nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Аб выніках сустрэчы прыхільнікаў стварэньня Беларускага Дэмакратычнага Руху

5 красавіка, 2010 | Няма каментараў

Рэдакцыя

d091d183d181d0b5d0bbПра вынікі гэтай сустрэчы, якая адбылася 27 сакавіка ў Менску каля помніка Купалу, можна было паведаміць і раней, але не хацелася перарываць серыю папярэдніх матэрыялаў. Выдзелім галоўнае: сустрэча адбылася. Людзей было ня больш, чым у мінулы раз. Затое прыйшлі новыя аўтарытэтныя ў беларускім дэмакратычным асяродку асобы. Паколькі на гэты раз было прынята рашэньне прысутных не фатаграфаваць, мы фота не падаем. Аднак можам сказаць, што былі прадпрымальнікі, прадстаўнікі творчай, тэхнічнай і навуковай інтэлігенцыі. Студэнтаў, якія былі летась, на гэты раз, на жаль, не было.


Надвор’е ў Менску на гэты раз было цудоўным і таму атрымалася спакойна паразмаўляць пра нашы беларускія праблемы больш за дзьве гадзіны.

Прападак абмеркаваньня ўключаў тры пункты:

1. Аб нашым удзеле ў будучай прэзідэнцкай кампаніі.

2. Аб працы сайта “Нашазямля.орг”.

3. Рознае.

Галоўным было першае пытаньне. Пра яго і паінфармуем.

На сустрэчы было адзначана, што нашай асаблівасьцю (і працы сайта, і будучага Беларускага Дэмакратычнага Руху) зьяўляецца тое, што мы дакладна сфармулявалі той крытэр, на падставе якога маем магчымасьць вынікова працаваць у ідэалагічнай прасторы, а таксама ў любой сітуацыі абіраць аптымальную палітычную тактыку.

Крытэр завецца… АБ’ЕКТЫЎНЫЯ ІНТАРЭСЫ БЕЛАРУСКА-ЛІТВІНСКАГА НАРОДУ.

Гэта ня проста нейкія жаданьні, мары ад імя нашага народу. Гэта тое, што мы, як беларусы-літвіны, маем права і павінны мець (!) на сваёй уласнай зямлі. Але пры гэтым адначасна і тое, што не пярэчыць прагрэсіўнаму разьвіцьцю ўсёй людскай цывілізацыі, што падпарадкаванае, абмежаванае апошнім, што не заходзіць на тэрыторыю іншых народаў, не ўціскае іх правы, што дазваляе жыць у гармоніі з вонкавым асяроддзем…

Аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу ўключаюць і беларускую этнічную тэрыторыю (усю!), на якой мы маем права мець сваю Дзяржаву; і такую дэмаграфічную палітыку ў гэтай дзяржаве, якая б не дазваляла пагаршаць беларускі генафонд; і эканоміку, фінансы, уласнасьць пераважна ў руках беларусаў; і ўсё інфармацыйнае, культурнае, навукова-адукацыйнае асяроддзе ў імя прагрэсіўнай будучыні нашага народу, і такую сістэму палітычнай улады, якая б служыла аб’ектыўным інтарэсам беларусаў-літвінаў, і г.д.

Кожны сябра будучага Беларускага Дэмакратычнага Руху мусіць арыентавацца на тое, каб дасягаць свае асабістыя мэты апасяродвакавана праз зьдзяйсьненьне аб’ектыўных інтарэсаў усяго беларускага народу.

Выкарыстаньне дадзенага крытэра ў ідэалагічных спрэчках дазваляе адрозьніваць сваіх ад чужых, а ў палітычнай практыцы – вызначаць тую сілу і тых асоб, на якіх варта арыентавацца беларусам.

Такім чынам, практычнае выкарыстаньне паняцьця “аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу” становіцца грунтам для ідэалагічнай і палітычнай практыкі.

У час размовы фармуляваньне такога паняцьця было прызнанае значным дасягненьнем і шляхам кансэнсусу было дамоўлена, што ўсе прыхільнікі Беларускага Дэмакратычнага Руху будуць імкнуцца ўсяляк пашыраць выкарыстаньне паняцьця “аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу” ў ідэалагічнай і грамадска-палітычнай дзейнасьці.  Гэтае паняцьце – толькі вымаўленае ці напісанае – ужо пачынае канструктыўна дзейнічаць само па сабе.

У прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, якая ўжо фактычна пачалася, мы, такім чынам, маем магчымасьць быць са сваім крытэрам ісьціны.

Гэта было пра зыходны фон. Цяпер пераходзім да канкрэтных пытаньняў, зьвязаных з нашым удзелам у будучай прэзідэнцкай кампаніі.

Першае пытаньне, па якім было прынята рашэньне, гучала так: “Ці маем мы, як зародак арганізацыі, пакліканай адстойваць аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу, рэсурсы, каб самастойна ўдзельнічаць у бліжэйшай выбарчай кампаніі?”

Адказ быў адмоўным: “Не, у нас яшчэ замала сіл і сродкаў, каб самастойна сабраць больш за 100.000 подпісаў, забясьпечыўшы зьяўленьне на тэлеэкране нашага кандыдата”…

Другое пытаньне: “Ці ёсьць сёньня сярод апазіцыйных кандыдатаў тыя сілы, у прэзідэнцкую кампанію якіх мы маглі б безумоўна ўключыцца, паколькі ведаем, што яны – гэтыя сілы (людзі) – нацэлены выключна на адстойваньне аб’ектыўных інтарэсаў беларуска-літвінскага народу?”

Перабраўшы вядомых прэтэндэнтаў, якія заявілі пра сваё жаданьне ўдзельнічаць у будучых выбарах, і людзей, якія пры пэўных умовах маглі б уключыцца ў кампанію, мы таксама атрымалі адмоўны вынік. На жаль, мы ня можам давяраць у гэтым пытаньні ня толькі, напрыклад, Мілінкевічу, але і нават Пазьняку…

У выніку, па другім пытаньні было прынятае наступнае рашэньне: “Паколькі ў будучай прэзідэнцкай кампаніі пакуль мы ня бачым ніводнага чалавека, які б быў арыентаваны выключна на аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу, мы ў такой кампаніі (калі сітуацыя не памяняецца) ўдзельнічаць ня будзем. Мы яе ня столькі байкатуем, колькі ігнаруем. Да такой жа паставы заклікаем й іншых”…

Трэцяе пытаньне. Але за бліжэйшыя паўгады многае можа памяняцца. На такі выпадак быў прыняты трэці пункт: “Калі ў час кампаніі зьявіцца чалавек, які дастаткова пераканаўча заявіць (пакінуўшы, напрыклад, адпаведны дакумент на нашым сайце), што мэтай яго жаданьня стаць прэзідэнтам Беларусі ёсьць імкненьне да зьдзяйсьненьня менавіта аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народу, што ён прымае асноўныя палажэньні Беларускай дактрыны, якая фармуецца на нашым сайце і якая будзе ўдасканаленая да восені, згодны з тымі падыходамі, якія выкладзены ў артыкуле “Кірунак – гуманістычны прагрэс (частка 3)” (адрас: nashaziamlia.org/2009/08/27/2678), што ён зьбіраецца прапагандаваць аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу ў час сваёй кампаніі, тады мы можам перагледзець рашэньне №2 і ўключыцца ў кампанію адпаведнага кандыдата“.

Для гэтага ў нас ужо ёсьць невялікі людскі й інфармацыйны патэнцыял. Г.зн., што тыя, скажам, 5-10 тысяч подпісаў, якія прыхільнікі Беларускага Дэмакратычнага Руху могуць дапамагчы сабраць, могуць камусьці якраз хапіць/не хапіць, каб стаць/ня стаць зарэгістраваным кандыдатам у прэзідэнты…



Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы