nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Пра партнёрства “дзеля міру”

29 снежня, 2008 | 2 каментарыя

Анджэй Новак –  прафэсар Ягелонскага ўніверсітэту, супрацоўнік Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук, галоўны рэдактар грамадзка-культурнага штодвухмесячніка «ARCANA». Аўтар шэрагу манаграфій (артыкул падаецца паводле http://arche.by/by/8/10/120/).

Ð�Ñ�акадзÑ�л.JPG 

Гэты артыкул, напісаны ў іранічным стылі, мы адмыслова падаем перад пачаткам разьбіральніцтва з адной “картай”, зрабіць якое, ці, прынамсі, пачаць рабіць, мы сабе пакляліся яшчэ ў гэтым годзе. Гэтым мы хочам паказаць, што ня маем ніякага прадузятага стаўленьня да польскага народу як такога. Больш за тое, бачым сярод яго інтэлектуалаў, погляды якіх на Заходнюю Еўропу і Расею адпавядаюць нашым…

Рэдакцыя.

 

Расія кіруецца глыбока хрысціянскай традыцыяй «умирать за други своя». Гэта вам не якоесці там польскае «За нашу і вашу свабоду». Тут нешта большае: Расія — гэта добры пастыр, які ахвяруе сваім жыццём. Такую афіцыйную трактоўку расійскай палітыкі — у прыватнасці, той, што праводзілася пры дапамозе танкаў супраць Грузіі, — выклаў міністр замежных справаў Расіі Сяргей Лаўроў. Ён зрабіў гэта ў лекцыі, прачытанай 1 верасня ў галоўнай школе расійскіх дыпламатаў — Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных дачыненняў.

Размах гэтай ідэі мяжуе з блюзнерствам. Толькі адна думка хвалюе: якія ж межы тае пашы, за якую Расія адчувае сябе адказнай — аж да ахвяравання жыццямі сваіх сыноў (пра пазбаўленне жыцця ворагаў можна не ўспамінаць)? Ці гэта толькі прастора, што завецца для прыліку «Садружнасцю Незалежных Дзяржаў»? Ці, можа, уся тэрыторыя былога СССР (а значыць, і прыбалтыйскіх рэспублік)? Ці, можа, яшчэ шырэй — увесь колішні лагер Імперыі Дабра?

 

СЯБРЫ РАСІІ 

У «далёкім» замежжы, магчыма, Расія мае яшчэ больш сяброў, чым у «блізкім» ды «сярэднім». Што, аднак, азначае «дружба» ў такім міжнародным кантэксце? Да чаго яна прыводзіць? Варта засяродзіцца над гэтым у святле дэкларацыі Лаўрова.

У міжлюдскіх адносінах дружба — зьява куды больш зразумелая. У Лаўрова, напрыклад, ёсць сябар — міністр замежных справаў (і віцэ-канцлер) ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер. Франка-Вальтэра ўражвае Сяргеева майстэрства ігры на гітары. А Сяргей рады яго ўражваць. Гэта зразумела. Але гэта яшчэ не зьяўляецца сігналам новай Рапальскай дамовы ці нейкага пакта ШтайнмаераЛаўрова. Важна, якую палітычную лінію праводзіць Франк-Вальтэр. Ад гэтага залежаць яго шанцы здабыць тытул сябра Расіі.

 

РЭХА ЖНІЎНЯ 1920-га

Прааналізаваць іншыя, актуальныя да сёння (ці асабліва сёння) матывы спецыфічнай паблажлівасці да імперскай экспансіі Расіі – экспансіі, што здзяйсняецца коштам яе слабейшых і драбнейшых суседзяў – дазволіла мне праца над даследаваннем стаўлення заходніх палітыкаў і журналістаў да савецка-польскай вайны 1920 г.

Калі расійскія войскі ішлі ў кірунку Тбілісі, у еўрапейскай прэсе пачыналіся дэбаты, ці гэта ўжо з’яўляецца расійскай агрэсіяй, ці яшчэ не. Ці толькі заняцце сталіцы Грузіі будзе перавышэннем з боку Расіі межаў «дапушчальнай самаабароны», ці, можа, гэта ўсё ж «справядлівае пакаранне» за грузінскую агрэсію супраць Асеціі? Проста як у 1920 г., калі брытанскі парламент ніяк не мог вырашыць, ці можна дапамагчы Польшчы, калі армія Тухачэўскага наблізіцца да Варшавы. Лейбарысты і лібералы на адзін голас даводзілі, што менавіта Польшча ў гэтай сітуацыі з’яўляецца агрэсарам: напала на Расію, каб ажыццявіць лозунгі свайго нікчэмнага імперыялізму і адарваць ад Расіі яе спрадвечныя тэрыторыі — Віленшчыну, Гродзеншчыну, Украіну этыя тэрыторыі сапраўды ня ёсьць польскімі – яны належаць іншым народам; іранічны тон арыкула ня можа паўплываць на гэты факт, як і ня могуць легалізаваць імперскія амбіцыі некаторых палякаў такія ж амбіцыі некаторых расейцаў. – Рэд.]. Тут не было рознагалоссяў паміж былым прэм’ер-міністрам, лібералам Гербертам Асквітам, дзейным прэм’ер-міністрам, таксама лібералам Дэвідам Лойдам Джорджам ды лідэрам лейбарыстаў Эрнестам Бевіным. А сузаснавальнік Лігі Нацый лорд Роберт Сесіл голасна абураўся з нагоды парушэння Польшчай статуту Лігі й заклікаў да асуджэння «авантурнай палітыкі» Варшавы. Як рэха тых словаў, нават дакладна ў такіх самых выразах, гучаць сёння галасы палітыкаў накшталт намесніка міністра замежных спраў ФРГ, сацыял-дэмакрата Герната Эрлера, які падчас бамбавання рускімі Горы і Поці заявіў, што гэта Грузія парушыла міжнароднае права, паспрабаваўшы ўвайсці на тэрыторыю Асеціі, і што яна адказная за гэтую «шалёную, крывавую авантуру».

У жніўні 1920 г. ніхто не мог адказаць на пытанне: а дзе наагул тая «сапраўдная Польшча»? Тая, якой бальшавікі не павінны займаць. Ну, Варшава, можа, належыць да такой Польшчы. Але калі Чырвоная Армія ўвойдзе ў Варшаву, дык што можна будзе зрабіць? Можна будзе склікаць мірную канферэнцыю ў Лондане — вядома, з удзелам прадстаўнікоў Масквы, каб аднавіць парадак у Еўропе такім чынам, які Масква прызнае дапушчальным. А то ж яшчэ пойдзе далей, у «сапраўдную» Еўропу — у Германію і да т.п. З Расіяй, якая б яна ні была, трэба размаўляць, яе нельга ігнараваць. Бо без яе не будзе ладу ў Еўропе, асабліва ва ўсходняй яе частцы, дзе ў Захаду няма ні істотных інтарэсаў, ні традыцыі сваіх уплываў, ні рэальных магчымасцяў, каб сачыць за ўсімі гэтымі варварамі [а, вось, тут, іронія цалкам да рэчы. – Рэд.].

 

ВЯРОЎКА ЛЕНІНА

Прэм’ер-міністр Дэвід Лойд Джордж у 1920 г. заслужыў тытул першага адваката расійскай экспансіі ва Усходняй Еўропе. Сучасныя сябры Расіі могуць шанаваць яго не толькі як галоўнага аўтара палітыкі, прызначанай санкцыянаваць гэтую экспансію (толькі перамога польскіх салдат над Віслай зруйнавала гэтую палітыку), але і як «калекцыянера» найважнейшых аргумантаў на яе карысць.

Падсумуем іх каротка. Па-першае, невядома, хто мае рацыю ў спрэчках паміж «гэтымі варварамі».

Па-другое, Захад знясілены (у той час, ясная рэч, Першай сусветнай вайной) і не пойдзе на новыя сур’ёзныя канфлікты дзеля малых краін, якія, як сказаў пазней наступнік Лорда Джорджа, «знаходзяцца далёка і пра якія мы нічога не ведаем». Гэтую палітыку капітуляцыі перад расійскай экспансіяй падтрымлівалі тысячы, а мо і мільёны заклапочаных сваім спакоем абывацеляў Захаду. Гэтак жа як у 1930-я гг. яны мірыліся зь існаваньнем фашысцкай Германіі, гэтак жа як пасля Другой сусветнай вайны калоны пацыфістаў маршавалі пад лозунгам «Better Red than Dead» — лепш чырвоны, чым мёртвы. Сёння сябры Расеі гавораць пра «мяккую харызму» Еўропы, якой павінна хапіць для процістаяння агрэсіі тых, хто карыстаецца больш важкімі аргументамі, чым проста словы.

Па-трэцяе, Расія — гэта найважнейшы эканамічны партнёр Заходняй Еўропы, і гандаль з ёй надзвычай выгадны (у тым ліку для жыхароў Еўропы). Лойд Джордж у 1920 г. пераконваў, што без Расіі і яе збожжа не ўдасца накарміць пасляваенны Захад. Ён таксама прыдумаў лозунг, які да сёння застаецца дэвізам адвакатаў расійскай экспансіі: «Peace through Trade» («Мір праз гандаль»). Гандаль з Расіяй, нават таталітарнай, маўляў, ня толькі выгадны Захаду, але і паступова «цывілізуе» ды лагодзіць звычаі расійскага партнёра. Ленін бачыў гэта трохі іначай: «Захад гатовы прадаць нам вяроўку, на якой мы яго павесім». І сёння Еўропа гатова плаціць за вяроўку (цяпер у выглядзе нафта- і газаправодаў), якую Расія накруціла вакол яе горла. А пасля 1920 г. у Расію зноў, як і да рэвалюцыі, рушылі сотні заходніх фірмаў і бізнесменаў, без якіх не ўдалося б выканаць першай пяцігодкі і без якіх СССР не праіснаваў бы семдзесят гадоў. Імя тым сябрам Расіі — легіён.

Па-чацвёртае, калі не з намі, з Захадам, то Расея будзе гандляваць (і сябраваць) з нашымі патэнцыйнымі ворагамі. Гэтага ніяк нельга дапусціць! У 1920 г. актуальным было недапушчэнне чаканай антызаходняй кааперацыі Савецкай Расіі і Нямеччыны. Лойд Джордж з усёй рашучасцю збіраўся перашкодзіць гэтаму і арганізаваў у 1922 г., неўзабаве пасля канчатковага разгрому Чырвонай Арміяй дэмакратычнай Грузінскай Рэспублікі, вялікую эканамічную канферэнцыю, на якую запрасілі і Расію, і Нямеччыну. На жаль, дэлегацыі абедзвюх гэтых краін вырашылі канферэнцыю пакінуць і сустрэцца асобна — у Рапала (гісторыя нямецкіх сяброў Расіі — гэта асобны вялікі раздзел, які варта было б напісаць).

 

ПРЫНЦЫПЫ СЯБРОЎ РАСІІ 

Заходнееўрапейская самаўпэўненасць і недальнабачнасць (як сказаў на апошнім саміце Еўразьвязу прэм’ер-міністр Францыі Франсуа Фіён, «санкцыі — гэта ня шлях Францыі, гэта ня шлях Еўропы», атаясаміўшы ўсю Еўропу з парыжскім пунктам гледжання), пацыфізм, што мяжуе са слабахарактарнасцю, перакананне, што адзіным лозунгам у стасунках з Расіяй павінна быць «Эканомія, дурань!», а не нейкія каштоўнасці; нарэшце, геапалітычны «рэалізм» (не дамовімся з Расіяй мы — то яна дамовіцца з некім іншым, напрыклад, з Кітаем, і выпхне нас на ўзбочыну цывілізацыі) — вось прынцыпы палітычных сяброў Расіі.

Але не ўсе кіруюцца прынцыпамі. Некаторыя маюць яшчэ ідэалы — напрыклад, інтэлектуалы. Гэтых многія гады, нават стагоддзі, вабіць веліч Расіі, шырыня затоеных у ёй магчымасцяў, магутнасць яе ўладароў, якія адным словам могуць мяняць рэчаіснасьць. Так прыкіпелі да Расіі Вальтэр, Дзідро, аўтары французскай «Энцыклапедыі», што ўслаўлялі веліч Пятра і Кацярыны. Яны верылі, ці ва ўсялякім разе сьцьвярджалі, што тая велічная сіла, якой валодае Расія, урэшце паслужыць добрай справе — Прагрэсу і Асветніцтву. Вядома, у адсталых краях, якія акружаюць Расію. Напрыклад, у Рэчы Паспалітай, якую з такой пагардай і нянавісцю малявалі французскія энцыклапедысты — як «чорную дзірку» на карце Асветніцтва. Расея, пры дапамозе войскаў высакароднай Кацярыны, мела гэтую дзірку напоўніць святлом і парадкам. Расея павінна была таксама несці асвету ўглыб турэцкіх земляў («пакарыць ворагаў муз і жанчын», як пісаў Кацярыне Вальтэр), у Азію, на Каўказ. Ну што ж, як мы ведаем, у Крамлі дагэтуль не страцілі веры, што гэтыя матывы дружбы надалей можна эксплуатаваць. І ёсць у Еўропе такія інтэлектуалы, якія ў расійскіх танках бачаць рэцэпт супраць «фундаменталізму» ў Чачні або «нацыяналістычнага шаленства» ў Грузіі.

Расея ўжо тады мела асаблівую вартасць у вачах прагрэсіўных мысляроў Захаду: была натуральным праціўнікам іх галоўнага ідэалагічнага ворага — каталіцкай царквы. Сёння ролю такога аб’екта ідэалагічнай нянавісці для прагрэсіўных акадэмічных, журналісцкіх і мастацкіх колаў Захаду адыгрывае Вашынгтон. Антыамерыканізм — сённяшняя рэлігія інтэлектуалаў, як антыкаталіцызм быў ёю для энцыклапедыстаў. Пуцін адказны за 200 тысяч ахвяр у Чачні? Дробязі, няма пра што казаць, што гэта ў параўнанні са злачынствамі ў «Абу-Грэйб». Расейскія танкі трушчаць людзей і тысячагадовыя помнікі сусветнай культуры ў Грузіі? Што з таго, паставім на першую паласу сенсацыю пра сакрэтныя турмы ЦРУ ў Польшчы. Так, гэта таксама адзін з матываў, якімі жывіцца сяброўства з Расеяй (Пуціным).

 

ДРУЖБА З РУБЛЯМІ

Да каго не даходзяць аргументы накшталт палітычнага «рэалізму», эканамічнай «мэтазгоднасці» ці ідэалагічнай веры, той можа зрабіцца сябрам Расіі яшчэ адным шляхам. Часам, зрэшты, на гэтым шляху для іх адкрываюцца — як прасвятленне — і тыя вышэйпамянёныя агументы, якіх яны раней не заўважалі. Гэта шлях, які выбрукаваны рублямі, даўней — сабалёвымі футрамі, сёння — таемнымі падарункамі або шчодрай доляй у расійскіх ААТ.

Вальтэр і Дзідро не за так стваралі прыгожую легенду пра Паўночную Семіраміду і чорную легенду пра «польскую анархію». У 1920 г. брытанскія палітычныя колы чулі лозунг «Рукі прэч ад Савецкай Расіі» ня толькі ад залатавуста-прэм’ера Лойда Джорджа. Нашмат гучнейшыя былі галасы некаторых газет, як, напрыклад, уплывовай тады «Daily Herald». Аказалася, аднак, што не заўсёды гэта былі галасы незацікаўленыя. Памянёная «Daily Herald», орган лейбарыстаў, пра якую Літвінаў паведамляў, што яна «піша так, нібы з’яўляецца нашым органам», атрымлівала з Масквы таемную «дапамогу» на 75 тысяч тагачасных фунтаў (золатам, плацінай і каштоўнымі камянямі з экспрапрыяванай бальшавікамі царскай скарбніцы). Джон Рыд свае слынныя «Дзесяць дзён, якія скаланулі свет» — бліскучую апалогію Леніна — таксама напісаў за круглую суму. А хто не збіраўся пісаць пра Расею (ці пра Савецкую Расею) так, як яна таго хацела, той плаціў сам. Скажам, нядопускам на яе тэрыторыю. Так, напрыклад, «Times» не магла мець карэспандэнта ў Маскве, толькі ў Рызе. Амерыканская «New York Times» уладкавалася лепш. Яе карэспандэнт Вальтэр Дзюрантэ быў гатовы пісаць усё, чаго чакалі ад яго гаспадары Крамля. Дзякуючы гэтаму ён мог захапляць амерыканскіх чытачоў сваімі сведчаннямі «з першых рук»: не было ніякіх масавых чыстак, ніякага голаду ва Украіне, а расейскі абывацель мае столькі ж падстаў баяцца НКВД, колькі сярэдні амерыканец — Міністэрства юстыцыі. Так ён пісаў і атрымаў за гэта Пулітцэраўскую прэмію. Тое самае датычыла навукоўцаў – у прыватнасці, гісторыкаў. Хто жадаў, мог прыехаць працаваць у маскоўскія архівы — калі толькі выкарыстоўваў іх гэтак, як хацелі ўладальнікі архіваў. Так з’яўляліся кнігі і цэлыя навуковыя кар’еры «сяброў Расіі».

І Крэмль падтрымліваў іх заўсёды. Асабліва ў бядзе. Толькі два прыклады. Адзін — са словаў знаўцы германскай праблематыкі Анны Зехентэр. Калі ў 1972 г. захісталіся крэслы пад кааліцыйным урадам сацыял-дэмакратаў і лібералаў на чале з Вілі Брантам, з якім нарэшце так добра спелася Масква, калі хрысціянска-дэмакратычная апазіцыя прызнала заключаную гэтым урадам дамову паміж СССР і ФРГ «здрадай нацыянальным інтарэсам», Крэмль вырашыў дзейнічаць. Старшыня КДБ Ю.Андропаў выкарыстаў тады свой «кантакт» у Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі — Эгана Бара, запытаўшы ў яго наўпрост, ці нельга было б падкупіць некалькі дэпутатаў ад апазіцыі на выпадак галасавання наконт вотуму недаверу да ўрада.

Сацыял-дэмакратычны таварыш прызнаўся, што для гэтага няма грошай. Затое грошы, 200 тысяч долараў, аказаліся пад рукой у добрага духа «сяброў Расіі» — рэзідэнта КДБ. Апроч таго, двух дэпутатаў перакупіла братняе «штазі». Для прыняцця вотуму недаверу ў Бундэстагу не хапіла акурат двух галасоў.

Але адных грошай не заўсёды дастаткова. Часам трэба ратаваць сваіх сяброў, аддаючы за іх жыццё. Сотні тысяч рублёў змарнавалі расейскія палітыкі на сваіх сяброў у Рэчы Паспалітай у XVIII ст. Калі, аднак, паўставалі ворагі гэтых палітыкаў, даводзілася брацца за зброю. Як у 1767 г., калі расейскі пасол Рэпнін пажадаў кантролю над пастановамі соймікаў Рэчы Паспалітай і сям-там атрымаў адпор. У такой сітуацыі ў ход пайшлі войскі Кацярыны. Ворагаў утаймоўвалі проста — уваходзілі на іх тэрыторыю (сёння «Газпрому» дастаткова перакрыць кран непаслухмяным спажыўцам — і тыя адразу сцішацца).

Найбольш заўзятыя непрыяцелі, аднак, бунтаваліся далей, а дзе-нідзе нават пагражалі — перагаласаваннем і «бігасаваннем» (шаткаваннем на капусту) — сябрам Расеі. Генерал Пётр Крачэтнікаў, які камандаваў тады войскамі пасла ў Рэчы Паспалітай, наракаў: Шляхта рвалася да шабель, хочучы пасячы маршалка і нашых прыхільнікаў, што ўдалося прадухіліць толькі дзякуючы ста грэнадзёрам, уведзеным у касцёл [дзе адбываўся соймік. — А. Н.], якія вымушаны былі двое сутак стаяць там для выратаванняў нашых сяброў”.

Расея аказалася гатовай ня толькі на двое сутак такога чакання. Гэта яна засведчыла, разагнаўшы пазней Барскую канфедэрацыю і задушыўшы наступныя паўстаньні. Мы гэта памятаем.

А таму з пэўнай занепакоенасцю слухаем разважанні міністра Лаўрова пра «други своя». І задаём сабе пытанне: ці разумее Еўропа, што хаваецца пад гэтай здольнасцю Расіі (а дакладней, яе імперскай эліты) да ахвярнасці?

 

Анджэй Новак

 

 

 

2 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    Магчыма не зусім па тэме артыкулу, але я тут закрану адну праблему Захаду – эканамічную крызу, якая чамусці праўзышла звычайныя выганні (спады і пад’ёмы) характэрныя для рынкавай эканомікі. Дакладней не саму крызу, а яе “дробны” элемент які мае маральны бок, а не толькі эканамічны.

    Па інфармацыі з The Huffington Post надрукаванай 30 снежня 2008 г. і атрыманай ад Лорэнса Лімера (Laurence Leamer) 12 снежня 2008 г.

    Бернард Мядоф з’яўляецца чальцом знакамітага Вясковага Клюбу ў Палм-Біч (выспа ў штаце Фларыда, ЗША). Гэта закрыты габрэйскі клюб на паўночным канцы выспы з вялікім (прыкладна 6 х 6 км) полем для гульні ў гольф. Калі раней я (Л. Лімер) размаўляў з сябрамі і знаёмымі, якія ёсць чальцамі клюбу, яны добразычліва казалі пра старога добрага Барні. 70-ці гадовы Мядоф калісьці быў старшынём фондавай біржы NASDAQ (біржа гандлюе акцыямі кампаній высокіх тэхналогій). Ён быў бліскучым і паспяховым грашовым мэнеджэрам (інвэстарам) і добра кіраваў маёмасцю і грашамі большасці з 300 чальцоў клюбу, а таксама меў кліентаў ва усходняй палове Злучаных Штатах (пераважна габрэяў) і нават кліентаў сярод заможных WASP (WASP – скарачэнне: белыя амерыканцы заходнеэўрапейскага паходжання, пратэстанты)*. Мядоф узначальваў інвестыцыйную кампанію: Bernard L. Madoff Investments Securities LLC (“BMIS”). LLC – limited liability company (таварыства з абмежаванай адказнасцю).

    Бернард і Руф Мядоф набылі дом на вуліцы Паўночнае возера ў 1967 годзе і з’яўляюцца найбольш даўнімі чальцамі клюбу. Вясковы Клюб ў Палм-Біч ёсць сымбаль габрэйскага ўплыву. У адрозненні ад клюбаў WASP, каб далучыцца да гэтага клюбу трэба ўнесці вялікія ахвяраванні. Вы таксама павінны здабыць сваё багацце сумленным шляхам. Там няма смеццявых магнатаў ці гаспадароў трушчоб. І там не было нікога больш паважанага і высокароднага чым Бернард Мядоф.

    Тыя, хто меў вялікія прыбыткі, звычайна трымалі свае грошы ў Мядофа. Гэта быў гонар мець Мядофа кіраўніком сваіх фондаў. Ён не браў грошы ў любога. Ён мог адмовіць любому і гэта выклікала яшчэ большае жаданне перадаць яму грошы. Калі ж ён браў ваша багацце, ён казаў вам каб не пыталі ў яго як ён здабывае прыбытак на ваша багацце. Ён быў богам. Ён быў як цар Мідас.

    Учора (11 снежня 2008) Мядоф быў арыштаваны і абвінавачаны ў стварэнні найбуйнейшай схемы Понзі за ўсю гісторыю чалавецтва (схема пабудовы фінансавай піраміды упершыню выкарыстанай ў 1920 годзе шахраем Понзі (Ponzi) ў Італіі. Па гэтай схеме старыя інвэстары атрымліваюць прыбытак за кошт унёскаў новых інвэстараў.). Памер “зніклых” інвестыцый ацэньваецца ў 50 мільярдаў даляраў ЗША. Для ўсей габрэйскай эліты гэта ёсць ганьба біблейскага памеру.

    * Мядоф таксама меў кліентаў па ўсім свеце.

    Па некаторых (неправераных) дадзеных 54% нацыянальнага багацця ЗША належыць габрэям.
    Кажуць, што SEC (камісія па каштоўным паперам) ігнаравала сігналы і не раскрывала аферу пакуль сыны Мядофа не звярнуліся да ўладаў тры тыдні таму.
    Пакуль у Мядофа знойдзена маёмасці і грошай на суму 78 мільёнаў і пакуль абвінавачаны толькі адзін Мядоф.

  2. Siarhiej кажа:

    У дадатак:
    Начальнікам свайго “аддзела кадраў” Абама прызначыў Рама Эмануэля (Rahm Emanuel) – артадаксальнага габрэя, які мае таксама ізраільскае грамадзянства.
    На фоне сусветнай эканамічнай крызы, Ізраільска-Палестынскай вайна і змены ў Белым Доме афёра Мядофа не выглядае значнай падзеяй. Сыны Мядофа своечасова “настучалі” на бацьку.
    А можа наш правадыр таксама будуе піраміду, якая ахоплівае ўсю Беларусь?

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы