nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Грамадзкі трыбунал вынес абвінавачаньне сталінізму

1 лістапада, 2008 | Няма каментараў

Алесь Дашчынскі (паводле www.svaboda.org/content/Article/1335898.html)

Т��б�нал.JPG

З 1 па 7 лістапада – час, калі варта нагадваць пра вялікія людскія страты беларускага народу ад розных фашызмаў, імперыялізмаў, бальшавізмаў. Каб будучыя пакаленьні памяталі, каб больш ніколі не дапусьцілі, каб адплацілі… З 2005 году ў Менску праходзілі грамадзкія слуханьні на тэму “Злачынствы сталінізму ў Беларусі”. Грунтуючыся на матэрыялах гэтых слуханьняў, а таксама на дакументах дзяржаўных і асабістых архіваў, сьведчаньнях пацярпелых 28 кастрычніка 2008 году грамадзкі трыбунал вынес і агучыў абвінаваўчае заключэньне злачынствам сталінізму ў Беларусі.

Сябрамі трыбуналу былі 12 асобаў – Якаў Басін, Анатоль Белы, Анатоль Валахановіч, Марат Гаравы, Ігар Кузьняцоў, Леанід Маракоў, Уладзімер Раманоўскі, Вячаслаў Сіўчык, Зінаіда Тарасевіч, Сяргей Ханжанкоў, Уладзімер Халіп і Георгій Штыхаў. Яны паставілі свае подпісы пад заключэньнем.

Тэкст абвінаваўчага заключэньня зачытаў першы прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, доктар гістарычных навук, прафэсар Георгій Штыхаў (на фота ўверсе справа).

У заключэньні адзначаецца: “Вынікі рэпрэсіўнай палітыкі бальшавіцкай улады трагічныя. За кароткі гістарычны перыяд кожны восьмы жыхар Беларусі апынуўся за кратамі ці калючым дротам. Кожны пяты быў дыскрымінаваны, пазбаўлены грамадзянскіх правоў як “прадстаўнік непрацоўнай часткі насельніцтва, лішэнец” ці як чалец сям’і “ворага народа — шпіёна і дывэрсанта”. У шэрагу населеных пунктаў у выніку савецкіх рэпрэсіяў загінула больш жыхароў, чым у пэрыяд нацысцкай акупацыі”.

У абвінаваўчым заключэньні грамадзкага трыбуналу таксама гаворыцца, што без справядлівага суду нашчадкаў над дзяржаўнымі злачынцамі немагчыма станаўленьне прававой дзяржавы: “Вінаватыя ў генацыдзе ня маюць тэрміну даўнасьці. Бальшавізм як сацыяльная катэгорыя не павінен мець шанцаў на аднаўленьне. Краіна, якая ня здатная адкрыта асудзіць памылкі свайго недалёкага мінулага, асуджаная на іх паўтор у будучыні.Незавершаны працэс дэсталінізацыі на постсавецкай прасторы стварае глебу для пэрыядычных спробаў рэабілітацыі сталінізму і яго лідэра”.

Гісторык Ігар Кузьняцоў (на фота зьлева) заявіў: “Мы прысутнічаем пры гістарычнай падзеі. 20 гадоў пасьля таго, як былі адкрытыя Курапаты, як у Беларусі пачалі гаварыць праўду пра рэпрэсіі, як упершыню 20 гадоў таму 30 кастрычніка было шэсьце на Курапаты, усе марылі пра адно, і асабліва рэпрэсаваныя людзі, каб прыйшоў момант, калі хаця б грамадзкасьць аб’явіла абвінаваўчае заключэньне рэжыму, які ўчыніў усе гэтыя злачынствы на нашай тэрыторыі. … Мы не дачакаліся дзяржаўнага суду. Мы не дачакаліся, калі дзяржава [улады. – Рэд.] прыме хоць бы мінімальны ўдзел ва ўвекавечаньні памяці сваіх грамадзянаў. І таму ў гэты гістарычны дзень мы сабраліся, каб зрабіць першы рашучы крок аб’явіць нашае рашэньне, якое мы вынесьлі праз свае сэрцы, душы, якое не зьяўляецца канчатковым. Магчыма, пасьля гэтага будуць яшчэ нейкія грамадзкія ці дзяржаўныя судовыя працэсы. І мы не дапусьцім адраджэньня сталінізму на тэрыторыі Беларусі”.

Сябры трыбуналу выказаліся таксама за ўсталяваньне помніка ў Трасьцянцы ня толькі ахвярам нацызму, але й сталінізму.

Яны заклікалі адзначыць чарговы раз 29 кастрычніка як Дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.



Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы