nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ і КАЛІ НАМ ЯЕ АДЗНАЧАЦЬ? (зварот, дыскусія, каментар; Д пр-п 107)

27 лістапада, 2008 | Каментары (1)

Ініцыятыўная група па стварэнні камітэта для правядзення Дня беларускай нацыянальнай ідэіА.Белы, старшыня культурна-асветнага клуба “Спадчына”, Л.Лыч, прафесар, А. Грыцкевіч, прафесар.

�ел�а��д��.JPG

Страшная кара – пазбавіцца нацыянальнай ідэі.
(паводле Янкі Купалы)

Духоўнае жыццё, якое складае аснову культуры, змест мастацкіх вобразаў, іх соцыякультурны кантэкст, сэнсавыя акцэнты заўсёды з’яўляюцца адпаведнікамі рэлігійна-філасофскіх палажэнняў і часам робяцца сімваламі тых або іншых катэгорый. Так філасофскія ідэі як бы распушчаюцца ў духоўным кантэксце, паэтычным жыцці кожнага народу, мастацкім творы, фармуючы той змест, які ахопліваецца паняццем нацыянальнай ідэі. Не проста вылучыць іх у чыстым выглядзе, а тым больш даць пэўную адэкватную філасофскую інтэрпрэтацыю. Падрыхтаванае прачытанне і разуменне твораў дазваляюць зрабіць высновы аб прысутнасці ў іх “фенаменалогіі духу” і таго, што часта яны з’яўляюцца ўсвядомленай вобразнай ілюстрацыяй філасофскіх ідэй. Асвоеная рэчаіснасць, прырода, у якой жыве народ, ёсць увасабленне нацыянальнай ідэі, пра што цудоўна сказаў Якуб Колас ва ўступе да паэмы “Сымон-музыка”: “Ад гоману бароў…” ці “Зямля – аснова ўсёй айчыне.” (“Новая зямля”) – і што зафіксаваў Максім Танк і “на камні, жалезе і золаце”, і ў “паху дзёгцю, поту і старой аўчыны”. Сама мова – яе сінонім. Перафразуючы Вацлава Ластоўскага, можна сцвярджаць: “Народ жыве датуль, пакуль жыве яго мова (нацыянальная ідэя), без народнай мовы (нацыянальнай ідэі) няма народу”. Вось чаму анталогія мовы разглядаецца і з рэлігійна-філасофскага пункта гледжання і, адпаведна, нацыянальная ідэя бярэцца ў арсенал канфесійна-палітычных звадаў, адыходзячы ад навукі.

Яшчэ ў шостым стагоддзі да нашай эры ў Кітаі праз канфуцыянства была распрацавана канцэпцыя жыццядзейнасці народу як аснова нацыянальнай ідэі. Фармаванне беларускай нацыянальнай ідэі праходзіла не на пустым месцы. У ім былі даўнія традыцыі: дзяржаўныя старажытна-беларускія Полацкае і Тураўскае княствы; культурная – асэнсаванне сваёй нацыянальнай самабытнасці, дзякуючы выданню на беларускай мове Бібліі Францыска Скарыны [першая кніга, якая з’явілася 10 верасня 1517 (1516) г.]; прававая – адлюстраваная ў Статутах Вялікага Княства Літоўскага (1529, 1566, 1588); філасофскае абгрунтаванне, зробленае ўпершыню Вінцэтам Гадлеўскім у артыкуле “Патрэба нацыянальнай ідэі” // Беларускі фронт. – Вільня. 15.08.1939 г.

Але патрэба ў беларускай нацыянальнай ідэі ўзнікае з таго моманту, як пачынае складвацца беларуская нацыя (другая палова ХІХ ст.). І тут вялікую ролю ў яе ўзнікненні адыгралі такія чыннікі культурнага развіцця нацыі, як заснаванне ў студзені 1906 г. у Пецярбургу выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца”, а таксама выхад у свет першай легальнай беларускай газеты “Наша доля” (01.09.1906 г.) у Вільні і асабліва штотыднёвай беларускай газеты “Наша ніва” (10.11.1906 г.), якая на парацягу амаль дзесяці гадоў была будзіцелем нацыі. І на сёння аніводная з газет не зможа параўнацца з тым, што дала яна для беларускага нацыянальнага Адраджэння, для фармавання самасвядомасці народу і беларускай нацыянальнай ідэі.

Апостал Адраджэння Янка Купала ў 1913 г. у вершы “Казка аб песьні” выказаўся на тэму біблейска-рэлігійных матываў: “… і будуць у сківіцах народа цуглі, што кіруюць у зман. А ў нас будуць песні, як у ноч свяшчэннага свята, і вясёласць у сэрцы, як у таго, хто ідзе з жалейкай на гару Гасподню”; “… і пяюць яны як бы песню новую…; і ніхто не мог навучыцца песні гэтай…”.

Біблейскую тэму трагізму беларускай нацыянальнай ідэі (“вольнай песні” аб поце, крыві і пылу гісторыі народа) наш паэт спавіў з маштабнай філасофіяй абсалютнай ідэі Гегеля праз паэтычны вобраз “святлянай думкі” ў іншабыцці яе гістарычнага развіцця і станаўлення “духа-яснавея” – абсалютнага духа. Дарэчы, сучасныя разважанні аб генезісе нацыянальнай ідэі пазбаўлены менавіта філасофскай аперцэпцыі, што бракуе ім у тых метадалагічных заваёвах, якія набыла гісторыя еўрапейскай філасофіі, у прыватнасці ў распрацоўцы Гегелем развіцця ідэі наогул. Вялікі нямецкі мысляр вызначыў алгарытм абсалютнай ідэі ў трох этапах: лагічнага, калі ідэя дзейнічае ў сваім “дапрыродным” быцці і выступае як сістэма паняццяў і катэгорый, у стыхіі “чыстага мыслення” (“Навука логікі”); другога – прыроднага “іншабыцця абсалютнай ідэі”, калі прырода няздольная да развіцця ў часе (“Філасофія прыроды”); нарэшце, вышэйшай ступені самаразвіцця ў “абсалютным духу”, калі ідэя ў форме мастацтва, рэлігіі і філасофіі прыходзіць да канца свайго самапазнання (“Філасофія духу”). Вянцом дыялектычнага развіцця абсалютнай ідэі Гегель лічыць нацыянальна-дзяржаўнае (этна-этатычнае) утварэнне (у яго – канстытуцыйная нацыянальная дзяржаўнасць).

Янка Купала – прадстаўнік народу, якога Г.Гегель, К.Маркс, і Ф.Энгельс залічылі ў “негістарычныя”, а У.І.Ленін аднёс да “мужыцкай нацыі”. Паэт узняў мінорны ключ “плачу аб старонцы” для канстатацыі фіналістычнага летаргізму духоўнага стану нацыянальнай сучаснасці і заспяваў пра патрэбу для народу ў сваёй спрадвечнай песні (усвядомленай нацыянальнай ідэі) з уласцівай ёй тэмай атрыбутыўнасці, неадменнасці “светлай веры” – хрысціянскай ідэі:

Даўно ўжо, даўно з той пары адбылой
Сталецьцяў мінула нямала, –
Між небам блакітным і чорнай зямлёй
Сьвятляная думка лунала.
Яна аглядала бязьмежны прастор,
І пасынкаў бачыла долі,
Што рукі з зямлі прасцягалі да зор
І ў цемры каналі паволі.
* * *
І шкода зрабілася думцы людзей,
Што чахлі, як чэрві ў плесені, –
І з высі сышла к ім, як дух‑яснавей,
І вольнай змянілася песьняй.
У тысячы сьветачаў, сонц залатых
Яна разьлілася між імі,
Разьвеяла цемры, ўзьлячыла сьляпых,
Сваё, іх праславіла імя.
Пры песельным звоне народ акрылеў,
Зарухаўся шчасьцем, свабодай,
У бітвах браў верх і свой боль адалеў,
Ня страх быў змагацца з прыродай.
І многа лет цешыўся, ў радасьці цьвіў
І ў долі, і ў волі бяз меры,
Аж покуль ён песьні сваёй не ўгнявіў,
І сьветлай ня здрадзіў ёй веры.
За ласыя словы, за золата звон
Чужацкай шукаць стаў апекі;
Чужынцы запрэглі народ у прыгон,
А песьню аддалі на зьдзекі.
* * *
І страшная кара пасьцігла іх лёс:
Народ сваёй песьні забыўся.
* * *
З лет бегам патомкі, пасьля доўгіх бед,
Аднекуль зноў песьню дасталі…
Але гэта не прынесла яму шчасця
Бо думка… бо песьня… чужая была…
З ярмом даў і песьню чужынец!

Тэму “Казкі аб песьні” Янка Купала-публіцыст паўтарыў, карыстаючыся тымі ж вобразамі-тэрмінамі, у артыкуле “Незалежнасць” 1919 года: “Пасля уніі з Польшчай Вялікага Беларуска-Літоўскага княства, дзе беларуская культура высока трымала свой сцяг у родным краю, – гэта культура пачала выціскацца польскім панаваннем. Беларускае баярства, за польскія шляхоцкія значкі і цёплыя каля трона месцы, пачало выракацца ўсяго свайго роднага, беларускага і перакульвацца на чужы польскі бок. Забылася баярства на звычаі беларускія, на сваю гісторыю, мову, літаратуру. Дзе больш званілі золатам, там вышэйшыя станы тагачаснага грамадства і служылі, і прадавалі сябе, свой народ, сваю бацькаўшчыну… Залежнасць ад Польшчы змянілася залежнасцю ад Масквы… А беларус стагнаў і стагнаў. З гэтага мы бачым, бачым з практыкі, вынесенай на сваёй скуры, што залежнасць дзяржаўная, ад каго б ні было, бокам залежнаму народу вылазе. І вось толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу”.

Сваёй мэты – увасаблення ў нацыянальнай дзяржаўнасці – беларуская іпастась абсалютнай ідэі яшчэ не дасягае ў тагачасных варунках. Два этапы развіцця абсалютнай ідэі ў гісторыі беларускага народу – адлюстраваныя паэтам, трэці – наперадзе, калі мае быць панаванне абсалютнага духу ў мастацкім, рэлігійным і філасофскім асэнсаванні свайго нацыянальнага быцця. Паэт нагадвае, што “сама гісторыя пакліча на суд” нацыянальнага суб’екта. Разуменне таго, што ніякая вунія, як і пазнейшае памкненне збудаваць рай у адной асобна ўзятай краіне, не дае народу ні сапраўднай дзяржаўнасці, ні рэальнага суверэнітэту і ўмоў адэкватнага развіцця сваёй культуры, – робіцца палітычным фонам для асноўнага зместу “Казкі…”.

А філасофскім фонам на гэтым этапе застаецца ідэя верша “Кругаварот” (1906–10 гг.) з тэмай анталагічнага існавання і дыялектыкі рэчаў, “дух чалавечы” якіх быў незразумелы местачковым марксістам, і які застаецца такім і сучасным палітолагам і філосафам афіцыйнага, дзяржаўнага кірунку.

Нязнанай сілай правіць светам
Пачатак, бытнасць і канец;
Народ таўпехаецца ў гэтым,
Як стада згубленых авец.

Так будзе да моманту асэнсавання народам сваёй нацыянальнай мэты (беларускай акцыдэнцыі гегельянскай абсалютнай ідэі, сапраўдны філасофскі змест якой супярэчыць палітычным інтэрпрэтацыям яе самога Гегеля і яго рэвалюцыйных паслядоўнікаў аб “негістарычных народах”). Аднак песімізм не палоніць душы паэта канчаткова. У 1918 годзе ў вершы “Час…” ён заклікае спраўдзіць гістарычную мэту – збудаванне сваёй дзяржавы, а не рэвалюцыяй сцверджанага утапічнага раю на зямлі:

Час склікаці ўжо грамаду
На вялікую нараду,
На вялікі сход!
Хай рассудзіць, хай разважаць,
Слова цьвёрдае хай скажаць.
Скажаць сам народ
Як жыць мае, пажываці
Ў родным краю, ў роднай хаце,
Як заводзіць лад:
Ці жыць далей у няволі,
Ці разжыцца новай доляй,
Новы ўзнесьць пасад.

Безумоўна і відавочна выяўляецца, што алгарытм купалаўскай інтэрпрэтацыі нацыянальнай гісторыі несумненна ёсць вынік асіміляцыі Гегелеўскай філасофіі пераўтварэння абсалютнай ідэі (“святлянай думкі”) ў нацыянальнае іншабыццё (“святляную песню”), якая мусіць дасягнуць свайго развіцця ў форме нацыянальнай дзяржаўнасці, як у Гегеля – у форме прускай дзяржаўнасці. “Дык чаму ж нам, браты беларусы, не дамагацца сваёй дзяржаўнай незалежнасці?” – пытае ён у артыкуле “Незалежнасць”. У прамове на 10-годдзе літаратурнай дзейнасці паэт заклікаў: “Дык не зважайма на здраду, а пойдзем далей сваім хоць цярністым, але святляным шляхам”.

Распрацоўка тэмы спадчыны класічнай нямецкай філасофіі ў Янкі Купалы ёсць узор глыбіннага разумення апосталам беларускага нацыянальнага Адраджэння тых задач і тых патрэб беларускай нацыі, якія паўсталі перад ім на пачатку ХХ ст., якія і на сённяшні дзень не страцілі свайго значэння, а можа, нават, набываюць большую актуальнасць, чым на пачатку стагоддзя.

У свой час пад націскам народных мас і перадавой нацыянальна-свядомай творчай інтэлігенцыі дзяржава [цяперская ўлада. – Рэд.] пайшла на саступкі народу і абвясціла дзень пачатку новага навучальнага года ў школе Днём беларускага пісьменства і друку. Потым сарамліва пачала забываць ужываць слова “друку”. Хутка можа дайсці, што застанецца толькі адно слова “дзень”. Дзяржава праводзіць нейкія ўрачыстасці, прэзентацыі новых кніг, канцэртныя выступленні. Усё як быццам бы прыстойна. Але на гэтыя імпрэзы ўжо даўно перасталі запрашацца носьбіты і стваральнікі сапраўды нацыянальнай культуры, прагрэсіўныя літаратары, песняры, грамадскія дзеячы. Іх месца занялі “чэсныя” літаратары і тыя, хто бліжэй да ўлады і абласканы ёй. Замест вольных “святляных” песен, там гучыць “чужая песня” або маскоўская папса.. Зрэдзь часу прарываюцца ў эфір песні на словы слынных беларускіх паэтаў, а больш за ўсё, як бы імкнучыся прытупіць пільнасць беларусаў і пагадзіцца з існуючымі адносінамі дзяржавы да нацыянальнай мовы, гучаць і закалыхваюць няўстойлівую свядомасць многіх нашых суайчыннікаў “родныя дрындушкі”. І нам, беларусам, усё гэта трэба трываць у сваёй, так бы мовіць, роднай дзяржаве. Трываць і рабіць выгляд, што ўсё добра, ухваляць тое, як дзяржава “клапоціцца” аб развіцці нашай культуры, сваёй адвечнай песні – усвядомленай нацыянальнай ідэі.

А можа, ужо годзе цярпець такі нацыянальны здзек? А хіба мы не можам стварыць сваё свята, свой Дзень і назваць яго больш выразнай, больш шырокай назвай, якая ўжо даўно стукаецца ў нашае нацыянальнае жыццё, якую так філасофскі і так грунтоўна апяваў апостал нацыі Янка Купала.

Нам усім, сумесна згутаваўшымся ў Дзень беларускай нацыянальнай ідэі, ёсць што распавесці, што паказаць, што праспяваць і данесці ўсяму свету.

І няхай той камітэт па арганізацыі гэтага сходу вызначыць той “час склікаці ўжо грамаду на вялікую нараду, на вялікі сход!”; вызначыць месца, дзе можна правесці гэты Вялікі Дзень, а самі ўдзельнікі яго данясуць усім астатнім свае думкі, намеры, пакажуць свае мастацкія творы і праспяваюць свае “святляныя” песні аб нашым нацыянальным быцці.

2.

Дыскусія.

Гэты зварот быў дасланы і ў нашу рэдакцыю. Але пакуль мы займаліся бальшавікамі (гл. папярэднія матэрыялы), ён быў дасланы і выстаўлены на некаторых іншых беларускіх сайтах. У прыватнасьці, на сайце “Нашай нівы” (гл. http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=21342#) вакол артыкула разгарнулася вялікая дыскусія. Паколькі яна, вядома, была з удзелам правакатараў, мы вырашылі падаць некаторыя найбольш канструктыўныя моманты гэтай дыскусіі.

Саянаў напiсаў Лiстапад 6, 2008 у 10:50

Вельмі й вельмі цікава й патрэбна. Спрыяй тым намерам Бог.

Nord напiсаў Лiстапад 6, 2008 у 20:49

Дзякуй “НН” і спадарам Вучоным за цікавы артыкул. Наконт Гегеля згодзен: трапна заўважана. А Дзень Сходу абавязкова наступіць…

Саянаў напiсаў(ла) Лiстапад 8, 2008 у 18:57

Адзначаць беларускую нацыянальную йдэю трэба 8-га верасьня. 8 верасьня 1430 году ў Вільні павінна была адбыцца каранацыя Вітаўта. Гэта факт прызнаньня дзяржавы нашых продкаў. Гэтая ж дата й Дня вайсковай славы. А гэта сьведчаньне, што дзяржава нашых продкаў умела бараніцца, і значыць гэта была сапраўды дзяржава, сапраўды нацыя.

Кн. Радзівіла, палкоўнік напiсаў(ла) Лiстапад 8, 2008 у 21:04

Дата каранацыі Вял.Князя – гэта файна. А перамога Аршанская гэта Сьвята абароны Краю!

Кнехт напiсаў(ла) Лiстапад 9, 2008 у 8:57

Проста кажу, трэба знайсьці ўмоўнае нешта, чым усе беларусы маглі бы ганарыцца і нейкае ўмоўнае нешта, што магло бы паяднаць людзей, нават розных поглядаў

Саянаў напiсаў(ла) Лiстапад 9, 2008 у 11:02

Маю думаць, што не зусім дакладная будзе – “Сьвята абароны Краю”. Край баранілі неаднойчы. Калі прайсьціся па гісторыі, дык налічыце шмат фактаў абароны Краю нашымі продкамі. І гэта – гонар. Аршанская ж перамога найбольш бліскучая, найбольш уплывовая, найбольш праслаўленая й праславіўшая. Таму лічу, што сьвята павінна мець назву “Сьвята Вайсковай Славы”.

Узрэцкі напiсаў(ла) Лiстапад 9, 2008 у 18:59

Бел нац ідэя – гэта ідэй бел нац дзяржавы. Ідэя была агучана 25 скавіка 1918 г.
Таму 25 сакавіка – дзень бел нац ідэі (але ня Волі і не Незалежнасці)

Кнехт напiсаў(ла) Лiстапад 9, 2008 у 20:03

У Беларусі больш за 200 год вынішчалася ўсё беларускае, найперш мова.
Апошнія 14 год рэжым выц
іскае беларускасьць з усіх сфер жыцця краіны.
Сродкі масавай інфармацыі цалкам у руках рэжыму, а данесці да шырокіх колаў нейкія ідэі “саматужна” фактычна немагчыма з-за перагружанасці сучаснага чалавека інфармацыяй.
Толькі ўся моц прапагандысцкага апарату краіны ў стане сёння данесці да грамадзян нацыянальныя каштоўнасьці. Выснова. Перамагаць на выбарах і паступова праводзіць ідэі ў жыццё.


Спадчынец напiсаў(ла)
Лiстапад 11, 2008 у 15:51

1. Усе далакопы Бацкаўшчыны некалі абвінавачвалі Міколу Ермаловіча ў яго нізкім навуковым статусе – сельскім настаўніку. Таму рабілі выснову аб яго навуковай некампетэнтнасці. Цяпер выступілі людзі, якім нададзена годнасць прафесара. Іх ужо не абвінаваціш у тым, у чым абвінавачвалі М.І.Ермаловіча.

2. Прафесуру абвінавачваюць у тым, што яна ў абгрунтаванне сваей ідэі адзначэння Дня Беларускай Нацыянальнай Ідэі карыстаецца філасоўскімі довадамі Гегеля аб развіццьі ідэі і дасягненньні яе вышэйшай ступені ў дэмакратычнай незалежнай дзяржаве. І зноў падман. Беларуская нацыянальная прафесура абапіраецца толькі на літаратурныя і публіцыстычныя творы Апостала нашага Нацыянальнага Адраджэння Янкі Купалы.
3. Далакопы, як заўс
ёды, для абаснавання сваіх жа ідэй прыбягаюць да сафістыкі – тонкай падмены адных паняццяў на другія. Прыклад: а) шулерства – маці ўсіх чалавечых парокаў, б) маці – трэба паважаць, в) робім лагічную аснову: шулерства трэба паважаць. Але беларускае грамадства не хоча болей паважаць шулерства, бо ў яго ўжо есць нацыянальна-свядомая інтэлігенцыя, якая здолее даць адпор сафістычным пабудовам далакопаў. Але найвышэйшая мэта нашай навуковай эліты – самаахвярнае служэнне сапраўдным ідэалам Беларускай Нацыі. І нам толькі трэба радавацца, што у нас з’явілася свая самаадданая нацыянальная прафесура, якая адкрыта выказалася , што патрэбна зрабіць для нацыянальнага адраджэння Бацькаўшчыны. І няхай кожны, хто мае сілы і жаданне, хто хоча дапамагчы свайму народу далучыцца да тых, хто падпісаў гэты зварот. Падтрымаем жа яго. Жыве Беларусь !!!

дзівак напiсаў(ла) Лiстапад 11, 2008 у 18:53

Беларусам трэба знайсьці сымбалі да дня нацыянальнага гонару і еднасьці. Лічу, што менавіта гэтага нам усім і не хапае…. такім сымбалем была, ёсьць і буде Беларуская мова. Гэта тое, аб чым Беларусы не спрачаюцца й што не патрабуе доказаў, у тым ліку й гістарычных.

Саянаў напiсаў(ла) Лiстапад 11, 2008 у 21:34

Што тычыцца нацыянальнага адраджэньня Краю, дык і яно адбылося б (прасунуліся б значна далей, чым паспелі тое зрабіць), каб не гвалтоўнае пазбаўленьне беларускага грамадзтва СВАБОДЫ. Хто пазбавіў, вы ведаеце – акупацыйная ўлада, якая многім не дала зрабіцца беларускімі капіталістамі (усяго толькі пазбаўленьнем СВАБОДЫ грамадзтва) і ня дасьць зрабіцца надалей, пакуль будзе існаваць. Самае большае, на што можа разьлічваць прагматызм – быць шасьцёркамі, што горшчыкі выносяць, расейскіх алігархаў.

Саянаў напiсаў(ла) Лiстапад 11, 2008 у 22:42

Прагматычныя да тупізны мазгоў, мары аб капіталізьме ў Беларусі асобна ад нацыянальнага адраджэньня і прывялі да той страты СВАБОДЫ грамадзтва, якую здабыў яму на пачатку 90-х БНФ. Асобныя прагматыкі-рамантыкі (Ганчар,Булахаў,Лябедзька,Фядута і сябры) ўсур`ёз разлічвалі зрабіцца самастойнымі капіталістамі, гаспадарамі жыцьця, не задумаўшыся, каго ўласна яны зьбіраюцца прадстаўляць, дзе яны знаходзяцца й дзе яны хацелі б знаходзіцца. І гэта пад носам у Расеі!..
…Сябры зрабілі “стаўкі” на “недалёкага”, па іхным разуменьні, “калгаснага” лідара, ня ўлічваючы, што ён жа (ці не сумесна з тымі ж “прагматыкамі”? ) у 1993 годзе ўжо зрабіў свой несанкцыянаваны дэпутацкі ваяж у Маскву, і тамака тамтэйшыя таксама зрабілі на яго свае “стаўкі”. Далейшае для тамтэйшых гульцоў было справай тэхнічнай ды элегантнай.
“Тэхнічнасьць” ды элегантнасьць забясьпечылі тыя ж прагматыкі, ад вялікага розуму. А як прасьвятлела(?) ў іхных галовах – было ўжо позна. СВАБОДА ўсьміхнулася ды счэзла, пакінуўшы толькі незабыўны водар пад носам.

Спадчынец напiсаў(ла) Лiстапад 13, 2008 у 15:45

Прагматыкі” так нічаму не навучыліся і нічога не асвоілі як у жыцці, так і ў палітыцы. Паняцце нацыянальнай культуры для іх пусты гук. Зноў набіўшы аскоміну лозунг – каубаса замест культуры. Іх довады – гэта пастаянныя сафістычныя практыкаваньні, з якімі няма ніякага жадання спрачацца, бо спрачацца з адкрытай хлусней немагчыма. Яе можна толькі выкрываць. А як спрачацца з людзмі, якія адкрыта, без усякага сумлення паставілі сваей мэтай зністажэння мовы свайго народа, яго нацыянальнай і гістарычнай памяці, нацыянальнай свядомасці для якіх гонар нацыі і ўсяго сусвету, якім з’яўляецца Янка Купала, з’яўляецца толькі шараговым паэтам, нявартым ніякай павагі, бо каўбаса для “пралетарыята” важней усялякага нацыянальнага гонару? Што гэта – адкрытае блюзнерства, ці адкрытая ўстаноўка тых першых “маладых прагматыкаў”, якія прыйшлі да ўлады дзякуючы”волеизлияниям” народа?, якія цяпер атрымліваюць “элегантныя”перамогі над народам. Мне здаецца, што гэта адкрытае жаданне выконваць ролю далакопаў Бацькаўшчыны.
Я хацеў бы задаць пытанні ўсім далакопам маей Радзімы. Адкажыце, калі ласка, для чаго існуе культура народа, яго мова, яго гісторыя, філасофія
, рэлігія і іншыя метафізічныя паняцці, якія не надаюць дзяржаве, якая павінна траціцца на утрыманне гэтых метафізічных рэчаў? Адкажыце таксама, ці з’яўляецца праўдзівым біблейскі выраз, “Не хлебам адзіным жывы чалавек”?

Саянаў напiсаў(ла) Лiстапад 13, 2008 у 22:17

Чалавек дасюль не разумее, што ва ўмовах свабоднага грамадзтва, дэмакратычнай дзяржавы ніхто нікога не шыхтуе. Бо існуе ЗАКОН, які адзіна прызваны выконваць функцыі “рэгуліроўшчыка” працэсаў жыцьця й дзейнасьці грамадзтва й дзяржавы. Толькі ён і больш ніхто. Гэта першае.
Цяперака згадаем на блізкую мінуўшчыну. Да таго, як “прагматыкі” прывялі да ўлады
Луку, краіна мела ўжо й ЗАКОН аб дзяржаўнай мове, і аб грамадзянстве, і аб дзяржсымболіцы. Мелася заканадаўства для правядзеньня прыватызацыі (пераход да капіталізму). Мелася Канстытуцыя з замацаваным у ёй статусам мовы. І што? Каму замінала дзяржаўная мова? Дзе тыя скаргі на ўскладненьні для бізнэсу? Дзе тысячы пратэстуючых? Не было таго! Ніякіх перашкодаў, нікому, мова не ўтварала!!!…Акрамя, як расейскім нацыяналістам і мясцовым хомо саветыкусам дмітрыям энд Ко. Гэта другое.
На той момант ніякі, сама высокапастаўлены чын, у тым ліку й прэзыдэнт, зь ліку якой заўгодна існаваўшай у Беларусі партыі, ужо быў ня ў стане спыніць распачаты рух краіны да ўмацаваньня, да свайго сталеньня, НЕ ПАРУШЫЎШЫ ЗАКАНАДАЎСТВА!!! Зусім не істотна, хто б там перамог – БНФ, ці хто іншы. Што было рабіць тым “прагматыкам” ? Самы вялікі іхны “галаўны боль” (гл. словы дмітрія ў пачатку камэнтара) можна было спыніць толькі парушыўшы закон. У саміх у тых “прагматыкаў” кішка тонкая тое зрабіць. Патрэбны быў апантаны паўпрыдуркаваты калхазан, чыймі “рукамі” можна было б парушыць закон, а потым ссунуць апантанага ў сяло, на ягонае былое месца, ды й шчэ надаваць яму па рэбрах. Гэта трэцяе
.
Пляны “прагматыкаў” супадалі з плянамі Масквы, бо ў Кебічы яны таго “лідара”, зразумела ж, ня бачылі (асабліва пасьля ягоных шчырых прагнозаў, што колькасьць прыхільнікаў БНФ і незалежнасьці будзе працягваць расьці). Кебіч мог працягваць тармазіць рэформы ў эканоміцы (што само па-сабе перашкоды і нацыянальнаму адраджэньню), але стаць на горла закону ён бы не адважыўся б ніколі. Пляны “прагматыкаў” і Масквы разышліся адразу пасьля таго, як “справа” была зроблена. “Прагматыкі” убачылі, што іх кінулі, што калхазан застаецца, а ўласна “прагматыкі” ідуць на…й. Вось тут яны й заскуголілі, засумавалі аб “дэмакратычным адзінстве” й
натоўпамі пайшлі ў “апазыцыю”. Гэта чацьвёртае.
Шчэ раз для “прагматыкаў” кажу, што ня можа існаваць беларускі бізнэс, беларуская гаспадарка (капіталізм, калі вам ад гэтага саладзей) без беларускага нацыянальнага адраджэньня, асобна ад яго. Тое
самае тычыцца і якой заўгодна іншай дзяржавы нямеччыны, францыі, англіі і т.д. Нацыянальнае адраджэньне – гэта гарантыя існаваньня ўласна дзяржавы, а значыць і ўсіх яе складнікаў, у тым ліку й прыватнага бізнэсу. Інакш гэта будзе чужая гаспадарка й, адпаведна, чужая краіна.

3.

Каментар рэдакцыі.

Нам вельмі прыемна выстаўляць пададзены вышэй зварот з нагоды таго, што, па сутнасьці, ён ёсьць водгукам на нашу стратэгічную мэту, для якой ствараўся наш сайт. У нашым першым, праграмным, артыкуле так і напісана, што наша задача “стварыць і забясьпечыць працу трыбуны, зь якой могуць падаваць свае думкі ўсе тыя, хто лічыць, што беларускі народ – гаспадар сваёй краіны – Беларусі, што Беларусь – гэта наша зямля. Як аптымальна ўладкаваць яе, каб кожны беларус і ўвесь беларускі народ у цэлым маглі максімальна поўна раскрыць свой жыцьцёвы і гістарычны патэнцыялы – вось асноўная тэма, да якой зьвернуты нашыя пачуцьці і думкі.” (гл. https://nashaziamlia.org/2006/04/03/11/).

Зразумела, што ідэя стварыць такі сайт прыйшла да нас невыпадкова. Гэтай ідэі папярэднічала пэўная гісторыя.

Так, увесну 1999 году ў Гародні адбылася знакамітая канферэнцыя, прысьвечаная “Беларускай нацынальнай ідэі”. У яе правядзеньні прынялі ўдзел дзесяткі лепшых інтэлектуалаў Беларусі. Па матэрыялах канферэнцыі выйшла кніга “Беларуская нацыянальная ідэі” (на жаль, невялікім тыражом; дарэчы, сярод матэрыялаў гэтай кнігі ёсьць і артыкул, прысьвечаны нацыянальнай ідэі ў творах Янкі Купалы – гл. nashaziamlia.org/2006/07/22/204) .

З 2000 году ініцыятар правядзеньня канферэнцыі й рэдактар яе матэрыялаў Алесь Астроўскі сістэматычна заклікаў усіх вядомых яму людзей заняцца аганізацыяй правядзеньня наступных навуковых канферэнцый. Ён тлумачыў, што беларусы-літвіны з усіх магчымых пазіцый – філасофскіх, кібернетычных, гістарычных, эканамічных, палітычных, культуралагічных, іншых – даказалі, што беларуска-літвінская дзяржава мае поўнае права на існаваньне. І гэта выдатна, у т.л. і тое, што ўсё гэта адбылося яшчэ ў ХХ стагоддзі. Але адсюль трэба ісьці далей – трэба пачаць вырашаць наступнае пытаньне: якой гэтая дзяржава павінна быць?! Таму беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, тлумачыў Астроўскі, трэба правесьці серыю наступных канферэнцый, на якіх сфармуляваць максімальна дакладны Праграмны вобраз будучай беларуска-літвінскай дзяржавы.

На жаль, вынікі такіх зваротаў, якія працягаліся некалькі гадоў, аказаліся марнымі…

Таму з канца 2005 невялікай групай гарадзенцаў было вырашана стварыць сайт, які б мог стаць трыбунай для практычнага правядзеньня, хай сабе і віртуальнага, такой канферэнцыі. У пачатку 2006 года сайт, як вы бачыце, быў створаны і працуе. Дарэчы, першае, што мы пачалі выстаўляць на нашым сайце – гэта матэрыялы гарадзенскай канферэнцыі 1999 года “Беларуская нацыянальная ідэя”. Кожны такі артыкул у назве мае пазначэньне “кБНІ”.

У сувязі з усім азначаным, рэдакцыя нашага сайта, натуральна, з вялікай радасьцю падтрымлівае аўтараў пададзенага вышэй звароту (заўсёды прыемна, калі твае шматгадовыя высілкі даюць плён) і ўносіць сваю прапанову: прызначыць Днямі беларускай нацыянальнай ідэі апошнія выходныя лютага, каб прыкладна за месяц да 25 Сакавіка – Сьвята аднаўленьня беларуска-літвінскай дзяржаўнасьці – штогод праводзіць навуковую канферэнцыю прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай эліты, накіраваную на стварэньне і дасканаленьне Праграмнага вобразу будучай беларускай дзяржавы.

Для таго, каб ініцыятыва аўтараў звароту зноў не зацерлася (ужо хто-хто, а мы дык ведаем, што такое можа быць), аб’яўляем дадзеную прапанову чарговым прынцыпам нашай Дактрыны (Д пр-п 107).

А цяпер даем свае тлумачэньні й папярэджаньні.

8 Верасьня – гэта Дзень беларускай вайсковай славы і, на жаль, неадбылай каранацыі Вітаўта. 25 Сакавіка – гэта Дзень аднаўленьня беларуска-літвінскай дзяржаўнасьці.

Такім чынам, гэтыя дні ўжо занятыя. Але галоўнае ня ў гэтым. Галоўнае ў тым, у якой форме “адзначаць” Дзень беларускай нацыйнальнай ідэі. Форма сьвята не падыходзіць, бо пакуль мала што яшчэ ёсьць сьвяткаваць. Дый сьвяткаваць ідэю неяк недарэчна. Але вось адзначаць Дзень беларускай нацыянальнай ідэі ў форме правядзеньня навуковай канферэнцыі, дзе б гэтая ідэя сістэматычна, штогод разьвівалася, дасканалілася – гэта самае тое, што трэба цяпер і будзе патрэбным заўсёды.

Акрамя таго, калі такі Дзень з такой Канферэнцыяй будзе папярэднічаць (за месяц) Сьвяту 25 Сакавіка, тады на гэтым сьвяце можна будзе ня толькі ўспамінаць мінулае, а і кожны раз усё больш канструктыўна ўзгадваць будучыню. Матэрыялы чарговых канферэнцый, іх зьмест, іх новыя навукова абгрунтаваныя ідэі могуць пасьпець пачаць распаўсюджвацца ў грамадстве, а адзначэньне 25 Сакавіка гэтаму будзе істотна спрыяць. Што надзвычай важна.

Папярэджаньне. Ні ў якім разе нельга справу арганізацыі адзначэньня Дня беларускай нацыянальнай ідэі аддаваць сёньняшнім апазіцыйным палітыкам. Бо там няма ніводнай беларускай пасьлядоўна дэмакратычнай партыі. Справу арганізацыі Дня беларускай нацыянальнай ідэі павінна ўзяць на сябе група беларускай (сапраўды беларускай) нацыянальнай інтэлігенцыі…

Каментары (1)

  1. Франц кажа:

    Зварот вельмі патрэбны, можа трошкі запозьнены, але варты пільнай увагі і шырокага распаўсюджвання.
    Можа ў выглядзе тызісаў разаслаць да ўсіх чыноўнікаў рознага рангу і перш за ўсе да творчай
    інтэлегенцыі, бо сапраўдны інтэлегент ніколі н забудзецца якога поля ен ягада. Да ВШІВЫХ_БЛОХ
    гэта ні дойдзе ніколі, але гэта ні страшна, бо пошкудзь заўседы застанецца пошкудзю. Спадар Саянаў
    назваў іх прагматыкамі – хай будзе і так.
    Усясьветная беларуская Канферэнцыя Беларускай Нацыянальнай Ідэі – гэта сама тое, што патрэбна
    для разгортвання, развіцця і пашаны нацыянальнага ДУХУ НАРОДА. Гэту ідэю – правядзення Канферэнцыі
    лепш падкінуць рэжыму, чым цяперцам ад улады ці грантасосам. Дарэчы, на ўчорашняй канферэнцыі ў Варшаве
    Беларусь у эўрапейкай палітыцы суседства, Таццяна Пашэвалава – экспэрт Эўразьвязу па справах
    ацэны дапамогі, кіраўнік Цэнтра Іннавацый Грамадзкіх у Мінску, адкрыта пра гэта заявіла, сказаўшы,
    што стваральнікі розных Праграмм добра ведаюць, што ад прапвядзення розных там “мерапрыемстваў”
    можа быць больш шкоднага, чым пазітыву. Тым ні менш гэта робіцца, бо хтосьці на гэтым добра зарабляе.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы