nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Ні хто вінаваты, але што рабіць

25 кастрычніка, 2008 | 2 каментарыя

З.Сейбіт

Ð�Ñ�Ñ�лÑ� 2.JPG 

Дзяржаўнасьць народа (ці дакладней, здольнасьць народа да самаарганізацыі ў дзяржаве) вызначаецца ягонай жыцьцяздольнасьцю, і ў той жа час забясьпечвае жыцьцяздольнасьць народа ў гісторыі. Гэта значыць, забясьпечвае спрыяльныя ўмовы жыцьцядзейнасьці і супольнасьці, і кожнага чалавека паасобку ў сучаснасьці і ў наступных пакаленьнях. Аднак, на жыцьцяздольнасьць народа ўплывае ня проста ягоная арганізацыя ў дзяржаве, але і той тып дзяржавы, у якой народ здолеў гістарычна самаарганізавацца. Ці тое таталітарная, ці аўтарытарная дзяржава, ці нават проста чыясьці калёнія. Ці гэтая дзяржава незалежная, прававая, дэмакратычная (з разьвітымі механізмамі зваротнай сувязі).

 

У таталітарнай дзяржаве, у так званых “грамадзянаў” ёсьць толькі адна функцыя: выконваць каманду: “Упаў – адціснуўся!” За выкананую каманду “грамадзяне” атрымоўваюць пайку (ніяк не ўсьведамляючы яе сувязь з вынікамі сваёй хоць і супольнай працы) ў выглядзе “заробку”, “кватэр”, “бесплатнай медыцыны” і г.д. Атрымоўваюць ад таталітарных чыноўнікаў, якія функцыянуюць на полі інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня як часткі дзяржавы, але якія атасаямляюць сябе зь “дзяржаваю”. Таму замена іх нават праз дэмакратычныя выбары падаецца імі як “антыдзяржаўная” дзейнасьць.

Пры гэтым, “грамадзянам” забаронена задаваць “лішнія” пытаньні ды “шмат ведаць”. “Грамадзяне” ж цешаць сябе ілюзіяй, што яны ні за што не нясуць адказнасьці, бо не прымаюць ніякіх рашэньняў ці ня ўдзельнічаюць у іх прыняцьці. Хоць, насамрэч, нясуць адказнасьць за згоду жыць у таталітарнай дзяржаве сваім (і сваіх родных) жыцьцём, пазбаўленьнем свабоды, стратай любові да сваёй радзімы, здароўем, дабрабытам, безсэнсоўнасьцю свайго зямнога існаваньня.

У незалежнай прававой дэмакратычнай дзяржаве на грамадзянаў ускладаюцца функцыі  шукаць і прымаць жыцьцевызначальныя рашэньні (альбо ўдзельнічаць у іх прыняцьці), ажыцьцяўляць зваротную сувязь (дэмакратыю) на рашэньні адпаведных суб’ектаў дзяржаўнага права, быць здольнымі браць на сябе адказнасьць за вынікі прымаемых рашэньняў, г.з. быць свабоднымі [хутчэй быць адказнымі й свабоднымі адначасова, сістэмна. – Рэд.].

З распадам СССР распачаўся новы этап у разьвіцьці дзяржаўнасьці нашага народа, які  гістарычна акрэсьліўся як беларускі. Але за гэтую справу ўзяліся людзі, якія слаба сабе ўяўлялі, што такое незалежная дзяржава, а пра прававую і дэмакратычную чулі толькі з замежных СМІ [хутчэй у гэтых людзей, з-за іх прымітыўнасьці, асабісты інтарэс пераважаў над агульнадзяржаўным. – Рэд. ].

У выніку – лягер: дзе-нідзе падмецены, з “пафарбаванай травой” і “прышытым лісьцем”, але безсэнсоўны. Маленькая копія СССР на чале з пажыцьцёвым “генсекам”.

Усім напэўна даводзілася бачыць як лётаюць лятакі. У чалавека чамусьці ўзьнікае ўражаньне, што і ён таксама можа сесьці на мейсца лётчыка і падняць лятак у паветра, ня маючы ні ведаў, ні досьведу. Гэтак сама гледзячы на іншыя дзяржавы ў нас складаецца ўражаньне, што без адпаведных ведаў мы можам пабудаваць прававую дэмакратычную дзяржаву  і, што найбольш уражвае, ведаем як ёю кіраваць. Нібы тая знакамітая кухарка.

Што з гэтага атрымліваецца, можна ўбачыць на свае вочы. Гэтая сытуацыя заканамерная.

Стварэньне незалежнай прававой дэмакратычнай дзяржавы ёсьць справай не “аднаго” чалавека і не пары вольных гадзінаў. Шмат якія народы йшлі гэтым шляхам стагодзямі, дзесяцігодзямі, не праз адно пакаленьне.

Зрабіць гэтую справу – гэта не на аўтамабіле езьдзіць, хоць і гэтаму трэба вучыцца. Трэба ведаць і склад аўтамабіля, і як на ім рухацца, і правілы руху. А бязь ведаў застанецца толькі штурхаць яго ды цешыцца думкай, што хоць з гары можна будзе на яго ўскочыць (хто пасьпее!). Але ж некалі прыйде час штурхаць гэты аўтамабіль і ў гару.

Ці як зь лятаком: хочаш на ім лётаць, трэба гэтаму вучыцца, а не штурхаць яго па лётным полі, спадзяючыся, што ён некалі ад гэтае штурханіны ўзьляціць.

Напэўна хто з вас падумае, што ён чалавек разумны і ведае ўсё пра дзяржаву ад нараджэньня (нераўнуючы як пра той лятак). Тыя ж, хто такой упэўненасьці не адчувае, прыгадайце дзе мы вучыліся і хто і па якіх праграмах нас вучыў. І яшчэ задайце сабе пытаньне: ці ў інтарэсах тых, хто замаўляе для  нас веды па акрэсьленых пытаньнях, каб мы гэтыя веды мелі.

Толькі не маніце сабе: не ў інтарэсах таталітарных чыноўнікаў, каб грамадзяне набывалі веды, якія дапамогуць гэтым самым грамадзянам набываць здольнасьць да свабоды, да адказнасьці, да кансалідацыі, да самаарганізацыі, да нацыянальнай самасьвядомасьці, да пошука і прыняцьця рашэньняў і іхняй рэалізацыі, да дэмакратыі і іншыя неабходныя дзеля годнага жыцьця рысы.

Што рабіць?

Мне падаецца, што, па-першае, трэба кінуць штурхаць па лётным полі лятак пад назовам “незалежная прававая дэмакратычная дзяржава”, патаемна спадзяючыся, што ён такім чынам некалі ўзьляціць, і мы здолеем на яго ўскочыць. Па-другое, трэба пачынаць вучыцца лётаць на лятаку, г. з. вучыцца жыць у дзяржаве. Забыць ці выкрэсьліць усе “курсы гісторыі КПСС” і пачынаць вучыцца: што ёсьць дзяржаваю, якая дзяржава нам патрэбная, як яе будаваць, як у ёй жыць і як ёй карыстацца, як карыстацца тымі магчымасьцямі, якія ў ёй закладзеныя.

Каб жыць у незалежнай прававой дэмакратычнай дзяржаве, яе трэба ствараць. Гэтая справа патрабуе шмат ведаў. Дзеля гэтага нам трэба пачынаць вучыцца грамадзянскасьці, дзяржаўнасьці.

Трэба ствараць СІСТЭМУ НАРОДНАЙ АСЬВЕТЫ, ГРАМАДЗЯНСКАЙ АДУКАЦЫІ (як частку больш шырокай адукацыі дарослых), каб грамадзяне маглі набываць сістэмныя веды па філязофіі, псыхалёгіі, прыродзе рэлігійнасьці чалавека, гісторыі, нацыянальнай культуры як досьведу жыцьця, паліталёгіі (ня блытаць з “палітыканствам”), сацыялёгіі, эканоміцы, займацца прававой асьветай.

Гэтая справа ня хуткая, але безь яе мы так і будзем бегаць вакол лятака, біць яго па крылах, прыгаворваючы: “Ну, чаго ты, дурань, не ляціш?” Ці вінавацячы адзін аднаго, што не так і не за тыя крылы штурхаем. Мімаходзь разьнявольваючы сябе абвінавачваньнямі неба, зямлі, надвор’я, птушак у небе і г.д. (Раўнуючы з абвінавачваньнямі народа, апазыцыі, “прэзыдэнта”, прадпрымальнікаў, камуністых, “БНФ-аўцаў”, “нацыяналістаў”,  Расеі, Амэрыкі, НАТА і г.д.). Сьпіс можаце працягнуць самі. Вынік такой дзейнасьці кожны з вас, спадзяюся, можа таксама спрагназаваць сам.

Можна, вядома, і ў хаце, якая гарыць, перастаўляць мэблю і спадзявацца, што ля вакна будзе ня гэтак дымна, але ж вы напэўна разумееце, што страха накрые ўсіх. І малая радацьсь, што пад ёй апынуцца (калі апынуцца!) і тыя, хто яе падпаліў.  Варта спачатку патушыць хату, зьняць крыніцу небясьпекі, а потым яе адбудоўваць.

Але, каб знайсьці рашэньне праблемы, распрацаваць стратэгію яго рэалізацыі, патрэбныя сістэмныя веды, а ня проста “праўдзівая інфармацыя”. Бязь ведаў “зь кішэні” стратэгію не дастанеш.

 

Што мы выберам: ці безадказнае выкананьне каманды й ілюзію “гарантаванай пайкі”; ці свабоду й адказнасьць за сваё жыцьцё, жыцьцё сваіх бацькоў і дзяцей, за сэнс будучыні нашай краіны, дзе жыць нашым нашчадкам?

Пра першы варыянт казаць няма чаго.

Калі ж наш інтарэс ёсьць у незалежнай прававой дэмакратычнай дзяржаве як жыцьцяздольнай форме нашай супольнай жыцьцядзейнасьці, нам трэба набываць здольнасьць да свабоды, да адказнасьці, да кансалідацыі, да самаарганізацыі.

Трэба пачынаць вучыцца самім і вучыць іншых, ствараць сістэму грамадзянскай (народнай) адукацыі  разам зь іншымі грамадзянамі, якія займаюцца гэтай справай. Гэта сацыяльны падмурак нашай эфектыўнай дзейнасьці ў будучым. Шукайце людзей, якія дайшлі да разуменьня, што без грамадзянскай адукацыі, наш ляйнэр “РБ” так і будзе стаяць на прыколе і пакрысе пакрывацца іржой. Дэградацыя адбываецца не адразу, а пакрысе. Сістэма ўсё ж даволі інэрцыйная. Можна цешыць сябе, што на наш век хопіць. А тое, што мы праедаем сёньня заўтрашні лусьцік сваіх дзяцей ды ўнукаў (астатнія далей – гэта наогул чужыя людзі), дык гэта ўжо, маўляў, іхнія праблемы.

 

Веды, празь якія фармуецца наш супольны духоўны й інтылектуальны патэнцыял, які ёсьць умовай забесьпячэньня нашай супольнай жыцьцяздольнасьці – гэта сёньня самае галоўнае і для нас, нашых нашчадкаў.

Усіх, хто адчувае сваю адказнасьць за будучыню нашай краіны запрашаю далучацца да справы разгортваньня народнай (грамадзянскай) самаадукацыі й асьветы.

Прапаную далучыцца да справы ўсім, хто можа прапанаваць распрацаваныя асьветніцка-адукацыйныя праграмы (тэмы), хто можа арганізоўваць навучаньне, хто хацеў бы навучыцца самастойна праводзіць навучаньне па розных праграмах (тэмах), хто проста хоча атрымаць веды па хвалюючых іх пытаньнях.

І дай нам Божа дабраславеньне і сілы ў гэтай няпростай справе на шляху да Божага вобразу і падобы.

07.10.2008 г.

2 каментарыя

  1. Уладзімер Русаковіч кажа:

    З.Сейбіт “што ёсьць дзяржаваю, якая дзяржава нам патрэбная, як яе будаваць, як у ёй жыць і як ёй карыстацца”
    “каб знайсьці рашэньне праблемы, распрацаваць стратэгію яго рэалізацыі, патрэбныя сістэмныя веды”
    “да самаарганізацыі”
    ___
    Прашу зьвярнуць увагу на кнігу Гэрбэрта Ўінтэра ды Томаса Бэлоўза “Канфлікт і кампраміс: уводзіны ў палітычную навуку”, што дагэтуль ёсьць у продажы.
    Старонкі 138-139.
    “20 умоў існавання дэмакратычнага ладу. Першай ёсць “свабода тварыць арганізацыі і ўступаць у іх”. … з дапамогаю групаў (і іншымі спосабамі) дэмакратыя пашырае “лік, памер і разнастайнасць меншасцяў, прыхільнасці якіх будуць мець уплыў на вынікі ўрадавых пастаноў”.
    … пры плюралістычным ладзе людзей, выказваючы іх патрабаванні, прадстаўляюць не палітычныя партыі, а зацікаўленыя групы.
    Зацікаўленыя групы … былі галоўнаю прычынаю пасоўвання даўней самаўладных Савецкага Саюза і Ўсходняй Эўропы да палітычнае рэформы.
    Групы ёсьць найважнейшыя ўстановы ў акрэсленні і выказванні дамаганняў у палітычнай сістэме.”

  2. Уладзімер Русаковіч кажа:

    Прыдбаць вышэйазначаную кнігу мажліва тут (http://www.rodina.by/book/info/go/10993.html).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы