nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ВЕЧНЫ МІР (Частка 2)

18 мая, 2009 | Няма каментараў

Імануэль Кант


Трэці дэфінітыўны артыкул да вечнага міру.

Сусьветнае грамадзянскае права павінна быць абмежавана да ўмоваў агульнай наведванасьці (H o s p i t a l i t ä t)

Як і ў папярэдніх артыкулах, тут аб’ектам разгляду ёсьць не філантропія, а права, а наведванасьць (магчымасьць прымаць іншых), права чужога ня зьведаць з-за таго, што ён прыбыў на глебу другога, зь ягонага боку дрэннага з сабой абыходжаньня. Гэты можа адпрэчыць яго, калі гэта можа здарыцца безь ягонага зьнішчэньня, але пакуль ён паводзіць сябе на ягонай тэрыторыі мірна, гаспадар ня можа выяўляць да чужога варожасьць. Гэта ня права госьця, да якога ён можа апеляваць (дзеля чаго мусіла б яго зрабіць госьцем дома асобная дамова пра дабрачыннасьць), а права наведваньня, якое прадпісвае ўсім людзям дастасоўвацца да супольнасьці, што да права на супольнае ўладаньне паверхняй зямлі, на якой, як маючай форму шара, яны ня могуць пашырацца бясконца, а мусяць нарэшце пачаць цярпець адзін аднаго, але ад пачатку ніводзін чалавек, будучы ў адным месцы зямлі, ня можа мець больш правоў за іншага.

Неабжытыя часткі паверхні, такія як мора і пясчаныя пустэльні, разьдзяляюць гэтую супольнасьць, аднак так, што карабель альбо вярблюд (карабель пустэльні) робяць магчымым узаемнае набліжэньне і выкарыстаньне дзеля магчымых зносінаў права на валоданьне паверхняй, якое знаходзіцца ў супольным карыстаньні чалавецтва. Такім чынам, насуперак натуральнаму праву негасьціннасьць пустэльных берагоў мора (прыкладам, закрайкаў Бербершчыны), якая выражаецца ў тым, што рабуюць караблі ў моры бліз берага альбо ператвараюць пацярпелых крушэньне маракоў у рабоў, альбо негасьціннасьць пясчаных пустэльняў (арабскіх бедуінаў), меркаваньне, калі нехта набліжаецца да качавых плямёнаў, дык можна яго рабаваць, – але гэтае права наведванасьці, г.зн. легітымацыі для прыбышаў, не распаўсюджваецца далей, чым як на ўмовы магчымасьці спрабаваць наладзіць узаеміны з старажыхарамі.

У такі спосаб могуць мірна ўвайсьці ў стасункі адна з адной аддаленыя часткі сьвету, якія апошнімі атрымалі закон, і такім чынам можа быць, нарэшце, набліжанае прыняцьце ўсім людзкім родам сусьветнаграмадзянскай канстытуцыі.

Калі тут параўноўваць ненаведвальныя паводзіны цывілізаваных, прыстойна гандлюючых дзяржаваў нашай часткі сьвету, то несправядлівасьць, якую яны выяўляюць пры наведваньні чужых краінаў і народаў (і якая ім адно і тое самае, што падпарадкаваць іх) заходзіць палохаюча далёка. Амерыка, краіны чорнаскурых, выспы Вострых прыправаў, Мыс Паўднёвай Афрыкі etcetera пры іх адкрыцьці былі для іх краінамі, якія нікому не належаць; бо насельніцтва яны лічылі за нішто. Ва Ўсходняй Індыі (Індастане) яны з падставы адно меркаваных стратаў у гандлі нацкавалі чужыя ваяўнічыя народы, а зь імі прыйшло прыгнечаньне аўтахтонаў, падбухторваньне розных краёў Індустана да ахапіўшых вялікія абсягі войнаў, голаду, мяцяжоў, здрады і як там можа далей гучаць галашэньне дзеля зла, якое гняце род людзкі.

Таму Кітай і Японія (Ніпон), якія таксама мелі досьвед такіх гасьцей, мудра дазволілі доступ, але не ўваход толькі аднаму еўрапейскаму народу, галандцам, якіх яны аднак, як зьняволеных турмы, адмежавалі ад узаемінаў з тутэйшымі жыхарамі. Найгоршае тут, (альбо з пункту гледжаньня маральнага судзьдзі, самае лепшае) гэта тое, што яны нават не радуюцца на такі гвалт, што ўсе гэтыя таварыствы дзеяньня знаходзяцца на балансе падзеньня, што цукровыя астравы, гэтае месца найбольш жахлівага і рафінаванага рабства, не даюць сапраўднага прыбытку, а служаць толькі ўскосна, а менавіта на карысьць ня надта ўхвальнай дзейнасьці шкаленьня матросаў для ваенных флатоў, зноў-такі дзеля новых войнаў у Еўропе, і робячы шмат тэатру з набожнасьцю, пьюць несправядлівасьць як ваду ды яшчэ хочуць, каб іх лічылі выбранымі ў справе веры ў закон і права.

Паколькі спасярод народаў сьвету справа з даволі ўжо шчыльнай (бліжняй альбо і дыстанцыйнай) людзкой супольнасьцю зайшла так далёка, што парушэньне правоў у адным месцы Зямлі адчуваецца ва ўсіх, то ідэя Сусьветнага грамадзянскага права ня ёсьць фантастычнай і натужнай фігурай мысьленьня, а гэта неабходнае дапаўненьне няпісанага Кодэксу як дзяржаўнага, так і нацыянальнага права, які апісвае рух да грамадзкіх правоў чалавека наогул, і тым самым у бок вечнага міру, на шляху да якога можна дазволіць сабе адчуваць ухвалу набліжэньня толькі, калі выконваецца гэтая ўмова.

 

Дадатак.

Пра гарантыю вечнага міру

Тое, што дае гэтую гарантыю, гэта нішто меншае, як вялікая мастачка, прырода (natura daedala rerum), зь механічнага бегу якой відавочна праглядвае мэтазгоднасьць прымусіць паўстаць з людзкога разнабою адзінства нават насуперак іхняй волі, і таму, падобна да змушэньня нейкай паводле законаў дзеяньня невядомай нам падставы, – лёсу, які аднак пры ўзважваньні яе заканамернасьці ў дынаміцы сьвету будзе называцца правідзеньнем, бо ёсьць глыбіннай мудрасьцю падставы больш высокага парадку, скіраванай на аб’ектыўную канцавую мэту чалавечага рода; яе мы хай сабе і не распазнаем уласна паводле гэтых мастацкіх пабудоў прыроды, хіба вось толькі паводле іх мяркуем пра яе наяўнасьць, але (як ва ўсялякім суаднясеньні формы рэчаў на чыньнікі наогул) адно можам і маем думаць у гэтым кірунку, каб выкшталтаваць сабе панятак пра яе здольнасьць да аналогіі чалавечых мастацкіх дзеяньняў, уявіць сабе вынік і суладнасьць якіх адносна чыньніка (маральнага), які нам непасрэдна прадпісвае розум, ёсьць вось жа ідэяю, якая хай сабе ў тэарэтычным сэнсе ёсьць пазбытачнай, але ў практычным (прыкладам, сыходзячы з гледзішча абавязковага панятку вечнага міра, каб выкарыстаць дзеля яго той механізм прыроды) ёсьць дагматычнай і бадай што заснаванай паводле сваёй рэальнасьці.

Ужытак слова “прырода” гэтаксама, калі тут ідзецца адно пра тэорыю (не рэлігію), больш прыдатны для межаў чалавечага розуму, за той, што мусіць трымацца зважаючы на суадносіны наступстваў і чыньнікаў (унутры межаў магчымага досьведу), і больш сьціплы за выразьнік распазнавальнага намі правідзеньня, зь якім наканавана прыладжваюцца Ікаравы крылы, каб наблізіцца да таямніцы ягонага невытлумачальнага намеру.

Перш, чым мы цяпер тут больш дакладна вызначым гэтае гарантаваньне, будзе неабходна папярэдне дасьледаваць стан, заснаваны прыродай для дзеючых на гэтай вялікай сцэне асобаў, і які спрычыньвае гэтае забесьпячэньне міру, – але тады найперш спосаб, у які яна яго асягае.

Яе часовае ўладкаваньне палягае ў тым, што яна: 1) паклапацілася дзеля людзей ва ўсіх кутках зямлі, каб яны маглі жыць менавіта там; 2) пасяродкам вайны загнала людзей куды заўгодна, нават у нежылыя месцы, каб засяліць іх; 3) зноў-такі пасяродкам вайны змусіла іх уступіць у больш-менш законныя стасункі.

Што ў халодных пустэльнях каля Ледавітага акіяна ўсё яшчэ расьце мох, які паўночны алень капыціць з-пад сьнегу, каб пракарміцца сам альбо стаць ежай для асьцякоў альбо самаедаў; альбо што самыя салёныя пясчаныя пустэльні ўсё яшчэ ёсьць прытулкам для вярблюда, які нібыта як створаны для таго, каб аб’язджаць іх, каб яны не былі нявыкарыстаныя, – адно гэтае ўжо вартае захапленьня. Але яшчэ больш выразна высьвечваецца мэта, калі ўсьведамляеш, як акрамя зьвяроў у футрах на беразе Ледавітага акіяна, яшчэ даюць тамтэйшым жыхарам сваім мясам спажыву, сваім тлушчам сьвятло і цяпло цюлені, маржы і кіты. Але найбольш выклікае захапленьне забесьпячэньне прыродай плаўнікам, які яна (ня ведаючы як сьлед, адкуль ён прыплывае) дасылае ў гэтыя бязьлесныя краі і безь якога людзі не маглі б скарыстацца ні з свайго транспарту, ні са зброі, ні са свайго жытла, – бо ж ім даволі вайны са зьвярамі, каб спаміж сабой жыць у міры. Што іх аднак загнала аж сюды, дык гэта верагодна нішто іншае, як вайна. Але найпершы інструмант вайны сярод усіх зьвяроў, якіх чалавек за час засяленьня Зямлі змог прыручыць і зрабіць хатнімі, гэта конь (бо слон належыць да больш позьняга часу, а менавіта калі гэтак файна ўжо існавалі дзяржавы), гэтаксама як і мастацтва абрабляць пэўныя, для нас цяпер, што да паходжаньня, нераспазнавальныя больш расьліны, якія называюцца збожжам, – раўналежна з тым, што змаглі паўстаць, ужо пры сфармаваных дзяржавах зь іх прыватнай уласнасьцю на зямлю, размнажэньне і селекцыя садовых дрэваў праз перасадку і прышчапленьне (у Еўрапе, можа, адно толькі двух гатункаў – дзікай яблыні і грушы), – пасьля таго як чалавек перад гэтым ў стане беззаконнай свабоды прабіўся праз стан паляўнічага, рыбалова, пастуха да жыцьця з абраблянай зямлі, і былі вынайдзеныя соль і жалеза і сталі можа найпершымі шырока запатрабаванымі артыкуламі гандлю розных народаў, дзякуючы чаму яны спачатку ўсталявалі мірныя стасункі спаміж сабой, а потым і ўзаеміны, супольнасьць і мірныя стасункі нават з тымі, хто жыў воддаль.

У той час як прырода паклапацілася, што людзі змаглі жыць паўсюль на зямлі, яна адначасова дэспатычна схацела, што яны мусілі жыць паўсюль, хай сабе і насуперак жаданьню, і нават без таго. Каб гэтая мусовасьць адначасова была нейкім абавязкам, які б іх зьвязваў неяк у духу маралі, – вось жа яна, каб асягнуць гэтай сваёй мэты, выбрала вайну.

А менавіта, мы бачым народы, якія адзінствам мовы выяўляюць адзінства паходжаньня, як самаеды каля Ледавітага акіяна, з аднаго боку, і народ аднолькавай мовы за дзьвесьце міляў адтуль, у Алтайскім нагор’і, зь іншага боку, паміж якімі ўшчыміўся трэці, мангольскага паходжаньня, ваяўнічы народ на конях і такім чынам выціснуў частку племені далёка ў пакрытыя ільдом, нежылыя пустэчы, куды б яны, натуральна, аніяк не схацелі б пакіравацца з уласнае волі. Гэтаксама і фіны ў самым паўночным кутку Еўропы, называныя яшчэ лапамі, былі разьдзеленыя экспансіяй гоцкіх і сармацкіх народаў ад блізкіх да іх па мове, але цяпер вось аддаленых у прасторы вугорцаў; тое самае, мабыць, і што да эскімосаў (верагодна, першапачаткова насельнікаў Еўропы, бо ж зусім адрозных ад амерыканскіх аўтахтонаў прыгоднікаў) і народаў пячорэ на поўдні Амерыкі, якіх загнала аж да Вогненнай Зямлі няйначай вайна, якой паслугавалася прырода як сродкам, каб паўсюдна засяліць зямлю. Але сама вайна не вымагае якойсьці падставы для пачатку, але няйначай вынікае з прыроды чалавека, і выпадае, што лічыцца яна нават за нешта першароднае, на што чалавек натхняецца інстынктам гонару, без якіх-кольвечы карысьлівых чыньнікаў, так што ваяўнічая адвага (як з боку амерыканскіх дзікуноў, гэтак і еўрапейскіх, у часы рыцарства) цэніцца ня толькі ў час вайны (як танна), але і сам стан вайны цэніцца высока, так што вайну распачынаюць часта адно дзеля дэманстрацыі, – вайне надаецца ўнутраная годнасьць настолькі, што нават філосафы прамаўляюць ёй філіпікі як нейкаму сродку ўшляхетненьня чалавецтва; і як тут прамінуць выказваньне грэка: “Вайна дрэнная ў тым, што спараджае больш злых людзей, чым іх забівае”. Вось што да таго, што прырода робіць дзеля сваёй уласнай мэты, з гледзішча на чалавецтва як від жывёлаў.

А цяпер пытаньне, якое тычыцца істотнага, што да намеру вечнага міра: “Што прырода між тым робіць дзеля чыньніка, які ў якасьці абавязка накладае на чалавека яго ўласны розум, на карысьць стварэньня большага спрыяньня свайму маральнаму намеру, і як яна спраўджвае тую гарантыю, што тое, што чалавек мае рабіць паводле законаў свабоды, але ня робіць, ня шкодзячы гэтай свабодзе гэтаксама пасродкам прыроднага змусу, што ён гэта будзе рабіць, – гэта забясьпечваецца трыма стасункамі грамадзкага права: дзяржаўным, нацыянальным і міжнародным правам”. Калі я кажу пра прыроду: яна хоча, каб адбылося гэта ці тое, то гэта ня значыць адно і тое самае з тым, што яна накладвае на нас абавязак гэта рабіць, (бо гэта можа толькі беспрымусавы практычны розум), але: яна робіць гэта сама, хочам мы таго альбо не (fata volentem ducunt, nolentem trahunt).

1. Калі нават унутраныя нястачы не прымусілі народ скіравацца пад уладу грамадзкіх законаў, то гэта магла б зрабіць вайна звонку, што забясьпечвае ўжо згаданы раней стан рэчаў у прыродзе, калі знаходзіцца для кожнага народа другі суседні, які яго гняце і супроць якога ён мусіць аб’ядноўвацца ў дзяржаву, каб быць гатовым да адпору яму ў якасьці ўлады. І вось тут рэспубліканская канстытуцыя зьяўляецца адзінай, якая цалкам адэкватная правам чалавека, але яе і цяжэй за ўсё заснаваць, а яшчэ цяжэй захаваць, настолькі цяжка, што многія сцвярджаюць, гэта няйначай мае быць дзяржава анёлаў, бо людзі зь іхнімі эгаістычнымі схільнасьцямі ня здольныя на канстытуцыю сублімацыйнага кшталту. Але тут прырода прыходзіць на дапамогу паважанай, але на практыцы бяссільнай агульнай, загрунтаванай на розуме волі, а менавіта якраз пасяродкам тых эгаістычных схільнасьцяў, так што цяпер чарга адно за добрай арганізацыяй дзяржавы (на што людзі як-ніяк здольныя), такога скіраваньня сіл адной часткі людзей супраць іншай, што яны збалансоўваюць адна адну ў іхнім разбуральным уплыве альбо яго ўстараняюць: так што посьпех для розуму выпадае такім чынам, каб калі ні таго, ні другога спаборцы не было зусім, і такім чынам чалавек, хай сабе ён і ня будзе адразу ўзорна-маральным, але будзе змушаным быць добрым грамадзянінам. Праблема пабудовы дзяржавы, як жорстка гэта ні гучала б, будзе выканальнай нават для народа з адных чарцей (пры ўмове, што ў іх ёсьць розум), і яна гучыць так: “Пэўная колькасьць разумных асобаў, якім супольна патрэбныя дзеля самазахаваньня агульныя законы і кожны зь якіх, аднак, схільны патаемна рабіць сябе вынятковым, так парадкаваць і так уладкоўваць сваю канстытуцыю, што, хоць яны ў сваім прыватным разуменьні й імкнуцца спаборнічаць адзін супраць аднаго, але гэтыя законы настолькі стрымліваюць іх, што ў іхніх грамадзкіх паводзінах вынік той самы, каб як калі ў іх зусім не было ніякіх злых намераў”. Такая праблема напэўна вырашальная. Бо гэта не маральнае паляпшэньне чалавека, а толькі прыродны механізм, ад якога місія патрабуе веданьня, як прымяняць яго да людзей, каб так рассудзіць спаборнасьць нямірных настрояў у народзе, што яны самі змушалі б адно аднаго да падпарадкаваньня абмежавальным законам і такім чынам стварылі б сітуацыю міру, пры якім законы маюць дзейсную сілу. Гэта можна бачыць па рэальна наяўных, яшчэ вельмі недасканала арганізаваных дзяржавах, што яны ў зьнешніх сваіх паводзінах ужо вельмі набліжаюцца да таго, што называецца ідэяй права, хоць напэўна ж прычынай таму ня ўнутраныя маральныя падставы (як ня ёсьць таму прычынай добрая ўнутраная канстытуцыя, але якраз наадварот, ад гэтай апошняй варта чакаць добрай маральнай адукацыі народа), між тым што прыродны механізм пасяродкам эгаістычных памкненьняў, якія, натуральна, і зьнешне супярэчаць адно аднаму, можа быць ужыты розумам у якасьці інструмента для таго, каб ён саступіў месца сваёй мэце, прадпісаньню права; і тут , наколькі гэта залежыць ад дзяржавы, было аказанае спрыяньне і дадзеныя гарантыі ўнутранаму і зьнешняму міру. Такім чынам, тут ідзецца пра наступнае: прырода непераадольна хоча, каб права нарэшце атрымала верхавенства. Тое, што тут упускаюць зрабіць, – яно нарэшце зробіцца само па сабе, хоць і зь вялікімі праблемамі. “Калі трубу перагнуць, дык яна лопне; а хто хоча занадта шмат, той нічога ня хоча”. Бутэрвек (B o u t e r w e k).

2. Ідэя міжнарорднага права мае перадумовай адасабленьне шматлікіх незалежных суседніх дзяржаваў і, хоць такі стан рэчаў ужо сам па сабе ёсьць вайной (калі федэратыўнае іх аб’яднаньне не прадухіліць выбух варожасьці). Нават такі, ён лепш ад іх зьліцьця пасяродкам перарастаючай гэтую ўлады, якая пераходзіць ва ўніверсальную манархію, таму што законы з павелічэньнем урада губляюць сілу, і бяздушная дэспатыя, выкараніўшы зародкі дабра, нарэшце заняпадзе ў анархію. Між тым гэта патрабаваньне кожнай дзяржавы (альбо яе галавы) – такім спосабам кіравацца да працяглага міру, што ён, па магчымасьці, ахіне ўвесь сьвет. Але прырода хоча, каб было па-іншаму. Яна паслугоўваецца двума сродкамі, каб паўстрымаць народы ад зьмешваньня і адасобліваць іх, і гэта розьніца ў мовах і ў рэлігіях, якія хоць і маюць схільнасьць да нянавісьці са зьменнай дынамікай, і нясе ў сабе падставу для вайны, але пры росьце культураў і паступовым збліжэньні людзей прыводзіць да большага сугучча прынцыпаў, да паразуменьня ў міры, які не як той дэспатызм (на могілках свабоды, сілкуецца аслабленьнем усіх і ўсялякіх сілаў), а дасягаецца праз іх баланс, у працэсе іх самага жывога спабору.

3. Гэтаксама, як мудра прырода дзеліць народы, якія воля кожнай дзяржавы, і прытым нават паводле прынцыпаў міжнароднага права, ахвочая яднаць хітрасьцю і гвалтам, так яна, зь іншага боку, аб’ядноўвае пры дапамозе ўзаемнай карысьці народы, якія яна не змагла б гарантавана аб’яднаць нават паводле панятку міжнароднага права. Гэта дух гандлю, які ня можа суіснаваць з вайной і які рана ці позна апаноўвае любы народ. І калі спасярод усіх падпарадкаваных дзяржаўнай уладай (сродкаў) улада грошай мабыць самая надзейная, то дзяржавы бачаць сябе змушанымі (праўда, якраз не рухаючымі сіламі маралі) спрыяць вечнаму міру і, як толькі дзе ў сьвеце пагражае выбухнуць вайна, прадухіліць яе пасяродніцтвам, як быццам яны з гэтай прычыны знаходзіліся ў нейкім стабільным хаўрусе; бо вялікія хаўрусы дзеля вайны, зусім у суладнасьці з станам рэчаў, могуць здарацца адно вельмі рэдка, і яшчэ больш рэдка яны ўдаюцца. У такі спосаб прырода самім механізмам чалавечых схільнасьцяў гарантуе вечны мір, праўда, з такой гарантыяй, якой недастаткова, каб прадказаць яго (тэарэтычную) будучыню, але на практыцы гэтага бывае даволі, і яна робіць абавязкам працу на карысьць гэтай (не хімерычнай) мэты.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы