыкненьне ўсё ж было ў існасьці і страты Ордэна склалі 20 рыцараў забітых і 6 рыцараў палонных. Аднак пра разгром гаворка не ідзе. Такі маштаб “Чуцкай бітвы”.

Здавалася б, навошта гэтая хлусьня рускай гісторыі? І тут ларчык адкрываецца проста. Аляксандр, так званы Неўскі, які ў рэальнасьці нарадзіўся недзе ў 1230 годзе, у 1238 годзе быў забраны ханам Батыем ў аманаты (гэта значыць у закладнікі), інакш яго бацька Яраслаў Усеваладавіч не атрымаў бы вялікакняскі стол. Князь жа Яраслаў, пасьля вяртаньня Батыя зь Еўропы ў 1242 годзе, быў адпраўлены ў Каракорум на каранацыю Гуюка, дзе, дарэчы, ні хан Батый, ні яго сын Сартак, ні Аляксандр Неўскі ўдзелу ў каранацыі Вялікага Хана Гуюка не прымалі.

Дык вось, прабыўшы ў Ардзе ў Батыя з 1238 па 1249 год, а магчыма, і па 1252 год, калі быў пасланы на вялікакняскі стол ва Уладзімір, Аляксандр не прымаў удзелу ні ў адной з сур’ёзных бітваў [! – Рэд.]. Але так ужо здарылася, што менавіта ён стаў родапачынальнікам маскоўскіх князёў. Таму і давялося шукаць “перамогі”, інакш продак расейскіх “гасудараў” выяўляўся зусім у нягодным сьвятле.

Пасьля пададзеных вышэй фактаў нам павінна стаць зразумелым жаданьне маскоўскай эліты схаваць сапраўдны час зьяўленьня Масквы і Маскоўскага княства, а таксама жаданьне “узьвялічыць” родапачынальніка Масковіі – Аляксандра Яраслававіча, балазе, што побач у Кіеўскай Русі ў тыя гады сапраўды вызначыўся Данііл Галіцкі, што было зафіксавана гісторыкамі і летапісамі Еўропы.

Гісторыя Расейскай дзяржавы пачала пісьмова выкладацца, у існасьці, з ХVIII стагоддзя пад найстрогім “вокам” і па загадзе гасудараў (Фармаваньне яе было завершана пры Кацярыне ІІ). Маскоўскія цары нават думкі не дапускалі распавесьці сьвету пра мангольскае паходжаньне сваёй дзяржаўнасьці. У тым і быў сакрэт, які загадана было схаваць, і [жаданьне] заблытаць у выдумках і фантазіях.

Дарэчы, менавіта Хан Залатой Арды, унук Батыя, Менгу-Цімур дазволіў закласьці паселішча Масква пад час трэцяга перапісу Суздальскага насельніцтва, які быў праведзены ў 1272 годзе. А ў 1277 годзе, па дасягненьні Даніілам (сынам Аляксандра Неўскага) паўналецьця (па мангольскіх законах у 16 гадоў), пасадзіў гэтага князя на “маскоўскі стол”.

Нагадаю чытачу, што ў 1257 годзе манголы, “гэтыя дзікія варвары”, як соткі гадоў нам казалі расейскія гісторыкі, ажыцьцявілі другі перапіс насельніцтва ў Суздальскай зямлі пад кіраўніцтвам Аляксандра Неўскага. Перапіс праводзілі лічыльнікі са стаўкі Хана, але вайсковае забесьпячэньне аперацыі ажыцьцяўляў князь Уладзімірскі – Аляксандр Неўскі. Масква як паселішча ў тым годзе не зафіксаваная, і князь на “маскоўскі стол” не пасаджаны. А гаворка ж ішла пра найвялікшыя, як на тыя часы, прыбыткі.

Паслухайце еўрапейскага падарожніка Плана Карпіні, які наведаў Кіеўскую Русь у 1246 годзе: “Астатніх жа, паводле свайго звычая, падлічыў, загадваючы, каб кожны, як малы, так і вялікі, нават аднадзённае немаўля, ці бедны, ці заможны, плаціў такую даніну, менавіта, каб ён даваў адну скуру… мядзьведзя, аднаго чорнага бабра, аднаго чорнага собаля, адну чорную скуру …дахор, і адну чорную лісіную скуру. І кожны, хто ня дасьць гэта, павінен быць прыведзены да манголаў і ператвораны ў іх раба” /Иоанн де Плано Карпини «История Монголов». С.-Петербург, 1911 год, стр.33–34/.

Такія парадкі былі ў Суздальскай зямлі. І ў гэтым выпадку “быліннае балбатаньне” гісторыкаў зусім недарэчнае. Залатая Арда падтрымлівала парадак і дысцыпліну на патрэбным узроўні. Пасьля названага падушнага перапісу (1257 год) забараняліся пераходы насельніцтва без запытаньня і ведама мангольскіх баскакаў. За гэтым строга сачылі – не забуддзьце: гаворка ішла пра прыбыткі самой Залатой Арды. А была ў тыя гады Арда – у росквіце.

Вернемся, аднак, да так званага Аляксандра Неўскага. Неабходна адзначыць, што асабліва пра “вялікасьць” Аляксандра паклапацілася Руская Праваслаўная царква, якая ўзьвяла яго ў сан “сьвятога”.

Але ў гэтым выпадку – асобная размова.

У чым сапраўды дасягнуў посьпеху князь Аляксандр, дык гэта ў інтрыгах і козьнях супраць сваіх родных братоў і суседніх князёў. Давай, чытач, паслухаем: “Андрэй Яраслававіч (брат Аляксандра. – У.Б.), стаўшы князем уладзімірскім (Вялікім князем. – У.Б.), утварыў саюз з мацнейшым князем Паўднёвай Русі (Кіеўскай Русі; такімі хітрыкамі нас спрабуюць пераканаць, што існавала і іншая Русь. – У.Б.) Даніілам Раманавічам Галіцкім, ажаніўся зь яго дачкой і паспрабаваў весьці незалежную ад Залатой Арды палітыку… Але ў 1251 годзе вялікім ханам стаў сябра і стаўленік Батыя Мунке. Гэта разьвязаля рукі золатаардынскаму хану і ў наступным годзе ён арганізаваў ваенныя акцыі супраць Андрэя і Данііла. На галіцкага князя Батый паслаў раць Курэмсы, якая не дасягнула посьпеху, а на Андрэя – раць пад камандаваньнем Невруя, якая спустошыла ваколіцы Пераяслаўля. Уладзімірскі князь зьбег і знайшоў прытулак у Швецыі (пазьней ён вярнуўся на Русь (?!) і [з дазволу Хана] князяваў у Суздалі). У тым жа годзе, яшчэ да пахода Неўруя (зьвярніце на гэты факт асаблівую ўвагу! – У.Б.) Аляксандр паехаў да Батыя, атрымаў ярлык на уладзімірскае вялікае княжаньне і пасьля вяртаньня… сеў ва Уладзіміры… З 1252 года да сваёй сьмерці ў 1263 годзе Аляксандр быў вялікім князем уладзімірскім” / Журнал «Родина» №11, 1993 год, стр.29/.

А зараз, паважаны чытач, давай падумаем. Дык вось, брат Аляксандра – вялікі князь Андрэй, паводле апавяданьня расейскіх гісторыкаў, аб’яднаўся з Даніілам Галіцкім, выступіў супраць Батыя, гэта значыць супраць мангольскага зьняволеньня. Няма ніякага сумневу, што сваімі думкамі Андрэй падзяліўся са сваім родным братам Аляксандрам. Якая паміж імі была размова, мы ня ведаем. Тут расейскія гісторыкі маўчаць, няма чым хваліцца. Але наступныя дзеяньні Аляксандра гавораць самі за сябе і пераконваюць нас у тым, што Аляксандр адрынуў саюз з родным братам і стаў на бок татара-манголаў. Гэта неабвержны факт.

І няма сумневаў, што менавіта даведаўшыся пра мяцеж брата, Аляксандр адразу ж апынуўся ў Залатой Ардзе ў Батыя. У сталіцы Арды, у Сараі, Аляксандр атрымлівае “стол” вялікага уладзімірскага князя, яшчэ да выгнаньня Андрэя.

За што ж Батый даў Аляксандру вялікакняскі стол пры жывым уладары? Мы ня ведем да таго аналагічнага выпадка зь гісторыі, калі б Хан даваў вялікакняскі стол князю, папярэдне не адабраўшы яго ў ранейшага ўладальніка.

Відаць, напраўду, князь Аляксандр набыў перад Залатой Ардой вялікія заслугі. Якія былі гэтыя заслугі? Адна зь іх: Аляксандр ніколі, як і яго бацька, не падымаў меч супраць татара-манголаў. Але такіх князёў было больш за дзясятак, а то і за два. Значыць, штосьці больш вартаснае ён паднёс татара-манголам. А такім мог быць толькі данос Батыю на брата Андрэя і асабістае адмежаваньне ад задумы вялікага князя. Па-іншаму меркаваць няма падставаў.

Але калі чалавек ступае на сьлізкі шлях здрады брата, яму даводзіцца ісьці па ім да канца. Па гэтым шляху і пакрочыў Аляксандр “Неўскі”.

У 1257 годзе мангольская імперыя правяла ва Уладзіміра-Суздальскай зямлі (ці па іншаму – у сваіх Паўночных Улусах) перапіс усіх пасальшчаў і ўсяго насельніцтва краю дзеля падвышэньня жорсткасьці падаткавага абкладаньня. У гэтым мерапрыемстве Залатая Арда ў першую чаргу выкарастала князя Аляксандра Неўскага. Менавіта ён, Аляксандр, ажыцьцяўляў ваеннае прыкрыцьцё татарскіх лічыльнікаў і меў у распараджэньні сваю і мангольскую дружыны. Расейскія дзяржаўніцкія гісторыкі, усе да аднаго, спрабуюць абгрунтаваць удзел у перапісе Уладзіміра-Суздальскай зямлі, а пазьней і Наўгародскай і Пскоўскай, як чыста вымушаны крок. Але гэта – чыстай вады хлусьня. Князь стаў на шлях здрады значна раней, а тут ужо дзейнічаў, як мы ўбачым, добраахвотна і не без вялікай стараннасьці. Ня варта гэтую здраду абяляць.

Менавіта мангольскі падушны перапіс жалезным ланцугом прывязаў насельніцтва спачатку да мангольскіх уладцаў, а пазьней гэты ланцуг апынуўся ў руках маскоўскіх князёў і дружыньнікаў, значыць – баяраў. І гэты чын стаў першым прававым крокам па “зьбіраньні землі рускай”.

Вось як распавёў пра гэта Н.М.Карамзін. “…Аляксандр павінен быў ізноў ехаць у Арду, дзе адбылася вялікая перамена. Батый памёр, сын яго – верагодна, Сартак (спакрывёны брат Аляксандра! – У.Б.) – хацеў уладарыць над манголамі, але быў ахвярай уладалюбнага дзядзькі зь імем Беркі, які, забіўшы пляменьніка, згодна з волей Вялікага Хана аб’явіў сябе пераемнікам Батыя і аддаў справы Расейскія свайму Намесьніку Улавчыю. Гэты вяльможа прыймаў нашых Князёў і дарункі іх… …адразу за імі (за Аляксандрам Неўскім) прыехалі чыноўнікі Мангольскія ў вобласьць Суздальскую, Разанскую, Мурамскую, падлічылі жыхароў і паставілі над імі Дзясятнікаў, Сотнікаў, Цемнікаў для зьбіраньня падаткаў… Праз некалькі месяцаў Вялікі Князь (Аляксандр Неўскі. – У.Б.) паўторна ездзіў да Улавчыя… Намесьнік Ханскі патрабаваў, каб Ноўгарад таксама плаціў даніну пагалоўную. Герой Неўскі, некалі палкі паборнік Наўгородскай годнасьці (вялікая прыдумка! – У.Б.) і вольнасьць, павінен быў са смуткам (чарговая прыдумка! – У.Б.) узяць на сябе справу такую непрыемную і сьхіліць да рабства (вось яго ўчынкі. – У.Б.) народ ганаровы, палкі, які ўсё яшчэ славіўся сваёю выключнаю незалежнасьцю… Сам юнак князь Васіль (сын Аляксандра. У.Б.), па намаўленьні сваіх баяраў, ад’ехаў з Ноўгараду ў Пскоў, аб’явіўшы, што не жадае падпарадкоўвацца бацьку, які вязе з сабой аковы і сорам для людзей вольных (вось яна – сапраўдная сутнасьць учынкаў Аляксандра.- У.Б.)… Вялікі князь (Аляксандр Неўскі. – У.Б.), абураны на непаслухмянага сына, загадаў схапіць яго ў Пскове і пад вартаю завезьці ў Суздальскую зямлю, а Баяраў (і народ Наўгародскі. – У.Б.)… пакараў сьмерцю бязьлітасна. Некаторыя былі пазбаўленыя зроку, іншым адрэзалі нос… Баяры раілі народу выканаць волю Княскую (зьвярніце ўвагу, перапіс – гэта воля і дзея княская. – У.Б.), а народ не хацеў чуць пра даніну і сабраўся вакол Сафійскай царквы з жаданьнем памерці за гонар і свабоду, бо разышляся чутка, што Манголы і хаўрусьнікі іх (Аляксандр Неўскі з войскам. – У.Б.) намерваюцца з двух бакоў ударыць на горад… Вось народ пакарыўся… манголы езьдзілі з вуліцы на вуліцу, перапісвалі дамы, маўчаньне і туга панавалі ў горадзе”. / Н.М.Карамзин «История…», том 4, стр.197–200./

Ня здолелі манголы мячом і сілай пакарыць вялікі гонар Кіеўскай Русі – Ноўгарад і Пскоў. Славянскія сьвятыні паднес манголам “на талерачцы з блакітным шлячком” Аляксандр Неўскі сваёй здрадай. Нават старэйшага сына Васіля, які адмовіўся падпарадкавацца бацьку-здрадніку, аддаў на расправу Хану, абы толькі задобрыць ўласных гаспадароў.

Такі ён і ёсьць – Аляксандр Неўскі – без мішуры і хлусьні.

Прыйшоў 1262 год. Аляксандр Неўскі выканаў усе патрабаваньні Залатой Арды і паехаў у Сарай у апошні раз.

“Аляксандр прабыў у Ардзе амаль год. Місія яго, відаць, удалася… на зваротным шляху на Русь 42-гадовы вялікі князь захварэў і памёр 14 лістапада 1263 года ў Гарадцы на Волзе…”. / Журнал «Родина», №11, 1993 год, стр.30./

Дык чым жа аддзячыла Залатая Арда князя калабарацыяніста Аляксандра Неўскага?

У гісторыі Масковіі-Расеі сапраўды няма князя, які больш папрацаваў на Арду, чым князь Аляксандр. Як выявілася, “падарункі” Аляксандру Неўскаму былі вартыя яго ўчынкаў. З найвялікшага загаду Хана з 1272 года і пачала засяляцца Масква, гэты глухі таёжны закуток. А з 1277 года тут засеў першы маскоўскі князь – Данііл, сын Аляксандра Неўскага.

Існуе некалькі пунктаў гледжаньня на дзейнасьць Аляксандра Неўскага. Практычна ўся еўрапейская гістарычная думка зводзіцца да таго, што “…менавіта калабарацыянізм Аляксандра ў адносінах да манголаў, здрада ім братоў Андрэя і Яраслава ў 1252 годзе зьявіліся прычынай усталяваньня на Русі ярма Залатой Арды…” /Журнал «Родина», № 11, 1993 год, стр.30./

Гэтую думку выказаў і дэталізаваў англійскі гісторык Дж.Фэннэл у сваёй кнізе “Крызіс сярэднявечнай Русі”.

Па ўсім відаць, гэтая бесстаронная думка павінна быць галоўнай у ацэнцы дзейнасьці Аляксандра Неўскага, як бы не намагаліся “абяліць” яго дзеяньні рускія гісторыкі, прыпісваючы яму свайго роду “практыцызм”, маўляў, з двух зол выбраў меншае. Чарговая выдумка дзяржаўнікаў.

Былі ў абсалютна аналагічных умовах і не скарыліся татара-манголам літвіны-беларусы, палякі, венгры і чэхі. Урэшце, русы-украінцы разам з літвінамі-беларусамі атрымалі незалежнасьць ад татара-мангольскага зьняволеньня ў барацьбе і супраціве.

І тут ад ісьціны падзецца няма куды: менавіта Аляксандр Неўскі садзейнічаў больш чым 300-гадоваму рабству маскавітаў-рускіх; менавіта ён першы загадаў народу скарыцца перад Залатой ардой без барацьбы; менавіта ён, па загадзе сваіх гаспадароў, ажыцьцявіў падушны перапіс і адвез у Арду першую падушную даніну. Аляксандр Неўскі сьледам за бацькам без барацьбы стаў на калені і пацалаваў, на знак пакоры, боты Вялікага Золатаардынскага Хана.

Рака з мошчамі св. Аляксандра Неўскага – з усяго выкладзенага, гэта здаецца немагчымым і ненатуральным. Але ў гэтым і ёсьць крывадушнасьць расейскай гісторыі, што дзеяньні сваіх продкаў яны ацэньваюць “двайной меркай”.

Паслухай, чытач: “…Аляксандр зрабіў лёсавызначальны выбар паміж Усходам і Захадам на карысьць Усходу. Пайшоў на саюз з Ардой (як мудрагеліста сказана, бо пайшоў жа да Арды ў рабства, стаў Золатаардынскім Улусам. – У.Б.), ён запабег паглынаньню Паўночнай Русі (будучай Масковіі. – У.Б.) каталіцкай Еўропай і тым… уратаваў рускае праваслаўе”. / Журнал «Родина» №11, 1993 год, стр.30./

Гэтымі словамі сказана абсалютна ўсё.

Гэтыя думкі зьяўляюцца сьвятым пастулатам Расейскага праваслаўя. Ніякія чалавечыя якасьці ці іх адсутнасьць не прыймаліся пад увагу, калі гэтага князя ўзводзілі ў сан “святаго Русской Православной церкви”. Усе маладушныя подласьці князя Аляксандра былі прабачаныя і забытыя, а з часам – вывернутыя і апраўданыя ўсяго толькі за паслугі перад Рускім праваслаўем.

Не будзем забываць, што сама Руская царква ў тыя часы ішла да іншародцаў з мячом і агнём. А перад татара-манголамі стала разам з князем на калені і схіліла галаву – за што была ўзнагароджана Ханам – засталася некранутай.

Вось, такая руская двайная мерка, зь якой “есть и пошло” Маскоўскае княжаньне…

Уладзімір Бялінскі

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы