nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Сьмяротнікі

29 лістапада, 2009 | Каментары (1)

Яўген Мурашка, старшыня Зьвязу Беларусаў Нямеччыны

d094d0bed19ed0bdd0b0d180

26 лістапада ў шпіталі горада Мар’іна Горка памёр актывіст Партыі Беларускага Народнага Фронту (ПБНФ) Валянцін Доўнар. Як паведаміў газеце “Наша Ніва” аднапартыец загінулага Алесь Васьковіч, 20 лістапада прыкладна ў 22:00 на Валянціна Доўнара напалі на вуліцы невядомыя, зьбілі яго жалезнымі прутамі па галаве і зьбеглі. 49-гадовага актывіста ПБНФ даставілі ў рэанімацыю, але выратаваць яго не ўдалося. Валянцін Доўнар быў вядомым у Мар’інай Горцы распаўсюднікам незалежнай прэсы. Кожную пятніцу ён прывозіў зь Менску свежыя нумары «Народнай волі», «Новага часу», разносіў іх падпісантам, астатнія нумары раздаваў.


Паводле міліцыі, Валянцін Доўнар загінуў у выніку няшчаснага выпадку.
Кіраўнік крымінальнага вышуку Мар’інай Горкі Яўген Кульбіцкі паведаміў “Свабодзе”, што позна ўвечары ў мінулую пятніцу Валянціна Доўнара знайшлі супрацоўнікі міліцыі ў цэнтры горад
а непадалёк ад будынка РУУС. Медыкі зафіксавалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Паводле экспертаў, ніякіх сьлядоў зьбіцьця на целе Валянціна не было.

Міліцыянты лічаць, што Валянцін паваліўся на зямлю і ўдарыўся галавой аб брукаваны бардзюр. Гэтая траўма і стала прычынай ягонай сьмерці: “Паваліўся, ударыўся аб плітку тратуарную. Яго знайшлі супрацоўнікі міліцыі і выклікалі хуткую. Даставілі ў шпіталь. Дыягназ: закрытая чэрапна-мазгавая траўма. Медыкамі было прынята рашэньне праапэраваць. Ён пасьля яшчэ жыў. Потым памёр. Эксперты далі заключэньне, што сьмерць наступіла ад ЧМТ. Відочных пашкоджаньняў на целе няма. Адзеньне не парванае. Рэчы ўсе пры ім. Няма ніякага забойства”.

Дзьве версіі, адна смерць. Да якой схіліцца? На наш погляд, больш верагодная першая. Ва ўмовах дыктатуры і прававога бязмежжа грамадзянін не застрахаваны ад гвалту, замаху на свабоду і жыцьцё. Прыкладаў у Беларусі – колькі заўгодна. Загінуў пры нявысьветленых абставінах А.Майсеня. Таямніцай ахутана сьмерць Г.Карпенкі. Зьніклі і загінулі Ю.Захаранка, В.Ганчар, А.Красоўскі, З.Завадскі. Даведзена да самагубства маладая жанчына Я.Палякова.

А колькі зьбітых маладых сумленных беларусаў? На чыім сумленьні іх лёс?

27.11.2009 г стала вядома аб зьнікненьні А.Фінькевіча. На вуліцы да моладзевага лідэра падышлі шэсць чалавек у цывільным. Схапілі, закінулі ў машыну і адвезлі ў невядомым кірунку. Усё гэта бачыла бабуля Артура з акна ўласнай кватэры.

28.11. 2009 г актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Уладзімера Лемеша скралі і вывезлі за город на аўтамабілі без нумарных знакаў.

“У машыне забралі рукзак і абшукалі. Адабралі нацыянальны сьцяг, зьнічкі, партрэты кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну, СІМ-карты з тэлефонаў і флэшку. Мне апранулі кайданкі, а на галаву насунулі шапку так, каб я нічога ня бачыў. Усю дарогу маю галаву трымалі прыгнутай да каленяў. Дарога была доўгая. Спамінаў нядаўняе жорсткае забойства ў Мар’інай Горцы актывіста БНФ Валянціна Доўнара і мне было не па сабе.”

Ці не зашмат здарэньняў за такі кароткі тэрмін?

Гвалтоўная сьмерць, інакш не кваліфікуеш, мужчыны ў росквіце гадоў В.Доўнара – у шэрагу гэтых злачынстваў. Выснова ляжыць на паверхні: усе, хто імкнецца да вольнага жыцьця, хто змагаецца за свае правы – гэта патэнцыяльныя сьмертнікі ці вязьні лукашысцкіх лагераў. Толькі прыхільнікам рэжыму, усялякім РНЕ ды нацыянал-бальшавікам, якія прапагандуюць у нашай краіне расейскую фашыстоўскую ідэалогію, жывецца вольна. Ёсьць яны і ў Віцебску, і у Гомелі. Сьпецслужбы пра іх дзейнасьці ведаюць. Аднак на іх не распаўсюджваецца 193 артыкул. Дайшло да таго, што яны нават пагражаюць фізічнай расправай сумленным беларусам. У якой дэмакратычнай краіне такое магчыма?

Невядома адкуль у Беларусі з’явіліся “казакі”. І рэжым вуснамі сп. У.Макея прапаноўвае ім актывізаваць сваю дзейнасьць, абяцаючы ўсялякую падтрымку. Гэту падтрымку яны мусяць адпрацоўваць і, верагодна, будуць выконваць паліцэйскія функцыі пры разгоне мірных акцый і дэманстрацый. Заўважце, не на Доне, а на вуліцах нашых беларускіх гарадоў.

Зыходзячы з адзначанага, Зьвяз Беларусаў Нямеччыны не прымае афіцыйную версію сьмерці нашага сумленнага беларуса спадара Валянціна Доўнара. На нашу думку, сп-р Доўнар не мог проста паваліцца і падгадаць галавой на бардзюр. Пры адсутнасьці алкаголю ў арганізме, галалёду, штармавога ветру і да т.п. не мог мужчына ў роськвіце гадоў безпадстаўна паваліцца. Няма веры і заключэньню судмедэкспертаў. Яны на дзяржаўнай службе і пад прымусам начальства могуць напісаць, што заўгодна.

Мы лічым, што неабходна правесьці незалежнае рассьледаваньне, дзеля чаго стварыць адмысловую групу з прадстаўнікоў грамадскай супольнасьці, медыкаў, праваабаронцаў. Справай гонару гэтае расследваньне павіна стаць для ПБНФ, сябрам якой быў сп-р Валянцін. Ніякія гвалтоўныя дзеяньні з боку прадстаўнікоў уладаў не павінны заставацца па-за ўвагай грамадства, а палітычных арганізацый, якія прэтэндуюць на ўваходжаньне ва уладу – тым больш.

Неабходна ствараць адмысловыя групы самаабароны, каб аператыўна і адэкватна рэагаваць на пагрозы расправы з боку прыхільнікаў рэжыму ў дачыненьні да сумленных беларусаў. Згодна Канстытуцыі кожны грамадзянін мае права на абарону сваёй асобы і сваіх блізкіх ад агрэсіўных і гвалтоўных захадаў з боку каго б там ні было, у тым ліку і прадстаўнікоў ці прыхільнікаў улады.

28.11.2009 г.

Каментары (1)

  1. Ударыўся галавой у бардзюр між райаддзеламі міліцыі і КДБ

    Як чалавек мог праляжаць на самым відным месцы ў горадзе некалькі гадзін і ніхто яго не заўважыў? Чаму міліцыя кажа, што Доўнар быў п’яны, калі гэты чалавек ніколі не ўжываў? Дзе дзеліся тыя газеты, што вёз з сабой з Мінска Доўнар? Чаму не быў зафіксаваны выклік у «хуткай дапамозе»? Чаму на пахаванне не прыехаў ніхто ў босаў Партыі БНФ?
    Пытаньні, якія задаюць чытачы Нашай Ніве

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы