nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

14 лістапада 2009 г. прайшоў “Беларускі Эўрапейскі Форум”

1 снежня, 2009 | Каментары (1)

Рэдакцыя.

d0a4d0bed180d183d0bc-d091d09dd091-1“Форум” праходзіў у Менску, у памяшканьні ДК МАЗа. Удзельнікі заявілі пра сваю падтрымку паглыбленьню стасункаў Беларусі з Эўрапейскім зьвязам й інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць. Яны запатрабавалі ад уладаў паважаць свабоду СМІ, свабоду сумленьня і веравызнаньня, сходаў і асацыяцыяў, гарантыяў адкрытых і справядлівых выбараў, аднаўленьня мясцовага самакіраваньня ў Беларусі. Паколькі мы плануем заўтра падаць артыкул аднаго з нашых сталых аўтараў зь яго поглядам на дзейнасьць новаўтворанага “Беларускага Незалежніцкага Блоку” (БНБ), мы вырашылі, што будзе дарэчным спачатку прадубляваць на нашым сайце рэпартаж “Свабоды” пра ўзгаданы вышэй “Форум” (падаецца паводле www.svaboda.org/content/article/1877906.html).


1.

9.00 Пачалася рэгістрацыя дэлегатаў (гл. ніжэй фота 1). Дэлегатамі вылучаныя 1063 чалавекі. Абвешчана, што агульная колькасьць удзельнікаў з улікам гасьцей і замежных палітыкаў можа дасягнуць 1200 чалавек. Сярод ініцыятараў правядзеньня БЭФ: рух “За Свабоду”, аргкамітэт па стварэньні Партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, аргкамітэт у справе стварэньня “Партыі свабоды і прагрэсу”, міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Малады фронт” (пазьней у каментарах “малады беларус” зь Менску паправіў: “Сярод ініцыятараў правядзеньня БЭФ насамрэч былі 7 суб’ектаў: Рух “За Свабоду”; аргкамітэт у справе стварэньня Партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”; аргкамітэт у справе стварэньня Партыі свабоды і прагрэсу; міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Малады фронт” (Чэхія); моладзевы рух “Маладая Беларусь”; арганізацыя “Правы Альянс”; моладзевы Хрысьціянска-Сацыяльны Саюз “Маладыя Дэмакраты”).

Старшыня аргкамітэту БЭФ — Аляксандар Мілінкевіч.

 

d0a4d0bed180d183d0bc-d091d09dd091-2

 

10.45 Заля запаўняецца дэлегатамі. Арганізатары кажуць, што рэгістрацыя праходзіць нармальна — безь непрыемнасьцяў і правакацый. Дэлегатам раздаюць бел-чырвона-белыя сьцяжкі і сьцяжкі Эўразьвязу.

10.55 Сярод дэлегатаў: Старшыня ТБМ Алег Трусаў, сустаршыні аргкамітэту БХД Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі, кіраўнік “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў генэрал Валеры Фралоў, былы палітвязень Андрэй Клімаў, кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, старшыня прэзыдыюму Менскага саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін, кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, палітык Мікола Статкевіч.

11.00 Форум пакуль не пачаўся. Заля ўжо ня можа ўмясьціць усіх прысутных на сходзе. Журналісты і госьці стаяць у праходах. На другім паверсе ДК МАЗ разгорнутая выстава ўдзельнікаў фотаконкурсу “Эўрапейская Беларусь”.

11.10 Праца форуму пачалася з выкананьня гімну “Магутны Божа” (фота 2). Прысутнічае 809 дэлегатаў. На сцэне ўсталяваны вялікі экран, зь якога вядзецца відэатрансьляцыя зьезду (гл. фота ў пачатку матэрыяла).

11.15 Першым выступае намесьнік кіраўніка Руху “За свабоду” Віктар Карняенка: “Ці можам мы палепшыць жыцьцё ў краіне, калі мы ня будзем удзельнічаць у працэсах, якія ідуць у краіне? Не! І яшчэ раз не! Прыхільнікаў эўраінтэграцыі зараз у краіне даволі шмат, але яны не скаардынаваныя. Мы не ставім сваёй задачай некага перамагчы, паставіць на месца. Мы ставім задачай пераканаць тых людзей, якія яшчэ ня з намі”.

11.25 Амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан (фота 3): “Можна задаць пытаньне: ці патрэбны такі форум? Патрэбны. Магу прывесьці прыклад Швэцыі. У нас працэс далучэньня да эўрапейскіх структураў быў ня вельмі лёгкі. Шмат хто ў краіне не жадаў аддаваць паўнамоцтвы Брусэлю. Але ўрэшце швэды пераканаліся, што можна быць эўрапейцам і пры гэтым заставацца швэдам. Я спадзяюся, што форум узмацніць эўрапейскі вэктар у Беларусі. Сваімі ўдзелам, мы – замежныя амбасадары, падтрымліваем ня пэўныя партыі, ня пэўных асобаў, а працэс эўрапейскай будучыні Беларусі. У Беларускім грамадзтве вельмі шмат людзей, якія бачаць Беларусь як частку Эўропы. Гэтыя людзі і ва ўладзе, і ў бізнэсе – паўсюль. Трэба іх аб’ядноўваць. Калі вынікамі гэтага форуму будзе чарговае пацьверджаньне таго, што Беларусь належыць да эўрапейскай цывілізацыі, то гэты форум варта было праводзіць”.

11.35 Удзельнікі форуму праглядаюць відэа звароты былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла, былога кіраўніка Літвы Вітаўтаса Ланзбэргіса, старшыні Эўрапейскага парлямэнту Ежы Бузэка. Ежы Бузэк: “Дазвольце нагадаць вам тое, што зьяўляецца фактам і на што ня трэба забывацца. Беларусь зьяўляецца часткай эўрапейскай цывілізацыі, часткай эўрапейскай сям’і. Вашае права жыць у сувэрэннай дзяржаве павінна быць абароненае. Эўрапарлямэнт у гэтым сэнсе працягвае руку Беларусі. У будучыні Беларусь павінна мець самыя моцныя сувязі з Эўразьвязам”.

11.50 Выступае намесьніца старшыні Эўрапейскай народнай партыі дэпутатка Эўрапарлямэнту Карын Вортман-Кооль: “Ці маглі мы ўявіць, што 20 гадоў таму быў Бэрлінскі мур? Эўропа мяняецца. Эўропа будзе мяняцца. Беларусь належыць да эўрапейскай сям’і. Мы хочам выказаць сваю падтрымку форуму і руху, які выступае за зьмены ў Беларусі. Эўрапейская народная партыя, увесь Эўрапарлямэнт заклікае беларускае кіраўніцтва правесьці свабодныя прэзыдэнцкія выбары і забясьпечыць свабоды прэсы”.

12.00 Збігнеў Рамашэўскі, віцэ-маршалак Сэнату Польшчы: “На шляху да дэмакратыі трэба памятаць, што людзі бываюць розныя: адныя больш таленавітыя, іншыя — не. Трэба пра гэта памятаць, каб на шляху да Эўропы ня страціць большасьць падтрымкі грамадзтва. Людзей трэба доўга рыхтаваць да жыцьця ў дэмакратычным грамадзтве”.

12.10 Яцэк Пратасевіч (фота 4), кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю ў сваім выступе ўзгадаў, што ягоная сям’я паходзіць з Баранавічаў. Прысутныя зааплядзіравалі (фота 5). Пратасевіч таксама сказаў: “Я магу вам паабяцаць, што калісьці я зьвярнуся да вас па-беларуску (…) Беларусі патрэбная Эўропа, але і Эўразьвязу патрэбная Беларусь. Мы нічога не дыктуем. Беларусь патрабуе больш свабоды і большай павагі да правоў чалавека. Вы ня толькі нашыя суседзі, але нашыя браты і сёстры. Эўрапейская палітыка санкцыяў не накіраваная супраць кагосьці, супраць нейкай асобы, папросту мы хочам, каб у Беларусі было болей Свабоды. (…) Праграма “Ўсходняе партнэрства” распрацаваная дзеля таго, каб дапамагчы вашаму народу наблізіцца да свабоды. Паверыць, што гэта магчыма, мець моц, каб дзейнічаць і мець лідэраў, якія возьмуць адказнасьць за краіну тады, калі надыдзе час. Гэтага я вам і жадаю”.

12.20 Дэпутат Бундэстагу Мануэль Сарацын: “На маю думку, ідэя далучэньня Беларусі да эўраструктураў не накіраваная супраць некага. Гэтая ідэя ў інтарэсах Беларусі. І так павінна быць. Прысутнасьць такіх шаноўных гасьцей на вашым форуме паказвае, што Беларусь не забытая ў Эўропе. Калісьці гэтыя імпрэза будзе разглядацца як адна з цаглінак у пабудове агульнага эўрапейскага дому”.

12.25 Большасьць папярэдніх выступоўцаў прамаўлялі па-ангельску. Памочнік Аляксандра Мілінкевіча Алесь Лагвінец, сынхронна перакладаў на беларускую мову. Жан Дамінік Джуліяні, старшыня Фонду імя Рабэра Шумана, прамаўляў па-француску. Яго сынхронна перакладаў таксама Лагвінец. Джуліяні: “Сучасная Эўропа зьявілася 9 траўня 1950 году, калі Рабэр Шуман, францускі міністар замежных спраў, вырашыў, што не павінна быць болей войнаў у Эўропе. Аб’яднаная Эўропа — гэта значыць захоўваць сваю тоеснасьць, але супрацоўнічаць. Заставацца самім сабой ва ўмовах адчыненых межаў. Эўропа мае патрэбу ў Беларусі, Беларусь мае патрэбу ў Эўропе. Хай жыве эўрапейская Беларусь!”

12.30 Пачаліся выступы беларускіх удзельнікаў. Першы — старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч (фота 6): “Сёньня больш, чым калі раней Беларусь стаіць перад важным геапалітычным выбарам. Ці будзе Беларусь буфэрнай зонай? Ці зойме яна сваё месца ў Эўропе. Некаторыя палітыкі хочуць адысьці ад такога выбару, заяўляючы, што яны не праэўрапейскія і не прарасейскія. Але быць праэўрапейскім палітыкам гэта азначае шанаваць і нацыянальныя каштоўнасьці. Можна доўга дыскутаваць, дзе палягае мяжа Эўропы, але дакладна не на заходняй мяжы Беларусі (…) Нехта хоча думаць, што Беларусь — мост паміж Расеяй і Эўропай… Мост — гэта кепскі варыянт, бо ты ўвесь час вісіш у паветры. Гэта той самы прахадны двор, толькі вельмі вузкі (…) Форум стане значным крокам на вяртаньні Беларусі ў Эўропу”.

12.50 Зьяўленьне сустрашыні БХД Паўла Севярынца на сцэне суправаджалася аплядысмэнтамі. Севярынец (фота 7): “18 гадоў таму Беларусь стала незалежнай. Гэта ўзрост паўналецьця. Не сьціхае рэха купалаўскага пытаньня: “А хто там ідзе?” Адказваюць, што тутэйшыя, савецкія, расейцы з пазнакай якасьці. Але мы — беларусы. Значыць мы — эўрапейцы. Беларуская эўрапейскасьць зыходзіць з нашай агульнай тысячагадовай гісторыі. Ня можа быць новай Беларусі без пакаяньня, бязь Бібліі, бяз Госпада Бога. А сёньняшні рэжым бязбожны і нехрысьціянскі. Таму ён асуджаны Богам і гісторыяй. І гэты рэжым мусіць сысьці. Наступным прэзыдэнтам Беларусі будзе сапраўды эўрапеец, які верыць у Бога і любіць Беларусь. Але недалёкі і той час, калі Беларусь будзе прапаноўваць свайго кандыдата на пасаду прэзыдэнта Эўрапейскага зьвязу. Некаторыя ўжо казалі напярэдадні форуму, што тут сабраліся людзі, якія ўжо пра ўсё дамовіліся ўладай. Ці верыце вы, што гэтая ўлада здольная пабудаваць свабодную эўрапейскую Беларусь? (Заля хорам адказала: “Не!”) Ці мусім мы, дэмакратычная супольнасьць, самі будаваць дэмакратычную Беларусь? (“Так!” — адказала заля.) Мы гатовыя ўзяць адказнасьць за гэтую краіну”.

13.15 Абвешчаны кароткі перапынак. Пасьля якога пачне працу тэматычная сэкцыя “Палітыка”.

14.00 Першая сэкцыя — “Палітыка”. Асноўны выступоўца Яцэк Пратасевіч: “25 гадоў таму, калі я пачынаў сваю палітычную дзейнасьць, у мяне было дзьве альтэрнатывы: альбо турма, альбо эміграцыя. Дзе я цяпер: ні ў турме, ні ў эміграцыі, а ў Эўрапейскім парлямэнце. Мы зробім усё, каб вас упусьціць у Эўразьвяз, каб вас прыняць у Эўразьвяз, але нічога ня будзем рабіць, каб вас туды ўцягваць гватлам”.

14.15 “Без адхіленьня ад улады кіроўнай вярхушкі эўрапейская пэрспэктыва Беларусі немагчымая”, — заявіў на сэкцыі “Палітыка” Мікола Статкевіч. Ён дадаў, што ў дакумэнтах БЭФ ня ўбачыў праграмы, як можна зьмяніць сёньняшнюю ўладу.

14.20 Эўразьвяз прапануе Эўракамісіі пачаць перамовы з уладамі Беларусі наконт спрашчэньня візавага рэжыму перамяшчэньня беларусаў у краіны Эўразьвязу. Такі пункт утрымліваецца з праекце рашэньня адносна візавых санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў, якое будзе прымацца ў Брусэлі 16-17 лістапада. Пра гэта заявіў на паседжаньні палітычнай сэкцыі БЭФ кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю Яцэк Пратасевіч: “Першы крок у гэтай справе ўжо зроблены. Але вы можаце спытацца ў мяне, чаму гэта зроблена так позна. Ёсьць тлумачэньне. Да таго часу, пакуль Эўразьвяз разглядаў Беларусь як краіну, якая мусіць быць ізяляванай, ён ня меў права падпісваць зь ёй пагадненьне. Таму гэта перашкаджала прымаць такія захады раней”, — патлумачыў Пратасевіч.

14.40 Вынікі працы сэкцы “Палітыка” падвёў дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі. Ён заклікаў “бачыць у эўрапейцах, якія спрабуюць размаўляць зь беларускай уладай, найперш нашых партнэраў, давяраць ім, верыць у тое, што яны робяць усё правільна, што яны ідуць разам зь беларускай дэмакратычнай грамадзкасьцю да адной мэты”. А эўрапейцаў Сіліцкі папрасіў выкарыстоўваць любыя магчымасьці для камунікацыі зь беларускім грамадзтвам.

Ужо пасьля таго, як праца сэкцыі фактычна скончылася, амбасадарка Францыі Мірэй Мюсо адрэагавала на словы Яцэка Пратасевіча пра тое, што ангельская мова цяпер зьяўляецца галоўнай мовай Эўразьвязу: “Мэта Эўразьвязу — гэта шматмоўе. Няма ў Эўразьвязе галоўнай мовы і другарадных. Калі Беларусь далучыцца да Эўропы, калі Беларусь будзе ў Эўразьвязе, то беларуская мова будзе шанавацца гэтак сама, як і любая іншая. Будзе зь любой іншай на аднолькавым узроўні”.

14.50 Пачалася сэкцыя “Эканоміка”. Мадэратар старшыня Праваабарончага альянсу Людміла Гразнова.

15.10 Яцэк Пратасевіч заявіў, што перамовы зь беларускімі ўладамі па візавых пытаньнях могуць пачацца ўжо на наступным тыдні. Кошт шэнгенскай візы для беларусаў можа быць такі самы, як для расейцаў і ўкраінцаў, — 35 эўра. Цяпер віза каштуе 60 эўра [ну, проста шчасьце неверагоднае, дар нябёсаў… Рэд.].

15.20 На брыфінгу для журналістаў Яцэк Пратасевіч распавёў, якія захады у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў маецца прыняць Рада Эўразьвязу: “Яшчэ на адзін год будзе працягнутая палітыка візавага абмежаваньня для беларускіх чыноўнікаў. Але дзеяньне гэтых абмежаваньняў будзе прыпыненае на паўгода … Гэта зроблена для таго, каб паглядзець, наколькі беларускія ўлады скарыстаюцца магчымасьцямі для дэмакратызацыі краіны”, — патлумачыў ён. “Самым важным крытэрам, ці скасаваць візавыя санкцыі наагул, будуць вынікі мясцовых выбараў (…) Для нас важна ня тое, што Лукашэнка сказаў Ярмошынай зьмяніць выбарчае заканадаўства, і што Ярмошына гэтае заканадаўства, магчыма, зьменіць. Для нас вельмі важна, каб зьмены ў заканадаўстве дзейнічалі на практыцы. Менавіта праваўжываньне новага выбарчага закону і будзе, на мой погляд, самым важным крытэрам, калі праз паўгода Эўразьвяз яшчэ раз вернецца да пытаньня візавых абмежаваньняў”, — заявіў Пратасевіч.

15.40 На паседжаньні сэкцыі “Эканоміка” Аляксандар Чубрык агучыў дадзеныя дасьледаваньня “На што гатовыя пайсьці беларусы ў патэнцыйных эканамічных рэформах?” 12% апытаных — рыначнікі; 22% — прыхільнікі плянавай эканомікі; 28% — усё адно, пры якой эканамічнай мадэлі жыць; 40% — згодныя на пэўныя рэформы (зьмена ўласьнікаў прадпрыемстваў, вольны рынак працы).

Чубрык зазначыў, што апошняя група — 40% — зьяўляецца патэнцыялам для эканамічных рэформаў у Беларусі. “10 гадоў геніяльна даіць Расею мала каму ўдавалася, — заявіў эканаміст Сяргей Чалы. — Беларуская эканоміка — гэта як дыназаўры. Ім вельмі добра жылося, але калі зьмяніўся клімат, яны вымерлі. Зараз зьмяніўся клімат і беларуская эканоміка на мяжы выміраньня. Бліжэйшыя месяцы вызначаць шлях беларускай эканомікі на гады і дзесяцігодзьдзі”. У Чалага мала спадзяваньняў як на беларускіх урадавых эканамістаў, “якія не гавораць праўду”, так і на апазыцыйных эканамістаў, “якія гавораць лёзунгамі”. Для яго самым галоўным эканамічным рэфарматарам зьяўляецца Міжнародны валютны фонд і ягоная праграма, “якая мае эканамічны сэнс ў Беларусі”.

15.50 Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў заявіў, што прадпрымальнікі пойдуць на выбары сваім прадпрымальніцкім блёкам. Ён зьвярнуў увагу на лёс зьняволенага ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Макееў заклікаў удзельнікаў форуму патрабаваць вызваленьня Аўтуховіча.

16.10 Пачала працу сэкцыя “Грамадзтва”. Мадэратар — Алена Макоўская, кіраўніца Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Галоўныя выступоўцы: пісьменьнік Уладзімер Арлоў, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук, палітоляг Агенцыі гуманітарных тэхналёгій Уладзімер Мацкевіч.

16.50 З выступу Аляксандара Мілінкевіча:

З кожным годам беларусы будуць патрабаваць усё больш свабоды, свабоды выбараў, большай павагі да свайго нацыянальнага  я.

Беларусы хочуць у сваёй большасьці жыць як эўрапейскі народ. Суседнія народы прайшлі свой шлях у Эўропу, а мы затрымаліся, замарозіліся. Інтэграцыя Беларусі ў Эўропу здольная забясьпечыць паўнавартаснае разьвіцьцё краіны. Але без свабоды і дэмакратыі ня будзе эўраінтэграцыі.

– Хто будзе сябрам Эўразьвязу, той будзе ўнутры сучаснай цывілізаванай супольнасьці. Свабода будзе выгадная нават тым, хто яе сёньня баіцца і супраць яе змагаецца.

Мы не павінныя будаваць саюзную дзяржаву. Мы павінны мець з Расеяй добрасумленныя выгадныя суседзкія адносіны.

– Мы будзем падтрымліваць крокі ўраду ў справе мадэрнізацыі эканомікі. Але мы будзем змагацца з рэжымам за кожны лапік свабоды.

Крызіс падштурхнуў кіраўніцтва Беларусі да Эўропы, але не да дэмакратыі.

Палітыка ізаляцыі не апраўдала сябе. Хаця гэта была самаізаляцыя Беларусі. Але калі ізалююць рэжым, хутка пад гэтую ізаляцыю падпадае і народ. Я супраць ізаляцыі, бо любое пашырэньне кантактаў з Эўропай ідзе на карысьць краіне. Мы за дыялёг, за дыялёг зь цьвёрдымі ўмовамі, за дыялёг на маральных каштоўнасьцях.

– Самая вялікая праблема — гэта не рэжым, а тое, што робіцца ў галовах нашых людзей. А выбары — гэта магчымасьць дайсьці да людзей. Мы павінныя ісьці на выбары пад лёзунгамі “Незалежнасьць, дэмакратыя, эўрапейскасьць”. Трэба ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі. Калі будзе добры кандыдат, які аб’яднае большасьць апазыцыі , які прапануе добрую праграму, і ўсё пераканаюцца, што на яго варта паставіць, я стану побач. Але сёньня я кажу, што я гатовы ісьці на гэтыя выбары.

Выбары 2011 году будуць лягчэйшымі, з большымі шанцамі для нас. У 2006 годзе мы перамаглі страх. А сёньня мы маем значна больш шанцаў — рэжым аслаб, яго падтачыла эрозія.

17.35 Удзельнікі форуму прынялі рэзалюцыю і праграму дзеяньняў.

Некаторыя палажэньні рэзалюцыі:

Заяўляем пра нашу падтрымку інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць і наш намер спрыяць паглыбленьню стасункаў Беларусі з Эўрапейскім зьвязам;

Ухваляем далучэньне Беларусі да праграмы Ўсходняга партнэрства ЭЗ;

Выказваем заклапочанасьць недастатковымі дзеяньнямі беларускага ўраду ў справе лібэралізацыі палітычнага і эканамічнага жыцьця ў краіне і лічым недапушчальным ужываньне рэпрэсіяў супраць палітычных апанэнтаў у Беларусі

Патрабуем ад беларускіх уладаў:

– паважаць СМІ, свабоду сумленьня і веравызнаньня, свабоду сходаў і асацыяцыяў;

– прыняць больш дзейсныя захады па эканамічнай лібэралізацыі, гарантаваньні адкрытага і справядлівага выбарчага працэсу і аднаўленьні мясцовага самакіраваньня ў Беларусі;

Плян дзеяньняў. Дейнасьць у Беларусі:

– Выкарыстаньне дыялёгу Беларусі з Эўразьвязам для максымальнага пашырэньня палітычных і грамадзянскіх свабодаў;

– Інфармаваньне грамадзянаў краіны пра перавагі эўрапейскай інтэграцыі, магчымасьці супрацоўніцтва ЭЗ зь Беларусьсю;

– Правядзеньне кампаніі, скіраванай на зьніжэньне коштаў і спрашчэньне працэдураў атрыманьня шэнгенскіх візаў;

– Наладжваньне прафэсійнага і экспэртнага дыялёгу з мэтай большага заангажаваньня ЭЗ у беларускія справы;

– Падтрымка праэўрапейскіх ініцыятываў беларускіх грамадзянаў.

Дзейнасьць па-за межамі Беларусі.

– Давядзеньне меркаваньня беларускага грамадзтва да грамадзянаў ЭЗ, урадаў краінаў-сябраў і эўрапейскіх інстытутаў;

– Прасоўваньня ў ЭЗ і міжнародных арганізацыях рашэньняў, якія будуць спрыяць большай адкрытасьці і эўрапеізацыі Беларусі;

Грамадзкі кантроль і маніторынг двухбаковых беларуска-эўрапейскіх праектаў;

– Наладжваньне абмену спэцыялістамі, выкладчыкамі, студэнтамі, інфармацыяй з краінамі ЭЗ.

17.38 Статкевіч заявіў, што БЭФ – гэта “форум трэцяга сектару”.

17.40 На “Форуме” таксама выступалі спадары Дашкевіч (фота 9) і Навасяд (10).

18.15 Беларускі Эўрапейскі форум скончыў сваю працу.

18.45 Пасьля сканчэньня працы форуму Аляксандар Мілінкевіч правёў прэсавую канфэрэнцыю. Ён заявіў, што БНБ вылучыць свайго кандыдата па прэзыдэнцкіх выбарах. Разам з тым, ён адзначыў: “Гэта старая спрэчка пра патрэбу адзінага кандыдата. Аб’яднаньне усіх апазыцыйных сілаў — гэта добра. Але што рабіць, калі ў іх ёсьць розныя каштоўнасьці?”

Мілінкевіч прыгадаў, што на выбарах у 2006 годзе ня мог адказаць на некаторыя пытаньні выбарцаў, бо быў зьвязаны кааліцыяй і ня мог выказваць свае меркаваньні, “бо ў кааліцыі былі ад лібэралаў да камуністаў. Таму нельга нас папракаць, калі на гэтых выбарах будуць 2 кандыдаты альбо 3 кандыдаты”. “Я, напрыклад, не магу ўдзельнічаць у праймэрыз ад АДС, бо калі там выйграю альбо прайграю, не змагу пасьля працаваць на чалавека, яе мае іншыя погляды”, — дадаў Мілінкевіч. Адказваючы на пытаньне наконт таго, якое рашэньне прыме Эўразьвяз у пытаньні візавых санкцый, Мілінкевіч сказаў: “Усё ідзе да таго рашэньня, праект якога ўжо зьявіўся ў інтэрнэце — гэта значыць, пакінуць усё, як ёсьць”. Пэрсанальна ён супраць таго, каб вяртаць гэтыя санкцыі — “гэта не прынясе нічога добрага”.

 

2.

Экспрэс-аналіз Віталя Цыганкова.

Мяркую, што галоўная палітычная мэта Эўрапейскага форуму — прадэманстраваць, якая сіла сёньня зьяўляецца нумарам адзін на сцэне беларускай апазыцыйнай палітыкі, за якой сілай стаіць найбольш рэсурсаў, магчымасьцяў, аўтарытэту. Калі казаць коратка, то выглядае, што гэта мэта была дасягнутая. Ніколі за апошнія гады мне не даводзілася прысутнічаць на такім добра арганізаваным і маштабным мерапрыемстве. Заля МАЗу ледзь умясьціла ўсіх прысутных: дэлегатаў , гасьцей і журналістаў. Відэатрансьляцыя на экран, усталяваны на сцэне, сынхронны пераклад, добра аформленыя матэрыялы форуму — усе гэта нейкі новы ўзровень правядзеньня апазыцыйных імпрэзаў. У фае праходзіла выстава ляўрэатаў прэміі імя Васіля Быкава: Рыгора Барадуліна, Уладзімера Арлова, Паўла Севярынца, Алеся Пушкіна. Бадай, ні на якім мерапрыемстве апазыцыі не было гэтак шмат замежных гасьцей такога высокага ўзроўню. Бадай, ніколі замежныя госьці не выступалі так шчыра з трыбуны апазыцыйнага мерапрыемства. Сёньня, калі сапраўдных выбараў у Беларусі няма, калі ў грамадзтве пакуль не адчуваецца нейкага палітычнага ажыўленьня — канкурэнцыя паміж апазыцыйныя сіламі, на жаль, палягае ў тым, хто правядзе найлепшае мерапрыемства. І ў гэтым сэнсе арганізатары Эўрапейскага форуму — а відавочна, Форум будзе асацыявацца з прозьвішчам Аляксандра Мілінкевіча — зрабілі моцны крок наперад у параўнаньні зь іншымі палітычнымі сіламі. Форум паказаў, што ў Беларусі ёсьць моцная праэўрапейская сіла, зь якой эўрапейцам можна мець справу. У той час як некаторыя іншыя апазыцыйныя сілы “ныюць” і вылучаюць прэтэнзіі да эўрапейскіх палітыкаў, называюць іх здраднікамі, арганізатары сёньняшняга форуму працягваюць руку эўрапейскім палітыкам, называюць іх партнэрамі, самі гатовыя рабіць крокі насустрач эўрапейскім палітыкам.

 

3.

Застаецца толькі дадаць, што на гэты матэрыял, выстаўлены на сайце радыё “Свабода”, было пададзена дастаткова шмат каментароў, многія зь якіх (у адрозьненьні ад каментара Цыганкова) былі досыць крытычныя.

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    Удзел у “выбарах” на ўмовах дыктатара пакіне ўсё як ёсць. Шансаў на змены ў 2010 – 2011 мала, будзем гніць далей.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы