nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Сурвіла і Шушкевіч зьвярнуліся да прэзыдэнта ЗША

6 жніўня, 2009 | 3 каментарыя

d094d0b0-d090d0b1d0b0d0bcd18bУчора ў СМІ прайшла інфармацыя (гл. www.svaboda.org/content/article/1793359.html) аб падзеі, якую мы ня маем права праігнараваць. Былы старшыня ВС РБ Станіслаў Шушкевіч і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнуліся з “Адкрытым лістом” да прэзыдэнта ЗША Барака Абамы “… з краіны Ўсходняй Эўропы, якая не ўваходзіць у НАТО і Эўразьвяз”. Відавочна, што гэтая падзея ідзе ў фарватары аналагічнага зварота ад былых кіраўнікоў краін Усходняй Еўропы, якія ўваходзяць у вышэйпамянёныя міжнародныя структуры (гл. https://nashaziamlia.org/2009/07/21/2449/). Адразу скажам: сп-ры Сурвіла і Шушкевіч зрабілі тое, што павінны і што змаглі (адзінае, нам не падабаецца, што ў лісьце няма акцэнта на галоўных беларускіх праблемах). Аднак у цэлым мы глядзім на практычную персьпектыву гэтага звароту хутчэй песімістычна. Палітыка ЗША што да Беларусі па вядомых прычынах наўрадці зьменіцца (гл. https://nashaziamlia.org/2008/12/20/1684) – яна як была неэфектыўнай, зыходзячы з крытэраў беларускай дэмакратыі, так, найверагодней, і застанецца такой… Таму дакумент мы выстаўляем з большага для таго, каб яго зафіксаваць.

Рэдакцыя.


СПАДАР ПРЭЗІДЭНТ!

16 ліпеня 2009 года польская газэта «Gazeta Wyborcza» апублікавала ліст да Вашай адміністрацыі, які ўзьнімае ключавыя пытаньні Эўраатлянтычнага партнэрства. Яго падпісалі 22 чалавекі, якія зьяўляюцца [зьяўляліся. – Рэд.] элітай зьнешняй палітыкі і бясьпекі краінаў — новых чальцоў НАТО і ЭЗ, інтэлектуалы Усходняй і Цэнтральнай Эўропы.

Наўпрост ці ўскосна ўсе пытаньні, якія яны закранулі, датычаць дынамікі бягучых і, верагодна, будучых падзеяў у іх рэгіёне Эўропы, датычных адносінаў з Расеяй. Яны заклікаюць Злучаныя Штаты да ўдзелу ў сытуацыі і супрацоўніцтве ў якасьці сапраўднага партнэра Эўропы, заклікаюць выступаць адносна праблемаў рэгіёна — пераканаўча, выразна і своечасова.

На жаль, у напісаньні гэтага ліста не ўдзельнічалі, або, прынамсі, яго не падпісалі, іх калегі з тых усходнеэўрапейскіх краінаў — Армэніі, Азэрбайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны — якія пакуль не зьяўляюцца чальцамі НАТО і ЭЗ і не маюць адпаведных гарантыяў бясьпекі. Не выпадкова, што гэта тыя эўрапейскія краіны, якія бліжэй за усё да Расеі, і тыя, у каго самы працяглы досьвед жыцьця пры савецкім расейскім камунізме. Гэты досьвед зьяўляецца асабліва важным зараз, у кантэксьце апошніх падзеяў і тэндэнцыяў.

Усе пытаньні, узьнятыя аўтарамі адкрытага ліста, надрукаванага ў Gazeta Wyborcza, і шмат, шмат якія іншыя, самым непасрэдным чынам датычаць нашых краінаў. Расейска-грузінскі канфлікт летась, без сумневу, найбольш відавочная дэманстрацыя гэтага факту. Але наўрад ці адзіная.

Эканамічны шантаж Масквы ў дачыненьні да Беларусі, Малдовы і Украіны з мэтай прымусіць іх вярнуцца ў сфэру ўплыву Крамля з яго рэвізіянісцкай палітыкай, зьяўляецца менш вядомай, але не менш рэальнай пагрозай для іх будучыні. Пэрыядычны энэргетычны шантаж Расеяй усіх гэтых шасьці краінаў стаў нормай у першым дзесяцігодзьдзі 21 стагодзьдзя.

З-за доўгага дамінаваньня, спачатку Расеі, затым Савецкага Саюза нашая радзіма Беларусь — гэта асаблівы выпадак і ёй трэба надаць асаблівую ўвагу. Мы бачым, што сукупнасьць фактараў у сучаснасьці – эканамічных, палітычных, у сфэры бясьпекі — можа быць шматабяцальнай для “пераменаў, у якія мы можам верыць”, якія абвесьціла вашая адміністрацыя, і якія захапілі ўяўленьне людзей ва ўсім сьвеце.

ЭЗ з ухвальнай мудрасьцю адказаў на пераменлівыя рэаліі Усходняй Эўропы, у прыватнасьці, ініцыятывай Усходняе Партнэрства. Зараз мы заклікаем ЗША далучыцца да яго з такой жа дальнабачнасьцю і энэргіяй. З ўсіх прычынаў, пазначаных падпісантамі Адкрытага ліста ад 16 ліпеня, якія яны бачаць з іх выйгрышнай пазыцыі чальцоў НАТО і ЭЗ, мы таксама заклікаем ЗША скарыстацца магчымасьцямі, якія пакуль ёсьць. З пазыцыі краінаў, якія знаходзяцца па-за межамі гэтых арганізацыяў, мы можам прапанаваць шмат што. І нашыя патрэбы таксама вялікія. Мы чакаем ад Амэрыкі, гэтак жа як і ад Эўропы, мудрасьці і мужнасьці, якія так неабходныя ў наш час.

 

Станіслаў Шушкевіч, экс-спікер беларускага парлямэнта, першы кіраўнік Рэспублікі Беларусь

Івонка Сурвіла, Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні

 

3 каментарыя

  1. Дарафей кажа:

    Ну ўжо зусім лічуць свой народ за калеку, які не здольны без дапамогі з замежжа змяніць свой лёс да лепшага. Ага, прыйдзе такі добры дзядзька Сэм і пабудуе беларусам годнае жыццё. Калі і прыдзе, то і пастроіць яго на свой лад. Спадзявацца і апірацца трэба на свой народ

  2. Siarhiej кажа:

    Тое, што народ пакалечаны – відавочна. І па дапамогу трэба звяртацца. Але 90% працы трэба рабіць самім.

  3. Не за дапамогай патрэбна звяртацца, а станавіцца гаспадаром на сваёй зямлі і суб’ектам на міжнароднай арэне. Сёння увесь народ сапраўды не ў стане гэта рабіць, бо знаходзіцца ў стане раба (рабская псіхалогія). А гэта робіць нацыянальна-патрыятычная эліта. Толькі нацыянальна-патрыятычная эліта здольна вырашаць праблемы ўсяго народа. Па гэтай прычыне і вынішчалася эліта ва ўсе векі. У сваёй праграме я і ставіла гэта пытанне, як самае важнае. Не трэба пужацца слова нацыянальна-патрыятычная. Наша нацыя не абаронена ні кім і ні чым, аб’ект захопу. Абараняцца ад захопнікаў – гэта жыццёва неабходна, як есці, піць, спаць. Без патрыятызму таксама немагчыма. Кожны ратуе сваю скуру, а жыццё становіцца ўсё горш і горш. Вынік адмоўны. Пры ўсёй маёй павазе да сп. Сурвіла і сп. Шушкевічу, я лічу што гэта адсебяціна. Гэта ёсць беларуская інтэлегенцыя, а не кіраўнікі нейкай уплывовай нацыянальнай сілы. Каб стаць уплывовымі, трэба стварыць моцную нацыянальную сілу. Хто можа да іх прыслухацца, калі за імі няма людзей, няма ідэй, няма праграмы, няма сваіх нацыянальных грошаў. Каму патрэбны нахлебнікі? Мы на пустых справах згубілі час, згубілі людзей. Сёння адна задача – ствараць эліту: палітычную, культурніцкую, духоўную, ваенную і бізнес-эліту, ствараць калектыўны разум і рухацца да сваёй мэты.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы