nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Валянцін Інгульскі vs Яраслаў Раманчук : альбо як Рыхтуюць да “зьяданьня” Украіну

3 снежня, 2008 | 8 каментарыяў

Раман��к - �нг�л��к�.JPG

“Прастымуляваныя” заявай Ганса Віка, мы вырашылі падаць яшчэ адзін артыкул. У ім распавядаецца, што “ліберальныя эканамічныя рэформы” ў дадатак да ўсяго негатыўнага, што пералічана ў папярэднім матэрыяле, яшчэ, як правіла, і не вядуць да паляпшэньня эканамічнага стану краіны… Пры чым тут Яраслаў Раманчук? – запытаюцца некаторыя (гл. фота). Па-першае, ну, не Лукашэнку ж паказваць – той проста суне галаву ў даўгавую пастку – і ўсё. Што пра яго можна яшчэ сказаць?.. Іншая справа Я.Раманчук. Ён у “аб’яднанай апазіцыі” галоўны прапагандыст радыкальных ліберальных рэформ, яго ўзахлёб прапагандуюць усе “незалежныя” “беларускія” СМІ (г.зн., што “Захад” ужо прызначыў яго міністрам эканомікі ў будучы ўрад Мілінкевіча). Раманчук – гэта запланаваная для Беларусі будучыня. Аднак, тое, на чым настойвае ён, ужо зрабілі ў суседніх краінах розныя бальцаровічы ды чубайсы. Жалосныя вынікі, думаем, вам таксама вядомыя…

Рэдакцыя.    

 

УКРАІНУ РЫХТУЮЦЬ НА ЗЬЯДАНЬНЕ  

Валянцін  Інгульскі, “Газета 2000” (лагатып выданьня паказаны ўверсе), Украіна (падаецца паводле http://www.inosmi.ru/translation/245557.html)

 

“… Калі ў вас няма добрай зброі для выжываньня, набывайце яе зараз жа. Хай гэта будзе адным з прыярытэтаў – пасьля запасаў ежы, вады, жытла. Купіце хаця б сярэдняга памеру пісталет, ваенную паўаўтаматычную вінтоўку. Дапоўняць набор што-небудзь накшталт пісталета-кулямёта альбо паўаўтаматычнага карабіна…”

Гэта цытата, а не фрагмент з футурыстычнага рамана-антыўтопіі й не інструкцыя па арганізацыі вулічнай банды. Гэта парада зь сецевага дзёньніка маладога чалавека, які перажыў дэфолт у Аргентыне сем гадоў таму. У сваім электронным часопісе “Выжываньне ў Аргентыне” ён дзеліцца досьведам па выжываньні ва ўмовах эканамічнай катастрофы, якая спасьцігла Аргентыну ў сьнежні 2001 года. Слова “выжываньне” ў гэтым кантэксьце далёка не выпадковае. Калі ў сьнежаньскія дні разам абваліўся “аргентынскі эканамічны цуд”, які быў створаны пад пільным кіраўніцтвам Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), гэтая краіна ператварылася ў адно з самых небясьпечных месцаў на планеце. Звыклы і камфортны цывілізаваны сьвет зьнік у лічаныя дні й ператварыўся ў напоўнены небясьпекамі хаас – зь неаднаразовай зьменай урадаў, галоднымі бунтамі, пагромамі, рабаўніцтвам, стралянінай.  

Як жа так здарылася, што для многіх жыхароў краіны з багатымі прыроднымі рэсурсамі, цёплым кліматам і ўрадлівымі землямі, якая яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя ўваходзіла ў дзясятку самых багатых краін сьвету, раптам сталі праблемай элементарныя рэчы – ежа, вада, жытло і бясьпека?

Асабліва гэтае пытаньне актуальнае для нас сёньня [і для нас, беларусаў, таксама. – Рэд.] – эканамічныя праблемы ва Украіне, якія да апошняга часу абмяркоўваліся толькі ў колах аналітыкаў ды эксьпертаў, сёньня ўжо стаі відавочнымі й для простых украінцаў. А падабенства сёньняшняй эканамічнай сітуацыі ў нашай краіне і стану спраў у эканоміцы Аргентыны ў 2001 годзе альбо ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі (ПУА) у 1997 годзе, таксама спараджаюць смутныя аналогіі.

Да таго ж аргентыцы не адзінокія ў сваіх фінансава-эканамічных бедах. Мексіканскі крызіс 1995 года, валютны крызіс у краінах Паўднёва-Усходняй Азіі ў 1997 годзе, дэвальвацыя грашовых адзінак Расеі й Бразіліі ў 1998-99 гг. – гэта далёка ня поўны пералік серыі эканамічных катаклізмаў мінулых гадоў, якія хваляй глабальнага фінансавага цунамі пракаціліся па планеце. Здавалася б, усе гэтыя падзеі наўрад ці зьвязаныя, а пералічаныя краіны ў розных кропках зямнога шара маюць больш адрозьненьняў, чым агульнага – ад кліматычных да эканамічных.

Але ўважлівае вывучэньне ўсіх фактараў, якія папярэднічалі крызісу – дзеяньняў нацыянальных урадаў, суб’ектаў эканомікі, міжнародных арганізацый і прыватных інвестараў – гаворыць аб іншым.

 

Дарога ў нікуды

Шлях Аргентыны да катастрофы пачаўся даўно – другая палова мінулага стагоддзя для гэтай краіны была багатая на палітычныя і эканамічныя катаклізмы. Пасьля дзяржаўнага перавароту ў 1955 годзе, арганізаванага рэакцыйным генералітэтам пры падтрымцы ЦРУ, у Аргентыне пачаўся “дэмантаж” сістэмы сацыяльнай абароны, т. зв. “хусцісіялізму”. Гэтая дактрына стварэньня “справядлівай” дзяржавы (ад гішп. justicia – справядлівасьць) была тварэньнем Хуана Пэрона, прэзідэнта Аргентыны ў 1946-55 і 1973-74 гадах. У ёй мелася на ўвазе, што дзяржава павінна быць пасярэднікам паміж працай і капіталам, а капітал павінен служыць грамадству.   

У 1960-я гады сістэма “хусцісіялізму” была канчаткова “дэмантаваная”, а з 1976 года ўладу ў краіне ўзяла вайсковая хунта, якая насаджала нэаліберальныя рэформы пад кіраўніцтвам прыхільнікаў дактрыны “чыкагскай школы”.

Таму ня дзіўна, што 80-е гады мінулага стагоддзя часта характарызуюць як “страчанае дзесяцігоддзе” для эканомікі Аргентыны. Бо нягледзячы на тое, што Аргентына была адным з асноўных вытворцаў і экспартэраў сельскагаспадарчай прадукцыі на сусьветным рынку, дзесяцігоддзі палітычнай і эканамічнай нестабільнасьці сталі прычынай выразнага скарачэньня УВП, замежных інвестыцый і прамысловай вытворчасьці. Але доўгачаканыя рэформы ў аргентынскай эканоміцы, якія пачаліся з прыходам да ўлады прэзідэнта Карласа Мэнэма, таксама былі ліберальнага кшталту. А кіраваў гэтым працэсам МВФ – як і бывае ў падобных сумных гісторыях нацыянальных банкруцтваў.

Напачатку 1990-х гадоў Аргентына стала своеасаблівай вітрынай Міжнароднага валютнага фонду – запрапанаваны гэтай краіне план вырашэньня эканамічнага і палітычнага крызісаў, згодна зь меркаваньнем МВФ, быў узорам для перайманьня. Аргентынскі ўрад ударна ажыцьцяўляў ультраліберальныя рэцэпты росту ад МВФ – была праведзена прыватызацыя дзяржпрадпрыемстваў, аслаблена дзяржрэгуляваньне, зьніжаны тарыфы на імпарт і палегчаны ўваход у эканоміку транснацыянальным кампаніям. Што да ўласнага ўнутранага рынку, дык Аргентына цалкам адмовілася ад пратэкцыянізму.

З мэтай макраэканамічнай стабілізацыі міністрам эканомікі Аргентыны Дамінга Кавалья ўзгоднена з МВФ была ўсталяваная жорсткая прывязка курсу аргентынскага песа да амерыканскага даляра ў прапорцыі 1:1 (т.зв. мадэль currency board).

На першы погляд ліберальны курс ураду Аргентыны з 1991 года пачаў прыносіць станоўчыя вынікі – за 8 год рост вытворчасьці склаў 65%, у краіну пацяклі замежныя інвестыцыі. Але арыентацыя эканомікі на зьнешні рынак, лібералізацыя імпарту і жорсткая прывязка песа да даляра прывялі да хуткага падзеньня долі многіх галінаў аргентынскай эканомікі на ўнутраным рынку. Гэта было зьвязана з тым, што прадукцыя галінаў, дзе сабекошт вытворчасьці па тых ці іншых прычынах быў вышэйшы за сярэднесусьветны, станавілася неканкурэнтнай ў параўнаньні з аналагічнай імпартнай прадукцыяй. Асабліва пацярпелі вытворчасьці з адносна вялікай доляй даданага кошту – ва ўмовах арыентацыі эканомікі на экспарт у некалькіх сыравінных галінах і максімальнай лібералізацыі імпарту адбылося амаль поўнае выцісканьне з унутранага рынку прадукцыі тэхналагічных аргентынскіх вытворчасьцяў. У выніку ў краіне разьвіваліся пераважна галіны эканомікі, арыентаваныя на вытворчасьць аграрнай прадукцыі і яе экспарт на сусьветны рынак.

Аргентына сьлепа рухалася ліберальным эканамічным курсам і апынулася ў хісткім становішчы. Велізарная зьнешняя запазычанасьць патрабавала сталага прытоку ўсё новых і новых валютных паступленьняў (прыбыткаў ад экспарту, замежных крэдытаў ці інвестыцый), а некантраляваная плынь імпарту яшчэ больш павялічвала патрэбу ў замежнай валюце і адначасова пагаршала становішча ў несыравінных, высокатэхналагічных сегментах нацыянальнай эканомікі (дарэчы, падобную сітуацыю мы ў апошні час назіраем ва Украіне).

Вынік быў відавочны для большасьці эканамістаў – рост імпарту, адміраньне многіх галінаў эканомікі краіны, залежнасьць фінансавай сістэмы ад замежных крэдытаў. З гэтай прычыны намінальная зьнешняя запазычанасьць пачала гвалтоўна павялічвацца з 65,4 млрд. дал. у 1991 годзе да 143,5 млрд. дал. у 1999-м. Абслугоўваньне зьнешняй запазычанасьці стала вялікім цяжарам для Аргентыны – выдаткі на гэты артыкул павялічыліся з 2% УВП у 1991 годзе да 10% УВП у 1999-м.

Такім чынам, збудаваная піраміда запазычынасьцяў патрабавала ўсё новых і новых інвестыцый для свайго абслугоўваньня, а самае галоўнае – яе абрынаньне стала справай часу. Гэтая непрыемная падзея павінна была адбыцца ці праз натуральныя прычыны, як вынік фізічных абмежаваньняў экспартных магчымасьцяў краіны ў параўнаньні з ростам зьнешняй запазычанасьці, ці раптоўна – у выніку зьмены кан’юнктуры рынку ў галоўных экспартных галінах краіны.

Праблемы не прымусілі сябе доўга чакаць. Зьнешне ўсё выглядала, як гвалтоўнае пагаршэньне кан’юнктуры сусьветнага рынку – у 2001 годзе буйныя ўраджаі збожжа ў сьвеце сталі прычынай зьніжэньня коштаў на збожжавыя культуры, што прывяло да гвалтоўнага памяньшэньня валютных паступленьняў у Аргентыну. Краіна апынулася на мяжы дэфолту, а замежныя інвестары пачалі выводзіць свае грошы з аргентынскай эканомікі.

МВФ запатрабаваў збалансаваць бюджэт, і Дамінга Кавалья запрапанаваў на 20% (7 млрд. дал.) скараціць яго выдаткі, у тым ліку за кошт гвалтоўнага скарачэньня пенсій і заробкаў дзяржпрацаўнікоў, а таксама падвысіць падаткі. Таксама ў сьнежні 2001 года ўрад Аргентыны абвясьціў аб усталяваньні абмежаваньняў на здыманьне сродкаў з банкаўскіх дэпазітаў. Насельніцтва ў паніцы пачало здымаць грошы з банкаўскіх рахункаў і мяняць іх на даляры, а курс амерыканскай валюты на чорным рынку імкліва ўзьляцеў угару. Тысячы прадпрыемстваў збанкрутавалі, а соткі тысячаў аргентынцаў страцілі працу. У буйных гарадах пачаліся вулічныя забурэньні, прэзідэнт хутка выехаў з краіны і падаў у адстаўку, а Дамінга Карвалья забаранілі выязджаць за межы Аргентыны.

У сваю чаргу МВФ ажыцьцявіў своеасаблівую эўтаназію эканомікі Аргентыны (праўда, без згоды “пацыента”) – Фонд заблакаваў абяцаны крэдыт у 1,3 млрд. дал, відавочна, вырашыў не падтрымліваць фінансавую агонію краіны. Новыя ўлады абвясьцілі аб спыненьні выплаты зьнешняй запазычанасьці краіны ў памеры больш за 130 млрд. дал. Гэта быў, бадай што, самы буйны ў сусьветнай гісторыі дэфолт – зьнешняя запазычанасьць на кожнага аргентынца, улучна са старымі і немаўлятамі, перавышала 3600 дал. У студзені 2002 года ўрад абвясьціў увядзеньне двайнога курсу песа ў адносінах да даляра – фіксаванага і рухомага, што фактычна было прызнаньнем дэфолту фінансавай сістэмы і дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Аргентына ўвайшла ў цяжкую шматгадовую эканамічную дэпрэсію і сацыяльны хаас.

Калі казаць пра наступствы для краіны, дык эканамічная катастрофа 2001 года ў Аргентыне стала, бадай што, самым цяжкім з усіх пералічаных фінансавых калапсаў апошніх пяці гадоў. На тле найжорсткай эканамічнай дэпрэсіі патанула ў хвалі гвалту – рабаўніцтвы і забойствы на вуліцах, галодныя бунты, пагромы крамаў і розных установаў сталі звычайнай справай. Некалі найбагатшая лацінаамерыканская краіна патанула ў анархіі, а мільёны людзей сутыкнуліся з голадам і адсутнасьцю пітной вады. Учорашнія прадстаўнікі сярэдняга класу ператварыліся ў жабракоў, якія думаюць не аб набыцьці чарговага аўтамабіля ў крэдыт, а пра тое, чым накарміць сёньня сваіх дзяцей.

 

Ахвяры пірамідаў запазычанасьцяў

Як бывае ў падобных выпадках, МВФ абвінаваціў урад Аргентыны ў “надзвычайных дзяржаўных выдатках на нацыяналным і мясцовым узроўні” й запатрабаваў далейшага скарачэньня сацыяльных выплат і заробкаў у дзяржаўным сектары. Але аналіз глабальных макраэканамічных чыньнікаў, якія папярэднічалі падзеньню эканомік іншых краін (у прыватнасьці, азіяцкага крызісу 1997-98 гг.), й іхнае накладаньне на аргентынскую сітуацыю паказвае на цалкам іншыя праблемы ў эканоміцы Аргентыны. Глабальныя механізмы і прычыны крызісу 2001 года дазваляюць казаць пра цэлую сістэму фінансавага рабаўніцтва краін сьвету на карысьць міжнароднай фінансавай алігархіі.

Прычыны банкроцтваў “азіяцкіх тыграў” і мадэлі нацыянальных эканомік былі шмат у чым аналагічныя аргентынскім. Пад пільным кіраўніцтвам МВФ у гэтых краінах былі створаны дэфектныя ўльтраліберальныя сістэмыартадаксальны манетарызм, арыетацыя эканомікі на некалькі экспартных галін, жорсткая прывязка нацыянальных валют да даляра ЗША. Эканамічны рост у краінах ПУА шмат у чым забясьпечваўся за кошт заходніх фінансавых уліваньняў (роўна як і ў Аргентыне 1990-х альбо ва Украіне апошнія чатыры гады). Але магутная фінансавая плынь (у выглядзе замежных інвестыцый, крэдытаў звонку і да т.п.) у значнай ступені ішла не на разьвіцьцё рэальнага сектара нацыянальнай эканомікі, а банальна “праядалася”. Інвестыцыі звонку ў гэтых краінах растрачваліся на спажываньне імпартаваных тавараў, а таксама ператвараліся ў сьпекулятыўныя пузыры на фінансавых рынках, у нерухомасьць і акцыі кампаній.  

Відавочна, што замежныя інвестыцыі вядуць да росту ВУП краіны. Але калі дзякуючы вонкаваму крэдытаваньню тэмпы росту ўнутранага прадукту нашмат апярэджваюць тэмпы росту сукупнай вытворчасьці працы ў эканоміцы, дык гэта зьяўляецца індыкатарм г.зв. “крэдытнага росту”. Г.зн. ВУП расьце ня столкі дзякуючы фізічнаму павелічэньню вырабленых тавараў, а колькі праз пераразьмеркаваньне ў эканоміцы грошай, якія былі пазычаны на вонкавых рынках. У краіне ў такім выпадку разьвіваецца толькі некалькі галінаў, якія арыентаваныя на вонкавы рынак (як правіла, сыравінных альбо такіх, якія вырабляюць прадукцыю нізкіх узроўняў перапрацоўкі), а з-за адсутнасьці мытных бар’ераў іншая вытворчасьць дэградуе. Краіна ўсё мацней пачынае залежаць ад імпарту.

Але праблема заключаецца ў тым, што ў пэўны момант эканоміка “крэдытнага росту” ўпіраецца ў натуральны парог павелічэньня паступленьняў ад экспарту альбо нават сутыкаецца са зьніжэньнем гэтых паступленьняў, зьвязаных са зьменай сусьветнай кан’юнктуры. З гэтага моманту лёс краіны апынецца ў руках міжнародных фінансавых варацілаў. Варта толькі нейкім чынам зрабіць даражэй пазыкі на глабальным фінансавым рынку (напрыклад, павялічыць даляровыя адсоткавыя стаўкі) альбо паменшыць паступленьні ад імпарту (напрыклад, сьпекулятыўна зьнізіць цэны на асноўныя экспартаваныя тавары), і сярод многіх краін, якія пабудавалі свае піраміды запазычанасьцяў, пачынаецца лацуговая хваля дэфолтаў і банкроцтваў.

Гэта зьвязана з тым, што назапашаная вонкавая запазычанасьць патрабуе абслугоўваньня, а ўнутраныя спажыўцы ўжо ня могуць абыходзіцца без шматлікіх імпартаваных тавараў, бо нацыянальная вытворчасьць аналагічнай прадукцыі зьнішчана. Таму для забесьпячэньня абслугоўваньня старых пазыкаў і аплаты імпартнай плыні краіна вымушана прыцягваць усё новыя і новыя сродкі з-за мяжы ў выглядзе інвестыцый альбо наўпроставых пазыкаў. Як правіла, гэта адбываецца шляхам штучнага падвышэньня прыбытковасьці ўкладаньняў у нацыянальнай валюце. Напрыклад, у Аргентыне прыбытковасьць пазыкавых папер у пераддэфолтны перыяд паднялася да неверагодных 40% гадавых.

У фінале гэтай фінансавай драмы адбываецца нейкая знакавая падзея, якая правакуе масавы вывад замежных інвестыцый. Гэта можа быць лабавая фінансавая атака міжнародных сьпекулянтаў (Тайланд, 1997 г.) альбо рэзкая зьмена кан’юнктуры на міжнародным рынку ў сукупнасьці зь дзеяньнямі міжнародных структур (Аргентына, 2001 год). Сутыкнуўшыся з уцёкамі замежных інвестыцый, рэзкім скарачэньнем прыбыткаў ад экспарту й імклівым памяньшэньнем валютных рэзерваў, краіна-ахвяра аб’яўляе дэфолт – адбываецца дэвальвацыя нацыянальнай валюты, банкроцтва прадпрыемстваў і банкаў, мільёны людзей апынаюцца без працы.

 

Даляравыя петлі на шыі “эканамічных тыграў”

Тут мы падышлі да разгляду яшчэ аднаго пабочнага механізму, без аналізу якога мадэль штучнай крэдытнай накачкі эканомік й заканамерных дэфолтаў, якія ідуць за гэтым, будзе няпоўнай. Ён і робіць магчымым хуткі пазыкавы рост эканомік трэціх краін і ў той жа час забясьпечвае галоўную задачу з пункту гледжаньня сусьветнай фінансавай алігархіі – перацяканьне нацыянальных багацьцяў краін у кішэні транснацыянальных структур. Гаворка пра гэтак званую “пастку ліквіднасьці” (гэты механізм таксама называецца “даляравая пятля” – па назве валюты галоўнага бенефіцыяра данай сістэмы).

Механізм заключаецца ў тым, што ў пэўны час на міжнародным фінансавым рынку назіраецца лішак грашовай прапановы (у прыватнасьці, даляравай ліквіднасьці). Як правіла, гэта адбываецца з-за нізкіх адсоткавых ставак у далярах ЗША і валютах некаторых іншых фінансава разьвітых краін. Адпаведна прыбытковасьць у валютах альбо пазыкавых паперах гэтых краін невысокая, таму інвестыцыйныя капіталы вымушаны шукаць рынкі з больш высокай прыбытковасьцю ўкладаньняў.

Дарэчы, на гэтым этапе ліберальныя ўрады некаторых краін пачынаюць актыўнае будаўніцтва сістэмы “крэдытнага росту”, усяляк заахвочваючы прыход замежнага капіталу. Так адбываецца першая стадыя пабудовы піраміды запазычанасьцяў – насычэньне эканомік гэтых краін крэдытнымі грошамі. Прыход заходніх інвестыцый выклікае эфект “актыўнага росту” эканомікі (яе рост за ўвесь цыкл пабудовы крэдытнай піраміды можа дасягаць дзесяткаў адсоткаў). Пасьля таго, як краіна-ахвяра накачана таннымі грошамі, на сусьветным рынку пачынаецца фаза дэфіцыту грашовай прапановы. Гэты эфект дасягаецца тым, што грошы робяцца больш дарагімі праз падвышэньне адсоткавых ставак Федэральнай рэзервовай сістэмай (ФРС) ЗША (як было ў 1997 годзе) альбо шляхам сьцісканьня ліквіднасьці (г.зн. праз узяцьце часткі даляравай масы з рынку, як, уласна, і адбываецца ў апошні час).

Краіны-ахвяры, якія на гэты момант ужо вельмі залежныя ад паступленьняў вонкавых інвестыцый, для іх прыцягненьня ў такой сітуацыі вымушаны апераджальнымі тэмпамі падвышаць даходнасьць аперацый у нацыянальных валютах, падвышаючы ўласныя стаўкі рэфінансаваньня (як у ПУА ў 1996-97 гг.) альбо шляхам іншых захадаў (сьцісканьнем ліквіднасьці, рэвальвацыяй нацыянальнай валюты – Украіна 2008 г.). У сувязі з гэтым узьнікае некалькі непрыемных эфектаў. Па-першае, пагаршаецца структура вонкавай запазычанасьці ў разьвіваючыхся краінах – больш кансерватыўныя фінансавыя структуры сыходзяць на фінансавыя рынкі разьвітых краін, а на іх месца ў пагоні за хуткім прыбыткам прыходзіць сьпекулятыўны капітал. Па-другое, падаражэньне грошай выклікае эфект патаньненьня асноўнай масы сыравінных тавараў й іх вытворных, якія, як правіла, і ёсьць асноўным артыкулам даходаў ад экспарту ў краінах, якія разьвіваюцца. Гэта ў сваю чаргу пагаршае плацёжны баланс гэтых краін і выклікае ўсё большую патрэбу ў вонкавых крэдытах для яго падтрыманьня. Як ужо казалася вышэй, у 2001 годзе Аргентына сутыкнулася з рэзкім зьніжэньнем коштаў на экспартуемыя харчовыя прадукты, а дэфолт у Расеі ў 1998 годзе не ў апошнюю чаргу быў выкліканы нізкімі цэнамі на нафту. Сярод чыньнікаў, якія паставілі сёньняшнюю Украіну на мяжу катастрофы, – зьніжэньне цэнаў і попыту на метал.

Такім чынам,  падаражаньне пазыкаў на сусьветным рынку і патаньненьне ключавых сыравінных тавараў, якія складаюць аснову экспарту краіны-ахвяры, зьяўляюцца, па сутнасьці, бакамі аднаго і таго ж працэсу – “даляравай пятлі”.

Такім чынам, з траўня 1995 года адбываецца плаўнае зьніжэньне стаўкі ФРС; эканомікі краін ПУА, Аргентыны, Бразіліі, Расеі ды іншых, якія разьвіваюцца, прыцягваюць усё больш і больш інвестыцый; іх запазычанасьці растуць. Гэты працэс стымулюецца ростам коштам на сыравіну й харчаваньне, у прыватнасьці расьце сусьветны кошт на нафту і пшаніцу. Але пасьля дасягненьня сваіх пікавых значэньняў у траўні-верасьні 1996 года пачынаецца рэзкае падзеньне коштаў на пшаніцу і нафту, што сігналізуе пра агульны спад коштаў на сыравінные тавары, а гэта значыць, што прыбыткі ад экспарту ў гэтых эканоміках рэзка памяншаецца. Практычна адразу (з сакавіка 1997 г.) ФРС ЗША пачынае фазу падаражэньня грошай, павялічваюцца адсоткавыя стаўкі ў далярах ЗША. Кошты на сыравіну працягваюць падаць, а стаўкі ФРС працягваюць расьці. Сітуацыя ў краінах – кандыдатах на дэфолт – усё больш пагаршаецца. Пачынаецца фінальных этап будаўніцтва пірамід запазычанасьцяў (аблігацыі дзяржзайму ў Расеі, продаж тайскім цэнтрабанкам векселяў на 15 млрд. даляраў і да т.п.). У траўні-чэрвені 1997 года ў бой уступаюць кавалерыйскія атрады сусьветнай фінансавай алігархіі – на піку росту стаўкі ФРС пачынаецца фінансавая атака валютных сьпекулянтаў на Тайланд.

Пасьля таго, як фінанасавы “пажар” у краінах ПУА запушчаны, адбываецца невялікае зьніжэньне стаўкі ФРС, але галоўная цэль атакі ў гэты перыяд – Расея. Таму ў чэрвені 1998 года пры мінімальнай велічыні кошту на нафту адбываецца падвышэньне стаўкі ФРС – праз два месяцы ў Расеі абвальваюцца піраміды Аблігацыі Дзяржаўнага валютнага займу (АДВЗ) і адбываецца дэфолт.

Далей цыкл пачынаецца зноў, але на гэты раз цэль – краіны Лацінскай Амерыкі. Па прычыне, што яны экспартуюць пераважна прадукцыю сельскай гаспадаркі, для забесьпячэньня больш выніковага працэсу іх банкроцтва, акрамя павелічэньня ставак па федэральным фондам (чытай – падаражаньне вонкавых пазыкаў), адбываецца “гульня” на рост цэнаў на нафту (г.зн. у даным выпадку – павелічэньне сабекошту вырабу сельгаспрадукцыі). Гэтая тактыка дае хуткі вынік – у чэрвені 1999 года пачынаецца крызіс у краінах Лацінскай Амерыкі. Ужо ў сьнежні 2000 года становіцца відавочна, што крызісныя працэсы носяць незваротны характар і больш няма патрэбы ў высокіх стаўках па федэральных фондах – пачынаецца цыкл зьніжэньня ставак. На фоне фазы нізкіх цэнаў на пшаніцу інэрцыя крызісных зьяваў прыводзіць да дэфолту ў Аргентыне. А стаўкі ФРС у 2001-02 гг. працягвалі зьніжэньне – пастка ліквіднасьці зноў адчынілася і падрыхтавалася да паглынаньня новых ахвяр…

 

Пір сьцярвятнікаў

У сваю чаргу міжнародныя арганізацыі, у прыватнасьці МВФ, праводзяць канчатковае забойства эканомікі краіны-ахвяры і забясьпечваюць абарону інтарэсаў міжнародных фінансавых карпарацый, напрыклад, “выбіваючы” ад урадаў згоду на перавядзеньне карпаратыўных пазыкаў у дзяржаўную запазычанасьць.  Выдаваньне міжнародных “стабілізацыйных крэдытаў” – важная частка фінансавай атакі, бо дазваляе канчаткова замацаваць дасягненьне мэтаў арганізатараў атакі, забясьпечыць пераразьмеркаваньне ўласнасьці ў краінах-ахвярах на карысьць транснацыянальнай [глабалісцкай. – Рэд.] фінансавай алігаргіі.

Напрыклад, пасьля ўдару па “азіяцкіх тыграх” у 1997 годзе, праведзенага міжнароднымі фінансавымі сьпекулянтамі, эканамічную атаку Захаду завяршылі МВФ і Сусьветны банк. Даўшы стабілізацыйныя пакеты на ўмовах правядзеньня рэформ, яны дамагліся сваіх палітычных мэт па пазбаўленьні ад сваіх азіяцкіх канкурэнтаў. Ужо ў чэрвені-жніўні 1997 года МВФ даў пакет дапамогі Тайланду, некалькі пазьней – Інданэзіі й Паўднёвай Карэі. Дапамога давалася на ўмовах выкананьня пакету неаліберальных рэформ: скарачэньне праграм сацыяльнага забесьпячэньня, зьніжэньне курсу нацыянальнай валюты, зьняцьце абмежаваньняў на экспартна-імпартавыя аперацыі, адмена дзяржаўных субсідый, прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў ды іншае.

У выніку дэфолту і наступнай “санацыі эканомікі” ў краіне-ахвяры фінансавай пасткі значная частка ўласнасьці пераходзіць у рукі транснацыянальных карпарацый у лік пагашэньня пазыкаў. А вялікая частка нацыянальнага прадукту краін, якія сталі ахвярамі міжнародных фінансавых каланізатараў, многія гады будзе ісьці ў краіны “залатога мільярда” ў выглядзе пазыкавых выплатаў, адсоткаў за рэструктураваньне замежных крэдытаў, дывідэнтаў ад ўласнасьці транснацыянальных карпарацый (ТНК) у гэтых краінах.

Такім чынам, аналіз агульных рыс дазваляе казаць не пра выпадковыя няўдачы ў разьвіцьці маладых і растучых эканомік, а пра дакладную сістэму – своеасаблівы “фінансавы пыласос”, які спусташае нацыянальныя эканомікі на карысьць купкі гаспадароў ТНК і буйнейшых фінансавых алігархаў. Як толькі эканомікі адновяцца пасьля крызісаў, у сьвеце пачынаецца наступны цыкл “патаньненьня” амерыканскай валюты, і пастка ліквіднасьці зноў адчыніцца. Нацыянальныя эканомікі, якія ачунялі ад крызісу і “нагулялі тлушчык”, зноў трапяць на абед гаспадарам сьвету.

 

Галадамор ва Украіне: 2012-13 гг.?

Сёньняшняя Украіна апынулася ў становішчы Аргентыны сямігадовай даўніны. З моманту “памаранчавай рэвалюцыі” ў нашай краіне зьдзяйсьняецца заганная мадэль эканамічнага росту, якая грунтуецца на ўліваньні замежнага капіталу, а замежныя пазыкі ў значнай ступені выкарыстоўваюцца на спажываньне замежных тавараў. Разам з рэзкай лібералізацыяй умоў паступленьня імпарту на айчынны рынак гэта прывяло да імклівага росту ўвозу тавараў і павелічэньня негатыўнага сальда зьнешнегандлёвага балансу. А пагаршэньне сусьветнай каньюнктуры на рынку метала ў лічаныя тыдні паставіла ўкраінскую пазыкавую эканоміку на мяжу абвалу. І гэта ўжо стала відавочным нават для “памаранчавых”.

Варта толькі параўнаць прыведзеныя вышэй этапы стварэньня і разьвіцьця “даляравай пятлі” зь сёньняшняй украінскай сітуацыяй, каб зразумець: мы ўжо апынуліся ў класічнай пастцы ліквіднасьці зь мінімальнымі шанцамі на выратаваньне. Зрэшты, галоўным трафеем арганізатараў фінансавай атакі на Украіну стане не перадзел украінскай уласнасьці альбо адхіленьне Украіны як канкурэнта ў высокатэхналагічных галінах. Своеасаблівым “гран-пры” ад фінансавай атакі на Украіну зьяўляюцца лепшыя ў сьвеце чарназёмы. Масавая апрацоўка грамадскай думкі ў кантэксьце непазьбежнага продажу ўкраінскай зямлі сельскагаспадарчага прызначэньня пачалася яшчэ пры першых бачных праявах панікі на рынку. Так, менавіта зьняцьце мараторыя на продаж сельгасземляў “дазволіць у 2008 годзе гарантавана пазьбегчы дэфіцыту плацёжнага балансу” – заявіў старшыня рады НБУ Пётр Парашэнка. Ня дзіва, што неадкладная адмена мараторыя на продаж зямлі сельскагаспадарчага прызначэньня разглядаецца ў ліку першачарговых задач у антыкрызісным плане СНБА, зацьверджаным Указам прэідэнта Украіны № 965/2008 ад 24 кастрычніка 2008 года.

Такім чынам, айчынныя кампрадоры завабілі Украіну ў пазыкавую пастку, а цяпер рыхтуюць нашу краіну да фінальнага акорда закабаленьня транснацыянальнай фінансавай алігархіяй  праз МАСАВЫ ПРОДАЖ ЗЯМЛІ.  Чым жа гэта пагражае ўкраінцам? Можна доўга казаць пра негатыўныя чыньнікі ад продажу сельгасземляў, галоўны зь якіх – поўная страта стратэгічнага нацыянальнага рэсурсу і магчымасьці кантраляваць унутраны рынак харчовай прадукцыі.

Але лепшая ілюстрацыя персьпектываў Украіны пасьля пачатку продажу земляў сельскагаспадарчага прызначэньня – гэта зноў Аргентына. Ужо знаёмы нам аргентынскі блогер Ferfal піша пра праблемы, зь якімі сутыкнуліся аргентынцы ў сувязі з масавай скупкай сельгасземляў пасьля дэфолту ў гэтай краіне. Прывядзем толькі адну цытату зь яго дзёньніка: “Пасьля Другой сусьветнай вайны Аргентына практычна карміла Еўропу, была вядомая ў Еўропе, як “жытніца сьвету”. Буйной рагатай жывёлы й пшаніцы было дастаткова, каб пракарміць нашу краіну ды іншы кантынент. Так што ж здарылася? Чаму многім людзям не хапае ежы, а некаторыя нават заканчваюць зьяданьнем аткідаў? Так, Аргентына засталася жытніцай сьвету, але тое-сёе памянялася. Некалькі буйных транснацыянальных карпарацый, такіх як “Бенетан”, купілі сотні тысяч акраў сельгас земляў. СМІ нават пачалі казаць пра страту суверэнітэту краіны, які апынуўся пад пагрозай з-за гэтай масавай скупкі зямлі, так што можна ўявіць, як шмат было скуплена. Да таго ж у новай сітуацыі (пасьля дэфолту 2001 года) прадаваць аргентынскую сельгаспрадукцыю ў Аргентыне – кепскі бізнэс. Навошта прадаваць кілаграм мяса на ўнутраным рынку за 17 песа, калі яго можна прадаць у Гішпаніі за 17 еўра (пры гэтым 1 еўра адпавядае 3,5 песа)? Усё гэта ў спалучэньні з высокім узроўнем беспрацоўя, нізкімі зарплатамі й высокімі цэнамі на прадукты паступова прывяло да таго, што ў краіне фактычна пачаўся голад”. 

На жаль, калі сітуацыя ва Украіне будзе разьвівацца па цяперашнім сцэнары, дык хутчэй за ўсё ўжо ў бліжэйшыя гады нашу краіну чакае лёс Аргентыны – найбагатшыя палі агароджаны плотамі пад аховай, вырошчваюцца ў асноўным тэхнічныя культуры, а ўвесь харчовы ўраджай вывозіцца за мяжу – да больш платаздольных кліентаў. А з улікам устойлівай тэндэнцыі да падвышэньня цэнаў на сусьветным рынку харчовых прадуктаў і цыклічнасьці ў зьмяненьні ўраджайнасьці, ужо да 2012 года мы можам чакаць ня проста паўтору ва Украіне аргентынскага deja-vu, а поўнамаштабную катастрофу. Мільёны галодных украінцаў на самых урадлівых чарназёмах сьвету, НА РОДНАЙ ЗЯМЛІ, якая магла б зрабіць свой народ багатым і шчаслівым, але ён ёй здрадзіў і ператварыўся ў пасынка… 

Мільёны галодных на зямлі продкаў, якая раптам стала чужой уласнасьцю

 

Валянцін  Інгульскі

 

8 каментарыяў

  1. Вялікі дзякуй, за такі змястоўны артыкул. Усё што тут сказана, голая праўда. Вось па гэтай прычыне я і пачала казаць пра адраджэнне шляхетнага стану ў беларускім грамадстве і прапанавала сваю праграму. Але наша будучыня, як на ладоні. Па-першае, ніхто ўсур’ёз не успрымае нашы папярэджанні: ні апазацыя. ні ўрад, ні народ. Натуральна, што будучыня беларусаў не дрэнная, а вельмі дрэнная. Беларусь пад такім мудрым калгасна-савецкім кіраўніцтвам ідзе да стану няшчаснай Аргенціны. І не сумневайцеся. Калі б я не з’ехала на Захад, то да сёняшняга дня не разумела б усяго гэтага. Я толькі ўбачыла, якія тут ёсць аферысты, як нас лічаць недачалавекамі паўсяместна і ўсё стала зразумелым. Па гэтай прычыне я і стала выступаць супраць замежных інвестыцый (і з Усходу, і з Захаду, і з Поўдня, і з Поўначы). Я дакладна бачу, што Беларусь сама можа стаць інвестарам, а не браць інвестыцыі. Ў Беларусі вельмі шмат вельмі добрых тавараў па якасці, якія канкурэнтназдольныя. Уся справа ў гандлі: у Беларусі няма сапраўдных бізнесоўцаў-міжнароднікаў да і Лукашэнка сілай забараняе развівацца гэтай галіне. Лукашэнка ставіць сваёй мэтай быць адзіным гаспадаром на гэтай зямлі, а я стаўлю мэтай выжыванне нацыі і кожнай асобы індывідуальна. Апазыцыя за капейкі лезе ў пятлю к гэтым сцервятнікам. Лёс Аргенціны для Беларусі непазбежны. І пагэтаму, што можа спасці нацыю і кожнага індывідуальна:
    1. развіццё нацыянальна-патрыятычнага бізнесу па-за межамі Беларусі (і мы працуем у гэтым накірунку);
    2. інвестыцыі ў самога чалавека (прафесійная адукацыя на самым высокім узроўні – лепшыя ВНУ свету. Паверце тут не бывае інфляцыі. Набыўшы высокую прафесійную адукацыю чалавек будзе заўсёды патрэбным. А калі створыцца з такіх людзей нацыянальны цэнтр, то ўсё менш будзе з’яўляцца аферыстаў на нашым гарызонце.
    3. не сядзіце склаўшы рукі і не працуйце на рабаўнікоў, а шукайце крыніцы існавання ужо сёння, бо намаляваная тут перспектыва не за гарамі (таму што ніхто не прыслухоўваецца да добрых парад).

  2. Siarhiej кажа:

    У нас абставіны зараз горшыя чым у тагачаснай Аргенціне. У Аргенціне быў аргентынскі ўрад, аргентынскае чынавенства …, якія, напэўна, стаялі на пазіцыях доўгатэрміновых нацыянальных інтарэсаў, а не на захаванні ўлады любым коштам.
    Развіваць свой бізнес у Беларусі, значыць падтрымліваць дыктатуру і цяперцаў (калі гэта “белы” бізнес). Непажаданая таксама перспектыва быць з’едзенымі нават разам з “правадыром”. ТНК і фіналігархія не такія ўжо і страшныя, напэўна ёсць шмат прыкладаў, калі яны спрыялі развіццю краіны (ці вымушаны былі спрыяць).
    Трэба думаць…

  3. Сп.Siarhiej, працаваць на гэты рэжым, канешне, нельга, да і немагчыма стварыць сур’ёзны стан бізнесоўваў ў грамадстве, вельмі малая краіна. Тут маецца на увазе развіваць бізнес па-за межамі Беларусі, выкарыстоўваючы законы глабалізацыі. Але каб працаваць на такім узроўні патрэбна высокага узроўню кваліфікацыя. У нашага народа ёсць сур’ёзны патэнцыял – высокія разумовыя здольнасці на генетычным узроўні, але гэты патэнцыял не задзейнічаны. т.як не атрымлівае развіцця. Наша адукацыйная сістэма рыхтуе толькі рабоў – калгаснікаў, сантэхнікаў і ўсё. Людзі такой падрыхтоўкі не ў стане разпрацоўваць высокія тэхналогіі (ў любой галіне). І для нас вельмі важна ўкладываць інвестыіі ў чалавека. Такія інвестыціі не абясценіваюцца, харошыя спецыялісты заўсёды ў цане, а класныя – на вес золата. Для нас гэта адзіны шлях да свабоды і незалежнасці ў данай сітуацыі. І гэты шлях рэальны. Навучанне патрэбна пачынаць з самага малага узросту. А цяпер на хвілінку уявіце, калі з’яднаецца 1000, 10000 класных спецыялістаў – гэта ўжо сіла.
    І выкіньце з галавы што нехта там лепшы, абдзяруць як ліпку і выкінуць на сметнік.

  4. akm132 кажа:

    1. Спадар Інгульскі навогул не ведае эканамічную гісторыю Аргентыны.
    “Некалі найбагатшая лацінаамерыканская краіна патанула ў анархіі, а мільёны людзей сутыкнуліся з голадам і адсутнасьцю пітной вады”
    Так, на пачатку 20 стагоддзя Аргентына была ў першых 10 краін сьвету па ВУП/чалавека ,а палітыка абмежаваньня ўнутранага рынку ад імпарту і прывяла да сёньняшняга становішча.

    2. Дзе Раманчук прапагандуе рэформы па МВФ? Ведаю Яраслава гадоў 12 – аніводнага разу ён ня любіць гэтую арганізацыю…

  5. Рэдакцыя кажа:

    Адказ akm132.
    Адкуль вы ўзялі пра МВФ – не зразумела… Але галоўнае ў іншым: сп-р Яраслаў 10 гадоў, ня менш, як прапагандуе ў Беларусі абсалютна адвязаны лібералізм у эканоміцы (дый у іншых сьферах таксама). У Гародні ён неаднаразова праводзіў семінары, на якіх распавядаў, што нават у ЗША, на яго думку, лібералізму недастаткова. Дзяржавай, на якую ў гэтым сэнсе, па яго меркаваньні, яшчэ так-сяк можна арыентавацца, ёсьць краіна-выспа Новая Зеландыя…

  6. Брудны кажа:

    У гэтым , безумоўна цікавым артыкуле ставіцца знак роўнасьці паміж замежнымі крэдытамі і замежнымі інвэстыцыямі. Аднак гэта ж зусім ня так! Інвэстыцыі ня трэба аддаваць. Прыкладам, ТНК купляе заводзік за 100 млн даляраў, якія выплачвае дзяржаве. А ўжо дзяржава робіць з гэтымі грашыма што жадае. канешне, маёмасьць страчаная, але ж пазыкаў няма. Іншая справа, што гэтыя грошы можна тупа праесьці на імпарт, развараваць і г.д. Але гэта ўжо праблемы ўраду.
    А замежныя крэдыты гэта адназначнае зло і пастку гэтую можа ня бачыць толькі сьляпы. І ўсе рэкамэндацыі МВФ гэта поўная лажа.Памятаеце, як раней Лу заўсёды крычэў, што ніколі мы ня ўлезем у замежныя пазыкі?
    А зараз, каб захаваць уладу, ён ахвяруе рэшткамі нашай з вамі незалежнасьці, набірая крэдытаў, якія дазволяць яму пратрымацца яшчэ колькі, а расплочвацца будзем мы з вамі.
    Дарэчы, пра Раманчука. Ведаю ягоную пазыцыю па рэфармацыі эканомікі нашай ўжо гадоў 7 і нешта я не заўважаў ультралібэральных прапаноў. Ды й прапановы ягоныя зьмяняюцца па сытуацыі, і большасьць з іх мне падабаецца. Канешне, словы можна казаць прыгожыя, а потым параспрадаваць ўсе расейскаму крымінальнаму бізнэсу за капейкі, мы ж ня ведаем, ці зрабіў бы ен так, набудзь магчымасьць прымаць рашэньні на дзярж узроўні…..

  7. Рэдакцыя кажа:

    “Бруднаму”.
    Па-першае, раім быць асьцярожнымі зь людзьмі, якія мяняюць свае погляды “па сітуацыі”. Гэта беспрынцыпнасьць… Зьвярніце ўвагу, каб нам быць суб’ектнымі – ведаць куды рухацца Ў ЛЮБЫХ СІТУАЦЫЯХ – мы фармулюем прынцыпы Беларускай дактрыны, зыходзячы з аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народа.. І толькі ПОТЫМ, калі дазволяць абставіны, будзем пісаць кнігі й выступаць на семінарах…

    Па-другое, паміж крэдытамі й інвестыцыямі няма розьніцы па такім істотным крытэры: калі адбыліся “інвестыцыі” ў Беларусь на 100 млн. даляраў, гэта азначае, што на гэты капітал беларускі народ паменшыў пазіцыю гаспадара на ўласнай зямлі. Патрэбныя ня столькі крэдыты й інвестыцыі, а выніковае кіраваньне краінаў, у выніку якога будуць расьці ВЕДЫ, УМЕНЬНІ, ТЭХНАЛАГІЧНЫЯ І АРГАНЗАЦЫЙНЫЯ НАВЫКІ непасрэдна ў самаго беларускага народа, каб тое, што ён зробіць, было больш карысным і яму, і карысталася попытам у сьвеце. Уяўляеце, што было б сёньня, калі б з 1991 года наш урад праводзіў такую палітыку ў эканоміцы? Сёньня беларусы прапанавалі б крэдыты ды інвестыцыі іншым…

  8. Уладзімер Русаковіч кажа:

    akm132 “Спадар Інгульскі навогул не ведае эканамічную”
    Насамрэч, яго абурае адыход ад “ўльтраліберальнай сістэмы” ў выглядзе “дэфекта” “жорсткай прывязкі нацыянальных валют да даляра”, на што марнуецца запас даляраў з усімі наступствамі.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы