nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

УКРАЇНА: момант ісьціны набліжаецца… (частка 4: “Масква” ня можа не прэсаваць,“Захад” – ня можа не патураць)

26 студзеня, 2010 | 3 каментарыя

Віталь Хромаў, Алесь Астроўскі

d0a3d0bad180d0b0d196d0bdd0b0-d0b2d18bd0b1d0b0d180d18b-74.

У заключнай частцы кароткай серыі матэрыялаў, прысьвечаных актуальнай сітуацыі ва Ўкраіне, варта ўзгадаць пра вонкавы палітычны фон, на тле якога адбываюцца сёньняшнія драматычныя ўнутрыўкраінскія падзеі. Гэты фон, як і ў выпадку зь Беларусьсю, найперш зьвязаны з працягам даўно вядомага імперскага ціску расейскай імпербюракратыі на свае былыя калоніі й з крывадушнай пазіцыяй “Захаду”, якая хаваецца, але год за годам усё больш выходзіць наяў.


Давайце спачатку ўзгадаем варожыя дзеяньні расейскага кіраўніцтва ў адносінах да Ўкраіны і прадстаўнікоў яе законных уладаў хаця б за апошнія паўгады (пра ранейшы аналагічны ціск на Ўкраіну можна прачытаць, напрыклад, тут: nashaziamlia.org/2008/08/16/1483; nashaziamlia.org/2008/06/20/1400; nashaziamlia.org/2008/06/14/1392; nashaziamlia.org/2008/01/16/1152).

 

4.1. САЦЮК І БЕЛАКОНЬ СТАЛІ Ў РАСЕІ ГЕНЕРАЛАМІ
У адпаведнасьці з паведамленьнямі ўкраінскіх СМІ (
novosti.dn.ua/details/92140), у Расею з Украіны вярнуліся два, верагодна, работнікі расейскай ФСБ: былыя кіраўнік МУС Украіны Белаконь і першы намесьнік галавы СБУ Сацюк. Там Белаконь атрымаў пасаду радніка міністра МУС Расеі, генеральскі чын, службовы аўтамабіль зь мігалкай, кабінет, сакратарку, вялікі аклад. Сацюк, на лецішчы якога быў атручаны Юшчанка (гл. фота 1 унізе), атрымаў званьне генерал-маёра ФСБ і пасаду радніка дырэктара ФСБ Расеі.

У адказ прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка адкрыта абвінаваціў расейскія ўлады, што яны хаваюць вінаватых у яго атручаньні ў 2004 годзе. У прыватнасьці, гэтая заява была зроблена ў інтэрвю нямецкаму часопісу Der Spiegel, а потым выстаўлена на сайце прэзідэнта Ўкраіны.

d0a3d0bad180d0b0d196d0bdd0b0-d0b2d18bd0b1d0b0d180d18b-7d0b0

 

4.2. ЛІСТ МЯДЗЬВЕДЗЕВА ЮШЧАНКУ І АДКАЗ ЮШЧАКІ МЯДЗЬВЕДЗЕВУ (гл. сімвалічвае фота ў пачатку артыкула)

4.2.1. ЗВАРОТ ДЗЬМІТРЫЯ МЯДЗЬВЕДЗЕВА ДА ВІКТАРА ЮШЧАНКІ

11 жніўня 2009 г. (узята з www.vz.ru/information/2009/8/11/316293.print.)

У гэтым пасланьні, у прыватнасьці, гаворыцца:

«Праблемы ў двухбаковым супрацоўніцтве, вядома, існавалі і раней. Гэта было натуральна для сітуацыі пасьля распаду Савецкага Саюза, калі давялося ўладкоўваць адносіны паміж дзьвюма сувярэннымі дзяржавамі. Аднак тое, што мы назіраем у гады Вашага прэзідэнцтва, нельга ўспрымаць інакш, як адыход ўкраінскага боку ад прынцыпаў сяброўства і партнёрства з Расеяй, замацаваных у Дамове 1997 года. Я ўжо пісаў Вам аб гэтым у лістападзе мінулага года, але сітуацыя ня толькі не выпраўляецца, а, наадварот, дэградуе.

Падам толькі некаторыя прыклады, якія характарызуюць становішча спраў, створанае ў выніку мэтанакіраваных дзеяньняў Вашай адміністрацыі.

Негатыўны грамадскі рэзананс выклікала антырасейская пазіцыя Украіны ў сувязі з варварскім нападам рэжыму Саакашвілі на Паўднёвую Асецію [так цяпер расейская імперыякратыя інтэрпрэтуе відавочны ўсім яе ўласны напад на Грузію. – Рэд.]. Праз год пасьля тых трагічных падзей зноў востра паўстае пытаньне аб тым, што мірных жыхароў і расейскіх міратворцаў у Цхінвалі забівалі з украінскай зброі. Тыя ў Кіеве, хто пастаўляў ўзбраеньні грузінскай арміі й, дарэчы, ня мае намеру спыняць рабіць гэта і сёньня, цалкам падзяляюць з Тбілісі адказнасьць за зьдзейсьненыя злачынствы [у час вайны гаворка ўвогуле йшла пра “генацыд” асецінаў грузінамі. – Рэд.].

Палітычнае кіраўніцтва Украіны, ігнаруючы меркаваньні грамадзян сваёй краіны – ня кажучы ўжо пра вядомую Вам пазіцыю Расеі, – упарта працягвае курс на ўступленьне ў НАТО. Прычым, у якасці «аргумента» выкарыстоўваюцца намёкі на «расейскую пагрозу» бясьпецы Украіны, якой, як Вы выдатна ведаеце, няма і быць не можа [гэты пасаж дорага каштуе; ён яшчэ імперыякратыі аўкнецца. – Рэд.]. На жаль, лагічным працягам такой дэструктыўнай лініі зьяўляюцца бесперапынныя спробы ўскладніць практычную дзейнасьць Чарнаморскага флоту Расеі – у парушэньне асноватворных пагадненьняў паміж нашымі краінамі аб прынцыпах яго базаваньня на тэрыторыі Украіны.

Разам з гэтым складаецца ўражаньне, што ў Кіеве паслядоўна дамагаюцца разрыву склалых эканамічных сувязяў з Расеяй, у першую чаргу ў галіне энергетыкі. У выніку пад пагрозу пастаўлена стабільнае выкарыстаньне нашымі краінамі фактычна адзінай газатранспартнай сістэмы, якая забясьпечвае энергетычную бясьпеку Расіі, Украіны, многіх еўрапейскіх дзяржаў.

Нягледзячы на нашы шматлікія звароты на розных узроўнях, практычна нічога ня зроблена для таго, каб спыніць парушэньне маёмасных правоў расейскіх інвестараў на Украіне [так падаецца захоп імперыякратыяй і алігархіяй Расеі ўласнасьці ўкраінскага народу. – Рэд.]. Усё гэта істотна падрывае некалі трывалы эканамічны падмурак двухбаковага партнёрства.

Расейска-ўкраінскія стасункі падвяргаюцца выпрабаваньням і ў выніку ўзятай Вашай адміністрацыяй лініі на перагляд агульнай гісторыі, гераізацыю нацысцкіх памагатых, узьвялічваньне ролі радыкал-нацыяналістаў, навязваньне міжнароднай супольнасьці нацыяналістычна афарбаваных трактовак масавага голаду ў СССР 1932-33 гадоў як «генацыду ўкраінскага народа». Працягваецца выцісканьне рускай мовы з грамадскага жыцьця, навукі, адукацыі, культуры, сродкаў масавай інфармацыі, судаводства [так інтэрпрэтуецца адраджэньне ўкраінцамі сваёй культуры пасьля стагоддзяў этнацыду з боку папярэднікаў сёньняшніх расейскіх імперцаў. – Рэд.].

У гэтым кантэксьце зьвяртае на сябе ўвагу згубная практыка ўмяшаньня дзяржаўнай улады Ўкраіны ў справы праваслаўнай царквы [а так – падаецца імкненьне ўкраінскіх уладаў да кансалідацыі ўкраінскага праваслаўя ва ўласнай дзяржаве. – Рэд.]. Наўрад ці можна назваць спрыяльнымі ўмовы, якія штучна ствараліся напярэдадні, ды і падчас нядаўняга пастырскага візіту на Украіну Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. На гэтым фоне асаблівае задавальненьне выклікае тая шчырая і шырокая падтрымка адзінства праваслаўя, якая была праяўлена украінцамі, што віталі Патрыярха.

Сярод перашкод, якія падкантрольныя Вам службы вынаходзяць для перашкоды пазітыўнаму разьвіцьцю расійска-ўкраінскіх адносін, стала беспрэцэдэнтная для ўсёй постсавецкай прасторы правакацыя: патрабаваньне адкліканьня з Украіны двух нашых дыпламатычных прадстаўнікоў без якіх-небудзь на тое падстаў. У гэтым выпадзе – дарэчы, зьдзейсьненым таксама напярэдадні візіту Патрыярха – бачная сутнасьць падыходу цяперашняй ўкраінскай улады да адносінаў з Расеяй. Натуральна, мы не пакінулі гэты несяброўскі крок без адказу.

Хацеў бы паінфармаваць Вас, што ва ўмовах антырасейскага курсу ўкраінскага кіраўніцтва мной прынята рашэньне адкласьці прыезд на Украіну нашага новага амбасадара. Канкрэтныя тэрміны будуць вызначаны пазьней з улікам рэальнага развіцьця расійска-ўкраінскіх стасункаў.

Для Расеі [што гэта такое?! – Рэд.] украінцы спрадвеку былі й застаюцца ня проста суседзямі, а брацкім народам, да якога мы заўсёды будзем мець самыя добрыя пачуцьці, зь якім нас родніць агульная гісторыя, культура і рэлігія, аб’ядноўваюць шчыльнае эканамічнае супрацоўніцтва, трывалыя крэўныя, міжасабовыя сувязі.

Перакананы, што кіраўніцтва Расеі й Украіны абавязана даражыць гэтым добрасуседствам, гэтым багацьцем, якое зьяўляецца да таго ж агульнай канкурэнтнай перавагай ў глабалізаваным сьвеце. Задача адказных дзяржаўных дзеячаў заключаецца ў тым, каб не паддавацца спакусе пасварыць нашыя народы [“Расея” – не народ, гэта зразумела; а які тады народ мае на ўвазе Мязьдзедзеў з расейскага боку? – Рэд.] дзеля чыіх бы та ні было геапалітычных праектаў або палітычнай кар’еры, а ўсяляк берагчы сяброўства ўкраінцаў і расейцаў, умацоўваць падмурак супрацоўніцтва дзеля ўзаемнай выгады і ў інтарэсах росквіту нашых краін. Недапушчальна падвяргаць шматвяковыя адносіны цяжкім выпрабаваньням ва ўгоду часовай кан’юнктуры, намаўляючы падрастаючым пакаленьням ўзаемную недабразычлівасьць, гуляючы на нацыяналістычных комплексах [стагоддзі імперскага панаваньне, зьнішчэньне мільёнаў людзей – гэта, аказваецца, па Мядзьведзеву – “комплексы”; прычым з украінкага боку; гэта імперскае блюзнэрства вышэйшага гатунку. – Рэд.].

У Расеі спадзяюцца [хто? – Рэд.], што новае палітычнае кіраўніцтва Ўкраіны будзе гатовае выбудоўваць паміж нашымі краінамі такія адносіны, якія будуць на справе адказваць сапраўдным чаканьням нашых народаў, інтарэсам ўмацаваньня еўрапейскай бяспекі» [як кажуць, чыя б карова мычала… – Рэд.]. (канец цытаваньня ліста)

 

4.2.2. ЛІСТ ПРЭЗІДЭНТ УКРАІНЫ ВІКТАРА ЮШЧАНКІ ПРЭЗІДЭНТУ РАСЕЙСКАЙ ФЕДЭРАЦЫІ ДЗЬМІТРЫЮ МЯДЗВЕДЗЕВУ

(13.08.2009, Галоўная служба інфармацыйнай палітыкі, www.president.gov.ua/ru/news/14676)

“Уважліва азнаёміўся з Вашым лістом ад 6 жніўня 2009 года. Буду шчыры, я вельмі расчараваны яго несяброўскім характарам.

Не магу не пагадзіцца з тым, што ў адносінах паміж нашымі краінамі ёсьць сур’ёзныя праблемы, аднак дзіўна, што Вы цалкам выключаеце адказнасць за гэта з боку Расеі.

Наша дзяржава ніколі не адыходзіла ад прынцыпаў дружбы і партнёрства, зафіксаваных у Вялікім дагаворы 1997 года, рабіла максімум магчымага для плённага, узаемакарыснага развіцьця двухбаковых стасункаў. Больш за тое, згодна з азначай Дамовай нашы краіны павінны будаваць дачыненьні адзін з адным, у прыватнасці, на грунце прынцыпаў узаемнай павагі і сувярэннай роўнасьці.

І ўсё ж хацелася б адысьці ад эмоцый і бесстаронна прааналізаваць стан двухбаковых адносін.

Пазіцыя Украіны ў дачыненьні мінулагодніх падзей у Грузіі – агульнавядома і супадае з пазіцыямі практычна ўсіх краін свету. Яна заключаецца ў выключнай павазе да суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці й непахіснасьці межаў грузінскай або любой іншай суверэннай дзяржавы.

Беспадстаўнымі ёсьць і папрокі ў пастаўках зброі ў Грузію. Выклікае шкадаваньне, што, нягледзячы на неаднаразовыя дакладныя і зразумелыя тлумачэньні ўкраінскага боку што да законнасьці яе дзеяньняў на рынку зброі, расейскі бок працягвае паслядоўную кампанію, накіраваную на фармаваньне ўспрыманьня Ўкраіны як дзяржавы, якая не выконвае міжнародныя правілы і рэжымы ў галіне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. У сувязі з гэтым варта нагадаць, што Грузія не была і цяпер не зьяўляецца аб’ектам ніякіх міжнародных санкцый або эмбарга Рады Бясьпекі ААН, АБСЕ, Еўрапейскага Зьвязу ды іншых міжнародных арганізацый па пастаўках узбраеньняў, ваеннай тэхнікі або тавараў двайнога выкарыстаньня. Акрамя таго, расейскія прапановы ўвесьці такія абмежаваньні ў рамках АБСЕ, унесеныя пасьля расейска-грузінскага канфлікту, падтрыманы не былі.

Ня можа быць прадметам палітычных нараканьняў з боку Расеі й курс Украіны на інтэграцыю ў НАТА. Гэта прымушае нас зноў паўтараць вялікія ісціны аб тым, што права на выбар міжнародных сродкаў забеспячэньня нацыянальнай бясьпекі, у прыватнасьці, удзелу ў ваенна-палітычных саюзах, зьяўляецца неад’емным элементам дзяржаўнага суверэнітэту любой краіны, і Расея павінна яго паважаць. Нагадваю Вам, што Закон Украіны «Аб асновах нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны», які быў прыняты Вярхоўнай Радай Украіны ў 2003 годзе, у тым ліку і кіраўніцтвам цяперашняй апазіцыі, прадугледжвае прамую інтэграцыю Ўкраіны ў НАТА, аж да прамога сяброўства. Гэтым кіруецца Прэзідэнт Украіны.

Таксама хацеў бы ў чарговы раз падкрэсьліць, што імкненьне нашай дзяржавы да набыцьця сяброўства ў Альянсе ні ў якім выпадку не накіравана супраць Расіі, а канчатковае рашэнне аб уступленьні ў НАТА будзе прымацца толькі пасьля правядзеньня ўсенароднага рэферэндуму.

Хачу асабліва адзначыць, што артыкул 17 Канстытуцыі Ўкраіны не дапускае размяшчэньня на тэрыторыі Ўкраіны ваенных баз замежных дзяржаў. У той жа час наша дзяржава застаецца верная сваім міжнародных дамоўным абавязацельствам па часовым знаходжаньні Чарнаморскага флоту Расейскай Федэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны да 28 траўня 2017 г. і ў поўным аб’ёме выконвае палажэньні адпаведных базавых пагадненьняў 1997 года. У той жа час, вымушаны канстатаваць наяўнасьць сур’ёзных праблем у прымяненьні базавых пагадненьняў з боку расейскага боку ў пытаньнях зямлі, нерухомай маёмасьці, радыёчастот, сродкаў навігацыі й г.д. На працягу ўсяго перыяду базаваньня Чарнаморскага флоту Расеі на тэрыторыі Ўкраіны яго камандаваньнем сістэматычна дапускаліся грубыя парушэньні двухбаковых дамоўленасьцяў і заканадаўства Ўкраіны, аб чым украінскі бок пастаянна інфармаваў расейскі бок.

Украіна паслядоўна выступае за развіцьцё прагматычных стасункаў з Расеяй у эканамічнай сьферы, найперш у энергетыцы. Украіна пачала праграму мадэрнізацыі ўкраінскай газатранспартнай сістэмы для давядзеньня яе ўзроўню да высокіх міжнародных стандартаў і гатовая прыцягваць да гэтага працэсу патэнцыял еўрапейскіх краін й іншых удзельнікаў. Наша краіна неаднаразова на практыцы пацьвярджала сваю надзейнасьць як партнёра ў транспартоўцы энергарэсурсаў: газу, нафты і матэрыялаў для ядзернай энергетыкі. Украіна – адна зь нямногіх краін свету, якая ў чэрвені гэтага года прывітала ініцыятыву Расейскай Федэрацыі аб яе гатовасьці пачаць шматбаковы дыялог па ўдасканаленьні міжнародна-прававой базы ў сьферы энергетычнай бясьпекі, якая, на нашу думку, павінна грунтавацца на Энергетычнай Хартыі й дакументах, напрацаваных ў яе рамках.

У Вашым лісьце таксама ўтрымліваецца чарговае паўтарэньне вядомых дакораў, мэта якіх – спроба пазбавіць Украіну свайго погляду на ўласную гісторыю, уласныя нацыянальныя інтарэсы, прыярытэты зьнешняй палітыкі. Перакананы, што пытаньні гісторыі разам з роднай мовай, культурай, сямейнай этыкай зьяўляюцца фундамянтальнай асновай для фармаваньня дзяржавы й тоеснасьці ўкраінскай нацыі [ня толькі ўкраінскай. – Рэд.].

Паднімаючы на міжнароднай арэне пытаньне аб прызнаньні Галадамору ва Ўкраіне 1932-1933 гадоў, украінскі народ аддае таксама даніну памяці мільёнам рускіх, беларусаў, казахаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў, якія памерлі ад голаду ў Паволжы, на Паўночным Каўказе, у Казахстане й іншых рэгіёнах былога СССР. Вядома, што падчас правядзеньня Акцыі памяці «Незгасімая сьвяча», прысьвечанай 75-й гадавіне Галадамору ва Ўкраіне, у вокнах соцень гарадоў ва ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Расеі, гарэлі сьвечкі, што зьяўляецца сьведчаньнем шматнацыянальнай салідарнасьці з Украінай у прызнаньні гэтага факта.

Ніяк не магу пагадзіцца з нібыта выцісканьнем рускай мовы з грамадскага жыцьця ва Ўкраіне. Элементарныя бесстаронныя ацэнкі моўнай сітуацыі ва Украіне і Расеі сьведчаць зусім аб зваротных фактах. Менавіта ў Расійскай Федэрацыі ўкраінская меншасьць практычна пазбаўлена магчымасьці рэалізоўваць права на задавальненьне сваіх нацыянальна-культурных патрэбаў. Пацьвярджэньнем гэтага зьяўляюцца вядомыя заключэньні міжнародных арганізацый.

Адказваючы на заўвагу аб нібыта ўмяшаньні ўлады Ўкраіны ў справы праваслаўнай царквы, адзначу наступнае. Украінскае кіраўніцтва паважае каноны і традыцыі цэркваў і рэлігійных арганізацый. Царква ва Ўкраіне аддзеленая ад дзяржавы, кожны грамадзянін мае права спавядаць любую рэлігію. Разам з тым, ніхто ня можа забараніць грамадзянам свабодна выказваць сваю пазіцыю па любых пытаньнях, у тым ліку і рэлігійных.

Што да візіту Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ва Ўкраіну, варта падкрэсліць, што ім былі выказаны словы ўдзячнасьці ў адрас кіраўніцтва нашай дзяржавы за высокі ўзровень арганізацыі яго знаходжаньня ва Ўкраіне. Пры гэтым ніякіх негатыўных або крытычных ацэнак, якія падаюцца ў Вашым лісьце і дыскрэдытуюць сам дух гэтага візіту, Прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы, вядома ж, не рабіў. У цэлым, мы лічым надуманым і няслушным увязваньне пытаньняў візіту ва Украіну Патрыярха Кірыла з двухбаковымі палітычнымі стасункамі.

Каментуючы вымушанае рашэньне ўкраінскага боку ў дачыненьні да двух дыпламатычных прадстаўнікоў Расеі, варта падкрэсьліць, што перад такім крокам мы тройчы афіцыйна даводзілі да расейскага боку інфармацыю аб неправамерных дзеяньнях названых высокапастаўленых дыпламатаў. Украінскі бок падаў дастатковую доказную базу іх дзейнасьці ва Ўкраіне, якая наносіла шкоду нацыянальным інтарэсам Украіны. Разам з тым, адпаведныя дзеяньні расейскага боку ў дачыненьні да ўкраінскага дыпламата абсалютна нематываваныя і няслушныя. Спадзяюся, што ў будучыні нашым абодвум дзяржавам ўдасца пазьбегнуць паўтарэньня такіх прыкрых выпадкаў, азмрочваючых двухбаковыя дачыненьні.

Падсумоўваючы вышэйсказанае, хацеў бы выказаць упэўненасьць, што вырашэньне існуючых праблем ўкраінска-расійскіх двухбаковых стасункаў патрабуе інтэнсіўнай працы. Таму рашэньне адкласьці прыезд новага расейскага амбасадара ва Ўкраіну, безумоўна, ня будзе спрыяць канструктыўнаму развіцьцю нашых адносін.

Украіна працягвае заставацца прыхільніцай шырокага супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй на аснове ўзаемнай павагі, раўнапраўя, шляхам падтрыманьня канструктыўнага дыялогу, у тым ліку і на вышэйшым узроўні. Гатовасьць весьці дыялог за сталом перамоваў я пацьвярджаў на працягу апошняга году па меншай меры тройчы ў сваіх лістах ў Ваш адрас. Гэты заклік застаецца актуальным і сёньня. На жаль, раней у адказ я атрымліваў толькі запрашэньні на ўдзел у скачках на прыз Прэзідэнта Расеі й іншых шматбаковых мерапрыемствах. Спадзяюся, што на гэты раз Ваша рэакцыя на яго будзе канструктыўнай.

Я ўпэўнены ў добрай будучыні ўкраінска-расейскіх адносін, якія грунтуюцца на глыбокіх традыцыях дружбы і добрасуседства паміж народамі нашых дзьвюх краін і якія відавочна мацней, чым інтарэсы асобных палітычных колаў, і не залежаць ад сітуатыўнай кан’юнктуры палітычнага моманту.

З павагай,

Віктар Юшчанка“(канец ліста)

Два кароткія каментары.

Першы. У пададзенай спрэчцы мы цалкам на баку ўкраінскага народу і яго прэзідэнта. Пазіцыю Мядзьведзева ацэньваем як падман, маніпуляваньне, крывадушша й інфармацыйную агрэсію на ўкраінскі народ.

Другі. Многія палітолагі (у т.л. украінскія) не змаглі патлумачыць значэньне гэтага ліста. Яны заяўлялі, што народ Украіны адчуў толькі абурэньне. Вылучалі нават гіпотэзу, што такім чынам Масква фактычна імкнулася падтрымаць Юшчанку… Тлумачым. Гэты ліст – гэта элемент у татальнай сістэме ціску расейскай імперыякратыі на Ўкраіну, адзін зь істотных элементаў ва ўсёй сістэме імперскай палітыкі, скіраванай супраць украінскага народу і яго сувярэннай дзяржавы. У такім стылі расейская імперыякратыя дзейначала заўсёды – яна інакш не ўмее…

 

4.3. ВА УКРАІНЕ ЧАКАЮЦЬ ВАЙНУ З РАСЕЯЙ

Пра гэта піша газета «День», якая выдаецца ва Украіне.

«З інфармаваных крыніц вядома, што пад прэзідэнцкія выбары ва Украіне рыхтуецца павелічэньне фінансаваньня Масквой пэўных сіл для дэстабілізацыі сітуацыі ў Крыме.

Выканаўцамі расейскага заказу будуць выступаць розныя антыўкраінскія рухі на паўвостраве. У лічаныя гадзіны яны могуць ня толькі ў Крыме, але ў Херсоне і Адэсе мабілізаваць значную колькасьць насельніцтва для ажыцьцяўленьня правакацый й інспіраваных выразаў прарасейскіх настрояў мясцовага насельніцтва», – гаворыцца ў адной з публікацый у “Дні “.

«У Дзяржаўную думу Расеі ўнесены зьмяненьні і папраўкі да закона Расійскай Федэрацыі «Аб абароне», якімі рэгламентуецца выкарыстаньне ўзброеных сілаў Расеі за межамі Расеі для “абароны грамадзян Расеі за мяжой“. У бліжэйшы час яны будуць прынятыя. Пасьля гэтага вярхоўны галоўнакамандуючы ўзброеных сілаў Расеі атрымае поўнае заканадаўчае права “абараняць” сваіх суграмадзянаў у Данецкай, Харкаўскай, Луганской абласцях, а таксама ў Крыме. Ці, можа, варта дапусьціць, каб расейскія пашпарты на ўкраінскім паўвостраве раздаваліся ў якасці гуманітарнай дапамогі?» – папярэджвае газета.

«Украіна сёньня надзвычай слабая ў палітычным, эканамічным і ваенным плане. У 1991 годзе Ўкраіна мела дастатковы патэнцыял для ўтрыманьня больш чым 5-мільённай арміі на працягу трох гадоў вайны. Сёньня, на думку экспертаў, Украіна ня здольная вытрымаць нават тыдня інтэнсіўных ваенных дзеяньняў. Такім чынам, Украіна сёньня практычна не мае гарантыяў уласнай бясьпекі і тэрытарыяльнай цэласнасьці», – лічыць выданьне «Дзень».

Між тым, як лічаць некаторыя каментатары ва Украіне, падобныя ўкіданьні ў прэсу і дэманстратыўныя запалохваньні Кіева з боку Масквы перасьледуюць цалкам канкрэтную мэту – прымусіць украінцаў пад страхам «непазбежнай вайны» … выбраць прарасейскага прэзідэнта.

 

4.4. УКРАІНА РЫХТУЕЦЦА ДА АДБІЦЬЦЯ АГРЭСІІ РАСЕІ

Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) Украіны занепакоена прыняцьцем ў першым чытаньні дзяржаўнай думай Расеі паправак да закона «Аб абароне», якія дазваляюць «аператыўна выкарыстоўваць» расескія войскі за межамі краіны (kavkazcenter.com/russ/content/2009/09/11 / 67957).

У Радзе Бясьпекі сьцьвярджаюць, што ва Ўкраіне гэтая ініцыятыва ня пройдзе незаўважанай. Па словах першага намесьніка сакратара Рады нацбясьпекі й абароны Сцяпана Гаўрыша, у бліжэйшы час РНБА «сур’ёзна абмяркуе» ўвасобленую ў жыцьцё ініцыятыву Мядзьведзева. «Ініцыятыва Мядзьведзева істотна зьмяніла ваенную палітыку Расеі. Яна накіравана не на падвышэньне абароназдольнасьці Расеі, а на памяншэньне боегатовасьці дзяржаў, дзе ёсьць руская ваенная прысутнасьць”, – заявіў Гаўрыш.

У Радзе Бясьпекі ўпэўнены, што цяпер «неабходна выпрацаваць канцэпцыю стратэгіі рэфармаваньня ўзброеных сілаў з улікам усіх пагроз, якія будуць ацэненыя як найбольш небясьпечныя для Ўкраіны» [ці не запозна? – Рэд.].

 

4.5. РАСЕЯ НАРОШЧВАЕ ВОЙСКІ НА МЯЖЫ З УКРАІНАЙ

Стала вядома (kavkazcenter.com/russ/content/2009/09/12/67968), што на Азоўскім моры ўзмацняецца расейская групоўка «марская пяхота чарнаморскага флоту Расеі» (гл. фота 3 уверсе). Пра гэта паведаміла ў СМІ крыніца, блізкая да штабу «Наварасійскай ваенна-марской базы».

Крыніца падае́, што «з пачатку гэтага года асобны батальён марской пяхоты Наварасейскай ВМБ (гэта ў Расеі) напрамую перападпарадкаваны на нядаўна створаную ў Севастопалі (Украіна) «брыгаду марской пяхоты чарнаморскага флоту». У дадатак да гэтых захадаў адно з падраздзяленьняў «марскіх пяхотнікаў» са скарочанага складу з абмежаванымі баявымі магчымасьцямі пераведзена ў разрад частак сталай гатовасьці й даўкамплектаванае да сваёй поўнай штатнай колькасьці ў 625 ствалоў. Акрамя таго, на тэрыторыі ваеннага гарадка ў Цямруку, дзе размяшчаецца батальён «марской пяхоты ЧФ» (РФ), у цяперашні час разгортваецца яшчэ адзін «асобны батальён марпехаў». Яго члены ў бягучым годзе былі пераведзены з паўночнага на чарнаморскі флот Расіі.

Маpскія пяхотнікі ЧФ РФ могуць быць выкарыстаны для правакацый ва Ўкраіне, калі на выбарах прэзідэнта пераможа непажаданы для Расеі кандыдат.

Пра гэта гавораць у артыкуле для «Люстэрка тыдня» экс-сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі й абароны (Украіны) Уладзімір Гарбулін і дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў арміі, канверсіі й раззбраеньня Валянцін Бадрак. «На сёньняшні дзень пытаньне расейскімі лідарамі пастаўлена такім чынам: альбо Украіна павінна падчас надыходзячых прэзыдэнцкіх выбараў атрымаць лідэра – крамлёўскага васала, які будзе кіраваць [нашай] краінай, як Малороссией – г.зн. расейскай ускраінай, альбо будуць знойдзеныя падставы для выкарыстаньня супраць Украіны жорсткіх мер ўздзеяньня», – падкрэсьліваюць эксперты. Пры гэтым пад «жорсткімі мерамі” яны маюць на ўвазе ня столькі паўнавартасную ваенную агрэсію, а спробы з боку РФ дэстабілізаваць сітуацыю ва Ўкраіне з дапамогай разьмешчаных у Крыме вайсковых частак і злучэньняў.

Гарбулін і Бадрак таксама адзначылі: «Ёсьць сэнс ўжо ў бліжэйшы час засяродзіць да 90% сіл сьпецыяльнага прызначэньня ўсіх ведамстваў (СБУ, Мінабароны, МУС) у выбухованебясьпечных рэгіёнах. Ёсць таксама сэнс павялічыць колькасць сьпецназаўцаў ў падраздзяленьнях і вызваліць іх ад неўласьцівых функцый (такіх, напрыклад, як ахова «Альфай» СБУ народных дэпутатаў)».

Акрамя таго, на іх думку, неабходна тэрмінова пачынаць пераўзбраеньне ўкраінскай арміі, арыентуючыся пры гэтым на рэальнае павелічэньне баяздольнасьці, а не на патрэбы айчыннага абаронна-прамысловага комплексу. «Пры любых намаганьнях армія Ўкраіны ў бліжэйшыя 3-5 гадоў будзе безабароннай», – падкрэсліваюць эксьперты.

 

4.6. РАСЕЯ РЫХТУЕЦЦА ДА ЗАХОПУ КРЫМА

Ва ўкраінскім інтэрнэце распаўсюджаны тэкст артыкула, у якім адзначаецца, што Расея практычна скончыла прыгатаваньні да вайны супраць Украіны, мэтай якой з’яўляецца захоп Крыма.У артыкуле, у прыватнасьці, адзначаецца:

“Пад шырмай «ваеннай рэформы» ідзе хуткае павелічэньне колькасьці ўзброеных сілаў Расеі, больш за ўсё – яе сухапутных войскаў. І, у першую чаргу, Паўночнакаўказкай ваеннай акругі (штаб – г. Растоў-на-Доне), ужо даўно пераведзенай у акругу першай катэгорыі.

Усе часткі й злучэньні сталай гатовасьці разгортваюцца да штатаў ваеннага часу. У часьцях і злучэньнях распрацаваны планы дзеяньняў пачатку вайны супраць Украіны, а таксама іншых сумежных краін, у прыватнасьці, той жа Грузіі.
Вайна супраць Грузіі была спланавана Расеяй загадзя і пачата
я дастаткова ўдала за кошт своечасовай і ўдалай правакацыі расейскіх сьпецслужбаў, якія трымалі руку на пульсе рэгіёну і рыхтаваліся пры першай магчымасьці разгарнуць маштабныя правакацыі.

Сёньня рыхтуецца чарговая вайна супраць чарговай сумежнай краіны цяпер ужо Украіны.

Разам з павелічэньнем колькасьці ўласных сухапутных войскаў Расея нарошчвае ваенную прысутнасць на тэрыторыі Крыма, павялічвае колькасьць наземнага складніка Чарнаморскага флоту Расейскай Федэрацыі. У прыватнасьці, 810-й полк марской пяхоты ў бухце Казацкай Севастопаля зімой-вясной 2009 года быў разгорнуты да брыгады па штатах ваеннага часу. Гэта праходзіла не без выцёкаў інфармацыі й арганізацыйных цяжкасьцяў.

Напрыклад, у канцы 2008 года на базе 2-га (кадраванага) батальёна марской пяхоты (на БМП-3) быў разгорнуты да штатаў ваеннага часу батальён марской пяхоты, які (нібыта) рыхтаваліся адправіць у Расійскую Федэрацыю папярэдне ў Анапу, у сьвятле таго, што на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа зьмянілася аператыўна-стратэгічная сітуацыя ў выніку вайны Расеі супраць Грузіі. Пасля «перафарматаваньня» тэхніка засталася ў бухце Казацкай, а асабовы склад, «дапрацаваны і дапоўнены», адправіўся ў Анапу. Але на яго месцы з прыбылага з Расеі асабовага складу быў адразу ж створаны батальён колькасьцю адпаведна ваеннага штату.

Пасьля гэтага зімой-вясной 2009 патаемна быў разгорнуты 810-й полк марской пяхоты ў 810-ю брыгаду. Да трох батальёнаў быў дададзены яшчэ адзін, умоўна названы пакуль выведвальна-штурмавым. Ён таксама мае колькасьць ваеннага штату. Узброены лёгкім узбраеньнем і мае прызначэньне весьці баявыя дзеяньні ў асаблівых умовах: у горадзе і горна-лясістай мясцовасьці. Непасрэдна баявой тэхнікі быццам ня мае [пра спробу папоўніць дэфіцыт узбраеньня чытайце пункт 4.9. – Рэд.], але як у размяшчэньні, так і ў горадзе Севастопалі заўважана рэзкае павелічэньне колькасьці аўтамабільнай тэхнікі, абсталяванай накшталт вялікіх «банкаўскіх» браняваных фургонаў на базе КАМАЗаў і Уралаў. З тым толькі адрозьненьнем, што пафарбаваны яны ў стандартны ваенны зялёны колер.

Праз скарачэньні грамадзянскага й іншага абслуговага складу Чарнаморскага Флоту РФ было прыкрыта разгортваньне 810-й ОБрМП.

Калі матэрыялы аб масавых звальненьнях пачалі зьяўляцца і ў «Глаўрэдзе», і ва «Украінскім тыдні», і ў «Коры», ды й некаторых іншых украінскіх СМІ, працягвалася паэтапнае разгортваньне батальёнаў 810-й брыгады марской пяхоты да штатаў ваеннага часу, гэтак жа, як і некаторых іншых кампанентаў берагавых частак ЧФ РФ, як у Севастопалі, так і ў Феадосіі, а таксама ў некаторых іншых месцах і гарадах Крыма. І ўсе гэтыя падраздзяленьні маюць сваім прызначэньнем наземныя дзеяньні.

Гэтай восеньню споўнілася 30 гадоў з дня першага пераўтварэньня 810-га палка марской пяхоты яшчэ савецкага Чырвонасьцяжнага Чарнаморскага Флоту ў брыгаду. У сярэдзіне 1990-х брыгаду ўжо ў расейскім ЧФ скарацілі да палка. І вось усё вярнулася на колы свае. Цяпер у брыгадзе налічваецца па меншай меры чатыры батальёны колькасьцю па 500 вайскоўцаў, а таксама двух дывізіёнаў (самаходна-артылерыйскага і зенітнага) і дзясяткі асобных рот і батарэй, а таксама ўзводаў і асобных падраздзяленьняў і службаў. Упор зроблены на максімальнае памяншэньне небаявых кампанентаў і, наадварот, максімальнае павелічэньне колькасьці «актыўных штыкоў».

Між тым, прыкрываючыся «агульным скарачэньнем» колькасьці грамадзянскіх служачых ЧФ, расейскае кіраўніцтва, як у Крамлі, так і ў Севастопалі, пазбылася ў першую чаргу ад людзей з украінскімі пашпартамі, украінскім грамадзянствам. А ў 810-й брыгадзе пад гэтым «арганізацыйна-інфармацыйным прыкрыцьцём» падчас разгортваньня да штатаў ваеннага часу яшчэ і аптымізавалі штатную структуру згодна патрабаваньням ваеннай рэформы, якая праводзіцца зараз у Расійскай Федэрацыі.

Цяпер ня толькі асабовы склад тэрміновай службы, але і кантрактнікі, прапаршчыкі і афіцэры расейскай брыгады служаць тут на «часовых умовах», на пэўны тэрмін кантракту, нешта накшталт таго, як мы служылі пры савецкай уладзе ў замежных групах войскаў – з абавязковым вяртаньнем назад у Расею.
У бухце Казачай для іх пабудаваны новы гарадок, дзе размешчаны інтэрнаты і службовыя кватэры, якія павінны перадавацца пераемнікам. Расейскае кіраўніцтва не можа зьмірыцца з сітуацыяй, калі вайскоўцы-расіяне імкнуцца атрымаць жыльлё ў Севастопалі і застацца тут назаўсёды. Чамусьці ніхто не імкнецца вярнуцца ў Расію. Але на новых прынцыпах у расейцаў атрымоўваецца ўжо адкрыты акупацыйны рэжым.

Між тым ужо ў цяперашні час брыгада стала налічваць чатыры (калі не пяць) батальёнаў марской пяхоты колькасьцю па 500 вайскоўцаў. Гэта па штату ваеннага часу. Гэта першы батальён марской пяхоты на БТР-82, дэсантна-штурмавой батальён (нягледзячы на аблегчаны варыянт ўзбраеньня, БТР-80 у ім захаваныя), другі батальён марской пяхоты на БМП-3 і чацвёрты, выведвальна-штурмавы батальён, чатыры ротнага складу, прызначаныя для дзеяньняў у «нестандартных умовах» – горад і раёны з нежылой забудовай, горы.

Узбраеньне ў гэтага батальёна звычайнае, але найноўшых узораў. Якая тэхніка стаіць на ўзбраеньні, пакуль невядома. Праўда, як ужо адзначалася, кідаецца ў вочы значная колькасць новенькіх грузавікоў «КАМАЗ» і «Урал» з браніраванымі «Кунгамі» накшталт банкаўскіх фургонаў.

Пэўныя перамяшчэньні невялікіх груп аўтамабіляў да 2-3 штук ажыцьцяўляюцца толькі ў цёмны час сутак. Днём – толькі ў адзіночку. Увесь час праводзіцца актыўная выведка мясцовасьці вакол Севастопаля і на паўднёвым узбярэжжы, а таксама ў некаторых іншых частках Крыма. Што, у сваю чаргу, выклікае сталыя канфлікты з украінскай міліцыяй, СБУ і часам ваеннымі, якія спрабуюць хаця б прыблізна вызначыць перавышэньне колькасьці расейскіх войскаў у Крыме.

Большасьць ваеннаслужачых «выведвальна-штурмавога» батальёна не зарэгістраваныя ўкраінскім бокам, таму што прыбываюць у Севастопаль пад выглядам турыстаў, або на караблях ЧФ РФ. А не зарэгістраваныя, відаць, для таго, каб схаваць сваю колькасьць, якая значна перавышае дазволеную колькасьць – гэта зьяўляецца парушэньнем парадку знаходжаньня ваеннаслужачых РФ на тэрыторыі Украіны. І, паколькі ад выведчай дзейнасьці расіяне адмовіцца ня могуць, то часам іх лапаюць. Ажыцьцяўляючы іх «дыпламатычнае прыкрыцьцё», расейскае МЗС пачынае кожны раз крыклівыя кампаніі аб «недружелюбных акцыях» Украіны.

У той жа час па горадзе паасобку бадзяецца вялікая колькасьць матросаў-кантрактнікаў ў палявой форме, толькі з гаспадарчымі торбамі ў руках. У адрозненьне ад акуратна выглядаючых сталых севастопальцаў, наноў прыбылыя з Расеі апранутыя ў бушлаты, запраўленыя «уркаганскім» чынам, як фуфайка, з «пузыром» на сьпіне.

Іх стала ў разы больш, чым у мінулых гадах, і гэта заўважна простым вокам на вуліцах. І нават больш, чым у савецкія часы! У той жа час у гарнізоне бухты Казацкай на тэрыторыі пункта сталай дыслакацыі, у адрозненьне ад мінулага года, пражываюць толькі непасрэдна пяхотныя батальёны. У кожным – каля 500 чалавек. Самаходна-артылерыйскі і зенітны дывізіёны таксама разгорнутыя да штатаў ваеннага часу і разьмешчаны за межамі сталага пункта дыслакацыі, у іншых напаўжылых аб’ектах, якія знаходзяцца недзе ў паўгадзіннай адлегласьці пешшу.

Са словаў былых морпехаў, якія служылі яшчэ ў савецкай 810 ОБрМП, якая была разгорнута на ¾ ад штатаў ваеннага часу, па самых сціплых падліках, брыгада налічвала толькі 2200-2300 байцоў ды камандзіраў і цалкам ўмяшчалася ў сваім ваенным гарадку.

Дзіўна, чаму не зьмяшчаецца цяпер? Нават калі асабовы склад разьмешчаны ў спальных памяшканьнях у два ярусы? Нават калі падключылі г.зв. «старую» матроскую сталоўку, чаму харчуюцца ўсё роўна ў дзьве зьмены?

Так што цалкам магчыма, што там і не чатыры батальёны, а пяць.

Выведчую роту маглі таксама разгарнуць да батальёна. Паколькі ў такіх умовах праводзіць разгорнутыя тактыка-страявыя заняткі на такім лапіку зямлі праблематычна, то сюды дасланыя ўжо раней скалочаныя падраздзелы. А азначае гэта – не проста марская пяхота, а, магчыма, «прыкамандыраваныя» батальёны з тэрыторыі Расеі, са складу частак сьпецназу ГРУ.

Уся гэтая гоп-кампанія рыхтуецца да захопу ўкраінскіх дзяржаўных устаноў і органаў дзяржаўнага кіраваньня на тэрыторыі горада Севастопаль і Крыма наогул. У планах расейскіх «ястрабаў» ня толькі Крым, а нават такія буйныя стратэгічныя гарады-порты, як Адэса і Мікалаеў.

Прыкрыцьцю разгортваньня брыгады марской пяхоты й іншых, «супрацьдыверсійных» сьпецпадраздзяленьняў служыць кампанія распаўсюду чутак, што Чарнаморскі флот прыцягваецца да антытэрарыстычнай аперацыі каля Самалі, дзе, быццам бы, Расея арганізуе сваю ўласную барацьбу з піратамі.

Наогул, маскавальнай інфармацыйна-псіхалагічнай кампаніі расіяне надаюць вялікую ўвагу. Пры гэтым да хлусьні па радыё, тэлебачаньні, у газетах і часопісах дадаецца яшчэ адносна ўдалы распаўсюд чутак. Яны пакліканы падмацоўваць афіцыйныя заявы ўсялякіх расейскіх службовых асоб, як вайскоўцаў, так і дыпламатаў. Нават на найвышэйшым узроўні. Гарантыям Абамы і Мядзьведзева для Ўкраіны верыць ня варта. Яны ня вартыя нават паперы, на якой надрукаваныя.

Што ня толькі бянтэжыць, але і палохае – гэта тое, што адказныя службовыя асобы ВМСУ ня маюць ні найменшых ўяўленьняў аб тым, што дзеецца ў лагеры найбольш верагоднага праціўніка. Пасля размоваў зь імі ствараецца ўражаньне, што яны ўвогуле не разумеюць, што дзеецца навокал.

Яны абсалютна не ў курсе аб зьмяненьнях у арганізацыйна-штатнай структуры расейскага Чарнаморскага Флоту. Толькі ўсьміхаюцца і паўтараюць, што “Расея наш стратэгічны партнёр, і вайны ня будзе”. Нейкія паводзіны, якія мяжуюць з псіхічнай хваробай, калі чалавек, які бачыць непрымальную для яго аб’ектыўную рэчаіснасьць, пачынае адмаўляць яе наяўнасць.

Такое ўражаньне, што яны ўжо капітулявалі”. (канец цытаваньня)

 

4.7. ІДЭАЛАГІЧНАЕ ЗАБЕСЬПЯЧЭНЬНЕ БУДУЧАЙ АГРЭСІІ РАСЕІ

(паводле kavkazcenter.com/russ/content/2009/11/21/69271)

«Неабходна сфармуляваць новы праект рускай цывілізацыі, які б аб’яднаў духоўна цяпер падзеленыя дзяржаўнымі межамі народы трох брацкіх славянскіх краін – Расеі, Украіны і Беларусі». Пра гэта ў Кіеве на круглым стале, прысьвечаным вынікам ваяжу генерал-патрыярха ФСБ-РПЦ Гундзяева ва Ўкраіну, заявіў рэдактар рускамоўнага партала “Руская лінія» публіцыст Сьцяпанаў. Па словах публіцыста, «духоўнай асновай рускай цывілізацыі зьяўляецца, перш за ўсё, праваслаўе».

Па яго словах, словазлучэньне «імперскія амбіцыі» не нясе таксама нечага негатыўнага. «Імперскія амбіцыі – гэта не ругацельнае слова. Імперскія амбіцыі маюць амерыканцы, маюць кітайцы, немцы ў Еўразьвязе. Гэта значыць, тыя народы, якія гатовыя браць на сябе цяжар, несьці страты для таго, каб аб’ядноўваць тэрыторыі вакол агульных для ўсіх насяляючых гэтыя тэрыторыі народаў, прынцыпаў.

“Усё-такі, без рускіх ня будзе Расіі. … Гаворачы пра рускіх, я маю на ўвазе іх як адзіны рускі народ, які ўключае ў сябе і вялікаросаў, украінцаў, беларусаў», – сьцьвярджае Сьцяпанаў.

Кажучы пра цывілізацыйны выбар Расеі, рускіх і ўкраінцаў, Сцяпанаў ня мог не адзначыць ролі Кіева ў гэтай ланцужку. «У свой час патрыярх Алексій II казаў, што ў кіеўскай купелі нарадзіўся адзін народ. Падчас свайго візіту патрыярх Кірыл казаў, што мы нашчадкі св. роўнаапостальнага Ўладзіміра – Хрысьціцеля. Адсюль пайшла вера праваслаўная, і гэта наш Ерусалім “, – маючы на ўвазе пад словам «мы» ўсіх праваслаўных, якія жывуць ва ўсіх дзяржавах.

 

4.8. ЯШЧЭ СІМПТОМ: КАДЫРАЎ ЗАКЛІКАЎ «ПАКОНЧЫЦЬ З УКРАІНАЙ»

(паводле kavkazcenter.com/russ/content/2009/12/24/69763)

Марыянеткавы главар чачэнскіх муртадаў Кадыраў у інтэрвю выданьню The Telegraph заявіў, што Грузія і Украіна з’яўляюцца «хваробай Расіі, якую трэба выкараніць – пераходзіць у наступ».

На думку рускай марыянеткі, леташняя вайна паміж Расеяй і Грузіяй за Паўднёвую Асецію была «часткай антырасейскай змовы заходніх краін па захопу ўсяго Каўказу». У сувязі з гэтым муртад [здраднік. – Рэд.] заклікаў Крэмль выпрацаваць стратэгію, паколькі «неабходна пераходзіць у наступ».

Дакладная цытата: «Грузія, Паўднёвая Асеція, Украіна – усё гэта будзе працягвацца і працягвацца. Гэта прыватная хвароба Расіі. Чаму мы павінны заўсёды пакутаваць, калі мы можам ліквідаваць гэтую праблему? Мы вялікая краіна, у нас ёсьць усё: армія, тэхналогіі. Нам неабходна пераходзіць у наступ», – заявіла руская марыянетка.

Адзначым у гэтай сувязі, што на думку многіх назіральнікаў, марыянеткавы главар чачэнскіх здраднікаў, робячы эпатажныя заявы, на самой справе агучвае думкі свайго боса Пуціна (гл. фота 6).

Так дэпутат ўкраінскага парламента Тарас Стэцько адзначыў, што заклік Кадырава «ліквідаваць» Украіну ня мог з’явіцца без санкцыі крамлёўскага кіраўніцтва. Стэцько сказаў, што «такія заявы з разраду таго, што Крамлю агучыць вельмі хочацца, але ён пакуль яшчэ ня можа зрабіць гэта наўпрасткі, затое транслюе праз людзей накшталт Кадырава, Лужкова, Жырыноўскага, Затуліна й іншых».

Па сведчаньні народнага дэпутата, заява Кадырава ўзьнікла ў кантэксьце падзей, якія спарадзіў вядомы ліст Мядзьведзева ад 11 жніўня 2009 года ў адрас прэзідэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі.

Сярод гэтых падзей – прыняцьце закона, які дазваляе выкарыстаньне рускіх бандфармаваньняў МА за межамі Расеі, а таксама дазвол Мядзьведзеву аднаасобна прымаць адпаведныя рашэньні без згоды “савету федэрацыі».

 

4.9. ЗАТРЫМАЛІ САМАЛЁТ і ЛЁТЧЫКАЎ

(паводле www.svaboda.org/content/article/1905589)

Працягваецца эпапэя пяці лётчыкаў (чатырох з Казахстану і аднаго зь Беларусі), якіх ўлады Тайланду затрымалі 13 сьнежня 2009 г. на лётнішчы ў Бангкоку (гл. фота 4 і 5). На борце іх самалёту Іл-76 знайшлі 35 тонаў зброі, улучна з ручнымі гранатамётамі, пераноснымі зенітна-ракетнымі комплексамі і выбуховымі рэчывамі.

За гэтае правапарушэньне ў Тайландзе караюць у тым ліку і пажыцьцёвым зьняволеньнем. Пазьней тайландская газэта “Bangkok Post” і прэс-агенцтва AP паведамілі, што лётчыкі могуць быць дадаткова абвінавачаныя ў нелегальным захоўваньні выбуховых рэчываў, за што прадугледжанае пакараньне ад двух гадоў зьняволеньня да кары сьмерцю.

Лётчыкі паведамілі сьледчым, што самалёт ляцеў з Паўночнай Карэі ва Ўкраіну, з прыпынкамі для запраўкі ў Тайландзе ды Шры-Ланцэ. Прэм’ер-міністар Тайланду Апхісіт Вэчачыва сказаў журналістам, што затрыманьне лётчыкаў і канфіскацыя грузу адбылося згодна з рэзалюцыяй Рады бясьпекі ААН ад леташняга чэрвеня, якая наклала на Паўночную Карэю забарону на экспарт зброі. Паводле Вэчачыва, зброя на борце самалёта Іл-76 не была прызначаная для тэрарыстычных арганізацый.

Самалёт, якім перавозілася зброя, быў зарэгістраваны ў Грузіі; фрахтавала самалёт украінская фірма, якая зьяўляецца філіялам новазэляндзкай фірмы. Раней самалёт належыў да казахскай фірмы. А яшчэ раней самалётам валодала адна з кампаній Віктара Бута, расейскага гандляра зброяй, які знаходзіцца ў тайляндзкай турме.

Брытанская газэта “Guardian” дадаткова паведаміла, што адпраўным пунктам затрыманага ў Бангкоку Іл-76 была Беларусь. (канец цытаваньня)

Цалкам верагодна, што самалёт вёз зброю расейскім вайскоўцам у Крым, бо як мы вышэй адзначылі, яе ім для нечага не хапае…

 

Абагульняючы пададзеныя вышэй матэрыялы, можна сказаць , што над Украінай зьбіраюцца ўсё больш грозныя хмары расейскага імперыялізму…

Як у гэтай сітуцыі рэагуе “цывілізаваны Захад”, які яшчэ 5 гадоў таму так актыўна салідарызаваўся з украінскім народам (на словах) у сувязі з “памаранчавай” рэвалюцыяй?

 

4.10. УКРАІНСКАЯ ІНТЭЛІГЕНЦЫЯ ПРОСІЦЬ СЬВЕТ АБАРАНІЦЬ УКРАІНУ АД РАСЕЙСКАГА АГРЭСАРА. СЬВЕТ МАЎЧЫЦЬ…

Украінская інтэлігенцыя заклікала ўрады ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі і Кітая склікаць міжнародную канферэнцыю для забесьпячэньня рэальных гарантый бясьпекі Украіны.

У звароце інтэлігенцыі сьцьвярджаецца, што Украіна зрабіла важкі ўнёсак у сусьветную і еўрапейскую бясьпеку сваёй адмовай ад ядзернай зброі. Пры гэтым Будапешцкі Мемарандум 1994 года быў замацаваны адпаведнымі гарантыямі дзяржаў-членаў Савета бясьпекі ААН.

«У той жа час, сёньня цяжка не заўважыць недастатковую дзеяздольнасьць гэтых гарантый. Нядаўняе пасланьне Мядзьведзева прэзідэнту Ўкраіны Юшчанка паказвае якасна іншую фазу стаўленьня расейскай улады да Украіны. Упершыню за многія гады зявіліся прыкметы таго, што Крэмль не выключае з арсеналу сваіх зьнешнепалітычных інструментаў адносна Ўкраіны і сілавыя метады», – сказана ў тэксце.

«Мы зьвяртаемся да кіраўніцтва ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі й Кітая з прапановай склікаць міжнародную канферэнцыю з мэтай забясьпечыць рэальныя гарантыі бясьпекі Украіны, задэклараваныя Будапешцкім мемарандумам. Зьвяртаемся таксама да кіруючых органаў ЕС адносна неабходнасьці заняць дакладную і адназначную пазіцыю ў пытаньні забесьпячэньня дзяржаўнага суверэнітэту Украіны. … «Асобна зьвяртаемся таксама да дзяржаваў Вышаградзкай групы з просьбай выпрацаваць сумесную або выказаць асобную пазіцыю з нагоды абвастрэньня расейска-ўкраінскіх адносін», – гаворыцца ў пасланьні.

 

Пакуль афіцыйны “цывілізаваны Захад” маўчыць, на крык аб дапамозе адгукаюцца толькі некаторыя грамадскія арганізацыі. Пра адзін такі факт наш наступны (і апошні) дакумент.

4.11. JAMESTOWN FOUNDATION: РАСЕЯ – ГАЛОЎНАЯ І АДЗІНАЯ ПАГРОЗА ДЛЯ ЎКРАІНЫ

(паводле kavkazcenter.com/russ/content/2009/12/19/69703)

Расія зьяўляецца і будзе заставацца галоўнай пагрозай для Украіны ў бліжэйшыя гады. Пра гэта на канферэнцыі ў Кіеве заявіў Уладзімір Сокар – прадстаўнік амерыканскага аналітычнага фонду Jamestown Foundation.

«Фактычна адзіная крыніца пагрозы – Расія. Мядзьведзеў, расейскі прэзідэнт, напісаў ліст Юшчанку. Гэты ліст адрасаваны не прэзідэнту, а электарату ва Ўкраіне. Там пастаўленыя патрабаваньні з пункту гледжання Расеі пра тое, што павінна адбыцца пасля выбараў.

Патрабаваньні тычацца ўнутраных спраў Украіны – моўнай палітыкі, інтэрпрэтацыі нацыянальнай ідэнтыфікацыі, перагляду палітыкі бясьпекі. Гэты дакумент уваскрашае савецкую канцэпцыю «братэрства», – сказаў ён, дадаўшы, што Масква таксама будзе спрабаваць паставіць пад свой кантроль ўкраінскую газатранспартную сістэму.

Сокар нагадаў, што прадстаўнікі новай адміністрацыі ЗША ўжо заявілі аб тым, што не прызнаюць сьфер ўплыву Расіі. Па сьведчаньні амерыканскага аналітыка, гэты тэзіс павінен агучвацца як мага часьцей.

«Цяпер ва Ўкраіне няма парасоніка бясьпекі, няма механізму абароны ад рэвізіянісцкай Расеі … Інтэграцыя ў НАТА не была зрэалізаваная», – адзначыў ён.

Сокар канстатаваў, што ўвага ЗША і НАТА да Украіны ў цяперашні час аслабленая, а ў прэзідэнта ЕС няма дакладнага разуменьня пагрозы з боку Расеі [няма ніякага жаданьня бачыць гэтую пагрозу. – Рэд.]. «Нас чакае перыяд рэгіянальнай нестабільнасьці», – прагназуе аналітык.

 

Ад рэдакцыі.

Хаця мы і не прафесійныя аналітыкі, але ўжо даўно спрагназавалі й папярэджвалі, што прэсінг расейскай імперыі на Ўкраіну будзе павялічвацца, а ўвага ЗША і НАТА на гэта будзе вечна “аслабленая” ці “занятая” нечым іншым… Калі хто пажадае прачытаць зробленыя намі прагнозы, той убачыць, што мы ўжо даўно паказалі ня толькі гэта, а і нават прычыны ды механізмы таго, што аналітыкі Jamestown Foundation выдаюць за навіну (гл. nashaziamlia.org/2008/07/08/1428; nashaziamlia.org/2009/01/26/1747).

Хутчэй за ўсё глабальная фінансавая алігархія Захаду “здала” і Ўкраіну, і Юшчанку расейскай імпербюракратыі пад “рэгіянальную нестабільнасьць”. А прычына апошняга найверагодней у тым, што Юшчанка ўсё ж імкнуўся праводзіць палітыку, скіраваную на аб’ектыўныя інтарэсы ўкраінскага народу, імкнуўся будаваць сапраўды дэмакратычную ўкраінскую Украіну. А гэта цяперашняму “цывілізаванаму, дэмакратычнаму Захаду” яўна не падабалася. Зьвярніце ўвагу яшчэ раз, як карэспандэнт украінскай “Свабоды” Воўчак празрыста намякае на гэта (гл. раздзел 2.2. гэтага матэрыялу): Так, свабоды слова стала больш. Так, Юшчанка шмат зрабіў для зацьвярджэньня ўкраінства ва Украіне. Гэта ўсё верна. Але зьявілася ў гэтым працэсе адна тэндэнцыя, якая мне падаецца трывожнай – гэта нагнятаньне правінцыяналізму праз ўзмацненьне шавіністычнага элементу ў культуры – натуральна, спалучанага з ханжаствам. Узьнікае такая анэкдатычная інстанцыя, як камісія па маралі, якая забараняе ва Ўкраіне раманы або замежныя фільмы, якія ідуць па ўсім свеце, і іншыя падобныя рэчы.

Вось калі б Юшчанка ліберастызаваў Украіну, рэакцыя “Захаду”, мы ўпэўненыя, была б іншай…

Што ж, мы запомнім гэта. Спадзяемся, запомніце і вы…

 

3 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    Масква накіроўвае рэсурсы на захоп чужых тэрыторый, а сама гніе знутры.

  2. Партызан кажа:

    Кампанія Юшчанка вачамі аглядальніка. Шмат цікавых фактаў:

    http://www.pravda.com.ua/columns/4b5f03b19dad1/

  3. Уладзімер Русаковіч кажа:

    “ВА УКРАІНЕ ЧАКАЮЦЬ ВАЙНУ З РАСЕЯЙ Пра гэта піша газета «День», якая выдаецца ва Украіне”
    Прынамсі, адно чаканьне старшыні Грамадскага камітэта нацыянальнай бяспекі Ўкраіны Аляксея Таўкачова (па-ўкр. http://www.tolkachev.openua.net/bio.php) ўжо спраўдзілася. У тым сваім артыкуле 13 жніўня 2009 года “Мядзведжая лапа над Кіевам” (http://translate.google.com.by/translate?sl=uk&tl=be&u=http://www.day.kiev.ua/290619?idsource=278436 або па-ўкр. http://www.day.kiev.ua/290619?idsource=278436 ды http://www.day.kiev.ua/278436/) спадар Таўкачоў згадаў: “прыезд М. Зурабова адкладаецца, пакуль ва Ўкраіне ня з’явіцца новы кіраўнік дзяржавы і ня зьменіцца палітычная абстаноўка ў Кіеве – відавочна, на карысьць Масквы”. Міхайла Зурабаў стаўся расейскім паслом ва Ўкраіне сёлета “толькі пасьля таго як стала вядома, што Віктар Юшчанка прайграў прэзыдэнцкія выбары” 17 студзеня (“У Кіеве рыхтуюць “гарбуза” расейскаму амбасадару”, http://www.svaboda.org/m/a/1936571.html або http://www.svaboda.org/articleprintview/1936571.html або http://www.svaboda.org/content/article/1936571.html).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы