З.Сейбіт
Звычайна людзі перад пагрозай той ці іншай праблемы кансалідуюцца дзеля яе вырашэньня. Сытуацыя, якая складаецца ў Беларусі, насьцярожвае. На фоне абвастрэньня грамадскіх праблем у палітыцы, эканоміцы, нацыянальнай культуры, у грамадстве не назіраюцца працэсы кансалідацыі дастатковай часткі людзей дзеля іх вырашэньня (што не дазваляе нам кансалідавацца, пра гэта гаворка асобная). У такой сытуацыі расьце напружаньне, агрэсіўнасьць людзей. Нават блізкія ў поглядах людзі пачынаюць варагаваць між сабою. Замест пошуку рашэньняў людзі вінавацяць адзін аднаго. Нібыта адказ на пытаньне “Хто вінаваты?” можа быць рашэньнем праблемы [пытаньне “Хто вінаваты?” патрэбнае для аналізу праблемы і пошуку яе вырашэньня. – Рэд.]. Неўпрыкмет разгортваецца вайна ўсіх супраць усіх, што ўрэшце можа паставіць пад пытаньне нашу супольную жыцьцяздольнасьць.