nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Мядзведзеў, альбо найменшы агульны назоўнік

16 лютага, 2010 | Каментары (1)

Барыс Райтшустэр (пераклаў з нямецкай Яўген Бяласін)

d09fd183d186d196d0bdd18b-2Перыядычна мы мусім адкідаць усё іншае, каб дапілнаваць ворага №1 беларускага народа, якім ёсьць расейская імперская бюракратыя. Таму давайце ў серыі матэрыялаў паглядзім на сітуацыю ў сучаснай Расеі вачыма розных разумных людзей. Першым у дадзенай серыі матэрыялаў падаем пераклад артыкула зь нямецкага друку, зроблены нашым сталым аўтара і перакладчыкам Яўгенам Бяласіным. Адразу адзначым: большая частка артыкула нам вельмі спадабалася, канец – не. Бо высьветлілася, што аўтар, як ліберал, усур’ёз разьлічваў на “добрага цара” – ліберала Мядзьведзева. Для нас падобнае – даўно пройдзены этап.


“Ёсць у жыцці рытуалы, якія маюць у сабе нешта звычна-непрыемнае. Але без іх нельга. Вось галіцца гэта якраз такі рытуал для мужчынаў, а выбары для аўтарытарных рэжымаў”. Так апазіцыйны палітык Уладзімір Рыжкоў апісвае дылему Пуціна і аперацыі “Наступнік”: падобна да Госні Мубарака ў Егіпце, Муамара аль-Гадафі ў Лібіі і Робэрта Мугабэ ў Зымбабве ён стаіць перад непрыгожай, але непазбежнай задачай надання свайму рэжыму вонкавай легітымнасці. Тое, што адбылося ў Расіі 2 сакавіка [2008 г.] пад азначэннем “выбары”, насамрэч апошні ход у доўгатэрміновай акцыі знішчэння свабодных і справядлівых выбараў [1]. Дыягназ Рыжкова бязлітасны. І ён называе па імені тое, што некаторыя на Захадзе хаваюць пад бяскрыўднай шыльдай “асаблівы шлях Расіі да дэмакратыі”.

Але як наіўным ёсць адпрэчваць аўтарытарны характар “сістэмы Пуціна”, так было б няправільным дапускаць, што яна заснаваная адно на прыгнёце і маніпуляцыях. Карані звароту Расіі да аўтарытарнай дзяржавы і антызаходніх настрояў палягаюць значна глыбей, чым у асобе Пуціна. Шмат у чым не ён выкшталціў свядомасць рускіх людзей, а якраз наадварот, яна паўплывала на палітыку прэзідэнта. Пасля калапсу камунізму краіна ад канца 1980-х да пачатку 1990-х мела адзіны гістарычны шанец: людзі ўскладвалі вялікія спадзяванні на заходнюю мадэль жыцця, на дэмакратыю, свабоду і рынкавую гаспадарку. Адной з вялікіх катастрофаў гіганцкай імперыі ў распадзе ёсць тое, што гэты шанец не толькі не быў выкарыстаны, але і стаў бумерангам [цікава, ці здольны дакапацца немцы, што прычынай такога “бумерангу” ёсьць тое, што Расея – самая вялікая тэрытарыяльная імперыя? – Рэд.]. Карумпаванае, цынічнае кіраўніцтва выкарыстала дэмакратычны пераварот, каб завалодаць вялізнымі багаццямі найбольшай па плошчы краіны свету. Паводле дасціпнага меркавання памерлай ужо навукоўца-эканаміста Ларысы Піяшавай, уся прыватызацыя, калі агулам не ўся перабудова – гэта з размахам спланаваны праект, пры дапамозе якога савецкая наменклатура, пачынаючы ад дырэктараў заводаў ды старшыняў калгасаў і да партыйных функцыянераў, у шчыльным кантакце з “рэфарматарамі”, хацела прыбраць да рук дзяржаўнае майно. Бо ж яны хоць і маглі распараджацца ў краіне, але іхні жыццёвы ўзровень пры агульнай бядноце і безгаспадарнасці нават не сягаў сярэдняга ў краінах Захаду. Спадзяванні людзей, іхняя вера ў дэмакратыю, справядлівасць і спраўную праўную дзяржаву былі выкарыстаныя старой савецкай элітай [як толькі ў заходнікаў паварочваецца язык называць дэградаваную постбальшавіцкую наменклатура нейкай “элітай”? – Рэд.] у якасці прыступкі да бессаромнага ўзбагачэння – аж пакуль ім гэта не перастала быць патрэбным і нават не пачало замінаць.

Барыс Ельцын, якога на Захадзе па сёння разглядаюць як дэмакрата, пад час свайго другога прэзідэнцкага тэрміну фактычна стаў магільшчыкам рускай дэмакратыі [аўтар ня ведае ці робіць выгляд, што ня ведае, што падобныя паводзіны хоць Ельцына, хоць Лу-кі – гэта менавіта якраз тое, што цяперашні “Захад” ад іх хацеў і хоча! – Рэд.]. Пасля таго, як ягоны клан завалодаў незлічонымі багаццямі [цікава, ці сустрэнем мы калі-небудзь у заходнім друку дакладны аналіз гэтага “клану Ельцына”? – Рэд.], выбары 1996 года сталі для Ельцына і ягонага атачэння пробай на выжыванне. Упершыню былі інструменталізаваныя мас-медыя і пушчаныя ў ход двухсэнсоўныя прыёмчыкі, якія ўладнікі эўфемістычна нараклі “паліттэхналогіямі” [падмурку гэтых “паліттэхналогій” сучасныя метады прапаганды, заснаванай на маніпаляваньні псіхікай масы, пад назвай PR. – Рэд.] і якія амаль безвыняткава абумоўліваюць сёння палітычнае жыццё краіны. Бязмежны цынізм і найбольш негатыўныя прынцыпы ўладарання, такія як прапаганда, імітацыя і маніпуляцыя, якія сёння пры ўладзе Пуціна асягнулі надзвычайных памераў, тады ператварыліся ў звыклы сродак палітыкі, – пасля таго як прыбылыя з ЗША паліттэхнолагі ў бяспрыкладна бруднай і напрыканцы паспяховай кампаніі безупынна ўдоўбвалі і ўдаўбалі рускім у галаву думку, што магчымая перамога камуністычнага кандыдата Зюганава аўтаматычна прывядзе да грамадзянскай вайны і гаспадарчай катастрофы [беларусы ўсе гэтых “тэхналогій” адчулі на ўласнай скуры на два гады раней – у 1994 г. – і ад тых самых “паліттэхнолагаў” з ЗША! – Рэд.].

Спадчына, якую пакінуў карумпаваны клан Ельцына, была катастрафічнай: у трэці раз цягам стагоддзя людзі страцілі веру ў пануючую сацыяльную мадэль. Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі старыя каштоўнасці царскай Расіі былі пастаўленыя на галаву, пасля перабудовы камуністычныя ідэалы – і вось цяпер спадзяванні на дэмакратычную дзяржаву. Гэты трайны злом бадай што найбольш спрычыніўся да таго, што на сёння вялікая большасць людзей у краіне апалітычныя і трымаюць веру ў справядлівую дзяржаву за хімеру. Рускія сацыёлагі Леў Гудкоў і Леанід Сядоў кажуць нават пра тэндэнцыю “амаральнага грамадзтва”: сталы прыгнёт, безупыннае парушэнне права і закона, цынічная беспрынцыпнасць кіроўнага слою не пакінулі людзям другога выбару, акрамя як наогул адлучыць сваё існаванне ад аб’ектыўных маральных каштоўнасцяў. Правакацыйна можна было б гаварыць нават пра “стакгольмскі сіндром мільённага народа”. У псіхалогіі – гэта тэрмін для сітуацыі, калі закладнікі праз нейкі час салідарызуюцца з тымі, хто іх узяў у заклад, што ёсць своеасаблівай абарончай функцыяй псіхікі дзеля пераадолення няволі і аб’ектнасці. Пасля гэтага гістарычнага досведу, балючасць ад якога была пераказаная наступным пакаленням, большасць рускіх відавочна суцяшае сябе тым, што ў іншых краінах большасці людзей жывецца таксама не лепш, і такім чынам каштоўнасці кшталту дэмакратыі, праўнай дзяржавы, нават правоў чалавека гэта нішто іншае як пыл у вочы. Для замежнікаў, найперш журналістаў, дзіўна і адначасова дыскамфортна назіраць, з якім спакоем і ціхмянасцю многія людзі ў Расіі ўспрымаюць штодзённую сваволю і прыніжэнні з боку дзяржаўнай улады і як іхні гнеў з гэтай нагоды часам абарочваецца менш супраць подласцяў апаратчыкаў, чым супраць замежнікаў, якія звяртаюць іхнюю ўвагу на гэтыя злоўжыванні [потым гэты стан псіхічнай прыгнечанасьці, які мы ўвесь час называем комплексам імперскай непаўнавартасьці, спрацоўвае як спружына для падтрымцы імперскіх агрэсіўных “ініцыятыў” расейскай імперыякратыі; якравыя прыклады найноўшага гністарычнага часу – Чачня, Грузія, Україна, Прыбалтыйскія дзяржавы й іх народы; таму мы ўвесь час і пішам (нават дактрынальныя прынцыпы ёсьць на гэты конт), што лячэньне імперскай хваробы Расеі толькі ў яе дэмантажы на нацыянальныя дзяржавы; але, як усё больш становіцца відавочным, акрамя імперыякратыі гэтага таксама не жадаюць розныя кісенджары, лазары, більдэрбергцы, а разам зь імі й нямецкія шродэры і рары… – Рэд.].

Недахоп даверу да любога дзяржаўнага парадку кампенсуецца глыбокай настальгіяй па моцнай дзяржаве, найперш па моцнаму кіраўніку. Каб не нагадвалі пра ўласную слабасць, усё больш мацнее жаданне, каб хай хоць свая краіна была моцнай, і каб другія яе паважалі, а яшчэ лепш баяліся [імкненьне да дыктатуры – гэта яшчэ адно тыповае наступства комплексу імперскай непаўнавартасьці; і як ў папярэдняй заўвазе, мы зноў, калі пільна прыгледземся, будзем назіраць, як розныя “лібералы” будуць спрыяць усталяваньню дыктатры – і расейскай, і любой… – Рэд.]. Гэты пагляд у глыбіні славутай гэтаксама загадкавай як інтрыгуючай “рускай душы” неабходны, каб разумець карані сістэмы Пуціна і наважыцца на нейкі прагноз [пра тое, што сутнасьць ужо зашмальцаванай праз сваю “знакамітасьць” “таямніцы рускай душы” схавана ў комплесе імперскай непаўнавартасьці рускіх, мы ўжо шмат адзначалі. – Рэд.]. Так часта канстатаванае адсоўванне рэчаіснасці, прыхарошванне яе сродкамі прапаганды, сталыя правакацыі ў дачыненні да замежжа бадай што спараджаюцца калектыўнай масавай патрэбай, каб не нагадвалі штодня пра бясконцыя праблемы, а падтрымлівалі ілюзію прыналежнасці да магутнага цэлага [дакладна так! Гэта і ёсьць комплекс імперскай непаўнавартасьці. – Рэд.]. Амаль напэўна дарадцы Пуціна падагналі ягоны імідж і манеры пад гэтыя чаканні большасці – што не было цяжкай задачай, бо асоба Пуціна і без затратных іміджавых кампаніяў супадае з гэтымі чаканнямі [дакладна так! – Рэд.].

Зусім іначай Мядзведзеў: абаяльныму інтэлігентнаму парастку прафесарскай сям’і бадай што цяжка было б доўгі час іграць ролю мацака, якога зычаць сабе рускія. Тым самым мы асягнулі стрыжнявога пытання: Гэты гандыкап Мядзведзева – ён быў недахопам, з якім Пуцін і ягонае “палітбюро” мусілі пагадзіцца, альбо адной з прычынаў, чаму выбралі менавіта Мядзведзева? Трэба меркаваць, слушна апошняе. Мядзведзеў відавочна быў найменшым агульным назоўнікам тоеснасці з многімі невядомымі: з аднаго боку, умова Пуціна стварыць абсалютна вернага і тым самым хутчэй слабога наступніка. З другога боку, кланы, профіль патрабаванняў якіх быў многа больш шматслойным. З аднаго боку, яны не хацелі губляць Пуціна як вярхоўнага суддзю і замірэнца, з другога боку мелі патрэбу ў кантралюемым наступніку, з якім ім усім больш альбо менш было б латва жыць і які гарантаваў бы ім іхні ўплыў, а найперш заможнасць.

Барыс Ельцын альбо дакладней ягоны клан мелі ў пошуках наступніка ў 1999 годзе наступны профіль патрабаванняў: пажаданы кандыдат не меў права апасля здрадзіць сваім страмяным, мусіў надоўга забяспечыць іх кормнае і заключыць пакт з кагабэшнікамі, бо прагнілы кіроўны апарат Ельцына без іх ужо быў не ў стане пазбегнуць пераходу ўлады да апазіцыі. Абыйдзеныя ў прыватызацыі кагабэшнікі наўзамен патрабавалі ўплаву і сваёй долі ў гіганцкіх багаццях Расіі. Пуцін з’яўляецца персаніфікацыяй гэтай здзелкі.

З Мядзведзевым ківач зноў хіснуўся назад: для большасці кланаў гэбістаў стала зашмат, іхні курс занадта просталінейны, занадта скіраваны на канфрантацыю з Захадам, – і вось цяпер Мядзведзеў павінен паклапаціцца, каб адбылося выраўнанне і каб быў адпаліраваны фасад да Захаду. Гэбісты з скрыгатаннем зубоў мусілі пагадзіцца на гэты кампраміс, бо і яны, насуперак усім патрыятычным танам, мусяць [найперш] забяспечыць свае гаспадарчыя інтарэсы. Нават ястрабы кшталту “вадара сілавікоў” Ігара Сечына, шэфа пуцінскага бюро, – у якасці кіраўніка Наглядчай рады “Роснафты” ён мае жыццёвы інтарэс, каб дзверы ягонага канцэрна на Захад былі шырока расчыненыя.

З аднаго боку, тым самым пацвярджаецца шырока распаўсюджаны тэзіс, што выбар на карысць Мядзведзева сярод усіх опцыяў аптымальны для Захада, бо паказвае, што пануючыя кланы хочуць палепшыць напятыя адносіны паміж Вашынгтонам і Еўразвязам. Маскоўская апазіцыя дык наогул распускае смелую почутку, быццам каралём зрабіў Мядзведзева Захад: нібыта Вашынгтон з хаўруснікамі прыгразілі, што возьмуць пад мікраскоп рахункі за мяжой высокапастаўленых рускіх, калі цягам змены штаба ў Крамлі не прагучыць прымірэнчы сігнал. Некаторыя крытыкі Крамля прасунуліся яшчэ далей і сцвярджаюць, што Пуціну наўзамен за адстаўку гарантавалі майно і вызваленне ад пакарання як унутры Расіі, так і звонку [цалкам верагодна. – Рэд.]. Тут у яго праціўнікаў бацькам думкі яўна было хцэнне, нават калі падзеі за Крамлёўскай сцяной, як шматкроць пацвердзілася ў рэчаіснасці, пераўзыходзяць нават самыя абсурдныя прагнозы.

Пэўным можа быць толькі адно: Пуцін і ягонае Палітбюро яшчэ не выклалі на стол усе свае карты і могуць паклапаціцца пра неспадзяванкі: слынны эксперт па Расіі Гайнрых Фогэль параўноўвае аперацыю “Наступнік” з гульнёй у напарстак. Аднак гэта, калі адхінуцца ад выбарнай інсцэніроўкі, па сутнасці зусім у традыцыі лічы што ўсіх зменаў улады ў краіне: простыя людзі яшчэ ніколі не маглі вырашаць і нават не ведалі, што ж яны атрымаюць [2]. Якія хады паследуюць за ракіроўкай Пуціна з Крамля ў Белы дом, як дакладна будуць пераразмеркаваныя ролі ў тандэме “Пуцін-Мядзведзеў” і які з магчымых сцэнароў будзе рэалізаваны – гэтага з улікам названых абставінаў наўсур’ёз прадказаць нельга. За выняткам хіба што пэўных прынцыпаў, тэндэнцыяў ды імавернасцяў. Тое, што Мядзведзеў як слабы прэзідэнт застанецца зноскай у гісторыі Расеі, шмат больш верагодна, чым каб ён праз гады апынуўся спрактыкаваным тактыкам улады, які агаломшыць усіх, хто сумняецца, і паставіць на Расеі сваю пячатку. Але і гэта не азначала б аўтаматычна пачатак “медзвябудовы”, як насмешнікі з намёкам на Гарбачоўскую перабудову называюць магчымы новы рэфарматарскі курс. Калі нават Мядзведзеву ўдасца зрушыць у свой бок спаруду ўлады, – дык не можа ж ён з сёння на заўтра памяняць аўтарытарныя падваліны ўлады. Паспрабаваўшы правесці сапраўдную дэмакратызацыю па-за касметыкай фасада, Мядзведзеў наштурхнуўся б на магутны супраціў наменклатуры [расейскай імперыякратыі ў яе класічным, закаранела бюракратычным выглядзе. – Рэд.] і падставіў бы пад небяспеку цяжка і рызыкоўна здабытую ўладу.

Вось жа, палітыкам і аналітыкам на Захадзе трэба асцерагчыся чакаць ад Мядзведзева занадта вялікіх рэформаў. Нават калі б ён і хацеў, то мог бы прынамсі на пачатку сваёй кар’еры рухацца да дэмакратыі і праўнай дзяржавы адно малюсенькімі крокамі [любы рух у расейскай імперыі ў кірунку сапраўднай дэмакратыі – гэта адначасна і абавязкова рух у кірунку развала Расеі; вось у чым загвоздка! Гэта, калі ня ведаюць, дык удчуваюць усе; адсюль невырашальная дылема Расеі: альбо дэмакратыя і яе развал, альбо захаваньне межаў імперыі, патугі імітацыі “дэмакратыі”, якія затым абавязкова прывядуць да таталітарызма і дыктатуры. – Рэд.]. Дзеля кволай раўнавагі паміж кланамі нават Пуцін цягам свайго другога прэзідэнцкага тэрміну не наважыўся прасунуцца нават на ступак у бок дэмакратыі – хоць ён і можа абаперці свой аўтарытэт найперш на папулярнасць у народзе [Пуцін, “захоўваючы цэласьць Расеі” толькі адыходзіў ад дэмакратыі; чаго вартыя толькі вайна ў Чачні й адмена выбараў губернатараў. – Рэд.]. Зусім іншая рэч Мядзведзеў: ён у Крамлі вісіць у паветры; сваімі галасамі на выбарах ён абавязаны найперш свайму звышбацьку.

Такім чынам, вялікія змены ў будучыні магчымыя бадай што адно ў двух выпадках: па-першае, гэта “ўбух”, калапс Пуцінавай сістэмы, пры якім з-за ўнутранай няўзгодненасці ўсё абрынецца ўнутр сябе; гэта хоць і не выключана, але мала верагодна. Хутчэй больш лёсаносным апынулася б гаспадарчае развіццё. А яно больш кволае, чым здаецца. Пагражае крызіс. Хоць урад і паменшыў з 2000 года знешні доўг з 128 да 35 мільярдаў долараў, але між тым 40 найбольшых расейскіх прадпрыемстваў, з якіх 30 у большай альбо меншай ступені належаць дзяржаве, набралі за мяжой крэдытаў у памеры 440 мільярдаў долараў. 46 мільярдаў з іх падлягалі сплаце да лета 2008 года; адно кантраляваная шэфам “сілавікоў-1” Сечыным “Роснафта” мусіла сплаціць 5,5 мільярдаў долараў [3].

“Сістэма Пуціна” па сутнасці базуецца на маўклівай угодзе: людзі пагаджаюцца на аўтарытарны курс і адмаўляюцца ад палітычнага волевыяўлення, а ўрад наўзамен радуе эканамічнай стабільнасцю і уздымам. Менш праблематычна, ці гэты сацыяльны мір у крэпасці калі-небудзь пахіснецца, шмат больш трэба пераймацца, калі гэта здарыцца.

Яшчэ бомбы з запаволеным механізмам, якія чакаюць на Мядзведзева, гэта растучае сацыяльнае расслаенне і магчымыя праблемы з унутранай бяспекай. Але як толькі надыйдзе непазбежны крызіс, праявяцца фатальныя наступствы павапленых фінансавымі ўліваннямі вадаў Пуцінавай мадэлі панавання: без функцыянуючых інстытуцыяў, без механізмаў для жывога ўраўнаважвання ўся сістэма не здатная на прыстасаванне і пагражае трэснуць па швах.

Спроба Пуціна мадэрнізаваць аўтарытарныя метады – гэта тупік, як бліскуча, трыма парадоксамі абгрунтавала гэта слынная палітолаг Лілія Шаўцова: чым больш эліта робіць стаўку на цэнтралізацыю, каб дасягнуць стабільнасці, тым больш разбурае гэтую апошнюю. Выключаючы ў пагоні за поўнай стабільнасцю плюралізм і хочучы ясных раскладак, яна робіць гэтыя раскладкі непразрыстымі, а будучыню непрадказальнай. Замінаючы палітычнаму спаборнічанню і адхіляючы перамены, Пуцін і яго паплечнікі робяць усё менш і менш імаверным эвалюцыйнае развіццё і падвышаюць небяспеку гвалтоўнага перавароту. “Сістэма адладжаная выключна на самазахаванне”, – фармулюе Шаўцова. Сваёй “паранаідальнай прагай стабільнасці” для сябе і свайго багацця руская эліта стварыла сітуацыю, у якой Расія як ніколі няпэўная і нестабільная [вельмі важная інфармацыя для беларусаў, бо цяперскі рэжым Лу-кі па-ранейшаму застаецца зьвязаны пупавінай з расейскай імперыякратыяй. – Рэд.]. Хіба што найперш параза спробы прасоўваць мадэрнізацыю аўтарытарнымі метадамі пераканае грамадзтва ў тым, што “ідэя паспяховага царызма ў 21-м стагоддзі” супярэчлівая ўнутры сябе. Такія прагнозы Шаўцовай не абяцаюць Мядзведзеву нічога добрага [4].

Вырашальным будзе пытанне, ці створыцца да гэтага моманту крызіса ліберальная, дэмакратычная альтэрнатыва [лібералізм і дэмакратыя ёсьць рэчамі альтэрнатыўнымі; таму пытаньне выбару расейскай будучыні можа быць толкі такім: ці пойдзе Расея па шляху лібералізму да… будучай дыктатуры, ці па шляху дэмакратыі да… наступнага дэмантажу?; “Захад”, натуральна, за першы варыянт: яму, як намі шмат разоў паказана, падыдзе і “лібералізм”, і дыктатура… – Рэд.]. Калі не, тады моцныя радыкальныя нацыяналістычныя сілы, якія сённяшняя сістэма заахвочвала сваім антызаходнім, часта шавіністычным курсам і сваім ура-патрыятызмам, пагражаюць выкарыстаць нагоду [такую сітуацыю і такія сілы, як ўсім абсалютна відавочна стварыла вельмі ўжо “ліберальная” прыхватызацыя! Класічная сітуацыя: з хворай галавы на здаровую. – Рэд.]. Тут палягае нявыкрутка Пуцінавай палітыкі, якая для Мядзведзева як палоннага сістэмы азначае цяжкую спадчыну: у той час як ён з аднаго боку цалкам пазбавіў дэмакратаў голасу [гэта СПС дэмакраты?! – Рэд.], Крэмль як мага спрыяў нацыяналістычным і ксенафобскім сілам [Крэмль адной рукой спрыяў расейскім імперскім сілам, на якія абапіраўся, а другой – спрыяў глабалісцкай сіянакратыі, ад якой залежыў; вы бачыце, як лібералы ўсё перавіраюць?! – Рэд.]. Ён гуляўся з праварадыкальным агнём і актываваў палітычную атруту з прыдоннага глею 20 стагоддзя [5]. Усё гэта відавочна з фатальнай тактычнай мэтай – перад абліччам такой правай пагрозы самім выглядаць найперш у вачах Захада як меншае зло і атрымаць індульгенцыю на аўтарытарныя выкрутасы. Не выключана, што гэты вагонь выйдзе з-пад кантролю [некторыя з сябраў рэдакцыі пра небясьпеку фашызму ў Расеі, аналізуючы менавіта наступствы “ліберальнай прыхватызацыі”(!), папераджваюць усіх, каго можа, ажно зь сярэдзіне 1990-х. – Рэд.].

Тушэнне пажару не ў апошнюю чаргу знаходзіцца ў руках заходніх палітыкаў [хто парадзіў, таму і забіваць? – Рэд.]. Яны маюць зразумець дзве рэчы: што яны, па-першае, сваёй стратэгіяй “крытыкі за зачыненымі дзвярыма” здаюцца логіцы Пуцінавай сістэмы, бо ў Расеі дзейнічаюць адно толькі ясныя і выразныя словы, прамоўленыя публічна. Уваходжанне Мядзведзева ў Крэмль прадастаўляе тут шанец да павольнай змены ў кірунку адкрытага дыялога. Па-другое, маскоўская эліта гэтаксама існа змушаная да цеснай супрацы з Захадам, як ён прывязаны да энергапаставак з Расеі. Замест таго, каб глядзець як трус на ўдава, заходнія дзяржаўнікі мусяць паставіць сябе ў дыялогу ўпоравень – менавіта цяпер, калі Мядзведзеў пакуль што ў сваім разуменні знешняй палітыкі да пэўнай меры паддаецца фармаванню. Яны мусяць адхіліць паўсталае часамі Пуціна ў Крамлі і спадкаванае Мядзведзевым пачуццё, што на Захадзе тыя, хто прымаюць рашэнні, гэтаксама цынічныя і карумпаваныя, як у Расеі, і ў сумніўным выпадку у іх можна за любое злачынства атрымаць індульгенцыю [пакуль усе паводзіны “Захаду” апошніх 20 гадоў гэтую тэзу цалкам пацьвярджаюць… – Рэд.].

“Расію розумам не ўцяміць, не вымераць звычайнай меркай”, – напісаў вялікі паэт Фёдар Цютчаў у 19-м стагоддзі. Як гэтыя словы праўдзівыя і сёння, у такой сама меры імі і злоўжываюць – у якасці прабачэння і вольнага пісьма, людзі на адказных пасадах на Захадзе і маскоўская прапаганда. Пры ўсіх бясспрэчных асаблівасцях Расеі: не толькі рускім мы вінныя недвухсэнсоўнае і гучнае прызнанне заходніх каштоўнасцяў, такіх як правы чалавека, праўная дзяржава і дэмакратыя [а дзе правы народаў у імперыі й тых, што вакол яе?! – Рэд.], – гэта і наш базавы інтарэс. Таму што хто занадта блізарука ахвяруе свае прынцыпы дзеля хуткага еўра, той змушаны будзе ў доўгатэрміновым плане заплаціць за гэта надта высокую цану.

 

Заўвагі:

1. The Moscow Times, 3d of Маrch 2008, A Dull and Boring Show

2. Heinrich Vogel, Russlandanalysen, Nr. 154\2008, „Machtwechsel als Hütchenspiel“, http://www.laender-аnalysen.de/russland/pdf/Russlandanalysen154.pdf

3. http://sueddeutsche .de/ausland/artikel/256/160816/

4. IP, Februar 2008, Lilia Schewzowa, “Der Schein trügt“

5. Heinrich Vogel, Russlandanalysen, Nr. 154\2008, „Machtwechsel als Hütchenspiel“, http://www.laender-analysen.de/russland/pdf/Russlandanalysen154.pdf

 


Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    1. Савецкая эліта фармавалася Сталіным з людзей без маралі (сволачы).
    2. КГБ пасля развалу-разгону КПСС засталася адзінай арганізаванай і падрыхтаванай структурай. Не дзіва, што людзі з ворганаў і сексоты прышлі да ўлады і захапілі маёмасць, хаця нешта перапала і ценевікам з сувязямі і крымінальнікам.
    3. У Беларусі выкарыстоўваюць паліттэхналогіі ад КГБ. Бацькам гэтых тэхналогій лічыцца Макіавелі.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы