nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Дзьмітры Саймс: “ЗША не заявяць пра ваенную падтрымку Грузіі з мэтай аднаўленьня яе тэрытарыяльнай цэласьці”

19 жніўня, 2008 | 2 каментарыя

Сайм�.JPG

Бываюць сітуацыі, калі артыкулы ці інтэрвю, якія мелі месца шмат часу таму, набываюць актуальнасьць большую, чым у час іх зьяўленьня ў СМІ. Да такіх матэрыялаў належыць эксклюзіўнае інтэрвю Дзьмітрыя Саймса – прэзідэнта Цэнтра Ніксана (ЗША) і выдаўца аналітычнага часопіса The National Interest– журналістам грузінскага выданьня Georgian Times. Гэтае інтэрвю 24 красавіка г.г. было выстаўлена таксама і на расейскім сайце ІноСМІ (www.inosmi.ru/translation/240990). Матэрыял быў азаглаўлены “Скандальнае інтэрвю … Саймса”, а падзагаловак тлумачыў, чаму: “У інтарэсы Амерыкі ўваходзіць абарона суверэнітэту суседніх з Расеяй краін”. Разумеем, з пазіцыі інтарэсаў расейскай імперыякратыі – гэта злачынства… У сьвятле апошніх падзей у Грузіі скандальнасьць гэтага даўняшняга і амбівалентнага інтэрвю мы ўбачылі ў іншым, што і адлюстравалі ў нашым загалоўку. Акрамя таго, мы разьлічваем, што ўжо дастаткова падрыхтавалі нашых сталых чытачоў, каб яны (на фоне хаця б папярэдняга артыкула) самі паспрабавалі ўбачыць некаторыя нюансы палітычнай прасторы ЗША…  Інтэрвю падаецца зь неістотнымі скарачэньнямі.

Рэдакцыя.

 

Саймс: “На жаль, Грузія ўсё больш і больш становіцца палігонам супрацьстаяньня паміж, з аднаго боку, Амерыкай і саюзьніцкімі краінамі НАТА, а з другога боку, – Расеяй. Вымалёўваюцца дзьве ўзаемавыключныя пазіцыі: з аднаго боку, мы маем адміністрацыю Буша, якая лічыць, што будзе канструктыўным, калі ўсе еўрапейскія краіны новай дэмакратыі стануць чальцамі НАТА, і з другога боку, –  Расея, якая ўспрымае пашырэньне альянсу як небясьпеку [пашырэньне НАТА Расея ўспрымае найперш як перашкоду сваім імперскім планам! – Рэд.]. Расея асабліва ўстрывожана магчымым сяброўствам у гэтым Блоку Грузіі. Калі акінуць позіркам увесь сьпектар адносін, напэўна, Грузія ў адносінах Амерыкі й Расеі – самае выбухованебясьпечнае месца [Украіна яшчэ больш. – Рэд.]. Грузія – адзінае месца, дзе сапраўды можа адбыцца сур’ёзны канфлікт паміж Амерыкай і Расеяй [за Беларусь канфлікту ня будзе… – Рэд.]

 

GT”: Амерыка рыхтуецца да прэзідэнцкіх выбараў. Можа, каротка сфармулюеце прыярытэты кандыдатаў у прэзідэнты (Маккейн, Абама, Клінтан)? Ці чакаеце вы значных пераменаў у зьнешняй палітыцы што да Грузіі?

– Відавочна, што сёньня сярод кандыдатаў у прэзідэнты Амерыкі актыўней за ўсіх падтрымлівае ўрад Саакашвілі й уступленьне Грузіі ў НАТА сенатар Маккейн. Затым ідзе Хілары Клінтан, галоўным дарадцам у якой Рычард Холбрук. Яна таксама ў захапленьні ад магчымасьці сяброўства Грузіі ў НАТА, хаця іншыя прадстаўнікі яе каманды больш асьцярожна падыходзяць да хуткага пашырэньня НАТА. Сенатар Барак Абама, нягледзячы на тое, што ў яго ў дарадцах Зьбігнеў Бжэзінскі, менш за ўсіх жадае ўцягвацца ў супрацьстаяньне Расеі зь іншымі дзяржавамі. Зрэшты, рыторыка – ня лепшы дарадца ў прагнозах. Канчаткова шмат будзе залежаць ад таго, як павядзе сябе новы галава Белага Дому. Адно ёсьць фактам: ніводны не разьвяжа вайну з Расеяй з-за Абхазіі й Самачабла (сапраўдная, грузінская назва Паўднёвай Асеціі), таму што, калі становяцца прэзідэнтамі, ім дадаецца адказнасьці й яны нашмат больш асьцярожныя.

 

–  Што зробіць Амерыка, калі Расея, з улікам прыклада Косава, прызнае незалежнасьць сепаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі?

– Ня думаю, што Расея афіцыйна прызнае незалежнасьць Абхазіі й Самачабла, пакуль сяброўства Грузіі ў НАТА ня стане немінучым. Але калі Расея прызнае сепаратысцкія рэгіёны, на пратэст Амерыкі ня будзе хоць якога выніка з Масквы. Перакананы, што адміністрацыя Буша і саюзьніцкія краіны НАТА дадуць вельмі рэзкую ацэнку гэтаму кроку Расеі. Але Расея, выкарыстоўваючы сваё права вета ў Радзе Бясьпекі ААН, ня дасьць ААН права прымяніць супраць сябе санкцыі. Калі падобнае ўвогуле адбудзецца, ААН ня зможа прымусіць Расею зьмяніць сваё рашэньне. Ні Амерыка, ні НАТА не заявяць аб ваеннай падтрымцы Грузіі ў мэтах аднаўленьня яе тэрытарыяльнай цэласьці.

 

– Цэнтар Ніксана часта характарызуюць як апору ідэалогіі Realpolitik. На погляд ‘рэалістаў’, як у бліжэйшай будучыні пачнуць разьвівацца стасункі Расеі й Амерыкі?

– На міжнароднай арэне пазіцыя Расеі як дзяржавы ўсё больш узрастае. Расея ня ёсьць дэмакратычнай. Ва ўсялякім выпадку, цяпер не адпавядае стандартам заходняй дэмакратыі. Відавочна, што Расея гатовая выкарыстаць эканамічыя рычагі з мэтай ціску, асбліва ў сваім рэгіёне. У інтарэсы Амерыкі ўваходзіць абарона суверэнітэту суседніх з Расеяй краін [выказваньне, якое супярэчыць папярэдняму. – Рэд.], а таксама іх права разьвівацца дэмакратычна і ў кірунку дэмакратыі. Аднак для Амерыкі ня ёсьць галоўным прыярытэтам сяброўства Грузіі ў НАТА, калі ў ёй парушана тэрытарыяльная цэласьць і яна вядзе эмацыйную спрэчку з Масквой. Злучаным Штатам неабходна супрацоўніцтва з Расеяй у пытаньнях нераспаўсюду ядзернай зброі і барацьбы з тэрарызмам. Гэта ня значыць, што тым самым Амерыка супакойвае Расею, але Абхазію і Самачабла яна ня здольна паставіць вышэй за ўсё [выразная віхлястая пазіцыя, характэрная вядома для каго… – Рэд.].  

 

Чальцы кіроўнай партыі [ЗША? Грузіі? – Рэд.] абвінавацілі Цэнтар Ніксана ў тым, што яго фінансуюць з Расеі, у прыватнасьці, “Газпрам”. Чаму ваш Цэнтар не адрэагаваў на гэтую заяву?

– Таму што непасрэдна да мяне не зьвярнуліся. Пра гэтую заяву мне сказалі іншыя. Давайце тут ўсё ж высьветлім. Цэнтар Ніксана не атрымлівае і ніколі не атрымліваў фінансаваньня з “Газпраму” і ні ад якіх-небудзь іншых кампаній, проста ці ўскосна кіруемых расейскай дзяржавай. Калі пана Саакашвілі ды яго калег сапраўды цікавіць гэтае пытаньне, маглі б запытацца ў чальцоў Рады Цэнтра Ніксана. Некаторыя зь іх у апошнія гады асабіста сустракаліся з Саакашвілі, у тым ліку сенатар Джон Макейн, Морыс Грынберг, старшыня Цэнтра Ніксана, генерал Чарльз Бойд і Генры Кісінджар [было ў нас на сайце ня так даўно пра пазіцыю Кісінджара. – Рэд.]. Меркаваньні, што Цэнтар Ніксана атрымлівае фінансаваньне з Расеі, да такой ступені абсурдныя, каб хто-небудзь успрыняў гэта ўсур’ёз. Але падазраю, што некаторыя прыхільнікі Саакашвілі, якія атрымліваюць сур’ёзнае фінансаваньне з Амерыкі, лічаць гэта натуральным і думаюць, што ўсе атрымліваюць грошы ад урадаў іншай краіны.

 

– Мяркуючы па вашых артыкулах і працах, Вы ўважліва назіраеце за грузінскай палітыкай. Ці можаце параўнаць палітыку былога і цяперашняга прэзідэнтаў Грузіі? Хто быў лепшым палітакам на ўнутраным і міжнародным фронце?

– У мяне была магчымасьць сустрэцца з усімі трыма прэзідэнтамі Грузіі – Зьвіядам Гамсахурдзія, Эдуардам Шэварнадзэ і Міхаілам Саакашвілі.  Між іншым, пан Саакашвілі двойчы выступаў з прамовай у Цэнтры Ніксана, адзін раз як апазіцыянер, другі – як прэзідэнт. Эдуард Шэварнадзэ сапраўды быў самым дасьведчаным і эфектыўным, пакуль яго імя і аўтарытэт не зьняславілі створаныя ў краіне праблемы. Прэзідэнты Гамсахурдзія і Саакашвілі – абодва нацыяналісты. Гамсахурдзія абапіраўся на асабістыя рэсурсы і, сыходзячы са сваіх перакананьняў, ішоў на вельмі вялікую рызыку. А прэзідэнт Саакашвілі ў супрацьстаяньні з Масквой і грузінскай апазіцыяй выкарыстоўвае падтрымку Амерыкі. Грузіны павінны вырашыць, наколькі ўваходзіць у інтарэсы іх краіны агрэсіўная гульня амерыканскай картай.

 

 

2 каментарыя

  1. Уладзімер Русаковіч кажа:

    Запіс гутаркі з Дзьмітрыем Саймсам з’явіўся ў “Грузінскіх часох” 31 сакавіка 2008 года пад назваю “Грузія, падставы для небясьпечнага амерыканска-расейскага змаганьня” [Georgia, Grounds for Serious US/Russia Conflict] (http://www.geotimes.ge/index.php?m=home&newsid=10043).

  2. Гэта не амерыканска-расейскае змаганне, а змаганне свету з расейскімі нафтавымі мафіозі. Як толькі свет пазбавіцца ад манапалістаў на нафту дык адразу ж і цэны упадуць на ўсё.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы