nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Зянон Пазьняк пра чарговую перасадку ў “беларускім апазіцыйным аркестры” і ролю “Захаду” ў гэтым працэсе (частка 2: наш каментар)

15 снежня, 2009 | 10 каментарыяў

Выдзеліўшы ключавыя меркаваньні Пазьняка і сістэматызаваўшы іх, мы можам бачыць (натуральна, сьхематычна) актуальнае палітычная сьветабачаньне гэтага палітыка. Па найбольш істотных момантах яно мае наступны выгляд:


3.1. Выбары.

Пазьняк на гэты раз у выбарах удзельнічаць не зьбіраецца, заклікае да байкоту (бо дэмакратычных і справядлівых выбараў ня будзе, выбарчае заканадаўства ня зьменяць, а незаконны ўдзел Лукашэнкі ў такіх выбарах зробіць іх увогуле крымінальным мерапрыемствам па чарговым захопу ўлады; “удзел выбаршчыкаў у галасаваньні – гэта шырма для фальсыфікацыяў”).

Ён не падзяляе жаданьне Баршчэўскага ўдзельнічаць у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі (дзіўным выглядае для мяне рашэньне Баршчэўскага ўдзельнічаць у будучых выбарах прэзыдэнта разам з Лукашэнкам) і сваіх людзей Баршчэўскаму ня дасьць (“рэальна аб’яднаньне двух партыяў, што ўтварыліся пасьля расколу Фронту, на жаль, немагчымае. Гэта супярэчыць прыродзе рэчаў … Тут адна ідэалёгія, але розныя нішы, розныя прынцыпы і розныя дзеяньні”).

Акрамя таго, Пазьняк заранёў ведае, што да яго закліку байкатаваць прэзідэнцкія выбары 2011 года большасьць “апазіцыянераў” не прыслухаецца (“зразумела, што “лабісцкая апазыцыя” [маецца на ўвазе найперш БНБ. – Рэд.] стане той групай, якая найбольш будзе выступаць супраць байкоту фальшывых незаконных выбараў Лукашэнкі”).

Мы лічым, што падобнае стаўленьне да чарговых прэзідэнцкіх выбараў у РБ мае права на існаваньне. Аднак тут жа, у комплексе з заявай аб байкоце яе аўтар павінен падаць свае адказы на некаторыя АЛЕ.

Па-першае, выбарчая кампанія (асабліва прэзідэнцкая) дае ўнікальную магчымасьць зьвярнуць увагу беларускага народу на ключавыя грамадска-палітычныя праблемы, створаныя цяперскай уладай у Беларусі. Менавіта тут, як ніколі ў іншы час у інтэрвале 5 гадоў, адкрытыя і публічныя размовы, дыскусіі, інфармацыйныя матэрыялы на грамадска-палітычныя тэмы выглядаюць з усіх бакоў дарэчнымі. А гэта – ключавая ўмова для таго, каб людзі прыслухаліся да апазіцыянера, прынялі яго сьветабачаньне. Той, хто прапануе байкот прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, абавязаны патлумачыць, калі яшчэ і якім іншым чынам можа быць даведзена да грамадства тая крытычная ў дачыненьні да рэжыму інфармацыя, якая ня трапіць туды з-за байкоту.

Па-другое, Пазьняк заўсёды (усе апошнія 20 гадоў!) заклікаў байкатаваць выбары, у якіх ён сам ня ўдзельнічаў. Таму ён альбо павінен патлумачыць, чым такім асаблівым будуць адрозьнівацца прэзідэнцкія выбары пачатка 2011 года ў сэнсе спрыяньня “захопу ўлады Лукашэнкам і легітымізацыі яго рэжыму” ад выбараў 1994, 2001 і 2006 гг. (калі Пазьняк да байкоту не заклікаў), альбо першым пакаяцца за асабісты ўдзел ва ўсіх папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах у РБ. У іншым выпадку, у некаторых можа ўзьнікнуць падазрэньне, што заклік Пазьняка да байкоту выкліканы не яго клопатам пра інтарэсы беларусаў, а, скажам, прыступам рэўнасьці да тых, хто мае шанцы ў выбарах паўдзельнічаць. Пагадзіцеся, гэта вельмі непрыемнае падазрэньне…


3.2. “Захад”.

У беларускай інфармацыйнай прасторы мы, відаць, былі піянерамі крытычнага стаўленьня ня толькі да “Расеі”, але і да “Захаду”. З таго часу за гэту збалансаваную, цэнтрысцкую, абсалютна прабеларускую паставу мы атрымліваем “тумакі” (у асноўным у выглядзе актыўнага “ігнараваньня” нас і злоснага шыпеньня) ня толькі з боку расейскіх імперыялістаў, а і агентаў заходняй глабалісцкай фіналігархіі ды польскага імперыялізму…

Таму нам асабліва прыемна, што крытычнае стаўленьне да “Захаду” ўсё актыўней пачынае дэманстраваць і пан Зянон (у нашым палку прыбыла!). Гэта дорага каштуе – мае як істотнае значэньне для падтрыманьня нашай самапавагі, так і дае аргументы ў спрэчках з рознымі бенедзіктамі, якія, спасылаючыся ў т.л. і на Пазьняка, любяць заяўляць, што, маўляў, “адзіным ворагам беларусаў ёсьць толькі расейскі імперыялізм” (гл. каментары да наступных матэрыялаў радыё “Свабода: www.svaboda.org/content/article/1794084; www.svaboda.org/content/article/1829480; www.svaboda.org/content/article/1877906; www.svaboda.org/content/article/1879793; а таксама артыкулы на нашым сайце і каментары да іх: nashaziamlia.org/2007/06/25/729; nashaziamlia.org/2009/08/11/2597).

Вось палітычна значныя выказваньні Пазьняка, у якіх адкрылася яго адназначна крытычнае стаўленьне да “Захаду”:

“Захад нас не падтрымліваў”, “Захад падтрымліваў Прыбалтыку, Польшчу, Гарбачова і Савецкі Саюз, [аднак] да 1992 года ніхто з заходнікаў носу ня ткнуў у Беларускі Народны Фронт”, “Незалежнасьць Бацькаўшчыны мы, беларусы, здабылі самі. І Захад тут ні пры чым”;

“Захад стымуляваў у нас стварэньне цэлай папуляцыі палітычных паразітаў, якія гатовыя ўдзельнічаць у любых выбарах і рэфэрэндумах, калі за гэта плацяць грошы”, ““Новая хваля” зьбірала подпісы, падтрымлівала і агітавала за закаранелага ворага БНФ, члена бюро ЦК КПБ (КПСС), мацёрага намэнклятуршчыка Уладзімера Ганчарыка, зь якім Фронт змагаўся яшчэ на выбарах 1990 года. Так ім сказалі рабіць спадары з заходніх амбасадаў ”, “Калі паўстане пытаньне аб захаваньні ўлады, і калі спатрэбіцца, [Лу-ка] пакладзе пад ногі і Усходняе партнэрства, і МВФ, і прызнае Асэтыю з Абхазіяй. І Захад знойдзе аргумэнты, каб заплюшчыць вочы”;

– “Мілінкевіч паспрыяў развалу нацыянальна-дэмакратычнага руху па новай (заходняй) тэхналёгіі. Гэтая тэхналёгія простая, як кол, і называецца яна – грошы”, “Эўропе, каб утрымаць лукашысцкі рэжым у сфэры сваіх інтарэсаў, трэба нешта вырашыць з санкцыямі аб “неўязных”, трэба неяк заплюшчыць вочы на рэпрэсіі, на парушэньні правоў людзей, на адсутнасьць заяўленай лібэралізацыі ”, “Сітуацыя выклікана зьменай арыентацыі Эўразьвязу на супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі”.

Што тут скажаш. Многае ў гэтым стратэгічным пытаньні й у Пазьняка нарэшце стала дакладна так, як ужо даўно сфармулявана ў нас. Нават прагноз, што Лу-ка абдурыць “Захад” (Пазьняк: Дзьверы на Захад мусяць быць адчыненымі, кантакты на людскім і эканамічным узроўні павінны быць. Але вось на палітычным узроўні, які тут ёсьць вызначальным, ня будзе прынята нічога, што хоць ускосным чынам здольнае пагражаць уладзе ўзурпатара), мы сфармулявалі больш за год таму (гл., напрыклад, артыкул “Завабліваньне ў “дэмакратыю” пернікам. Чаму вынікаў ня будзе”; nashaziamlia.org/2008/10/24/1569).

Але на гэтым фоне варта паказаць і на адрозьненьні.

Нас раздражняе з-за сваёй ідэалагічнай і палітычнай контрпрадуктыўнасьці неакрэсьленасьць паняцьця “Захад” у тэкстах Пазьняка (так любяць казаць заходнія “лібералы” і зразумела чаму). Што гэта такое ў разуменьні пана Зянона? Кіраўнічыя структуры (бюракратыя) Еўразьвязу ці ЗША? Іх фіналігархія ці сьпеслужбы? А, можа, гэта ўлады асобных краін, разьмешчаных на захад ад Беларусі – Польшча, Няменчына, Францыя, Італія ? Што?! З тэкстаў Пазьняка гэтага не зразумець, а казаць неакрэсьлена – “Захад” – гэта, на наш погляд, усё роўна, што даваць указаньне снайперу “трапіць у туман над ракой”…

Мы, напрыклад, ужо выдзелілі з “Захаду” й канкрэтна называем два соцыяпаразітныя монстры, якія разам з захаду пагражаюць сьветлай, сапраўды дэмакратычнай будучыні нашага народу. Гэта – глабалісцкія сіянакратыя і фінансавая алігархія. Прычым, першы монстар хаваецца ўнутры другога. Трэцімі ў якасьці ворага беларускага народу ў бліжэйшыя месяцы могуць быць названыя польскія імперыялісты. Так робім мы, бо лічым, што гучна назваць правільнае імя ворага – гэта ўжо напалову яго перамагчы (дарэчы, ведаючы гэта, усе сацыяльныя паразіты заўсёды і ўсімі сіламі імкнуцца ня толькі сябе схаваць ад грамадства, а і схаваць сваё сапраўднае імя).

Адзінага, каго канкрэтна называе пан Зянон з “Захаду” – гэта Ганс Вік (“Да 1992 года ніхто з заходнікаў носу ня ткнуў у Беларускі Народны Фронт. І дзякуй Богу, што мы ня бачылі тут гэтых Ганс Вікаў зь іхным апартунізмам, далярамі і прагматычнымі інтарэсамі”, “Пакуль у беларускую палітыку не ўмяшалася эўрабюракратыя (у супрацоўніцтве з КГБ – Ганс Вік)…”). Аднак казаць, што Ганс Вік – гэта і ёсьць той злачынны “Захад”, які ў адносінах да Беларусі пагражае перахапіць эстафету каланіяльнай палітыкі ад расейскіх імперыялістаў, сьмешна. Пан Вік – гэта адзін чалавек (якім бы ён ні быў). Акрамя таго, яго ўжо даўным даўно няма ў Беларусі!

Няўжо Пазьняк і сёньня ня можа сказаць, пра якую канкрэтна заходнюю структуру, арганізацыю, сацыяльную групу ідзе гаворка? Аказваецца, ня можа. Для яго лепш напускаць туману ў свае артыкулы і хавацца ў ім. Страх выглядаць недарэчным у сувязі з гэтым важыць менш, чым страх гучна сказаць праўду, да якой, нагадаем, пан Зянон увесь час заклікае…


3.3. Афіцыйная апазіцыя.

Стаўленьне Пазьняка да афіцыйнай апазіцыі, апісаньне яе “эвалюцыі” нам зразумелыя і блізкія.

Пазьняк:

– “у 1999 годзе … я казаў, што адыход “новай хвалі” ад ідэі, спакушэньне чужымі грашыма прывядзе да калябарацыі і апартунізму. … гэтая частка Фронту даўно выпала зь беларускай нацыянальнай палітыкі”, “потым усё пайшло па нахіленай плоскасьці: кааліцыі з камуністамі, з прамаскоўскімі арганізацыямі, паездкі ў Маскву да Караганава (цэнтар гэбоўскай аналітыкі і прапаганды) і г.д.”;

– “цяпер прагматыкі былой “новай хвалі” пажынаюць плады свайго прагматызму. Яны так зьдзіўлены, так абураны прагматызмам новай генэрацыі, гавораць пра “рэйдэрскі захоп” іхняй арганізацыі”, “у гэтым годзе пасьля старту “Усходняга партнёрства” і гешэфту Эўропы з антыбеларускім рэжымам пачалася перабудова вікаўскай падстаўной апазыцыі”, “ёсьць план нейкай ракіроўкі і замены гэтай вікаўскай квазі-апазыцыі на іншую (магчыма па крамлёўскім ўзоры)”, “лабісты рэжыму скупяць добрую частку вікаўскай апазыцыі і прагматыкаў, і фронду, і ўсіх тых, хто (перафразуючы расейскага паэта) “ищет робкими глазами, кто бы им помог упасть”;

– “трэба дастаткова ўважліва сачыць за паводзінамі лабісцкай групоўкі. Гэта цяпер рэальная пагроза беларускаму руху. Яе ўплыў можа стаць тормазам у змаганьні за свабоду, волю і ідэалы, за культурную будучыню нацыі”, “на мой погляд, першае, што трэба зрабіць у дачыненьні да “лабісцкай апазыцыі” – гэта назваць рэчы сваімі імёнамі. У істоце сваёй – гэта ёсьць калябарацыя з рэжымам на аснове прагматызму “рэаль-палітык. Гэта калябарацыя, але не апазыцыя. Трэба так і называць”;

“змагацца неабходна ня толькі з рэжымам, але і зь ягонымі паразітамі, з цэлымі паразітнымі структурамі”.

Адзінае, што ў нас выклікае недавер, гэта цьверджаньні, што апазыцыйнае асяроддзе скупляецца рэжымам”, “галоўнае фінансаваньне лабісцкай апазыцыі ідзе хутчэй за ўсё ад рэжыму Лукашэнкі”. Можа, мы ня ведаем некаторых фактаў, але пакуль мы лічым, што фінансаваньне “апазіцыі” ідзе з Захаду, бо адтуль жа яна кіруецца. Дарэчы, сам жа Пазьняк заяўляе: “сітуацыя [у т.л. і ў апазіцыі] выклікана зьменай арыентацыі Эўразьвязу на супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі”.


3.4. Пра Мілінкевіча, яго сувязь з “Захадам” і рэжымам.

Пазьняк:

– “апазыцыйнае асяроддзе скупляецца рэжымам праз Мілінкевіча (пры спрыяньні і згодзе Эўропы)”, “Мілінкевіч паспрыяў развалу нацыянальна-дэмакратычнага руху па новай (заходняй) тэхналёгіі. Гэтая тэхналёгія простая, як кол, і называецца яна – грошы”, “асобы, якія ў дасягненьні палітычнай мэты выкарыстоўваюць рычаг грошай, заканамерна развальваюць існуючае асяроддзе, зь якога лепяць свае дачасныя групы”;

– “узьняла Мілінкевіча на паверхню якраз “новая хваля”, яе прыхільнікі. Яны выцягнулі Мілінкевіча ў апазыцыйную палітыку і выставілі кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2006 года (крок у крок згодна маскоўскага пляну пуцінскай каманды Паўлоўскага)”, “у 2006 годзе, будучы кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах, Мілінкевіч дакладна выканаў плян пуцінскай групы Паўлоўскага па забесьпячэньні легітымснасьці выбараў і перамогі Лукашэнкі”; “19 сакавіка 2006 г. ён акуратна справіўся з непрадбачанай у Маскве сытуацыяй – адвёў з плошчы перад прэзыдэнцкай рэзыдэнцыяй 40 тысячаў людзей у іншае месца, да савецкага “вечнага агню” на Круглую плошчу. Словам, ціха патушыў пратэстны ўздым. Тое ж самае ім было зроблена праз тыдзень – 25 сакавіка. (Потым пра гэта ён сам сказаў у інтэрв’ю тэлебачаньню “Эўраньюс” на французкай мове: маўляў, трэба было спыніць стыхійны пратэст)”;

– “Мілінкевіч выступае цяпер у якасьці апазыцыйна-дэмакратычнага лобі рэжыма Лукашэнкі перад Эўразьвязам”, “Эўразьвязу, які пасьля расейскай агрэсіі на Грузію, агаліў сваю прагматычную палітыку адносна Беларусі, вельмі патрэбная была такая фігура, як Мілінкевіч. Трактуючы яго як лідэра дэмапазыцыі, эўрапрагматыкі могуць трансляваць свае інтарэсы адносна рэжыму Лукашэнкі, нібыта зыходзячы з пазыцыяў і меркаваньня “беларускай апазыцыі”;

– “якая роля будзе ў спадара Мілінкевіча ў гэтых выбарах, лёгка прадбачыць”, “адбываецца падрыхтоўка да старой ролі, якую Мілінкевіч зьбіраецца зноў згуляць у прэзыдэнцкай кампаніі”;

– “Мілінкевіч – падыходзячая фігура для стварэньня новай прыдворнай апазыцыі крамлёўскага кшталту”.

З многім з пададзенага вышэй можна пагадзіцца.

Насьцярожанасьць выклікае цьверджаньне, што Мілінкевіч “выконваў план Паўлоўскага” і сьвядома стварае “прыдворную апазіцыю” для Лу-кі.

Акрамя таго, жывучы ў Гародні й назіраючы падзеі зблізку, мы ня можам прыняць цалкам таксама наступныя пасажы Пазьняка (асабліва з улікам адпаведнага кантэксту): “У другой палове 1990-х ён [Мілінкевіч] пакідае кар’ерную кіруючую пасаду ва ўладзе і йдзе ў “апазыцыю”, ачольвае рэсурсны цэнтар “Ратуша”, праз які праходзілі вялікія грашовыя плыні для НДА і інш. Праз “Ратушу” пачалася скупка БНФ. За кароткі час гэтая “Ратуша” разбэсьціла грашыма і паспрыяла развалу магутнай гарадзенскай арганізацыі Народнага Фронта. На Гарадзеншчыне ў нас цяпер амаль нічога не засталося”, “у частцы разбурэньня структураў Мілінкевіч даволі пасьпяховы.

На наш погляд, усё ж найбольш паспрыяла “развалу магутнай гарадзенскай арганізацыі БНФ” у Гародні й на Гарадзеншчыне дзейнасьць сьпецслужбаў рэжыму. А грантавая дзейнасьць Мілінкевіча паспрыяла гэтаму ані трохі ня больш, чым палітычны непрафесіяналізм самога Пазьняка…


3.5. “Дзе выйсьце?”

Пазьняк зьяўляецца цьвёрдым прыхільныікам беларускай нацыянальнай ідэі. Ён усё больш бачыць стратэгію выйсьця зь цяперашняй сітуацыі ў апоры на ўласныя сілы, на беларускі народ, яго інтарэсы (“Мы тым часам арыентуемся ні на Захад, ні на Маскву, ні на мамону, а толькі на свой народ, на нацыянальную ідэю і на вольную Беларусь”). У гэтым яго галоўная каштоўнасьць і перавага як палітыка і чалавека. І тут мы сыходзімся.

Аднак тактычна мы глядзім на сітуацыю па-рознаму. Так, калі Пазьняк кажа, што “ў 2011 годзе неабходна скарыстаць народны сцэнар і байкатаваць фальшывае галасаваньне”, мы ўвесь час заклікам дзейнічаць па нашым плане: Веды (найперш у сьферы Праграманага вобразу будучай беларускай дзяржавы, а таксама па беларускай гісторыі, культуры, палітычнай тактыцы) – Кадры (падрыхтаваныя, адукаваныя на грунце “Ведаў” людзі) – Арганізацыя (напрыклад, Беларускі Дэмакратычны Рух, які павінен быць пабудаваны на іншых прынцыпах, чым цяперашнія апазіцыйныя партыі) і г.д.

Акрамя таго, на наш погляд, перашкаджаюць Пазьняку вынікова змагацца за аб’ектыўныя інтарэсы нашага народу і пэўныя рысы яго характару. Пра іх мы пісалі ў свой час (гл. напрыклад, тут: https://nashaziamlia.org/2009/09/27/2761). Два артыкулы, якія пададзены ў 1-й частцы гэтага матэрыяла, таксама ўтрымліваюць выказваньні, праз якія любы псіхааналітык здольны ўбачыць эгацэнтрычную асобу: “усё пачалося за часы маёй адсутнасьці на Радзіме. Утварылася група дзеячоў [сам падбіраў! – Рэд.] ў верхавіне БНФ, якія сталі спадзявацца на заходнія рэсурсы”, “па сьпеласьці палітычнага розуму Лявон Баршчэўскі стаіць вышэй за сваё палітычнае асяродзьдзе. Праўда, каб быць кіраўніком палітычнай арганізацыі, аднаго гэтага яшчэ недастаткова. І 99-ты год фатальна гэта засьведчыў [гэта Пазьняк у т.л. і пра сябе? – Рэд.]”, “у 2001 годзе Мілінкевіч узначальваў штаб С. Домаша – горадзенскага намэнклятуршчыка, якога выставілі на выбары спэцыяльна супраць мяне (зьбіраўся гуляць на маім полі) [няўжо нацыянальная дэмакратыя – гэта прыватнае поле Пазьняка? – Рэд.]”.

Магчыма, што гэта ўсё той жа эгаізм Пазьняка прымушае яго апускаецца да банальнай хлусьні: “У 1999 годзе паплечнікі пайшлі напралом. Непадпарадкаваліся вынікам галасаваньня зьезду, выкарысталі моладзь і, церпячы паразу, рашыліся на раскол, развалілі Народны Фронт”.

У нашай рэдакцыі ёсьць непасрэдныя ўдзельнікі тых падзей. Галасаваньне ў час першай часткі зьезду БНФ 1999 году не дала перамогу ні Пазьняку, ні Вячорку – тых, хто прагаласаваў за Пазьняка было менш, чым тых, хто прагаласаваў супраць ці ўстрымаўся. У час другой часткі Вячорка адназначна перамог, а поўную паразу пацярпеў Пазьняк. Пасьля гэтага менавіта ён пайшоў на раскол БНФ! Так выглядае праўда. А сьвядомая і ўвесь час паўтараемая хлусьня ня робіць гонару ні яму, ні нікому…

З новых праколаў Пазьняка варта паказаць на канфуз з нагоды яго абароны Ватыкану, які прыняў “беларускага” дыктатара. Мы гэтую падзею ацанілі са шкадаваньнем і абсалютна негатыўна (гл. https://nashaziamlia.org/2009/05/07/2147). Пазьняк жа – пачаў адчайна апраўдваць Ватыкан (гл. www.pazniak.org/mdl.php?mdl=art&cat=9&art=168): “Бенедыкт XVI … ў дачыненьні да прыняцьця з візітам “апошняга ізгоя Эўропы” не парушыў ніводнага, устаноўленага ў Ватыкане правіла, звычаю і традыцыі … Ніякага карт-бляншу, ніякага празнаньня, дазволу на паскудзтва Лукашэнка не атрымаў, нікаго не расчуліў, нікаго не ашукаў, толькі паказаў наглядна, хто ён такі і што ён за чалавек … У Рыме ўсё ўбачылі і ўсё зразумелі … і ня трэба заламываць рук і расчароўвацца ў папскай прыстойнасьці, спадарам інтэлігенцыі. Эўропа даверлівая, філісьцерская і г.д., але яна чуйная на бескультур’е. Гэта не Расея.

Аднак далейшыя падзеі паказалі нашу правату, а абаронца Ватыкану атрымаў ад апошняга звонкую аплявуху – Ватыкан пазьней ня толькі заклікаў да стварэньня сусьветнага ўраду (nashaziamlia.org/2009/07/23/2456), а і ўзнагародзіў Лукашэнку мэдалём ды блаславіў яго (www.svaboda.org/content/article/1873077.html).

Што зьяўляецца прычынай поўнага канфузу Пазьняка ў “ватыканскай” гісторыі – яго ідэалізм ці сьпецыфічная небесстароннасьць – мы ня ведаем. Але ведаем, што і першае, і другое істотна дыскрэдытуе яго як беларускага дэмакратычнага дзеяча.

Аналагічная сітуацыя намячаецца і з падтрымкай Пазьняком “Усходняга партнэрства”. Нагадаем, у свой час ён разам зь іншымі падтрымаў гэтую ініцыятыву “цывілізаванага Захаду” (гл. nashaziamlia.org/2009/05/06/2137; nashaziamlia.org/2009/05/07/2142), а цяпер, гледзячы па шэрагу выказваньняў (“у гэтым годзе пасьля старту “Усходняга партнёрства” і гешэфту Эўропы з антыбеларускім рэжымам…”, “Эўразьвязу пасьля расейскай агрэсіі на Грузію агаліў сваю прагматычную палітыку адносна Беларусі”, “сытуацыя выклікана зьменай арыентацыі Эўразьвязу на супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі”, “лабісцкая апазыцыя грунтуецца на меркаваньні, што трэба ўцягнуць рэжым у палітычна-эканамічныя дачыненьні з Захадам”), набліжаецца да таго, каб яе асудзіць…

Ну, і як тут атрымаць надзейную апору ў думках і заявах пана Зянона…

Думаем, узгаданыя асаблівасьці варта ўлічваць кожнаму, хто, шукаючы выйсьця зь сёньняшняй “беларускай сітуацыі”, зьбіраецца прыслухоўвацца да такога несумніўнага палітычнага аўтарытэта, як Зянон Пазьняк.

10 каментарыяў

  1. Вельмі добра, што сп. З.Пазняк прыйшоў да такіх высноваў. Але пра гэта мы кажам ужо некалькі гадоў.
    Тут відавочна, што на Беларусь (на маёмасць беларускага народа) напала зграя ваўкоў з усіх бакоў.
    Я асабіста са сваім мужам, сынам, сябрамі прыехалі ў Прагу, каб пратэставаць супраць Усходняга партнерства, у адрозненні ад самаго сп. Пазняка, які быў унутры гэтых перамоваў. На нас глядзелі, як на ворагаў беларускага народа. Хаця мы там толькі і думалі пра свой народ. Мы проста прааналізавалі ўсе “за” і ўсе “супраць”. Мы перасталі верыць правадырам і навучыліся аналізаваць самі.
    Крах незалежнасці і згуба не толькі маральных каштоўнасцяў, але і ўсёй маёмасці, нават зямлі беларусаў, сёння вельмі верагодныя. Ніякі байкот у склаўшыхся ўмовах не дапаможа. Гэта ілюзія! Як не магчыма адбыцца дэмакратычным справядлівым выбарам, так і не магчыма адбыцца байкоту (па адных і тых жа прычынах). Калі ўжо народ ня хоча сам будаваць цэрквы, дык значыць, што гэты народ ужо даведзены да такога стану, што не здольны рабіць нічога.
    Ілюзія, што народ стане байкатаваць выбары!
    Пакуль мы не створым нацыянальна-патрыятычную эліту, у тым ліку нацыянальна-патрыятычную бізнес-эліту, культурніцкую, духоўную, ваенную, палітычную – у нас нічога не атрымаеца. Для працы патрэбны аналітычны цэнтр, група палітычнай матэматыкі, навукоўцы, ідэалагічны цэнтр і яшчэ шмат чаго, калі мы хочам выжыць ў гэтай нялюдскай бойцы. На беларусаў абрынулася неймаверная драпежная сіла і адныя лозунгі для супраціву сёння не годныя, а прапаноўваць нейкія ілюзіі – не дапушчальна.
    У мяне перад вачыма стаяць замораныя людзі з сіне-чырвонымі алкагольнымі тварамі, не размаўляючыя, а толькі мукаючыя, дзеці з ўпалымі вачыма, паміраючыя ад раку, вазёры з чорнай атрутнай вадой, абезумелыя родзічы, якія кідаюцца з нажом – сын на бацьку, маці на сына, 12-13-гадовыя прастытуткі, якія стаяць пад імгненна пабудаванымі казіно для расейскіх адмарозкоў, брудныя абарваныя нашы бацькі з працягнутай рукой, якіх можна піхнуць нагой, і зграі бандытаў з дзяржаўнымі атрыбутамі ды пасведчаннямі, якія не тое, што за дзеянне, за любую думку (а прыйдзе час, проста будуць ужыўляць чыпы ў мазгі) будуць калечыць і забіваць.
    Няўжо вы гэтага не бачыце? Усе аналітычныя даследванні паказваюць аб набліжэнні гэтага варыянту!
    А ці можна пазбегнуць катастрофу?
    Можна! Для гэта патрэбна толькі наша шчырае жаданне прадухіліць яе…

  2. Напісана:
    “Ну, і як тут атрымаць надзейную апору ў думках і заявах пана Зянона…”
    Ёсьць прымаўка – “Пі….ь, не мяхі варочаць!”
    Чаго каштуюць словы без дзеяньняў? Анічога. Тое, што сп. З.Пазьняк бессярэбранік, гэта не падлягае сумневу. Дый то сказаць, на сацыяльную дапамогу, якую атрымліваюць палітэмігранты, не запануеш. Але ж калі ты бярэш на сябе місію выратавальніка нацыі, то гэта прадугледжвае нейкія дзеяньні. Аднак, сп.Пазьняк за ўвесь час сваёй эміграцыі не зрабіў анічога (акрамя выданьня часопісу “Салідарнасьць”), па з’яднаньні, хаця б той купкі палітуцекачоў, якія з’явіліся за апошнія гады ў Эўропе. Больш за тое, ён нават не адказаў на нашу прапанову ўзначаліць Беларускую Вунію, якую мы стварылі 4.09.2004 года.
    Што, не той размах, не тыя людзі? Можа і мы з “вікаўскай апазыцыі”?
    Няхай ён адкажа, што значнага зрабілі яго “патрыёты” з КХП-БНФ? Акрамя Дзядоў ды “Чарнобыльскага шляху” аб іх дзейнасьці ніхто ня ведае. Таму і ГБ, на гэтым накірунку, адпачывае.
    Што да расколу БНФ у 1999 годзе, то тут сп.Пазьняк (як бы гэта мягчэй сказаць) не зусім шчыры. Гэта ён выкінуў з сваіх спісаў пад час з’езду ўсіх актыўных сяброў партыі і ўсіх кіраўнікоў абластных арганізацый, за ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 1999 г., дзе сам выстаўляў сваю кандыдатуру. Безумоўна, калі б ён не ўдзельнічаў у гэтых выбарах, то і БНФ таксама. Людзі пайшлі за ім, як за лідарам. А што зрабіў Пазьняк? Пад час выбароў ён здымае сваю кандыдатуру, маўляў, “гэта брудныя гульні”. Дык сам зацягнуў нас у бруд, а потым выходзіць з добрай мінай на твары, а ўсе засталіся ў брудзе…
    Дык як назваць яго піруэт? На мой погляд, гэта здрада сваім паплечнікам, шэраговым сябрам партыі, грамадзянам, якія не гледзячы на рэпрэсіі, увайшлі ў выбарчыя камісіі (а іх па Гомельскай вобласьці было 220 чалавек). Гэта дакладная лічба, бо я быў кіраўніком Гомельскай абласной выбарчай камісіі.
    Сеньня мне сп. Пазьняк нагадвае выяву чалавека-флюгера па мянушцы Томас, які прымацаваны, калі не памыляюся, на шпіле Талінскай ратушы. Толькі яго заклікі нам не патрэбныя, мы сёньня самі добра ведаем, што варожыя вятры дуюць на нашу Бацькаўшчыну з усіх бакоў. Таму беларускі народ мусіць трымаць абарону на усіх кірунках. І ён пераможа!
    Беларускай, нацыянальнай, вольнай, заможнай Беларусі – быць!

  3. Партызан кажа:

    Цалкам падтрымліваючы сп-ра Яўгена Мурашку, жадаю дадаць яшчэ некалькі момантаў, на вялікі жаль, ужо пэўна забытых сп-ром Зянонам.
    Параіў бы яму перачытаць склад аргкамітэту па стварэньню БНФ і падлічыць усіх сябраў КПСС, усіх выпускнікоў розных партшколаў і г.д. Раю ўзгадаць, што там былі нават кіраўнікі партыйных арганізацый некаторых дзяржаўных устаноў і сябры гаркама КПСС г. Менску. Ці можа спрадар Зянон забыўся?
    А можа ён забыўся, як апантана выступаў супраць назвы Бел. Нар. Рух – бо ўжо вельмі падобна на БНР…
    Уся дзейнасьць Зянона на эміграцыі – гэта шуканьне “агэнтуры”, а дакладней сказаць нязгодных зь ім, у асяродку беларускай эміграцыі.
    Магу яшчэ шмат чаго нагадаць… Але з павагі да некаторых былых заслуг прамаўчу.

  4. VITAL кажа:

    Пазьняк лез на выбары 2001 і 2006 гадоў, але ж не назьбіраў неабходных подпісаў… Зараз і 20000 не назьбірае, таму–байкот! Усё проста…

  5. Дарафей кажа:

    Меркаванні сп. Пазняка наконт асобы Мілінкевіча заслугоўваюць асаблівай увагі. Гэта неяк пераклікаецца з тэмай папярэдніх артыкулаў аб празаходняй апазіцыі. Аб гэтым ужо казалася ня раз, што Мілінкевіч – гэта свайго роду індульгенцыя для Лукашэнкі. Зараз, калі эканоміка трашчыць па швах, Лукашэнка вымушаны гуляць на два бакі – і з захадам, і з усходам. Магчыма здагадацца, калі становішча ў эканоміцы не выправіцца ў 2010 годзе, то чарговай “элегантнай” перамогі ўжо і не атрымаецца. Ды і апынуцца ў руля краіны, якая церпіць эканамічны крах, роўна палітычнай смерці (прыклад Ельцына, дэфолт 1998 году зрабіў яго настолькі не папулярным сярод народу, што якія б тэхналогіі і фальсіфікацыі не выкарыстоўваліся яго штабам, шанцаў выйграць не было). Пераемніка роўнага па харызме самаму Лукашэнку ў яго няма (варыянт накшалт Пуціна не пракаціць). Вось па гэтай самай прычыне і робіць свой паход на захад Лукашэнка. Калі ў будучых выбарах Мілінкевічу дадуць набраць другі вынік, ён легалізуе сваю ўладу перад Еўропай, тым самым пачынаючы даіць яе праз Усходнее партнерства (ласкавае цяля ў двух матак сасе). Калі ж становішча ў эканоміцы будзе зусім дрэнным, то верагодныя паміж Мілінкевічам і Лукашэнкам нейкія сепаратныя дамоўленасці, згодна якіх для Лукашэнкі і яго сям’і гарантуюцца судовая непадлегласць. У гэтым выніку ён злівае уладу Мілінкевічу, а сам адыходзіць у цень (амаль неверагодны сцэнар, ведаючы прагу Лукашэнкі да улады, але ў сённяшняй Беларусі магчыма самае неверагоднае). Зразумела, што новаму прэзідэнту застанецца ляжачая дагары ў апошніх канвульсіях эканоміка, а экс-прызедэнт будзе з боку казаць, што пры ім такога не было. Гэтыя настальгічныя настроі могуць быць выкарыстаны для “другога прышэсця” Лукашэнкі да ўлады. Што тычыцца асобы самога сп.Пазняка, то зразумела, чалавек зрабіў шмат добрага для беларускай справы, а вось эміграцыя – была памылкай.

  6. Siarhiej кажа:

    1. Трэба акцэнтаваць увагу на тое што ў нас (нацыяналістаў) агульнае, а не на тое што адрозніваецца.
    2. У адносінах да Захаду (чынавенства з ЭЗ) трымацца правіла: вазьмі цукар і прагаласуй супраць.
    У гэтым бачу прагматызм.

  7. Siarhiej кажа:

    Спадарства, не трэба фантазій наконт “неверагодных сцэнароў”. Лу-ка выхаванец сталінскай сволачы.

  8. Дарафей кажа:

    Siarhiej, Вы лічаце сп.Мілінкевіча нацыяналістам? Наконт прагматызму, чым ваш прагматызм адрозніваецца ад лукашэнкаўскага? Трэба яшчэ і падумаць калі браць той “сахар”, а калі і адмовіца. А так цалкам згодны, толькі прагматызм і нацыянальныя інтэрэсы перш за ўсё.

  9. Дарафей кажа:

    Siarhiej, паменей эмоцый. Якоеб дрэннае стаўленне да асобы Лукашэнкі у нас не было, эмоцыямі тут не дапаможаш, а больш наскардзіш. Трэба халодны разлік, ён(Лукашэнка) уяўляе рэальную сілу, якой магчыма супрацьпаставіць толькі роўную сілу, і зусім не эмоцыі. І зусім памыляецца той хто ліча яго дурнем. Дурань ва уладзе столькі год не утрымаецца, пад ціскам з усіх бакоў.

  10. Siarhiej кажа:

    Дарафей: “…чым ваш прагматызм адрозніваецца ад лукашэнкаўскага?”

    Мэтай.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы