nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Русь, руская мова і краіна Москель

28 чэрвеня, 2008 | Каментары (1)

Міхаіл Галдзенкоў (паводле n-europe.eu/content/index.php?p=49)

Ð�оÑ�келÑ�.JPG 

Масковія (сэрца Расеі) не размаўляла па-расейску [на цяперашняй мове расейцаў-маскоўцаў. – Рэд.] да самых Пятроўскіх часоў… Здаецца, гэта лухта, якой і быць ня можа, але факты – рэч упартая. І гістарычныя факты, якія стагоддзямі хавалі царскія гісторыкі, гавораць толькі пра адно – гэта было так.

 

Залескі, “мядзьведзіха” і Москель

Нам заўсёды малявалі Івана ІІІ такім героем рускай гісторыі, які растаптаў басму татарскіх паслоў, выйшаў з Арды і пазьбіраў рускія землі, улучна з раскольніцкім Ноўгарадам. Аднак, у 1990-е гады стаўленьне расейскіх гісторыкаў да Івана ІІІ значна зьмяняецца. Яго вераломны захоп Наўгародскай рэспублікі ўжо не выклікае замілаваньня, хоць кантэкст “зьбіраньня рускіх земляў” захоўваецца.

На самой жа справе не было ніякага зьбіраньня, а былі толькі прэтэнзіі маскоўскага гасудара на землі Наўгародскай рэспублікі, якая разьвівалася як парламенцкая краіна па еўрапейскім шляху разьвіцьця, як галоўны складнік балтыйскага рэгіёна гандлёвага зьвязу Ганзы.

Да 1237 году, года захопу Масквы Батыем, Масква наўпрасткі падпарадкоўвалася Кіеву, бо гарады Масковіі былі калоніяй пазашлюбнага сына вялікага князя Манамаха Юрыя Даўгарукага (які меў фізічную хібу: гарбатасьць, ад чаго рукі яго здаваліся даўжэйшыя, чым звычайна), якога адправілі ў зямлю фінскай мокшы (моксы ці мокашы), што была адзначаная на нямецкай мапе Еўропы 12 стагоддзя, як езуіцкая калёнія Залескі.

Фінскае племя мокса ці мокаш было добра вядомае ў Кіеве яшчэ ў часы Уладзіміра, які ўлучыў багіню мокашы Мокашч ў пантэон кіеўскіх ідалаў. Гэта азначала, што Кіеўская Русь мела шчыльныя зносіны з зямлёй Моксель (ці Москальлю), а мокаш актыўна гандлявала з Кіевам і жыла там. І менавіта мокшу з Москелі (на паўднёвым Урале і цяпер існуе хрыбет Москаль) кіеўцы называлі максалямі, пазьней маскалямі.

Батый захапіў Залескі, бо лічыў землі Мокселі, меры, мяшчэры, мурамы і ісламскай мардвы сваімі, таму што фіны і цюркі ў 13 стагоддзі ўсё яшчэ браты-блізьняты і па мове і па вонкавым выглядзе – і тыя, і другія блакітнавокія і сьветлавалосыя (зьнешнасьць татарына Чынгізхана манголы апісваюць як “з племені шэравокіх людзей” і “рыжабароды”).

Калі Батый захапіў мураму са сталіцай – горадам Мурамам, дык напаткаў ужо прысутных тут рускіх каланістаў, якія пабудавалі Яраслаўль. Маскве, памежнаму гарадку, пакуль што нават імя не далі – ён так і застаўся з фінскай назвай – Маа-скава – Маці-мядзьведзіха.

Маці-мядзьведзіхай фіны, мера і мурама зь мяшчэрай называлі герб Яраслаўля, дзе намаляваны мядзьведзь з алебардай. Гэты ж самы герб упрыгожваў і вароты новага горада, пабудаванага Даўгарукім. Ну, а Зямлю ў фіна-вугорскай міфалогіі заўсёды ўвасаблялі жаночыя бажаствы: у эстонцаў, як піша ў 13 стагоддзі Генрых Латвійскі ў “Лівонскай хрніцы”, жонкай Ванаіса зьяўляецца Маа-эма – Маці-зямля.

 

Трагедыя Вялікаросіі

Паміж Масковіяй і Вялікаросіяй (рэспубліка Вялікі Ноўгарад) было адно істотнае падабенства, як і палярнае адрозьненьне: як першую, так і другую закладалі рускія каланісты ў фінскіх землях. Карэнныя жыхары Ноўгарада, Пскова, Ізборска і Ладагі былі ў асноўным нашчадкамі рускіх (славянскіх палабаў) і шведскіх (готаў і сьвеяў) перасяленцаў, якія і пабудавалі гэтыя гарады. Але частку насельніцтва гэтых цэнтраў, як і усё сельскае жыхарства, складалі фіны плямёнаў чудзь, весь, карэла, пермь, лопь (саамы), водзь й іжора. Калі цар Пётр Першы будаваў Пецярбург, дык іжора ўсё яшчэ была карэнным народам Фінскай затокі.

Дэмакратыя Вялікаросіі не прайшла без тыповага крызісу: аслабла ўлада цэнтра, узмацніліся рэгіёны, асабліва землі Ладагі і Пскова. Ладага яшчэ бліжэй сышлася са Швецыяй. Пскоў, які зьяўляўся другім буйным горадам Вялікаросіі, асобліва імкнуўся да аддзяленьня.

Але калі ў Вялікаросіі тэмп русіфікацыі, няхай і павольна, але нарастаў, дык у Масковіі – з дакладнасьцю наадварот. Рускую гаворку каланістаў з Валыні і Кіева ў Масковіі забывалі, як і з праваслаўя зрабілі дзіўную сумесь іслама і хрысьціянскага арыянства.

У 1471 годзе маскоўскае войска ўвайшло ў Вялікаросію і пачало спустошваць зямлю, жорстка распраўлялася з палоннымі. Насустрач маскавітам выступіла наўгародскае апалчэньне. У бітве на рацэ Шэлоні вялікаросы-ноўгарадцы атакавалі войска Івана ІІІ і нанесьлі яму паразу. “Але тут, – як піша пецярбургскі гісторык Р.Г.Скрыньнікаў, – на іх абрынуліся конныя татары”…

Скрыньнікаў лічыць, што татары выконвалі ў войску Масквы ролю наймітаў, а аснова арміі, маўляў, была руская. Але армія маскоўскага гасудара – гэта ўсё суцэльна татары, мера, мешчэра і мардва з чуддзю завалочскай, людзі нярускія, якія мовы рускай ня ведалі, пакланяліся “Алаху і Ісусу прароку яго”. Чаго вартая адна толькі зробленая сучасьнікамі выява зьнешнасьці Васіля ІІІ, якога ў чалме, халаце і з гнутым ятаганам лёгка можна прыняць за турэцкага султана, але ніяк не за рускага князя.

Пасьля перамогі над наўгародскім апалчэньнем на Шэлоні Іван ІІІ, пры падтрымцы пскоўцаў і цьверцаў, падыйшоў да Ноўгарада. Наўгародскія алігархі сабраліся дамовіцца аб міры, а простыя наўгародцы былі поўныя рашучасьці абараняцца. Але Ноўгарад падвялі баяры, якія больш клапаціліся пра сваё багацьце. Яны наіўна прынялі абяцаньне Івана ІІІ не кранаць іх маёмасьць і не зьнімаць з пасадаў. Але той не стрымаў слова. Усіх сябраў наўгародскага парламента (веча) ён выслаў са сталіцы. З горада ад’ехалі 1000 баяраў разам зь сем’ямі. Сярод простых наўгародцаў было шмат людзей, якія наіўна меркавалі, што маскоўскі хан дапаможа ім адолець рабаўнікоў-алігархаў, а алігархі наіўна лічылі, што далучацца да Масковіі таксама бясшкодна, бо Вялікаросія да гэтага часу ўваходзіла ў балтыйскі гандлёвы зьвяз Ганза.

Але Іван ІІІ (а дакладней Ібан) зьліквідаваў парламент і саму рэспубліку. Яго пераемнік Васіль ІІІ дакладна тое ж зрабіў і з маскоўскім памагатым Псковам: выслаў з горада баяраў гарадскога веча, а на сьвітаньні 13 студзеня 1510 года зьняў і вечавы звон. Так праз 40 год пасьля ліквідацыі Наўгародскай рэспублікі было скончана і з апошняй вялікароскай рэспублікай. У Пскоў насадзілі прамаскоўскіх наўгародскіх чыноўнікаў. Многія месьцічы, на знак пратэсту супраць такога свавольства, адышлі з квітнеючага Пскова, разбрыліся па вёсках. Горад заняпаў.

Цікава, што Іван ІІІ спрабаваў пераняць эканамічны досьвед Вялікаросіі ў Маскве. Але маскоўскія сьвятары былі супраць.

Тым ня менш, Ноўгарад аднавіў свой суверэнітэт і эканамічную заможнасьць. Але Іван Жахлівы ізноў выканаў ролю мядзьведзя, які залез у церамок і зламаў усё. Толькі вось яго расправа над Ноўгарадам у 1570 годзе была значна больш жорсткай. Звар’яцелы цар пазьдзекаваўся на піры над наўгародскімі сьвятарамі, якія мірна сустрэлі яго. Пімена кінулі ў вязьніцу, а сябраў веча пакаралі сьмерцю разам з сем’ямі – агулам да трох тысяч чалавек [! – Рэд.].

Самае ідыёцкае ў паводзінах Івана IV было тое, што ён, так сама як і яго папярэднік, вырашыў пераняць, але ўжо не эканоміку Ноўгарада, а назву краю, а таксама абвясьціў вялікароскі дыялект афіцыйнай мовай сваёй дзяржавы.

 

Як краіну Москель рускай рабілі

Нягледзячы на намаганьні цара, русіфікацыя моцна тармазіла. Руская мова не прывівалася ў цалкам іншага народу, іншай моўнай сям’і. Браты па Вялікаросіі пачыналі гэты ж працэс яшчэ больш за 200 гадоў таму, зусім у іншых эканамічных свабодных умовах.

Руская мова была неабходная ўсім жыхарам Наўгародскай Вялікаросіі, бо там ішоў актыўны гандаль і будаўніцтва. Тут руская мова была мовай міжнацыянальных зносінаў, яе ведалі прыезжыя шведы, на ёй размаўлялі русінскія суседзі – літвіны. Гарады вялікаросіі былі транзітнай зонай на шляху зь ліцьвінскіх Полацка, Смаленска і Віцебска ў швецкі Готланд.

У Масковіі жа часоў Арды і першыя сто гадоў пасьля яе эканамічна нічога не зьмянялася. Арда варылася сама ў сабе, патрэбы ведаць рускую мову не было, значна больш карысна было ведаць татарскую. У 1360-е гады ўнутры Арды, праўда, узьнік раскол: эмір Мамай і галоўным чынам казакі(-полаўцы) выступалі за інтэграцыю зь Еўропай і ўваходжаньне ў Генуэзскі гандлёвы зьвяз. Але менавіта Масква актыўна дапамагла вярхоўнаму хану Тахтамышу ў тым, каб у 1380 годзе абараніць асновы Арды і нічога не мяняць.

Перамога на Куліковым полі, а на самой справе трагедыя ў першую чаргу самой Арды, натуральна, павялічыла раскол паміж Русьсю (Літвой і Вялікаросіяй) і Масковіяй. Князі Масквы будуць і надалей называць сябе рускімі, але ад рускіх няма ўжо і сляда.

Нягледзячы на рэформы Івана Жахлівага, лексіка маскавітаў 1580-90-х гадоў налічвала пакуль што толькі два рускія словы – “уладыка” і “злат”, пра што і адзначана ў “Парыжскім слоўніку маскавіцкай мовы” ад 1589 года. Гэта нагадвае савецкую эпоху, калі англійская мова актыўна вывучалася, але яе ніхто не ведаў (не было практычнай патрэбы), а мог сказаць толькі пару словаў ці фразаў.

Вось чаму русіфікацыя Масковіі йшла так павольна: не было зь кім размаўляць па-руску, што яшчэ раз даказвае поўную адсутнасьць рускіх людзей у вёсках і сёлах Масковіі. Рускую, а дакладней баўгарскую, ведала толькі купка сьвятароў з Грэцыі й купка талмачоў.

У 1618 годзе (праз 32 гады пасьля Івана Жахлівага) лінгвіст з Англіі Рычардс Джэмс налічыў 16 рускіх словаў у мове маскавітаў, а ў канцы 17 стагоддзя нямецкі навуковец Лудольф знайшоў у Маскве 41 рускае слова. Ня густа.

Так, руская мова прыжываецца, але галоўным чынам у гарадах, дзе выпускаюць азбукі і вучаць рускай граматыцы пры царкоўных школах. Але сяло – усё суцэльна фінамоўнае.

Аднак яшчэ Васіль ІІІ ўзяўся за русіфікацыю і пачаў правіць богаслужэньне ў Маскве па грэцкіх канонах, дзеля чаго запрашаў баўгарскіх сьвятароў – першых распаўсюджвальнікаў славянскай мовы (называлася тады рускай) у Маскве. Але спроба баўгарына Максіма Грэка вярнуць Масковію ва ўлоньне грэцкага праваслаўя скончылася поўным правалам. Маскоўскія асіфляны ўбачылі ў Максіме Грэку небясьпеку і ерась, няхай гэта і гучыць больш, чым дзіўна. Грэка і яго паможніка Вассіана Патрыкеева аддалі пад суд.

Гэта вельмі красамоўна даводзіць, што напаўханская Масковія жыла ў глухой культурнай ізаляцыі не толькі ад Русі і ўсёй Еўропы, але нават і ад грэцкага праваслаўя!

Ня дзіва, што для маскавітаў рускія людзі, як і немцы ці шведы з палякамі, былі ўсе на адзін твар. Так, як мы гаворым “скандынаў” на шведа, нарвежца і выхадца з Даніі, маскавіты казалі “паляк” і на русіна ВКЛ, і на паляка, і на наўгародца. Усе яны для Масквы былі на адзін твар: чыста паголеныя, у нямецкіх адзеньнях і рыштунку, пад белымі сьцягамі зь нязвыклым для вока чырвонымі Георгіеўскімі крыжамі, усе ўшаноўвалі Хрыста не як прарока, але як Бога. І ўсе яны ядуць – вось жах! – бульбу, якую ў Маскве лічаць д’ябальскім яблыкам. Ахопленым цемрашальствам маскавітам апошняе здаецца асабліва жахлівым.

Масква, а разам зь ёй і уся Расея, зьбітыя з панталыку гісторыкамі, і сёньня ня бачаць адрозьненьняў паміж русінамі ВКЛ, летувісамі і палякамі. Для сучаснай Масквы і Расеі войны з ВКЛ – гэта войны зь літоўцамі (куршамі і жмайтамі) і палякамі, якія, “прайдзісьветы”, хапнулі палову Русі. Ілжэдзьмітрыя, чалавека рускага, з прозьвішчам Атрэпьеў, называюць і дасёньня палякам, хоць ён да Польшчы ня меў ніякага дачыненьня.

Як гэта ні дзіўна, але ў 17-м стагоддзі, згодна зь версіяй маскавітаў, рускі чалавек – гэта мардвінскі фін, тюркскі казак, волгскі булгарын, з барадой і ў лапцях (іх у ВКЛ не насілі), які вітае сабрата “салом”, моліцца: “Бісмільля Рахман Рахім. Іса Рух Уалло. Аллах акбар”, і замест пан-славянскага слова “дзякуй” гаворыць на ісламскі манэр “спасі Бог” (ад “спасі цябе Аллах”)” – пазьней “спасібо”.

Ну, а ўсе іншыя – гэта палякі, літоўцы, але ніяк ня рускія. Пазьней у гэтым выявілася і палітычная падкладка: мы, маўляў, ваявалі з палякамі, а не з рускімі.

З культурнага тупіку Масковію-“Вялікаросію” за вушы выцягнуў толькі Пётр Першы, аматар немцаў і галандцаў. Ён першы ў пададзеным яму аркушы алфавіта выкрэсьліў вялікаросскія літары S і В (б) – уплыў шведаў на гаворку наўгародцаў – і замяніў іх русінскімі С і Б па канонах дохтара Францішка Скарыны “са слаўнага града Полацка”, чыю “Біблію” (Бівлія Руска”) ад 1512 года лічылі за канон рускай мовы.

У мастацкім савецкім фільме “Я – Францыск Скарына” з Алегам Янкоўскім у галоўнай ролі неяк сарамліва замаўчалі, на якой жа мове друкаваў свае кнігі Скарына. Яго праціўнікі ў фільме стала называлі гэтую мову мужыцкай. Гледачам заставалася гадаць – што ж за мужыцкая мова? Думаю, што гэтую тэму абышлі не выпадкова – не казаць жа што Скарына, як бы і не маскавіт (а значыць, і не рускі) друкаваў кнігі “на добрае навучаньне” на рускай мове.

А як жа Фёдараў? Не, давайце лепш змаўчым – маўляў, ці беларускай, ці украінскаю мовай карыстаўся Скарына. Самі здагадаўцеся. Калі шчыра, дык нават сьмешна ўсё гэта…

Вядома, у Скарыны былі супернікі ў асобах каталіцкіх сьвятароў, якія лічылі, што Біблію ды іншыя малітоўнікі трэба выдаваць на латыні. Але 16 стагоддзе – стагоддзе татальнага пратэстантызму ў Еўропе. Лютэранамі становяцца ўсе краіны Паўночнай Еўропы ад Англіі да Швецыі і Літва таксама ўваходзіць у гэтую аўру. Ня дзіўна, што ў сярэдзіне 17 стагоддзя ВКЛ разышлося з Ватыканам і ўвайшло ў рэлігійную унію са Швецыяй, бо ва ўрадзе ВКЛ амаль усе былі лютэранамі.

Калі б не прымусовыя рэформы Пятра (а менавіта прымусова і можна было што-небудзь зрабіць у пост-ардынскім грамадстве), Расея так і засталася б чымсьці накшталт гіганцкай Албаніі.

Самае дзіўнае, што рэформы ў Расеі, закасаўшы рукавы, праводзілі не русіны, а немцы. Тут ужо інтарэсы немцаў і Пятра сышліся поўнасьцю – першыя прыдбалі для Германіі спрадвечна рускія землі (Палаб’е і Заходняе Парусьсе (Прусію)), а другі – прыцягнуў у рускі сьвет шматлікіх фінаў, булгараў, казакаў і пашырыў расейскую імперыю на ўсход. Гістарычная праўда Русі, на баку якой стаяць русіны зь Кіева і Полацка, выключыла б зь яе кантэкста Масковію – спрадвечнага ворага Русі. Вось чаму рэформай гісторыі [расейскай імперыі] займаліся хто заўгодна, але толькі не прафесары зь Кіева, Полацка ці Вільні.

“Гісторыю” замацавала праца ханскага нашчадка Мікалая Карамзіна.

Так жа бязьлітасна, як Іван Жахлівы заліў крывёю Ноўгарад, маскавіты расправіліся і са сваёй мовай – усе пісьмовыя крыніцы маскавіцкай мовы зьнішчаліся. На ўсіх званах зьбівалі старыя надпісы і наварвалі новыя.

 

А як жа беларусы?

У ХХ-м стагоддзі, як пры цары, так і пры СССР, мільёны дзяцей бясконцых абшараў Расеі вучылі не гісторыю свайго канкрэтнага краю, а гісторыю адной толькі Маскоўскай вобласьці, і лічылі, што гэта і ёсьць уся Русь. На наіўныя пытаньні вучняў, якія і я ў свой час задаваў настаўніку, “а куды ж раптам падзеліся Ноўгарад і Кіеў?”, быў адказ: маўляў, яны заняпалі, а цэнтрам Русі стала Масква.

Зь Кіевам жа ўвогуле абышліся самым грубым чынам – узялі і апісалі разгром Батухана Кіеўца (па-вянгерску Кёве) на Дунаі як разгром нашага Кіева. Затым руская гісторыя раптоўна пераключаецца на Ноўгарад 1240-42 гадоў, калі з крыжакамі біўся Аляксандр Неўскі. Але пасьля 1242 году і Ноўгарад зьнікае са старонак гісторыі і пачынаецца апісаньне адной толькі Масквы, яе “пакутаў” пад ярмом Арды. Вось толькі чаму ад гэтых пакутаў горад рос і багацеў – не зразумела.

Гісторык Р.Г.Скрыньнікаў у кнізе “Русь IXXVII века” дэманструе ўражвальнае няведаньне суседніх з Масковіяй дзяржаваў. Паводле яго версіі, не было аб’яднаньня ў 1240 годзе цэнтральных рускіх княстваў у саюз Вялікага Княства Літоўскага (а гэта ж факт, варта пачытаць дакументы!). Гэта, маўляў, нейкія, што зваліліся зь нябёсаў, супер-літоўцы раптам (без бойкі!) захапілі ледзь не 80 адсоткаў рускай зямлі!

“Літва ператварылася ў Літоўска-Рускую дзяржаву, – піша гісторык як пра сеанс цудоўнага ператварэньня, – Бальшыню насельніцтва складалі рускія людзі, а дзяржаўнай мовай Літвы стала руская мова”. Скрыньнікава канчаткова зьбіла з панталыку назва сучаснай Ле́тувы, якая ня мае ніякага дачыненьня да Нава́градка – першай сталіцы ВКЛ.

Але нават калі прыняць да ўвагі версію самога Скрыньнікава пра нейкі маленькі супер-народ літоўцаў, якія заваявалі шматмільённую і больш разьвітую рускую дзяржаву, дык усё роўна ў яго кнізе ідуць нестыкоўкі: рускія цары 14-16 стагоддзяў ваююць з захопленымі літоўцамі рускімі людзьмі, якія, чамусьці, зацята супраціўляюцца маскоўскаму цару, які іх, быццам бы, вызваляе!

Ну, не хочуць рускія Літвы вызваленьня, хоць забі! Гінуць, косткамі лягаюць, але да “братоў” не ідуць.

Іван ІІІ так і не змог “вызваліць” Смаленск, а Васіль ІІІ са сваёй чалмой на галаве давойчы ў 1512 і 1513 гадах безпасьпяхова браў горад у аблогу. Толькі ў 1514 годзе зьнясілены Смаленск здаўся, але пазьней ізноў вярнуўся ў Літву (Рэч Паспалітую) і ў 1632 годзе двойчы адбіўся ад баярына Шеіна, які згубіў пад сьценамі горада траціну свайго войска. Такое вось “вызваленьне”!

Яшчэ адна нестыкоўка. У Скрыньнікава ў кнізе ёсьць падразьдзел “Напад Літвы”. Гэты “напад” пачынаецца з … правакацыі маскоўскага князя Дзьмітрыя, які ў 1368 годзе запрасіў на перамовы ў Маскву цьвярскога князя Міхала, а сам кінуў яго ў вязьніцу, падсунуў пад нос дамову аб міры на ўмовах Масквы (адбіраў у Цьверы правы сталіцы рускіх земляў Арды) і сілай прымусіў яе падпісаць.

Міхал пасьля вяртаньня ў Цьвер, зразумела, адразу ж зьвярнуўся да літвінскага караля Альгерда па дапамогу, так жа, як зьвярнуўся па дапамогу ў НАТА Кувейт, калі на яго напаў Ірак.

Ну, і Альгерд разам зь цьверцамі пакараў Дзьмітрыя: маскоўскае войска было разьбітае на рацэ Тросна, а сам Дзьмітрый схаваўся ў Крамлі. Рускія [беларусы-літвіны] пастаялі каля Крамля тры дні, дый пайшлі.

Вось такі быў “напад”.

Прычым, усё той жа Скрыньнікаў адзначае, што Альгерд напаў на Маскву зь літоўскімі, цьверскімі і смаленскімі палкамі. Чаму вылучаны Смаленск? Ды таму, што сёньня ён уваходзіць у склад Расеі, а тады быў такім жа літоўскім, як віцебскія, мінскія і кіеўскія палкі.

І чаму ў Скрыньнікава ні разу не варухнулася думка на конт таго, што Смаленск стала зацята адбіваецца ад маскоўскага войска і сам ідзе ў паход супраць Масквы?

Рускія людзі, якія вывучалі гісторыю ў савецкіх школах і ВНУ, нічога ня ведалі пра тое, як і чым жыла іх краіна па-за межамі маскоўскай кальцавой дарогі. Пра Наўгародскую рэспубліку ў падручніках толькі спамін – маўляў, была такая на мяжы. Як Швецыя ці Польшча. Разгром наўрародцамі крыжакоў на Чуцкім возеры – гэта, раптам, руская гісторыя, а ўсё, што было да гэтага і пасьля – не. Кіеў – Маці гарадоў рускіх – раптам зьнікае з кантэксту гісторыі.

У беларусаў і пасёньня засталіся зьмешаныя пачуцьці ад, здавалася б, слаўнай перамогі пад Воршай (1514). Здаецца, дзіўна – разграмілі агрэсара Васіля ІІІ, які толькі што захапіў Смаленск, і абаранілі радзіму!? Хаця тут зразумелы дыпляматычны такт, маўляў, нядобра гэта: брацкія народы, а ваявалі.

А вось расейцы саромеюцца толькі таго, што Васіль ІІІ пад Воршай… быў разьбіты. Скрыньнікаў, які як бы выкрывае некаторыя міфы рускай гісторыі, тым ня менш, называе перамогу “літоўцаў” катастрофай для Расеі. Але ў тым, што маскоўскі цар пачаў вайну са сваімі ж, гісторык катастрофы не бачыць.

Крыўдна, што “самасьційныя” гісторыкі Беларусі і Украіны, нягледзячы на сваю патрыятычнасьць, тым ня менш, льюць ваду на млын расейскіх фальсіфікатараў і без бою аддаюць Расеі сваіх Рурыкавічаў, свае гарады, свае назвы, мову і сваю славу. Украінскія і амаль усе беларускія гісторыкі бачылі, што іх “абрабавалі”, але пачалі сьцьвярджаць, што, маўляў, у Расеі свая гісторыя, а ў нас, Украіны і Беларусі – свая. Беларусь, маўляў, заўсёды была Беларусьсю, а ніякай ня Русьсю ці Літвой [так лічаць далёка ня ўсе беларускія гісторыкі. – Рэд.]. Гэтыя “гісторыкі” выглядаюць анітрохі ня лепш за тых, хто ў свой час прысабечыў незаслужана слова Расея і Вялікаросія. Менавіта маскавіты ня мелі права на рускасьць, а зусім не беларусы і украінцы. У Заходняй Украіне дагэтуль жыве пяць мільёнаў русінаў – тых самых рускіх літвінаў, землі якіх перайшлі ў Аўстра-Венгрыю, а потым у Польшчу і ацалелі ад жахлівых рэформаў Раманавых над рускай нацыяй.

Украіна імкнецца не заўважаць сваіх русінаў і нават надаць ім іншае імя, як калісьці Іван Жахлівы стаў называць рускіх палякамі і літоўцамі. Карпацкім русінам прыдумвалі спачытку напаўлацінскае лемке, потым гуцулы… Але гэтыя назвы не прыжываюцца ў землях Львова, былога русінскага цэнтра, які ўпершыню толькі ў 1939 годзе ўвайшоў у склад Украіны. Русіны працягваюць абараняцца ад Масковіі, але гэты канфлікт ужо выглядае, як канфлікт з Расеяй, з рускімі.

Ці тлумачаць усё гэта сваім дзецям ва Украіне і Беларусі? Не! Ці гавораць настаўнікі і гісторыкі пра тое, што Кіеў, Чарнігаў, Віцебск, Полацк – вось сапраўднае сэрца Русі, вось яе карэнныя землі, вось сапраўдныя рускія людзі? Таксама не! Таленавіты беларускі пісьменьнік Арлоў, які так многа піша пра гісторыю, таксама прыймае беларускую гісторыю толькі ў тым выглядзе, які нам “дазволілі” расейскія цары, – а потым і генсекі [так у аўтара. – Рэд.].

Усё перакулена з ног на галаву ў расейскай гісторыі! Але ў Расеі ідзе працэс выкрыцьця. Выходзяць цікавыя кнігі, у прэсе ідуць дыскусіі аб Рурыку (рускім, але не маскоўскім героі), і пра тое, што сярод яго варагаў былі не толькі нарманы, але і палабскія славяне.

У нас жа ўсё ціха. Нам гісторыя не патрэбная. Баімся пакрыўдзіць суседзяў, якія – вось за што іх паважаю – ніколі нічога не баяліся [хутчэй варта казаць не “не баяліся”, а “не саромеліся” і бралі чужое, як сваё; але так робяць злодзеі; якраз за гэта “суседзяў” паважаць нельга. – Рэд.].

 

 

Каментары (1)

  1. Владимир кажа:

    Бог с нею с землей Москель, но почему автор связывает название Великороссия с Великим Новгородом, а не с Суздалем и Владимиром – “Русью Великой)”?? Там можно и от Великих Лук “Великороссию” на свет выродить! Для интересующихся советую узнать, что такое малая Британия и великая Британия – этимологию происхождения этих названий.

    Или быть может автор не знает что такое “Сарматский стиль” одежды? Удивительное же открытие!

    А как можно “объявить великоросский диалект официальным языком своей державы”? В феодальном обществе это означает только одно: сменить язык государственного общения – законы, документы и пр. А мокшы, мурома, меря, мордва или славянские племена – все к ней имели отношение посредственнейшее в своих селах. Кроме языка-микродиалекта собственного села они сталкивались только с одним другим – языком церковного прихода.

    О войнах Московии и участии нерусских вообще смешно читать. Вам известно что дружины славянских князей-варягов Игорей-Владимиров-Святославов-Рогволодов и пр., на 80% состояли из самих же варягов? Военные разборки князей-феодалов и их дружин-братвы имеют малое отношение к национальному составу народов которые они крышевали. Итальянские кондотьеры – это далеко не всегда итальянцы. То же и с французской армией до Ришелье.

    Но апофеоз конечно же то, что “рускі чалавек – гэта мардвінскі фін, тюркскі казак, волгскі булгарын”. Впрочем, доказать оное и было целью этой статьи. Казенные историки – лжецы, но не меньшие лжецы и авторы этой статьи.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы