nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

КРУКОЎСКІ Мікалай Ігнатавіч

8 красавіка, 2009 | 2 каментарыя

Паводле http://www.nation-sos.info/index.php?option=content&task=view&id=56

d09ad180d183d0bad0bed19ed181d0bad196Зьвярнуць увагу на гэтага чалавека і яго працы прапанаваў адзін з нашых няштатных аўтараў пад нікам Сейбіт. Я сп-ра Крукоўскага зрокава ведаю яшчэ з 1990-х, але ўпершыню пазнаёміўся зь некаторымі яго працамі літаральна на днях і… ахнуў. Столькі стратэгічных супадзеньняў у яго поглядах з маімі й калег па рэдакцыі: тут й ідэя аб’яднаць матэрыялізм зь ідэалізмам у рэалізме; й прапановы шырэй выкарыстоўваць кібернетычную тэорыю шматузроўневых сістэм для тлумачэньня зьяваў рэчаіснасьці й знаходжаньня правільнага кірунку руху ў ёй; й ідэя залатой сярэдзіны; й крытыка сучаснага дэкадэнцкага заходняга лібералізму са зьвяртаньнем увагі на тое, што ён ня ёсьць пазітыўнай альтэрнатывай усходняму таталітарызму; й папярэджаньне аб небясьпецы будучай алігархічнай прыхватызацыі ў Беларусі; й разуменьне сутнасьці чалавека, як дваістай жывёльна-духоўнай істоты; й успрыняцьце неабсалютнасьці сьмерці; й узгадваньне таго, што выйсьце з цяперашніх беларускіх праблем у строгім сьледаваньні Беларускай нацыянальнай ідэі й да т.п. Усё гэта вырашальна пераважае над некаторымі несупадзеньнямі (напрыклад, мы ў рэдакцыі інакш разумеем інтэрнацыяналізм, зьмест некаторых біялагічных зьяваў, па-іншаму ўспрымаем “Расею”, мы звычайна не задавальняемся канстатацыяй феноменаў грамадскай дэградацыі, а імкнемся выявіць іх патагенэз ды этыялогію (г.зн. механізмы, прычыны) і да т.п.). Усе дасягненьні беларускай філасофскай думкі трэба папулярызаваць (тым больш, што канвергентнае супадзеньне нашых думак – каштоўны доказ праваты абодвух). Наш сайт прызначаны ў т.л. і для гэтага. Таму ў кароткай серыі бліжэйшых матэрыялаў мы (рэдакцыя) вырашылі пазнаёміць нашых чытачоў з адной з працаў сп-ра Крукоўскага, як і зь ім самім.

Алесь Астроўскі.

Мікалай Крукоўскі нарадзіўся 16 лістапада 1923 года у сялянскай сям’і у вёсцы Машкова Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. З 1938 года з сям’ёй жыў на хутары Карабіна Машкоўскага сельсавета (цяпер знішчаны), дзе бацькі атрымалі зямельны надзел згодна з вядомай прышчэпаўскай рэформай. У 1938 годзе сям’я пераехала ў Оршу, дзе ў 1940 Мікола скончыў 2-ю сярэднюю школу. У 1940-м паступіў на І курс Віцебскага Ветэрынарнага інстытута, адкуль у верасні 1941-га добраахвотнікам пайшоў на фронт. А ў кастрычніку трапіў у акружэнне — сумнавядомы Вяземскі кацёл. Пасля трох няўдалых спробаў вырвацца адтуль апынуўся ў палоне. Збегшы з палону, вярнуўся ў Оршу, дзе ў 1942 годзе знайшоў сцяжыну ў партызанскую брыгаду Заслонава — заняў там пасаду камандзіра аддзялення, пазней стаў начальнікам штаба атрада. 5 снежня 1943 года быў цяжка паранены ў баі і 20 красавіка самалётам перапраўлены на лячэнне ў савецкі тыл. Пасля шпіталю некаторы час сядзеў у спецлагеры НКВД №140 у Калініне з прычыны гэтак званай дзяржспецправеркі. Неўзабаве вярнуўся ў Оршу.

У 1945 годзе Мікалай Крукоўскі паступіў на І курс філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Скончыў універсітэт з купалаўскай стыпендыяй і чырвоным дыпломам у 1950 годзе. Па ініцыятыве Кандрата Крапівы, насуперак рашэнню камісіі Міністэрства адукацыі накіраваць яго (па размеркаванні) на працу ў сельскую школу Баранавіцкага раёна, быў залічаны ў Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук БССР у якасці малодшага навуковага супрацоўніка. У 1956 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па лінгвістыцы і выдаў манаграфію «Рускі лексічны ўплыў на сучасную беларускую літаратурную мову».

Аднак тэма чарговай, доктарскай, дысертацыі па праблеме ўзаемадзеяння блізкароднасных моў у абставінах развітога сацыялізму, прапанаваная дырэкцыяй інстытута, не задавальняла Крукоўскага з-за празмерна палітызаванай накіраванасці, і ён пачаў інтэнсіўна займацца эстэтыкай і філасофіяй, што яго моцна цікавіла яшчэ ў БДУ. У 1963 годзе, увогуле адмовіўшыся ад дысертацыі, перайшоў на працу ў БДУ на кафедру гісторыі філасофіі, логікі і эстэтыкі, якую ўзначальваў тады праф. І.М.Лушчыцкі, — пачаў чытаць асобныя курсы па эстэтыцы, сацыялогіі мастацтва і тэорыі мастацкай культуры. У 1965 годзе выдаў у Мінску падрыхтаваную ім манаграфію «Логіка прыгажосці», дзе на аснове гегелеўскай метадалогіі прапаноўвалася новая па тых часах сістэма асноўных эстэтычных катэгорый, падрабязна разглядалася эстэтыка прыроды і дзе ўпершыню ў савецкай навуцы распрацоўвалася эстэтыка чалавека як дыялектычнага адзінства духоўнай і фізічнай яго прыгажосці. Тады ж была абгрунтавана зусім новая для савецкай эстэтыкі канцэпцыя развіцця мастацтва як гісторыі мастацкіх стыляў, шчыльна звязаных з той жа сістэмай асноўных эстэтычных катэгорый. Манаграфія абаранялася ў якасці дысертацыі на ступень доктара філасофскіх навук у БДУ, але была з шумам правалена маскоўскім ВАК’ам. І толькі на трэці раз у 1982 годзе ўдалося абараніць яе пад тым жа загалоўкам і з той жа канцэпцыяй ужо на філасофскім факультэце Маскоўскага універсітэта. За тыя гады было напісана яшчэ тры манаграфіі па эстэтыцы, якія ўпарта замоўчваліся ў СССР, але знайшлі добры водгук за мяжой, а кніга «Чалавек прыгожы» была перакладзена нават на кітайскую мову і выдадзена ў Пекіне. У 1994 годзе за чытанне лекцый на беларускай мове быў звольнены з БДУ і адпраўлены на пенсію. Пазней, аднак, яго запрасілі на працу ў Беларускі інстытут культуры на пасаду прафесара кафедры філасофіі, і там ён напісаў яшчэ дзве манаграфіі: «Філасофія культуры (уводзіны ў тэарэтычную культуралогію)» і «Бляск і трагедыя ідэалу».

За ўсе часы апублікаваў каля 150 артыкулаў на навуковыя і грамадскія тэмы. Актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю (быў старшынёю пазней распушчанай урадам Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі, з’яўляецца сябрам сойму Беларускай кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ).

Навуковыя інтарэсы Крукоўскага маюць шырокі абсяг, ахопліваючы сабою філасофію, лінгвістыку, эстэтыку і культуралогію і засяроджваючыся на логіка-метадалагічнай праблематыцы азначаных навук. На аснове гегелеўскай традыцыі ім створана і прапанавана арыгінальная эстэтычная канцэпцыя, яна ўключае ў сябе і структурна-функцыянальны падыход агульнай тэорыі сістэм, якую ён трактуе ў шчыльнай сувязі з гегелеўскай дыялектыкай, а таксама канцэпцыя цыклічнага развіцця культуры, што была прапанаваная ім яшчэ ў 1965-м незалежна ад Шпенглера, Тойнбі і Сарокіна, тады малавядомых яшчэ ў савецкай навуцы. У тых жа працах, амаль на дваццаць год абагнаўшы С. Хантынгтана, была пастаўлена найактуальная праблема ўзаемадзеяння розных культур. Усе гэтыя пытанні ў абагульненай форме разглядаюцца ў апошняй манаграфіі «Бляск і трагедыя ідэалу», выдадзенай выдавецтвам «Беларускі кнігазбор» у 2004 годзе.

2 каментарыя

  1. bhajravi кажа:

    дзякуй. цікава. на днях выпадкова набыў ляжалую (ажно 2000 года выдання) яго кніжку “Філасофія культуры” ў кнігарне на Карлы Мырлы. прачытаў запоем. ганьба, што такія аўтары не запатрабаваны і занядбаны!

  2. Мiхаiл кажа:

    Цiкавiÿся яго фiласофскiмі думкамі. ВельмI добрыя думкі і праÿдзiвы ÿ iх сэнс.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы